сукупнасць драматычных твораў аднаго пісьменніка ці пэўнага народа, перыяду ці эпохі. Уключае прызначаныя для сцэн. ўвасаблення творы розных жанраў (трагедыя, драма, меладрама, камедыя, вадэвіль, фарс).
Вытокі бел. Д. — у фальклоры. Элементы драм. твораў былі ўжо ў нар. і культавых рытуалах, каляндарных і сямейна-бытавых абрадах, карагодах, тэатралізаваных гульнях (маналогі ці дыялогі). З фалькл. творчасці сфарміравалася ўласна нар. Д. школьнага тэатра, батлейкі, народнай драмы.
Новая бел.прафес. Д. ўзнікла ў пач. 1840-х г. Яе заснавальнікам стаў В.Дунін-Марцінкевіч. Важнае месца займаюць яго драм. творы «Сялянка», «Пінская шляхта» і «Залёты». У 19 ст. на бел. мове пісалі п’есы У.Сыракомля, П.Шпілеўскі, Ядвігін Ш., Г.Марцінкевіч, А.Вярыга-Дарэўскі; аднак большасць іх твораў была забаронена цэнзурай да друку і пастаноўкі. Адраджэнне бел. Д. адбылося ў пач. 20 ст. Пра тагачаснае жыццё і на гіст. тэмы пісалі п’есы К.Вясёлы («Не розумам сцяміў, а сэрцам»), К.Каганец («У іншым шчасці няшчасце схавана», «Двойчы прапілі», «Старажовы курган», «Сын Даніла», «Модны шляхцюк»). Пачынанні і набыткі К.Каганца прадоўжыў і ўзбагаціў Я.Купала. Яго Д. шматфарбная, разнастайная па жанрах: напачатку драм. паэмы (як подступ да ўласна драмы) «Адвечная песня», «Сон на кургане» і «На папасе», сцэн. жарт «Прымакі», камедыя «Паўлінка», рамант. драма «Раскіданае гняздо». Па яркасці, глыбіні раскрыцця характараў, жыццёвых праблем «Паўлінка» і «Раскіданае гняздо» — вяршыня ўсёй бел. Д.
У 1910-я г. дамінавала сац.-быт. драма з моцным грамадз. гучаннем, высокім драматызмам: «Блуднікі», «Пакрыўджаныя» Л.Родзевіча, «Атрута», «Антон» М.Гарэцкага, «Бутрым Няміра» Ф.Аляхновіча, «Антось Лата» Я.Коласа. Ствараліся п’есы рамант. кірунку («Кветка папараці», «Сягонняшнія і даўнейшыя» К.Буйло), дасціпныя камедыі («Пісаравы імяніны» У.Галубка). Інтэнсіўна развівалася Д. ў 1920-я г. Наследаваліся дэмакр., гуманіст. традыцыі, здабыткі папярэднікаў. Найб. дасягненне гэтага часу — «Няскончаная драма» і сакавітая камедыя «Пан міністр» Аляхновіча. Шмат і плённа пісаў Галубок: камедыі («Суд», «Ветрагоны», «Пінская мадонна») і меладрамы («Ганка», «Душагубы», «Плытагоны»). У Д. прыйшлі і новыя аўтары — Ц.Гартны, М.Грамыка, М.Чарот, В.Гарбацэвіч. У 1-й пал. 1920-х г. пашыраны фалькл. п’есы, у аснове якіх нар. легенды і паданні: «Машэка» і «Каваль-ваявода» Е.Міровіча, «На Купалле» М.Чарота, «Вяселле» Гарбацэвіча і інш. З’явіліся п’есы пра падзеі Кастр.рэв. і грамадз. вайны на Беларусі («Чырвоныя кветкі Беларусі» Гарбацэвіча, «Каля тэрасы» Грамыкі) і гіст. мінулага («Пан Сурынта» Галубка, «Кастусь Каліноўскі» Міровіча). У 2-й пал. 1920-х г. у бел. Д. распрацоўвалася тагачасная тэматыка («Кар’ера таварыша Брызгаліна» Міровіча, «На прадвесні» М.Ільінскага), вядомасць атрымалі «Мост» Я.Рамановіча, «Гута» Р.Кобеца, «Міжбур’е» Дз.Курдзіна.
У 1930-я г. асабліва поўна раскрыўся талент Я.Коласа («Вайна вайне», «У пушчах Палесся») і К.Чорнага («Бацькаўшчына», «Ірынка»). З’явіліся п’есы К.Крапівы («Партызаны»), П.Глебкі («Над Бярозай-ракой»), В.Вольскага («Цудоўная дудка», «Несцерка»), М.Клімковіча («Кацярына Жарнасек») і інш. У Айч. вайну ў галіне Д. працавалі К.Крапіва, Рамановіч, А.Кучар. З найб. значных набыткаў часу — псіхал. драма «Проба агнём» К.Крапівы і асабліва яго сатыр. камедыя «Мілы чалавек». Падзеі вайны шырока адлюстроўваліся ў бел. Д. і ў наступныя дзесяцігоддзі: «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона, «З народам», «Людзі і д’яблы» К.Крапівы, «Гэта было ў Мінску» Кучара, «Брэсцкая крэпасць», «Першы ўрок» К.Губарэвіча, «Гаўрошы Брэсцкай крэпасці» А.Махнача, «Марат Казей» В.Зуба і інш. П’есы першых пасляваен. гадоў пра тагачаснае жыццё напісаны ў рэчышчы «тэорыі бесканфліктнасці» («Алазанская даліна» Губарэвіча і І.Дорскага, «Песня нашых сэрцаў» В.Палескага, «Неспакойныя сэрцы» Кучара, «Зацікаўленая асоба», «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы). Першым у бел. Д. выступіў супраць схематызму, бесканфліктнасці п’ес А.Макаёнак. У сатыр. камедыі «Выбачайце, калі ласка!» ён востра, з’едліва высмейваў паказуху і ашуканства. Значнае месца ў Д. 2-й пал. 1950-х г. займала тэма гіст. мінулага (п’есы П.Глебкі, Маўзона, П.Васілеўскага, І.Мележа). Лепшай з іх была п’еса Губарэвіча «Галоўная стаўка», карысталася поспехам драма І.Козела «Папараць-кветка».
1960-я г. — адзін з найменш плённых перыядаў у бел. Д. Слабы быў прыток маладых аўтараў. Звярнулі на сябе ўвагу п’есы «Лявоніха на арбіце» Макаёнка, «Над хвалямі Серабранкі» Козела, «Брэсцкі мір» Губарэвіча, «Пад адным небам» Маўзона, «Выгнанне блудніцы» І.Шамякіна, «Любоў, Надзея, Вера» Васілеўскага. У гэты час Макаёнак напісаў трагікамедыю «Пагарэльцы», але надрукавана яна толькі ў 1980, а пастаўлена ў 1981. У 1970-я г. адбыўся новы ўздым у бел. Д. П’есы гэтага часу вызначаліся больш глыбокай змястоўнасцю, яркімі вобразамі, арыгінальнасцю, багаццем жанраў: «Брама неўміручасці» К.Крапівы, «Трыбунал», «Зацюканы апостал», «Таблетку пад язык», «Святая прастата» Макаёнка, «Амністыя», «Апошняя інстанцыя» М.Матукоўскага, «Экзамен на восень», «І змоўклі птушкі» Шамякіна, «Апошні шанц» В.Быкава, «Злыдзень», «Укралі кодэкс», «Трывога» А.Петрашкевіча. Распрацоўвалася гіст. тэматыка: «Званы Віцебска», «Кастусь Каліноўскі», «Маці ўрагану» У.Караткевіча, «Напісанае застаецца» Петрашкевіча. У 1980-я г.па-ранейшаму ў Д. працавалі К.Крапіва («На вастрыі»), Макаёнак («Дыхайце эканомна»), Я.Шабан («Востраў Алены»), Караткевіч («Калыска чатырох чараўніц»), Петрашкевіч («Соль»), Матукоўскі («Мудрамер»). У Д. прыйшлі А.Дзялендзік, А.Асташонак, У.Бутрамееў, Г.Марчук, В.Ткачоў, А.Дудараў. П’есы апошняга «Вечар», «Парог» і асабліва «Радавыя» мелі значны поспех і пашырэнне на Беларусі і за яе межамі. У пач. 1990-х г. цікава заявіў пра сябе М.Арахоўскі. Яго п’есы «Машэка» і «Ку-ку» адметныя жыццёвым матэрыялам і маст. формай. У Д. дэбютавалі маладыя драматургі С.Кавалёў, З.Дудзюк, І.Сідарук, А.Дыбча, У.Сауліч, для іх творчасці характэрна разнастайнасць тэматыкі, розныя кірункі пошукаў.
З 1920-х г. праводзяцца конкурсы на лепшыя творы бел. Д. У 1981 у Мінску адкрыўся эксперыментальны т-рбел. Д. «Вольная сцэна», дзе ставяцца ў асн. п’есы маладых аўтараў.
Літ.:
Семяновіч А.А. Беларуская драматургія (дакастрычніцкі перыяд). Мн., 1961;
Яго ж. Гісторыя беларускай савецкай драматургіі, 1917—1955 гг.Мн., 1990;
Сабалеўскі А. Беларуская савецкая драма. Кн. 1—2. Мн., 1969—72;
Усікаў Я. Беларуская камедыя: (Ля вытокаў жанру). Мн., 1964;
Яго ж. Беларуская камедыя. Мн., 1973;
Лаўшук С.С. Сучасная беларуская драматургія. Мн., 1977;
Яго ж. Станаўленне беларускай савецкай драматургіі (20-я — пачатак 30-х гадоў). Мн., 1984;
Шаўлоўская М.Ф. Беларуская драматургія. Мн., 1981;
Пятрова Л.І. Рамантыкі пранікнёнае святло: Беларуская драматургія 20-х — 30-х гадоў. Мн., 1987;
Васючэнка П.В. Драматургія і час.Мн., 1991;
Ватацы Н.Б. Беларуская савецкая драматургія: Бібліягр.Мн., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ГІКА (ад грэч. logos слова, паняцце, розум),
сукупнасць навук, якія вывучаюць законы і правілы мыслення, спосабы развіцця і спасціжэння ведаў. Паводле Арыстоцеля, навука пра формы правільнага мыслення. І.Кант называў такую навуку фармальнай Л. У сучасным уяўленні фармальная Л. — навука аб законах высноўных ведаў, якія атрыманы з раней устаноўленых і правераных ісцін без звароту ў кожным канкрэтным выпадку да вопыту, а толькі ў выніку прыцягнення законаў і правіл мыслення; яе прадмет — даследаванне разважанняў (вывадаў і доказаў) з пункту погляду іх лагічнай формы (структуры) незалежна ад канкрэтнага зместу суджэнняў, што ў яго ўваходзяць. Пры аналізе лагічных працэсаў усе «асобныя» Л. карыстаюцца мовай сімвалаў і формул, якая будуецца ў адпаведнасці з агульнымі для ўсіх сістэм прынцыпамі Л.
У гіст. развіцці Л. прайшла некалькі этапаў. Фрагменты лагічных даследаванняў вядомы ў стараж.-інд. і стараж.-кіт. філасофіі. У стараж. Грэцыі Л. зарадзілася ў ранняй філасофіі і развівалася пад уплывам аратарскага мастацтва. Традыцыйная арыстоцелеўская Л. стала першай ступенню Л. высноўных ведаў, якая вывучае агульначалавечыя формы думак (паняцці і суджэнні), формы сувязі думак у разважанні (высновы), зафіксаваныя ў фармальна-лагічных законах (тоеснасці закон, супярэчнасці закон, выключанага трэцяга прынцып). Арыстоцель першы ўжыў метады фармальнага аналізу мыслення на аснове прынцыпу яго несупярэчлівасці, сфармуляваў правілы злічэння выказванняў, усебакова даследаваў адну з пашыраных форм розумазаключэнняў — сілагізм, стварыў закончаную тэорыю сілагістыкі, увёў знакавую сістэму лагічных пераменных. Прадстаўнікі мегарскай шкалы аналізавалі ўмоўныя і раздзяляльныя розумазаключэнні, увялі паняцце імплікацыі, вызначылі ідэю тэарэмы аб дэдукцыі і інш. Іх лагічныя ідэі развіты ў школе стоікаў. У раннім сярэдневякоўі Л. як самаст. навука развівалася ў краінах арабскай культуры, дзе філасофія заставалася адносна незалежнай ад рэлігіі. У Еўропе складвалася ў асн. схаластычная Л. як царк.-школьная дысцыпліна, якая прыстасавала элементы перыпатэтычнай Л. для абгрунтавання і сістэматызацыі хрысц. веравучэння. У 12—13 ст., калі творы Арыстоцеля былі кананізаваны царк. артадоксіяй, узнікла сярэдневяковая («несхаластычная») Л., асновы якой закладзены «Дыялектыкай» П.Абеляра. У творах У.Шэрвуда, Дунса Скота, Пятра Іспанскага, У.Окама, Ж.Бурыдана атрымалі развіццё палажэнні аб сферы дзеяння лагічных аперацый, адрозненні паміж формай і зместам, абгрунтаваны многія вядомыя цяпер законы Л. выказванняў, тэорыя дэдукцыі і інш. У эпоху Адраджэння Л. разглядалі як аснову «штучнага» мыслення і супрацьпастаўлялі ёй Л. «натуральнага мыслення», пад якой звычайна разумелі інтуіцыю і ўяўленне. У новы час патрэбы прыродазнаўства і тэхнікі выклікалі крытыку арыстоцелеўскай (у схаластычным тлумачэнні) Л., паслужылі стымулам у распрацоўцы індукцыйнай логікі, вучэння аб метадзе, праблем метадалогіі новай (эксперыментальнай) навукі аб прыродзе (Ф.Бэкан, Р.Дэкарт). І.Кант лічыў больш важнай за звычайную, традыц.Л., трансцэндэнтальную Л., якая даследуе ў формах мыслення тое, што забяспечвае ведам апрыёрны (давопытны) характар. Г.Гегель на ідэаліст., а К.Маркс і Ф.Энгельс на матэрыяліст. аснове стварылі вучэнне аб агульных законах і формах мыслення — логіку дыялектычную.
На Беларусі Л. з 17 ст. развівалася ў рэчышчы агульнанавук. даследаванняў законаў і аперацый лагічнага мыслення, распрацоўкі методыкі яе выкладання як вучэбнай дысцыпліны. Б.Дабшэвіч, аўтар некалькіх кніг паЛ., лічыў яе першай з навук, здольных умацаваць сувязі паміж матэматыкай, прыродазнаўствам і філасофіяй дзеля пошуку ісціны; фундаментальнымі прынцыпамі Л. ён лічыў прынцыпы дастатковай падставы і адмаўлення. Прадстаўнік схаластычнай філасофіі М.Карскі разглядаў Л. як мову навукі. Паводле К.Нарбута, Л. — гэта навука, якая вучыць, як спасцігаць і спазнаваць ісціну, або мастацтва правільна мысліць. Я.Снядэцкі даследаваў лагічна-фармальныя заканамернасці мовы, сэнсу і ролі знакаў і сімвалаў у пазнанні і выкарыстанні мовы. А.Доўгірд пры распрацоўцы праблем сенсуалістычнай псіхалогіі, індукцыйных і разумовых здольнасцей чалавека і звязаных з імі суджэнняў, гіпотэз увёў паняцце «натуральнага сілагізму». Уклад у тэарэт. развіццё і методыку выкладання Л. зрабілі Б.Будны, С.Майман, Сімяон Полацкі, С.Шадурскі, В.Тылкоўскі і інш.
З 2-й пал. 19 ст. пачаўся якасна новы этап развіцця Л., звязаны з актуальнымі задачамі абгрунтавання і даследавання лагічных асноў матэматыкі, выкарыстаннем матэм. метадаў пры вырашэнні лагічных праблем. Г.Лейбніц лічыў магчымым стварыць своеасаблівы «алфавіт чалавечых думак» шляхам вылучэння зыходных паняццяў і суджэнняў. Ён заклаў асновы матэматычнай логікі (2-я ступень фармальнай Л.), тэорыі тоеснасці і гіпатэтыка-дэдукцыйнага метаду, сфармуляваў дастатковай падставы прынцып. Дж.Міль распрацаваў тэорыю індукцыйных розумазаключэнняў, метады даследавання прычыннай сувязі (гл.Прычыннасць). На аснове лагічнай спадчыны Лейбніца сфарміравалася сучасная алгебра логікі і логіка класаў (Дж.Буль, У.Джэванс, Ф.Морган, Ч.Пірс, Э.Шродэр, П.С.Парэцкі, Дж.Пеана, Б.Расел, А.Уайтхед). Г.Фрэге распрацаваў прынцыпы аксіяматычнай пабудовы злічэнняў, выказванняў і прэдыкатаў, паказаў адрозненне паміж лагічнымі законамі і правіламі лагічных вывадаў, мовы і метамовы, паклаў пачатак семантыкі лагічнай. У 1920—30-я г. створана мнагазначная Л. (Я.Лукасевіч, Э.Пост), праведзены новыя даследаванні суадносін паміж мадальнай і інтуіцыянісцкай Л. (К.Льюіс, В.Гліванг, А.Гейтынг). Гал. даследаванні пераносяцца ў метадалогію лагічных доказаў, удасканалення правіл і спосабаў пабудовы злічэнняў і вывучэння іх асн. уласцівасцей — незалежнасць пастулатаў, несупярэчлівасць і паўната (В.Акерман, К.Гёдэль, Ж.Эрбран, Д.Гільберт). З’явіліся класічныя працы па лагічнай семантыцы і тэорыі мадэлей (А.Тарскі, Л.Лёвенгайм, Т.Сколен, Гёдэль, А.І.Мальцаў), закладзены асновы вывучэння «машыннага мыслення» — тэорыі алгарытмаў (Гёдэль, С.Кліні, А.Чорч, А.А.Маркаў, А.М.Калмагораў і інш.). Метады лагічных аперацый і злічэнняў сталі шырока выкарыстоўвацца ў вылічальнай тэхніцы, кібернетыцы (алгебраічная тэорыя рэлейна-кантактных схем, тэорыя канечных аўтаматаў і інш.), у тэарэт. фізіцы (квантавая Л.), інфарматыцы (праграмаванне і даследаванні па штучным інтэлекце), у галіне гуманітарных ведаў (лінгвістыка, юрыспрудэнцыя і інш). Прыкладны аспект лагічнага аналізу з яго шматлікімі праблемамі спрыяў узнікненню такіх кірункаў даследаванняў, як логіка адносін, логіка навукі, Л. быцця, Л. змянення, Л. часткі і цэлага, лагічныя тэорыі ведаў, пераканання, уяўлення і інш.Гл. таксама Лагістыка, Лагіцызм, Логіка выказванняў, Логіка прэдыкатаў.
Літ.:
Маковельский А.О. История логики. М., 1967;
Кант И. Трактаты и письма: Пер. с нем. М., 1980;
Клаус Г. Введение в формальную логику: Пер. с нем. М., 1960;
Аристотель. Первая аналитика. Вторая аналитика // Соч.М., 1978. Т. 2;
Поппер К. Логика и рост научного знания: Пер. с англ.М., 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́БЛІЯ (грэч. biblia літар. кнігі),
зборнік твораў стараж. пісьменства, св. пісанне іудзейскай (Стары запавет) і хрысц. (Стары і Новы запаветы) рэлігій. Першая анталогія выбраных кніг (кн. пра станаўленне Сусвету і чалавечага грамадства, хронікі, кодэксы, паэт. медытацыі, маральна-філас. трактаты, прароцтвы, прытчы, афарызмы, апіяграфіі, малітвы, гімны і інш.), аб’яднаных у адным пераплёце паводле храналагічнага і тэматычнага прынцыпаў, зместу і сімвалічнага сэнсу. Складалася на працягу 1-га тыс. да н.э. — 2 ст.н.э. на тэр. Палесціны (стараж. Ізраільска-Іудзейскае царства) і ў месцах яўрэйскай дыяспары на арамейскай, стараж.-яўрэйскай і стараж.-грэч. мовах. Поўная Біблія складаецца з 2 частак — Старога запавету (50 кніг, з іх 39 кананічных, якія выкарыстоўваюцца ў літургічнай службе, і 11 некананічных, прызнаных хрысц. царквой карыснымі для духоўнага выхавання) і Новага запавету [27 кніг; 4 Евангеллі (паводле Матфея, Марка, Лукі, Іаана), зборнік з 22 твораў пад агульнай назвай Апостал, Апакаліпсіс (Адкрыццё Іаана Багаслова)]. Паводле багаслоўскага тлумачэння, слова «запавет» азначае наказ Бога «выбранаму народу» (стараж. яўрэям), а праз яго — усяму чалавецтву. Іудзейская Біблія складаецца з 39 кананічных кніг: Закон, або Пяцікніжжа, прыпісваецца Майсею, Прарокі (кн. Ісаі, Ераміі, Езекііль, Данілы і 12 «малых прарокаў», кн. Ісуса Навіна, Суддзяў, 4 кнігі Царстваў), Пісанні (кн. Руф, 1-я і 2-я Параліпаменом, Ездры, Неяміі, Эсфір, Іова, Псалтыр, Прытчы Саламона, Эклезіяст, Песня песням, Плач Ераміі). Старазапаветная частка хрысц. (праваслаўнай і каталіцкай) Бібліі ў дадатак да кананічных уключае таксама некананічныя кнігі: 1—3-ю Ездры, Тавіта, Юдзіф, Прамудрасць Саламона, Прамудрасць Ісуса Сірахава, прарока Баруха, 1—3-ю кн. Макавеяў. Кананічныя кн. Старога запавету напісаны стараж.-яўр. і часткова арамейскай мовамі, некананічныя — стараж.-грэч. мовай. На т.зв. александрыйскай гаворцы стараж.-грэч. мовы напісаны Новы запавет, за выключэннем Евангелля паводле Матфея, напісанага на сірыйска-халдзейскай гаворцы стараж.-яўр. мовы. У Бібілію не ўвайшлі апокрыфы. Першы збор старазапаветнай часткі Бібіліі стварылі ў 2 ст. да н.э. ў Александрыі на стараж.-грэч. мове 70 перакладчыкаў (Септуагінта — семдзесят — стаў асн. крыніцай пазнейшых выданняў біблейскіх кніг). У 386—406 багаслоў Еранім зрабіў лац. пераклад Бібліі-Вульгату (агульнадаступная), якая легла ў аснову каталіцкай рэдакцыі Бібліі. У Бібліі адлюстраваны драм. шлях развіцця чалавечай духоўнасці. Яна пачынаецца з кн. Быццё (сімвалічная выява ўзнікнення Сусвету, рассялення народаў, станаўленне грамадства і дзяржавы), а заканчваецца Апакаліпсісам — сімвалічным малюнкам «канца свету». У аснове біблейскай філасофіі гісторыі тэадыцэя (апраўданне жыцця і яго крыніцы — Бога перад тварам сусветна-гіст. зла); правідэнцыялізм (гіст. падзеі, з’яўляючыся выяўленнем людской волі, на касм. узроўні прадвызначаныя Богам), месіянства (вера ў прыход Збавіцеля, у яго царства на Зямлі, упэўненасць у тым, што пакліканыя Богам народы і людзі аб’ектыўна выконваюць боскае прадвызначэнне), эсхаталагізм (перакананне ў тым, што гіст. працэс меў свой пачатак і будзе мець сваё завяршэнне). Большасць кніг Старога запавету ёсць гісторыя стараж. ізраільска-іудзейскай тэакратычнай дзяржавы (часткова інш. рэгіёнаў Блізкага Усходу), стараж.-яўр. культуры і старазапаветнай царквы. Новы запавет — гэта аповесць пра зямное жыццё і вучэнне Ісуса Хрыста, яго апосталаў, пра станаўленне хрысц. царквы і прароцтва пра богачалавецтва пасля канца гісторыі.
У 4—13 ст. узніклі шматлікія рэгіянальныя пераклады Бібіліі. У 9 ст.слав. асветнікі браты Кірыла і Мяфодзій пераклалі Біблію на стараслав. мову. Гэты пераклад лёг у аснову рукапісных біблейскіх кніг, што бытавалі на ўсх.-слав. землях, у т. л. на Беларусі. Першы рукапісны звод Бібіліі на царк.-слав. мове ўкладзены ў Ноўгарадзе (1499) па ініцыятыве архіепіскапа Генадзія («Генадзіеўская біблія»). Першую друкаваную Біблію ў слав. свеце выдалі чэхі (1488). На Беларусі спісы біблейскіх кніг з’явіліся пасля хрышчэння Русі (988). Некаторыя з іх, верагодна, рыхтаваліся Рагнедай Рагвалодаўнай, Ефрасінняй Полацкай. Свае скрыпторыі (цэнтры па перапісцы кніг) мелі бел. гарады, манастыры, епіскапскія кафедры. Пра біблейска-выдавецкую традыцыю сярэдневяковай Беларусі сведчаць высокамаст. ілюстраваныя помнікі рукапісных евангелляў і псалтыроў. Першым зборам царкоўнаслав. рукапісных кніг Бібліі на Беларусі стаў багата аздоблены «Дзесятаглаў», створаны ў 1502—07 у Вільні і Супраслі асветнікам Мацеем Дзесятым. Разам з «Пяцікніжжам», перапісаным дзякам Фёдарам у 1514, «Дзесятаглаў» склаў поўны збор Бібліі. У 1517—19 Ф.Скарына выдаў 23 ілюстраваныя кнігі першай бел. Бібліі пад агульнай назвай «Библия руска, выложена доктором Франциском Скориною из славнаго града Полоцка, Богу ко чти и людем посполитым к доброму научению». Каля 1522 Скарына надрукаваў у Вільні «Малую падарожную кніжку», у якой аб’яднаны Псалтыр, Часасловец (малітвы), урачыстыя гімны (каноны і акафісты, некаторыя з іх — паэт. творы Скарыны). У 1525 ён жа выдаў «Апостал». Напісаныя Скарынам 50 прадмоў і 62 пасляслоўі да сваіх кніг — першыя на Беларусі каментарыі да Бібліі, у якіх тлумачыцца паходжанне кожнай кнігі, іх аўтарства, асаблівасці зместу, вобразаў і сімвалаў, іх значэнне для рэліг., маральнага і грамадскага выхавання. Свецкае выданне Бібліі Скарынам паўплывала на развіццё кніжна-выдавецкай біблейскай традыцыі на Беларусі (гл.Брэсцкая біблія). Прадаўжальнікам кнігавыдавецкай справы Скарыны быў В.Цяпінскі. Каля 1580 ён пераклаў на старабел. мову і выдаў «Евангелле» (паводле Матфея, Марка і частку Евангелля паводле Лукі). Вопыт Скарыны выкарысталі І.Фёдараў і П.Мсціславец, якія выдалі ў Маскве «Апостал» (1564). У 1566 яны пераехалі на Беларусь, на сродкі Р.Хадкевіча выдалі «Евангелле вучыцельнае» (Заблудаў, 1568—69); Фёдараў выдаў таксама «Псалтыр з Часаслоўцам» (1569). Мсціславец выехаў у Вільню і ў друкарні Мамонічаў выдаў «Евангелле напрастольнае», «Псалтыр» і «Часоўнік» (1575—76). Фёдараў у канцы 1572 — пач. 1573 пераехаў у Львоў, выдаў там «Апостал» (1574), пазней у друкарні К.Астрожскага ў Астрогу — «Псалтыр» і «Новы запавет» (1580), а таксама поўную слав. друкаваную кірылічным шрыфтам «Астрожскую біблію» (1581). У канцы 16—17 ст. Вільня і мяст. Еўе (каля Вільні) заставаліся асяродкамі выдання біблейскіх кніг на царк.-слав. мове. З 2-й чвэрці 17 ст. дзейнічалі новыя цэнтры выдання біблейскіх кніг — друкарні: Куцеінскага манастыра пад Оршай, С.Собаля ў Буйнічах пад Магілёвам, магілёўская М.Вашчанкі, брацкая Магілёва, Супрасльскага манастыра. У канцы 18 ст. віленскія друкарні перадрукавалі з маскоўскіх выданняў «Евангелле» (1790), «Евангелле вучыцельнае» (1794), «Псалтыр» 1795 (2-е выд. 1796). З канца 18 ст. да 1917 на Беларусі біблейскія кнігі не друкаваліся. Толькі уніяцкая царква выдала шэраг катэхізісаў, малітоўнікаў і падручнікаў, якія знаёмілі вернікаў са зместам Бібліі. Першыя практычныя крокі да перакладу Новага запавету на сучасную бел. мову зроблены ў Зах. Беларусі і Польшчы. Традыцыя перакладу і выдання Бібліі аднавілася ў Зах. Беларусі (пераклад і выданне на бел. мове Новага запавету прапаведнікам Л.Дзекуць-Малеем і А.Луцкевічам у 1920—30-я г.), за мяжой [выданне ксяндза П.Татарыновіча ў 1954 у Рыме, выданне бел. Бібліі ў перакладзе гісторыка і філолага Я.Станкевіча ў Нью-Йорку (1950—60-я г., 1970, 1973)], замежныя выданні біблейскіх кніг у перакладзе пастара Я.Пятроўскага (Гейневіл, 1984, 1987). У 1990—95 апублікаваны бел. пераклады біблейскіх кніг В.Сёмухі, А.Клышкі; выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя» ажыццёўлена факсімільнае перавыданне «Бібліі» Скарыны (т. 1—3, 1990—91).
Біблія — адзін з самых багатых і складаных помнікаў сусв. культуры, многія старонкі якога насычаны глыбокай жыццёвай мудрасцю і вызначаюцца вял.маст. сілай. Асаблівасцямі Бібліі як помніка культуры з’яўляюцца сінкрэтызм (адзінства рэальнасці і міфа, гісторыі і тэалогіі, гіст. фактаў і цудаў, філасофіі і паэзіі, даследавання і прароцтва, навук. і аксіялагічнага падыходаў да ацэнкі ідэй, фактаў, ідэалаў) і сімвалізм (погляд на гіст. падзеі як на знакавае выяўленне духоўных сэнсаў). Біблія паўплывала на экзістэнцыялісцкую філасофію гісторыі. Біблейскія сюжэты, матывы, вобразы і сімвалы шырока выкарыстоўвае сусв.л-ра, выяўл., тэатр., муз. мастацтва і кіно. У бел. л-ры вобразныя і сімвалічныя сістэмы Бібліі выявіліся ў 12—18 ст. у творчасці Кірылы Тураўскага, Скарыны, М.Сарбеўскага, М.Сматрыцкага, І.Пацея, братоў Л. і С.Зізаніяў, А.Філіповіча і універсальная — у паэзіі і аратарскай прозе Сімяона Полацкага. Біблейскія матывы фалькларызаваліся ў нар. творчасці (чарадзейныя казкі, абрадавыя песні, легенды), у тэатр. і інш. мастацтве, бел. л-ры (творчасць Я.Купалы, З.Бядулі, У.Караткевіча, інш.бел. пісьменнікаў).
Біблія ці яе часткі перакладзены больш як на 1250 моў і дыялектаў практычна ўсіх краін свету. Існуе шырокая сетка т-ваў, аб’яднанняў, асацыяцый, агенцтваў па вывучэнні Бібліі, яе перакладзе, выданні, распаўсюджванні. Вывучэннем Бібліі займаюцца біблеістыка, герменеўтыка, тэалогія і інш. навукі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЫ́Й ЭЛ, Рэспубліка Марый Эл, Марыйская Рэспубліка,
у складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 23,2 тыс.км². Нас. 763 тыс.чал. (1998), гарадскога 62%. Сярэдняя шчыльн. 33 чал. на 1 км². Жывуць марыйцы (43,3%), рускія (47,5%), татары (5,9%) і інш. Сталіца — г.Йашкар-Ала. Гарады: Волжск, Козьмадзям’янск, Звянігава.
Прырода. Размешчана ў бас. сярэдняга цячэння р. Волга. Большая ч. тэрыторыі раўнінная, парэзаная рачнымі далінамі. ярамі і лагчынамі. На У Вяцкі Увал (выш. да 275 м) з карставымі формамі рэльефу, на З Марыйская нізіна. Правабярэжжа занята адгор’ямі Прыволжскага ўзв. Карысныя выкапні: вапнякі, даламіты, гіпс, кварцавы пясок, торф. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -13 °C, ліп. 19 °C. Ападкаў 450—500 ммза год. Гал. рака — Волга з прытокамі Вятлуга, Вял. і М.Какшага, Ілець, Рутка. Шмат азёр. Чэбаксарскае вадасховішча. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, на ПдУ і У перагнойна-карбанатныя, ёсць балотныя і шэрыя лясныя. Пад лесам 53% тэрыторыі (хвоя, піхта, елка, бяроза). З жывёл пашыраны воўк, буры мядзведзь, ліс, лось, рысь і інш.; баравая і вадаплаўная птушка. Нац. парк Марый Чадра, запаведнік Вял. Какшага.
Гісторыя. Людзі на тэр. М.Э. пасяліліся 40—30 тыс. гадоў назад. З пач. 1-га тыс. да н.э. развіваліся земляробства і жывёлагадоўля. Да 7 ст.н.э. склаўся стараж.-марыйскі этнас (саманазва мары, інш. народы наз. іх чарамісы), які з гэтага часу жыў на тэр. сучаснай М.Э. і суседніх абласцей па левым (лугавым), з 11—12 ст. і правым (горным) берагах Волгі. Вылучаліся 3 асн. групы марыйскага этнасу. марыйцы лугавыя (левабярэжныя), горныя (правабярэжныя) і ўсходнія. З 11 ст. марыйцы межавалі з рус. княствамі і Балгарыяй Волжска-Камскай. У 1236 яны заваяваны мангола-татарамі і з 1240-х г. знаходзіліся ў складзе Залатой Арды. З 15 ст. прыволжскія марыйцы ўваходзілі ў Казанскае ханства, а паўн.-заходнія (пры р. Вятлуга) — у склад Маскоўскай дзяржавы; у іх з’явіліся і ўласныя князі. У выніку Казанскіх паходаў 1545—52 марыйцы прызналі ўладу рас. цара. У 2-й пал. 16 ст. на марыйскіх землях пабудаваны гарады Какшайск, Козьмадзям’янск, Царовакакшайск і інш. У 17 ст. ў краі ствараліся маёнткі рус. памешчыкаў, адбывалася рассяленне рус. сялян, аднак б.ч. зямель належала дзяржаве. Асн. маса карэннага насельніцтва плаціла ясак (даніну) цару. Марыйцы ўдзельнічалі ў сял. войнах пад кіраўніцтвам І.Балотнікава (1606—07), С.Разіна (1670—71), Е.Пугачова (1773—75). З 18 ст. ўзмацніўся працэс русіфікацыі і пераводу ў праваслаўе (усх. марыйцы хрысціянства не прынялі і захавалі традыц. вераванні). У 1779—82 марыйскія землі падзелены паміж Казанскай, Ніжагародскай і Вяцкай губ. Пасля адмены прыгоннага права асн. заняткам насельніцтва заставаліся земляробства і жывёлагадоўля, аднак з’явіліся буйныя фабр.-заводскія прадпрыемствы: Звянігаўскі суднамех., Нікалаеўскі хрусталёва-шкляны з-ды і інш. Насельніцтва краю ўдзельнічала ў рэвалюцыі 1905—07.
Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у Царовакакшайску, Юрыне, Козьмадзям’янску і інш. узніклі Саветы, у якіх пераважалі меншавікі і эсэры. У чэрв. 1917 у г. Бірск (Башкортастан) адбыўся 1-ы Усерас. з’езд марыйцаў. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 сав. ўлада перамагла ў большасці мясцін краю, летам 1918 задушаны буйныя антыбальшавіцкія выступленні. У ліп. 1918 утвораны аддзел мары Наркамнаца РСФСР. 4.11.1920 дэкрэтам ВЦВК і СНК РСФСР утворана Марыйская аўт.вобл. (нас. 338,5 тыс.чал., у т. л. марыйцаў 183 тыс.) з цэнтрам у г. Чырвонакакшайск (з 1927 Йашкар-Ала). 5.12.1936 яна пераўтворана ў Марыйскую Аўт.Сав.Сацыяліст. Рэспубліку (Марыйская АССР). У 1920—30-я г. развівалася дрэваапрацоўчая, цэлюлозна-папяровая прам-сць. У выніку калектывізацыі сельскай гаспадаркі асабліва пацярпела жывёлагадоўля (у 1941 колькасць жывёлы ў М.Э. была меншая, чым у 1916). Насельніцтва М.Э. удзельнічала ў Вял.Айч. вайне, больш за 40 ураджэнцаў рэспублікі ўдастоены звання Героя Сав. Саюза. У 1944 Марыйская АССР накіравала ў дапамогу вызваленай Беларусі 50 трактароў. У кастр. 1990 Вярх. Савет Марыйскай А́ССР прыняў дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце. У 1992 рэспубліка падпісала федэратыўны дагавор з Расіяй і прыняла назву Марыйская Рэспубліка (Марый Эл).
Гаспадарка. М.Э. — індустрыяльна-агр. рэспубліка. Аснову эканомікі складаюць машынабудаванне і металаапрацоўка (21,6% ад аб’ёму ўсёй прадукцыі, 1997). Вытв-сцьметалаапр. інструментаў, прылад і сродкаў аўтаматызацыі, тэхнал. абсталявання для лясной і лесаапр. прам-сці (Йашкар-Ала), халадзільнага абсталявання для гандлю і грамадскага харчавання (Волжск), радыёдэталей (Козьмадзям’янск), пральных машын (Маркі), суднарамонт (Звянігава). У 1997 выраблена 24,8 тыс.шт.гандл.-халадзільнага абсталявання, 17,5 тыс.шт. міксераў. Электраэнергетыка (24% прамысл. прадукцыі) прадстаўлена ЦЭЦ у Йашкар-Але і Волжску. З галін харч. прам-сці (18,7% прамысл. прадукцыі) вылучаюцца мясная, масларобная, малочная, алейная, кансервавая, піваварная. Вытв-сць (тыс.т, 1998): мяса (укл. субпрадукты 1-й катэгорыі) — 11,6, масла — 3,3, натуральнамалочнай прадукцыі — 22,3, алею — 0,1. Развіта лясная, дрэваапр., мэблевая і цэлюлозна-папяровая прам-сць (прадпрыемствы ў Волжску, Йашкар-Але, Звянігаве, Савецкім, Суслонгеры). На адходах дрэваапрацоўкі працуе гідролізна-дражджавы з-д у Волжску. Лёгкая прам-сць прадстаўлена абутковай (Йашкар-Ала, Юрына), трыкат. і швейнай (Йашкар-Ала), ільняной (Аршанка) галінамі. Прам-сцьбуд. матэрыялаў (вытв-сць жалезабетонных вырабаў, шкла, асфальту, цэглы і інш). З-дпа вытв-сці лек. сродкаў у Йашкар-Але. С.-г. ўгоддзі займаюць 772,1 тыс.га, у т. л. ворныя землі — 637,8 тыс.га. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на жывёлагадоўлі (малочна-мяснога і малочнага кірунку), авечка-, свіна- і птушкагадоўлі. Пагалоўе (тыс. галоў, 1998) буйн. раг. жывёлы 237,1, свіней 181,9, авечак і коз 91,9. Вытв-сць мяса 42,2 тыс.т, малака 314,8 тыс.т, яец 210,3 млн.шт., настрыг воўны 211 т. Развіта пчалярства, збор мёду ў 1998—388 т. Вырошчваюць збожжавыя культуры (жыта, пшаніца, авёс, ячмень, грэчка) на пл. 301,7 тыс.га, тэхн. (цукр. буракі, лён-даўгунец, хмель) — 7,5 тыс.га, кармавыя — 226,7 тыс.га, бульбу — 40,4 тыс.га. Збор (тыс.т, 1998) збожжа — 538,7, лёну-даўгунцу — 0,8, цукр. буракоў — 0,5, бульбы — 500,5. Пладаводства (збор 14,8 тыс.т), агародніцтва (83,4 тыс.т). Даўж. чыгункі 204 км (Казань — Йашкар-Ала — Яранск). Аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 3131 км. Суднаходства па рэках Волга і Вятлуга. Аэрапорт у г. Йашкар-Ала. Экспарт (22,3 млн.дол. ЗША, 1998): лекавыя сродкі, гандл.-халадзільнае абсталяванне, быт. прылады, цэлюлоза, папера. Імпарт (51,8 млн.дол. ЗША, 1998): паліва, машыны і абсталяванне, прадукцыя лёгкай і харч. прам-сці.
Культура. Літаратура ўзнікла ў пач. 20 ст. Пачынальнік — С.Чавайн. Найб. плённа развівалася паэзія (М.Мікай, М.Мухін, У.Саві, О.Шабдар і інш.). Значную ролю ў развіцці драматургіі адыгралі С.Нікалаеў, М.Шкетан, А.Канакоў, О.Тыныш, прозы — Н.Лекайн, Н.Ігнацьеў, Шабдар, паэзіі — І.Олык, К.Йыван, Чавайн, Мухін. Л-ра перадваен. дзесяцігоддзяў прадстаўлена паэзіяй М.Казакова, В.Рожкіна, В.Чалая, прозай Дз.Арая, М.Мічурына-Азмякея, Шабдара, Ігнацьева, Я.Ялкайна, Чавайна, Лекайна, публіцыстыкай і сатырай Ігнацьева і інш. У Вял.Айч. вайну ў розных жанрах працавалі А.Бік, С.Вішнеўскі, Б.Данілаў, Казакоў, М.Майн, Г.Мацюкоўскі, І.Осмін, Чалай. У л-ры пасляваен. перыяду ў жанры рамана працавалі Лекайн, Тыныш, А.Крупнякоў, у драматургіі — Нікалаеў, у паэзіі — Казакоў, Вішнеўскі і інш. На бел. мову асобныя творы марыйскіх пісьменнікаў (С.Брылякова, Вішнеўскага, М.Гаяза, Данілава, В.Дзмітрыева, Д.Ісламава, Казакова, Майна, Мацюкоўскага, П.Рэчкіна) пераклалі Э.Валасевіч, Х.Жычка, І.Калеснік, У.Рыгорава, У.Скарынкін, К.Цвірка.
Да сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. адносяцца прымітыўныя фігуркі жывёл з каменю і гліны, метал. ўпрыгожанні бронзавага веку. Для нар. дойлідства характэрны зрубныя з бярвення хаты з П-падобным дваром, летняй кухняй («кудо», без акон), 2-павярховай клеццю з галерэяй-балконам. Да сярэдзіны 19 ст. паселішчы забудоўваліся хаатычна, пазней усталявалася вулічная планіроўка. Гарады ўзніклі ў 2-й пал. 16 ст. (Какшайск, цяпер Йашкар-Ала; Козьмадзям’янск, Юрына). З пач. 20 ст. яны забудоўваліся паводле генпланаў. Асновы прафес.выяўл. мастацтва закладзены ў 1920-я г. (мастакі В.Цімафееў, П.Радзімаў, А.Грыгор’еў, К.Ягораў, Л.Атлашкіна). У 1940—50-я г. значныя творы стваралі П.Гарбунцоў, У.Казьмін, Б.Осіпаў, І.Пландзін, А.Пушкоў, П.Шабярдзін; з 1960-х г. працуюць жывапісцы А.Бутаў, Ю.Бялкоў, З.Лаўрэнцьеў, С.Падмароў, Б.Пушкоў, М.Тактаулаў, І.Яфімаў; графікі А.Арлоў, А.Бакулеўскі, І.Міхайлін, А.Фамін; скульптары А.Дзедаў, У.Карпееў, А.Шырнін; майстар нац. вышыўкі Л.Арлова. У дэкар.-прыкладным мастацтве здаўна пашыраны разьба па дрэве, узорыстае ткацтва, пляценне з бяросты, гнутая і плеценая мэбля, вышыўка. У 1941 створаны Саюз архітэктараў, у 1968 — Саюз мастакоў М.Э.
Найб. стараж. пласт нар.муз. культуры — прац., абрадавыя, быт., лірычныя і інш. песні. Яны пераважна 1-галосыя, куплетнай формы, выконваюцца ва унісон ці ў актаву, вылучаюцца багаццем рытму і метра. Ладавая аснова — пентатоніка. Марыйскія песні падзяляюць на песні горных мары (пабудаваны на квартава-квінтавых, секставых інтанацыях, з чаргаваннем простых і мяшаных памераў). лугавых (вылучаюцца лірычнасцю, роўнасцю рытму, часам імправізацыйнасцю) і ўсходніх (прыкметны ўплыў тат. і башк.муз. культур, ладавая аснова — ангемітонная пентатоніка; пашыраны жанр такмак, блізкі да прыпеўкі). Сярод нар. інструментаў: стр.-шчыпковы кусле (гуслі); смычковы кавыж (2-стр. скрыпка); духавыя шувыр (дуда), шыялтыш (падоўжная флейта), пуч (жалейкі), шушпык (гліняны салавей), ударны тумыр (барабан); храматычныя гармонікі, баян, балалайка. Першы прафес. кампазітар — І.Палантай (Ключнікаў) увёў у марыйскую музыку шматгалоссе. Сярод кампазітараў: В.Аляксееў, К.Гейст, В.Данілаў, Ю.Еўдакімаў, В.Захараў, А.Іскандараў, В.Кульшэтаў, У.Купрыянаў, А.Лупаў (першы нац. балет «Лясная легенда», 1971), С.Макаў, І.Молатаў, А.Нязнакін, Э.Сапаеў (першая нац. опера «Акпатыр», 1963), Л.Сахараў, Н.Сідушкін, К.Смірноў, Я.Эшпай, А.Яшмолкін і інш. Працуюць: Муз.т-р (з 1971), Хар.т-ва (з 1958), філармонія (з 1939), вак.-харэаграфічны ансамбль «Мары Эл» (з 1939), Марыйская хар. капэла (з 1981); муз. вучылішча, дзіцячыя муз. школы і школы мастацтваў. У 1940 створаны Саюз кампазітараў М.Э.
Літ.:
Прокушев Г.И. Художники Марийской АССР. Л., 1982;
Герасимов О.М. Народная песня в хоровом творчестве марийских композиторов. Йошкар-Ола, 1979;
Ягож. Музыкальная культура мари... Йошкар-Ола, 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Жа́ба1 ’земнаводная жывёліна’ (ТСБМ). Рус., укр., балг., макед.жаба, польск.żaba, чэш., славен.žába, серб.-луж.žaba, палаб.zobo ’жаба, рапуха’. Ст.-слав.жаба ’жаба’. Прасл.*žaba < *gēbā < і.-е.gu̯eb(h)‑ ’слізістае, жаба, крот’ (Покарны, 1, 466): ням.Quappe ’апалонік; мянтуз’, ісл.kvap(i) ’жэле, халадзец’, швед.дыял.(s)kvabb ’нешта тлустае’, англ.quab ’балота’, ст.-прус.gabawo ’жаба’ (Тапароў, E–H, 124–127). Фасмер, 2, 31. Міёр.жа́біна ’згустак сопляў’ (Нар. словатв., 162), магчыма, адлюстроўвае не пераноснае значэнне, а старажытную семантыку. Гэта датычыць, магчыма, і жабер ’студзяністыя водарасці’ (Яшкін; гл. жабурынне). Параўн. памор.žaba (побач з ’лягушка’, ’жаба’, ’смоўж’) ’засохшыя соплі’ (Лорэнц, Pomor.). Калі першаснае значэнне ’жывёліна’, не выключана гукапераймальнае паходжанне і.-е. слова (Махэк₂, 721; Скок, 3, 669; Покарны, 1, 466, не ўпэўнена). Гл. Хэмп, Этимология, 1981, 35–37.
Жа́ба2 ’хвароба горла’ (Бяльк., Шат.). Значэнне ’хвароба горла, рота’ вядома ў рус., укр., польск. (Карловіч), чэш., славац., славен., балг., макед., серб.-луж. (у апошніх для формы žabka), таму можа лічыцца агульнаславянскім. Параўн. таксама літ.gẽbenė ’пухір, прышч, высыпка’. Відаць, ад назвы жывёліны (Фасмер, 2, 31). Падобны перанос параўн. у лац.rana ’жаба; нарыў на языку ў жывёліны’, ням.frösch im Halse ці англ.frog in the throatлітар. ’жаба ў горле, хрыпата’, тур.kurbaǧacik ’жабяня, запаленне жыл шыі’ (Радлаў, Опыт). Паводле Махэка (Studie, 123), жаба ў народных павер’ях — ведзьма, што прыносіць хваробу. Трэба улічваць яшчэ жабіць ’перагінаць’ (гл.), магчыма, ’сціскаць’ і лац.angina ’ангіна’ ў сувязі з дзеясловам ango ’душыць, сціскаць’. Мяркулава, Этимология, 1963, 72–78.
Жа́ба3 ’дэталь у плузе для прымацавання паліцы і ручак’ (Шатал.), жа́бка ’рэгулятар мельнічных жорнаў’ (Касп., Сцяшк. МГ, Шатал.). Рус., укр., дыял.жа́бка ’тс’; у іншых слав. мовах žaba, žabka таксама абазначаюць розныя ’прылады для прыяднання або замацавання дэталей’ (польск., чэш., славац., славен., серб.-харв., балг.). Улічваючы іншамоўныя тыпалагічныя паралелі (англ.frog ’жаба’, ’засаўка’, узб.бақа, кірг.бака ’жаба’, ’крыжавіна, на якой замацаваны верхні камень жорнаў’ і г. д.), хутчэй за ўсё перанос назвы жывёліны паводле формы і ўяўнай функцыі (быццам жаба трымае, седзячы, тое, што знаходзіцца пад ёю).
Жа́ба4 ’загана ў палатне, калі ўток слаба прыбіты бёрдам’ (Нар. слова, 253; Влад., 210). Чэш.žaba ’тс’ (PSJČ), балг.жаба ’тс’ (БЕР). Прыналежнасць да тэрміналогіі ткацтва, што мае старажытны характар, а таксама фіксацыя ва ўсіх групах слав. моў указваюць на, магчыма, старажытны характар значэння. Ці перанос ад жаба ’непрыемная жывёліна’ або ’загана, выкліканая ўздзеяннем жабы — ведзьмы’, ці непасрэдна звязаны з дзеясловам жабіць (гл.)? Няясна.
Жа́ба5 ’карабатае месца на астрыі касы’ (Жд. 1). Магчыма, звязана з паняццем няроўнасці ці непрыемнасці да жа́ба1 (параўн. жа́ба4) або з карабатасцю да дзеяслова жа́біць (гл.). Але не выключана і сувязь з жа́бры: рус.дыял.жа́бри́, жа́бры ’зазубіны на восцях, вудцы; ніжняя сківіца’ (СРНГ).
Жа́ба6 ’адмоўная назва дзяцей’ (ТСБМ), жабянё, жабу́цька, ’малая жаба, дзіця’ (Шат.), жа́біца, жабу́ха ’рабая, маршчыністая жанчына’ (Нас.). Перанос ад жа́ба1па падобнасці. Такія пераносы вядомы і іншым слав. мовам. Найбольш замацавана ў чэш. і славац.žaba ’дзяўчынка’ (без адмоўнага адцення).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Трэба1 ‘ахвярапрынашэнне’, ‘рэлігійны абрад (хрысціны, вянчанне, паніхіда), які выконваецца святаром па просьбе веруючых’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ст.-бел.треба ‘ахвяра’ (ГСБМ). Параўн. стараж.-рус.тереба, якое праз ц.-слав. са ст.-слав.трѣба ‘ахвяра’. Паводле Фасмера (4, 95), разумеецца як ‘выкананне абавязку’ і звязана з трэба2 (гл.). Параўн. таксама палаб.trebe ‘каляды’, больш падрабязна Ферлюга-Пятроніё, Linguistica, 20, 2, 138 і наст. Зафіксаванае на Брэстчыне трэ́бо ‘роўнае месца за вёскай з незамярзаючым ручаём’ (Чэрн.), а таксама трэ́ба ‘ляда, месца, дзе высечаны лес’ (бяроз., Шатал.), хутчэй з ўсё, не мае непасрэдных адносін да ‘месца, куды прыносіліся ахвяры багам’, а звязана з трыб1 ‘прасека ў лесе’, гл.
Трэ́ба2 ‘патрэба, неабходнасць’ (Нас.), ‘клопат, справы’ (Нар. Гом.), ‘неабходна, абавязкова, патрэбна’, ‘пажадана’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Ласт., Бяльк., Шат., Касп., Байк. і Некр., Сцяшк., Яруш., Мал., Федар. 4, ТС, Кліх, Ян., Растарг., Сл. ПЗБ), ‘належаць’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ‘мець патрэбу ў чым- ці кім-небудзь’ (смарг., воран., вільн., шальч., іўеў., Сл. ПЗБ), ‘быць патрэбным’ (Нас.), тре́ба ‘трэба’ (Бяльк.; Мат. Маг. 2), трэ́бо ‘тс’ (Скарбы₂; слуц., Мат.), ст.-бел.треба ‘патрэба’: ездилъ есми у требе моей до урадника (ПГС), сюды ж трэ́бака ‘тс’ (пін., Нар. лекс.), тра́було, трэ́було ‘трэба было’ (пін., Ск. нар. мовы), трэ́буль ‘тс’ (астрав., там жа); трэ́батка ‘тс’ (Рагаўц.), трэ́бацімя ‘трэба будзе’ (шчуч., З нар. сл.). Параўн. укр.тре́ба ‘трэба’, зах.-укр.трі́ба ‘патрэба, спроба’, рус.зах.треба ‘патрабаванне’: по требе явиться (Даль), польск.trzeba ‘трэба, неабходна, варта, як належыць, патрэбна было б’, каш.třeba ‘трэба’; н.- і в.-луж.trjeba ‘патрэбна, неабходна’, чэш.třeba ‘тс’, ‘нават, хаця’, ‘хаця б’, ‘можа быць’, ‘бадай што, мабыць’, славац.treba ‘трэба, патрэбна, належыць’, trebars ‘хаця’, славен.tréba (je), харв.trijéba, серб.тре̏ба ‘патрэбна’, дыял.цімак.тре́бе ‘тс’, балг.трѐба ‘грамадская справа’, макед.треба ‘быць неабходным, патрэбным’, ст.-слав.трѣбѣ (ѥсть) ‘патрэбна, трэба, неабходна’. Прасл.*terba ‘патрэба, неабходнасць’ рэканструюць на падставе матэрыялу часткі славянскіх моў, разглядаючы яе як аснову, варыянтную ў адносінах да і.-е.*terp‑:ст.-прус.enterpo ‘ўжывае, патрабуе, патрэбны’, літ.tar̃pti ‘квітнець’, гоц.þaúrban ‘патрабаваць’, þarbs ‘неабходны, патрэбны’, ст.-в.-ням.durfan, thurfan ‘патрабаваць’, ням.dürfen ‘магчы; мець дазвол’, ст.-грэч.τέρπώ ‘насычаюся; маю досыць; радуюся, весялюся’, ст.-інд.tŕ̥pyati, tárpati ‘насычацца’ (Борысь, 648; Фасмер, 4, 96; Сной₂, 779; ESJSt, 16, 979). Беларускія і ўсходнеславянскія формы разглядаюцца як запазычаныя з царкоўнаславянскай або польскай (гл. Анікін, РЭС, 9, 204; Цвяткоў, Запіскі, 2, 63), што, улічваючы шырокае іх распаўсюджанне, здаецца малаверагодным і ставіць пад сумненне прапанаваную этымалогію (пра поўную яе няяснасць гл. ESJSt, 16, 979). Скок (3, 501) мяркуе, што першасным значэннем прасл.*terb‑ было ‘церабіць’, і ўтвораны ад дзеяслова *terbiti (гл. церабіць) назоўнік *trěba абазначаў ‘праца’, пазней — ‘карчаванне’, якое было вельмі патрэбным у жыцці ранніх славян, таму развілося значэнне ‘патрэба ўвогуле’ > ‘патрэба, неабходнасць’; паводле Трубачова (Этимология–1994–1996, 25) — ‘вострая неабходнасць, справа’. У ЕСУМ (5, 626) прасл.*terba ‘патрэба, неабходнасць’ звязваецца з *terbiti ‘ачышчаць ад лупінаў’, ‘церабіць’, ‘карчаваць’, ‘мяць’, ‘пакладаць’. Сюды ж трэ́баваць ‘быць у цечцы (пра свінню)’ (Юрч. СНЛ).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
О́РША,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Аршанскага р-на Віцебскай вобл. на р. Дняпро пры ўпадзенні ў яго р. Аршыца. За 80 км ад Віцебска, вузел 6 чыгунак (лініі на Мінск, Магілёў, Крычаў, Смаленск, Віцебск, Лепель) і 8 аўтадарог. 123,9 тыс.ж. (2000).
Упершыню ўпамінаецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 1067 як горад Ръша. У 1320 у складзе Віцебскага княства далучана да ВКЛ. У 1398—1407 пабудаваны Аршанскі замак. Паводле гіст. крыніц за 1555, М.К.Радзівіл Чорны заснаваў у О. кальвінскі (пратэстанцкі) збор — адзін з першых на Беларусі. З 1560-х г. О. — дзярж. ўладанне, цэнтр Аршанскага павета. Упершыню пазначана на «Карце Вялікага княства Літоўскага, Лівоніі і Маскоўскага княства», складзенай у 1589 М.Струбічам. У ходзе шматлікіх войнаў неаднаразова разбурана і спалена. Каля О. адбыліся Аршанская бітва 1514, Аршанская бітва 1564 і інш. Горад меў гандл. сувязі з Расіяй, Польшчай, Прыбалтыкай і Украінай. У 1612—1820 у О. дзейнічаў Аршанскі езуіцкі калегіум, дзе створаны рукапісны зб.«Аршанскі кодэкс». У 1620 горад атрымаў магдэбургскае права і герб — у блакітным полі залаты паўмесяц, паміж рагамі якога сярэбраны крыж. Складанне гар. статута, зацверджанага 3.3.1621, дапоўніла фарміраванне аршанскага права. У сярэдзіне 17 ст. ў О. каля 5 тыс.ж. У 16—18 ст. О. была значным рэліг. цэнтрам. З 1592 існавала правасл. брацтва. Дзейнічалі манастыры бернардзінцаў, базыльянак, дамініканцаў, францысканцаў, уніятаў, касцёлы трынітарыяў, місіянераў, марыявітак, базыльян, цэрквы. У 1630 пры Куцеінскім Богаяўленскім манастыры бел. асветнік С.Собаль заснаваў Куцеінскую друкарню, якая з’яўлялася асн. цэнтрам бел. кірылічнага кнігадрукавання. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) О. ў складзе Рас. імперыі, цэнтр Аршанскай правінцыі. У 1776 горад пазбаўлены магдэбургскага права: 1700 ж., 309 будынкаў. У 1781 гораду дадзены новы герб: уверсе — палова герба Рас. імперыі, унізе — у блакітным полі пяць стрэл. З 1796 О. — цэнтр павета Беларускай, з 1802 — Магілёўскай губ. У вайну 1812 горад спалены франц. войскамі. У 2-й пал. 19 ст. пасля будаўніцтва чыгунак О. — буйны чыг. вузел, аршанская прыстань — значны трансп. пункт на Дняпры. У 17—19 ст існавалі Аршанскі кляштар бернардзінцаў, Аршанскі кляштар дамініканцаў, Аршанскі кляштар трынітарыяў, Аршанскі кляштар францысканцаў У пач. 1890 у горадзе 15 прамысл. прадпрыемстваў, 9 навуч. устаноў, бальніца, 2 аптэкі, 3 б-кі, 2 кнігарні, друкарня. У 1869 адкрыта тэлеграфная станцыя, у 1899 — публічная б-ка імя А.С.Пушкіна. У 1897 у О. 13 161 ж. З 1903 працавала Аршанская жаночая гімназія, з 1906 — рэальнае вучылішча, з 1911 — Аршанская жаночая настаўніцкая семінарыя. З 1915 выдавалася газ.«Оршанский вестник». У 1905 у О. пад кіраўніцтвам мясц. арг-цый РСДРП і сац.-дэмакр.к-та Бунда адбыліся выступленні працоўных. У лют.—кастр 1918 О. часткова акупіравана герм. войскамі. У перыяд усталявання сав. улады і грамадз. вайны (1917—20) у О. дзейнічалі органы і арг-цыі розных паліт. сіл: Савет рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў, к-тграмадз. бяспекі, саюз эсэраў-марксістаў, часовы ваенна-рэв.к-т і інш. З 2.2.1919 О. ў складзе Гомельскай, з 1920 — Віцебскай губ. РСФСР. З 1924 цэнтр Аршанскага раёнаБССР, да 1930 — Аршанскай акругі. З 17.3.1938 горад абл. падпарадкавання. У 1939 у О. 37,6 тыс.ж. У пач.Вял.Айч. вайны ў баях пад О. 14.7.1941 упершыню былі выкарыстаны рэактыўныя ўстаноўкі «Кацюша». 16.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія стварылі ў О. некалькі канцлагераў, дзе знішчылі 19 тыс.чал., у горадзе і раёне загубілі 37,4 тыс.чал. Дзейнічала Аршанскае патрыятычнае падполле. Горад вызвалены 27.6.1944 войскамі 3-га Бел. фронту ў ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944 У 1970 у О. 100,6 тыс. жыхароў.
Працуюць (2000) прадпрыемствы маш.-буд. і металаапр., у т. л.Аршанскі станкабудаўнічы завод, Аршанскі інструментальны завод, адкрытае акц.т-ва«Орша», з-ды прылад аўтам. кантролю, форм і тэхнал. аснасткі для прадпрыемстваў зборнага жалезабетону, трактарарамонтны і інш. Развіты тэкст. (Аршанскі льнокамбінат, ф-кі трыкат.спарт. вырабаў, швейная, маст. вырабаў), харч. (Аршанскі мясакансервавы камбінат, камбінаты хлебапрадуктаў, піваварны, малочны і інш.), буд. матэрыялаў (Аршанскі камбінат зборных жалезабетонных вырабаў і канструкцый, камбінат сілікатных вырабаў, з-д жалезабетонных вырабаў і інш.) прам-сці. У горадзе тэхнікумы чыг. транспарту і механіка-тэхналагічны, мед. і пед. вучылішчы. Музеі: К.С.Заслонава, Музей гісторыі і культуры горада Оршы, этнагр. «Млыны», драўлянай скульптуры нар. майстра С.С.Шаўрова. Выдаецца «Аршанская газета».
У 14 ст. на месцы стараж. гарадзішча пабудаваны замак. У час шматлікіх войнаў 16 ст. горад неаднаразова быў разбураны. У 1623 у сутоках рэк Дняпро і Куцеінка засн.Аршанскі Куцеінскі Богаяўленскі манастыр, у 1631 пабудаваны Аршанскі Куцеінскі Успенскі манастыр. У 16—18 ст. у горадзе ўзведзены: драўляная царква Ільі Прарока (1505), мураваныя касцёл і 2-павярховы будынак калегіума (1690), манастыры бернардзінцаў (1636), базыльянак (1642), дамініканцаў (драўляныя будынкі пастаўлены ў 1649—50, мураваны касцёл — у 1819), францысканцаў (мураваныя будынкі ўзведзены ў 1680), саборная мураваная царква Раства Маці Божай (1691), касцёлы трынітарыяў (1714), місіянераў (1752), марыявітак (18 ст.), цэрквы Ушэсця (1757), Іаана Багаслова (1790; усе не захаваліся), Аршанскі манастыр базыльян (2-я пал. 18 ст.). У 1778 распрацаваны план забудовы О., які прадугледжваў рэгуляванне вулічнай сеткі, узбуйненне кварталаў, выраўноўванне паўкальцавых магістралей, стварэнне непадалёку ад цэнтр. ядра горада новай грамадскай плошчы з гасціным дваром і адм. установай, развіццё Задняпроўскага р-на. У вайну 1812 горад спалены франц. войскамі. У 1848 распрацаваны новы праект планіроўкі, які ў асн. рысах паўтараў папярэдні план. У 19 — пач. 20 ст.тэр. О. значна павялічылася, пераважала драўляная забудова. За 1,5 км ад горада забудаваўся прывакзальны раён, які ў 1878 злучыўся з гар. цэнтрам брукаванай магістраллю, у цэнтры О. закладзены парк. У 1880 пабудавана Аршанская Ільінская царква, у 1902 — вадзяны млын, у 1906 — рэальнае вучылішча. На плане 1911 горад падзелены Дняпром і Аршыцай на 3 часткі, рэгулярная планіроўка ўяўляла сабой сетку ўзаемна перпендыкулярных вуліц. Паводле генпланаў О. 1940, 1948 («Белдзяржпраект») разрозненыя раёны аб’яднаны. У 1957 распрацавана схема размяшчэння новага жыллёвага буд-ва (Віцебскі філіял ін-та «Белдзяржпраект»), у 1978 і 1980 — генпланы забудовы О. (БелНДІПгорадабудаўніцтва). Сучасны горад уключае цэнтр., прывакзальны, паўн., паўд. планіровачныя раёны, раёны льнокамбіната і Задняпроўя. Асн. жылы масіў з адм.-грамадскім і культ. цэнтрам размешчаны на правым беразе Дняпра, на месцы гіст. ядра О. з радыяльнай сістэмай вуліц. Асн. кампазіцыйныя восі — вуліцы Леніна (захаваўся фрагмент забудовы канца 19 — пач. 20 ст.), Астроўскага, Міру, праспект Тэкстыльшчыкаў. На скрыжаванні вуліц Леніна і Міру ўтворана цэнтр. плошча, з боку Дняпра да яе прылягае прыдняпроўскі парк. Цэнтр і мікрараёны (мікрараён Задняпроўе 1, Задняпроўе 2, па вуліцах Чырвонай і Леніна) забудоўваюцца 5—9-павярховымі дамамі. Сфарміраваны паўн. і паўд.прамысл. зоны. У О. брацкія могілкі і магілы сав. воінаў, падпольшчыкаў, ахвяр фашызму, ваеннапалонных. Помнікі: Вызваліцелям, Курган Славы, мемар. комплекс «Кацюша», ахвярам паліт. рэпрэсій, у гонар воінаў-землякоў, якія загінулі ў Афганістане, Герою Сав. Саюза К.С.Заслонаву, бел. пісьменніку У.С.Караткевічу.
Літ.:
Орша: Ист.-экон. очерк. 2 изд. Мн., 1967;
Шынкевіч А.М. Аршанская даўніна. Мн., 1992;
Асіноўскі С.М. Орша: Залатыя стрэлы на блакітным полі. Мн., 1997;
Памяць: Гіст.-дак. хроніка Оршы і Аршанскага р-на. Кн. 1—2. Мн., 1999—2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫГО́ННАЕ ПРА́ВА,
прымацаванне сялян да зямлі законамі феад. дзяржавы; залежнасць сялян ад феадалаў у асабістых, маёмасных, зямельных, адм.юрыд. адносінах. Вынікала з уласнасці феадалаў на зямлю, на якой жылі сяляне. Уключала забарону сялянам пакідаць свае зямельныя надзелы, спадчыннае падпарадкаванне адм. і суд. уладзе феадала, пазбаўленне сялян права адчужаць свае надзелы і набываць нерухомасць, прымусовую працу сялян у гаспадарцы феадала (паншчыну) і ўплату выплату яму розных грашовых і натуральных павіннасцей (аброку). У Зах. Еўропе П.п. было пашырана з 8—9 ст., з развіццём таварна-грашовых адносін паступова адмянялася (з 12—13 ст.). У шэрагу краін Цэнтр. і Усх. Еўропы (Германія, Чэхія, Польшча і інш.) у 16—18 ст. прыгонная залежнасць узмацнілася (т.зв. другое выданне П.п.). П.п. тут паступова скасоўвалася з сярэдзіны 18 ст. Пытанне аб існаванні П.п. ў Азіі застаецца дыскусійным. Але ў цэлым у большасці краін Усходу адсутнасць развітой паншчыннай гаспадаркі і звязанай з ёй адработачнай рэнты абумовіла адсутнасць такога юрыд. ін-та П.п., які адпавядае пэўнай сістэме памешчыцкай і сял. гаспадаркі. Аднак гэта не азначала існавання поўнай свабоды пераходу.
Элементы П.п. ў Кіеўскай Русі ў адносінах да асобных катэгорый сялян (закупы, смерды), якія эксплуатаваліся на паншчыне, прасочваюцца з 11—12 ст. У Паўн.-Усх. Русі з сярэдзіны 15 ст. рост плошчы ворыва суправаджаўся ўзмацненнем эксплуатацыі феад. залежных сялян у выглядзе паншчыны. аброку і інш. павіннасцей. Асабістая залежнасць сялян ўзмацнялася даўгавой пасткай, у якую сяляне траплялі пасля атрымання ад феадалаў пазык грашыма, насеннем і інш. Сяляне, каб пазбавіцца ад гэтай залежнасці, часта мянялі ўладальнікаў шляхам пераходаў (гл.Выхад сялянскі) Феад. дзяржава імкнулася абмежаваць сял. пераходы праз устанаўленне для сялян некат., асабліва паўночных, зямель акрэсленага тэрміну змены ўладальнікаў: тыдзень да Юр’ева дня (26 ліст.) і тыдзень пасля яго. З утварэннем у канцы 15 ст.Рус. цэнтралізаванай дзяржавы Судзебнік 1497 пашырыў гэтую норму на ўсю яе тэр., чым быў пакладзены пачатак юрыд. запрыгоньванню сялян. Пераход сялян да інш. уладальнікаў быў магчымы пасля выплаты феадалу зат.зв. пажылое. У 1581 Іван IV увёў забарону на сял. пераходы і ў наступныя гады пацвердзіў яе. Сяляне бестэрмінова замацоўваліся за феадаламі. што фіксавалася ў пісцовых кнігах. У 1597 уведзены 5-гадовы тэрмін вышуку збеглых сялян («урочныя» гады). У 1607 гэты тэрмін павялічаны да 15 гадоў і ўзаконена права феадалаў на сялян паводле запісаў у пісцовых кнігах 1591—92. Саборнае ўлажэнне 1649 устанавіла бестэрміновы вышук збеглых сялян. Сяляне пасля 1649 сталі прыгоннымі, фактычнай уласнасцю сваіх феадалаў-землеўладальнікаў. Была ўстаноўлена спадчыннасць прыгоннага стану і права феадала распараджацца маёмасцю селяніна. Указы 1675, 1682, 1688 санкцыянавалі продаж сялян без зямлі, указ 1760 афіцыйна дазваляў раздзяляць пры продажы бацькоў і дзяцей. Дваране-землеўладальнікі атрымалі права ссылаць сваіх прыгонных у Сібір (1760), адпраўляць на катаргу (1765) і ў турму (1775). У 1741 памешчыцкія сяляне адхілены ад прысягі імператару, у 1767 ім пад пагрозай цяжкага пакарання забаронена падаваць скаргі на сваіх уладальнікаў. П.п. ў Рас. імперыі ў 2-й пал. 18 ст. амаль не адрознівалася ад рабства (дваране не мелі толькі права караць смерцю сваіх прыгонных). У 1783 яно пашырана на Левабярэжную Украіну, у 1796 — на Наваросію. Найб. бяспраўныя катэгорыі прыгонных — дваровыя людзі і пазбаўленыя надзелаў месячнікі, якія працавалі ўвесь час на паншчыне і штомесячна атрымлівалі харч. паёк.
На Беларусі пачатак юрыд. афармленню П.п. паклаў Прывілей 1447вял. князя ВКЛ Казіміра IV, якім забаронены пераход прыватнаўласніцкіх сялян (чэлядзь нявольная, людзі «непахожыя») у велікакняжацкія маёнткі. Гэтыя катэгорыі сялян абкладаліся павіннасцямі толькі на карысць сваіх землеўласнікаў, якія атрымалі над імі неабмежаваную, у т. л. судовую, уладу. «Устава на валокі» 1557, Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588 завяршылі працэс запрыгоньвання сялян. Статут 1529 устанавіў 10-гадовы тэрмін пражывання вольных сялян (людзей «пахожых») на землях феадалаў, пасля заканчэння якога яны рабіліся прыгоннымі. Гэтую норму пацвердзіў і Статут 1588, які павялічыў устаноўлены Статутам 1566 10-гадовы тэрмін вышуку збеглых сялян да 20 гадоў. Паводле асн. павіннасцей прыгонныя сяляне ўмоўна падзяляліся на цяглых сялян і асадных сялян. Да канца 16 ст.б. катэгорыі сялян — чэлядзь нявольная і людзі «непахожыя» ўтварылі адзіны клас-саслоўе прыгонных сялян. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі (у 1772—95) рас. прыгонніцкае заканадаўства пашырылася і на яе тэрыторыю.
Эканам. неэфектыўнасць прыгоннага ладу, грамадскае асуджэнне яго антыгуманных праяў, сял. хваляванні абумовілі ў канцы 18 — сярэдзіне 19 ст. шэраг урадавых захадаў па абмежаванні П.п. і з’яўленне афіц. праектаў яго паступовай адмены. У 1808 забаронена прадаваць прыгонных на кірмашах, у 1833 — раз’ядноўваць пры продажы сем’і. Частковае распрыгоньванне невял. часткі сялян адбылося паводле законаў аб вольных хлебаробах (1803) і часоваабавязаных сялянах (1842). Паводле рэформы 1838—42 на Беларусі, у Літве і Правабярэжнай Украіне адменена арэндна-паншчынная (фактычна прыгонніцкая) эксплуатацыя дзярж. сялян. П.п. скасавана паводле Сялянскай рэформы 1861, але яго перажыткі захоўваліся ў выглядзе адпрацовак да Кастр. рэвалюцыі 1917.
Літ.:
Фридман М.Б. Отмена крепостного права в Белоруссии. Мн., 1958;
Корецкий В.И. Формирование крепостного права и первая крестьянская война в России. М., 1975;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
галава́, ‑ы́; мн. гало́вы (зліч.2,3,4 галавы́), ‑ло́ў; ж.
1. Верхняя частка цела чалавека, верхняя або пярэдняя частка цела жывёліны, якая заключае ў сабе мозг. Павярнуць галаву. Зняць шапку з галавы. □ На галовах — баявыя каскі, Кліча ў даль няведамы паход.Аўрамчык.// У значэнні адзінкі падліку жывёлы. У дзесяці новых прасторных памяшканнях будуць экспанавацца сотні галоў высокапрадукцыйнай жывёлы, выведзенай у калгасах і саўгасах краіны.«Беларусь».
2.перан. Розум, свядомасць; развага. Ясная галава. □ Цвярозыя мужыцкія галовы прадугледжвалі ўсё.Мурашка.// Пра чалавека вялікага розуму. [Нічыпар:] Моцна вучоны чалавек. Кніжкі друкуе свае, студэнтам лекцыі чытае .. Гэта, брат, галава!Крапіва.//Іран. Пра нездагадлівага, някемлівага чалавека. Эх, ты, галава, нічога не разумееш!//якая. Пра чалавека як носьбіта якіх‑н. уласцівасцей, якасцей. Букрэй быў вядомы ў батальёне, як адважная, смелая, камбінатарская галава, і яму ахвотна даручылі арганізаваць і правесці разведку польскага тылу.Колас.
3.перан. Кіраўнік, начальнік; старэйшы ў сям’і. Містэр Брэдлей — паветраны кароль, галава ўсёй кампаніі — сядзіць у машыне.Лынькоў.Таццяне падабалася, што бацька і тут, у атрадзе, адчувае сябе галавой сям’і.Шамякін.
4.м. Старшыня і кіраўнік некаторых выбарных органаў у дарэвалюцыйнай Расіі, а таксама ваеннае або грамадзянскае званне. Казацкі галава. Гарадскі галава.
5.перан. Пярэдняя частка, пачатак чаго‑н. Галава калоны. □ Марудна паварочваецца галава Вялікай Мядзведзіцы, прывязанай за хвост яркай зоркі.Асіпенка.
6. Харчовы прадукт у выглядзе шара або конуса. Галава сыру.
•••
Авечая галава — пра тупога бяспамятнага чалавека.
Адамава галава — малюнак чэрапа з дзвюма перакрыжаванымі кветкамі як сімвал абазначэння смерці, яду і пад.
Адказваць галавоюгл. адказваць.
Адкруціць галавукамугл. адкруціць.
Акунуцца з галавойгл. акунуцца.
Бедная галава — пра няшчаснага чалавека, які выклікае спагаду.
Без галавы — пра неразумнага, тупаватага чалавека.
Біцца галавой аб сцянугл. біцца.
Брацца (узяцца) за галавугл. брацца.
Браць (узяць) у галавугл. браць.
Валіць з хворай галавы на здаровуюгл. валіць.
Варушыць галавойгл. варушыць.
Вецер (гуляе) у галавеукагогл. вецер.
Вешаць галавугл. вешаць.
Вісець над галавойгл. вісець.
Выдаць (сябе) з галавойгл. выдаць.
Выкінуць з галавыгл. выкінуць.
Вылецець (выскачыць) з галавыгл. вылецець.
Вялікая галава — пра разумнага, мудрага чалавека.
Галава варыцьукаго — пра кемлівага, разумнага чалавека.
Галава зварыла — а) зрабіў што‑н. не так, як трэба, дапусціў якое‑н. глупства. [Базыль:] Гэта ж трэба — галава зварыла, пайшоў да Пшыбыльскага ў паслугачы!Шынклер; б) прыняў правільнае рашэнне. У адказны момант яго галава зварыла як трэба.
Галава і два вухі — пра нездагадлівага, прастакаватага чалавека.
Галава ідзе кругамукаго — хто‑н. страціў здольнасць цвяроза разважаць ад мноства клопатаў, дум і пад.
Галава кружыцца (круціцца); галава закружылася (закруцілася)укаго — а) пра галавакружэнне. Галава кружыцца ад малакроўя; б) хто‑н. зазнаўся, страціў здольнасць цвяроза разважаць.
Галава трашчыць (развальваецца) — а) пра моцныя болі ў галаве; б) адчаго хто‑н. траціць здольнасць разважаць ад празмернай работы, шуму, клопату і пад.
Галава як рэшата — пра дрэнную памяць.
Галаву адарвацьгл. адарваць.
Гарачая галава — пра нястрымнага, схільнага да захаплення чалавека.
Губляць галавугл. губляць.
Дайсці сваёй галавойгл. дайсці.
Даць галаву на адрэз (на адсячэнне)гл. даць.
Дзіравая галава — пра чалавека з дрэннай памяццю.
Дубовая галава — пра тупога, неразумнага чалавека.
Дурыць галавугл. дурыць.
Забіць галавучымгл. забіць.
Задраць галавугл. задраць.
Задурыць галавугл. задурыць.
Закружылася (закруцілася) у галавегл. закружыцца.
Закружыць галавукамугл. закружыць.
Закруціць галавукамугл. закруціць.
Залатая галава — пра здольнага, таленавітага чалавека.
З галавой — пра разумнага, талковага чалавека.
З галавы да ног (пят); з ног да галавы; ад пят да галавы — а) зверху данізу; поўнасцю. Прамокнуць з галавы да ног; б) ва ўсім: у думках, учынках і пад. (быць кім‑н., якім‑н.). Ён быў артыстам з галавы да ног.
З галавы не выходзіцьгл. выходзіць.
Злажыць (скласці) галавугл. злажыць.
Зняць (знесці) галавукаму,укагогл. зняць.
Карона з галавы не зваліцца (не спадзе)гл. карона.
Каша ў галавегл. каша.
Класці галавугл. класці.
Класці галаву на калодкугл. класці.
Клёпкі ў галаве не хапае (не стае)гл. хапаць.
Кружыць галавугл. кружыць.
Крукам (шастом) галавы не дастацькамугл. дастаць.
Круціць галавугл. круціць.
Ламаць галавугл. ламаць.
Лезці ў галавугл. лезці.
Марочыць галавукамугл. марочыць.
Мець галаву (на плячах, на карку)гл. мець.
На галаву — у разліку на кожнага.
На галаву вышэйзакаго — значна перавышае каго‑н. у якіх‑н. адносінах, па якіх‑н. якасцях.
Налажыць галавойгл. налажыць.
Намыліць галавукамугл. намыліць.
На сваю галаву — сабе на шкоду.
На свежую галаву — пасля адпачынку, пакуль не стаміўся.
На скрут (злом) галавыгл. скрут.
Не знасіць галавыкамугл. знасіць.
Не ідзе (не выходзіць) з галавыгл. ісці.
Не ідзе (не лезе) у галавугл. ісці.
Няма галавыгл. няма.
Павесіць (звесіць) галавугл. павесіць.
Падняць (узняць) галавугл. падняць.
Паплаціцца галавойгл. паплаціцца.
Паставіць з ног на галавугл. паставіць.
Пастаяць галавойгл. пастаяць.
Прыйсці ў галавукамугл. прыйсці.
Прытуліць галавугл. прытуліць.
Разумная галава — пра талковага, разумнага чалавека.
Ручацца галавойгл. ручацца.
Садовая галава — пра някемлівага, рассеянага чалавека.
Сам чорт галаву зломіцьгл. чорт.
Сарваць галавукамугл. сарваць.
Светлая галава — пра разумнага, здольнага лагічна думаць чалавека.
Сесці на галавукамугл. сесці.
Скруціць (зламаць) сабе галавугл. скруціць.
Сушыць галавугл. сушыць.
Схапіцца за галавугл. схапіцца.
Схіліць галаву перадкім-чымгл. схіліць.
Убіць (набраць) сабе ў галавугл. убіць.
Убіць у галавукамугл. убіць.
У галавах — ва ўзгалоўі.
Удалая галава — пра смелага, адчаяннага чалавека.
Хадзіць на галавегл. хадзіць.
Хапацца за галавугл. хапацца.
Хоць кол на галаве чашыгл. часаць.
Цераз галавучыю — не папярэдзіўшы каго‑н., мінуўшы каго‑н.
Як на маю дурную галаву (мой дурны розум) — як мне здаецца, на мой погляд.
Як снег на галавугл. снег.
Яловая галава — пра бесталковага, дурнога чалавека.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АРМЕ́НІЯ, Рэспубліка Арменія. Размешчана ў паўд. частцы Закаўказзя. Мяжуе на Пн з Грузіяй, на У і ПдЗ з Азербайджанам, на Пд з Іранам, на З з Турцыяй. Пл. 29,3 тыс.км². Нас. 3677 тыс.чал. (1992). Дзярж. мова — армянская. Сталіца — г.Ерэван. Нац. свята — Дзень незалежнасці (28 мая).
Дзяржаўны лад. Арменія — дэмакр. рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1978. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Вышэйшы заканадаўчы орган — Вярх. Савет, вышэйшы выканаўчы і распарадчы орган — Савет Міністраў, які ўзначальвае прэм’ер-міністр.
Прырода. Арменія займае паўн.-ўсх.ч. Армянскага нагор’я, акаймаванага паўн. і ўсх. хрыбтамі М.Каўказа. На Пнпа мяжы з Грузіяй цягнецца Самхецкі хр. (2548 м, г. Лалвар), на Пд ад яго — Ларыйскае плато (выш. да 1400 м), уздоўж паўд. мяжы якога праходзіць Базумскі хр. Паміж Базумскім і паралельным яму Памбакскім хр. ляжыць Памбакская катлавіна, на ПнЗ — Джавахецкі хрыбет. На З узвышаецца вулканічны масіў Арагац (выш. да 4090 м). Хрыбты Гегамскі на З, Вардэнскі на Пд і Шахдагскі на ПнУ і У акружаюць тэктанічную ўпадзіну, у якой знаходзіцца высакагорнае воз. Севан. На ПдУ Арменіі самы высокі ў Закаўказзі Зангезурскі хр. (выш. 3904 м, г. Капутджух), на ПнУ ад яго вулканічнае Карабахскае нагор’е (выш. 2000—3000 м). У паўд.-зах. частцы Арменіі акумулятыўная Арарацкая раўніна (выш. 800—1000 м). Каля ⅓ плошчы Арменіі ўкрыта андэзітабазальтамі, туфамі, пемзамі, перлітамі і інш. прадуктамі вывяржэння вулканаў. Для асобных раёнаў Арменіі характэрна сейсмічнасць. Працягваюцца гораўтваральныя працэсы, адбываюцца землетрасенні (апошняе катастрафічнае ў снеж. 1988). Карысныя выканні: радовішчы медна-малібдэнавых, медна-калчаданавых, залатых, жал. і поліметалічных рудаў, нефелінавых сіенітаў, каменнай солі, буд. матэрыялаў (туфы розных адценняў і якасцяў, базальты, граніты, мармур, пемза, вапнякі, вогнетрывалыя гліны). Выяўлены прамысл. паклады паўкаштоўных і вырабных камянёў (агат, біруза, яшма, абсідыян). Шмат мінер. крыніц. Клімат субтрапічны кантынентальны, сухі; асаблівасці абумоўлены горным рэльефам, блізкасцю Чорнага і Каспійскага мораў, уплывам засушлівага Іранскага і Малаазіяцкага нагор’яў. На раўнінах сярэдняя т-растудз. -5 °C, ліп. 25 °C, ападкаў каля 400 ммза год. На горных плато і схілах гор (да 1400 м) сярэдняя т-растудз. ад -4 °C да -6 °C, ліп. ад 18 °C да 20 °C, ападкаў каля 500 ммза год. У сярэднягор’і клімат умераны, сярэдняя т-растудз. ад -2 °C да -8 °C, ліп. 18 °C, ападкаў 600—800 ммза год. У высакагор’ях сярэдняя т-растудз. ад -9 °C да -14 °C, ліп. ад 10 °C да 15 °C, магутнае снежнае покрыва. Рэкі Арменіі бурныя, парожыстыя, багатыя гідраэнергарэсурсамі, буйнейшая пагранічная р. Аракс. Патэр. Арменіі цякуць прытокі рэк Аракс (Раздан, Арла, Варатан і інш.) і Куры (Дэбед з Памбакам і Дзарагетам). Каля 100 горных азёраў, самае вялікае — Севан, для папаўнення якога прабіты горны 48-кіламетровы тунэль р. Арпа — Севан. Глебы Арарацкай раўніны і прылеглых перадгор’яў (да 1200 м) шэразёмныя і светла-бурыя, у паніжэннях саланчакі і сланцы. У паўд. раёнах да выш. 1800 і ў паўн. да 800 м — каштанавыя глебы, вышэй — горныя лугавыя, лясныя, лугава-тарфяныя; на вулканічных плато — горныя чарназёмы. У перадгор’ях калючыя хмызнякі, падушкападобныя астрагалы і аканталімоны, ксерафільныя зараснікі. На паўн.-ўсх. (да выш. 2000 м) і паўд.-ўсх. (да выш. 2400 м) схілах лісцевыя лясы (усх. бук, дуб, граб). У стэпавым поясе (да 2100—2200 м) пераважае кавыльная і ціпчаковая расліннасць, вышэй — ксерафітнае рэдкалессе, субальпійскія і альпійскі лугі. На вяршынях (Арагац, Капутджух) фірнавыя палі і ледавікі. Жывёльны свет у перадгор’ях: паўзуны (гюрза, каўказская гадзюка), грызуны, скарпіёны, у трысняговых зарасніках — дзік, чаротавы кот, шакал; у гарах — безааравы казёл, сірыйскі мядзведзь, рысь, вавёрка і інш. Акліматызаваны янотападобны сабака, нутрыя, плямісты усурыйскі алень. Запаведнікі: Дыліжанскі, Карагельскі-Сіўліцкі (на мяжы з Азербайджанам), Хасроўскі, Эрэнійскі, Шыкахохскі. Нац. парк Севан.
Насельніцтва. Асноўнае насельніцтва — армяне (93,3%; 1992); жывуць таксама рускія, курды, украінцы, беларусы, грузіны, грэкі, асірыйцы і інш. У сувязі з арм.-азерб. канфліктам большасць азербайджанцаў выехала, а ў Арменію перасялілася значная колькасць армян з Азербайджана. Большасць вернікаў належыць да Армянскай апостальскай царквы. Сярэдняя шчыльнасць 115 чал. на 1 км². Натуральны прырост — 15 чал. на 1000 жыхароў. Гар. насельніцтва складае 68% (1989). 50% сельскага насельніцтва жыве ў горным поясе 1500—2000 м. Найб. гарады (1995): Ерэван (1248 тыс.ж.), Гюмры (211 тыс.ж.), Ванадзор (173 тыс.ж.), Эчміядзін (65 тыс.ж.), Раздан (64 тыс.ж.), Абавян (62 тыс.ж.).
Гаспадарка. Прамысловасць. Асноўныя галіны: машынабудаванне і металаапрацоўка, каляровая металургія, хім., нафтахім., лёгкая, харчасмакавая прам-сць, вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Энергетычная база — ГЭС Севана-Разданскага каскада, ГРЭС у Раздане, ТЭЦ у Ерэване, АЭС у Мецаморы і інш. У машынабудаванні развіты эл.-тэхн., электронная, радыётэхн. прам-сць, прылада- і станкабудаванне, вытв-сцьбыт. тэхнікі (Ерэван, Гюмры, Ванадзор і інш.). Каляровая металургія ўключае вытв-сць медзі, алюмінію, канцэнтратаў малібдэну, свінцу, цынку. Выпуск пракату. Прадпрыемствы хім. і нафтахім. прам-сці вырабляюць сінт. каўчук, аўтамаб. шыны, сінтэтычныя смолы, пластмасы, серную кіслату, хім. валокны і інш. (Ерэван, Ванадзор, Алаверды). З галін лёгкай прам-сці вылучаюцца тэкст. і гарбарна-абутковая. Важнейшыя галіны харчасмакавай прам-сці — плодакансервавая, эфіраалейная, віна-каньячная, тытунёвая, разліў мінер. водаў. У прам-сці буд. матэрыялаў гал. роля належыць вытв-сці сценавых блокаў з натуральнага каменю, у т. л. на базе распрацоўкі радовішчаў каляровых туфаў, перлітаў, вапнякоў, граніту і мармуру, вытв-сць цэменту, шыферу, зборных жалезабетонных канструкцый і вырабаў.
Сельская гаспадарка. Плошча с.-г. угоддзяў складае 1,3 млн.га, з іх ворыва 0,5 млн.га, пашы 1,6 млн.га. Земляробства сканцэнтравана пераважна на Арарацкай раўніне, Шыракскім плато і ў раёне воз. Севан. 305 тыс.гас.-г. угоддзяў арашаецца. Гал. галіны раслінаводства — вінаградарства і пладаводства. Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, ячмень), тэхн. тытунь, цукр. буракі і гароднінна-бахчавыя культуры. Жывёлагадоўля малочна-мяснога і мяса-воўнавага кірунку (буйн. раг. жывёла, коза- і авечкагадоўля). Птушкагадоўля. Асноўныя віды транспарту — чыгуначны (эксплуатацыйная даўж. 870 км) і аўтамабільны (даўж. 7,6 тыс.км, у т. л. 7,3 з цвёрдым пакрыццём). Ёсць газаправодны транспарт, развіты авіяцыйны. Увозіць Арменія энерганосьбіты (прыродны газ), машыны, прадукты харчавання. Экспартуе трансп. абсталяванне, каляровыя металы, быт. тэхніку, вырабы харчасмакавай прам-сці. Каля 80% знешнегандлёвага абароту прыпадае на Расію і Беларусь. Грашовая адзінка — драм.
Гісторыя. Тэр. Арменіі належыць да найб.стараж. цэнтраў сусв. цывілізацыі. Археал. знаходкі сведчаць пра засяленне Армянскага нагор’я першабытным чалавекам у 1-й пал. чацвярцічнага перыяду (Сатані-Дар). У неаліце тут пачалося земляробства. Культура бронзавага веку (3—2-е тыс. да н.э.) прадстаўлена паселішчамі Шэнгавіт, Шрэшблур, Элар, Лчашэн, Тагавараніст. У канцы 2 — пач. 1-га тыс. да н.э. на Армянскім нагор’і ўзнікаюць племянныя саюзы, пачынаецца працэс утварэння дзяржавы. На аснове буйных саюзаў уруатры, наіры, дайані ў 9 ст. да н.э. склалася рабаўладальніцкая дзяржава Урарту. Найб. значныя помнікі гэтага перыяду на тэр. Арменіі: Ван (Тушпа), Эрэбуні, Тайшэбаіні, Армавір. Аслабленая ўнутр. супярэчнасцямі і націскам скіфаў у 6 ст. да н.э. Урарту распалася, яе тэр. ўключана ў стараж. персідскую Ахеменідаў дзяржаву. Арм. народнасць у асн. склалася ў 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. ў выніку змяшання абарыгенных плямёнаў Армянскага нагор’я (хаі, армены), якія атрымалі ў спадчыну высокую культуру Ураргу. Пасля разгрому дзяржавы Ахеменідаў Аляксандр Македонскі ўключыў арм. землі ў сваю імперыю. У канцы 4 ст. да н.э. ад яе аддзяліліся самастойныя арм. царствы ў Арменіі Малой і Айрарацкай даліне. У канцы 3 ст. да н.э.Паўн.-Зах. Арменія (Сафена) і Паўд. Арменія трапілі пад панаванне Селеўкідаў. Каля 220 да н.э. Айрарацкае царства і Паўд. Арменія аб’ядналіся ў незалежную дзяржаву — Арменію Вялікую. У 189 да н.э. правіцелі Вял. Арменіі і Сафеты абвясцілі незалежнасць. З гэтага часу тут усталявалася дынастыя Арташэсідаў [189 да н.э. — 1 ст.н.э.], найб. вядомым прадстаўніком якой быў Тыгран II. У гады яго праўлення завяршылася аб’яднанне асн.арм. зямель. Арменія стала вял. дзяржавай эліністычнага свету. У яе гарадах Армавір, Арташат, Тыгранакерт, Аршамашат, Ервандашат, Вагаршапат былі развіты рамёствы і гандаль. З 1 ст. да н.э Арменія стала арэнай барацьбы паміж Рымам і Парфянскім царствам і прыйшла ў заняпад. У 387 Вял. Арменія падзелена паміж Іранам і Візантыйскай імперыяй; б.ч. яе апынулася ў васальнай залежнасці ад Сасанідскага Ірана, але захавала самакіраванне на чале з намеснікам (марзпанам). У 301 Арменія прыняла хрысціянства. Пачалі складвацца феад. адносіны. Арм. народ вёў упартую барацьбу супраць іранскага панавання за аднаўленне незалежнасці. Буйныя паўстанні адбыліся ў 450—451 (пад кіраўніцтвам Вардана Маміканяна, закончылася Аварайрскай бітвай 451), 481—484, 571—572 і інш. У 2-й пал. 7 ст. Арменія заваявана Арабскім халіфатам. Сац. рух у 9—11 ст. праходзіў пад рэліг. сцягам (гл.Паўлікіяне, Пандракійцы). У ходзе працяглай барацьбы арм. народа з арабамі (паўстанні 703, 748—750, 774—775, 850—855) у канцы 9 ст. Утварылася арм. царства Багратыдаў, у якое ўвайшлі Анійскае царства і залежныя ад яго Ванандскае, Васпураканскае, Сюнікскае і Ташыр-Дзарагецкае царствы. Пачаўся ўздым эканомікі і культуры; цэнтрамі рамяства і гандлю сталі гарады Ані, Карс, Дзвін, Хлат, Маназкерт і інш. У 11 ст. Арменія заваявана Візантыяй, потым сельджукамі, а ў 13 ст. татара-манголамі. У выніку ліквідацыі дзяржаўнасці гарады Арменіі прыйшлі ў заняпад, многія разбураны, значная частка насельніцтва знішчана. Вял. спусташэнні прынеслі Арменіі паходы Тахтамыша і Цімура. Узмацнілася эміграцыя армян у інш. краіны. На ПдУ М. Азіі ўтварылася арм. Кілікійскае царства (1080—1375). На пач. 15 ст. Арменія захоплена вандроўнымі туркм. плямёнамі. У 16—18 ст. яна стала арэнай барацьбы паміж Турцыяй і Іранам, гаспадарка краіны руйнавалася, яе жыхары знішчаліся і высяляліся. У 1639 краіна падзелена; Усх. Арменія адышла Ірану, Зах. — Турцыі. Сац. і нац.-рэліг. прыгнёт выклікаў паўстанні армян (найбуйнейшае ў 1722—28 у Карабаху і Сюніку). З цягам часу ў паліт. плынях стала выспяваць арыентацыя на Расію. У выніку рус.-іран. вайны 1826—28 паводле Туркманчайскага дагавора 1828Усх. Арменія далучана да Рас. імперыі. Больш за 40 тыс. армян перасяліліся з Ірана ў Закаўказзе. Пасля рус.-тур. вайны 1828—29 з падпарадкаваных Турцыі арм. зямель ва Усх. Арменію перасялілася 90 тыс. армян. Зах. армяне, што заставаліся пад уладай Турцыі, неаднаразова паўставалі (Зейтунскае паўстанне 1862, вызв. рух 1870—80-х г.). Тур. ўлады арганізоўвалі (1895, 1896, 1908) масавую разню арм. мірнага насельніцтва. У 1-ю сусв. вайну тур. ўрад правёў генацыд арм. насельніцтва — знішчыў каля 1,5 млн. армян і каля 2 млн. выселіў у пустыні Месапатаміі, дзе большасць іх загінула. У памяць аб гэтай трагедыі 24 крас. лічыцца днём нац. жалобы. Выселеныя з Турцыі армяне аселі пераважна ў краінах Б. Усходу, Еўропы і Амерыкі. У ходзе барацьбы супраць рус. царызму і султанскага дэспатызму ў Арменіі ўзніклі розныя грамадска-паліт. плыні і партыі, найб. уплывовай была партыя «Дашнакцуцюн» (гл.«Дашнакі»). У час рэвалюцыі 1905—07 у Расіі ў Арменіі пракацілася хваля забастовак. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 Часовы ўрад стварыў у Закаўказзі Асобы Закаўказскі камітэт. У вострай паліт. барацьбе з бальшавікамі ў ліст. 1917 да ўлады прыйшлі дашнакі. 28.5.1918 урад дашнакаў аб’явіў незалежнасць Арменіі. У вер. 1918 Турцыя акупіравала значную ч.тэр. Арменіі. Паводле Батумскага дагавора 1918 паміж Турцыяй і Грузіяй тэр., падуладная ўраду дашнакаў, абмяжоўвалася толькі Эрыванскім і Эчміядзінскім паветамі. Пасля паражэння герм. блоку ў 1-й сусв. вайне (ліст. 1918) у Закаўказзе ўступілі англа-амер. войскі. У вер. 1920 паміж Турцыяй і Арменіяй пачалася вайна, якая прынесла новыя пакуты арм. народу (у акупіраваных туркамі раёнах загінула каля 198 тыс.чал.). У ліст. 1920 у Арменіі адбылося ўзбр. паўстанне, падтрыманае Чырв. Арміяй. 29.11.1920 у Каравансараі ўтвораны Рэўком сав. Арменіі, які абвясціў Арменію сав.сацыяліст. рэспублікай. 2.12.1920 урад дашнакаў капітуляваў. 30.12.1922 Арменія разам з Азербайджанам і Грузіяй у складзе Закаўказскай Федэрацыі (ЗСФСР) увайшла ў СССР, з 5.12.1936 — як саюзная рэспубліка (Армянская ССР). У 1922 прынята першая Канстытуцыя Арм. ССР. Цяжар нявырашаных нац. праблем прывёў да абвастрэння адносін з суседзямі — у 1988 з-затэр. прыналежнасці Нагорнага Карабаха паміж Арменіяй і Азейрбайджанам узнік канфлікт, які пазней набыў узбр. характар. Сац.-эканам. становішча абвастрылася пасля землетрасення ў снеж. 1988. На дапамогу арм. народу прыйшлі многія краіны, у т. л. Беларусь. На рэферэндуме ў вер. 1991 за незалежнасць Арменіі выказалася 99% яе насельніцтва. 25.9.1991 Вярх. Савет Арменіі прыняў «Дэкларацыю аб незалежнасці Арменіі». У кастр. 1991 прэзідэнтам краіны выбраны Л.Тэр-Петрасян. З 1991 Арменія — член СНД. У процівагу рашэнню Вярх. Савета Азербайджана аб скасаванні статуса Нагорна-Карабахскай аўт. вобласці Арменія прызнала акт абвяшчэння незалежнасці Нагорнага Карабаха. Паміж краінамі пачалася неаб’яўленая вайна. З 1992 вядуцца перагаворы па ўрэгуляванні азерб.-арм. канфлікту. Пасрэднікамі ў гэтым працэсе выступаюць Балтыйскі Савет, Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ), дзейнічае Мінская група АБСЕ па Нагорным Карабаху.
Арменія — член буйных міжнар. арг-цый: ААН, АБСЕ і інш.Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў 1993.
Палітычныя партыі. Арм. агульнанац. рух, Ліберальна-дэмакр. партыя, Рэсп. партыя, Хрысціянска-дэмакр. партыя, «Дашнакцуцюн», Партыя нац. адраджэння, Саюз канстытуцыйнага права, Нацыяналістычная партыя Арменіі, Камуніст. партыя Арменіі і інш.
Ахова здароўя. У пач. 1992 на 10 тыс.ж. было 87 бальнічных ложкаў, 136 амбулаторна-паліклінічных устаноў, 40 урачоў. Узровень нараджальнасці 21 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць 18 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных (1994).
Асвета, навуковыя ўстановы. У Арменіі ажыццяўляецца ўсеагульнае абавязковае сярэдняе навучанне. Створана сістэма вышэйшай і сярэдняй спец. адукацыі. У 1991 у Арменіі былі 1283 дашкольныя дзіцячыя ўстановы (143 тыс. дзяцей). У 1991/92 навуч.г. працавалі 1374 дзённыя агульнаадук. школы (592 тыс. вучняў, 54 тыс. настаўнікаў), 69 сярэдніх спец.навуч. устаноў (40,6 тыс. навучэнцаў), 14 ВНУ (66,1 тыс. студэнтаў, больш за 5,3 тыс. выкладчыкаў). Найбольшыя ВНУ: Ерэванскі ун-т (з 1920); ін-ты — політэхн., пед., мед., с.-г., нар. гаспадаркі, маст.-тэатральны, кансерваторыя і інш. На 1.1.1990 у Арменіі 1,4 тыс. масавых б-к (21,8 млн. адзінак захавання), самыя вялікія б-кі: Дзяржаўная імя Мяснікяна, навук.б-каАН Арменіі; 50 музеяў, у т. л. гісторыі Арменіі, прыродазнаўства, геалагічны, карцінная галерэя; 1,3 тыс. клубных устаноў. Навук. даследаванні вядуцца ў навук. установах, н.-д. ін-тах Акадэміі навук Арменіі (у яе складзе 43 акад., 59 чл.-кар., 1989), праблемных лабараторыях і канструктарскіх бюро пры мін-вах і ВНУ.
Друк, радыё, тэлебачанне. Найбуйнейшыя газеты: «Екір» («Краіна»), «Азг» («Нацыя»), «Голос Армении», «Республика Армения», «Эпоха». Нац.інфарм. агенцтва Армянпрэс (з 1920). Радыёвяшчанне з 1926 на арм., рус., азерб. і курдскай мовах. Ерэванскі радыёцэнтр перадае спец. праграму для армян, што жывуць за межамі краіны. З 1956 працуе Ерэванскі тэлецэнтр.
Літаратура. Найстаражытныя помнікі арм. культуры захоўваюць звесткі пра жыццё і барацьбу арм. плямёнаў дагіст. перыяду. Паданні і легенды («Нараджэнне Ваагна», «Гайк і Бел», «Ара Цудоўны і Шамірам», «Тыгран і Аждаан» і інш.) расказваюць пра барацьбу армян за незалежнасць і дзяржаўнасць, паказваюць зараджэнне этнічнай самасвядомасці, пошукі ў філас. асэнсаванні жыцця прыроды і Сусвету. Помнікам сусв. культуры з’яўляецца гераічны эпас 9 ст.«Сасунцы Давід».
Арм. пісьменства пачыналася з клінапісных надпісаў (1-е тыс. да н.э.). У перыяд росквіту ў Арменіі эліністычнай культуры існавалі летапісы, кнігі малітваў, паэт. і драматург. творы. Помнікі язычніцкай л-ры не захаваліся, яны знішчаны пасля прыняцця хрысціянства. Развіццю арыгінальнай і перакладной л-ры (жыційнай, царк., гіст., філас.) садзейнічалі вучоны-асветнік Месроп Маштоц, гісторыкі Агатангелос, Карун, Паўстас Бузанд, Егішэ, Маўсес Харэнацы і інш. У часы арабскага нашэсця і візант. экспансіі (7—9 ст.) пераважала царк.л-ра, асабліва духоўныя песні (шараканы), царк.-паліт. публіцыстыка, развіваліся гістарыяграфія (Маўсес Каланкатаўцы, Себеос, Іаан Маміканян і інш), паэзія (Камітас, Даўтак Кертох). Аднаўленне дзяржаўнасці Арменіі (886) спрыяла адраджэнню л-ры. У паэзію пранікаюць свецкія матывы (Грыгор Нарэкацы). З пісьменнікаў 12 ст. вылучаюцца Нерсес Шнаралі і Мхітар Гош, з прадстаўнікоў гуманіст. паэзіі — Фрык, Канстанцін Ерзнкацы (13 ст.), Наапет Кучак, Вардан Айгекцы і інш. Пасля нашэсця мангола-татараў (14 ст.) і падзелу Арменіі паміж Турцыяй і Персіяй настаў змрочны перыяд у культуры краіны. Некаторы яе ўздым адбыўся толькі на пач. 17 ст. Адраджэнне стараж.арм. цывілізацыі, традыцый мовы і л-ры былі гал. мэтай літ. руху «абнаўлення». Важную ролю ў ім адыгрывалі культ. цэнтры арм. калоній у Венецыі, Мадрыдзе, Калькуце, Канстанцінопалі і інш. Развіваюцца публіцыстыка (Аўсеп Эмін, Шаамір Шааміран, Маўсес Баграмян), паэзія (Нагаш Аўнатан, Петрас Капанцы, Багдасар Дпір, Саят-Нава і інш.). У 18 ст. ў арм. л-ры зараджаецца класіцызм (А.Ванандэці, П.Мінасян, А.Багратуні, Э.Гюрмюзян), у 1830—40-я г. адбываўся пераход да рамантызму. Уздым асветніцтва стварыў перадумовы для абнаўлення формы і зместу л-ры. Стараж.арм. мова (грабар) саступае месца нар.літ. мове (ашхарабару). Прадстаўнікі новага літ. руху — А.Аламдаран, М.Тагіядзян, Х.Абавян, Г.Алішан і інш. У 2-й пал. 19 ст. развіваюцца грамадская думка і л-ра. У фарміраванні нац. ідэалогіі важная роля належала перыяд. выданням «Юсісапайл» («Паўночнае ззянне»), «Мегу» («Пчала»), «Мегу Айастані» («Пчала Арменіі»), «Мшак» («Працаўнік»), «Мурч» («Молат») і інш.Л-ра вызначаецца жанравай і стылёвай разнастайнасцю, шматграннасцю ахопу сац.-бытавых і нац. праблем. У паэзіі вядучае месца займае грамадз. лірыка (М.Пешыкташлян, Р.Патканян, М.Налбандзян, П.Дуран), развіваюцца гіст.-рамант. драма (Дуран, Пешыкташлян), сац.-бытавая камедыя (Г.Сундукян). Вядучы жанр л-ры 1870—90-х г. проза. На змену сінкрэтычнаму тыпу «нацыянальнага рамана» прыходзіць маналагічны раман: гістарычны (Цэрэнц, Г.Мурацан, Рафі), сацыяльны (П.Прашан, Г.Агаян, Ц.Камсаракан, А.Шырванзадэ), палітычны (Рафі), псіхалагічны (Мурацан, Нар-Дос) і інш. Дасягненнем маст. прозы сталі сатыра (А.Паранян), навелістыка (Р.Захраб). У 1880—90-я г. вядучым кірункам становіцца крытычны рэалізм, выступае «другое пакаленне» новай арм. паэзіі (І.Іаанісян, А.Туманян, К.Ісаакян). На пач. 20 ст. побач з рэалізмам існуе мадэрнісцкі кірунак з элементамі натуралізму, сімвалізму, неарамантызму. Эстэт. і філас. канцэпцыя адлюстравання рэчаіснасці выявілася ў гіст.-філас. драмах (Л.Шант), прозе (Э.Ацян, Ерухан, В.Папазян), паэзіі (Сіяманта, В.Тэр’ян, Д.Варужан). У 1920-я г. узнік шэраг літ. груповак і арг-цый. У 1927 створаны Саюз пралетарскіх пісьменнікаў, у 1934 — СП Арменіі. Сац. і ідэалаг. перамены ў жыцці, паказ новага і старога грамадства — галоўныя тэмы творчасці Е.Чарэнца, Д.Дэмірчана, С.Зарана, Н.Зарана, Г.Маары і інш. У л-ры 1950-х г. (А.Шыраз, А.Сагіян, Г.Эмін, С.Капуцікян, Р.Аванесян, Х.Даштэнц, С.Хандзадзян і інш.) падзеі 2-й сусв. вайны, змены ў грамадскім і сац. жыцці.
У 1960—70-я г. пашыраецца тэматычны і жанравы дыяпазон л-ры, скіраванай на абнаўленне выяўл. сродкаў, паглыбленне сац.-псіхал. аналізу з’яў і працэсаў, расце цікавасць да гіст. лёсу арм. народа і яго этнічнай самабытнасці (Г.Матэвасян, А.Айвазян, В.Петрасян, Р.Даваян, А.Грыгаран і інш.). У 1980-я г. ў л-ру прыйшлі В.Мугнецян, Л.Хечаян, В.Акапян і інш. Асобнае месца ў сучаснай арм. л-ры займае л-рат.зв. спюрка, створаная армянамі, што жывуць у іншых краінах свету (А.Ашакян, Амстэг, Г.Шахнур, М.Ішхан, Захрат, А.Карапенц).
Архітэктура. Найб. старажытныя паселішчы на тэр. Арменіі адносяцца да энеаліту. Высокай культурай адметныя збудаванні дзяржавы Урарту (9—6 ст. да н.э.). З перыяду элінізму (канец 1-га тыс. да н.э.) захаваліся рэшткі гарадоў Арташата, Тыгранакерта, крэпасць Гарні. У раннефеад. перыяд узніклі невял. замкі-крэпасці (Ані, 5 ст; Амберд, 7—13 ст.), палацы (у Дзвіне, 4—5 ст.; Звартноцы, 7 ст.), хрысціянскія храмы (Эчміядзінскі сабор, 4—19 ст.; Ерэруйская, Тэкорская базілікі, 5 ст.; цэрквы ў Мастары, Рыпсімэ, Аручы, 7 ст.). Збудаванням 5—7 ст. характэрны кампактная кампазіцыя, гармонія прапорцый, лаканічнасць дэкору. У часы новага ўздыму дойлідства (пачынаючы з 9 ст.) пабудаваны крэпасці і замкі (Тыгніс, Бджні, Ахтамар (дойлід Мануэл), буйныя манастырскія комплексы (Татэў, Санаін, Ахпат, Гегард), гасцініцы, трапезныя, кнігасховішчы, караван-сараі, масты. Вялікі размах набыло горадабудаўніцтва ў г. Ані (кафедральны сабор, 989—1001, і храм Гагіка, дойлід Трдат), у 11—14 ст. — у Кілікійскім царстве (крэпасці, парты, палацы, манастыры, храмы, школы, шпіталі). З часу мангола-татарскага нашэсця буд-ва заняпала і толькі пад сярэдзіну 17 ст. аднавілася (манастырскія комплексы Мунгі, Хор-Вірак і інш.). Нар. жыллё — глхатун (прамавугольнае ў плане са ступеньчатым драўляным шатром) — будавалася да 20 ст. Пасля далучэння да Рас. імперыі, асабліва ў канцы 19 — пач. 20 ст., у гарадах будавалі 2—3-павярховыя шматкватэрныя дамы часцей галерэйнага тыпу, будынкі грамадскага прызначэння. З 1930-х г. пачалася комплексная забудова жылых кварталаў, распрацоўваліся аб’ёмна-планіровачныя кампазіцыі паўд. тыпу жылля (арх. К.Алабян, Г.Кочар, М.Мазманян і інш.). У творчасці А.Таманяна спалучаліся сучасныя і традыц.арх. формы (Дом урада, 1926—41; тэатр оперы і балета, 1926—53; абодва ў Ерэване). Выкарыстанне ў буд-ве ружовага і белага туфу надае своеасаблівы каларыт гарадам і пасёлкам Арменіі. У 1960—80-я г. пошукі архітэктараў накіраваны на стварэнне новых арх. формаў і сродкаў маст. выразнасці на аснове сучасных канструкцый, буд. і аддзелачных матэрыялаў. У Ерэване пабудаваны драмтэатр імя Г.Сундукяна (1966, арх. Р.Алавердзян), стадыён «Раздан» (1967—72, арх. К.Акапян, Г.Мушэгян), Дом моладзі (1979, арх. С.Хачыкян, А.Тарханян, Г.Пагасян, М.Закаран), музей сучаснага мастацтва Арменіі (1985, арх. Д.Тарасян, Г.Адамян), спарт.-канцэртны комплекс (1987, арх. Акапян, Мушэгян, Пагасян, Хачыкян; Дзярж. прэмія СССР 1987), аэрапорт «Звартноц» (каля Ерэвана, 1982, арх. Тарханян, Хачыкян, Л.Чаркезян, Ж.Шэхлян); мемарыял у памяць ахвяр генацыду армян 1915 (1965, арх. С.Калашан, Тарханян), манумент «Давід Сасунскі» (1959, скульптар Е.Качар), помнікі Е.Чарэнцу (1985, арх. Тарасян, скульптар М.Нікагасян), М.Сар’яну (1986, арх. Тарханян, скульптар Л.Такмаджан); Ерэванскі метрапалітэн (1981). Арх.-праектныя ін-ты распрацоўваюць планы забудовы нас. месцаў, што пацярпелі ад землетрасення ў снеж. 1988. Архітэктараў у Арменіі рыхтуе буд.ф-т Ерэванскага політэхн. ін-та. У 1933 засн. Саюз архітэктараў Арменіі.
Выяўленчае мастацтва. На тэр. Арменіі знойдзены наскальныя выявы 6-га тыс. да н.э., энеалітычная чарнаглянцавая кераміка з геам. узорам, маст. вырабы з металу і чырвонагліняная кераміка з чорнай размалёўкай (2-е тыс. да н.э.), вялізныя каменныя рыбы (вішапы). Рэшткі насценных размалёвак, ювелірныя вырабы адкрыты ва урарцкіх крэпасцях Эрэбуні і Тэйшэбаіні. Ад эпохі элінізму захаваліся сярэбраныя чашы і рытоны. Мазаікай і размалёўкай упрыгожаны сярэдневяковыя храмы ў Арусы, Таліне, Лмбаце (7 ст.), Татаеве на Ахтамары (10 ст.), Ахтале і Ані (12—13 ст.). Ранняя сярэдневяковая скульптура прадстаўлена стэламі 4—5 ст. з разнымі выявамі. З 9 ст. вядомы стэлы з выявамі крыжа ў арнаментальным абрамленні. З 10 ст.асн. відам выяўл. мастацтва стала кніжная мініяцюра (Т.Рослін, С.Піцак). У сярэдзіне 17 ст. з’явіўся станковы партрэт (А.Мркуз, М.Заграбян, Б.Салтанаў, сем’і Богушаў, Манасе), адзначаны ўплывам прыёмаў зах.-еўрап.рэаліст. жывапісу. Асобнае месца займаюць 6 пакаленняў мастакоў Аўнатанянаў (канец 17—19 ст.), у творчасці якіх фарміраваўся свецкі рэаліст. кірунак. У 19 ст.арм. жывапіс узбагаціўся гіст. і быт. жанрамі (А.Аўнатанян, С.Нерсісян, Г.Башынджагян, В.Сурэнянц). За межамі Арменіі працавалі скульптары А.Тэр-Мерукян, А.Гюрджан, графік Э.Шаін. У фарміраванні арм.маст. школы ў 1920-я г.вял. ролю адыграла творчасць М.Сар’яна, С.Агаджаняна, Е.Татэвасяна, Г.Гюрджана, Ф.Тэрлемезяна і інш. Тэматычныя карціны стваралі С.Аракелян, А.Каджан, А.Бажбеук-Мелікян, нацюрморты — Г.Грыгаран. Развівалася манум. і станковая скульптура (А.Сарксян, С.Сцепанян, А.Урарту), станковая і кніжная графіка (Каджаан, Т.Хачванкян), тэатр.-дэкарац. мастацтва (Г.Якулаў, М.Арутчан, Сар’ян і інш.). У 1940—50-я г. наглядалася развіццё сюжэтнай карціны, пейзажа, нацюрморта (М.Абегян, М.Асламазян, М.Зардаран, Л.Бажбеук-Мелікян, С.Мурудзян, Г.Ханджан, В.Айвазян), скульптуры (Е.Качар, Н.Нікагасян, С.Багдасаран, Г.Чубаран і інш.). Сучасныя жывапісцы і графікі імкнуцца да аналіт. вывучэння аб’екта, асэнсавання гісторыі і нар. паданняў (А.Акапян, Р.Адалян, М.Петрасян, А.Укапян, А.Хачыкян, Р.Хачатран, Г. і Р.Элебікяны і інш.). У галіне тэатр. жывапісу працуюць А.Мірзаян, С.Арутчан; у дэкар.-прыкладным мастацтве — керамісты П.Сіманян, Р.Швердзян, А.Бдзеян і інш. Мастакоў у Арменіі рыхтуюць Мастацка-тэатр.ін-т і маст. вучылішча імя Ф.Тэрмелезяна ў Ерэване. У 1932 засн. Саюз мастакоў Арменіі.
Музыка. У 2-м тыс. да н.э. на тэр. Арменіі ва ўзаемадзеянні з муз. культурамі Пярэдняй і М.Азіі фарміравалася своеасаблівая муз.-паэт. традыцыя, у аснове якой строгая манадыйнасць (з элементамі поліфаніі) і складаная сістэма метрарытму. Сярод жанраў сял. фальклору стараж. абрадавыя, працоўныя, гульнёвыя, лірычныя, эпічныя, каляндарныя і пахавальныя песні, песні вандроўнікаў (пандухтаў). Фарміраванне арм. эпасу (6—4 ст. да н.э.) звязана з творчасцю спевакоў-казачнікаў (віпасанаў) і прафес. паэтаў, спевакоў і акцёраў (гусанаў); гэтая традыцыя прадоўжана ў творчасці ашугаў (Саят-Нава, 18 ст.; Шырын, Джывані, 19—20 ст.). Сярод муз. інструментаў: струнна-смычковыя — кемані, кеманча; струнна-плектарныя — саз, тар, уд; струнна-шчыпковыя — кнар, тавіг, канон, пандырн; духавыя — срынг, дудук, зурна; ударныя — даол тмбук, нагара; струнна-ўдарныя — сантур (разнавіднасць цымбалаў) і інш.Прафес.муз. культура Арменіі напачатку была звязана з царк. пеўчай традыцыяй; з 4 ст.н.э. пашыраны псалмы, духоўныя гімны і шараканы, пазней — стэгі, зартугі, з 10 ст. — гандзы, духоўныя і свецкія тагі — разгорнутыя вакальна-інстр. лірыка-эпічныя кампазіцыі (Грыгор Нарэкацы, 10 ст.; Нерш Шнаралі, 12 ст.; Хачатур Кечарэцы, 14 ст.). Значны ўклад у арм. музыку сярэднявечча зрабілі музыканты і тэарэтыкі Саак Партэў, Давід Керакан (5—6 ст.), Камітас, Ананій Шыракацы, Барыг Чон (7 ст.), Сцепанос Сюнецы 2-і (8 ст.), Акоп Хрымецы (15 ст.). Да 15 ст. асновай натацыі арм.прафес. музыкі былі своеасаблівыя неўмы (хазы), якія ў 19 ст. заменены новай натацыяй. У 19 ст. пачалося актыўнае развіццё муз. адукацыі, збіранне і апрацоўка нар. песень (Х.Кара-Мурза, Н.Тыгранян), стварэнне муз.нар. і прафес. калектываў, асваенне жанраў оперы, аперэты, камерна-інстр. музыкі, раманса (Т.Чухаджан, Г.Еранян, Г.Карганаў). Асновы арм.нац.муз. стылю залажыў Камітас. На пач. 20 ст. напісаны творы, якія сталі нац.муз. класікай — сімф. карціна «Тры пальмы» (1905), сюіты «Крымскія эскізы» (1903, 1912) А.Спендыярава, опера «Ануш» (1912) А.Тыграняна, камерна-інстр. творы А.Тэр-Гевандзяна, С.Бархударана, вак. творы Р.Малікяна і інш. У 1933 створаны Саюз кампазітараў Арменіі. Кампазітарскую школу ўзначаліў А.Хачатуран. Сімф. музыка прадстаўлена творамі Хачатурана, А.Сцепаняна, Г.Егіязарана, у оперным і балетным жанрах працавалі Спендыяраў (опера «Алмаст», 1928), Хачатуран (балеты «Гаянэ», 1942; «Спартак», 1956), Б.Баласанян, Егіязаран, Сцепанян, у жанры аперэты — А.Айвазян, А.Далуханян, В.Катаян і інш. У 1960—80-я г. вылучыліся С.Агаджанян, А.Аруцюнян, С.Бабаджанян, З.Аганесян, Р.Саркісян і інш. Сярод выканаўцаў: дырыжоры М.Таўрызіян, К.Арбелян; спевакі Т.Гаспаран, Н.Аванісян, П.Лісіцыян, З.Далуханава; піяністы Ю.Айрапецян, С.Навасардзян; скрыпачы І.Налбандзян, Р.Агаранян, А.Габрыэлян, Э.Тэтэвасян; віяланчэлісты М.Абрамян, С.Асламазян, Г.Адамян, Г.Таталян і інш. У Арменіі працуюць (1995): Т-р оперы і балета імя Спендыярава, Т-рмуз. камедыі, Дзіцячы муз.т-р, Хар. капэла, Дзярж.сімф. аркестр, сімф. аркестр. Дзяржтэлерадыё, Ансамбль нар. інструментаў, Ерэванскі камерны аркестр, струнны квартэт імя Камітаса; эстрадны аркестр, хор Харавога т-ва Арменіі, Ансамбль нар. песні і танца, Ансамбль нар. танца, Камерны хор Дзяржтэлерадыё; кансерваторыя (1923), Цэнтр.муз. школа, 5 муз. вучылішчаў, больш за 100 муз. школ і інш.
Тэатр. Зараджэнне тэатр. мастацтва ў Арменіі звязана з нар. святамі, стараж. культамі, рытуальнымі абрадамі. Пачаткам прафес.т-ра лічыцца 53 да н.э., калі ў сталіцы Арменіі Арташаце была паказана трагедыя Еўрыпіда «Вакханкі» (т-р створаны царом Артаваздам II). У стараж. т-рах Арменіі ставілі трагедыі грэч. і арм. драматургаў (выконвалі акцёры дзайнарку-гусаны і вохбергу-гусаны), камедыі і бытавыя драмы (катака-гусаны і катакергані), была пашырана пантаміма (актрысы-пантамімісткі вардзакі). У сярэднія вякі спектаклі паказвалі ў амфітэатрах (на ўзор антычных). Існаваў і сатыр. вулічны т-р гусанаў-мімосаў, цахрацу. На аснове літургічнай драмы створаны хрысц. містэрыяльны т-р. З 1668 да сярэдзіны 19 ст. існаваў школьны т-р (царкоўны і свецкі). У 18 ст. у арм. калоніях узнік новы арм. т-р. У 1836 Г.Шэрмазанян стварыў у Тыфлісе «Шэрмазанян тэатр». У 1810 у Канстанцінопалі (культ. цэнтры зах. армян) адбыліся першыя арм. спектаклі. У 1846—66 тут існаваў прафес.т-р «Армян татрон», у 1850-я г. дзейнічалі аматарскія арм. трупы. У 1856 М.Пешыкташлян заснаваў арм.нац. т-р. Пастаянныя прафес. т-ры існавалі ў Канстанцінопалі (1861), Тыфлісе (1863, пад кіраўніцтвам Г.Чмшкяна), Эрывані (1873). Сцвярджэнне рэалізму ў арм. т-ры звязана з драматургіяй Г.Сундукяна і А.Параняна, пазней — А.Шырванзадэ, дзейнасцю акцёра і рэжысёра Чмшкяна, трагіка П.Адамяна. На пач. 20 ст.арм.нар. т-ры існавалі ў Тыфлісе, Баку, Эрывані. У 1921 створаны 1-ы Дзярж.т-р Арменіі ў Ерэване (з 1937 імя Сундукяна). У 1920—30-я г. ўзніклі дзярж.арм. т-ры ў інш. гарадах. У іх рэпертуары творы арм. драматургіі, рус. і зах.-еўрап. класікі; асаблівае месца займалі п’есы У.Шэкспіра. Вядомыя дзеячы тэатр. мастацтва Арменіі: акцёры А.Авецісян, Г.Джанібекян, В.Гулазян, Д.Малян, Р.Нерсесян, В.Папазян, В.Вагаршан, Т.Сар’ян; рэжысёры В.Аджэмян, А.Бурджалян. У арм. т-рах пастаўлены бел. п’есы: «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона, «Галоўная стаўка» К.Губарэвіча, «Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка.
Кіно. Першыя хранікальныя кіназдымкі ў Арменіі зроблены ў 1907. У 1923 створана кінастудыя «Дзяржкіно» (з 1957 «Арменфільм» імя А.Бек-Назарава). Першы дакумент. фільм — «Савецкая Арменія» (1924). Станаўленне маст. кіно звязана з дзейнасцю рэж. Бек-Назарава, які паставіў першы арм.маст. фільм «Намус» (1925). Найб. значныя фільмы нямога кіно: «Зарэ», «Злы дух», «Дом на вулкане», «Кікос», «Гікор». У 1930-я г. зняты фільмы «Пэпо», «Каро», «Зангезаур», «Храбры Назар», «Давід-Бек», першыя мультыплікацыйныя фільмы. Вытворчасць фільмаў павялічылася ў 1950-я г. У 1959 у Ерэване створана студыя хранікальных, дакумент. і навук.-папулярных фільмаў. У развіцці кінамастацтва Арменіі значную ролю адыгралі рэжысёры Бек-Назараў, П.Бархударан, А.Марцірасян, А.Ай-Арцян, С.Кеворкаў, Э.Карамян, С.Параджанаў, акцёры Х.Абрамян, А.Джыгарханян, Г.Тонунц, М.Мкртчан і інш. У 1958 заснаваны Саюз кінематаграфістаў Арменіі.
Літ.:
Абегян М. История древнеармянской литературы. Ереван, 1975;
Налбандян В., Саринян С., Агабабян С. Армянская литература. М., 1976;
Токарский Н.М. По страницам истории армянской архитектуры. Ереван, 1973;
Мнацакян С.Х., Оганесян К.Л., Саинян А.А. Очерки по истории архитектуры Древней и Средневековой Армении. Ереван, 1978;
Григорян А. Современная архитектура Армении. Ереван, 1983;
Дурново Л.А. Очерки изобразительного искусства Средневековой Армении. М., 1979;
Очерки по истории армянского изобразительного искусства. Ереван, 1979;
Музыка советской Армении: Сб. ст. [М., 1960];
Музыкальная культура Армянской ССР: Сб. ст.М., 1985.
Герб і сцяг Арменіі.Да арт.Арменія. Шыкахохскі запаведнік.Да арт.Арменія. Горны пейзаж каля Ерэвана.Да арт.Арменія. Цясніна ракі Раздан.Да арт.Арменія. Астрафізічная абсерваторыя каля Ерэвана.Да арт.Арменія. Кафедральны сабор у Ані. Арх. Трдат. 989-1001.Да арт.Арменія. Манумент «Давід Сасунскі» ў Ерэване.Да арт.Арменія. Рэльеф на фасадзе царквы Крыжа на востраве Ахтамар. 915—921.Да арт.Арменія. Званіца Эчміядзінскага кафедральнага сабора. 1653—58.Да арт.Арменія. Палац моладзі ў Ерэване. 1979.