КАПЫ́ЛЬСКІ ЗАВО́Д ГУ́МАВА-ТЭХНІ́ЧНЫХ ВЫ́РАБАЎ.

Створаны 25.4.1975 у г. Капыль Мінскай вобл. на базе Капыльскага райпрамкамбіната. Меў 2 цэхі: гумава-тэхнічных вырабаў і мэблевы. У 1997 пабудаваны цэх падрыхтоўкі сыравіны для вытв-сці тэхн. гумы і трыкат. палатна. Асн. прадукцыя (1998): гумавыя боты, галёшы розных мадэляў, шыны для дзіцячых веласіпедаў, тэхпласціна, наборы мэблі «Беларуская хата», для кухні, прыхожай, шафы для вопраткі, тэхн. дакументацыі, кніжныя паліцы і інш. Вытв-сць гумавага абутку складае 75% ад агульнага аб’ёму прадукцыі. Сыравіна для абутку закупляецца ў Расіі, на Украіне, для мэблі — на Беларусі.

т. 8, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРА́НТ (Георгій Аляксеевіч) (н. 1.6.1947, с. Дзяржынаўка Шэмахінскага р-на, Азербайджан),

бел. піяніст. Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыў Азербайджанскую кансерваторыю (1971, Баку). З 1971 канцэртмайстар Бел. кансерваторыі, з 1976 — Нац. акад. т-ра оперы Рэспублікі Беларусь. Зрабіў вял. ўклад у падрыхтоўку оперных спектакляў бел. кампазітараў: «Джардана Бруна» і «Візіт дамы» С.​Картэса, «Сівая легенда» Дз. Смольскага, «Новая зямля» Ю.​Семянякі, «Сцежкаю жыцця» Г.​Вагнера, «Майстар і Маргарыта» Я.​Глебава, «Дзікае паляванне караля Стаха» У.​Солтана, шэрагу класічных опер. Выступае ў канцэртах з вядомымі бел. вакалістамі.

Р.​М.​Аладава.

т. 8, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАТКО́Ў (Аркадзь Цімафеевіч) (н. 26.5.1939, г. Полацк Віцебскай вобл.),

бел. архітэктар. Скончыў БПІ (1967). Працаваў у ін-це «Мінскпраект», Віцебскім філіяле Белдзяржпраекта, БелНДІ горадабудаўніцтва. З 1988 у Наваполацку, з 1990 гал. архітэктар горада. Асн. работы ў Наваполацку: забудова мікрараёнаў № 5 (1969—75) і 7 (1980—90), школа рабочай моладзі ў мікрараёне № 3 (1977—80), 5—6-павярховыя жылыя дамы па вул. Маладзёжнай (1968—79), вучэбна-вытв. камбінат нафтаправода «Дружба» (1981—83), 13-павярховы інтэрнат (1975, усе ў сааўт.). Дзярж. прэмія Беларусі 1984 за планіроўку і забудову Наваполацка.

т. 8, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРДО́НСКІ (Уільям Ільіч) (н. 14.3.1938, г.п. Тамашпаль Вінніцкай вобл., Украіна),

бел. фізік. Д-р тэхн. н. (1985). Скончыў Адэскі ін-т інжынераў марскога флоту (1961). З 1968 у Акад. навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.​В.​Лыкава» Нац. АН Беларусі. Навук. працы па сінтэзе і фіз. уласцівасцях магнітарэалагічных вадкасцей (МРВ). Распрацаваў тэорыю МРВ і канцэпцыю пабудовы адаптыўных структур на іх аснове (вібраахоўныя, электраакустычныя і робататэхн. прыстасаванні).

Тв.:

Магнитореологический эффект и управление процессами переноса (разам з С.​А.​Дзямчук) // Успехи механики. 1989. Т. 12, № 4.

т. 8, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЗЕ́НКА (Георгій Уладзіміравіч) (н. 24.12.1953, Мінск),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1996). Сын У.М.Карзенкі. Скончыў Мінскі пед. ін-т (1976), настаўнічаў. З 1980 у Ін-це гісторыі Нац. АН Беларусі. Даследуе праблемы гісторыі бел. навукі, станаўлення і развіцця навук. устаноў, стварэння іх матэрыяльна-тэхн. базы, фарміравання і развіцця сістэмы падрыхтоўкі навук. кадраў і інш.

Тв.:

Наука и техника Советской Белоруссии в 1917—1990 гг.: Хроника важнейших событий. Мн., 1991 (у сааўт.);

Научная интеллигенция Беларуси в 1944—1990 гг. (подготовка, рост, структура). Мн., 1995.

т. 8, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РЛІКАВЫЯ РАСЛІ́НЫ,

расліны, якія маюць ненармальна малыя памеры параўнальна з характэрнымі для пэўнага віду. Карлікавасць выклікаецца рознымі прычынамі: неспрыяльнымі глебава-кліматычнымі фактарамі (тундра, высакагор’е), недастатковым жыўленнем, недахопам вільгаці, прышчэпліваннем пладовых дрэў на нізкарослыя прышчэпы, вырошчваннем сеянцаў у кошыках з ушчыльненай глебай. У флоры Беларусі ёсць віды, якім у прыродных умовах уласцівы невял. (у параўнанні з роднаснымі відамі) памеры (бяроза карлікавая, брызгліна карлікавая і інш.). Вырошчваюць К.р. (хвоі, клёны, елкі і інш.) як дэкар., для бардзюраў, альпінарыяў, выкарыстоўваюць у пладаводстве. Культура К.р. пашырана ў Японіі.

т. 8, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАРО́БАЧКА»,

гарадскі бытавы танец. Муз. памер ​2/4. Тэмп умерана хуткі. Выконваецца пад мелодыю рус. нар. песні «Карабейнікі». Выканаўцы, узяўшыся рукамі накрыж, прыстаўным крокам рухаюцца па крузе, потым кожны выконвае некалькі вальсавых паваротаў.

Працягваючы рух, танцоры робяць прыстаўныя крокі ў бакі і павароты пад рукой. У канцы фігуры хлопец і дзяўчына робяць до-за-до. Рухі паўтараюцца некалькі разоў запар у тым жа парадку. Другая фігура выконваецца як полька або вальс. Танец мае невял. рэгіянальныя адрозненні. З канца 19 ст. пашыраны па ўсёй Беларусі.

т. 8, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРО́ЛІК (Альбіна Сямёнаўна) (н. 16.7.1947, с. Малы Істок Сысерцкага р-на Екацярынбургскай вобл., Расія),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1997). Скончыла БДУ (1971). З 1971 у Ін-це прыкладной фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па тэорыі цвёрдага цела, уласцівасцях электрапераносу, электроннай структуры металаў і сплаваў. Распрацавала тэорыю і мадэлі для разліку ўкладу структурных дэфектаў рознай размернасці ў электрасупраціўленне і тэрмаэлектрарухальную сілу металаў, тэорыю тэрмаэл. і п’езатэрмаэл. эфектаў у сплавах.

Тв.:

Структурная зависимость термоэлектрических свойств и неразрушающий контроль. Мн., 1990 (разам з А.​А.​Лухвічам, У.​І.​Шарандам).

т. 8, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЦІ́НА,

твор станковага жывапісу, які мае самаст. маст. значэнне, вылучаецца завершанасцю, адзінствам формы і зместу. У адрозненне ад інш. відаў жывапісу К. непасрэдна не звязана з пэўным інтэр’ерам, сістэмай дэкарыравання ці культавым прызначэннем. Складаецца з асновы (дрэва, палатно, кардон, метал і інш.), грунту, фарбавага слоя. Некалькі К., аб’яднаных адной тэмай, у залежнасці ад іх колькасці складаюць дыпціх, трыпціх, паліпціх. Часам тэрмін «К.» ўжываюць як сінонім паняцця жанр. З’явілася ў Стараж. Грэцыі ў 4 ст. да н.э. У еўрап. мастацтве вядома з 12 ст., на Беларусі — з 16 ст.

т. 8, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́ЦКАЯ (Людміла Сяргееўна) (н. 24.5.1935, г. Маршанск Тамбоўскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне металапалімерных сістэм. Д-р тэхн. н. (1983), праф. (1991). Скончыла Бел. ін-т інжынераў чыг. транспарту (1958). З 1964 у Ін-це механікі металапалімерных сістэм Нац. АН Беларусі. Навук. працы па разбурэнні і прагназаванні працэсаў старэння палімераў і палімерных кампазітаў пры ўзаемадзеянні іх з навакольным асяроддзем. Даследавала механізм утварэння дэфектаў пад уздзеяннем ультрафіялетавага выпрамянення; распрацавала метады прагназавання даўгавечнасці і спосабы стабілізацыі ўласцівасцей палімерных кампазітаў.

Тв.:

Атмосферостойкость полимерных материалов. Мн., 1993.

т. 8, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)