АХО́ЎНЫЯ ПАКРЫ́ЦЦІ,
штучныя паверхневыя слаі, якія ахоўваюць вырабы і збудаванні ад разбуральнага ўздзеяння асяроддзя, павышаюць трываласць, надаюць ім прывабны выгляд. Бываюць металічныя (з алюмінію, бронзы, жалеза, цынку і інш.) і неметалічныя (лакі, эмалі, фарбы, пластмасы, гума, цэмент, эбаніт і інш.).
Металічныя пакрыцці наносяць гальванічным (гл. Гальванатэхніка), плазмавым (распыленне расплаўленых металаў), кантактным (выдзяляюць металы з раствораў без эл. току) спосабамі, гарачай пракаткай (плакіроўка); практыкуюць алітаванне, залачэнне, цэментаванне. З неметалічных самыя пашыраныя лакафарбавыя пакрыцці. Пластмасавыя пакрыцці (поліэтылен, фтарапласты, вінілавыя пласты, матэрыялы на аснове бакелітавых і эпаксідных смолаў) наносяць на паверхні віхравым ці газаполымным напыленнем або абліцоўкай ліставымі матэрыяламі. Ахоўныя пакрыцці з пластмасаў і гумы засцерагаюць вырабы, пераважна хім. апаратуру, ад дзеяння вады, кіслот і інш. хім. рэагентаў. Керамічныя ахоўныя пакрыцці наносяць плазмавым напыленнем ці эмаліраваннем (ахоўваюць вырабы ад высокіх тэмператур і агрэсіўных асяроддзяў).
т. 2, с. 156
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́БЛАСЦЬ у матэматыцы, абсяг, звязнае адкрытае мноства ў эўклідавай прасторы — мноства, што разам з кожным сваім пунктам змяшчае ў сабе і пэўнае яго наваколле, кожныя два пункты ў якім можна злучыць неперарыўнай лініяй; адно з асноўных паняццяў тапалогіі.
Прыклад вобласці на плоскасці — унутранасць круга (сукупнасць усіх яго пунктаў, апрача акружнасці, якая абмяжоўвае гэты круг). Сукупнасць унутр. пунктаў двух датычных кругоў — адкрытае мноства, але не з’яўляецца вобласцю (два ўнутр. пункты гэтых кругоў нельга злучыць неперарыўнай лініяй, усе пункты якой належаць гэтаму адкрытаму мноству: унутранасці кругоў не маюць агульных пунктаў). Вобласць на прамой — адкрыты інтэрвал (канечны ці бясконцы). Вобласць, дапоўненая ўсімі яе гранічнымі пунктамі, — замкнутая вобласць. Іншы раз вобласцю наз. любое адкрытае мноства ў прасторы. Паняцце вобласці можа быць без змены вызначана ва ўсялякай тапалагічнай прасторы.
т. 4, с. 245
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНЫЯ ЖЫВЁЛЫ,
жывёлы, усё жыццё якіх праходзіць у вадзе. Адрозніваюць першаснаводных (напр., рыбы, ракі) і другаснаводных (ластаногія, кіты, сірэны, некат. чарапахі, змеі, жукі, клапы, лёгачныя бруханогія малюскі).
Паводле спосабу жыцця падзяляюцца на водных жывёл, што жывуць на дне (гл. ў арт. Бентас), прымацаваныя да субстрату над дном (перыфітон), у тоўшчы вады, якія не могуць хутка актыўна перамяшчацца (гл. ў арт. Планктон), у тоўшчы вады і актыўна перамяшчаюцца (нектон), на паверхневай плеўцы вады (нейстон). Воднае асяроддзе (амаль у 800 разоў шчыльнейшае за паветранае) дае магчымасць водным жывёлам з празрыстым, студзяністым целам існаваць без трывалага покрыва або шкілетнага апарату, абумоўлівае характэрныя спосабы руху і інш. Толькі водным жывёлам уласціва размнажэнне дзяленнем і пачкаваннем. Дыханне ажыццяўляецца праз спец. вонкавыя нарасці цела — шчэлепы або ўсёй паверхняй цела.
Г.А.Семянюк.
т. 4, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́СТРАЎСКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1392.
Заключана 5 жн. ў маёнтку Вострава каля г. Ліда паміж польск. каралём і вял. князем літ. Ягайлам і князем гарадзенскім (гродзенскім) і трокскім Вітаўтам аб перадачы апошняму ўлады ў ВКЛ. Феадалы, незадаволеныя Крэўскай уніяй 1385, аб’ядналіся вакол Вітаўта ў перыяд яго барацьбы з Ягайлам 1389—92, якая скончылася Востраўскім пагадненнем. У Вострава прыбылі Ягайла са сваёй жонкай Ядвігай, Вітаўт, князі з пануючай у ВКЛ дынастыі, бел. і літ. феадалы. Паводле пагаднення Вітаўт прызнаваўся пажыццёвым намеснікам караля і фактычным кіраўніком ВКЛ, хоць без тытула «вялікі князь», а з тытулам князя Літвы. Ён абавязаўся захоўваць вернасць каралю, каралеве і польск. кароне. Вітаўт і феадалы, якія яго падтрымлівалі, змянілі знешнепаліт. арыентацыю на Польшчу, а не на Тэўтонскі ордэн, што дало магчымасць узмацніць цэнтр. ўладу ў ВКЛ.
А.П.Грыцкевіч.
т. 4, с. 276
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСЯЛЕ́ННЕ,
пазбаўленне грамадзяніна права карыстацца жылым памяшканнем, якое ён займае. З дамоў дзярж. або грамадскага фонду высяленне дапускаецца, як правіла, у суд. парадку. У адм. парадку з санкцыі пракурора высяляюцца асобы, якія самаўпраўна занялі жыллё ці пражываюць у дамах, якім пагражае абвал. Высяленне з выдзяленнем інш. жылога памяшкання дазваляецца ў выпадках, калі дом пагражае абвалам, падлягае зносу ці пераабсталяванню ў нежылы. Гэта датычыцца таксама ваеннаслужачых і членаў іх сем’яў пры выхадзе ў адстаўку ці ў запас і некаторых катэгорый рабочых і служачых пэўных галін нар. гаспадаркі, якія карысталіся жыллём прадпрыемстваў. Без забеспячэння жыллём высяляюць асоб, якія самаўпраўна занялі жылыя памяшканні, тых наймальнікаў і членаў іх сем’яў, што сістэматычна разбураюць ці псуюць жыллё, выкарыстоўваюць яго не па прызначэнні ці робяць немагчымым для іншых пражыванне ў адной кватэры або доме.
С.У.Скаруліс.
т. 4, с. 326
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТЫ́ЎНАСЦЬ,
1) у хіміі, актыўнасць каталізатара — здольнасць паскараць хім. рэакцыю. Вызначаецца як скорасць рэакцыі ў дадзеных умовах без уліку скорасці той жа рэакцыі пры адсутнасці каталізатара. Паверхневая актыўнасць — здольнасць рэчыва пры адсорбцыі зніжаць паверхневае нацяжэнне на мяжы падзелу дзвюх фазаў. Вызначаецца велічынёй —
, дзе σ — каэфіцыент паверхневага нацяжэння, c — аб’ёмная канцэнтрацыя рэчыва. Уласцівая паверхнева-актыўным рэчывам.
2) У хімічнай тэрмадынаміцы — велічыня, якая адпавядае тэрмадынамічным уласцівасцям рэчыва ў рэальным растворы. Вызначаецца праз змену пэўных фіз. велічыняў (пругкасці пары, т-ры замярзання, кіпення і інш.) пры змене канцэнтрацыі рэчываў у растворах. Адхіленне ўласцівасцяў рэальнага раствору ад уласцівасцяў ідэальнага характарызуецца каэфіцыентам актыўнасці (адносінай актыўнасці да канцэнтрацыі).
3) У ядзернай фізіцы — велічыня, роўная колькасці радыеактыўных распадаў за адзінку часу; адна з асн. характарыстык радыеактыўнасці. Адзінка актыўнасці ў СІ — бекерэль, пазасістэмная адзінка — кюры.
т. 1, с. 213
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАПО́НІКА
(ад гідра... + грэч. ponos праца),
вырошчванне раслін (агароднінных, кветкавых, ягадных і інш.) на штучных пажыўных асяроддзях без глебы.
Пры гідрапоніцы каранёвая сістэма расліны развіваецца ў цвёрдых субстратах (жвір, пясок, мох, торф, друз, гранулы палімераў і інш.), якія перыядычна ўвільгатняюць водным растворам пажыўных элементаў, у вадзе (водная культура) або паветры (аэрапоніка). Для гідрапонных раствораў (pH=5,5—6,5) звычайна выкарыстоўваюць добра растваральныя солі; у іх павінны быць усе неабходныя макра- і мікраэлементы, склад якіх дыферэнцыруюць у залежнасці ад фазы развіцця раслін. Пры вырошчванні раслін метадам гідрапонікі паскараецца іх рост і развіццё, павялічваецца ўраджайнасць і якасць прадукцыі, палягчаецца барацьба з хваробамі і шкоднікамі раслін. Гідрапоніку шырока выкарыстоўваюць у н.-д. працы (у лабараторных і касм. даследаваннях), у прамысл. агародніцтве і кветкаводстве, пры вырошчванні ягадных культур і інш.
т. 5, с. 231
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Налі́снік ’тонкі блін з пшанічнай мукі’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл., Янк. 1, Вешт.; бых., Янк. Мат., Некр., ТС), нале́снік ’тс’ (Нас., Бяльк., Яўс.), ’блінчык з начынкай’ (Мядзв., ТС), нале́снікі ’бліны з мукі, крухмалу без соды, дражджэй’ (Янук.), укр. нали́сник ’блінчык’, рус. нали́стник ’аладка, спечаная на лістах капусты, чамярыцы або на блясе’ (СРНГ), польск. naleśnik ’тонкі блін, спечаны на патэльні’, чэш. nálesnik ’хлеб, спечаны на капусным лісце’. Паводле найбольш вядомай этымалогіі (Даль, Варш. сл., пазней Крэя, JP, 38, 1958, 204 і наст.), ад ліст; іншая версія — ад *lěsa ’рашотка’ з пазнейшым народнаэтымалагічным збліжэннем з ліст, параўн. Трубачоў-Фасмер, 3, 40 (з л-рай).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Неда- прэфіксальны комплекс у складзе слоў тыпу недаесці, недасеяць, недаспелы і пад., што надае дзеясловам і вытворным ад іх значэнне непаўнаты, недастатковасці дзеяння, якасці і г. д., утварыўся аб’яднаннем адмоўя не з прыстаўкай да‑ ў дзеясловах: не дакурыць > недакурыць, параўн. недаку́рак ’акурак’ (карэл., Нар. словатв.) або ў спалучэнні з прыназоўнікам да, параўн. недарэчны ’неразумны, дзіўны, бесталкова з не да рэчы; пазней пры дапамозе гэтага прыставачнага комплекса ўтвараюцца словы, якія могуць не мець суадносных утварэнняў без не-, параўн. недабача́ць ’дрэнна бачыць’ (Расторг.), недамага́ць ’адчуваць недамаганне’ (Сл. ПЗБ). Утварэнні тыпу недачалаве́к ’непаўнацэнны чалавек’ узніклі, відаць, як калькі з ням. Untermensch ’тс’. Параўн. Махэк₂, 393.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
◎ Не́ўкач, неўкача ’калісьці, даўным-даўно’ (Сл. Брэс.), неўкоч, неўкоча ’калісьці; калі-небудзь; у хуткім часе’ (ТС), ’калісьці, даўным-даўно’ (лунін., Жыв. сл.), нёкоч ’некалі, калісьці, даўней’ (пін., Нар. лекс.). Відаць, можа быць збліжала са славен. nekoč ’аднойчы, некалі, калісьці’, што з не (адмоўе) і ko ’калі’ (< къ, гл. к), с — узмацняльная партыкула, адпавядае бел. ч(чы), параўн. гэтачы, колечы і інш. (Карскі 2-3, 71; ESSJ SG, 2, 305–306). Спецыфічная беларуска-славенская паралель можа служыць падставай для рэканструкцыі праславянскага дыялектызма (*ne‑kb‑čb?). Сярод беларускіх слоў больш ранняй формай трэба лічыць форму без устаўнога ў.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)