ШУ́МПЕТЭР (Schumpeter) Іозеф (8.2.1883, г. Тршэшць, Чэхія — 18.1.1950),
аўстрыйскі і амерыканскі эканаміст і сацыёлаг. Скончыў Венскі ун-т. У 1919—20 міністр фінансаў Аўстр. рэспублікі. З 1925 праф. Бонскага, з 1932 Гарвардскага ун-таў. Асн. працы: «Тэорыя эканамічнага развіцця» (1912), «Дзелавыя цыклы» (1939), «Капіталізм, сацыялізм і дэмакратыя» (1942). Эканам. аналіз грамадства спалучаў з сацыялагічным. Распрацаваў канцэпцыю эканам. дынамікі і цыклаў, дзе вырашальную ролю ў эканам. развіцці адводзіў прадпрымальніцтву, якое трактаваў як дзейнасць, што робіць стаўку на асабістую ініцыятыву. На аснове аналізу кругаабароту капіталу вылучыў асаблівую прадпрымальніцкую функцыю, якая заключаецца ў ажыццяўленні арганізац.-гасп. інавацыі, «новых камбінацыйных фактараў вытворчасці». Прадпрымальнікі, на яго думку, не ўтвараюць асобнай прафесіі ці класа, а адрозніваюцца толькі прадпрымальніцкай функцыяй, якая рэалізуецца з мэтай атрымання прыбытку. Вылучыў 3 мэтавыя моманты ў дзейнасці прадпрымальніка: патрэбнасць у панаванні, уладзе, уплыве; воля да перамогі, імкненне да поспеху ў барацьбе з сапернікамі і з самім сабой; радасць творчасці, якую дае самаст. вядзенне спраў. Сцвярджаў, што прадпрымальнік — асн. суб’ект, цэнтр.сац. механізм эканам. развіцця ў грамадстве рыначнага тыпу, але прыйшоў да высновы пра непазбежнасць паступовай трансфармацыі прыватнапрадпрымальніцкага капіталізму ў эканам. сістэму, развіццё якой будзе рэгулявацца і накіроўвацца дзяржавай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯНГ (Yang) Чжэньнін (н. 1.10.1922, г. Хэфэй, Кітай),
кітайска-амерыканскі фізік-тэарэтык. Чл.Нац.АН ЗША (1965), Кітайскай АН (1994), Рас.АН (1994) і інш. Скончыў ун-ты Цыньхуа ў Пекіне (1944) і Чыкагскі (1948). З 1949 у Ін-це перспектыўных даследаванняў у Прынстане, з 1966 праф. ун-та штата Нью-Йорк (у 1966—99 дырэктар Ін-та тэарэт. фізікі ун-та). Навук. працы па фізіцы элементарных часціц, квантавай тэорыі поля, стат. механіцы, фізіцы кандэнсаваных асяроддзяў, гісторыі фізікі. Прапанаваў (з Э.Фермі) першую састаўную мадэль элементарных часціц (мадэль Фермі—Я., 1949). Пабудаваў (з Р.Л.Мілсам) неабелеву калібровачную квантавую тэорыю поля (тэорыя Я.—Мілса, 1954). Тэарэтычна даказаў (з Лі Цзундао) незахаванне прасторавай цотнасці ў слабых узаемадзеяннях (1956), выказаў гіпотэзу аб захаванні камбінаванай цотнасці (1957; незалежна ад Л.Д.Ландау і А.Салама). Нобелеўская прэмія 1957 (з Лі Цзундао). Яго імем названа малая планета.
Тв.:
Selected Papers 1945—1980. San Francisco; New York, 1983; Рус.пер. — Элементарные частицы: Краткая история некоторых открытий в атомной физике. М., 1963; Эйнштейн и физика второй половины XX века // Успехи физ. наук. 1980. Т. 132, вып. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́СЕНЬ (Fraxinus),
род кветкавых раслін сям. маслінавых. Каля 70 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і, з’яўляецца важнай лесаўтваральнай пародай цёплаўмераных абласцей. На Беларусі 1 дзікарослы від — Я. звычайны, або еўрапейскі (F. excelsior). Трапляецца ў мяшаных і шыракалістых лясах. Утварае ясянёвыя лясы. На Беларусі культывуюць Я.: амерыканскі (F. americana), ланцэтны, ці зялёны (F. lanceolata), пенсільванскі (F. pensylvanica), якія часам дзічэюць.
Лістападныя дрэвы выш. да 50 м, радзей кусты. Жывуць да 350 гадоў. Крона падоўжана-яйцападобная. Кара шэрая або карычневая, з трэшчынамі. Лісце непарнаперыстае (з 3—17 лісцікаў), на доўгіх чаранках, супраціўнае. Кветкі дробныя, адна- або двухполыя ў шчыльных пучках або мяцёлках. Плод — крылатая сямянка. Плады вісяць на дрэве амаль усю зіму, паядаюцца птушкамі. Драўніна з прыгожым малюнкам, гнуткая, пругкая, трывалая, выкарыстоўваецца ў авія-, судна- і вагонабудаванні, мэблевай прам-сці. Кара і насенне ідуць на сурагат хініну, ужываюцца як лек. сродкі, з кары таксама вырабляюць дубільныя рэчывы і фарбу. З Я. маннавага (F. omus) атрымліваюць манну — салодкі сок, што застывае на паветры, слабільны сродак. На Я. кітайскім (F. chinensis) разводзяць ілжэшчытоўку, якая дае белы воск, што ідзе на выраб свечак, выкарыстоўваецца ў медыцыне, парфумерыі, тэкст. прам-сці. Тэхн., дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНГФЕ́ЛА (Longfellow) Генры Уодсуарт (27.2.1807, г. Портленд, штат Мэн, ЗША — 24.3.1882),
амерыканскі паэт і празаік. Замежны чл. Пецярбургскай АН (з 1872). Скончыў Боўдайнскі каледж (1825), вышэйшую адукацыю атрымаў у Еўропе (1826—29). У 1836—54 праф. літаратуры Гарвардскага ун-та. Друкаваўся з 1820. Аўтар рамант.паэт. зб-каў «Галасы ночы» (1839), «Вершы пра рабства» (1842), «Пералётныя птушкі» (1858), паэм «Эванджэліна» (1847), «Сватанне Майлза Стэндыша» (1858), раманаў «Гіперыён» (1839), «Кавана» (1849), кн. нарысаў «За акіянам» (1835) і інш.Сусв. вядомасць прынесла паэма «Спеў аб Гаяваце» (1855), напісаная на аснове індзейскіх паданняў на ўзор карэла-фін. эпасу «Калевала». Паэма апявае прыгажосць і мудрасць чалавека, які жыве адным жыццём з прыродай. Пераклаў «Боскую камедыю» Дантэ, склаў і пераклаў зб. «Паэты і паэзія Еўропы» (1846), анталогію «Вершы пра мясцовасці» (т. 1—31, 1876—79). На бел. мову «Спеў аб Гаяваце» пераклаў А.Куляшоў, асобныя творы Ю.Гаўрук, А.Мардвілка.
Тв.:
Бел.пер. — у кн.: Лангфэла Г. Спеў аб Гаяваце: Паэма;
Уітмен У. Лісце травы: Вершы. Мн., 1994;
Рус.пер. — Избранное. М., 1958.
Літ.:
Небышынец В. «Вам, хто любіць слухаць казкі, галасы легенд далёкіх...» // Полымя. 1970. № 12;
Ронгонен Л.И. Генри У. Лонгфелло и его поэма «Песнь о Гайавате». М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛІНГ, Паўлінг (Pauling) Лайнус Карл (н. 28.2.1901, г. Портленд, штат Арэгон, ЗША — 19.8.1994), амерыканскі фізік і хімік, грамадскі дзеяч. Чл.Нац.АН ЗША (1933), Амер.АН мастацтваў і навук (1944). Замежны чл.АНСССР (1958). Скончыў Каліфарнійскі тэхнал.ін-т у Пасадэне (1925; д-р філасофіі), дзе і працаваў у 1927—64 (з 1931 праф.). У 1969—74 у Станфардскім ун-це. З 1975 у Ін-це навукі і медыцыны. Навук. працы па тэорыі хім. сувязей, даследаванні структуры малекул, біяхіміі, імунахіміі, малекулярнай генетыцы. Распрацаваў квантава-механічны метад разліку структуры малекул — метад валентных сувязей (1931, адначасова з амер. фізікахімікам Дж.К.Слейтэрам), на аснове якога стварыў новую тэорыю будовы хім. злучэнняў — тэорыю рэзанансу (1931—33). Увёў паняцце электраадмоўнасці, прапанаваў спосаб яе колькаснага вызначэння (1932) і шкалу адносных лікавых значэнняў электраадмоўнасцей хім. элементаў. Заклаў асновы структурнага аналізу бялкоў (1946—50, разам з Дж.Д.Берналам, У.Л.Брэгам), выказаў думку пра спіральную будову поліпептыднага ланцуга ў бялках. Адзін з ініцыятараў Пагуашскага руху. Нобелеўская прэмія 1954, Нобелеўская прэмія міру 1962, Міжнар. Ленінская прэмія 1970.
Тв.:
Рус.пер. — Природа химической связи. М., Л., 1947;
Общая химия. М., 1974;
Химия. М., 1978 (разам з П.Полінгам).
Літ.:
Биографии великих химиков: Пер. с нем. М., 1981. С. 315.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ЛІВЕН (Sullivan) Луіс Генры (3.9.1856, г. Бостан, штат Масачусетс, ЗША — 14.4.1924),
амерыканскі архітэктар; адзін з пачынальнікаў рацыяналізму, лідэр т.зв. чыкагскай школы. Вучыўся ў Масачусецкім тэхнал. ін-це ў Кеймбрыджы (1872), наведваў Школу прыгожых мастацтваў у Парыжы (1874). Зазнаў уплыў Г.Х.Рычардсана. У 1875—95 працаваў у Чыкага з інж. Д.Адлерам: будынак Аўдыторыума (1886—89) — самая вял. ў ЗША тэатр. зала, заключаная ў абалонку з 10-павярховых карпусоў гасцініцы і офісных памяшканняў, і інш. Распрацаваў новы тып вышыннага будынка, дзе раскрыў спецыфічныя маст.-вобразныя якасці небаскроба з метал. каркаса і ячэйкавай структурай. Выкарыстоўваў верт. цягі, спалучаў строгія плоскасці са складаным крывалінейным арнаментам з чыгуну ў духу стылю мадэрн: Уэйнрайт-білдынг у Сент-Луісе (1890—91), Гаранты-білдынг у Буфала (1894—95), будынак фірмы «Карсан-Піры-Скот» у Чыкага (1899—1900). Уласную тэорыю рацыяналізму найб. поўна выклаў у арт. «Вышынны канторскі будынак з мастацкага пункту гледжання» (1896). Стварыў канцэпцыю арган. архітэктуры, пазней развітой яго вучнем Ф.Л.Райтам. Творчасць С. паўплывала на развіццё еўрап. функцыяналізму 1920-х г. Аўтар шэрагу літ. прац, у т. л.кн. «Гутаркі ў дзіцячым садзе» (1901—02).
Тв.:
Рус.пер. — [Избр. отрывки] // Мастера архитектуры об архитектуре. М., 1972.
І.М.Скварцова.
Л.Салівен. Уэйнрайт-білдынг у Сент-Луісе. 1890—91.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́БАРГ (Seaborg) Глен Тэадор (19.4.1912, г. Ішпемінг, ЗША — 25.2.1999),
амерыканскі хімік і фізік. Чл.Нац.АН ЗША (1948), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1958). Замежны чл.Рас.АН (1971) і АНінш. краін. Скончыў Каліфарнійскі ун-т у г. Берклі (1937), дзе і працаваў (з 1945 праф., у 1958—61 прэзідэнт ун-та). У 1942—46 удзельнічаў у стварэнні амер. атамнай бомбы. У 1954—61 і з 1972 нам. дырэктара Беркліеўскай нац. лабараторыі імя Э.А.Лоўрэнса. У 1961—71 старшыня Камісіі па атамнай энергіі ЗША. Навук. працы па радыяцыйнай і ядз. хіміі, ядз. фізіцы. Разам з інш. адкрыў шэраг радыеізатопаў; апублікаваў першую табліцу ізатопаў (1940); сінтэзаваў 10 трансуранавых элементаў (1941—74). Развіў канцэпцыю размяшчэння ў перыядычнай табліцы. Мендзялеева трансактыніевых элементаў і прадказання іх уласцівасцей (актыноідная тэорыя; 1944). У яго гонар названы трансуранавы элемент сібаргій і малая планета. Нац.навук. медаль ЗША (1991). Нобелеўская прэмія 1951 (разам з Э.М.Макміланам).
Тв.:
Рус.пер. — Искусственные трансурановые элементы. М., 1965;
Ядерные свойства тяжелых элементов. Вып. 1—5. М., 1967—69 (разам з Э.Хайдам, І.Перлман);
Человек и атом. М., 1973 (разам з У.Р.Корлісам);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПОК (Spock) Бенджамін Маклейн (2.5.1903, г. Нью-Хейвен, штат Канектыкут, ЗША — 15.3.1998),
амерыканскі педыятр, педагог і грамадскі дзеяч. Скончыў Іельскі ун-т (1925) і мед. курсы пры ім (1929). У 1933—44 займаўся прыватнай практыкай у Нью-Йорку. У 1944—46 на вайсковай службе, у 1947—50 ад’юнкт-праф. Мінесоцкага ун-та, у 1951—55 кіраваў аддзяленнем дзіцячай псіхіятрыі пры мед. курсах Пітсбургскага ун-та. У кн. «Дзіця і яго догляд» (1946) абагульніў свой вопыт педыятра, выклаў уяўленні пра ўзаемаадносіны бацькоў і дзяцей, развіццё здаровай і шчаслівай асобы. Гал. ідэя С. — прызнанне адметнасці, унікальнасці асобы дзіцяці; ён раіў бацькам пазбягаць крайнасцей у выхаванні, праяўляць чуласць і ўлічваць жаданні дзіцяці, дамагацца такіх адносін з дзецьмі, калі адпадае неабходнасць у пакаранні. Важнейшым у выхаванні лічыў «метад цярпення», адначасова падкрэсліваў асн. ролю бацькоўскага аўтарытэту, які не мае нічога агульнага з дыктатам, значэнне дысцыпліны для выхавання. У шматлікіх публікацыях выказаў свае ідэі па пед. праблемах: выхаванне прыёмных і «цяжкіх» дзяцей, выхаванне ў няпоўнай сям’і. уплыў на дзяцей сямейных канфліктаў і разводаў, роля бацькі ў выхаванні і інш. Сваю грамадскую дзейнасць разглядаў як працяг гуманістычнай педагогікі.
Літ.:
Азаров Ю. Диалог: Заметки о Бенджамине Споке и о современ. пробл. воспитания // Новый мир. 1979. № 9—10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УІ́СТЛЕР (Whistler) Джэймс Эбат Мак-Нейл (10.7.1834, г. Лоўэл, ЗША — 17.7.1903),
амерыканскі жывапісец і графік. У 1843—49 жыў у С.-Пецярбургу, дзе наведваў рысавальныя класы АМ, у 1850—55 — у ЗША. У 1855—59 вучыўся ў Парыжы ў Ш.Глейра, пасля працаваў пераважна ў Лондане (у 1884—96 зноў у Парыжы). Зазнаў уплыў Ж.Д.Г.Курбэ, яп. мастацтва. Быў блізкі франц.імпрэсіянізму. Ствараў карціны, якія вылучаюцца лаканічнай абагульненасцю сілуэтаў, вытанчанасцю лінейных рытмаў, вастрынёй кампазіцыйных вырашэнняў, танальнай гармоніяй. Імкнуўся вызначыць адпаведнасць паміж каларыстычнай танальнасцю і заканамернасцямі муз. формы: «Сімфонія ў белым № 1. Дзяўчына ў белым» (1862), «Гармонія ў шэрым і зялёным. Партрэт міс Сесілі Александэр» (1872—74). У лепшых партрэтах вытанчанасць маст. формы і колеравага вырашэння садзейнічае ўвасабленню душэўнага высакародства і ўнутр. прыгажосці мадэляў («Аранжыроўка ў шэрым і чорным № 1. Партрэт маці», 1871—72). Тонкі дэкаратывізм, імкненне да перадачы зыбкай рухомасці прыроднага асяроддзя, што асабліва ўзмацнілася ў 1880-я г., вылучаюць яго пейзажы-«накцюрны»: «Накцюрн у сінім і залатым. Стары мост у Батэрсі» (1872—75). Буйны майстар афорта («Венецыянская серыя», 1879—80).
Тв.:
Рус.пер. — Изящное искусство создавать себе врагов. М., 1970.
Літ.:
Матусовская Е.М. Уистлер и французские импрессионисты // Матусовская Е.М. Американская реалистическая живопись. М., 1986.
Дж.Уістлер. Гармонія ў шэрым і зялёным. Партрэт міс Сесілі Александэр. 1872—74.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УІ́ТМЕН (Whitman) Уолт (31.5.1819, Уэст-Хілс, штат Нью-Йорк, ЗША — 26.3.1892),
амерыканскіпаэт. Працаваў наборшчыкам, настаўнікам, рэдактарам газет. Друкаваўся з 1840-х г. Яго паэт. майстэрства фарміравалася пад уплывам Дж.Байрана, П.Шэлі, Г.Гейнэ, што абумовіла цікавасць У. да праблем прыроды і цывілізацыі, салідарнасці краін і народаў, адзінства ўсяго жывога на зямлі, дэмакр. развіцця грамадства, асобы і мас, свабоды і абавязку. Сусв. вядомасць прынесла кн. вершаў «Лісце травы» (1855; дапоўненая перавыдавалася шмат разоў), якая насычана біблейскімі вобразамі і матывамі, уключае элементы прозы і навук. тэрміналогію; філасафічнасць суправаджаецца лірызмам і музычнасцю, манум. сцэны — імгненнымі замалёўкамі. Пад уражаннем трагічных падзей грамадз. вайны 1861—65 стварыў паэт. цыклы «Барабанны бой» і «Калі ў двары перад домам цвіў гэтай вясною бэз» (абодва 1865). Аўтар кн. публіцыстыкі «Дэмакратычныя далячыні» (1871), апавяданняў, артыкулаў. На бел. мову яго вершы перакладалі Ю.Гаўрук, Я.Семяжон, Я.Сіпакоў, К.Цвірка.
Тв.:
Бел.пер. — Лісце травы: Вершы. Мн., 1978;
Рус.пер. — Избр. произв.: Листья травы. Проза. М., 1970.
Літ.:
Чуковский К.И. Мой Уитмен. 2 изд. М., 1969;
Мендельсон М.О. Жизнь и творчество Уитмена. 2 изд. М., 1969;
Венедиктова Т.Д. Поэзия У.Уитмена. М., 1982;
Сіпакоў Я. Вершаруб з Доўгай выспы // Маладосць. 1969. № 5.