мезатрофнае балота, тып балота, паводле характару жыўлення і расліннасці прамежкавы паміж нізінным балотам і вярховым балотам; балота сярэдняга мінер. жыўлення. Расліны на купінах і павышэннях каля пнёў, дзе прырост торфу большы, жывяцца пераважна за кошт увільгатнення атм. ападкамі. У паніжэннях, дзе сувязь з грунтавымі водамі захавалася, пашыраны расліны нізінных балот. На Беларусі П.б. займаюць каля 105 тыс.га (4,2% ад усіх балот).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЛЕ́СНІК (Mercurialis),
род кветкавых раслін сям. малачаевых. 8 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Еўразіі і Паўн. Афрыкі. На Беларусі 1 від — П. шматгадовы (M. perennis), нар. назвы сіневароць, сінярод. Трапляецца ў шыракалістых і мяшаных лясах, хмызняках.
Адна- і шматгадовыя травы без млечнага соку. Лісце супраціўнае, цэласнае. Кветкі аднаполыя (расліны двухдомныя), дробныя, зеленаватыя, беспялёсткавыя, сабраныя ў суквецце або адзіночныя. Плод — каробачка. Усе віды ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІЛАФІ́ТЫ (Psilophyta),
рыніяфіты, аддзел вымерлых вышэйшых раслін; найб.стараж. сасудзістыя расліны. Былі пашыраны ў палеазоі. На Беларусі рэшткі П. (споры) выяўлены ў адкладах ніжняга сілуру — сярэдняга дэвону. Маюць стратыграфічнае значэнне.
Для П. характэрны шматразова-, двойчыразгалінаваныя сцёблы, адсутнасць каранёў і лісця, размяшчэнне прымітыўных спарангіяў на канцах галін, слабае развіццё праводнай сістэмы, нешматлікія вусцейкі на эпідэрмісе сцёблаў. Паўводныя і сухап. расліны. Далі пачатак многім сучасным вышэйшым раслінам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБІ́ННІК, дрозд-рабіннік (Turdus pilaris),
птушка роду драздоў сям. драздовых атр. вераб’інападобных. Пашыраны ў Еўропе і Азіі. Жыве на ўзлесках, у рэдкалессі, па далінах рэк, у парках, садах. Селіцца на дрэвах парамі і калоніямі. На Беларусі пралётны, пералётны і часткова зімуючы від.
Даўж. да 29 см, маса да 103 г. Корміцца насякомымі, інш. дробнымі беспазваночнымі, восенню і зімой ягадамі. Адкладвае да 7 яец, двойчы за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБІ́ННІК (Sorbaria),
род кветкавых раслін сям. ружавых. 10 відаў. Пашыраны ў Азіі. На Беларусі інтрадукаваны 2 віды Р.: рабіналісты (S. sorbifolia) і сумахалісты (S. rhoifolia). Культывуюцца ў садах і парках.
Лістападныя кусты выш. ад 40 см да 6 м. Кветкі дробныя, белыя або ружовыя ў буйных канцавых мяцёлках. Плод — шматлістоўка. Выкарыстоўваюцца для замацавання берагоў і адхонаў. Дэкар. і меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАКІ́ТНІЦЫ (Lycaenidae),
сямейства насякомых атр. матылёў. Каля 1000 відаў. Вельмі пашыраны. Ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я каля 500 відаў. На Беларусі каля 40 відаў, з якіх 4 занесены ў Чырв. кнігу: блакітніца алькон (Maculinea alcon), блакітніца мелеагр (Polyommatus daphnis), блакітніца эраідэс (P. eroides), блакітніца тарфянікавая (P. optilete), 10 відаў — у Чырв. кнігу СССР. Найб.пашыраны на Беларусі мнагавочка шчаўевая (Chrysophanus dispar rutilus), блакітніца-ікар (L. icarus), блакітніца лясная (L. semiargus). Жывуць у лясах, на лугах, лясных палянах, у садах.
Дзённыя матылі. Крылы (размах 2—4 см) у самцоў зверху блакітныя (адсюль назва), сінія, зялёныя, аранжава-чырвоныя, часта з метал. бляскам, у самак бурыя, знізу шараватыя або бурыя з дробнымі вочкападобнымі плямамі. Вусікі булавападобныя. Пярэднія ногі ўкарочаныя. Вусені тоўстыя, кароткія, укрытыя валаскамі; кормяцца на шыракалістых дрэвах або кустах, травяністых раслінах (часцей грэчкавых або бабовых). Многія віды блакітніц звязаны з мурашкамі. У некат. трапічных відаў вусені — драпежнікі, кормяцца тлямі, чарвяцамі, лічынкамі мурашак. Акукліваюцца часцей у глебе або мурашніках. Зімуюць яйцы, вусені, кукалкі.
Самцы блакітніцы: 1 — алькон, 2 — мелеагр, 3 — эраідэс, 4 — тарфянікавай; малюнак крыла: а — зверху, б — знізу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯКІРАВА́ННЕ,
спосаб кіравання механізмамі, прыладамі і прыстасаваннямі, пры якім у якасці кіроўных сігналаў выкарыстоўваюцца розныя праяўленні жыццядзейнасці арганізма чалавека (часам паняцце біякіравання пашыраецца і на інш. жывыя сістэмы). Для біякіравання могуць выкарыстоўвацца біяпатэнцыялы, гукі, што суправаджаюць працэс дыхання і работу сэрца, ваганні т-ры цела і інш.Найб.пашыраны сістэмы з біяэлектрычным кіраваннем, у якіх біяпатэнцыялы, што генерыруюцца галаўным мозгам, сардэчнай і шкілетнымі мышцамі, нервамі, узмацняюцца і пераўтвараюцца ў іншыя сігналы для ўздзеяння на кіроўны аб’ект.
Сістэмы біякіравання выкарыстоўваюцца ў тэхніцы (напр., для кіравання маніпулятарам, лятальным апаратам, калі на пілота ўздзейнічаюць моцныя перагрузкі і рухі яго абцяжараны). Асабліва пашыраны ў медыцыне, напр., біяпатэнцыялы галаўнога мозга служаць для кантролю глыбіні наркозу ў час хірург. аперацый. Біякіраванні з выкарыстаннем біяпатэнцыялаў сэрца ўжываюцца ў дыягнастычных прыладах, якія забяспечваюць уключэнне сігналізацыі і рэгістравальнай апаратуры (напр., пры парушэннях сардэчнага рытму) і ў мед. прыладах для аўтам. падтрымання функцый арганізма (напр., у апаратах для штучнага кровазвароту). Значную групу прыстасаванняў з біякіраваннем складаюць актыўныя пратэзы, для кіравання якімі выкарыстоўваюцца біяпатэнцыялы, што ўзнікаюць у тканках здаровых, часткова ампутаваных ці паралізаваных канечнасцяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЧЭ́РНІЦЫ (Nyctalus),
род млекакормячых сям. гладканосых лятучых мышэй атр. рукакрылых. 7 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Пярэдняй, Усх. і Паўд.-Усх. Азіі. Жывуць у шыракалістых і мяшаных лясах. На Беларусі 3 віды. Найб.пашыраны вячэрніца рыжая (Nyctalus noctula), селіцца ў старых высакастволых лясах, парках, гаях, старых садах. Вячэрніца гіганцкая (Nyctalus lasiopterus) і вячэрніца малая (Nyctalus leisleri) трапляюцца радзей. Вячэрніца гіганцкая — рэдкі пералётны від (уся тэр. рэспублікі ў межах арэала, зарэгістравана знаходка ў Брагінскім р-не Гомельскай вобл.); селіцца ў мяшаных насаджэннях з дуплаватымі дрэвамі. Вячэрніца малая трапляецца ў лісцевых лясах Брэсцкай, Гомельскай, Гродзенскай і Мінскай абласцей. Абодва віды занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. цела да 10,4 см, хваста да 6,5, перадплечча да 6,9 см. Маса да 76 г. Вушы круглаватыя, тоўстыя, сабраныя ў складкі. Крылы вузкія, доўгія, завостраныя на канцах. Поўсць густая, шаўкавістая, зверху ад рыжага да карычневага колеру, знізу святлейшая. Кормяцца на змярканні і на досвітку насякомымі. У прыплодзе 1—2 дзіцянят. Робяць далёкія сезонныя міграцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬЦЫ́,
два роды рыб: Salvelinus і Noemacheilus. Гальцы Salvelinus — род прахадных і прэснаводных рыб сям. ласасёвых атр. ласосепадобных. Каля 10 відаў. Пашыраны на ўзбярэжжы Еўразіі і Паўн. Амерыкі, у Ладажскім, Анежскім і альпійскіх азёрах, бас.воз. Байкал. Найб. вядомыя: галец арктычны (S. alpinus), паліі, кунджа (S. leucomaenis). 1 зах.-еўрап. від занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. да 88 см, маса да 15 кг. Ад ласосяў адрозніваюцца адсутнасцю зубоў на ручцы сашніка і цёмных плям на целе (за выключэннем амер. віду). Кормяцца рыбай і беспазваночнымі. Аб’екты промыслу.
Галец Noemacheilus — род рыб сям. ўюновых атр. карпападобных. Больш за 100 відаў. Пашыраны ў Сярэдняй і Паўн. Еўропе, Азіі, Афрыцы (1 від). Жывуць у невял. рэках, ручаях, у падземных водах, на выш. больш за 4000 м. На Беларусі трапляецца ва ўсіх рэках і ручаях галец звычайны (N. barbatulus). Нар. назвы аўдотка, аўдзюшка, сліж, сляпец, лежань і інш.
Даўж. да 25 см, маса да 100 г. Цела голае (адсюль назва) або ўкрытае дробнай луской. Афарбоўка бурая, карычнявата-шэрая з больш цёмнымі плямамі. Кормяцца беспазваночнымі, ікрой, водарасцямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЫ (ад ням. Kamm грэбень),
узгоркі, бугры, кароткія грады акруглай, конусападобнай і інш. формы ў абласцях апошняга мацерыковага зледзянення. Выш. да 10—15 м, зрэдку да 80—100 м, дыяметр (па аснове) да некалькіх соцень метраў, стромкасць схілаў 10—20°, зрэдку 20—40°. Плошча ад дзесяткаў да тысяч м².
Камавыя адклады сфарміраваны расталымі водамі пасіўнага або дэградуючага «мёртвага» лёду ва ўнутры-, пад- і надледавіковых трэшчынах, праталінах, паглыбленнях і інш. пустотах ва ўмовах кантрастнага рэльефу ледавіковага ложа. Пры раставанні лёду гэтыя адклады апусціліся і ўтварылі камавы рэльеф. Паводле генезісу і будовы К. бываюць водна-ледавіковыя, складзеныя са слаістых розназярністых пяскоў і галечна-жвіровага матэрыялу, азёрна-ледавіковыя алеўрыта-гліністага складу са стужачнай гарызантальна-слаістай будовай і мяшаныя (складаныя), трапляюцца разнастайныя пераходныя да озаў формы. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і (Фінляндыя, Польшча, Германія, Канада, ЗША).
На тэр. Беларусі пашыраны ў межах рэльефу паазерскага і сожскага зледзяненняў — на Браслаўскай, Свянцянскай і Асвейскай градах, Гродзенскім, Віцебскім, Нешчардаўскім узв., месцамі на Полацкай нізіне, Беларускай градзе, Ашмянскім узв. і Лідскай раўніне. Многія К. змяшчаюць невял. радовішчы пяску і жвіру.