помнік архітэктуры, горадабудаўнічы ансамбль 18—19 ст. у г. Полацк Віцебскай вобл.Засн. ў 1580 П.Скаргам як сярэдняя навуч. ўстанова ордэна езуітаў. На в-ве Зах. Дзвіны былі пастаўлены драўляныя будынкі калегіума. Пасля пажару ў 1-й пал. 17 ст. на новым месцы паміж Верхнім замкам і горадам пабудаваны драўляныя касцёл св. Стафана, будынкі келляў і вучылішча. Пасля пажару ў 1738 на месцы драўлянага ўзведзены мураваны касцёл Звеставання Прасвятой Дзевы Марыі ў стылі барока.
3-нефавая крыжова-купальная базіліка з 2-вежавым (выш. да 60 м) фасадам. Афармленне інтэр’ера завершана ў 1765 (алтар, маст. С.Чаховіч; арганы, майстар Д.А.Каспарыні; карціны італьян. мастака Разаці, пасля 1800). Агульны выгляд касцёла адлюстраваны на малюнку Н.Орды 19 ст.
У 1830 касцёл перададзены праваслаўным, перабудаваны і перайменаваны ў Мікалаеўскі сабор. Перад касцёлам сфарміравалася гал. плошча горада — Полацкая Парадная плошча. У 1749 побач з касцёлам узведзены мураваны 3-павярховы гал. будынак калегіума, які злучыўся з ім.
Е-падобны ў плане будынак гал. падоўжным фасадам быў арыентаваны на Пд, на Зах. Дзвіну. У ім размяшчаліся 105 вучэбных памяшканняў, трапезная, б-ка, музей. Будынак абаграваўся «цёплай» (з хадамі для цяпла) падлогай. У сценах меліся вентыляцыйныя хады, у падвалах — развітая сістэма падземных вадасцёкаў. Захавалася паўд.ч. корпуса і зах. крыло.
У 1778 паралельна будынку касцёла ўзведзены 3-павярховы корпус, у якім размясціліся кнігарня, вучылішча, потым Полацкая друкарня, Полацкі школьны тэатр. З паўн. боку ад касцёла прыбудаваны 2-павярховы Г-падобны ў плане флігель для ксяндзоў, які аб’яднаў касцёл з гал. корпусам. У 1780 пабудаваны 1- і 2-павярховыя карпусы гасп. прызначэння (бровар, медаварня, піваварня, пякарня, кузня, майстэрні і інш.; не захаваліся); яны абмяжоўвалі тэр. калегіума з Пн і З і замыкаліся 2-павярховым будынкам з брамай. Побач размяшчалася аптэка з лабараторыяй і сушыльняй для траў. У 1785 пасля прыезду ў Полацк у якасці генерала ордэна арх. Г.Грубера пабудаваны корпус, які злучыў 3-павярховы і гал. карпусы. У новым корпусе размяшчаліся карцінная галерэя, музей, абсерваторыя, хім. лабараторыя, вучэбныя кабінеты (не захаваліся). На Пд ад аптэкі пабудаваны 2 флігелі — памяшканні для семінарыстаў і багадзельні. Паўд. схіл узгорка, на якім стаяў гал. корпус калегіума, быў умацаваны падпорнай сцяной (захавалася), на створанай тэрасе разбіты пладовы сад. У 1812 калегіум пераўтвораны ў Полацкую езуіцкую акадэмію. З 1822 калегіум займалі манахі ордэна піяраў. З 1835 у будынках калегіума размяшчаўся Полацкі кадэцкі корпус. У 1830—35 рэканструяваны старыя і пабудаваны новыя карпусы: кадэцкі (прыбудаваны да зах. крыла гал. корпуса б. калегіума), дом дырэктара і 5 будынкаў службовага прызначэння (арх. А.Порта, захаваліся часткова). У 1964 сабор разбураны, на яго месцы ўзведзены жылы дом. Рэшткі калегіума ўваходзяць у Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік.
Т.І.Чарняўская.
Полацкі езуіцкі калегіум. Агульны выгляд касцёла. З малюнка Н.Орды 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЁННАЯ ПЛАНІРО́ЎКА,
праектныя прапановы па планіровачнай арганізацыі тэрыторыі эканам. ці адм. раёнаў краіны; від навук. і практычнай горадабуд. дзейнасці; сувязное звяно паміжнар.-гасп. планаваннем і горадабудаўніцтвам. Дазваляе ўдакладняць і развіваць нар.-гасп. планы асобных эканам. раёнаў і ствараць устойлівую горадабуд. базу для развіцця населеных месцаў. Гал. задача Р.п. — комплекснае тэр.-гасп. ўпарадкаванне праектуемага раёна і фарміраванне яго планіровачнай структуры, якая забяспечвае рацыянальнае размяшчэнне прадукц. сіл і найлепшыя ўмовы для працы, быту і адпачынку насельніцтва. Прадугледжвае стварэнне ўзаемазвязаных сістэм рассялення, рац. размяшчэнне новых і прапарцыянальнае размяшчэнне існуючых гарадоў і сельскіх населеных месцаў, аптымальнае развіццё і размяшчэнне прам-сці, с.-г. вытв-сці, паляпшэнне і ахову прыроднага асяроддзя на аснове эфектыўнага і комплекснага выкарыстання прыродных, мат.-тэхн. і працоўных рэсурсаў.
Праектная дакументацыя па Р.п. ўключае схему і праект. Схема Р.п. служыць для тэхн.-эканам. абгрунтавання праектаў размяшчэння і буд-ва буйных прамысл. і энергет. комплексаў, баз буд. індустрыі, магістральных, трансп. і інш. камунікацый, стварэння арганізаваных сістэм рассялення і размяшчэння ў іх новых і развіцця існуючых гарадоў і сельскіх паселішчаў, праектавання курортаў, нац. і прыродных паркаў, запаведнікаў, а таксама міжраённых зон і комплексаў масавага адпачынку насельніцтва. Праект Р.п. распрацоўваецца на аснове схемы Р.п. і з’яўляецца асновай для ген. планаў развіцця гарадоў і інш. населеных месцаў, прамысл. вузлоў, курортных і турысцкіх комплексаў, размяшчэння культ.-быт. устаноў раённага значэння. На аснове праекта Р.п. складаюцца таксама праекты міжгасп. і ўнутрыгасп. земле- і лесаўладкавання, вылучаюцца буйныя зямельныя ўчасткі для розных відаў выкарыстання, распрацоўваюцца праекты зон сан. аховы.
На Беларусі работы па Р.п. пачаліся ў канцы 1950-х г. Першымі аб’ектамі Р.п. былі Полацка-Віцебскі прамысл. раён, Маладзечанскі прамысл. вузел і інш. З пач. 1970-х г.асн. кірункам работ па Р.п. стаў метад комплекснай планіровачнай сац., эканам. і экалагічнай арг-цыі тэр. рэспублікі. У 1971 распрацавана «Схема размяшчэння і развіцця гарадскіх і сельскіх паселішчаў Беларускай ССР да 2000 года» — першая ў практыцы праектных работ Беларусі спроба ўзаемазвязанага вырашэння пытанняў гар. і сельскага рассялення на тэр. ўсёй Беларусі на больш далёкую перспектыву. У 1970-я г. праведзена даследчая і праектная работа па выяўленні рэкрэацыйных рэсурсаў, выкананы праекты Р.п. зон адпачынку Нарач і Вілейка Мінскай, Горваль Гомельскай, Ушачы Віцебскай, Чыгірынка Магілёўскай абл. У 1987 распрацавана ген. схема комплекснай тэр. арг-цыі Беларусі, у якой выкладзены прапановы па фарміраванні шматузроўневых сістэм рассялення, аптымізацыі урбанізаванага і прыродна-экалагічнага каркаса, упарадкаванні адм.-тэр. падзелу. Схема карэкціравалася і ўдакладнялася ў сувязі з паліт., экалагічнымі і сац.-эканам. зменамі. У 1990-я г. актывізавалася праца па тэр. арг-цыі памежных раёнаў, асабліва з Польшчай, зон асаблівага дзярж. рэгулявання (радыяцыйна забруджаных, прыгарадаў вял. і буйных гарадоў, свабодных эканамічных і інш.).
Літ.:
Перцик Е.Н. Районная планировка. М., 1973;
Иодо И.А. Основы градостроительства: Теория, методология. Мн. 1983;
Иодо И.А., Сенкевич И.И., Хачатрянц К.К. Опыт работы и новые направления в районной планировке Белорусской ССР. Мн. 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1925—28 У КІТА́І,
нацыянальная рэвалюцыя, якая мела на мэце аб’яднанне Кітая пад уладай Нац. партыі (Гаміньдана, ГМД) і скасаванне ў краіне ўплыву імперыяліст. дзяржаў (ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Японіі). Выклікана станам паліт. хаосу, у якім Кітай апынуўся пасля паражэння Сіньхайскай рэвалюцыі 1911—13 і смерці ў 1916 прэзідэнта Кіт. Рэспублікі Юань Шыкая, калі ўлада на месцах апынулася ў руках мясц.ваен. правіцеляў — мілітарыстаў і Кітай фактычна перастаў існаваць як адзіная дзяржава. Рух 4.5.1919 спрыяў уздыму ў краіне грамадска-паліт. актыўнасці, на хвалі якой лідэр кіт. нацыяналістаў Сунь Ятсен абвясціў у кастр. 1919 пра стварэнне ГМД. У крас. 1921 ч. дэпутатаў кіт. парламента, які быў разагнаны мілітарыстамі ў 1917, на сходзе ў г. Гуанчжоў абрала Сунь Ятсена прэзідэнтам Кіт. Рэспублікі, але яго ўрад не прызнала міжнар, супольнасць. У гэтых умовах у 1922—23 Сунь Ятсен заключыў саюз з СССР і Камуністычным інтэрнацыяналам. У абмен на фін. і ваен. дапамогу ён пагадзіўся на саюз ГМД з Кітайскай камуністычнай партыяй (КПК). На 1-м кангрэсе ГМД (студз. 1924) ГМД рэарганізавана на ўзор ВКП(б). Пры дапамозе сав.ваен. саветнікаў (М.В.Блюхер і інш.) на Пд Кітая створана Нац.-рэв. армія (НРА) Расстрэл 30.5.1925 паліцыяй брыт. сетльмента (квартал для іншаземцаў з уласнай адміністрацыяй) студэнцкай дэманстрацыі ў Шанхаі рэзка актывізаваў антыімперыялістычны рух у краіне. 1.7.1925 ГМД стварыў у Гуанчжоў Нац ўрад на чале з Ван Цзінвэем. У выніку 1-га этапу Паўночнага паходу 1926—28 (ліп. 1926 — сак. 1927) Нац. ўрад пашырыў сваю ўладу на Пд ад р. Янцзы, у т. л. на такія буйныя гарады, як Шанхай, Нанкін і Ухань. Адначасова павялічваліся супярэчнасці паміж ГМД і КПК, якая заклікала да разгортвання шырокай агр. рэвалюцыі, што выклікала незадаволенасць кіраўніцтва ГМД і афіцэраў. Лідэр правых гаміньданаўцаў Чан Кайшы (галоўнакамандуючы НРА) адмовіўся падпарадкавацца Нац. ўраду, які знаходзіўся ў г. Ухань, абвясціў у крас. 1927 пра разрыў з КПК і пачаў супраць яе рэпрэсіі, потым стварыў у Нанкіне ўласны ўрад. Уханьскі нац. ўрад працягваў супрацоўніцтва з КПК. Кіраўніцтва КПК палічыла, што ў Кітаі склаліся перадумовы для сацыяліст. рэвалюцыі і ў ліп. 1927 ініцыіравала разрыў з уханьскім ГМД. У адказ той пачаў рэпрэсіі супраць КПК. Камуніст. паўстанні ў жн.—снеж. 1927 пацярпелі паражэнне (гл.Наньчанскае паўстанне 1927). У лют. 1928 адноўлена адзінства ГМД і створаны аб’яднаны Нац. ўрад на чале з Чан Кайшы. У выніку 2-га этапу Паўн. паходу (крас.—снеж. 1928) б.ч. Кітая прызнала ўладу нац. ўрада, што дазволіла кіраўніцтву ГМД абвясціць у кастр. 1928 пра сканчэнне ваен. этапу нац. рэвалюцыі.
Літ.:
Юрьев М.Ф. Революция 1925—1927 гг. в Китае. М., 1968;
Делюсин Л.П., Костяева АС. Революция 1925—1927 гг. в Китае: пробл. и оценки. М., 1985;
ВКП(б), Коминтерн и национально-революционное движение в Китае: Док. Т. 1—3. М., 1994—98;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САХАЛІ́Н,
востраў каля ўсх. ўзбярэжжа Азіі, у Сахалінскай вобл. Расіі. Абмываецца Ахоцкім і Японскім морамі. Ад мацерыка аддзелены Татарскім пралівам (у вузкім месцы наз. Невяльскога), Амурскім ліманам і Сахалінскім зал., ад Японскіх а-воў — пралівам Лаперуза. Пл. 76,4 тыс.км². Даўж. 948 км, шыр. ад 27 да 160 км. Берагі слаба парэзаныя, буйныя залівы Аніва і Цярпення, п-вы Шміта, Цярпення, Таніна-Аніўскі, Крыльёнскі рэзка выступаюць у мора. Уздоўж берагоў цягнуцца Зах.-Сахалінскія (выш. да 1330 м, г. Онар) і Усх.Сахалінскія горы (выш. да 1609 м, г. Лапаціна). Паміж імі Тым-Паранайская нізіна, на Пн — Паўн.-Сахалінская раўніна. Бываюць землетрасенні да 8 балаў (на Пн). Карысныя выкапні: нафта, газ, кам. і буры вугаль, золата. Клімат мусонны, больш халодны пад уплывам Ахоцкага м. летам і сіб.кантынент. мусону зімой. Найб. цёплае паўд.-зах. ўзбярэжжа С. (уплыў Цусімскага цячэння). Сярэднія т-ры студз. ад -6 °C на Пд да -24 °C на Пн, жн. ад 19 °C на Пд да 10 °C на Пн. Ападкаў за год 500—600 мм на раўнінах, да 1200 мм у гарах. Рэкі кароткія, мнагаводныя; найб. — Тым і Паранай. Шмат дробных азёр, балот. Ёсць тэрмальныя і мінер. крыніцы. Глебы тарфяна-падзоліста-балотныя, алювіяльныя лугава-дзярновыя, у гарах бура-таежныя, трапляюцца горныя падзолістыя. Каля 2/3тэр. занята лясамі. На Пн лістоўнічная тайга, у цэнтр.ч. лясы з аянскай елкі і сахалінскай піхты. На ПдЗ мяшаныя лясы з ліянамі (актынідыя, лімоннік, вінаград), на З — з падлескам з курыльскага бамбуку. У гарах зараснікі каменнай бярозы і кедравага сланіку. Жывёльны свет сіб. тыпу, збеднены астраўной ізаляцыяй. Трапляюцца мядзведзь, собаль, вавёрка, бурундук, расамаха. Птушыныя кірмашы (кайры, тапаркі, бакланы). Лежбішчы марскіх жывёл (сівуч, марскі коцік). Паранайскі запаведнік. Звесткі пра гаспадарку, карту гл. ў арт.Сахалінская вобласць.
С. заселены больш за 4 тыс г назад, яго найстараж. насельнікі — тончы, айны, ніўхі, эвенкі. Першымі з еўрапейцаў берагі вострава ўбачылі рус. казакі атрада І.Ю.Масквіціна ў 1640, у 1643 — галандскі мараплавец М.Г. дэ Фрыз. Першыя звесткі пра С. атрыманы ўдзельнікамі паходу рус. землепраходца В.Д.Паяркава (1643—46). Даследаванне С. пачата ў 18—19 ст. экспедыцыямі француза Ж.Ш.Лаперуза, рус. І.Ф.Крузенштэрна і Г.І.Невяльскога. З сярэдзіны 19 ст. рускія пачалі гасп. асваенне вострава. Паводле рус.-яп. дагавора 1875 прызнаны ўладаннем Расіі. З 1860-х г. С. — месца ссылкі і катаргі. Пасля паражэння Расіі ў рус.-яп. вайне 1904—05 Паўд. С. адышоў да Японіі. У 1920 Японія акупіравала і паўн. частку С., якая з 1925 зноў у складзе РСФСР. 20.10.1932 тут утворана Сахалінская вобл. У канцы 2-й сусв. вайны (жн. 1945) Паўд. С. заняты сав. войскамі і ў адпаведнасці з рашэннямі Крымскай і Патсдамскай канферэнцый 1945 перададзены СССР. У 1946 тут утворана Паўд.-Сахалінская вобл.; у студз. 1947 яна скасавана, яе тэр. ўключана ў Сахалінскую вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТЫ́ РЭЛІГІ́ЙНЫЯ,
знамянальныя дні, якія адзначаюцца ў памяць аб важных царк. падзеях і ў гонар святых. Хрысціянскія святы падзяляюцца на 12 галоўных (або двунадзесятых) і 5 вялікіх. З ліку гал. свят некаторыя адзначаюцца ў пастаянныя дні і наз. непераходнымі (усяго іх 9 — Раство Хрыстова, Хрышчэнне Гасподняе, Стрэчанне Гасподняе, Дабравешчанне Прасвятой Багародзіцы, Праабражэнне Гасподняе, Успенне Прасвятой Багародзіцы, Раство Прасвятой Багародзіцы, Узвіжанне Крыжа Гасподняга, Увядзенне ў храм Прасвятой Багародзіцы), а другія залежаць ад зменлівага часу святкавання Вялікадня і наз. пераходны.мі (іх 3 — Уваход Гасподні ў Іерусалім, Ушэсце Гасподняе, Дзень Святой Тройцы). 5 вял. свят (Абразанне Гасподняе, Раство Іаана Прадцечы, Памяць святых першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла, Адсячэнне галавы Іаана Прадцечы, Пакроў Прасвятой Багародзіцы) з’яўляюцца непераходнымі.
С.р. суправаджаюцца адпаведнымі богаслужэннямі і абрадамі: яны звязаны з рэліг. веравучэннем, культам. У час многіх царк. свят забараняецца працаваць, вучыцца, забаўляцца. Рэліг. святочныя дні прызначаюцца для духоўнага богаўгоднага жыцця, наведвання царквы, малітваў. Царк.правасл. каляндар дакладна вызначае пасты (посныя дні). За год бываюць 4 шматдзённыя пасты (найб. важны і строгі — Вялікі Пост, які працягваецца 7 тыдняў перад Вялікаднем). Найвялікшае хрысціянскае свята — Вялікдзень (Пасха, Уваскрэсенне Хрыстова). Пасля прыняцця хрысціянства на Беларусі многія царк. святы паступова былі прымеркаваны да стараж.нар. свят, таму нар. і рэліг. святы нярэдка адзначаюцца ў адны і тыя ж дні, напр., Каляды — Раство Хрыстова; Грамніцы — Стрэчанне Гасподняе; Гуканне вясны — Дабравешчанне; Вербніца — Уваход Гасподні ў Іерусалім; Вялікдзень — Уваскрэсенне Хрыстова (Пасха); Сёмуха (Зялёныя святкі) — Тройца; Купалле — Раство Іаана Прадцечы; Спас — Праабражэнне Гасподняе, Багач — Раство Дзевы Марыі (Раство Багародзіцы) і інш. С.р. ў правасл. і каталіцкіх хрысціян адзначаюцца па розных календарах (католікі — па грыгарыянскім, а правасл. — па юліянскім), таму розніца паміж датамі іх правядзення складае 13 дзён. Многія бел. святы маюць сінкрэтычны (змешаны) характар, бо ў іх у рознай ступені прысутнічаюць язычніцкія і хрысц. элементы (Стрэчанне, Юр’е, Спас, Пакровы).
Прыхільнікі ісламу і іудаізму адзначаюць свае рэліг. святы па мясцовым календары. Гал. мусульманскія святы: Курбан-Байрам (дзень ахвярапрынашэння Богу), Ураза-Байрам (дзень заканчэння посту — уразы), Маўлюд (дзень нараджэння прарока Мухамеда), Мірадж (ноч цудоўнага ўзнясення прарока Мухамеда на неба). Важную ролю ў жыцці мусульман адыгрывае вялікі пост на працягу месяца рамадан (рамазан). Найб. буйныя іудзейскія святы: Песах (Пасха, свята зыходу яўрэяў з Егіпта), Сукот (свята збору ўраджаю і ўспаміну пра 40-гадовае вандраванне яўрэйскага народа па егіпецкай пустыні), Рош-Гашана (першыя дні Новага года), Шавуот (дзень уручэння Усявышнім прароку Майсею Торы і дзесяці запаведзей), Йом-Кіпур (апошні з 10 дзён пакаяння; дзень збавення). Гл. таксама Святы і святочныя дні.
Літ.:
Ліцьвінка В. Святы і абрады беларусаў. 2 выд., Мн., 1998;
Лозка А. Беларускі народны каляндар. Мн., 1993;
Сысоў У.М. З крыніц спрадвечных. Мн., 1997;
Религиозные традиции мира: Пер. с англ. [Т.] 1—2. М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВЯ́НСКІЯ МО́ВЫ,
група роднасных моў, агульным продкам якіх з’яўляецца праславянская мова. Належыць да сям’і індаеўрапейскіх моў. Найб. блізкія да С.м. балтыйскія мовы. Пашыраны на тэр. Еўропы і Азіі. Носьбітамі С.м. з’яўляюцца каля 350 млн. чалавек. У славяназнаўстве ў залежнасці ад геагр. лакалізацыі, асаблівасцей гіст. развіцця вылучаюць 3 слав. моўныя групы: усх,слав., зах.-слав. і паўд.-славянскую. Да ўсх.-слав. групы адносяцца: беларуская мова, руская мова, украінская мова. Зах.-слав. група аб’ядноўвае польскую мову, чэшскую мову, славацкую мову, сербалужыцкія мовы і мёртвую палабскую мову. Да паўд.-слав. групы належаць балгарская мова, македонская мова, сербская мова, харвацкая мова, славенская мова, мёртвая стараславянская мова. Існуюць і т.зв. слав.літ. мікрамовы, якія функцыянуюць на вельмі абмежаванай тэр.: русінская, кашубская, усх.-славацкая, ляшская і інш.
С.м. ўяўляюць сабой вельмі блізкую групу роднасных моў у параўнанні з інш. індаеўрап. мовамі. Гэта праяўляецца ў лексіцы, структуры слова, словаўтваральных сродках, граматыцы, сінтаксісе, семантыцы. Аднак паміж імі існуюць і значныя адрозненні, што абумоўлена іх рознымі шляхамі развіцця ў апошнія паўтары тыс. гадоў. Напр., лексічны склад многіх С.м. адрозніваецца запазычаннямі з інш. неслав. моў: турцызмы ў балг. мове, германізмы ў чэшскай, літуанізмы ў беларускай і г.д. Пісьменнасць у славян існуе на аснове 2 азбук: слав. (гл. Кірыліца) і лац. (гл. Лацінскі алфавіт). Слав. азбука служыць усім усх. славянам, балгарам, сербам. македонцам. Зах. славяне, харваты, славенцы карыстаюцца лац. алфавітам. Для абазначэння некат. спецыфічных слав. гукаў, якія не маюць у лац. алфавіце адпаведных літар, ужываюцца розныя надрадковыя знакі або спалучэнні літар.
Працэс пераходу праслав. мовы ў самастойныя С.м. гістарычна звязаны з узнікненнем ранніх слав.феад. дзяржаў на значнай тэр.Паўд.-Усх. і Усх. Еўропы ў апошнія стагоддзі 1-га тыс.н.э. У розныя гіст эпохі колькасць і суадносіны С.м. мяняліся. Так, у наш час мёртвай з’яўляецца стараслав. мова, якая раней мела важнае культ. і культавае значэнне ў жыцці славян, зрабіла істотны ўплыў на фарміраванне і развіццё інш. С.м. (асабліва паўд. і ўсх.). Рус., бел. і ўкр. мовы існуюць як самастойныя з 14 ст.; яны развіліся з адной старажытнарускай мовы, якая раней абслугоўвала патрэбы моўных зносін усіх усх. славян. Знікла палабская мова, на якой размаўляла слав. насельніцтва. што жыло ў басейне р. Лаба (Эльба). У выніку актыўнай германізацыі палабы перайшлі на ням. мову. З другога боку, македонская мова як самаст.літ. мова сфарміравалася ў 20 ст., у 19 ст. былі аб’яднаны ў моўных адносінах сербы і харваты. У канцы 20 ст. адбылося разыходжанне сербскай і харвацкай моў, адзначаны намаганні моваведаў Босніі і Герцагавіны ў стварэнні т.зв. басняцкай (баснійскай) мовы.
Літ.:
Кондрашов Н.А. Славянские языки. 2 изд. М., 1962;
Нахтигал Р. Славянские языки. М., 1963;
Славянские языки. М., 1977;
Супрун А.Е. Введение в славянскую филологию. 2 изд. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНГУШЭ́ЦІЯ, Рэспубліка Інгушэція,
у складзе Рас. Федэрацыі. Размешчана на Паўн. Каўказе. Пл. 3,6 тыс.км². Нас. 300 тыс.чал. (1997), гарадскога 30%. Сярэдняя шчыльн. 83 чал. на 1 км². Жывуць інгушы, рускія, чэчэнцы, асеціны, украінцы, туркі і інш., а таксама больш за 100 тыс. бежанцаў і вымушаных мігрантаў. Сталіца — г.Магас.
Прырода. І. займае цэнтр.ч.паўн. схілаў Вял. Каўказа. На Пн нізкагорныя Церскі і Сунжэнскі хрыбты (выш. да 664 м) і Алханчуртаўская даліна. У межах І. горы ўтвараюць сістэму паралельных хрыбтоў-куэстаў (Скалісты, Пашавы). На Пд заходзіць Бакавы хр. з вышэйшым пунктам г. Шан (4451 м). Паміж Пашавым і Бакавым хрыбтамі размешчана Тарская катлавіна. З карысных выкапняў найб. значэнне маюць нафта і буд. матэрыялы. Клімат умерана кантынентальны. Лета ў катлавінах цёплае, у гарах халаднаватае, зіма мяккая, у гарах умерана халодная. Сярэдняя т-раліп. ад 24 °C у катлавінах да 8 °C у гарах, студз. адпаведна ад -3 °C да -10 °C. Гадавая колькасць ападкаў на нізка- і сярэднягор’ях 500—700 мм, на высакагор’ях да 1000—1200 мм. Гал.р. Сунжа (з прытокам Аса), пачынаецца з высакагорных ледавікоў, належыць да бас.р. Церак. Вада рэк выкарыстоўваецца для арашэння. На Пн буйны Алханчуртаўскі канал. Глебы ў паўн.ч. карбанатныя чарназёмы, у гарах горна-лясныя і горна-лугавыя. Расліннасць стэпавая і лесастэпавая, у гарах да выш. 1800—2000 м шыракалістыя лясы (пераважна бук, граб, дуб), вышэй субальпійскія і альпійскія лугі. У стэпах і лесастэпах шмат грызуноў, з птушак — драфа, дзікія качкі, гусі, у далінах рэк — каўказскі фазан. У гарах — куніца, буры мядзведзь, дзік, тур, казуля і інш.
Гісторыя. Першыя ўпамінанні пра інгушоў адносяцца да 7 ст. У час ранняга сярэдневякоўя б.ч. І. ўваходзіла ў склад дзяржавы Аланія. У 13 ст.тэр. І. пацярпела ад нашэсця мангола-татар, у канцы 14 ст. — войск Цімура. Першапачаткова — хрысціяне, у 2-й пал. 17 ст. інгушы прынялі іслам (суніцкага толку). У пач. 18 ст. пачаліся культ. і эканам. сувязі з Расіяй. У 1810 І. ўвайшла ў склад Рас. імперыі (ч. інгушоў удзельнічала ў нац.-вызв. барацьбе народаў Каўказа, у т. л. ў Каўказскай вайне 1817—64). З 2-й пал. 19 ст. за племем галгай замацавалася этн. назва інгушы (ад аула Ангуш, або Інгуш). З 1921 у складзе Горскай АССР. 7.7.1924 утворана Інгушская аўт.вобл. у складзе РСФСР, у 1934 аб’яднана з Чэчэнскай аўт.вобл. ў Чэчэна-Інгушскую аўт.вобл., якая ў 1936 пераўтворана ў аўт. рэспубліку. У Вял.Айч. вайну вял. частка тэр. І. акупіравана ням.-фаш. войскамі. У 1944 у выніку сталінскіх рэпрэсій рэспубліка скасавана, а насельніцтва абвінавачана ў супрацоўніцтве з гітлераўцамі і дэпартавана ў Сярэднюю Азію, Сібір і Казахстан. У 1957 нац. аўтаномія і правы інгушоў часткова адноўлены. На рэферэндуме ў снеж. 1991 97% інгушоў выказаліся за стварэнне незалежнай рэспублікі. У сак. 1992 пастановай Вярх. Савета Расіі ўтворана Інгушская Рэспубліка ў складзе Рас. Федэрацыі. У ліп.Вярх. Савет Расіі прыняў пастанову, паводле якой у склад І. ўвайшла тэр.б. Інгушскай аўт.вобл. (у межах да 1934), г. зн. зах. частка а б. Чэчэна-Інгушскай Рэспублікі і ўсх. частка Паўн. Асеціі. З кастр. 1992 пачаліся ўзбр. сутычкі паміж інгушамі і асецінамі, выкліканыя тэр. прэтэнзіямі інгушоў. У ліст. 1992 дэкрэтам прэзідэнта Рас. Федэрацыі ў І. аб’яўлена ваен. становішча і ўведзены войскі. У студз. 1993 заключана пагадненне з Паўн. Асеціяй, якое прадугледжвала раззбраенне ўсіх нелегальных фарміраванняў, што дзейнічалі на абодвух баках. На выбарах у лют. 1993 першым прэзідэнтам абраны Р.Аўшаў.
Гаспадарка. Пасля распаду Чэчэна-Інгушскай АССР (1992) на тэр. І. засталося менш за 10% асн.вытв. магутнасцей. Прам-сць сканцэнтравана ў гарадах Малгабек і Назрань. Асн. галіны прам-сці: нафта- і газаздабыўная, газаперапр., маш.-буд., харч., лёгкая, буд. матэрыялаў. Здабыча нафты (з газавым кандэнсатам) 110 тыс.т (1996). Цэнтр здабычы нафты і газу, перапрацоўкі газу — раён г. Малгабек. Прадпрыемствы маш.-буд. (з-д электраінструментаў) і лёгкай прам-сці (трыкат.ф-ка) у г. Назрань. Харч.прам-сць уключае мукамольную, кансервавую, мясную, вінаробчую. Прам-сцьбуд. матэрыялаў прадстаўлена цагельнымі з-дамі. Будуюцца (1996) кандытарская ф-ка і домабуд. камбінат у г. Малгабек. С.-г. ўгоддзі займаюць 64% тэр. І. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых (кукуруза, пшаніца, авёс, ячмень) і тэхнічных (цукр. буракі, сланечнік) культур, садавіны, вінаграду і агародніны. Збор (тыс.т., 1995): збожжа — 80,2, агародніны — 7,8. Развіты мясная і малочная жывёлагадоўля (пагалоўе буйн. раг. жывёлы 49,1 тыс. галоў, 1995), танкарунная авечкагадоўля, птушкагадоўля. Па тэр. І. праходзяць чыг. Растоў-на-Доне—Баку, аўтадарога Грозны—Беслан; нафтаправод Грозны—Туапсэ, газаправод Грозны—Уладзікаўказ. У г. Назрань будуецца міжнар. аэрапорт.
Літаратура інгушскага народа развіваецца з пач. 20 ст. Блізкасць моў, агульнасць фалькл. вытокаў і гіст. лёсаў інгушскага і чэчэнскага народаў абумовілі ўзаемасувязь іх л-р (гл. ў арт.Чэчэнская Рэспубліка). Складальнікам першага інгушскага алфавіта (на аснове лац. графікі) і зачынальнікам пісьмовай л-ры І. быў З.Мальсагаў (аўтар п’есы «Выкраданне дзяўчыны», 1923). У перыяд станаўлення пісьмовай л-ры пераважалі малыя жанравыя формы: вершы, нарысы, апавяданні (Х.Асміеў, Х.-Б.Муталіеў). Пашырэнне тэматычнага і жанравага дыяпазону выявілася ў л-ры, прысвечанай падзеям Вял.Айч. вайны. Творы антыфаш., патрыят. зместу стваралі Дж.Яндзіеў (у паэзіі), І.Базоркін (у драматургіі). Актыўнае развіццё л-ры пачалося ў пасляваен. гады (зб-кі паэзіі С.Азіева, А.Веджызева, Б.Зязікава, Яндзіева, кнігі прозы А.Бокава, М.-С.Пліева і інш.). Шырынёй ахопу гіст. падзей, актуальнасцю маральна-этычных, сац.-паліт. праблем вызначаюцца раманы С.Чахкіева («Залатыя слупы», 1965—66), Пліева («Цяжкі перавал», 1974), Бокава («Сыны Бекі», кн. 1—2, 1967—69; «Барвовыя зоры», 1974; «Зоркі між зорак», 1978), драм. творы Базоркіна, Чахкіева, А.Мальсагава і інш. У 1989 на бел. мове асобным выданнем выйшла аповесць А.Мальсагава «Прымі падарожніка, дарога!» ў пер. У.Марука.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНІЦТВА,
1) спецыфічная фаза гісторыі сац.-рэв. руху ў Расіі паміж «хаджэннем у народ» (1872—74) і тэрарызмам (1878—81).
2) Сац. дактрына 2-й пал. 19 ст., заснаваная на ўпэўненасці ў тым, што Расія можа мінуць капіталіст. стадыю развіцця і праз арцель і абшчыну адразу перайсці да сацыялізму (некат. даследчыкі лічаць пачынальнікамі гэтай дактрыны А.І.Герцэна і М.Г.Чарнышэўскага і адносяць нараджэнне т. зв. «аграрнага сацыялізму» да 1840—60-х г.).
2) Шырокі спектр ідэй і падыходаў, звязаных з цікавасцю інтэлігенцыі да «народа», пераважна сялян і рабочых, іх мыслення, звычаяў, нораваў і г.д. Характэрная рыса Н. як ідэалогіі — перапляценне ідэй рэв. дэмакратыі з сял.утапічным сацыялізмам. Н. падзялялася на рэв. і ліберальную плыні. Рэв. Н. звязвала дасягненне сацыялізму з усерас.сял. паўстаннем; ліберальнае разлічвала на мірны, рэфармісцкі шлях. Філас.-метадалагічную аснову поглядаў Н. складалі пазітывізм (М.К.Міхайлоўскі, П.Л.Лаўроў) і матэрыялізм (П.М.Ткачоў); іх аб’ядноўвала мэта тэарэтычна абгрунтаваць права асобы на сац. актыўнасць, зацвердзіць вядучую ролю сац. ідэала ў пабудове вучэння аб грамадскім развіцці («тэорыя прагрэсу», суб’ектыўны метад у сацыялогіі). Адлюстраваннем прынцыпаў суб’ектыўнай сацыялогіі ў эканам. навуцы з’явіўся «эканамічны рамантызм» (В.П.Варанцоў, М.Ф.Даніэльсон), прадстаўнікі якога імкнуліся пацвердзіць ідэю некапіталіст. развіцця ў Расіі.
У 1860-я — сярэдзіне 1880-х г. у рас. Н. пануючай была рэв. плынь, прадстаўленая шматлікімі тайнымі арг-цыямі і гурткамі, большасць якіх з 1870-х г. знаходзілася пад уплывам «бунтарскіх» ідэй М.А.Бакуніна. Спробай рэалізаваць ва ўсерас. маштабе рэв.-дэмакр. ідэі Герцэна і Чарнышэўскага стала першая арг-цыя«Зямля і воля» (1861—64). Члены т-ва «ішуцінцаў» (1863—66, лідэры М.А.Ішуцін і І.А.Худзякоў) для прапаганды рэв. ідэй меркавалі стварыць вытв. арцелі і камуны. Адзін з іх, Дз.У.Каракозаў, у крас. 1866 ажыццявіў няўдалы замах на імператара Аляксандра II. Уцалелыя пасля арыштаў «ішуцінцы» ўвайшлі ў тайную змоўшчыцкую арг-цыю «Народная расправа» (1869), лідэр якой С.Г.Нячаеў лічыў магчымым для перамогі «мужыцкай рэвалюцыі» выкарыстоўваць любыя сродкі, у т. л. падман, шантаж, забойствы. «Вялікае таварыства прапаганды», або чайкоўцы (1869—74), лічыла неабходным пашырэнне прапаганды ідэй Н. сярод інтэлігенцыі, а потым у народзе з мэтай падрыхтоўкі рэвалюцыі. У 1872—73 у Пецярбургу і Маскве дзейнічаў гурток далгушынцаў (заснавальнік А.В.Далгушын), члены якога падзялялі бунтарскія ідэі Бакуніна. Вясной 1873 пачалося і дасягнула найб. размаху ў 1874 падрыхтаванае далгушынцамі, чайкоўцамі і інш.рэв. гурткамі масавае «хаджэнне ў народ» рэв. інтэлігенцыі з мэтай узняць сялян на сацыяліст. рэвалюцыю. Гал. формай работы. сярод сялян была «лятучая прапаганда». Аднак «хаджэнне ў народ» не прывяло і не магло прывесці да сял. рэвалюцыі, амаль усе яго ўдзельнікі (каля 4 тыс.) былі арыштаваны, найб. актыўныя асуджаны па «працэсе 193-х» (1877—78). У 1874 узнікла «Усерасійская сацыяльна-рэвалюцыйная арганізацыя», або группа «масквічоў» (1874—75); яе члены лічылі, што для дзейснай прапаганды на сяле трэба рыхтаваць пасрэднікаў паміж сялянамі і інтэлігенцыяй з ліку рабочых. Другая «Зямля і воля» (1876—79), зыходзячы з вопыту папярэднікаў, імкнулася стварыць цэнтралізаваную рэв. арг-цыю, з мэтай пастаяннай прапаганды рэв. ідэй стварала паселішчы народнікаў у сельскай мясцовасці, але і гэтая дзейнасць не мела поспеху. У 1879 «Зямля і воля» раскалолася на «Народную волю» (1879—86) і «Чорны перадзел» (1879—81). Пад уплывам ідэй Ткачова (рэв. змоўніцтва) «Народная воля» перайшла да паліт. барацьбы з мэтай захопу ўлады. Аднак гэтая барацьба звялася да індывід. тэрору з мэтай дэзарганізацыі ўлады і абуджэння народу. Забойства імператара Аляксандра II 13.3.1881 (ажыццявіў І.Я.Грынявіцкі) паказала безвыніковасць і згубнасць такой тактыкі. Да канца 1884 «Народная воля» разгромлена ўрадам. «Чорны перадзел», які адмаўляў непасрэдную паліт. барацьбу і рабіў упор на прапаганду сярод рабочых, да канца 1881 распаўся на асобныя гурткі. Яго б. лідэры Г.В.Пляханаў, Л.Р.Дэйч, В.І.Засуліч і інш. ў эміграцыі перайшлі на паз шыі марксізму і заснавалі ў 1883 у Жэневе с.-д. арг-цыю «Вызваленне працы».
На Беларусі ідэі Н. падзялялі К.С.Каліноўскі, В.Урублеўскі, З.І.Серакоўскі і інш. кіраўнікі і ўдзельнікі паўстання 1863—64. У канцы 1862 у склад «Зямлі і волі» 1860-х г. увайшоў ваенна-рэв.Камітэт рускіх афіцэраў у Польшчы, 40% членаў якога былі ўраджэнцамі бел.-літ. губерняў. У 1874—84 існавалі нелегальныя групы бел. студэнтаў у ВНУ Пецярбурга і інш. гарадоў краіны. У стварэнні адной з першых бел. груп «Народнай волі» ў Пецярбургу ўдзельнічаў Грынявіцкі. Пазней са студэнтаў-беларусаў Пецярбургскага ун-та створана бел.рэв. група «Гоман», якая наладзіла сувязі з Віцебскам, Мінскам і інш.бел. гарадамі, імкнулася стаць цэнтрам арг-цыі «Народнай волі» на Беларусі, у 1884 выдала 2 нумары час.«Гомон». У студз. 1882 створана Паўночна-Заходняя арганізацыя «Народнай волі», якая аб’яднала гурткі Віленскай, Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Гродзенскай, Ковенскай губ. У 1881—83 у Вільні, Мінску, Пінску, Віцебску, Гродне, Бабруйску, Оршы, Магілёве ўзніклі нарадавольцаў-афіцэраў гурткі, што падпарадкоўваліся непасрэдна ваенна-рэв. цэнтру «Народнай волі». Існавалі на Беларусі і народніцкія гурткі вучнёўскай моладзі. Групы бел.рэв. народнікаў нелегальна выдавалі адозвы, у т. л. «Да беларускай інтэлігенцыі» (1883), «Пасланне да землякоў-беларусаў Шчырага беларуса» (1.1.1884), ліберальныя народнікі — «Да беларускай моладзі» (1881), «Пісьмы пра Беларусь. Пісьмо першае Данілы Баравіка» (16.12.1882). У выданнях бел. народнікаў былі абгрунтаваны ідэі нац.-дзярж. адраджэння Беларусі. Некаторыя ідэі ліберальнага Н. прапагандавала газ. «Минский листок». З дзейнасцю рэв. народнікаў звязаны пачатак распаўсюджвання на Беларусі асобных твораў К.Маркса і Ф.Энгельса, узнікненне першых рабочых гурткоў.
На фоне ідэйнага краху рэв. Н. з сярэдзіны 1880-х г. пануючай плынню ў народніцкім руху стала ліберальнае Н. (ідэолаг Міхайлоўскі), якое выступала за павелічэнне сял. надзелаў, аднаўленне сялян у грамадз. правах і інш. рэформы пры захаванні асноў дзярж. і грамадскага ладу. Пераемнікамі Н. сталі сацыялісты-рэвалюцыянеры, што аформіліся ў партыю ў 1902 у выніку аб’яднання народніцкіх груп і гурткоў.
Літ.:
Ткаченко П.С. О спорных проблемах истории народничества // История СССР. 1963. №6;
Троицкий Н.А. Большое общество пропаганды 1871—1874 гг. (т.н. «чайковцы»), Саратов, 1963;
Антонов В.Ф. Революционное народничество. М., 1965;
Самбук С.М. Революционные народники Белоруссии (70-е — начало 80-х гг. XIX в.). Мн., 1972;
Пантин И.К. Социалистическая мысль в России: переход от утопии к науке. М., 1973;
Лосинский Н.Б. Революционно-народническое движение в Белоруссии, 1870—1884 гг.Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
як².
1.прысл.пыт. і адноснае. Якім чынам.
Як знайсці тое месца? Як жывеш? Вось як трэба рабіць.
2.прысл.пыт. У якой ступені, наколькі.
Як даўно ён паехаў?
3.прысл.азнач. У якой меры, ступені, да чаго.
Як ён пастарэў.
Як я рада!
4.прысл.неазнач. Як-небудзь (разм.).
Трэба ж як знайсці згубленае.
5.прысл. часавае. У які час.
Я гэта бачыў, як ішоў з працы.
6.часц.Ужыв. пры выказванні здзіўлення, збянтэжанасці.
Як!
Ты зноў дома! — Я не ведаю, куды паклаў рэчы. — Як не ведаеш.
7.часц.ўзмацн.-сцвярдж. Выражае бясспрэчнасць выказанай думкі, выступаючы ў знач.: як можна, немагчыма.
Ну як мне тут не перажываць.
8.часц. Пры дзеяслове зак. трывання абазначае нечаканасць дзеяння.
А ён як ускочыць, пабяжыць!
9.злуч. параўн. Падобна да чаго-н.
Мяккі як пух.
Такі, як і раней.
10.злуч. У якасці каго-, чаго-н.
Ён павінен гэта ведаць як спецыяліст.
11.злуч.Ужыв. ў саставе пабочных груп і сказаў.
Як кажуць.
Як напрыклад.
12.злуч. Абазначае часавыя адносіны паміж галоўным і даданым сказамі.
Як успомніш, страшна становіцца (кожны раз, калі). Прайшло шмат часу, як яны выехалі адсюль (з таго часу, калі).
13.злуч. Пасля адмоўных ці пытальных слоў і выразаў — акрамя, толькі.
Хто гэта мог зрабіць, як не ты.
◊
Як адзін чалавек — дружна, усе разам.
Як бы — умоўна-мяркуемае параўнанне.
Згаджацца як бы нехаця.
Як бы там ні было — пры ўсіх умовах, ва ўсякім выпадку.
Як быццам — тое, што і быццам (у 1 і 2 знач.).
Як і што (разм.) — абагульненае ўказанне на аб’ект і сітуацыю.
Раскажы нам, як і што.
Як мага — служыць для ўзмацнення ступені параўнання.
Заходзь да нас як мага часцей.
Як мага лепш.
Як ні — хоць і, нягледзячы на тое, што.
Як ні лаюся, не слухаюць мяне.
Як (або што) ні кажы (разм.) — нягледзячы ні на што, усё-такі.
Як ні кажы, а свой куток мілы.
Як сказаць (разм.) — выкарыстоўваецца, каб паказаць ваганне, няўпэўненасць у чым-н. —
Яшчэ як сказаць.
Можа, — і не.
Як толькі — адразу, зараз жа.
Як..., так і — злучнік пералічальны.
Ён заўсёды акуратна выконвае як вытворчую работу, так і грамадскую.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
На1 прыназоўнік (з він. і месн. скл.) і прэфікс, параўн. укр., рус.на, польск.na, палаб.no, в.-луж., н.-луж.na, чэш., славац.na, славен.na, серб.-харв.на, макед., балг.на. Побач з прасторавым і часавым значэннем можа выражаць кірунак, мэту, прызначэнне, на базе якіх узнікла больш спецыфічнае значэнне аб’екта (адрасата), якое звычайна выражаецца дав. скл.: кажу на яго (= яму), гаварыць на маці (= маці), што лічыцца «латгала-крывіцкай інавацыяй» (гл.: Прохарава С. М. Сов. славяноведение, 1986, 3, 76), аднак апошняе вядома і інш. слав. мовам, асабліва на поўдні Славіі, параўн. балг.казвам на него, давам на Иван, макед.му зборува на можот і інш., што можа сведчыць пра больш раннюю тэндэнцыю да такога ўжывання прыназоўніка на. Прасл.*na, роднаснае да літ.nuõ, лат.nùo ’ад, з’, ст.-прус.no/na ’адпаведна, па’, далей параўноўваюць з грэч.ἀνά ’на, уверх’, гоц.ana ’на, у, супраць’, ст.-в.-ням.an(a) ’на’. У якасці прэфікса ўжываецца пры дзеясловах, прыметніках і (рэдка) назоўніках, што адпавядае літоўскай прыстаўцы nu‑ ў дзеясловах і nuo‑ ў назоўніках, параўн. Фрэнкель, 511; у прыметнікаў у большасці зах.-слав. і паўд.-слав. моў мае дэмінутыўнае значэнне, параўн. в.-луж.naběl ’белаваты’, серб.-харв.на́црн ’чарнаваты’ і пад., ва ўсх.-слав. і польск. — узмацняльнае значэнне, параўн. рус.на́крепко, польск.naprzykry ’вельмі прыкры’ і пад., што адпавядае значэнню прыстаўкі най-, пры дапамозе якой утвараюцца формы найвышэйшай ступені ў слав. мовах, параўн. укр.най-, рус.наи‑, польск.naj‑, в.-луж.naj‑, чэш.nej‑, славен.naj‑, серб.-харв.нај‑, макед.naj‑, балг.най-, гл. Фасмер, 3, 33, параўн. Копечны (ESSJ SG, 1, 121), які ўслед за Міклашычам (4, 213) лічыць градацыйнае на- іншага паходжання. Гл. таксама Махэк₂, 387 (адмаўляе роднаснасць паміжна і літ.nuo з-за антанімічнага значэння), Скок, 3, 495, ESSJ SG, 1, 115 і далей (з аглядам літаратуры і версій).
На́2, на́це ’на, бяры(це), вазьмі(це)’ (Шат., Касп., Бяльк., Гарэц., БРС, Байк. і Некр., Грыг.), сюды ж на́, на́ — падзыўныя словы для сабакі, палеск.ня́, ня́ ’тс’ (ТС); укр.на́, на́те, рус.на́, на́те, польск.na, nacie, чэш.na, nate, славац.na, славен.nȃ, nate, серб.-харв.на, макед.на, балг.на́ ’вазьмі; вось’. Роднаснае да літ.nà, лат.na ’ну’, ст.-інд.nā́‑nā ’ў розных месцах, па-рознаму’ і інш., гл. Фасмер, 3, 33; Махэк₂, 387; Брукнер, 351; Скок, 3, 495; Шустар-Шэўц, 13, 977.