ДА́РВІН ((Darwin) Чарлз Роберт) (12.2.1809, г. Шрусберы, Вялікабрытанія — 19.4.1882),
англійскі прыродазнавец, заснавальнік дарвінізму. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1867). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1831). У 1831—36 на караблі «Бігль» прымаў удзел у кругасветным падарожжы, у час якога сабраў матэрыял па фауне і флоры, калекцыі невядомых выкапнёвых жывёл, геал. парод і мінералаў. У асн.навук. працы «Паходжанне відаў шляхам натуральнага адбору» (1859) абагульніў вынікі асабістых назіранняў, дасягненні біялогіі і селекцыйнай практыкі, выявіў асн. фактары эвалюцыі арган. свету. У працы «Змяненне свойскіх жывёл і культурных раслін» (т. 1—2, 1868) разглядаў дадатковы фактычны матэрыял да асн. працы. У кнізе «Паходжанне чалавека і палавы адбор» (1871) абгрунтаваў гіпотэзу паходжання чалавека ад малпападобнага продка. Навук. працы па геалогіі, батаніцы і заалогіі. Гл. таксама Дарвіна прынцып класіфікацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛАГІ́ЧНЫЯ ПО́МНІКІ ПРЫРО́ДЫ,
гідралагічныя аб’екты натуральнага або штучнага паходжання, каштоўныя ў экалагічных, навуковых, эстэтычных, гісторыка-культурных адносінах. Да гідралагічных помнікаў прыроды могуць належаць азёры, балоты, вадасховішчы, сажалкі, участкі рэк з поймамі, старых каналаў, крыніцы. На Беларусі (на 1.1.1997) 2 помнікі рэсп. значэння (Палыкавіцкая крыніца ў Магілёўскім і Блакітная крыніца ў Слаўгарадскім р-нах Магілёўскай вобл.) і 41 мясц. значэння, з іх 19 у Мінскай, 14 у Магілёўскай і 8 у Віцебскай абл. На іх тэр. ўстаноўлены асобы рэжым аховы і выкарыстання: забаронены меліярац. работы, змяненне рэчышчаў, парушэнні берагоў і поймы, знішчэнне берагаахоўнай воднай і балотнай расліннасці, скідванне сцёкавых вод, здабыча карысных выкапняў і інш. мерапрыемствы, якія выклікаюць засмечванне, забруджванне, вычарпанне вадаёмаў ці змяненне хім. саставу вод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭ́МЧУГ (слова кіт.паходжання),
перл, цвёрдыя вапняковыя ўтварэнні перламутравага рэчыва шарападобнай ці няправільнай формы ўнутры ракавін некаторых малюскаў (марскіх і прэснаводных). Складзены пераважна з вуглякіслага кальцыю (араганіту). Колер белы, ружовы, жаўтаваты, іншы раз чорны, шэры, карычневы. Бляск характэрны перламутравы, вясёлкавы. Памеры ад мікраскапічных да галубінага яйца. Утвараецца ў выніку раздражнення мантыі малюска якім-н. чужародным целам (пясчынкай, паразітам і інш.). Здабыча марскога Ж. вядзецца ў Чырвоным м., Персідскім зал., каля берагоў Аўстраліі, Японіі і інш. Прэснаводны Ж. здаўна здабывалі ў Кітаі, Расіі, Германіі, Шатландыі. У 20 ст. вельмі пашырана штучнае вырошчванне Ж. (пераважна ў Японіі). Выкарыстоўваецца ў ювелірнай справе (каралі, брошкі, пярсцёнкі, жамчужнае шыццё), нярэдка ў спалучэнні з каштоўнымі металамі і камянямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЎРЫ́Т,
сучасная мадыфікацыя стараж.-яўр. мовы, якая сфарміравалася на аснове мовы мішнаіцкага перыяду. Адносіцца да семіцкіх моў новай ступені. Афіц. мова Ізраіля (разам з арабскай мовай). У гісторыі развіцця вылучаюцца 3 перыяды: класічны, або біблейскі І., мова свяшчэнных кніг сярэдневякоўя (Мішна, Талмуд, Мідрашы), сучасная пісьмовая і размоўная мова. Аснова пісьменнасці на І. — кансанантны алфавіт самай стараж. формы (гл.Яўрэйскае пісьмо).
І. мае агульныя рысы з інш. мовамі семіта-хаміцкай сям’і: 2 грамат. роды (мужч. і жан.); лічэбнікі 3—10 ужываюцца ў родзе, процілеглым роду назоўнікаў; форма роду выражаецца постфіксамі і прэфіксамі займеннікавага паходжання, якія далучаюцца да кораня слова; як грамат. сродак шырока выкарыстоўваецца змяненне галосных асновы і інш. У І. шмат агульнай лексікі з арамейскай, акадскай, эфіопскай і інш. семіта-хаміцкімі мовамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСЕ́РВЫ (франц. conserves ад лац. conservo захоўваю),
харчовыя прадукты расліннага або жывёльнага паходжання, якія прайшлі адпаведную апрацоўку і змешчаны ў герметычную тару для працяглага захоўвання.
Бываюць мясныя (натуральныя, кулінарна апрацаваныя, у выглядзе паштэтаў, фаршаў, каўбас, субпрадуктаў), мяса-раслінныя (мяса з гарохам, фасоляй і інш.), рыбныя (у т. л. прэсервы), малочныя, агароднінныя (закусачныя, для першых і другіх страў і інш.) і фруктовыя; агульнага прызначэння, спецыяльныя, для дзіцячага і дыетычнага харчавання. У працэсе вырабу К. з прадуктаў выдаляюць неядомыя часткі, дадаюць тлушч, цукар, прыправы, вітаміны, апрацоўваюць цяплом або хім. рэчывамі (гл.Кансерваванне). К. расфасоўваюць і герметычна закрываюць (закрутачнай машынай) у бляшаную, алюмініевую, шкляную або палімерную тару. Захоўваюць у сухім месцы пры т-ры 0—20 °C. Шмат відаў К. вырабляюць прадпрыемствы Беларусі (гл.Кансервавая прамысловасць).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ВЫ,
племя фіна-угорскага паходжання, якое ў старажытнасці і ў сярэднія вякі жыло на З і ПнЗ сучаснай Латвіі (узбярэжжа Рыжскага заліва і ПнКурляндыі). У рус. летапісах наз. «либь». Займаліся пераважна земляробствам, а таксама рыбалоўствам, бортніцтвам і гандлем. У 9—12 ст. знаходзіліся пад кіраваннем старэйшын і князёў. Падтрымлівалі сувязі з Полацкам і плацілі даніну полацкаму князю. У пач. 13 ст. разам з палачанамі змагаліся супраць крыжацкай агрэсіі, да 1206 заваяваны крыжакамі і прымусова хрысціянізаваны (у каталіцтва). У далейшым большасць Л. паступова асімілявана куршамі і латгаламі. Ад этноніма «лівы» лац. назва краю Лівонія (Livonia), ням. назва Ліфлянд (Livland краіна ліваў) і назвы Ліфляндыя, Інфлянты. Цяпер Л. — невял. этн. група, што жыве ў ваколіцах г. Вентспілс (Латвія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКУШО́К (Маркел Емяльянавіч) (14.1.1881, с. Вярхнячка Уманскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна — 31.1.1952),
бел. вучоны ў галіне заалогіі. Акад.АН Беларусі (1950, чл.-кар. 1947). Д-рбіял.н. (1937), праф. (1918). Засл. дз. нав. Беларусі (1944). Скончыў Кіеўскі ун-т (1910). З 1918 праф. Маскоўскага ун-та, з 1927 заг. кафедры Казанскага ун-та, з 1931 у Акіянаграфічным ін-це. У 1937—41 праф., у 1943—52 заг. кафедры, у 1950—52 прарэктар БДУ. Навук. працы па параўнальнай анатоміі жывёл, іхтыялогіі, герпеталогіі. Даследаваў пытанні паходжання лёгкіх і плавальнага пузыра, развіцця галавы пазваночных жывёл, сістэматыкі губак воз. Байкал і Баранцава м., іхтыяфауны Беларусі. Заснаваў у БДУ шкалу заолагаў марфолага-экалагічнага кірунку.
Тв.:
Карликовый сомик, его хозяйственное значение и биологические особенности. Мн., 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТЫЯНІ́Н, α-аміна-γ-метылтыямасляная кіслата,
незаменная серазмяшчальная амінакіслата, CH3S(CH2)2CH(NH2)COOH. Неабходны для падтрымання росту і азоцістай раўнавагі ў арганізме. Асн. крыніца: малочныя прадукты, яйкі, мяса, бабовыя расліны і інш. Уваходзіць у састаў большасці бялкоў расл. і жывёльнага паходжання. Выдзелены з бялкоў у 1922.
Белы крышталічны парашок. мал. м. 149,2, раствараецца ў гарачай вадзе. Т-ра плаўлення 272—276 °C. З’яўляецца донарам метыльных груп у арганізме млекакормячых жывёл і чалавека. Удзельнічае ў сінтэзе адрэналіну, халіну і інш. біялагічна актыўных злучэнняў. Актывізуе дзейнасць гармонаў, вітамінаў (B12, фоліевай і аскарбінавай к-т), ферментаў; шляхам метыліравання і трансульфіравання абеззаражвае таксічныя рэчывы ў арганізме. Недахоп у арганізме вядзе да парушэнняў абмену рэчываў. Выкарыстоўваецца ў медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЎНА́ЛЬНА-ГІСТАРЫ́ЧНЫ МЕ́ТАД,
навуковы метад, з дапамогай якога шляхам параўнання выяўляецца агульнае і асаблівае ў гіст. з’явах, дасягаецца пазнанне розных гіст. ступеней развіцця адной і той жа з’явы ці дзвюх розных суіснуючых з’яў; разнавіднасць гіст. метаду. Дае магчымасць выявіць і параўнаць узроўні ў развіцці вывучаемага аб’екта, змены ў ім, адзначыць тэндэнцыі развіцця. Уключае розныя формы: супастаўленне (выяўляе прыроду разнародных аб’ектаў), гісторыка-тыпалагічнае параўнанне (тлумачыць падабенства розных па паходжанні аб’ектаў аднолькавымі ўмовамі генезісу і развіцця), гіст.-генет. параўнанне (падабенства з’яў тлумачыцца іх роўнасцю паводле паходжання), параўнанне (розныя з’явы фіксуюцца на аснове ўзаемаўплываў). Агульнапрызнаным стаў у 19 ст. Ужываецца ў мовазнаўстве (гл.Параўнальна-гістарычнае мовазнаўства), літ.-знаўстве (гл.Параўнальна-гістарычнае літаратуразнаўства), юрыспрудэнцыі, сацыялогіі, этнаграфіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДАЎНІЦА,
радуніца, радуніцкія дзяды, ва ўсх.-славянскіх народаў, у т. л. ў беларусаў, веснавое свята язычніцкага паходжання, звязанае з культам продкаў, дзень памінання памерлых. Паходжанне слова «Р.» выводзяць ад розных слоў: ад ведыйскага radanh (ахвярадаўства), літ. rauda (галашэнне), ад агульнаслав. слоў «род», «радзіцца», ад імя міфалагічнага бога Рады (Рода) і інш. Памінальны абрад адбываецца ў аўторак пасля велікоднага тыдня. Родзічаў памінаюць спачатку ў царкве, потым на могілках, дзе прыбіраюць магілы блізкіх, рассцілаюць на насыпах абрусы для памінальнай трапезы, якая нагадвае стараж. язычніцкую трызну. Крыху стравы (фарбаваныя яйкі, куцця, мяса, цукеркі) і гарэлкі пакідаюць на магіле. Раней часта гучалі галашэнні. У некат. мясцінах Палесся Р. падмяняліся т.зв. «наўскім вялікаднем» або «вялікаднем мёртвых», які адбываўся ў чацвер велікоднага тыдня.