РАСЕЛІ́НІ (Rossellini) Раберта (8.5.1906, Рым — 3.6.1977),
італьянскі кінарэжысёр. Вучыўся ў Вышэйшай тэхн. школе. У першых фільмах «Белы карабель» (1941, падкіраўніцтвам Ф. Дэ Рабертыса), «Пілот вяртаецца» і «Чалавек з крыжам» (абодва 1942) імкнуўся наблізіць маст. кінематограф да дакументальнага. Фільм «Рым — адкрыты горад» (1945, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах, 1946) стаў маніфестам неарэалізму ў кіно. Значным быў і трагічны па гучанні антыфаш. фільм «Пайза» (1946, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі). Тэма маральнай дэградацыі, звязанай з грамадскім спадам канца 1940-х г., адлюстравана ў карцінах «Германія, год нулявы», «Машына забівае дрэнных» (абедзве 1948), «Дзе свабода?» (1953). Зняў шэраг фільмаў на рэліг. тэматыку: «Францыск, менестрэль Божы», «Стромбалі, зямля Божая» (абодва 1950), «Еўропа, 51» (1952). Пасля творчага крызісу вярнуўся да патрыят. і антыфаш. тэматыкі: «Генерал Дэла Раверэ» (1959, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі), «У Рыме была ноч», «Няхай жыве Італія!» (абодва 1960). У сярэдзіне 1960-х г. працаваў на тэлебачанні, дзе зняў шэраг фільмаў пра гіст. дзеячаў («Сакрат», 1970; «Блез Паскаль», 1971; «Дэкарт», 1973, і інш.) і гіст. падзеі («Гісторыя амерыканскай рэвалюцыі», 1971; «Італія, год першы», 1975).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ДЗЕНСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з ліп. 1941 да ліп. 1944 у г.п. Рудзенск і раёне падкіраўніцтвам Рудзенскага падп. райкома КП(б)Б. Аб’ядноўвала 12 груп (75 чал., кіраўнік М.П.Пакроўскі); 1-я Рудзенская (кіраўнікі В.І.Шкурдзюк, М.В.Данільчык), 2-я Рудзенская (С.М.Малашонак, С.І.Шэлег), у вёсках Азярычына (М.Т.Шайбак), Голацк (А.А.Сачак), Дудзічы (В.П.Адамовіч), Дукарка (В.В.Мешчаракоў, К.В.Людчык, А.Р.Гарбацэвіч), Караваева (С.З.Саранча), Каробавічы (В.Д.Рагатка), Крыстамполле (Н.Г.Андрэеў, І.Г.Шэлег), Сяргеевічы (Ф.Н.Макарэвіч), Цітва (С.К.Доўнар, В.К.Мароз), на торфазаводзе «Дукора» (П.С.Рак, Ф.А.Стуканаў). Падпольшчыкі вялі паліт. работу сярод насельніцтва, трымалі сувязь з партызанамі, рыхтавалі для іх кадры, збіралі і перадавалі зброю, боепрыпасы, прадукты харчавання і медыкаменты, разведданыя, зрывалі эканам. мерапрыемствы акупантаў, выводзілі са строю тэлегр. лінію, абсталяванне торфазавода, узрывалі склады, масты, чыг. збудаванні і інш. Многія падпольшчыкі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САМАПО́МАЧ»,
кааператыўна-гаспадарчы часопіс. Выдаваўся ў кастр. 1932 — чэрв. 1939 у Вільні на бел. мове. Рэдактар А.Клімовіч. Рэдакцыя прапагандавала ідэі вытв. і спажывецкай кааперацыі, аказвала арганізац.-практычную дапамогу сялянам у сац. абароне, павышэнні культуры земляробства, гаспадарання ў цэлым. У перадавіцах «У чым сіла кааперацыі?», «Нам патрэбна школа працы», «Жыць хочам і будзем жыць», у публікацыях «Як залажыць кааператыў», «Методыка кааперацыі» і інш. матэрыялах аб каап. руху ў Балгарыі, Чэхаславакіі, Літве засяроджвалася ўвага на вопыце і ўзорах каап. працы, даваліся практычныя парады па арганізацыі каап. дзейнасці, гучаў заклік да грамадскай салідарнасці. Часопіс друкаваў матэрыялы з розных рэгіёнаў Зах. Беларусі, у якіх удзельнікі каап. руху дзяліліся здабыткамі сваіх арганізацый, інфармавалі пра перашкоды і недахопы ў іх працы. Вял. ўвагу аддаваў задачам аб’яднання бел. кааператываў падкіраўніцтвам аднаго бел. цэнтра. У раздзеле «Сельская гаспадарка» з агранамічнымі парадамі па культуры земляробства, садоўніцтва, пчалярства выступалі Клімовіч, Л.Войцік (З.Верас), М.Караленка, С.Яновіч. На старонках часопіса ўзнімаліся пытанні стану бел. асветы і адукацыі. Выйшлі 92 нумары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СУЗО́Р’Е»,
бел. рок-група. Створана ў 1977 на базе аднайм. камсамольска-маладзёжнай кавярні Мінска, з 1981 у складзе Бел. філармоніі. Маст. кіраўнік і гукарэжысёр У.Пучынскі. З 1983 вак.-інстр. ансамбль падкіраўніцтвам А.Несцяровіча. З 1986 аднавіла дзейнасць як «С.». У першым складзе: У.Пучынскі, Ан.Казлоўскі і В.Пучынскі (гітара), А.Філатаў (барабан). У розныя гады ў склад ансамбля ўваходзілі В.Аліпава, А.Брынцаў, Н.Дзянісава, Вольга Нікалаеня (вакалісты), Ал.Казлоўскі (бас-гітара), А.Растопчын (гітара), А.Несцяровіч і Вас.Нікалаеня (піяніна). Для «С.» характэрна экспрэсная манера выканання, разгорнутыя аранжыроўкі. Рэпертуар складаўся з уласных твораў, твораў прафес. аўтараў. Упершыню ў бел. поп-музыцы звярнулася да «Полацкага сшытка», паэзіі Міколы Гусоўскага («Песня пра зубра» Несцяровіча і Ан.Казлоўскага). Сярод папулярных песень: «На шляху дзікіх гусей» У.Будніка, «Стары мост», «Вясенні дзень», «Капітан», «Ва ўсе часы» В.Пучынскага. Выпусціў магнітаальбом «Рок-тэрапія» (1984), міньён «Сузор’е» (1986), альбом «Вераснёўская рака» (1987). Гран-пры Усесаюз. конкурсу паліт. песні (1978, Рыга), дыпламант Усесаюзнага конкурсу «Крымскія зоры» (1981, Ялта).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́ПЕР-ЭВМ,
клас звышпрадукцыйных электронных вылічальных машын для рашэння складаных задач. Па сваіх магчымасцях параўноўваецца з мозгам чалавека.
Звышвысокая прадукцыйнасць дасягаецца ў асн. за кошт паралельнай архітэктуры: выкарыстання вял. колькасці універсальных і спецыялізаваных працэсараў, паралельнага праграмавання, хуткадзейных звышвялікіх інтэгральных схем. Шматпрацэсарная машына функцыянуе падкіраўніцтвам адзінай аперацыйнай сістэмы. Хуткадзеянне залежыць ад раўнамернасці загрузкі працэсараў, арганізацыі схемы разлікаў (праграмнага забеспячэння). С.-ЭВМ выкарыстоўваецца для навук. мадэліравання, апрацоўкі вынікаў даследаванняў, фінансавай (напр., банкаўскай) інфармацыі, кіравання чыгункай ці інш.трансп. сістэмай, прагнозу надвор’я, праектавання лятальна-касм. апаратаў, ядз. і хім. рэактараў, рашэння задач газа- і гідрадынамікі, цепла- і масаабмену, энергетыкі, генетыкі чалавека, распазнавання вобразаў і інш.
На Беларусі і ў Расіі паводле праграмы «СКІФ» (галаўныя арг-цыі НДА «Кібернетыка» Нац.АН Беларусі і Ін-т праграмных сістэм Рас.АН) распрацавана С.-ЭВМ з хуткадзеяннем 20 млрд. аперацый з плавальнай коскай за секунду, дзе рэалізавана паралельная архітэктура і шэраг арыгінальных рашэнняў у апаратным і праграмным забеспячэнні, што дае магчымасць павышэння хуткадзеяння да трыльёнаў аперацый за секунду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫЗЕНГА́ЎЗА РЭФО́РМА,
сістэма эканам. мерапрыемстваў у каралеўскіх сталовых эканоміяхВКЛ у 1760—70-я г., праведзеных па ініцыятыве і падкіраўніцтвам надворнага падскарбія ВКЛ А.Тызенгаўза. Рэформа прадугледжвала: аднаўленне ў эканоміях фальваркаў з паляпшэннем апрацоўкі зямлі і выкарыстаннем зах.-еўрап. тэхнікі; арганізацыю ў эканоміях мануфактур, заснаваных на дармавой працы каралеўскіх сялян; стварэнне разгалінаванай сістэмы сухапутных шляхоў і сплаву па рэках для стымулявання гандлю. Т.р. пачалася ў 1765 з перамеру зямлі. Для сялян была створана своеасаблівая сістэма страхавання («камунальныя магазіны» з рэзервовым запасам збожжа і «камунальныя касы»). У выніку рэформы сяляне эканомій пазбавіліся злоўжыванняў з боку арандатараў і трымальнікаў, набылі магчымасць пашыраць сваё землекарыстанне за кошт прыёмнай зямлі, са згоды адміністрацыі мелі права на перадачу зямлі па спадчыне. Значна выраслі даходы скарбу ВКЛ. Але павышэнне прыбыткаў было вынікам не толькі ўдасканалення гаспадаркі, але і дадатковага абцяжарання сельскага насельніцтва, якое не прыняло рэформу. Узмацненне павіннаснага абкладання сялян у выніку прывяло да пагаршэння эканам. становішча феадальна-залежнага насельніцтва эканомій. Рэформа не была канчаткова рэалізавана ў сувязі з унутрыпаліт. (адхіленне Тызенгаўза ад пасады і інш.) і знешнепаліт. (падзелы Рэчы Паспалітай) падзеямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
У́ЗДЗЕНСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з ліп. 1941 да ліп. 1944 у Уздзенскім р-не Мінскай вобл.падкіраўніцтвам Уздзенскіх падп.парт.к-та (сакратар С.П.Шыбко), райкомаў КП(б)Б і ЛКСМБ, Мінскіх падп. абкома і гаркома КП(б)Б. Аб’ядноўвала 6 груп (больш за 150 чал.) у г. Узда, вёсках Бярвішчы (кіраўнік І.А.Дубовік), Возера (Е.М.Курбыка), Магільна (Г.В.Суслава), Нізок (П.Ф.Валожын), Цялякава (М.Д.Шымановіч). Падпольшчыкі наладзілі сувязь з Мінскім падполлем, стварылі партыз. атрад (камандзір М.М.Нікіцін). Члены падполля ў бальніцы г. Узда і падп. шпіталі ў в. Данілавічы лячылі параненых сав. байцоў, выраблялі халодную зброю для ваеннапалонных, што рыхтаваліся да ўцёкаў з канцлагераў Мінска, прымалі па радыё і распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, збіралі і перадавалі партызанам зброю, медыкаменты, паперу для лясных друкарняў, бланкі ням. пропускаў, разведданыя, зрывалі мерапрыемствы акупантаў па вывазе насельніцтва на работы ў Германію, праводзілі дыверсіі на працуючых прадпрыемствах. За час вайны загінула каля 30 падпольшчыкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІ́ДЫЙ (Pheidias; пач. 5 ст. да н.э. — каля 432—431 да н.э.),
старажытнагрэчаскі архітэктар, скульптар і жывапісец; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў мастацтва высокай класікі. Працаваў у Афінах, Алімпіі, Дэльфах, Платэях. Яго творы вядомы паводле апісанняў стараж. аўтараў і рым. копій. У эпоху Перыкла (444 429 да н.э.) кіраваў буд-вам Афінскага акропаля. Сярод скульпт. работ найб. славутыя бронз. статуя Афіны Прамахас (каля 460 да н.э.), грандыёзныя статуі ў тэхніцы хрысаэлефантынавай скульптуры — Зеўса ў храме Зеўса ў Алімпіі (каля 430 да н.э.; адно з сямі дзівосаў свету) і Афіны Парфенас у храме Парфенон у Афінах (432 да н.э.). Найб. ўяўленне пра творчасць Ф. дае скульпт. ўбранне Парфенона (438—432 да н.э.; фрагменты захоўваюцца ў Брыт. музеі ў Лондане, Луўры і Музеі Акропаля ў Афінах), выкананае пад яго кіраўніцтвам і, магчыма, пры яго ўдзеле. Скульптура Парфенона ў спалучэнні з архітэктурай храма з’яўляецца адным з самых высокіх узораў сінтэзу мастацтваў, адметная багаццем рытмаў і кампазіцыйных прыёмаў, мяккай мадэліроўкай.
Літ.:
Сидорова Н. Жизнь и творчество Фидия // Искусство. 1970. № 9.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫНЬ,
старажытнакітайскае царства. Узнікла каля 10 ст. да н.э. Першапачаткова залежала ад дынастыі Чжоў. Яго тэрыторыя ўключала зах. і паўн.-зах. часткі сучаснай прав. Шэньсі, усх.ч. Ганьсу і Пн Сычуані. У перыяд Cantio (5—3 ст. да н.э.) была адной з 7 магутных дзяржаў Кітая. Узмацненне Ц. звязана з рэформамі Шан Яна. У сярэдзіне 4 ст. да н.э. пачало барацьбу супраць інш. царстваў і да 221 да н.э. падпарадкавала іх, стварыўшы цэнтралізаваную імперыю Ц. Заснавальнік імперыі — Цынь Шыхуандзі (259—210 да н.э.), правіцель царства Ц. [246—221 да н.э.] і імператар [221—210 да н.э.]. Пры ім дзяржава падзелена на 36 адм. акруг, уніфікавана пісьменнасць, створана адзіная сістэма мер і вагаў, пачалося будаўніцтва (у 215 да н.э.) Вялікай кітайскай сцяны. У 212 да н.э. жорстка расправіўся з канфуцыянцамі. Узмацненне падатковага ціску і няспынныя войны выклікалі нар. паўстанні падкіраўніцтвам Чэнь Шэна, У Гуана, Лю Бана і інш. У 207 да н.э. войска Лю Бана захапіла сталіцу Сяньян, дынастыя Ц. спыніла існаванне.
Літ.:
Переломов Л.С. Империя Цинь — первое централизованное государство в Китае (221—202 гг. до н.э.). М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАЛАМЕ́Й Уладзімір Мікалаевіч (30.6.1914, г. Седльцы, Польшча — 8.12.1984),
савецкі вучоны ў галіне механікі, ракетабудавання і касманаўтыкі. Акад.АНСССР (1962, чл.-кар. 1958). Двойчы Герой Сац. Працы (1959, 1963). Скончыў Кіеўскі авіяц.ін-т (1937), дзе і працаваў; адначасова ў Ін-це прыкладной матэматыкі і механікі АН УССР. З 1941 у Цэнтр. ін-це авіяц. маторабудавання (з 1944 дырэктар і гал. канструктар). З 1959 ген. канструктар ракетна-касм. тэхнікі. Навук. працы па канструкцыі і дынаміцы машын, тэорыі ваганняў, дынамічнай устойлівасці пругкіх сістэм, тэорыі сервамеханізмаў. Стварыў першы ў СССР пульсуючы паветрана-рэактыўны рухавік (1942). Пад яго кіраўніцтвам створаны важныя аб’екты авіяц., ракетнай і касм. тэхнікі, у т. л. ракетаносьбіт і ШСЗ«Пратон», ШСЗ«Палёт», арбітальныя станцыі «Алмаз». Ленінская прэмія 1959. Дзярж. прэміі СССР 1967, 1974, 1982. Залатыя медалі АНСССР імя Жукоўскага (1964) і імя Ляпунова (1977).
Тв.:
О возможности повышения устойчивости упругих систем при помощи вибрации. М., 1956;
Исследование пневматических и гидравлических сервомеханизмов. М., 1958.
Літ.:
Боголюбов Н.Н., Седлов Л.И. В.Н.Челомей // Избранные проблемы прикладной механики. М., 1974.