ГАЛАМБЁЎСКІ ((Gołębiowski) Лукаш Іосіфавіч) (13.10.1773, в. Пагост Пінскага р-на Брэсцкай вобл. — 7.1.1849),

польскі гісторык, этнограф, архівіст. Скончыў манаскую школу ў Дубровіцы на Палессі. Працаваў бібліятэкарам у гісторыка Т.Чацкага. Удзельнік паўстання ў 1794. У 1818—23 бібліятэкар у Пулавах. З 1818 чл. Т-ва сяброў навук, у 1824—31 яго сакратар (звольнены пасля задушэння паўстання 1830—31). З 1827 праф. л-ры пед. ін-та. Аўтар адной з першых прац па гісторыі Варшавы «Гістарычна-статыстычнае апісанне горада Варшавы» (1826). У кн. «Люд польскі, яго звычаі, забабоны» (1830) змясціў свае назіранні над адзеннем беларусаў, апісанні вяселля, радаўніцы, інш. абрадаў і звычаяў, узятыя з прац З.Даленгі-Хадакоўскага, М.Чарноўскай і інш. Бел. матэрыялы і ў кн. «Гульні і забавы розных саслоўяў ва ўсім краі або ў некаторых толькі правінцыях» (1831). Упершыню ў этнагр. л-ры апісаў абрад «Куста» на Палессі, апублікаваў забаўлянку «Сарока-варона», дажынкавую песню, легенды пра папараць-кветку, ноты бел. купальскай і русальнай песень. З працы Чарноўскай запазычыў апісанні святкавання купалля і русалак. Апісваў побыт, нар. абрады, звычаі, святы, фальклор палякаў, беларусаў, украінцаў, рускіх. Аўтар прац «Гісторыя Польшчы» (т. 1—3, 1846—48), «Кабінет польскіх медалёў з часу панавання Станіслава Аўгуста» (1843; змешчана ў кн. Э.Рачынскага «Кабінет польскіх медалёў»), «Гісторыя польскай ваеннай справы» і інш. (многія ў рукапісах).

Літ.:

Васілевіч У.А. [Лукаш Галамбёўскі] // Каханоўскі Г.А., Малаш Л.А., Цвірка К.А. Беларуская фалькларыстыка: Эпоха феадалізму. Мн., 1989. С. 61—64.

І.У.Саламевіч.

т. 4, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАЧА́НІКАЎ (Анатоль Сямёнавіч) (8.9.1938, в. Шарпілаўка Гомельскага р-на — 7.3.1991),

бел. паэт. Скончыў Бел. ін-т інжынераў чыг. Транспарту (1960), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1969). З 1971 нам. старшыні праўлення СП Беларусі. Гал. рэдактар час. «Вясёлка» (з 1976), «Бярозка» (з 1978), «Маладосць» (з 1982). Друкаваўся з 1957. У зб-ках «Магістраль» (1964), «Круглая плошча» (1971), «Грыбная пара» (1973, Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1974), «Начная змена» (1975), «Дрэва на выспе» (1977), «Верасень» (1984), «Жнівень — 45» (1990) — любоў да роднага краю, прыроды, шматграннасць духоўнага свету сучасніка, тонкі лірызм, драматызм перажыванняў, гарманічнае адзінства зместу і формы. Пісаў для дзяцей (кн. «Жывая вада», 1985, і «Зорны палёт», 1988). За кн. вершаў «Казка пра Івана-ганчара і пачвару цара» (1980), «Палессе», «Валерка і лятаючая талерка» (абедзве 1983) Дзярж. прэмія Беларусі 1984. Асобныя яго вершы пакладзены на музыку («Дударыкі», «Белая лілея», «Над Белай Руссю — белы снег...» і інш.). Выступаў як публіцыст, крытык, перакладчык (зб. паэзіі Зульфіі «Такое сэрца ў мяне», з Э.Агняцвет, 1985, і інш.). Аўтар кн. сатыры і гумару «Школа танцаў» (1988).

Тв.:

Калі далёка ты... Мн., 1979;

Я вас люблю... Мн., 1986;

Выбранае. Мн., 1988.

Літ.:

Бярозкін Р. Паэзія — лёс і адказнасць // Полымя. 1971. № 7;

Лойка А. Паэзія і час. Мн., 1981;

Чабан Т. Крылы рамантыкі. Мн., 1982;

Гніламёдаў У. Ля аднаго вогнішча. Мн., 1984.

І.У.Саламевіч.

т. 5, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУГА́Я ІМПЕ́РЫЯ,

перыяд праўлення ў Францыі імператара Напалеона III

[2.12.1852—4.9.1870],

які прыйшоў да ўлады ў выніку дзярж. перавароту, што скасаваў Другую рэспубліку. Вераснёўская рэвалюцыя 1870 знішчыла Д.і. і абвясціла Францыю рэспублікай.

ДРУГА́Я КАНФЕРЭ́НЦЫЯ КАМПА́РТЫІ ЛІТВЫ́ І ЗАХО́ДНЯЙ БЕЛАРУ́СІ.

Адбылася 2—4.2.1919 у Вільні. Прысутнічалі 32 дэлегаты з рашаючым і 32 з дарадчым голасам ад больш чым 5 тыс. чл. КПЛіЗБ. Парадак дня: справаздача ЦК (П.Эйдукевіч), тактыка партыі (К.Цыхоўскі), даклады з месцаў, сав. будаўніцтва, агр. пытанне (З.І.Ангарэціс), адносіны да Часовага рэв. рабоча-сял. ўрада, аб’яднанне Літ. і Бел. Сав. рэспублік. Канферэнцыя паставіла перад парт. арг-цыямі задачу мабілізаваць рабочы клас на далейшае развіццё рэвалюцыі, падкрэсліла, што «выбарчым правам могуць карыстацца толькі пралетарыі і паўпралетарыі». Парт. арг-цыям даручалася неадкладна пачаць узбройваць і абучаць ваен. справе ўсіх членаў партыі. Канферэнцыя выказалася супраць падзелу памешчыцкай зямлі паміж сялянамі, пастанавіла ў мэтах спынення спекуляцыі ўвесці манаполію на гандаль. Ухваліла дзейнасць Часовага рэв. рабоча-сял. ўрада на чале з В.С.Міцкевічам-Капсукасам і прыняла рашэнне пра аб’яднанне Літ. і Бел. Сав. рэспублік. У прынятай рэзалюцыі аб камсамоле гал. яго задачай вызначыла «падрыхтоўку свядомых барацьбітоў за камунізм». Адначасова ў Мінску праходзіў Першы Усебеларускі з’езд Саветаў, які прыняў пастанову пра аб’яднанне Беларусі і Літвы.

Літ.:

КП(б)Б у рэзалюцыях. Ч. 1 (1903—1921 гг.). Мн., 1934;

Борьба за Советскую власть в Литве в 1918—1920 гг.: Сб. док. Вильнюс, 1967.

У.М.Міхнюк.

т. 6, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫНАМІ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА у першасным значэнні мех. сістэма з канечным лікам ступеней свабоды

(напр., сістэма матэрыяльных пунктаў або цвёрдых цел, якія рухаюцца па законах класічнай механікі). У эўрыстычным сэнсе (гл. Эўрыстыка) — сукупнасць фіз. аб’ектаў, для якіх характэрна адназначная залежнасць працэсаў, што працякаюць у іх, ад знешніх уздзеянняў, узаемных сувязей паміж аб’ектамі і іх пачатковых станаў. У больш шырокім сэнсе — адвольная фіз. сістэма (напр., сістэма аўтам. рэгулявання, радыётэхн. сістэма),

якая апісваецца звычайнымі дыферэнцыяльнымі ўраўненнямі, а таксама сістэма такіх ураўненняў (незалежна ад яе паходжання).

У матэм. тэорыі Д.с. разглядаюцца матэм. мадэлі рэчаісных фіз. і мех. сістэм, якія адлюстроўваюць іх асн. ўласцівасці. Для апісання ўсіх тыпаў Д.с. выкарыстоўваюць метад уваходна-выхадных уяўленняў (метад «чорнай скрыні»; выяўленне адпаведнасці паміж уваходнымі і выхаднымі сігналамі) ці метад прасторы станаў (метад фазавай прасторы; выхадны сігнал залежыць ад стану Д.с., уваходнага сігналу і папярэдніх уваходных уздзеянняў). Складаныя Д.с. служаць мадэлямі розных фіз.-хім. асяроддзяў (напр., актыўнае рэчыва лазера, вязкая вадкасць), фізіял. органаў (мышца сэрца, нервовае валакно) і інш. На Беларусі даследаванні Д.с. праводзяцца з 1960-х г. у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН, у Бел. політэхн. акадэміі, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.

Літ.:

Калман Р., Фалб П., Арбиб М. Очерки по математической теории систем: Пер. с англ. М., 1971;

Крот А.М. Дискретные модели динамических систем на основе полиномиальной алгебры. Мн., 1990.

А.М.Крот.

т. 6, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАТО́НСКАГА КАМІ́СІЯ,

камісія, накіраваная ЦКК ВКЛ(б) для абследавання практыкі правядзення нац. палітыкі ў БССР. Знаходзілася ў Беларусі з 9.5 да 27.6.1929. Узначальваў старшыня ЦКК Кампартыі Украіны У.П.Затонскі. Зрабіла даклад, які ўключаў эканам. агляд, стан і перспектывы развіцця мястэчак, палітыка-асв. работу ў БССР, выдавецкую дзейнасць, пытанні беларусізацыі, стан прэсы, навук. думкі ў гуманітарнай галіне. Характарыстыкі камісіі вызначаліся катэгарычнасцю. Крытычна ацэньвалася «Гісторыя Беларусі» У.М.Ігнатоўскага за ідэалізацыю мінулага і папулярызацыю нашаніўскага адраджэння, навук. дзейнасць В.Ю.Ластоўскага, С.М.Некрашэвіча, Я.Лёсіка, Б.І.Эпімах-Шыпілы і інш., выказаны крытычныя заўвагі ў адрас Я.Купалы, А.Дудара, М.Зарэцкага. Пад жорсткую крытыку трапіў З.Х.Жылуновіч за грамадска-паліт. і эстэт. погляды, літ. практыку; негатыўна ацэнена і дзейнасць кіраўнікоў рэспублікі: старшыні ЦВК БССР А.Р.Чарвякова [за выступленне ў лют. 1920 на VII з’ездзе КП(б)Б у абарону нац. інтэлігенцыі], наркома асветы БССР А.В.Баліцкага (за правядзенне ў ліст. 1926 разам з Ігнатоўскім акад. канферэнцыі па бел. правапісе), наркома земляробства Дз.Ф.Прьшічэпава і інш. Характарыстыка практыкі правядзення нац. палітыкі ў БССР увязвалася са станам сельскай гаспадаркі. Адзначалася, што кулацкае наступленне на ідэалаг. фронце Беларусі адчуваецца найб. моцна і змест яго прымае нац. формы. 27.6.1929 Затонскі выступіў на Бюро ЦК КП(б)Б з асн. вывадамі камісіі. Даклад быў накіраваны ў ЦК і ЦКК ВКП(б), у т. л. асабіста І.В.Сталіну. Вывады камісіі паслужылі важкай падставай для абвінавачванняў, якія былі прад’яўлены бел. навук. і творчай інтэлігенцыі ў канцы 1920-х г.

М.П.Касцюк.

т. 7, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІЗА́НІЙ (Тустаноўскі) Лаўрэнцій

(сапр., верагодна, Куколь; 1550-я г., мяст. Тустынь, цяпер Івана-Франкоўскай вобл., паводле інш. звестак с. Пацеліч Львоўскай вобл., Украіна — каля 1634),

бел. педагог, царкоўны дзеяч, перакладчык. Брат С.Зізанія. Працаваў выкладчыкам у правасл. брацкіх школах Львова (да 1592), Брэста (1592—95), Вільні (1595—97), хатнім настаўнікам у крычаўскага старосты Б.Саламярэцкага (1597—1600), князёў А.Астрожскага (1600—03) і Я.Карэцкага (да 1618). У 1596 у Вільні ў брацкай друкарні выдаў азбуку «Наука ку читаню и розуменю писма словенского», у якую ўключыў «Лексіс...» — тлумачальны слоўнік (на 1061 слова), што аблягчаў разуменне стараслав. мовы, набліжаў навучанне да жывой мовы народа, пашыраў кругагляд вучняў, а таксама «Грамматіку словенскую съвершенного искуства осми частій слова».

Граматыка і азбука З. зрабілі значны ўплыў на развіццё мовазнаўчай навукі ўсх. і паўд. славян. З 1619 настаўнік у Кіева-Пячэрскай лаўры, перакладаў з грэч. мовы, рэдагаваў кнігі. У 1626 прывёз у Маскву рукапіс кнігі «Катэхізіс», дзе на бел. мове выклаў звесткі аб прыродзе і даў сваё тлумачэнне царк. догматаў (яго погляды абвешчаны ерэтычнымі). У перапрацаваным выглядзе «Катэхізіс» выд. ў Маскве ў 1627, перавыд. ў Гродне 1783, 1787 і 1788. У 1627 вярнуўся на Украіну, у сваіх казаннях выкарыстоўваў звесткі са стараж. філасофіі і гісторыі.

Тв.:

Лексис Лаврентія Зизанія... Київ, 1964;

Грамматіка словенска. М., 1980 (факс. выд.).

Літ.:

Ботвинник М.Б. Лаврентий Зизаний. Мн., 1973.

М.Б.Батвіннік.

т. 7, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РЧЫК (Павел) (сапр. Лагіновіч Іосіф Каятанавіч; 26.2.1891, в. Заўшыцы Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 15.4.1940),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі і Польшчы. Скончыў Слуцкае гар. вучылішча (1907). У 1910 увайшоў у склад Капыльскай групы прыхільнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады. У 1912—17 у арміі, у 1-ю сусв. вайну на фронце. Быў чл. Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Удзельнічаў у Слуцкім паўстанні 1920. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі (БРА). У выніку аб’яднання БРА з КПЗБ (30.12.1923) кааптаваны ў склад ЦК КПЗБ. З восені 1924 працаваў у Бюро дапамогі Кампартыі Заходняй Беларусі пры ЦК КП(б)Б у Мінску. Арганізатар Сопацкай нарады 1925. Выступаў супраць фракцыйнай групоўкі ў КПЗБ (гл. Сэцэсія). З восені 1925 да лют. 1936 паліт. сакратар ЦК КПЗБ; са снеж. 1925 да 1929 чл. Палітбюро ЦК КПП і прадстаўнік ЦК КПЗБ у ЦК КПП. За рэв. дзейнасць неаднойчы быў арыштаваны. У сак.жн. 1933 кіраваў работай Бюро ЦК КПЗБ у Мінску. Са снеж. 1933 зноў на падп. рабоце ў Зах. Беларусі. Аўтар многіх паліт. дакументаў КПЗБ і КПП. У 1936 арыштаваны органамі НКУС БССР «як агент польскай палітычнай паліцыі» і засуджаны на 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў. У 1939 Ваен. трыбуналам прыгавораны да расстрэлу. Памёр у турме. Рэабілітаваны ў 1955.

Літ.:

Ладысеў У. І.К.Лагіновіч: Нарыс жыцця і паліт. дзейнасці // Бел. гіст. часоп. 1996. № 3—4.

У.Ф.Ладысеў, У.М.Міхнюк.

П.Корчык.

т. 8, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́МСКІ (Агафангел Яфімавіч) (15.1.1871, г. Уладзімір-Валынскі, Украіна — 25.1.1942),

украінскі ўсходазнавец, славіст, пісьменнік. Па паходжанні беларус. Акад. АН Украіны (1919). Засл. дз. нав. Украіны (1940). Скончыў Лазараўскі ін-т усходніх моў у Маскве (1892) і Маск. ун-т (1896). У 1898—1918 выкладчык (з 1900 праф.) Лазараўскага ін-та ўсходніх моў, з 1918 праф. Кіеўскага ун-та. Адзін з арганізатараў АН Украіны, з 1918 у ёй працаваў (да 1928 сакратар). У 1921—29 дырэктар Ін-та ўкр. навук. мовы. Навук. працы па гісторыі, л-ры, мовах арабаў, персаў, туркаў і інш. народаў Б. і Сярэдняга Усходу, па гісторыі мусульманства. Даследаваў усх.-слав. мовы, фальклор: «Украінская граматыка» (ч. 1—2, 1907—08), «Пра «быліны». Рускія быліны старога і новага запісаў», «Да этнаграфіі т.зв. Новарасіі» (абедзве 1928). У працах «Філалогія і палодзінская гіпотэза» (1904), «Старажытнакіеўскі говар» (1906), «Пра антрапалагічны склад усходніх славян» (1928) закранаў пытанні паходжання бел. этнасу, яго мовы. Беларусазнаўчы матэрыял — у яго даследаванні «Да этнаграфіі Палесся» (1928). Аўтар зб-каў вершаў «Пальмавыя галіны» (кн. 1—3, 1901—22), прозы «Аповесці і эскізы з украінскага жыцця» (1895), «Бейруцкія апавяданні» (1906) і інш. твораў. Перакладаў з араб., тур., перс., англ., франц., ням. і інш. моў. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў М.Багдановіч.

Тв.:

Твори. Т. 1—5. Київ. 1972—74.

Літ.:

Гурницкий К.И. А.Е.Крымский. М., 1980.

В.А.Чабаненка.

т. 8, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАТГА́ЛЕ (Latgale),

Латгалія, 1) гістарычная вобласць ва ўсх. Латвіі, у канцы 1-га — пач. 2-га тыс. н.э. населеная латгаламі. У 10—11 ст. туг сяліліся таксама крывічы (палачане). У 11—13 ст. існавалі ўдзельныя гарады-княствы Герцыке, Кукенойс (былі падуладныя Полацку), Талава (падуладная Пскову). У 13 ст. заваявана ням. рыцарамі-крыжакамі, якія ў 1274 заснавалі крэпасць Дынабург (цяпер г. Даўгаўпілс). Частка Лівоніі, з 1561 у складзе ВКЛ.

2) 3 пач. 17 ст. назва сумежнай з Беларуссю паўд.-ўсх. часткі Латвіі на Пд ад р. Айвіекстэ. Да 1629 частка Задзвінскага герцагства, потым у складзе Рэчы Паспалітай (польскія Інфлянты). У 1772—1917 у Рас. імперыі (Дзвінская прав., з 1777 у Полацкай, з 1796 у Беларускай, з 1802 у Віцебскай губернях). Паводле перапісу 1897 тут жыло 20,5% беларусаў. З 1920 у складзе Латвіі (да 1940 правінцыя з цэнтрам у Даўгаўпілсе). У 1920-я г. тут існавала больш за 20 бел. школ і 2 гімназіі. У 1939—570 тыс. жыхароў. Паводле перапісу 1989 адно з гал. кампактных месцаў пражывання бел. дыяспары ў Латвіі.

Літ.:

Мугуревич Э.С. Восточная Латвия и соседние земли в X—XIII в.: Пер. с латыш. Рига, 1965;

Ефремова Л.С. Латышская крестьянская семья в Латгале, 1860—1939. Рига, 1982;

Данько Л.Ф. История Полоцка и его уделов конца XII — первой четверти XIII вв. // Полоцкий летописец. 1992. № 1.

т. 9, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЎШУ́К (Сцяпан Сцяпанавіч) (н. 28.7.1944, г. Васілевічы Гомельскай вобл.),

бел. літ.-знавец і крытык. Д-р філал. н., праф. (1998). Скончыў БДУ (1967). Настаўнічаў. З 1973 у Ін-це л-ры Нац. АН Беларусі (з 1998 нам. дырэктара). Даследуе заканамернасці развіцця бел. драматургіі 19—20 ст., яе вытокі, перыядызацыю, своеасаблівасць творчых пошукаў, жанравыя асаблівасці, навукова-эстэт. панараму развіцця, прыроду драм. канфлікту і яго эстэт. асаблівасці ў драме, камедыі і трагедыі: кнігі «Сучасная беларуская драматургія», «З думай пра сучасніка» (абедзве 1977), «Першы народны артыст БССР» (1982), «Высокія арбіты грамадзянскасці», «Станаўленне беларускай савецкай драматургіі (20-я — пачатак 30-х г.)» (абедзве 1984), «На драматургічных скрыжаваннях» (1989). Адзін з аўтараў кн. «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1977, на рус. мове), «Беларуская літаратура і праблемы сучаснасці» (1978), «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (ч. 1—2, 1981—82), «На парозе 90-х» (1993), «Нарысы па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей» (т. 2—4, 1994—95), «Гісторыя беларускай літаратуры, XIX — пачатак XX ст.» (2-е выд. 1998), «Гісторыя беларускай літаратуры XX ст.» у 4 т. (т. 1, 1999) і інш. Складальнік выданняў «Беларуская дакастрычніцкая драматургія» (1978), збораў твораў У.Галубка (1983), А.Макаёнка (т. 1—5, 1987—90), К.Крапівы (у 6 т., т. 1—2, 1997), фотаальбома «Кандрат Крапіва» (1989), зб. «Цудоўная дудка» (1997) і інш.

Тв.:

Кандрат Крапіва і беларуская драматургія. Мн., 1986.

І.У.Саламевіч.

С.С.Лаўшук.

т. 9, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)