дзве карлікавыя галактыкі, спадарожнікі Млечнага Шляху, самыя яркія ў Паўд. паўшар’і неба, найбольш блізкія да нашай Галактыкі. Названыя па імю Ф.Магелана, каманда якога выявіла іх у час першага кругасветнага падарожжа (1519).
М.В. відаць на паўд. небе простым вокам як туманныя плямы няправільнай формы (Вял. М.В. — у сузор’і Залатой Рыбы, Малое — у Тукане). Памеры М.В. каля некалькіх дзесяткаў тыс.св. гадоў. Адлегласць ад Зямлі да Вял. М.В. 150 тыс.св. гадоў, да Малога — 200 тыс.св. гадоў. М.В. сфарміраваліся на некалькі млрд. гадоў пазней за нашу Галактыку і маюць шмат маладых зорак і газапылавых комплексаў, дзе ідзе актыўны працэс зоркаўтварэння. У Вял. М.В. ў лютым 1987 успыхнула звышновая зорка, якую можна было бачыць з Зямлі простым вокам. Іл.гл. да арт.Галактыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІ́ТНАЯ ТЭРМАМЕТРЫ́Я,
метад вымярэння нізкіх тэмператур (звычайна ніжэй за 1 К), заснаваны на залежнасці ад т-ры магн. уласцівасцей шэрагу рэчываў.
Тэрмаметрычным параметрам звычайна служыць магнітная ўспрыімлівасць χ парамагн. солей жалеза, кобальту, нікелю, рэдказямельных элементаў, ядз. парамагнетыка (пры больш нізкіх т-рах T < 0,1 К) і інш., у якіх χ найпрасцейшым чынам залежыць ад т-ры: χ=C/T (гл.Кюры закон). Па замеранаму ў слабым знешнім магн. полі χ і вядомай для дадзенага парамагнетыка пастаяннай Кюры C вызначаюць т.зв.магн. т-ру T. У вобласці т-р, дзе выконваецца закон Кюры, T супадае з тэрмадынамічнай т-рай T. Пры паніжэнні т-ры значэнні T і T могуць не супадаць, тады магн. т-ру пераводзяць у тэрмадынамічную па спец. табліцах і крывых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЕ́ПА (Калядзінскі) Іван Сцяпанавіч
(1644—8.9.1709),
украінскі дзярж. дзеяч. У 1669—73 на службе ў гетмана Правабярэжнай Украіны (у складзе Польшчы) П.Дарашэнкі, у 1674—81 — у гетмана Левабярэжнай Украіны І.Самайловіча. У 1682—86 ген. есаул, у 1687—1708 гетман Левабярэжнай Украіны. Адзін з найбуйнейшых землеўладальнікаў Украіны. У час Паўночнай вайны 1700—21 узначальваў групоўку ўкр. старшыны, якая выношвала планы аддзялення Левабярэжнай Украіны ад Расіі і разлічвала на дапамогу Швецыі. Вёў тайныя перагаворы з каралём Рэчы Паспалітай (стаўленікам шведаў) Станіславам Ляшчынскім, пазней з каралём Швецыі Карлам XII. У 1708 разам з 5 тыс. казакоў перайшоў на бок Карла XII. Пасля паражэння швед. арміі ў Палтаўскай бітве 1709 М. разам з Карлам XII уцёк у тур. крэпасць Бендэр (цяпер у Малдове), дзе неўзабаве памёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКРАСВЕ́Т І МІКРАСВЕ́Т,
сферы аб’ектыўнай рэчаіснасці, якія адрозніваюцца структурным узроўнем матэрыі. Кожная сфера характарызуецца своеасаблівасцю будовы матэрыі, прасторава-часавых і прычынных адносін, заканамернасцей руху. Макрасвет — гэта звычайны свет, дзе жыве і дзейнічае чалавек (планеты, зямныя целы, крышталі і інш.). Аб’екты макрасвету маюць рэзка выяўленую карпускулярную або хвалевую прыроду і іх рух падпарадкаваны дынамічным законам класічнай механікі. Сфера мікрасвет у — аб’екты, недаступныя непасрэднаму назіранню (малекулы, атамы, ядры атамныя, элементарныя часціцы і інш.). Для з’яў мікрасвету характэрна цесная сувязь карпускулярных і хвалевых уласцівасцей, што адлюстроўваецца ў статыстычных законах квантавай механікі. Своеасаблівая мяжа паміж М. і м. усталявана ў сувязі з адкрыццём пастаяннай Планка — кванта дзеяння. Спецыфіка кожнай сферы знаходзіць сваё адлюстраванне ў пазнанні, прыводзіць да абмежавання дастасоўнасці старых фіз. тэорый і ўзнікнення новых (адноснасці тэорыя, квантавая механіка, фізіка элементарных часціц).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛІ́, Меле,
дзяржаўнае ўтварэнне ў Зах. Судане ў 8—17 ст. на тэр. сучасных Малі і Гвінеі, у раёне верхняга цячэння р. Нігер. Этн. аснова М. — плямёны мандынга. Да пач. 13 ст. знаходзілася ў залежнасці ад Ганы. З 11 ст.дзярж. рэлігія М. — іслам. У 2-й пал. 13 ст. пры мансе (правіцелі) Сундзьяце пачаўся хуткі ўздым М. (сталіца — г. Ніяні). Дасягнула росквіту пры Мусе I (1312—37) і Сулеймане (1341—60), калі М. займала тэр. ад Атлантычнага ак. да г. Гао ў сярэднім цячэнні Нігера. Асновай багацця быў гандаль рабамі і золатам. З 1370-х г. пачаўся заняпад, з 2-й пал. 15 ст. М. ў залежнасці ад дзяржавы Сангаі. У 17 ст. існавала як невял. вобласць вакол паселішча Кангаба, дзе захавалася ўлада царскага клана Кейта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЯ́ЎКА (Мікола) (Мікалай Аляксандравіч; н. 13.12.1941, в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),
бел.паэт. Скончыў БДУ (1965). Працаваў на лесанарыхтоўках у Карэліі, у рэдакцыі нясвіжскай раённай газеты, на Бел. радыё і тэлебачанні, настаўнічаў. З 1980 у час. «Вясёлка». Друкуецца з 1957. У зб-ках паэзіі «Едуць маразы» (1966), «Жалеза» (1970), «Лотаць» (1973), «Круг» (1977), «Эстакада» (1982), «Дар» (1985), «Зімні дождж» (1991) і інш. услаўляе чалавека працы, раскрывае думы і пачуцці сучасніка, мінулае роднай зямлі, апявае каханне. Піша паэмы, балады, казкі, апавяданні, нарысы. Аўтар кніг для дзяцей «Дзед і ўнучка» (1983), «Салодкі лядзяш» (1986), «Як дом будавалі» (1987), «Вясёлая азбука» (1992, з К.Камейшам), «Дзе жывуць казкі» (1994), «Запрашаем на калядкі» (1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАСТЫ́РСКІЯ СЯЛЯ́НЕ,
сяляне, якія жылі і працавалі на зямлі, што належала манастыру, былі ўласнасцю пэўнага манаскага ордэна або манастыра. Былі часткай царк. сялян. Уласнасцю манастыроў яны станавіліся ў выніку падараванняў манастырам вял. князямі, магнатамі і шляхтай зямельных надзелаў разам з сялянамі. На Беларусі М.с. з’явіліся, верагодна, у 12 ст. разам з заснаваннем першых правасл. манастыроў. Колькасць М.с. пачала рэзка павялічвацца з 15 ст., калі на тэр.ВКЛ стала адкрывацца шмат каталіцкіх манастыроў, пачаўся рост манастырскіх уладанняў. Адзінай сістэмы падаткаабкладання ў манастырах не існавала. У пэўных выпадках манастыр дапамагаў сялянам умацаваць сваю гаспадарку, але часам адбывалася рэзкае павелічэнне павіннаснага ўціску, каб выправіць цяжкае эканам. становішча манастыра або атрымаць прыбытак. У манастырах, дзе было ўведзена правіла складаць інвентары і ўставы, сяляне звычайна выконвалі толькі вызначаныя ў іх павіннасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРМУРО́ВАЕ МО́РА (тур. Marmara, ад назвы аднайм. вострава ў гэтым моры, дзе здаўна вялася здабыча мармуру),
міжземнае мора Атлантычнага ак., паміж Еўропай і М. Азіяй. Абмывае берагі Турцыі. Злучаецца пралівам Басфор з Чорным м., пралівам Дарданелы з Эгейскім м.Пл. 12 тыс.км². Найб.глыб. 1273 м. Утварылася ў выніку разломаў зямной кары, якія падзялілі мацерыкі Еўропы, Азіі і Афрыкі. Берагі пераважна гарыстыя, на Пд і У моцна расчлянёныя, каля паўн. берагоў шмат падводных рыфаў. А-вы Мармара, Прынцавы і інш. Не замярзае; т-ра вады на паверхні зімой 8—9 °C, летам 29 °C. Салёнасць ад 20‰ на Пн да 26‰ на Пд. Флора і фауна падобныя да міжземнаморскіх. Рыбалоўства. Праз М.м. праходзяць важныя камунікацыі з Чорнага м. ў Міжземнае. На паўн. беразе г. Стамбул.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДУ́ЗЫ,
асобіны палавога пакалення кішачнаполасцевых жывёл, якія свабодна плаваюць. Характэрны для сцыфоідных і многіх гідроідных. Некат. сцыфоідныя (стаўрамедузы) жывуць на дне, прымацаваныя да субстрату. Пашыраны ў морах, часам у прэсных водах. М. ўзнікаюць пры адпачкаванні ад прымацаваных да субстрату асобін бясполага пакалення — паліпаў. У некат. гідроідных (трахіліды) і сцыфоідных чаргаванне пакаленняў страчана, М. развіваецца з яйца.
Дыяметр ад некалькіх міліметраў да 2,3 м. М. уласціва гетэрапалярная радыяльна-восевая сіметрыя. Цела паўпразрыстае, у форме парасона або звона; па краях шчупальцы (даўж. да 30 м), у некат. з жыгучымі клеткамі, і органы пачуццяў. Ротавая адтуліна ў сярэдзіне ніжняга боку парасона. Рухаюцца рэактыўным спосабам (выкідваюць ваду з поласці парасона). Кормяцца планктонам. Раздзельнаполыя. Палавыя прадукты выкідваюць у ваду, дзе яны апладняюцца і развіваюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛЮ́ЦІН (Мікалай Аляксеевіч) (18.6.1818, Масква — 7.2.1872),
расійскі дзярж. дзеяч. Брат Дз.А.Мілюціна і У.А.Мілюціна. Скончыў Шляхетны пансіён пры Маскоўскім ун-це. З 1835 у Мін-ве ўнутр. спраў. У 1859—61 таварыш (нам.) міністра ўнутр. спраў, фактычны кіраўнік работ па падрыхтоўцы Сялянскай рэформы 1861 (у рэдакцыйных камісіях прадстаўляў ліберальную апазіцыю прыгоннікам). Узначальваў камісію па распрацоўцы праекта Земскай рэформы 1864. У час паўстання 1863—64 накіраваны восенню 1863 у Царства Польскае, дзе кіраваў ажыццяўленнем сял. рэформы. З 1864 статс-сакратар па справах Польшчы і кіраўнік цывільнай часткі канцылярыі ген.-губернатара ў Варшаве; праводзіў палітыку русіфікацыі. З 1865 чл.Дзярж. савета, гал.нач. Канцылярыі па справах Царства Польскага ў Пецярбургу і член Гал.к-та па ўладкаванні маёмасці сялян. Аўтар прац па эканоміцы і статыстыцы, успамінаў, дзённіка.