МАГІЛЁЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1661 Адбылося 11.2.1661 у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. 3.9.1654 Магілёў перайшоў без бою на бок маскоўскага войска. Хутка паміж магістратам і рас. вайсковай адміністрацыяй узніклі супярэчнасці. Выбухнуў канфлікт і паміж бел. праваслаўным духавенствам і маскоўскай іерархіяй. Паўстанне пачалося раней запланаванага тэрміну з-за рабаўніцтва і знявагі на рынку маскоўскімі ратнікамі магілёўскіх гандлярак. Пад умоўны вокліч «Пара! Пара!» бурмістр Язэп Левановіч, узброены катаўскім мячом, кінуўся секчы крыўдзіцеляў; зазваніў ратушны звон. На дапамогу мяшчанам прыйшлі выпушчаныя імі ваеннапалонныя. Маскоўскі гарнізон (ад 2 тыс. да 7 тыс. чал. паводле розных крыніц) амаль цалкам быў вынішчаны, ваявода С.​С.​Гарчакоў трапіў у палон. Найб. актыўныя ўдзельнікі паўстання атрымалі шляхецтва. Магілёву вернута магдэбургскае права, ён быў ураўнаваны ў правах з Вільняй, яму нададзены новы гар. герб.

І.​А.​Марзалюк.

т. 9, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЎЗНАЎЛЯ́ЛЬНЫЯ ПРЫРО́ДНЫЯ РЭСУ́РСЫ,

прыродныя рэсурсы, не здольныя самааднаўляцца за час, сувымерны з тэмпамі іх расходавання чалавекам; частка вычарпальных прыродных рэсурсаў. Напр., карысныя выкапні, глебы, некат. віды жывога і экасістэмы (у колькасным сэнсе), відавы склад жывых істот. Некат. Н.п.р. лічацца эканамічна аднаўляльнымі, калі іх запасы могуць кампенсавацца для гаспадаркі (пэўны час) шляхам удасканалення тэхналогій іх здабычы і выкарыстання, прыцягнення рэзерваў, якія раней не выкарыстоўваліся з-за эканам. немэтазгоднасці, пошуку новых крыніц (напр., некат. карысныя выкапні, біял. рэсурсы акіяна) ці ўзнаўляцца штучна (напр., некат. мінералы, глебы). Рацыянальнае расходаванне Н.п.р. заключаецца ў іх ахове і комплексным і эканамічным выкарыстанні. Асобна вылучаюць групу прыродных рэсурсаў, што не могуць быць адноўлены ў выпадку іх змены ці знікнення, напр., віды, эталоны рэгіянальнай прыроды. Гл. таксама Ахова прыроды, Узнаўляльныя прыродныя рэсурсы.

т. 11, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІДО́ВЕЦ, Свідоўка, Балотніца, Плотніца,

рака ў Жытомірскай вобл. Украіны і ў Гомельскай вобл. Беларусі, правы прыток р. Убарць (бас. р. Прыпяць). Даўж. 61 км, у межах Беларусі — 16 км. Пл. вадазбору 600 км². Пачынаецца за 6 км на ПнЗ ад в. Кованка Алеўскага р-на Жытомірскай вобл., вусце каля в. Картынічы Лельчыцкага р-на (раней рака ўпадала ў р. Лохніца — прыток р. Убарць). Цячэ ў межах Палескай нізіны. Даліна амаль на ўсім працягу невыразная. Пойма ў верхнім і сярэднім цячэнні чаргуецца па берагах, у ніжнім — суцэльная, шыр. да 1,5 км, парасла лесам і хмызняком, месцамі адкрытая, лугавая, у асн. забалочаная. Рэчышча ў верхнім і сярэднім цячэнні слабазвілістае, шыр. 6—8 м, у ніжнім шыр. 15 м, на тэр. Беларусі каналізаванае. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. сістэм.

т. 14, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

адло́мак, ‑мка, м.

1. Адламаны кавалак чаго‑н.; абломак. Адломак касы. □ Невядома, з якіх часоў стаялі над імі [палоскамі вады] засохшыя адломкі старых спарахнелых алешын, як свечкі, і маркотна глядзелі ў неба. Колас.

2. перан. Рэшткі таго, што раней існавала. Чырвонай Арміі Адважныя атрады Далёка кінулі Адломкі белых зграй. Лявонны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

а́спід ​1, ‑а, М ‑дзе, м.

1. Ядавітая змяя, якая водзіцца ў трапічных і субтрапічных краінах.

2. Разм. лаянк. Пра благога, падступнага чалавека.

[Грэч. aspis.]

а́спід ​2, ‑у, М ‑дзе, м.

Уст. Слаісты мінерал чорнага колеру, які раней ішоў на вытворчасць грыфельных дошак; тое, што і аспідны сланец (гл. сланец).

[Ад грэч. iaspis — яшма.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

намо́віцца, ‑моўлюся, ‑мовішся, ‑мовіцца; зак.

Разм. Дагаварыцца аб чым‑н., дамовіцца. — А панна Габрыня за гэты час пастарэла, — не адказваючы на пытанне панны Ядвісі, сказаў Лабановіч. — Ну, што гэта вы! Як бы раней намовіліся, — запратэставала маленькая Габрынька. — І татка называе мяне старэнькаю, і вы тое самае кажаце. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нядба́йны, ‑ая, ‑ае.

Які абыякава, нядобрасумленна адносіцца да сваіх абавязкаў, спраў; лянівы. Быў тут раней брыгадзірам чалавек нядбайны і ўсё давёў да крайнасці. Кулакоўскі. І сынам трохі нездаволены дзед: нядбайны. Паспаць любіць. То печы, то жонкі пільнуецца. Колас. // Які сведчыць аб чыёй‑н. абыякавасці, нядобрасумленнасці. Нядбайныя адносіны да працы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падчыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Разм. Пачытаць выбарачна, у дадатак да раней прачытанага. Карыстаючыся вольным днём, Сцёпка падчытаў сёе-тое з таго, што ўваходзіла ў праграму яго дзейнасці на вёсцы. Колас.

2. Спец. Прачытаць услых тэкст арыгінала з тым, каб другая асоба пры гэтым зверыла тэкст копіі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́слы, ‑ая, ‑ае.

Высокага росту. [Сямён] быў такі ж, як і раней: рослы, шыракаплечы, з моцнай шыяй, з бялявым непакорным [віхром]. Мележ. Ён быў самым рослым у класе — І мянушку далі яму «Тата». Блатун. // Які дасягнуў значнай вышыні, высокі (пра расліны). Рослыя ліпы і клёны Цягнуцца ўгору ля вокан. Калачынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спрада́ць ​1, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасце, ‑дадуць; пр. спрадаў, ‑дала, ‑ло; зак., каго-што.

Прадаць усю маёмасць дарэшты (звычайна па частках). Раней у .. [Якава] была свая хата, зямля, гаспадарка неблагая, але ўсё гэта ён спрадаў, калі жонка захварэла на сухоты. Каліна.

спрада́ць ​2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да спрасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)