навука аб хім. саставе Зямлі, пашырэнні, размеркаванні і міграцыі хім. элементаў і іх ізатопаў у геасферах; частка касмахіміі. Даследуе колькасць і размеркаванне хім. элементаў і іх ізатопаў у мінералах, горных пародах, рудах, прыродных водах і газах, жывых арганізмах, зямной кары, мантыі і Зямлі цалкам, касм. аб’ектах, а таксама геахімічныя працэсы.
Падзяляецца на агульную геахімію, бія-, гідра-, газа- (атма-), літа-, радыегеахімію, геахімію ландшафтаў, глеб, магматычных, асадкавых, гідратэрмальных, гіперагенных працэсаў, асобных хім. элементаў, ізатопаў, арганічную, рэгіянальную, аналітычную, геахімію тэхнагенезу і інш. Цесна звязана з мінералогіяй, крышталяхіміяй, петралогіяй, геалогіяй карысных выкапняў, тэктонікай, геафізікай і інш.Геахім. даследаванні шырока выкарыстоўваюцца пры пошуках карысных выкапняў, рашэнні практычных задач сельскай гаспадаркі і рацыянальнага прыродакарыстання, у медыцыне, ахове навакольнага асяроддзя. Звесткі пра хім. склад прыродных аб’ектаў назапашваліся да канца 19 ст. дзякуючы працам Л.Элі дэ Бамона (Францыя), Г.Бішафа (Германія), Р.Бойля (Вялікабрытанія), І.Я.Берцэліуса (Швецыя) і інш. Ролю геахім. працэсаў у геалогіі падкрэслівалі М.В.Ламаносаў, Дз.І.Мендзялееў, В.М.Севяргін, А.Гумбальт. Тэрмін «геахімія» ўвёў у 1838 ням. вучоны К.Ф.Шонбайн. У 1889 амер. вучоны Ф.Кларк вылічыў сярэднія колькасці элементаў у зямной кары, якія атрымалі назву кларкі. Як навука геахімія аформілася ў 1-й пал. 20 ст. Яе заснавальнікі: У.І.Вярнадскі, В.М.Гольдшміт, А.Я.Ферсман. Вял. ўклад у развіццё геахіміі зрабілі А.П.Вінаградаў, А.А.Саўкаў, В.У.Кавальскі (Расія), К.Ранкама, Т.Сахама (Японія) і інш.
На Беларусі геахім. даследаванні арганізаваны ў 1953 К.І.Лукашовым у БДУ, з 1957 у АН Беларусі. Сучасныя цэнтры даследаванняў — Ін-тгеал. навук Нац.АН (К.І. і В.К.Лукашовы, У.А.Кузняцоў, В.М.Шчарбіна, А.С. і А.А.Махначы, Г.В.Багамолаў, А.В.Кудзельскі, А.М.Пап, І.В.Найдзянкоў), Бел.НДІ глебазнаўства і аграхіміі (Т.Н.Кулакоўская, С.Н.Іваноў), Ін-т праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі (В.Б.Кадацкі і інш.), БДУ (І.С.Лупіновіч, Я.П.Пятраеў) і інш.Геахім. вывучэнне тэр. Беларусі накіравана на пашырэнне мінер.-сыравіннай базы, ацэнку геаэкалагічных умоў і змяншэнне наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВА́НА-ФРАНКО́ЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
на З Украіны. Утворана 4.12.1939. Да 1962 Станіслаўская вобл.Пл. 13,9 тыс.км². Нас. 1467 тыс.чал., гарадскога 44% (1996). Цэнтр — г.Івана-Франкоўск. Найб. гарады: Каламыя, Калуш, Надворная, Даліна.
Прырода. Каля 1/2тэр. займаюць Украінскія Карпаты, ёсць адасобленыя масівы Чарнагора (г. Гаверла, выш. 2061 м), Чыўчын і Грыняўскія горы; вызначаецца таксама перадгорнае Прыкарпацце, а на ПнУ раўніны Аполле і Пакуцце. Карысныя выкапні: нафта, газ, калійная і спажыўная солі, азакерыт, буры вугаль, буд. матэрыялы. Мінер. крыніцы. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -4 °C да -9 °C (у гарах), ліп. ад 19 °C да 16 °C (у гарах). Гадавая колькасць ападкаў ад 500 да 1400 мм. Гал. рэкі: Днестр (з прытокамі Свіча, Ломніца, Луква, Быстрыца, Свірж) і Прут (з прытокам Чарамош). Глебы шэрыя лясныя, бурыя горна-лясныя і горна-лугавыя. Лясы займаюць каля 45% тэр. вобласці; на раўніне дубова-грабавыя, у перадгор’ях букавыя і букава-піхтавыя, вышэй хвойныя, з выш. 1400 м высакагорныя лугі (паланіны). Карпацкі прыродны парк, часткаКарпацкага запаведніка.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: горназдабыўная (нафта, газ, калійная соль, сера), маш.-буд. і металаапрацоўка (ліцейныя аўтам. лініі, мех. прэсы, прыборы, машыны для жывёлагадоўлі, эл.-тэхн. і нафтавае абсталяванне), хім. і нафтахім. (калійныя ўгнаенні, метал. магній, хім. сродкі аховы раслін, фарбавальнікі), нафта- і газаперапрацоўка, лясная і дрэваапр. (лесанарыхтоўчая, мэблевая), лёгкая (баваўняная, швейная, абутковая), харчовая (цукр., спіртавая, мясная, масласыраробчая), буд. матэрыялаў. Маст. промыслы (разьба па дрэве, інкрустацыя, ткацтва, вышыўка, вытв-сць дываноў). Бурштынская ДРЭС, Калушская ЦЭЦ. С.-г. ўгоддзі займаюць 535 тыс.га, у т. л. пад ворывам 414 тыс.га. Пасевы пшаніцы, ячменю, жыта. Вырошчваюць лён-даўгунец, цукр. буракі, кармавыя культуры, бульбу, агародніну Пладаводства. Мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, авечка- і птушкагадоўля. Па тэр. вобласці праходзяць чыгункі Львоў—Івана-Франкоўск, Івана-Франкоўск—Чарнаўцы, Івана-Франкоўск—Рахаў, Івана-Франкоўск—Стрый, аўтадарогі Івана-Франкоўск—Львоў, Івана-Франкоўск—Каламыя—Чарнаўцы, Івана-Франкоўск—Дзяляцін—Рахаў, Івана-Франкоўск—Мукачава—Ужгарад і інш. Турызм. Кліматычныя курорты: Ярэмча, Варохта, Косаў, Крэменцы; бальнеагразевы курорт Чэрчэ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІКАНАСТА́С (ад ікона + грэч. stasis месца стаяння),
перагародка з абразамі і варотамі паміж асн. і алтарнай часткамі інтэр’ера правасл. храма.
І. склаўся на аснове нізкай алтарнай перагародкі з абразамі над ёй. У класічнай форме (распрацавана ў 15 ст. на Маск. Русі) складаецца з 5 радоў (чыноў) абразоў, якія ў пэўнай паслядоўнасці паказваюць жыццё царквы ад пачатку да Страшнага Суда. Верхні чын («праайцоўскі») з абразом св. Тройцы («Гасціннасць Аўраама») у сярэдзіне сімвалізуе перыяд ад Адама да Майсея. Наступны чын («прарочы») прадстаўляе старазапаветную царкву ад Майсея да Хрыста, у цэнтры — абраз «Маці Божая Знаменне», выказванне прароцтва Ісаі і пераемнасці Новага запавету ад Старога. «Святочны» чын адлюстроўвае падзеі Новага запавету, якія на працягу года асабліва ўрачыста адзначаюцца царквою. Гал.частка І. — «дэісусны» чын, у якім вакол абраза Спаса з Маці Божай і Іаанам да тэмы малення царквы за свет далучаны выявы 12 апосталаў, свяціцеляў, пакутнікаў і інш. У ніжнім («мясцовым») чыне па баках царскіх варот (сімвал уваходу ў Царства Нябеснае) абразы Спаса і Маці Божай з дзіцем і храмавыя, на бакавых дзвярах — архангелаў або дыяканаў.
На Беларусі І. вядомы з 15 ст. Захаваліся І. сярэдзіны 17 ст. (Жыровічы, Магілёў, Супрасль), для якіх характэрна разное аздабленне ў стылі барока. Існавалі ў правасл. і уніяцкіх храмах. Бел. І. вызначаўся пэўнымі асаблівасцямі: колькасць радоў 3—4, «дэісусны» чын ператвораны ў «апостальскі», які разам з абразамі, змешчанымі па вертыкалі над царскімі варотамі, утвараў крыжовы кампазіцыйны стрыжань і нёс асн. сэнсавую і дэкар. нагрузку; «праайцоўскі» чын адсутнічаў або змяшаны з «прароцкім», апошнім часам рабіўся ў выглядзе групы картушаў. У сярэдзіне 18 ст. ва уніяцкіх храмах заменены алтарамі на ўзор касцельных. У правасл. цэрквах як самабытная з’ява існаваў да 1840-х г., пазней І. стваралі па зацверджаных тыпавых праектах і пакідалі ў аздабленні толькі асобныя самабытныя дэкар. элементы.
А.А.Ярашэвіч.
Іканастас Смаленскага сабора Новадзявочага манастыра ў Маскве. Разьбяры К.Міхайлаў, Д.Залатароў і інш. 1683—86.Іканастас Міхайлаўскай царквы ў в. Сцяпанкі Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобл. 18 ст.Іканастас царквы ў в. Бярозавічы Пінскага раёна Брэсцкай вобл. Канец 18 — пач. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАНІЯ́ЛІЗМ,
сістэма эканам., ваен., паліт., ідэалаг. і адм. сродкаў панавання адных краін над другімі з мэтай выкарыстання іх матэрыяльных і інтэлектуальных рэсурсаў. К. як сталая з’ява ў сусв.эканам. і паліт. развіцці на працягу апошніх стагоддзяў істотна адрозніваецца ад пошуку і заснавання калоній, што мела месца ў стараж. часы ў сувязі з пазнаннем чалавекам навакольнага свету, развіццём мараплавання і заморскага гандлю. Патрэба ў выкарыстанні багаццяў інш. дзяржаў і народаў узнікла ў перыяд фарміравання і развіцця капіталіст.эканам. адносін. Таму набыццё калоній узводзілася на ўзровень дзярж. палітыкі, што найб. прыкметна ў Галандыі, Англіі, Францыі ў 18 ст., калі ўзнікла каланіяльная сістэма як арганічная часткасусв.капіталіст. эканомікі. На становішчы калоній апынуліся шматлікія краіны ў Азіі (Індыя, Бірма) і ў Афрыцы (Нігерыя). Эканамічна яны залежалі ад каланіяльных метраполій Да канца 19 ст. магчымасці тэр. каланіяльнай экспансіі былі вычарпаны, пачаўся перадзел калоній, што вяло да каланіяльных войнаў.
Абвастрэнне супярэчнасцей па.між інтарэсамі нац.-незалежнага развіцця калоній і дзяржаў-метраполій прывяло да развіцця ў калоніях нац.-вызв. рухаў. У 20 ст. пачаўся працэс паступовага распаду каланіяльнай сістэмы. У 1947 у ліку першых незалежнасць атрымала Індыя. У 1950—60-я г., калі незалежнымі стала большасць б. калоній, каланіяльная сістэма ў яе традыц. разуменні практычна перастала існаваць. У працэсе дэкаланізацыі станоўчую ролю адыгралі ААН і яе спец. органы. Незалежнасць адкрыла б. калоніям больш шырокія магчымасці для эканам., паліт. і культ. развіцця. Аднак К. праяўляецца і сёння ў форме кантролю над прыроднымі рэсурсамі б. залежных краін, для чаго выкарыстоўваюцца нераўнапраўныя дагаворы, пагадненні аб «дапамозе», часам паліт. дыктат і ўзбр. ўмяшанне. Найб. важную ролю ў існаванні рэшткаў К. адыгрывае характар міжнар.эканам. адносін, калі рэсурсаздабыўныя краіны вымушаны падпарадкоўвацца інтарэсам буйных шматнац.прамысл. і фін. карпарацый (напр., праз вызначэнне рыначных цэн на сыравіну і гатовыя вырабы) і фактычна працягваюць лічыцца сыравіннай перыферыяй высокаразвітых краін.
В.І.Боўш.
Да арт.Каланіялізм. Насіллі іспанскіх заваёўнікаў над індзейцамі. Гравюра з кнігі «Часткі Амерыкі». 1590.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВАЯ ЭЛЕКТРАДЫНА́МІКА,
рэлятывісцкая квантавапалявая тэорыя электрамагнітных узаемадзеянняў элементарных часціц; састаўная частка адзінай калібровачнай палявой тэорыі электраслабых узаемадзеянняў. Дала пачатак агульнай квантавай тэорыі поля і стала найб. распрацаваным і эксперыментальна абгрунтаваным раздзелам гэтай тэорыі.
Пачала афармляцца як самаст. тэорыя (незалежная ад квантавай механікі) на аснове прац П.Дзірака. Грунтуецца на квантава-рэлятывісцкім хвалевым Дзірака ўраўненні для электрона (пазітрона) у эл.-магн. полі і ўраўненні тыпу Максвела—Лорэнца для эл.-магн. поля з крыніцамі. Ураўненні рашаюцца метадам паслядоўных набліжэнняў па канстанце эл.-магн. сувязі a = e2/4 πε0c ≈ 1/137. Атрыманыя рашэнні (хвалевыя функцыі дзіракаўскага і эл.-магн. палёў) раскладаюцца ў Фур’е шэрагі па вядомых наборах функцый свабодных станаў электрона (пазітрона) са значэннямі імпульсу, энергіі і праекцыі спіна. Каэфіцыенты такіх шэрагаў пры пэўных умовах вызначаюць амплітуды імавернасці пераходу элементарнай часціцы з аднаго стану ў другі ў выніку ўзаемадзеяння. Пасля працэдуры другаснага квантавання эл.-магн. і дзіракаўскае палі становяцца сістэмамі з пераменным лікам часціц і каэфіцыенты Фур’е-разлажэнняў функцый стану квантаваных палёў набываюць сэнс аператараў нараджэння і знікнення квантаў гэтых палёў (электронаў, пазітронаў, фатонаў). Паводле К.э. эл.-магн. ўзаемадзеянне электронаў адбываецца за кошт абмену паміж імі віртуальнымі фатонамі, якія неперарыўна выпрамяняюцца і паглынаюцца эл. зараджанымі часціцамі. Фундаментальнае значэнне ў К.э. мае матрыца рассеяння (S-матрыца), якая звязвае ў агульнай форме станы квантаваных палёў да і пасля эл.-магн. ўзаемадзеяння. На яе аснове ў межах тэорыі малых узбурэнняў вызначаюцца амплітуды рассеяння для любых магчымых эл.-дынамічных працэсаў. Кожнаму працэсу адпавядае графічная карціна (дыяграма Р.Фейнмана) Канстанта a дазваляе праводзіць разлікі эл.-магн. працэсаў (напр., эфекту Комптана, пераўтварэння электронна-пазітронных пар у фатоны і наадварот) з зададзенай дакладнасцю. Пры гэтым улічваецца працэдура перанарміровак, якая дазваляе пазбавіцца ад бясконцых значэнняў фіз. велічынь, выкліканых узаемадзеяннем квантаў поля (напр., электронаў) з палярызаваным вакуумам. Такое ўзаемадзеянне выявіла шэраг спецыфічных эфектаў (анамальны магн. момант электрона, лэмбаўскі зрух энергет. узроўняў электронаў у атамах, рассеянне святла на святле).
Літ.:
Ахиезер А.И., Берестецкий В.Б. Квантовая электродинамика. 3 изд. М., 1969;
Богуш А.А., Мороз Л.Г. Введение в теорию классических полей. Мн., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛАў тэхніцы,
прыстасаванне ў выглядзе дыска ці вобада са спіцамі, насаджанага на вось; адзін з асн. элементаў наземных трансп. сродкаў (аўтамабіляў, вагонаў, матацыклаў, веласіпедаў і інш.), многіх тэхн. механізмаў і машын. Паводле роду дзеяння ў машынах і прыладах К. падзяляюцца на перадатачныя, прызначаныя для перадачы намаганняў (зубчастыя колы), антыфрыкцыйныя — памяншаюць трэнне паміж целамі, што рухаюцца (блокі, накіравальныя ролікі), транспартныя — ператвараюць вярчальны рух, што ствараецца рухавіком, у паступальны рух машыны. К. сучаснага аўтамабіля маюць складаную будову; К. чыг. вагонаў — стальныя, звычайна суцэльныя, нерухома замацаваныя на восі, разам з якою рухаюцца ў буксах. Набываюць пашырэнне (пераважна ў вагонах метрапалітэна) пругкія метал. К.
К. разам з вінтом і рычагом — адна з найвялікшых вынаходак чалавецтва. Для трансп. мэт выкарыстоўваецца з 4-га тыс. да н.э. (Месапатамія). Папярэднік К. — каток, які падкладваўся пад груз пры яго перамяшчэнні. Каб палепшыць качэнне, сярэднюю ч. катка рабілі больш тонкаю, чым крайнія часткі. Такі каток быў заменены воссю з насаджанымі на яе К. Каб аблегчыць К., яго пачалі рабіць састаўным — з калодкі, што насаджваецца на вал, вобада і злучальных спіц. Павелічэнне трываласці вобада дасягалася метал. шынаю, якая пазней заменена гумавай і больш дасканалай пнеўматычнай. З старажытнасці К. — найважнейшы элемент большасці рабочых машын (калёсы, ганчарны круг, жорны, млыны, калаўрот). Вял. ролю яно адыграла як вадзяны (гл.Вадзяное кола) і паветраны рухавік (гл.Ветрарухавік). Спец. канструкцыі К. выкарыстоўваюцца ў сучасных турбінах (гідраўлічных, газавых, паравых) як асн. рабочая частка. К. стала асн. тыпам рухача ў трансп., с.-г. (колавых трактарах, камбайнах, прычэпах і інш.) і ваен. машынах (колавых цягачах, бронетранспарцёрах і да т.п.). Прынцып перамяшчэння з дапамогай К. выбраны для першых трансп. машын, прызначаных для выкарыстання на інш. планетах (напр., у «Месяцаходзе»).
Літ.:
Добронравов Н.И. Беседа о колесе. М.; Л., 1951.
У.М.Сацута.
Будова аўтамабільнага кола: 1 — унутраны слой шыны; 2 — дрот, які прыціскае борт шыны да калодкі; 3 — корпус шыны; 4 — узмацняльныя пракладкі; 5 — пратэктар; 6 — калодка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭФЕ́КТЫ Ў КРЫШТА́ЛЯХ,
парушэнні перыядычнасці размяшчэння часціц у крышталічнай рашотцы. Узнікаюць пры росце крышталёў ці іх фазавых ператварэннях, цеплавых, мех., эл. і інш. уздзеяннях, увядзенні дамешкаў. Адрозніваюць дэфекты кропкавыя (нульмерныя), лінейныя (аднамерныя), паверхневыя (двухмерныя) і аб’ёмныя (трохмерныя).
Кропкавыя дэфекты — парушэнні перыядычнасці ўласнай атамнай структуры крышталя: вакансіі атамы і іоны, што перамясціліся з нармальнага становішча ў міжвузелле (міжвузельныя атамы і іоны); атамы і іоны ў крышталях хім. злучэнняў, якія займаюць вузлы «чужой» падрашоткі; дэфекты, што ўзнікаюць пры ўвядзенні ў крышталь дамешкавых атамаў. Узаемадзеянне такіх дэфектаў паміж сабой прыводзіць да ўзнікнення складаных дэфектаў: дывакансій (падвойных вакансій), кластараў (скопішчаў дэфектаў) і інш.Лінейныя дэфекты — ланцужкі кропкавых дэфектаў, краявыя і вінтавыя дыслакацыі. Паверхневыя дэфекты: няправільна ўкладзеныя слаі атамаў (дэфекты ўпакоўкі); заканамерныя парушэнні нармальнага чаргавання атамных плоскасцей; дэфекты двайнікавання з кропкавай сіметрыяй; межы ўключэнняў; сама паверхня крышталя і інш.Аб’ёмныя дэфекты: парушэнні, звязаныя з адхіленнем ад законаў стэхіяметрыі; скопішчы вакансій; нерэгулярныя ўтварэнні ў выглядзе расколін, пустот, уключэнняў іншай фазы; скопішчы дамешкаў на дыслакацыях, у зонах росту і інш. макраскапічныя дэфекты. Д. ў к. уплываюць на мех., аптычныя, эл., магн. і інш. ўласцівасці крышталёў. У дасканалай крышт. рашотцы рух атамаў і іонаў немагчымы; у крышталях з дэфектамі міграцыя атамаў абумоўлівае ўзаемную дыфузію цвёрдых цел, хім.цвердафазныя рэакцыі і інш. з’явы. Д. ў к. могуць уводзіцца мэтанакіравана або ўзнікаць выпадкова пад уздзеяннем фактараў, якія не кантралююцца. Спец. ўвядзенне дэфектаў або іх выдаленне — важная частка тэхналогіі вытв-сці паўправадніковых матэрыялаў, люмінафораў, лазерных і фотахромных крышталёў і шкла, паўправадніковых прылад. Шчыльнасць непажаданых дэфектаў памяншаецца ўдасканаленнем метадаў вырошчвання і апрацоўкі крышталёў. Д. ў к. вывучаюцца аптычнымі метадамі, іоннай і электроннай мікраскапіяй, метадам выбіральнага траўлення, рэнтгенадыфракцыйнымі і ядз.-фіз. метадамі.
Літ.:
Современная кристаллография Т. 2. М., 1979;
Вавилов В.С., Кив А.Е., Ниязова О.Р. Механизмы образования и миграции дефектов в полупроводниках. М., 1981;
Орлов А.Н. Введение в теорию дефектов в кристаллах. М., 1983;
Орлов А.Н., Трушин Ю.В. Энергии точечных дефектов в металлах. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРОДАНАСЕ́ЛЬНІЦТВА, насельніцтва,
сукупнасць людзей, якія жывуць на зямным шары (чалавецтва) ці ў межах канкрэтнай тэрыторыі, кантынента, краіны. У адрозненне ад універсальнага тэрміна «насельніцтва» тэрмін «Н.» часцей выкарыстоўваецца пры сац.-эканам. характарыстыцы насельніцтва. Н. характарызуюць паказчыкі: колькасць насельніцтва і яе дынаміка, інтэнсіўнасць асобных дэмаграфічных працэсаў — нараджальнасць, смяротнасць, натуральны прырост, працягласць жыцця, узростава-палавы склад і сямейнае становішча, нацыянальны склад насельніцтва, рассяленне, міграцыя насельніцтва, урбанізацыя, расавы, этн. і рэліг.склад. Паказчыкі, якія адлюстроўваюць сац.-эканам. структуру Н., — эканамічна актыўнае насельніцтва, яго прафесійны і класавы склад, занятасць. Арыенціровачна да канца эпохі палеаліту (каля 15 тыс.г. да н.э.) колькасць насельніцтва дасягала 3 млн.чал., да канца неаліту (2 тыс.г. да н.э.) — 50 млн.чал., на пач. нашай эры — 230 млн.чал., у 1650—550 млн.чал., у 1750—725, у 1850—1175, у 1900—1600, у 1950—2556, у 1980—4458 млн.чал.; па разліках ААН на 12.10.1999 у свеце налічвалася 6 млрд. чалавек.
Для найлепшага спалучэння росту насельніцтва з эканам. развіццём асобных краін і свету ў цэлым вял. значэнне мае нацыянальная дэмаграфічная палітыка (сац., эканам., юрыд. і інш. мерапрыемствы, накіраваныя на змену працэсаў узнаўлення пакаленняў, міграцыі і інш.). З краін Еўропы найбольш актыўную дэмаграфічную палітыку праводзіць Францыя. Шырокая праграма планавання велічыні сям’і ажыццяўляецца ў Японіі. Кітаі і Індыі (скарачэнне нараджальнасці і натуральнага прыросту насельніцтва). Буйнейшыя па колькасці Н. краіны (1998, млн.чал.): Кітай (1236,9), Індыя (984), ЗША (270,3), Інданезія (212,9), Бразілія (169,8), Расія (146,9), Пакістан (135,1), Бангладэш (127,6), Японія (125,9), Нігерыя (110,5). Н. зямнога шара размяшчаецца нераўнамерна — на 7% сушы жыве 70% усіх людзей, 37% сушы не заселена. Н. свету складаецца з прыкладна 2 тыс.народаў, частка з іх склалася ў нацыі, інш. ўяўляюць сабой народнасці або групы плямён. Даследаваннямі Н. займаецца навука дэмаграфія. Паводле перапісу 1999 на Беларусі Н. складае 10203,8 чал.
Літ.:
Шахотько Л.П. Население Республики Беларусь в конце XX в. Мн., 1996;
Валентей Д.И. Проблемы народонаселения. М., 1961;
Народонаселение. Соврем. состояние науч. знания. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКІ ГАРНІЗО́Н у Вялікую Айчынную вайну на Беларусі, 1) месца працяглага размяшчэння партызанскага фарміравання. Ствараўся з мэтаю бяспекі і найб. спрыяльных умоў жыцця, баявой дзейнасці партызан у тыле ворага. Кіраваў гарнізонам камандзір партыз. фарміравання. Арганізацыя і рэгуляванне жыцця, побыту і ўнутр. распарадку П.г., гарнізоннай і каравульнай службаў ажыццяўляліся на аснове вайск. статутаў і традыцый Чырв. Арміі, дакументаў і ўказанняў парт.партыз. органаў. У маштабах партызанскіх зонЦККП(б)Б, Бел. штаб партыз. руху і падп.парт. органы вызначалі раёны дыслакацыі партыз. фарміраванняў з нас. пунктамі, дзе партызаны забяспечвалі ахову насельніцтва ад рабаўніцтваў і разбою ням,фаш. акупантамі, нарыхтоўку харчавання і абсталёўвалі партыз. лагеры. У нас. пунктах камандаванне прызначала каменданта ў сельсавет і старасту вёскі, якія арганізоўвалі каравульную службу, апавяшчэнне насельніцтва і партызан пра перамяшчэнні праціўніка, укрыццё людзей у бяспечнае месца, забеспячэнне грамадскага парадку ў нас. пункце, назіранні за паводзінамі партызан, якія знаходзіліся на заданнях па-за размяшчэннем сваіх падраздзяленняў. У многіх раёнах Беларусі камендантаў у сельсаветах, стараст у вёсках прызначалі падп. райкомы партыі.
2) Самая простая форма аб’яднання асобных баявых атрадаў на ранніх стадыях развіцця партызанскага руху з мэтай больш эфектыўнага вядзення баявых дзеянняў партызан супраць ворага. Складаўся па ініцыятыве і згодзе партызан у ходзе сумесных баёў асобных атрадаў, дзеля сканцэнтравання намаганняў у барацьбе з ням.-фаш. гарнізонамі, карнымі атрадамі, каб сумесна «выжыць» у цяжкую пару карных экспедыцый праціўніка. Адным з першых у студз. 1942 склаўся гарнізон Ф.І.Паўлоўскага, які аб’ядноўваў 13 асобных атрадаў (1301 чал.), частка якіх у перыяд баёў з карнікамі перадыслацыравалася ў інш. раёны, а на базе астатніх створана партыз. брыгада. П.г. ствараліся і старшым вайск. начальнікам: камандзір Клічаўскага аператыўнага цэнтра палк. У.Л.Нічыпаровіч загадам у канцы ліп. 1942 стварыў адзін гарнізон з 6 атрадаў (дзейнічаў на стыку Барысаўскага, Смалявіцкага і Чэрвеньскага р-наў Мінскай вобл.), другі — з 3 атрадаў (на тэр. Бялыніцкага і Магілёўскага р-наў Магілёўскай вобл.); восенню 1942 на іх базе сфарміраваны партыз. брыгады.
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990. С. 474—475.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ НО́ВАЕ МЕ́СЦА,
помнік горадабудаўніцтва канца 18—19 ст. ў Мінску (сучасная Кастрычніцкая пл.). Створана паводле першага праектнага плана Мінска 1797—1800 (арх. Ф.Крамер). У яго аснове — планіровачныя прынцыпы класіцызму. Паводле праекта планавалася разбурэнне гар. умацаванняў 17 ст. і пашырэнне гар. тэрыторыі на ПдУ уздоўж р. Свіслач амаль да яе поймы. На тэр. М.Н.м. стваралася геам. сетка вуліц і фарміраваліся жылыя кварталы прамавугольнай формы. Прадугледжвалася планіроўка асн.гар. вуліц: Захар’еўскай (сучасны праспект Скарыны), Падгорнай (К.Маркса), Магазіннай (Кірава), Вясёлай (Ульянаўская), Паліцэйскай (Я.Купалы), Кашарнай (Чырвонаармейская), Дамініканскай (Энгельса), Францысканскай (Леніна), Феліцыянаўскай (Камсамольская) і інш. Адначасова на ПдУ за гар. мяжой пабудаваны рэгулярны комплекс вайсковых казарм (арх. Крамер). Цэнтрам кампазіцыі М.Н.м. стала вял. прамавугольная гандл. плошча — Навамесцкая (Новы рынак). У канцы 18 — пач. 19 ст. на плошчы ўзведзены мураваныя будынкі, у т. л. комплекс т.зв. Архірэйскага дома, Лютэранская кірха, губ. паштовая кантора, паштовая станцыя, а таксама драўляныя жылыя дамы з крамамі. Пасля пажару 1835, у 1840—50-я г. па перыметры плошчы створаны бульвар, пабудаваны гасцініца «Парыж», будынкі дваранскага дэпутацкага сходу з тэатр. залай, духоўнай кансісторыі, дом краязнаўца М.Гаўсмана (1857), рэканструяваны комплекс Архірэйскага дома (усе арх. К.Хршчановіч). У 1872 плошча перапланавана ў рэгулярны Аляксандраўскі сквер (цяпер Цэнтральны) з перыметральнымі і дыяганальнымі алеямі, фантанам, упрыгожаным дэкар. скульптурай «Хлопчык з лебедзем». На тэр. сквера пабудаваны капліца св. Аляксандра Неўскага (1869, знесена ў 1930-я г.), воданапорная вежа (1874), Мінскага гарадскога тэатра будынак. Тэр. сквера мела напачатку драўляную, з 1912 металічную агароджу ў стылі мадэрн (знесена ў 1950-я г.). Кварталы М.Н.м. спачатку забудоўваліся драўлянымі жылымі дамамі паводле ўзорных праектаў, распрацаваных арх. Крамерам, пасля пажару 1835 — мураванымі і драўлянымі дамамі. Паводле плана Мінска 1858 Захар’еўская вул ператварылася ў гал.гар. дыяметр, М.Н.м. забудоўвалася 2—3-павярховымі жылымі і грамадскімі будынкамі. У канцы 19 — пач. 20 ст. пабудаваны Успенская царква і Мінскі царкоўна-археалагічны музей. У Вял.Айч. вайну асн.частка забудовы М.Н.м. пашкоджана, у 1940—50-я г. знесена ці перабудавана.
Літ.:
Дзянісаў У. Тут б’ецца сэрца горада // Мастацтва Беларусі. 1989. № 12.