упаўзці́, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; ‑зём, ‑зяце; пр. упоўз, упаўзла, ‑ло; зак.
1. Паўзучы, узлезці ўнутр чаго‑н. (аб паўзунах, насякомых). Змяя ўпаўзла ў нару. Жук упоўз у шчыліну.
2. Паўзком забрацца куды‑н. А старэйшы сын дык упоўз у хату на каленях, ледзьве цераз парог перабраўся. Чорны. // перан. Разм. З цяжкасцю, павольна ўвайсці куды‑н. У дзверы ўпоўз тоўсценькі, чырвоненькі, нібы пераспелая вішня, віцэ-прэзідэнт сталёвай кампаніі. Мікуліч.
3. перан. Разм. Закрасціся, пранікнуць (пра страх, трывогу, сумненне і пад.). І ва ўсё гэтае буянае свята раптам упаўзла трывога. Караткевіч. / у вобразным ужыв. І прыйшоў такі час, калі на падворак Гарася ўпаўзла цішыня, упаўзла і пасялілася на ім назаўсёды. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фа́брыка, ‑і, ДМ ‑рыцы, ж.
1. Прамысловае прадпрыемства, якое апрацоўвае сыравіну пры дапамозе машын і для якога характэрны падзел працы па аперацыях. Тэкстыльная фабрыка. Абутковая фабрыка. □ Магутнай ракой, перакідваючыся з завода на завод, з фабрыкі на фабрыку, з калгаса ў калгас, пацёк — разліўся стаханаўскі рух па нашай радзіме. Купала. Мы цягнікі вадзілі, Палотны на фабрыках ткалі, Лес магутны валілі. Караткевіч.
2. перан.; чаго. Пра месца, дзе што‑н. ствараецца ў вялікай колькасці. Фабрыка хлусні. □ [Васіль:] — Думаю, што нядоўга чакаць, калі калгасы нашы .. стануць буйнымі фабрыкамі хлеба, малака, мяса. Шамякін. Фашысцкай навалы і фабрык смерці Ты, малады чытач, не ведаеш І не трэба, каб іх ты ведаў. Кірэенка.
[Ад лац. fabrica — майстэрня.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чарні́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да чарніла. На жоўтым століку выразна віднелася чарнільная пляма, вельмі падобная на след дзіцячай далонькі. Лынькоў. Некаторыя з .. [выразаў] тут жа тлумачыліся, развіваліся на палях газеты дробнымі чарнільнымі надпісамі. Шамякін. // Прызначаны для чарніла. Чарнільны парашок. Чарнільны прыбор. // Такі, як у чарніла (пра колер). Змяркалася. Цемень змагалася з віднатою — неба налівалася сінім чарнільным колерам. Капыловіч. // Чорны, цёмны. Хвалі ішлі адна за адной, і процілеглы бераг губляўся ў чарнільнай навальнічнай цемры. Караткевіч. / у вобразным ужыв. Ды затапіла неба чырвань, Пабеглі цені па вадзе, І ноч ад нас чарнільнай шырмай Адгарадзіла светлы дзень. Сербантовіч.
•••
Чарнільны арэшак гл. арэшак.
Чарнільная душа гл. душа.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ша́рпаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1. Утвараць сухі шум, дакранаючыся да чаго‑н. або ад дотыку чаго‑н.; шуршэць. На дварэ курылася замець. Шарпалі па шыбах голыя галінкі бэзу, нібы прасіліся ў хату пагрэцца. Шашкоў. Шарпае пад лёгкімі лапцікамі колкае і яшчэ поўнае соку ржышча. Гарэцкі.
2. што. З шумам дакранацца да чаго‑н., кратаць, драпаць што‑н. Чутно стала, як аб пясок разбіваюцца хвалі, нібы якісьці звер шлёпае лапамі па вадзе і шарпае гальку. Дуброўскі. // Шукаць. Мусатаў збялеў. — Вось якія справы. Калі ўжо шарпаць, то не ў Хаданоўскай пушчы, а ў Янавай. Ды і Кортаўскі востраў памацаць не шкодзіла б. Караткевіч.
3. што. Драць. Шарпаць адзенне.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шчаню́к, ‑а, м.
1. Тое, што і шчаня. Шчанюк спачатку хацеў панюхаць вожыка: дакрануўся носам да шэрых іголак. Брыль. Шчанюк круціўся каля плота. Малы, таўсматы, на кароткіх і шырокапастаўленых лапах. Паўлаў.
2. перан. Разм. Пра маладога, неспрактыкаванага чалавека. Ханскі сын, шчанюк жаўтавухі, Праязджаў... Убачыў... Адняў... Як я мог не адчуць: ты скутая? Не пачуць здалёк: ты ў бядзе? Караткевіч. Побач з гэтым мацёрым бандытам Палітаў выглядаў шчанюком. «Маладосць». / Ужываецца як лаянка. Чыкілевіч правёў Мікіту злосным вокам... «У, шчанюк!» — працадзіў ён скрозь зубы. Колас. — Ах ты, шчанюк! — злосна прабурчаў паліцай. — Чаго крычыш на ўсю вуліцу? Самі бачым... Няхай. — Шчанюк! — зашыпеў Сімон, яшчэ раз пляснуўшы Іліко па шчацэ. Самуйлёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
эге́ 1, часціца.
Разм. Ужываецца для выказвання згоды, а таксама для пацвярджэння чаго‑н.; адпавядае па значэнню слову «так». [Галінка:] — Зайдзіце, калі час будзе... Гэта ж вы дзядзькавыя браты нашага пана? [Андрэй:] — Эге, вось і ён там у чаўне ехаў. Караткевіч.
эге́ 2, і эге-ге́, выкл.
1. Ужываецца пры выяўленні чаго‑н. важнага, значнага ці нечаканага. — Эге, — неяк гучна ў цішыні азвалася Морка Парэмская. — Вы [маладзіцы] вот седзіце, размаўляеце за поўным сталом, а яго [сына] ужо колькі няма. Ракітны. — Эге, весела сёння ў «брахалаўцы»! — азваўся ад парога Мальчэўскі. Васілёнак.
2. Ужываецца для выказвання здзіўлення, недаверу і пад. Эге, куды хапілі. □ [Дзед:] — Эге, ці не Раманаў сынок часам? Толькі каторы? Грахоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нацяга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-чаго.
1. Прынесці, прыцягнуць за некалькі прыёмаў у якой‑н. колькасці; нанасіць, назапасіць. Хату .. [Антось] уцяпліў, зрабіўшы прызбу да самых вокнаў, на столь нацягаў кастрыцы і пяску. Чарнышэвіч. Нявесткі скардзіліся: пакуль нацягаеш вады [у лазню] — рукі адвальваюцца. Караткевіч. Лявону стала прыкра на сябе, што ніколі ў яго не хапае часу, каб, як людзі, нацягаць дроў на зіму, нарэзаць, насекчы. Кудравец. // Выцягнуць адкуль‑н. у якой‑н. колькасці; налавіць. [Ёсіп:] — Чуеш, давай заўтра на рыбу падскочым. Палонкі прасекшы, пуды па тры нацягаць можна. Дуброўскі.
2. Разм. Украсці за некалькі прыёмаў у якой‑н. колькасці. [Гаспадыня], разгубленая, стаяла сярод хаты і не рада была свайму дабру, што нацягала са складаў. Няхай.
3. Разм. Пакараць, цягаючы за вушы, валасы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
непраніка́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Праз які не пранікаюць вада, газы, гукі і пад. Непранікальная перагародка. // Праз які нельга прайсці, прабрацца. Непранікальны гушчар. □ Цякуць па.. [лясах] нязведаныя ручаіны, скрытна і ўпарта прабіваючыся праз нетры, пад аховаю, — то гонкіх сосен, .. то непранікальных чаротаў. Пестрак. // Праз які нельга ўбачыць што‑н. На вуліцы было цёмна. Непранікальная заслона снегу, дзе ўсё мітусілася, рухалася, хадзіла ходырам, бы ў нейкім тлумным дзікім танцы. Колас. Вакол стаяла непранікальная, непраглядная .. сцяна дажджу. Караткевіч.
2. перан. Які хавае ад іншых свае намеры, думкі, пачуцці; скрытны. Шырокія бровы [Агея Міхайлавіча] былі ссунуты, выраз твару непранікальны, і Венька не мог зразумець, да чаго адносіцца заўвага настаўніка... Шыловіч. Непранікальныя вочы .. [Зіны] утаропіліся некуды ў адну кропку і, здавалася, нічога і нікога не заўважаюць вакол. Васілёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падвалі́ць 1, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак.
Разм.
1. што і чаго. Падсыпаць вялікую колькасць чаго‑н. Падваліць воз пяску пад прызбу.
2. Выпасці, нападаць дадаткова ў вялікай колькасці. Уначы яшчэ падваліў снег, засыпаў усе сляды і мурашнікі. Караткевіч. / у безас. ужыв. За ноч падваліла снегу.
3. Прыйсці, далучыцца да каго‑, чаго‑н. у вялікай колькасці. Алея ажывае.. — хлопцы падвалілі гаманлівай чарадою. Савіцкі. / у безас. ужыв. Народу падваліла.
4. перан. Нечакана прыйсці, з’явіцца (пра шчасце, удачу і пад.). — Бачыш, сын, якое нам шчасце падваліла? За нашага старога.. [каня] нам далі маладую Сівую, — апярэдзіў бацька маё пытанне. Дамашэвіч.
падвалі́ць 2, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак., што і чаго.
Зваліць злёгку, нямнога (пра сукно, воўну і пад.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разва́л, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. разваліць (у 3 знач.) і разваліцца (у 3 знач.).
2. Поўнае расстройства, разруха. У час змагання цёмных мас, У час галечы і развалу, Была апанавала нас Гання драпежная шакалаў. Крапіва. На ўсіх дварах развал І там тут. Куды ні глянь — Памыі, бруд. Корбан.
3. Разм. Раскіданыя, раскладзеныя ў беспарадку рэчы; беспарадак. Паходныя нашы манаткі — у поўным развале ляжаць на траве. Брыль.
4. Спец. Ворыва з адвалам пласта на абодва бакі і ўтварэннем у выніку гэтага шырокіх барознаў. Узараць у развал.
5. Уст. Месца, дзе гандлююць ужыванымі, старымі рэчамі, расклаўшы іх проста на зямлі. Да «Вярбы» было яшчэ далёка, але на развале, ля муроў, некалькі чалавек гандлявалі кнігамі. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)