аліга́рхія

(гр. oligarchia = улада нямногіх)

1) гіст. дзяржава, заснаваная на панаванні арыстакратычных вярхоў;

2) палітычнае і эканамічнае панаванне ў краіне невялікай групы прадстаўнікоў буйнога манапалістычнага капіталу; сама гэта група (напр. фінансавая а.).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

нейтра́льны в разн. знач. нейтра́льный;

~ная дзяржа́ва — нейтра́льное госуда́рство;

~ная зо́на — нейтра́льная зо́на;

н. раство́р — нейтра́льный раство́р;

~ныя часці́цы ядра́ а́тама — нейтра́льные части́цы ядра́ а́тома;

○ ~ная раўнава́га — физ. безразли́чно-усто́йчивое равнове́сие;

н. по́яс магні́та — физ. безразли́чный по́яс магни́та;

н. ток. — физ. нейтра́льный ток

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ГЕРЦЛЬ ((Herzl) Тэадор) (сапр. Зееў Біньямін; 2.5.1860, Будапешт — 3.7.1904),

яўрэйскі журналіст і пісьменнік, заснавальнік паліт. кірунку ў сіянізме. Д-р юрыд. н. (1884). Скончыў Венскі ун-т. Пісаў на ням. мове. У 1891—96 парыжскі карэспандэнт венскай газ. «Neue Freie Presse» («Новая свабодная прэса»). З 1897 выдавец і рэдактар венскай газ. «Die Welt» («Сусвет»). Асн. працу «Яўрэйская Дзяржава» (1896) Герцль прысвяціў неабходнасці стварэння ўласнай дзяржавы яўрэяў на іх гіст. радзіме ў Палесціне. Ініцыятар склікання 1-га Сіянісцкага кангрэса ў г. Базель (Швейцарыя, 1897), першы прэзідэнт Сусветнай сіянісцкай арганізацыі. З мэтай практ. рэалізацыі намераў па стварэнні яўр. дзяржавы спрабаваў заручыцца падтрымкай тур. султана Абдул-Хаміда II, рым. папы і герм. імператара Вільгельма II. Аўтар рамана «Старая новая зямля» (1902), кнігі фельетонаў (т. 1—2, 1904) і інш. У Ізраілі ўшаноўваецца як прадвеснік яўр. дзяржавы.

Т.Герцль.

т. 5, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗНЕ́ШНІ ДОЎГ,

агульная запазычанасць дзяржавы па непагашаных знешніх пазыках, абавязацельствах, крэдытах і нявыплачаных па іх працэнтах. Адрозніваюць доўгатэрміновы З.д. (больш як адзін год) і кароткатэрміновы З.д. — менш за адзін год. У адпаведнасці з рэкамендацыямі Міжнар. банка рэканструкцыі і развіцця да дзяржаў-даўжнікоў адносяцца тыя, у каго 3 паказчыкі перавышаюць разліковыя ўзроўні ў сярэднім на працягу 3 гадоў. Паказчыкамі крэдытнай бяспекі з’яўляюцца адносіны агульнай сумы доўгу да валавога нац. прадукту (калі яны не перавышаюць 50%), адносіны агульнай сумы доўгу да гадавога аб’ёму экспарту тавараў і паслуг (калі яны не перавышаюць 27,5%), адносіны плацяжоў да пагашэння і абслугоўвання знешняга доўгу да экспарту тавараў і паслуг (калі яны не перавышаюць 30%). Дзяржава нясе безумоўныя і абсалютныя абавязацельствы па пагашэнні і абслугоўванні свайго З.д. Гл. таксама Дзяржаўны доўг, Пазыкі дзяржаўныя.

М.​Е.​Заяц, В.​В.​Краўчанка.

т. 7, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРЛЯ́НДСКАЕ ГЕ́РЦАГСТВА, Курляндскае і Земгальскае герцагства,

васальная Рэчы Паспалітай (да 1569 ВКЛ) дзяржава на тэр. Латвіі (гіст. вобласці Курляндыя і Земгале) у 16—18 ст. Сталіца — г. Мітава (цяпер Елгава). Утворана ў 1561—62 пасля распаду Лівонскага ордэна апошнім яго магістрам Г.​Кетлерам, які прызнаў сюзерэнітэт вял. князя ВКЛ Жыгімонта III (гл. Жыгімонт II). Да 1737 тут правілі нашчадкі Кетлера, потым — дынастыя Біронаў (гл. таксама Біронаўшчына, Ганна Іванаўна). У 1617—1795 дзярж. лад герцагства вызначалі Курляндскія статуты. Найб. магутнасці дасягнула пры герцагу Якабе [1640—82], калі герцагства мела значны ваен. і гандл. флот, валодала калоніямі ў Вест-Індыі (Табага; 1645—65) і Зах. Афрыцы (Гамбія: 1651—65). Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) далучана да Рас. імперыі, у 1796—1917 яго тэрыторыя ўваходзіла ў Курляндскую губ.

Літ.:

Стродс Х. Курляндский вопрос в XVIII в. Ч. 1—2. Рига, 1993.

т. 9, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ГАС (Lagos),

горад, сталіца Нігерыі. Знаходзіцца на ПдУ краіны, на астравах і ўзбярэжжы Гвінейскага заліва. Адм. ц. штата Лагас. 10,3 млн. ж. з прыгарадамі (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Марскі порт. Міжнар. аэрапорт. Буйнейшы эканам., гандл.-фін., навук. і культ. цэнтр краіны. Канцэнтруе каля палавіны прамысл. патэнцыялу краіны. Прам-сць: харчасмакавая (алейная, мукамольная, піваварная, перапрацоўка какавы), тэкст., металаапр., радыётэхнічная. Суднабуд. і суднарамонтныя верфі. 2 ун-ты. Нац. музей.

Засн. партугальцамі ў канцы 15 ст. на месцы паселішча племя йаруба-аворы. У 15—16 ст. залежны ад Беніна горад-дзяржава, якім кіраваў ваен. правадыр. У 17 ст. адзін з цэнтраў гандлю рабамі. У выніку англ. экспансіі з 1852 пад кантролем Вялікабрытаніі, у 1861 каланізаваны англічанамі. Цэнтр нац.-вызв руху. З 1914 адм. ц. пратэктарата Нігерыя, з 1960 сталіца незалежнай Нігерыі.

Набярэжная ў Лагасе.

т. 9, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ГАДХА,

гістарычная вобласць і стараж. дзяржава на ПнУ сучаснай Індыі. Вядома прыкладна з 9—8 ст. да н.э. Сталіцы — гарады Раджагрыха і Паталіпутра (з 4 ст. да н.э., сучасная Патна). Паводле будыйскіх крыніц, у 7 ст. да н.э. М. была адной з 16 «вял. дзяржаў» Індыі. У 6—3 ст. да н.э. найб. эканамічна развіты раён Індыі. Значна пашырылася пры царах Бімбісары і Аджаташатру (6—5 ст. да н.э.). Была ядром імперый Нандаў (4 ст. да н.э.), Маур’яў (4—2 ст. да н.э.), Гуптаў дзяржавы (4—6 ст. н.э.). Нашчадкі Гуптаў правілі ў М. да пач. 8 ст. У 8—12 ст. у складзе дзяржаў Палау і Сенау. М. — буйнейшы эканам. і культ. цэнтр Стараж. Індыі, з ёю звязаны важныя этапы ў развіцці будызму і джайнізму. Да 10 ст. назва «М.» выйшла з ужытку.

т. 9, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РЫ,

старажытны горад-дзяржава ў 3—2-м тыс. да н.э. на сярэднім Еўфраце (цяпер узгорак Тэль-Харыры, Сірыя). Узнік у пач. 3-га тыс. да н.э. Першапачаткова быў населены хурытамі, пазней семітамі. Буйны цэнтр гандлю (пасрэднік паміж Месапатаміяй і дзяржавамі Міжземнамор’я і М. Азіі) і рамяства (вырабы з бронзы, ткацтва). Да 25 ст. да н.э. ваяваў з шумерскімі гарадамі. У 24—23 ст. да н.э. ў складзе дзяржавы з цэнтрам у г. Акад, у 22—21 ст. да н.э. — дзяржавы III дынастыі Ура. У канцы 21 ст. да н.э. самастойны, у пач. 18 ст. да н.э. пад уладай Асірыі. У 1758 да н.э. зруйнаваны вавілонскім царом Хамурапі. Раскопкамі (вядуцца з 1933) выяўлены палац 18 ст. да н.э., храм багіні Іштар, асобныя гар. кварталы, дзярж. архіў клінапісных дакументаў (больш за 20 тыс. таблічак) і інш.

т. 10, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ БЯСПЕ́КА,

стан абароненасці інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы ад унутр. і знешніх пагроз у эканам., гуманіт., экалагічнай, інфарм., ваен., паліт. сферах жыццядзейнасці. Асн. аб’ектамі і суб’ектамі Н.б. адначасова з’яўляюцца асоба, грамадства і дзяржава. Іх жыццёва важныя інтарэсы, рэальныя і патэнцыяльныя пагрозы гэтым інтарэсам, прыярытэтныя кірункі іх забеспячэння і абароны вызначаюцца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, законамі, ваен. дактрынай і інш. паліт.-прававымі актамі. Савет Бяспекі Рэспублікі Беларусь зацвердзіў канцэпцыю Н.б. (1995), у якой сфармуляваны змест і структура Н.б. ва ўмовах існавання Беларусі як незалежнай дзяржавы, вызначаны асн. прынцыпы і кірункі арганізацыі сістэмы Н.б., эканам., прававыя і інш. аспекты яе функцыянавання. Агульнае кіраўніцтва сістэмай Н.б. ажыццяўляе Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Ён фарміруе і ўзначальвае Савет Бяспекі, які разглядае асн. праблемы Н.б. і каардынуе дзейнасць органаў заканадаўчай, выканаўчай і суд. улад па яе забеспячэнні.

А.​А.​Тозік.

т. 11, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКАЕ СТАРО́СТВА, Пінская воласць,

буйны дзярж. маёнтак у ВКЛ у пач. 16—18 ст. Утворана на тэр. б. Пінскага княства, якое кн. Ф.​І.​Яраславіч завяшчаў вял. кн. ВКЛ Жыгімонту I Старому, які ў 1519 падараваў яго сваёй жонцы Боне. У адносінах да староства ўжываліся назвы «княства», «староства», «павет», «дзяржава», «воласць». У 1552 у П.с. ўваходзілі г. Пінск, мяст. Нобель і Моталь, двары Сялец, Ставок, Дружылавічы, 101 сяло; падзялялася на 7 войтаўстваў. Паводле адм.-тэр. рэформы 1565—66 П.с. ўключана ў Пінскі павет, у якім займала каля 1/3 яго тэрыторыі. З таго часу звычайна знаходзілася ў закладзе ў буйных феадалаў ВКЛ, якія карысталіся тытулам старостаў. Пасля далучэння да Рас. імперыі (1793) б.ч. староства падаравана Кацярынай П кн. М.​В.​Рапніну, рэшта раздробнена на невял. прыватныя і дзярж. маёнткі.

В.​Л.​Насевіч.

т. 12, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)