МАРФЕ́МА (ад грэч. morphē форма),
адна з асноўных адзінак мовы; мінімальны знак — адзінка, у якой за пэўнай фанетычнай формай (азначаючым) замацаваны пэўны змест (азначаемае) і якая не дзеліцца на больш простыя адзінкі таго ж роду. У маўленчай плыні М. рэалізуецца ў выглядзе канкрэтных варыянтаў — морфаў (напр., у словах «рак-а», «рэч-к-а», «рач-н-ы» морфы «рак-», «рэч-», «рач-» рэпрэзентуюць адну М). Паводле становішча ў сістэме мовы М. падзяляюць на свабодныя (матэрыяльна супадаюць з асновай хоць бы ў адным неслужбовым слове, напр., М. «хмар-»), звязаныя (ніколі не супадаюць з асновай, напр., М. «-у-» у словах «абуць», «абутак») і адносна звязаныя (напр., бел. «да» у «даляцець да ракі»). Паводле функцыі М. падзяляюць на службовыя (афіксальныя, гл. Афікс) і неслужбовыя (каранёвыя, гл. Корань); першыя звычайна звязаныя, другія — свабодныя. Ад ролі ў складзе слова М. падзяляюць на словаўтваральныя, ці дэрывацыйныя («пра-дзед»), словазмяняльныя, ці рэляцыйныя («вез-ці»), і формаўтваральныя, ці рэляцыйна-дэрывацыйныя («прыгаж-эйш-ы»), у залежнасці ад паходжання — на ўласныя і запазычаныя. М. могуць быць матэрыяльна выражанымі ці нулявымі («стол» — «стал-ы»). Паняцце «М.» ў мовазнаўства ўвёў рас. вучоны І.А.Бадуэн дэ Куртэнэ (1881). Вучэнне пра М. вылучаецца ў асобную галіну мовазнаўства — марфеміку.
Літ.:
Шакун Л.М. Словаўтварэнне. Мн., 1978;
Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987.
П.П.Шуба.
т. 10, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕСІЯНІ́ЗМ,
1) рэлігійнае вучэнне пра будучае выратаванне чалавецтва дзякуючы прыходу звышнатуральнай істоты — месіі, збавіцеля. Узнік у стараж. іудаізме і быў абумоўлены іншаземным панаваннем, сац. эксплуатацыяй і расчараваннем стараж. яўрэяў у вучэнні пра заступніцтва Яхве. У хрысціянстве М. заснаваны на веры ў выратаванне Хрыстом не якой-н. канкрэтнай нацыі, а ўсяго чалавецтва і ў яго «другое прышэсце» пасля страшнага суда для ўсталявання на Зямлі вечнага «божага царства». Непасрэднае іудзейска-хрысц. паходжанне мае М. у будызме. У мусульман-шыітаў ён пашыраны ў форме вучэння пра махдзі-месію, які павінен аб’явіцца ў час другога прышэсця «схаванага імама».
2) Погляды на асаблівую ролю якога-н. народа, дзяржавы, сац. групы, арг-цыі, асобы ў вырашэнні грамадскіх праблем, канкрэтна-гіст. крызіснай сітуацыі. Месіянская канцэпцыя набыла своеасаблівае развіццё ў ідэалогіі сіянізму, у канцэпцыі асаблівай гіст. ролі Маскоўскай дзяржавы як «трэцяга Рыма» і богавыбранні рус. народа (гл. Славянафільства, Стараверства). Крыжовыя паходы і рэліг. войны натхняліся ідэяй асаблівай рэліг. місіі іх ініцыятараў, ажыццяўленне якой пажадана Богу і вядзе да ўсталявання «ісціннай» рэлігіі. Аднак з развіццём секулярызацыйных працэсаў М. паступова страчвае рэліг. змест. Ва ўмовах абвастрэння сац.-паліт. крызісаў растуць грамадскія надзеі на харызматычныя якасці таго ці інш. лідэра, магчымасці якіх-н. паліт. рухаў, партый, звышнатуральнае ўмяшанне незямных сіл і г.д.
І.В.Катляроў.
т. 10, с. 300
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТРАГРА́ФІЯ (ад грэч. petros камень + ...графія),
навука аб горных пародах. У шырокім паняцці П. — тое, што петралогія, у вузкім — апісальная частка навукі пра горныя пароды (вывучэнне мінер. і хім. саставу, структуры і тэкстуры). Займаецца пытаннямі класіфікацыі і наменклатуры горных парод па розных прыкметах.
Як самастойная навука зарадзілася ў пач. 19 ст. (класіфікацыя горных парод франц. вучонага А.Браньяра, 1813) і інтэнсіўна развіваецца з сярэдзіны 19 ст. (даследаванні з дапамогай палярызацыйнага мікраскопа; англ. фізікі У.Нікаль і Г.К.Сорбі; 1849). З пашырэннем мікраскапічных даследаванняў з’явіліся класіфікацыі горных парод ням. геолагаў Ф.Цыркеля (1866) і К.Г.Розенбуша (1873), рас. петрографа Ф.Ю.Левінсона-Лесінга (1893). У 1-й пал. 20 ст. пачаты петрахім. і геахім. даследаванні (рас. вучоныя У.І.Вярнадскі, А.Я.Ферсман, А.М.Заварыцкі, амер. Ф.Кларк і інш.) У 1950—70-я г. створаны новы кірунак у П. — вучэнне аб магматычных і метамарфічных фармацыях (Ю.А.Кузняцоў і інш.). З даследаванняў амер. вучонага Р.Горансана (1937) пачаўся этап развіцця эксперыментальнай П. Тэхнічная П. даследуе састаў і ўласцівасці шлакаў, цэменту, керамікі, шкла, каменнага ліцця (рас. вучоны Дз.С.Бялянкін); П. буд. каменю — якасці буд. матэрыялаў. П. касм. аб’ектаў вывучае метэарыты, узоры парод з Месяца і г.д.
І.В.Найдзянкоў.
т. 12, с. 331
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІХАФІЗІ́ЧНАЯ ПРАБЛЕ́МА,
у шырокім сэнсе — пытанне пра суадносіны псіхічных і фізічных з’яў; у вузкім — пра суадносіны псіхічных і фізіялагічных (нервовых) працэсаў. Думка пра залежнасць псіхікі (душэўных выяўленняў) ад прыроды і цела з’явілася ўжо ў стараж.-грэч. натурфіласофіі. Навук. распрацоўка П.п. пачалася ў філасофіі 17 ст., калі ўсталявалася механіст. карціна свету і псіхічныя з’явы разглядаліся як неаддзельныя ад цела і падпарадкаваныя законам сусвету. Узніклі 2 процілеглыя варыянты вырашэння П.п.: псіхафізічнае ўзаемадзеянне (Р.Дэкарт) і псіхафізічны паралелізм (Г.Лейбніц). Паводле Дэкарта, свядомасць з’яўляецца субстанцыяй, якая адрозніваецца ад цела, але, з аднаго боку, залежыць ад яго (пры афектах, адчуваннях і інш.), з другога — уздзейнічае на цела (напр., пры валявым намаганні). Прыхільнікі псіхафіз. паралелізму сцвярджалі, што псіхічныя і фіз. працэсы працякаюць паралельна, без узаемадзеяння (Н.Мальбранш, Д.Гартлі). Ідэя псіхафіз. паралелізму набыла папулярнасць у 19 ст. Але вучэнне Ч.Дарвіна патрабавала разумець псіхіку як актыўны рэгулятар жыццёвых працэсаў. Узніклі новыя канцэпцыі П.п.; атаясамліванне псіхічнага і фізічнага і іх адрозненне толькі па функцыях, «комплексных адчуваннях» (У.Джэмс, Э.Мах); сцвярджэнне невырашальнасці П.п. навук. сродкамі (гл. Неапазітывізм). На стыку псіхалогіі і нейрафізіялогіі вылучылася псіхафізіялогія, якая вывучае розныя формы залежнасці псіхічных актаў ад іх фіз. субстрату і ролю гэтых актаў у арг-цыі і рэгуляцыі жыццядзейнасці.
т. 13, с. 104
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАРУ́Х,
унутрана неабходнае самаадвольнае змяненне сістэмы ў выніку супярэчнасцей, апасродкаваных знешнімі ўмовамі і ўплывамі. Уласцівы аб’ектам усіх узроўняў пабудовы — ад мех., квантава-фіз. (змены ў субатамных, атамных і малекулярных сістэмах у выніку няўстойлівасці іх структур) і хім. (працэсы С. ў каталітычных сістэмах) да біял. і сац. ўзроўняў. На хім., біял. і сац. узроўнях С. выяўляецца ў адкрытых і цэласных сістэмах (арганізм, грамадства, біясфера); для іх характэрны вышэйшы тып С., якому ўласцівы пераход на больш высокую ступень арганізацыі — самаразвіццё. Прынцып С. разглядаўся яшчэ ў стараж.-грэч. філасофіі (Арыстоцель, Геракліт). Ідэю С. развіваў Г.Лейбніц, які выявіў дзейны пачатак у цялеснай субстанцыі. Вучэнне пра С. матэрыі прапанавалі франц. матэрыялісты (К.Гельвецый, П.Гольбах, Д.Дзідро). І.Ньютан і шэраг філосафаў-метафізікаў 18 ст. адмаўлялі магчымасць С. і сцвярджалі, што кожны рух мае знешнюю крыніцу (абсалютны першапачатак, Бог). Разгорнутую канцэпцыю С. і яго модусаў распрацаваў Г.Гегель, які разглядаў С. як формы самавыяўлення абсалютнай ідэі. Гл. таксама Рух, Развіццё, Самаарганізацыя, Сінергетыка.
Літ.:
Свидерский В.И. Противоречивость движения и ее проявления. Л., 1959;
Морозов В.Д. Проблема развития в философии и естествознании. Мн., 1969;
Солопов Е.Ф. Движение и развитие. Л., 1974;
Самоорганизация: кооперативные процессы в природе и обществе. Ч. 1—2. М., 1990;
Концепция самоорганизации в исторической ретроспективе. М., 1994.
М.В.Тараткевіч.
т. 14, с. 135
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛОВАЎТВАРЭ́ННЕ,
1) утварэнне новых слоў (словатворчасць) ад аднакаранёвых слоў або ад словазлучэнняў спосабамі, прынятымі ў пэўнай мове. У бел. мове б.ч. новых слоў утвараецца шляхам афіксацыі — далучэння да ўтваральнай асновы суфікса («трактар — трактар-ыст»), прыстаўкі («магутны — звыш-магутны») або іх разам («мяжа — уз-меж-ак»). Прадуктыўнае складанне — аб’яднанне ў складанае слова слоў ці іх асноў («новая будоўля — новабудоўля») або толькі частак слоў ці пачатковых літар і гукаў, т.зв. абрэвіятур («Мінскі аўтамабільны завод — МАЗ»). Радзей узнікаюць словы за кошт пераходу слоў з адной часціны мовы ў другую (напр., прыметніка ў назоўнік — «хворы чалавек — хворы ачуняў»), пераасэнсавання значэння слова («куль» — вялікі рагожны мяшок і задняя частка рыбалоўнай снасці). С. — найважнейшая крыніца ўзбагачэння слоўніка мовы, гал. шлях узнікнення тэрмінаў. С. супрацьстаіць формаўтварэнню і словазмяненню.
2) Раздзел мовазнаўства, які вывучае словаўтваральную сістэму мовы. Уключае марфеміку (вучэнне пра значымыя часткі слова — марфемы) і ўласна С. (вывучае структуру і значэнне вытворных слоў, сродкі і спосабы іх утварэння, спосабы групоўкі вытворных слоў у словаўтваральныя тыпы, рады і гнёзды; ступень рэгулярнасці і прадуктыўнасці словаўтваральных сродкаў — фармантаў і тыпаў — на сучасным этапе і ў гіст. развіцці бел. мовы).
Літ.:
Сцяцко П.У. Беларускае народнае словаўтварэнне. Мн., 1977;
Шакун Л.М. Словаўтварэнне. Мн., 1978;
Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.
П.У.Сцяцко.
т. 15, с. 12
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́ЦЫН, Сацыні (Socyn, Socinus Sozzini) Фауст (5.12.1539, г. Сіена, Італія — 3.3.1604), італьянскі тэолаг-антытрынітарый, філосаф, заснавальнік сацыніянства. Скончыў ф-т права ў г. Ліён. Служыў сакратаром пры двары фларэнційскага князя Казіма I Медычы. З 1574 займаўся рэфарматарскай дзейнасцю (гл. Рэфармацыя) у тагачасным цэнтры рэліг. вальнадумства г. Базель. З 1579 у Кракаве, актыўна ўключыўся ў радыкальна-рэфармацыйны рух Польшчы і ВКЛ. З 1588, калі на сінодзе ў Брэсце прыхільнікі С. атрымалі ідэйную перамогу, ён стаў ідэолагам польскага і бел. антытрынітарызму. У ідэйнай спрэчцы правага і левага крыла антытрынітарыяў займаў цэнтрысцкія пазіцыі. Успрыняў і развіў некат. сац. і рэліг.-філас. ідэі С.Буднага, але асуджаў яго вучэнне пра натуральнае паходжанне Ісуса Хрыста і выступаў супраць атэіст. тэндэнцый у антытрынітарызме. Вырашальным крытэрыем у ацэнцы Бібліі лічыў індывідуальны чалавечы розум. Сцвярджаў, што чалавек валодае свабоднай воляй, якая кіруе розумам і мараллю. Таму ва ўратаванні чалавека вызначальную ролю адыгрываюць не царк. прадпісанні, а свабодны выбар. Антрапалагічнаму песімізму кальвінізму проціпаставіў гуманістычны аптымізм, заснаваны на веры, што кожны чалавек здольны заслужыць уратаванне пры дапамозе індывідуальных духоўна-маральных намаганняў.
Літ.:
Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы: (Вторая половина XVI — начало XVII в.). Мн., 1970;
Яго ж. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мн., 1990.
С.А.Падокшын.
т. 15, с. 92
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭАСО́ФІЯ (ад грэч. theos бог + sophia мудрасць),
у шырокім сэнсе — містычнае богапазнанне. У адрозненне ад тэалогіі, якая базіруецца на рэліг. догматах, у аснове Т. — суб’ектыўны містычны вопыт, выкладзены ў выглядзе цэласнай сістэмы. Да Т. адносяць герметызм, гнастыцызм, кабалу, неаплатанізм, разенкрэйцараўскае светаразуменне, а таксама шэраг вучэнняў 16—18 ст., якія знаходзяцца па-за межамі царк. традыцыі (Я.Бёме, Парацэльс, Л.К.Сен-Мартэн, Э.Сведэнбарг, Ф.Этынгер і інш.). Ф.Шэлінг разумеў пад Т. сінтэз містычнага богапазнання і рацыянальнай філасофіі; набліжана да такога вызначэння паняцце «свабодная Т.» ў У.С.Салаўёва. Ідэі Т. паслужылі прадметам асэнсавання М.Гандзі, А.І. і М.К. Рэрыхаў, В.Кандзінскага і інш. У вузкім сэнсе Т. — эзатэрычнае вучэнне А.П.Блавацкай, выкладзенае ёй у працы «Сакрэтная дактрына» (1888). Склалася пад уплывам брахманізму, будызму, індуізму, акультызму і некат. элементаў гнастыцызму; характарызуецца імкненнем аб’яднаць розныя рэліг. вучэнні праз раскрыццё тоеснасці сэнсу рэліг. сімвалаў і стварыць на гэтай аснове універсальную рэлігію, не звязаную пэўнай дагматыкай. У 1875 у Нью-Йорку было створана тэасофскае т-ва, уплыў якога хутка пашырыўся ў краінах Еўропы і Азіі; у 1879 яго цэнтр перанесены ў Індыю. У канцы 1900 — пач. 1910-х г. у тэасофскім т-ве адбыўся раскол, у выніку чаго створана антрапасофская школа на чале з Р.Штайнерам (гл. Антрапасофія).
т. 16, с. 90
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
тэі́зм
(фр. théisme, ад гр. theos = бог)
рэлігійна-філасофскае вучэнне, якое грунтуецца на разуменні бога як абсалютнай асобы, што стварыла свет і дзейнічае ў ім.
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
ламаркі́зм
[ад фр. J. Lamarck = прозвішча фр. прыродазнаўцы (1744—1829)]
вучэнне аб эвалюцыйным развіцці жывой прыроды, паводле якога змены пад уздзеяннем знешніх умоў мэтаўзгоднены з унутраным імкненнем арганізмаў да ўдасканалення.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)