ФА́ЗА (ад грэч. phasis з’яўленне),

1) перыяд, стадыя, этап, ступень у развіцці якой-н. з’явы, працэсу; адзін са станаў аб’екта, пэўны момант у змене формы чаго-н. Напр., розныя станы развіцця грамадства, розныя формы бачнай часткі Месяца — фазы Месяца.

2) Ф. вагання ў — фіз. велічыня, што характарызуе стан вагальнага працэсу ў кожны момант часу. Напр., для гарманічных ваганняў, якія апісваюцца ўраўненнем x = A sin (ωt + φ0), велічыня φ = ωt + φ0 наз. поўнай (пераменнай) Ф. ваганняў, а φ0 — пачатковай (нязменнай) Ф. ваганняў. Вымяраецца ў долях перыяду ваганняў або ў вуглавых ці дугавых адзінках.

3) Ф. ў тэрмадынаміцы — тэрмадынамічна раўнаважны стан рэчыва (гл. Раўнавага тэрмадынамічная), які адрозніваецца па фіз. уласцівасцях ад інш. магчымых раўнаважных станаў таго ж рэчыва (гл. Гамагенная сістэма); частка гетэрагеннай сістэмы, аддзеленая межамі ад частак з інш. фіз. ўласцівасцямі. Пераход рэчыва з адной Ф. ў другую (фазавы пераход) звязаны з якаснымі зменамі ўласцівасцей рэчыва. Сувязь паміж колькасцю Ф. і колькасцю кампанентаў тэрмадынамічнай сістэмы ўстанаўліваецца Гібса правілам фаз. Напр., раўнаважная сістэма лёд — вада — пара з’яўляецца аднакампанентнай сістэмай, якая складаецца з 3 Ф., што ў гэтым выпадку супадаюць з агрэгатнымі станамі рэчыва.

4) Ф. ў электратэхніцы — адзін з эл. ланцугоў, які ўваходзіць у склад мнагафазнага, звычайна трохфазнага ланцуга. Характарызуецца тым, што ў ёй дзейнічае эрс (напружанне), зрушаная ў часе адносна эрс у інш. Ф. гэтага ланцуга. Ф. наз. таксама асобная група абмотак генератара пераменнага току і далучаны да яе провад, па якім ідзе эл. ток.

У.​М.​Сацута.

Фаза. Ваганні маятнікаў: а — у аднолькавай фазе; б — у проціфазе; φ — вугал адхілення маятніка ад стану раўнавагі.

т. 16, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)