ВЯРЫ́ГА-ДАРЭ́ЎСКІ Арцём Ігнатавіч
(4.11.1816, в. Кублічы Ушацкага р-на Віцебскай вобл. — 1884),
бел. пісьменнік-дэмакрат. Скончыўшы Забельскую гімназію (Верхнядзвінскі р-н), служыў у розных установах Віцебска. Жыў у в. Стайкі паблізу ад Віцебска, арганізоўваў нар. школы, б-кі, чытальні. Падтрымліваў сувязь з У.Сыракомлем, А.Кіркорам, В.Дуніным-Марцінкевічам, В.Каратынскім, Я.Вулем, А.Рыпінскім і інш., якія пакінулі свае запісы ў «Альбоме» Вярыгі-Дарэўскага. У час паўстання 1863—64 адзін з арганізатараў узбр. выступлення на Віцебшчыне. У 1863 арыштаваны і зняволены ў віцебскую турму, у 1865 сасланы ва Усолле (Усх. Сібір). З 1868 на пасяленні ў Іркуцку. Памёр у Сібіры. Аўтар паэмы «Ахульга» (тэматычна звязана з вызв. барацьбой горцаў пад кіраўніцтвам Шаміля), драмы «Гордасць», камедый «Хцівасць» і «Грэх 4-ы — гнеў», дарожных нататкаў «Гутарка з пляндроўкі па зямлі латышскай» (матэрыялам паслужыла паездка Вярыгі-Дарэўскага ў інфлянцкія паветы Віцебскай губ. ў 1859), верша «Думкі хлопка з аколіц Віцебска на адглос вольнасці» (нап. 1858), твораў «Быхаў», «Паўрот Міхалка» і інш. Першы пераклаў на бел. мову паэму «Конрад Валенрод» А.Міцкевіча. Бел. творы Вярыгі-Дарэўскага з-за цэнзурных умоў не друкаваліся, рукапісы іх не знойдзены. Пры жыцці апубл. маналог-думка «Салдатка» (урывак з камедыі «Грэх 4-ы — гнеў») і верш-гімн «Бялыніцка наша маці...». У копіі захавалася вершаваная імправізацыя «Літвінам, запісаўшымся ў мой Альбом, на пажагнанне» (нап. 1858). Па-польску напісаў «Гутарку пра сваяка» (1858, пад псеўд. Беларуская Дуда), баладу пра кіраўніка паўстання на Украіне Э.Ружыцкага, верш, прысвечаны Э.Жалігоўскаму, і інш. Друкаваў допісы ў газ. «Виленский вестник», варшаўскім час. «Ruch muzyczny» («Музычны рух»), польскамоўнай пецярб. газ. «Słowo» («Слова»). Меркаванне, што Вярыга-Дарэўскі — аўтар паэмы «Тарас на Парнасе», не пацверджана апошнімі даследаваннямі.
Тв.:
У кн.: Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988.
Літ.:
Борковский С.А., Мальдис А.И. Поэтическое наследие Артемия Вериги-Даревского // Сов. славяноведение. 1971. № 2;
Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971. С. 144—212;
Пачынальнікі. Мн., 1977. С. 213—292.
Г.В.Кісялёў.
т. 4, с. 398