БЕ́ЛЕНЬКІЯ,
удзельнікі рэв. руху, браты. Нарадзіліся ў в. Свержань Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл.
Яўхім Якаўлевіч (парт. псеўд. Сяргей; 1875—25.6.1967). Далучаўся да Бунда. З 1901 чл. іскраўскай групы ў Мінску. Адзін з заснавальнікаў Мінскай арг-цыі РСДРП. Удзельнічаў у стварэнні падп. друкарні Паўн.-Зах. к-та РСДРП. У снеж. 1905 чл. Мінскага кааліцыйнага савета па кіраўніцтве забастоўкай чыгуначнікаў. У 1906 сакратар Магілёўскага акр. к-та РСДРП, потым на парт. рабоце ў Кіеве, Екацярынаславе. У 1902 і 1904 арыштаваны, у 1907 сасланы ў Валагодскую губ. З 1909 у Пецярбургу. Удзельнік Лют. і Кастр. рэвалюцый 1917. У 1918—21 працаваў у ВСНГ, у 1922—39 у Наркамфіне СССР.
Абрам Якаўлевіч (1883—1941). Працаваў у Харкаве, быў чл. рабочага гуртка. У 1903 арыштаваны, зняволены ў харкаўскую турму, потым высланы ў Оршу. З 1904 у Францыі, уваходзіў у Парыжскую групу бальшавікоў. З 1917 у Расіі: заг. друкарні ЦК РСДРП у Петраградзе, удзельнік падрыхтоўкі Кастр. рэвалюцыі 1917. Са снеж. 1917 камісар ВЧК і супрацоўнік Аддзела па барацьбе са службовымі злачынствамі, памочнік Ф.Э.Дзяржынскага. У 1919—24 нач. аховы Леніна, чл. калегіі ВЧК—АДПУ, потым у НКУС СССР. У 1937 рэпрэсіраваны, памёр у турме. Рэабілітаваны ў 1954.
Рыгор Якаўлевіч (парт. псеўд. Грыша, Бялінскі; 1885—1938). З 1899 у Мінску. У 1904 арганізатар і прапагандыст Мінскай групы РСДРП. З 1905 на парт. рабоце ў Вільні, з 1906 у Пецярбургу. У 1908 дэлегат 5-й (Агульнарасійскай) канфер. РСДРП у Парыжы. У 1903, 1907 і 1910 быў арыштаваны і сасланы. З 1912 у Францыі, у 1914—17 сакратар Парыжскай секцыі бальшавікоў. Дэлегат Бернскай канфер. РСДРП 1915. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917 у Маскве. Чл. ВЦВК і ЦВК СССР у 1919—27. З 1926 у Камінтэрне. У 1925—27 далучаўся да трацкісцкай апазіцыі, за што ў 1926 і выключаўся з партыі. У 1936—37 дырэктар Ін-та павышэння кваліфікацыі гаспадарнікаў і інж.-тэхн. работнікаў мясц. прам-сці ў Маскве. У 1937 рэпрэсіраваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956.
т. 3, с. 76
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)