злаякаснае новаўтварэнне лімфоіднай тканкі. Апісаны англ. урачом Т.Ходжкіным (1832). Паходжанне невядома. Часцей хварэюць дзеці і маладыя людзі. Адрозніваюць 4 стадыі Л.: лакалізаваная — пашкоджанне аднаго (некалькіх) сумежных груп лімфавузлоў; рэгіянарная — розных груп несумежных лімфавузлоў з аднаго боку дыяфрагмы (ў грудной або брушной поласцях); генералізаваная — толькі лімфатычнай сістэмы (лімфатычныя вузлы, селязёнка, міндаліны і г.д.); дысемінаваная — усёй лімфатычнай сістэмы і ўнутр. органаў (лёгкіх, печані, нырак, касцей, мяккіх тканак, скуры і г.д.). Л. можа працякаць з мясц. сімптомамі (павелічэнне лімфавузлоў) і з прыкметамі агульнай інтаксікацыі (павышэнне т-ры цела, хвалепадобная ліхаманка, адсутнасць апетыту, зніжэнне масы цела, сверб скуры, падскурныя кровазліцці, жаўтуха і інш.). Лячэнне — комплексная хіміяпрамянёвая тэрапія.
Літ.:
Переслегин И.А., Филькова Е.М. Лимфогранулематоз. М., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОЧАКАМЯНЁВАЯ ХВАРО́БА,
хранічная хвароба мачавой сістэмы чалавека і жывёл, якая характарызуецца парушэннем абмену рэчываў з утварэннем у нырках і мачавых шляхах камянёў з солей мачы ці бялковых. Найб. частая форма М.х. — нырачнакамянёвая хвароба. У чалавека камяні часцей бываюць у правай нырцы, у 15—20% хворых на М.х. — у абедзвюх нырках. Прыкметы залежаць ад месца знаходжання камянёў, напр., камяні нырак выклікаюць тупы ныючы боль у паяснічнай вобласці ці нырачнае калаццё, моташнасць, ірвоту, павышэнне т-ры; камяні мачавога пузыра — раздражненне і запаленне мачавога пузыра, рэзі пры мочаспусканні, дамешкі крыві ў мачы. Ускладанне М.х. — анурыя, пры якой у арганізме назапашваюцца ядавітыя прадукты абмену рэчываў, што вядзе да развіцця урэміі. Лячэнне: тэрапеўтычнае, комплекснае, санаторна-курортнае, хірургічнае, дыета. У жывёл на М.х. хварэюць коні, буйн. раг. жывёла, авечкі, радзей сабакі, пушныя звяры і птушкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕПРАЦАЗДО́ЛЬНАСЦЬ,
часовая або ўстойлівая страта прафес.працаздольнасці чалавекам. Адрозніваюць мед. (захворванні, няшчасныя выпадкі, аборты), прафілакт. (санаторна-курортнае лячэнне, цяжарнасць і роды) і сац. (догляд хворага члена сям’і, каранцін, пратэзаванне ў стацыянары) проціпаказанні да выканання прафес. дзейнасці. Часовая Н. узнікае пры вострых ці абвастрэнні хранічных хвароб, траўмах і інш., засведчваецца лістком Н. або даведкай. Дакумент аб часовай Н. выдаецца асобам, што падлягаюць дзярж. страхаванню, беспрацоўным, якія атрымліваюць дапамогу па беспрацоўі. Лісток Н. вызваляе ад работы, з’яўляецца падставай для атрымання сац. дапамогі. Часовая Н. студэнтаў засведчваецца даведкай. Ступень Н., яе ўстойлівасць і від устанаўліваюцца па выніках мед. абследавання ў медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі, урачэбна-кансультацыйнай камісіі. Пры працяглай Н. хворыя накіроўваюцца на медыка-рэабілітацыйную экспертную камісію. Пры ўстойлівай або неабарачальнай Н. (інваліднасці) назначаецца дзярж.пенсія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЛА́ГРА (ад італьян. pelle agra шурпатая скура),
захворванне, абумоўленае недастатковасцю ў арганізме або няпоўным засваеннем ім нікацінавай кіслаты, трыптафану, рыбафлавіну. Пашкоджвае скуру (дэрматоз), страўнікавы тракт, парушае псіхіку. Часцей хварэюць дарослыя. Паталогія страўнікава-кішачнага тракту (энтэрыты, лямбліёз) зніжае забяспечанасць арганізма нікацінавай к-той. Фактары, якія павялічваюць патрэбу ў нікацінавай к-це — цяжарнасць, цяжкая фіз. праца, ператамленне. П. часцей бывае ў вясенне-летні перыяд. Прыкметы: на скуры сім. высыпка эрытэматозных плям (нагадваюць сонечны дэрматыт), скура набывае шэры колер, робіцца сухой, шурпатай, з тлустымі лускаватымі адкладамі, развіваецца атрафія, гіперпігментацыя. На плямах утвараюцца пухіркі, язвы, якія павольна рубцуюцца. Змены нерв. сістэмы: апатыя, вяласць, полінеўрыты, сутаргі і інш. Неабходна адрозніваць ад парфірыі скуры, таксідэрміі, фотадэрматозу. Хварэюць таксама жывёлы. Лячэнне: вітаміна- і дыетатэрапія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́НА,
механічнае пашкоджанне тканак і органаў цела з парушэннем цэласці іх покрыва. Паводле ўмоў узнікнення адрозніваюць Р. аперацыйныя, выпадковыя, баявыя; паводле механізма ранення і характару пашкоджання — рэзаныя, колатыя, рубленыя, ад укусаў, ірваныя, скальпаваныя (пры адслойцы або адрыве значных участкаў скуры), агнястрэльныя і інш. Адрозніваюць таксама датычныя, сляпыя і навылётныя, пранікальныя (пры раненнях жывата, чэрапа, суставаў) і непранікальныя, з пашкоджаннем унутр. органаў (або без); адзінкавыя, множныя, спалучаныя, камбінаваныя. Паводле асаблівасцей мікробнай флоры Р. бываюць стэрыльныя і інфіцыраваныя. Пасля ранення адбываецца першаснае ачышчэнне Р. ў выніку траўматычнага ацёку, сціскання Р. і выціскання наверх амярцвелых і прамочаных крывёй тканак; другаснае ачышчэнне — у выніку развіцця запалення і дзейнасці мікраарганізмаў. Зажывае Р. з утварэннем рубца. Прыкметы Р.: боль, мясц. запаленне, крывацёк, кровазліццё і інш.Лячэнне: хірург. апрацоўка, антыбіётыкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНА́ЦЫЯ (лац. sanatio лячэнне, аздараўленне) у праве, працэдура конкурснага вядзення справы, якая прадугледжвае пераход права ўласнасці, змену дагаворных і інш. абавязацельстваў, рэарганізацыю, рэструктурызацыю або аказанне фін. падтрымкі даўжніку. Ажыццяўляецца для аднаўлення яго ўстойлівай плацежаздольнасці і ўрэгулявання ўзаемаадносін даўжніка і крэдытораў ва ўстаноўленыя тэрміны. На Беларусі прадугледжана законам «Аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве)» ад 18.7.2000. Уводзіцца гасп. судом на падставе рашэння сходу крэдытораў ці па ўласнай ініцыятыве ў выпадках, прадугледжаных законам. Рашэнне гасп. суда аб С. падлягае неадкладнаму выкананню. Уводзіцца на тэрмін да 18 месяцаў з дня вынясення рашэння аб яе правядзенні, калі інш. не прадугледжана законам. Пасля заканчэння С. эканам. санкцыі за невыкананне плацежных абавязацельстваў, а таксама сумы прычыненых страт, якія даўжнік абавязаны выплаціць крэдытору, могуць быць прад’яўлены да выплаты ў памерах, што існавалі на дату адкрыцця працэдуры банкруцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
chorobowy
chorobow|y
хваробны;
zasiłek chorobowy — дапамога на лячэнне;
być na ~ym — быць на бальнічным;
iść (pójść) na ~e — ісці (пайсці) на бальнічны;
karta ~a — гісторыя хваробы
Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)
Kurf -, -en
1) лячэ́нне, курс лячэ́ння;
zur ~ sein быць на лячэ́нні;
éine ~ erhálten* атрыма́ць санато́рную пуцёўку;
éine ~ máchen прахо́дзіць курс лячэ́ння
2):
j-m die ~ máchen заляца́цца (да жанчыны)
Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.)
АРГАНАТЭРАПІ́Я,
лячэнне прэпаратамі, атрыманымі з залоз унутранай сакрэцыі або інш. органаў і тканак жывёл. Часцей мае замяшчальны характар — уводзяцца рэчывы, якіх не хапае ў арганізме хворага і якія выпрацоўваюцца або назапашваюцца ў адпаведных органах. Да арганатэрапіі належыць і перасадка органаў (касцявы мозг, ныркі, печань, сэрца), калі яны не выконваюць сваіх функцый (гл.Трансплантацыя). Да арганапрэпаратаў адносяцца прэпараты гіпофіза (пітуітрын, пралактын, АКТГ), шчытападобнай залозы (тырэаідзін), парашчытападобных залозаў (паратгармон), падстраўнікавай залозы (інсулін, ліпакаін), кары паднырачнікаў (картызон), вілачкавай залозы (тымазін), жаночых (фалікулін, сінестрол, прагестэрон) і мужчынскіх (метыландрастэндыёл) палавых органаў. Прэпараты ўводзяцца ўнутрымышачна або ўнутрывенна. Выцяжка з селязёнкі (спленін) стымулюе імунітэт. Пры нізкай страўнікавай сакрэцыі ў хворых на гастрыт, пры язвавай хваробе як замяшчальны выкарыстоўваюць страўнікавы сок сабак, свіней (натуральны сок, сугаст). У гематалагічнай практыцы выкарыстоўваецца натуральная кроў, плазма крыві, суспензія эрытрацытаў, трамбацытаў. Яны выконваюць замяшчальную функцыю і стымулююць імунітэт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЕФАРЫ́Т (ад грэч. blepharon павека + ...іт),
запаленне краёў павекаў. Адна з пашыраных і працяглых хвароб вачэй. Прычыны ўзнікнення: хранічныя інфекц. і інфекцыйна-алергічныя хваробы, гіпавітамінозы, анеміі, хваробы страўнікава-кішачнага тракту, эндакрынныя парушэнні, глісныя інвазіі, хранічны танзіліт і інш. Развіццю блефарыту спрыяюць хранічныя кан’юнктывіты, запаленні слёзных шляхоў, гіперметрапія і астыгматызм вока, уздзеянні ветру, пылу, дыму.
Адрозніваюць блефарыт просты (лускаваты), язвавы і ангулярны. Для ўсіх відаў блефарыту характэрны сверб, адчуванне цяжару павекаў, хуткая стамляльнасць вачэй і павышаная адчувальнасць іх да святла. Назіраецца пачырваненне і патаўшчэнне краёў павекаў каля асновы вейкаў — дробныя сухія паслойныя шаравата-белыя лускавінкі ці жаўтаватыя скарыначкі, пры гнойных — кроватачывыя язвачкі. Пры іх рубцаванні парушаецца рост вейкаў. Прычынай блефарыту бывае себарэя. Стафілакокавы блефарыт можа выклікаць абсцэс тлушчавай залозы валасянога фалікула — вонкавы ячмень. Пры ангулярным блефарыце запаляюцца краі вонкавай і ўнутр. спаек павекаў. Лячэнне тэрапеўтычнае.