вёска ў Беларусі, у Далёцкім с/с Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Цэнтр калгаса. За 35 км на ПдЗ ад Браслава, 273 км ад Віцебска, 67 км ад чыг. ст. Друя. 387 ж., 153 двары (1995). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Каля вёскі — курганны могільнік 8—11 ст.
У гіст. крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1514 як уладанне роду Геталтаў. Пазней належала Кімбарам, Бенетам, Цеханавецкім, Манузі, Плятэрам. У 1738 у Богіне 5 гаспадарак, 10 валок зямлі. З 1922 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Браслаўскага пав. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета ў Відзскім р-не Вілейскай, з 1944 — Полацкай, з 1954 — Маладзечанскай абл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАЦЭ́РАС (Anthoceros),
род антацэротавых імхоў сям. антацэротавых. Каля 150 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках, некаторыя ва ўмераных шыротах. На Беларусі на аблогах, каля дарог, па канавах, берагах рэк трапляецца антацэрас кропкавы (A. punctatus).
Слаявіна цёмна-зялёная, разеткападобная, дыям. 2—5 см, шчыльна прылягае да субстрату, з рассечанымі лопасцепадобнымі вырастамі, унізе з слізевымі поласцямі, якія пазней запаўняюцца калоніямі водарасцяў з роду насток. Прымацоўваецца да субстрату аднаклетачнымі рызоідамі. Спарагон цыліндрычны, з калонкай і стэрыльнымі ніткамі (элатэрамі), якія служаць для разрыхлення спораў, прамастойны, даўж. 1—10 см, зялёны, потым бурэе і раскрываецца на 2 створкі. Споры тэтраэдрычныя, цёмныя, з шчытападобнымі вырастамі. Спараносіць летам і ўвосень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЯКІ́, ганабобель,
дурніцы (Vaccinium uliginosum),
від кветкавых раслін з роду ягаднік сям. верасовых. Пашыраны ва ўмераных і халодных зонах Паўн. паўшар’я. На Беларусі трапляецца ўсюды на сфагнавых балотах і ў забалочаных хваёвых лясах разам з багуном, утварае зараснікі.
Невял. разгалінаваны лістападны кусцік выш. да 1 м з прамымі галінкамі. Лісце цвёрдае, эліптычнае, шаравата-шызае, чаргаванае. Кветкі дробныя, белыя з ружовым адценнем, па 1—3 на канцах леташніх парасткаў. Плод — сакаўная сінявата-чорная ягада з шызым воскападобным налётам. Лек. (добры проціцынготны і вяжучы сродак, садзейнічае вывядзенню з арганізма радыенуклідаў), харч. (ягады кісла-салодкія, ядомыя, маюць цукры, дубільныя рэчывы, фенолы, вітаміны і інш.), кармавая і меданосная расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНІЛО́ВІЧ (Восіп Мікалаевіч) (1860, Віцебск — 24.5.1890),
рэвалюцыянер-народнік. З бел. шляхецкага родуВайніловічаў. У час вучобы ў Віцебскай гімназіі быў чл. Віцебскага рэв. гуртка. У час вучобы ў Варшаўскім ун-це (з 1882) адзін са стваральнікаў Варшаўскага нарадавольскага гуртка беларускіх студэнтаў, які цесна супрацоўнічаў з польскай рабочай партыяй «Пралетарыят». Кватэра Вайніловіча выкарыстоўвалася для канспіратыўных сувязей з «Пралетарыятам», сюды паступалі пісьмы, нелегальнае друкарскае абсталяванне. За ўдзел у выступленнях варшаўскіх студэнтаў (крас. 1883) выключаны з ун-та. Жыў у Віцебску пад тайным наглядам паліцыі, 8.3.1884 арыштаваны. Пасля выхаду з турмы (снеж. 1884) быў пад наглядам паліцыі; даваў прыватныя ўрокі, займаўся літ. творчасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНЬКО́ВІЧ ((Wańkowicz) Мельхіёр) (10.1.1892, в. Калюжыца Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. — 10.9.1974),
польскі празаік і публіцыст. З родуВаньковічаў. Скончыў Варшаўскі ун-т (1922). Аўтар брашуры «Чаму польскі салдат уваходзіць у Літву і Беларусь» (1919). На ўспамінах аб дзіцячых гадах заснавана аповесць «Шчанюковы гады» (1934). Пасля наведання СССР выдаў кнігу рэпартажаў «Анер’еная рэвалюцыя» (1934). З 1949 жыў у ЗША, у 1958 вярнуўся ў Варшаву. Аўтар гіст. аповесці з часоў грамадз. вайны «Шпіталь у Ціхінічах» (2-е выд., 1935), рамана «Зелле на кратэры» (1957), аповесці «Вестэрплятэ» (1959), нарысаў і рэпартажаў «Монтэ Касіна» (1957), «Ад Стоўбцаў да Каіра» (1969), успамінаў «Туды і сюды» (1961) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАШЭ́РЫЯ (Vaucheria),
род ніткаватых жоўта-зялёных водарасцей сям. вашэрыевых. Больш за 60 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары. Жывуць у прэсных і марскіх вадаёмах, на вільготнай глебе ўтвараюць зялёныя аксамітныя дзернавінкі. На Беларусі ў азёрах і невял. вадаёмах трапляецца 1 таксанамічна не вызначаны від.
Ніткі тонкія, трубчастыя, слабаразгалінаваныя, зялёныя або жоўта-зялёныя, без перагародак (уяўляюць сабой адну вял. шмат’ядравую клетку), прымацаваныя да субстрату рызоідамі. У цэнтр.ч. вакуоля з клетачным сокам. Хларапласт дыскападобны, без пірэноіда. Запасное рэчыва — алей. Бясполае размнажэнне апланаспорамі, зааспорамі і цыстамі, палавое — аагамія. Палавыя органы — аагоніі і антэрыдыі (асн. сістэматычная прыкмета роду), утвараюцца на бакавых галінках. Вегетатыўнае размнажэнне бывае рэдка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРТЫЦЫЛЁЗ,
хвароба, якая выклікаецца недасканалымі грыбамі з роду Verticillium. Найб. часта пашкоджвае клён, ліпу, дуб, конскі каштан, ільмовыя і многія інш. дрэвавыя пароды, кусты і травяністыя расліны. Асабліва небяспечны для маладых раслін. На Беларусі адзначаны на лісцевых пародах у Брэсцкай і Гомельскай абласцях.
Пры вертыцылёзе закупорваюцца сасуды дрэў, у выніку пашкоджваецца іх водапранікальная сістэма і галінкі або ўсё дрэва засыхаюць. На зрэзах пашкоджаных участкаў бурыя або аліўкавыя суцэльныя ці перарывістыя кольцы. Заражэнне адбываецца спорамі грыба праз мех. пашкоджанні ў вобласці каранёвай шыйкі і ніжняй часткі ствала, а таксама міцэліем пры кантакце хворых і здаровых каранёў. Пашырэнню хваробы спрыяе цёплае вільготнае надвор’е.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́КА,
аднагадовыя культурныя віды роду гарошак. У свеце вырошчваюць 12 відаў, з іх на Беларусі 2: віка пасяўная, або яравая (Vicia sativa), і касматая, або азімая (Vicia villosa).
Віка пасяўная культывуецца з 18 ст. Высяваецца на зялёны корм у сумесі пераважна з аўсом. Раянаваныя сарты: Льгоўская 31/293 і Белацаркоўская 222. Вільгацялюбная, холадаўстойлівая, малапатрабавальная да якасці глеб культура. Віка касматая культывуецца з канца 19 ст. Высяваецца ў сумесі з азімым жытам, радзей з пшаніцай. Раянаваныя сарты: Стаўбцоўская, Слонімская, Серпухаўская палепшаная. Засухаўстойлівая, але недастаткова зімаўстойлівая культура. Сена і зялёная маса вікі багатыя бялкамі, карацінам, фосфарам і кальцыем. Сідэратныя расліны (абагачаюць глебу азотам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТЭЛЬСБА́ХІ (Wittelsbacher),
паўднёва-нямецкая дынастыя, якая правіла ў Баварыі ў 1180—1918. Мелі радавы замак Вітэльсбах (адсюль назва) на ПнУ ад г. Аўгсбург. Атрымаўшы герцагства Баварыю (1180), Вітэльсбахі пасля падзення Генрыха Льва зацвердзіліся таксама ў Рэйнскім Пфальцы (1214). У 1329 падзяліліся на 2 лініі: старэйшую (пфальцкую; з 1356 курфюрсты) і малодшую (баварскую; у 1623 перанялі тытул курфюрста). Пасля спынення дынастыі баварскіх Вітэльсбахаў (1777) і вайны за Баварскую спадчыну 1778—79 пфальцкія Вітэльсбахі аб’ядналі Баварыю і Пфальц (1779). У 1806—1918 Вітэльсбахі — каралі Баварыі. З роду Вітэльсбахаў паходзілі герм. каралі і імператары «Свяшчэннай Рымскай імперыі» Людовік IV Баварскі [1314—47], Рупрэхт Пфальцкі [1400—10], Карл VII [1742—45].
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАВІ́Н (Фёдар Аляксеевіч) (1650—10.8.1706),
расійскі дзярж. і ваен. дзеяч, дыпламат. Адмірал (1699), ген.-фельдмаршал (1700). Граф (1701). Паплечнік Пятра I. З дваранскага роду Галавіных. Склаў і падпісаў з Кітаем Нерчынскі дагавор 1689. Удзельнічаў у Азоўскіх паходах Пятра I (1695—96), камандаваў эскадрай (1695). З 1697 узначальваў Зброевую, Залатую і Сярэбраную палаты. Быў 2-м паслом Вялікага пасольства (1697—98) у краіны Зах. Еўропы. У 1698—99 узначальваў Ваенна-Марскі прыказ і Манетны двор, з 1700 — Пасольскі прыказ. Стварыў сістэму пастаянных рас. прадстаўніцтваў за мяжой. З 1701 кіраваў маскоўскай Навігацкай школай. Аўтар твора «Глобус нябесны» (выдадзены ў Амстэрдаме ў 1715).