мяша́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. што і без дап. Размешваць, перамешваць што‑н., боўтаючы, пераварочваючы лыжкай, мешалкай і пад. Мяшаць кашу. □ — Узяла датаўкла б проса, чым дарэмна бегаць па хатах, — мяшала .. [маці] рукой у ступе напалавіну стоўчанае проса і адначасова адчытвала дачку. Васілевіч. Бабка Баландзіха мяшала лыжкай у чыгунку і шамкала бяззубым ротам. С. Александровіч.

2. што. Змешваць, злучаць у адно што‑н. разнароднае. Мяшаць цэмент з пяском. Мяшаць салому з канюшынай. // што і без дап., каму. Замешваць корм для жывёлы. Чарнушчыха ў запале пашукала, ці няма поблізу дубца, не знайшла і раптам ухапілася мяшаць свінням зелле. Мележ. — Хто гэта парсюку ўчора мяшаў? — буркнула старая, глянуўшы ў ражку. Крапіва. // што. Перамешваючы, парушаць парадак. Мяшаць карты.

3. перан.; каго. Разм. Уцягваць, умешваць, ублытваць у што‑н. — А ты мяне, калі ласка, — сказаў.. [Міхась], — у гэтую кампанію не мяшай. Я кроў праліваў за Савецкую ўладу. Брыль.

4. што і без дап. Разм. Пераворваць паўторна. Араў доўга Мацей на полі, мяшаў на пшаніцу-радоўку. Баранавых. Аралі свой папар Амяльян і Рыгор, а там яшчэ далей іх мяшаў ворыва Вінцэсь. Нікановіч.

мяша́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Тое, што і перашкаджаць. Маці адвярнулася і прашаптала: — Нелюдзь... Яму ўсё мяшае... Сачанка. А мамка заўсёды мяне адганяе, калі я да стала падбіраюся. Не мяшай, кажа. Даніленка.

•••

Не мяшае (не мяшала б) — трэба; трэба было б. Ядзя кіўнула на Янушка. — Гэта таму не мяшала б даць добрую праборку, хто кожны дзень п’яны. Дайліда.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пла́ваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Перамяшчацца ў розных напрамках па паверхні вады або ў вадзе, робячы адпаведныя рухі рукамі і нагамі (лапамі, плаўнікамі і пад.). [Кузняцоў] плаваў доўга, потым зноў адпачываў на траве і ўсё думаў, думаў... Капусцін. Гусі асцярожна спускаліся з берага і плавалі каля кустоў лазы і крушыны — паволі веславалі ружовымі лапкамі ў светлай вадзе. Даніленка. // Знаходзіцца на паверхні якой‑н. вадкасці, не апускаючыся на дно. Ля чорнай кладкі плавала Гусінае пяро. Пысін. // Мець здольнасць трымацца на паверхні вады або іншай вадкасці; не тануць. Корак плавае. Вучыцца плаваць. // Ехаць па вадзе на чым‑н. Плаваць на чоўне.

2. Разм. Служыць на судне. [Герасім Дзмітрыевіч] плаваў на ваенным караблі мінёрам. Б. Стральцоў.

3. перан. Плаўна перамяшчацца ў паветры (пра птушак, лятальныя апараты і пад.). Дробны каршачок плаваў над асіннікам. Чорны. // перан. Трымацца ў паветры або перамяшчацца пад уздзеяннем ветра. У блакітным небе плавалі пуховыя хмары. Гурскі. Раніцамі плавалі над свежай зямлёй туманы. Хведаровіч. // перан. Разыходзіцца, даносіцца (пра гукі, пахі). Павекі самі па сабе паволі плюшчацца, а мяккі звон-шум у паветры плавае, калыша. Мурашка.

4. перан. Разм. Выказвацца аб чым‑н. павярхоўна, блытана, не закранаючы сутнасці. Плаваць на экзамене. □ — А матэрыялісты лічылі, што матэрыя гэта... — не па сваёй саліднасці жаласлівым галаском пачаў «плаваць» Каралёў. Карпюк.

•••

Мелка плаваць — не мець дастатковых здольнасцей, сіл, ведаў у якой‑н. справе; займаць нязначнае службовае або грамадскае становішча.

Плаваць як сыр у масле — жыць у вялікім дастатку, у раскошы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перажы́ць, ‑жыву, ‑жывеш, ‑жыве; ‑жывём, ‑жывяце; зак.

1. каго-што. Пражыць даўжэй за каго‑, што‑н., застацца жыць пасля смерці, гібелі каго‑, чаго‑н. Выраслі ўнукі, а сыноў няма, усіх чатырох перажыў ён, стары бацька. Навуменка.

2. каго-што. Разм. Праіснаваць, прабыць, захавацца даўжэй за каго‑, што‑н. За доўгі век свой перажыў Начальства ён нямала, Хто гнеў, хто славу заслужыў... Яго ж усё мінала. Бачыла. А рэшткі колішніх збудаванняў перажылі сваіх гаспадароў. Шыцік. // Доўга не страціць свайго значэння; захаваць сваё значэнне пасля смерці аўтара, стваральніка і пад. (пра творы мастацтва і інш.). Хіба перажыла сябе брама, напісаная ў мастацкай манеры п’ес Горкага. «ЛіМ».

3. што. Пражыць, перабыць які‑н. час; знайсці ў сабе сілы перанесці, выцерпець што‑н., справіцца з цяжкасцямі. — Не плач, перажывём бяду-вайну, — Янук пачаў Раіну суцяшаць. Танк. [Карп:] — Ну, нічога, унучак... Мы перажывём гэта. Перажывём... Шамякін. [Васіль:] Я лякарствы прывёз, — тыя, што Дора Абрамаўна выпісала. Маладзец, кажа, твой бацька. Ён і не такі сардэчны прыступ перажыве. Даніленка.

4. што. Зазнаць, нацярпецца ў жыцці. Косця слухаў Таню, і яму рабілася страшна, страшна, што такое магло быць на свеце, што такое магла перажыць Таня. Арабей. — Як сям’я? Уцалела? — спытаў між іншым Павел. — Уцалела. Пісалі, шмат чаго перажыць давялося. Пальчэўскі. // Зведаць якое‑н. пачуццё. Пад канец .. зімы Пецю давялося яшчэ перажыць адзін цяжкі ўдар: памёр яго дзед. Ракітны.

•••

Перажыць (самога) сябе — а) захаваць сваё значэнне пасля смерці; б) страціць сваё значэнне пры жыцці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дакла́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які адпавядае ісціне; сапраўдны. Дакладная вага. Дакладная колькасць. // Здольны паказваць, вызначаць што‑н. у поўнай адпаведнасці з сапраўднасцю; правільны. Дакладны гадзіннік. Дакладныя прыборы.

2. Поўнасцю адпаведны якому‑н. узору, якім‑н. патрабаванням, устаноўленым законам, правілам. Дакладная копія. Дакладнае выкананне загаду. □ Ярохін не ведаў дакладнага перакладу апошняга слова, але зразумеў іменна так. Шамякін.

3. Канкрэтны, вычарпальны, правільны; не прыблізны, не агульны. Дакладныя інструкцыі. Дакладны адрас. Дакладны адказ. Дакладны ўлік. Дакладныя веды. // Выразны, ясны, зразумелы. Дакладная дэфініцыя. □ Мікалай Патапавіч гаварыў гучна, адрывіста, не надта падбіраючы адпаведныя словы, а ў Глінскага голас быў ціхі, сказы дакладныя, выразы трапныя. Кулакоўскі. // Такі, што не выклікае сумненняў; верагодны, пэўны. Дакладныя крыніцы. □ Гогаберыдзе гаварыў з такой упэўненасцю, быццам пра ўсё гэта ў яго меліся дакладныя весткі. Мележ.

4. Акуратны, пунктуальны. Ірына, як і заўсёды, дакладная: вячэру і абед яна прыносіць у адзін і той жа час. Даніленка.

5. Такі, у якім асобныя элементы выразна аддзелены адзін ад другога. Дакладныя рухі. Дакладныя прыёмы. Дакладны крок.

6. Добра арганізаваны; акуратны; зладжаны. Дакладны рэжым заняткаў. Дакладная работа машыны.

•••

Дакладныя навукі гл. навука.

дакладны́, а́я, ‑о́е.

1. Які змяшчае ў сабе даклад, прызначаны для даклада (у 2 знач.). — Вы, таварыш Шыянок, напішыце падрабязна ўсё гэта ў дакладней запісцы на маё імя, а я пастаўлю пытанне на бюро гаркома. Сабаленка.

2. у знач. наз. дакладна́я, ‑ой, ж. Дзелавая папера з кароткім выкладам сутнасці справы, якая павінна разглядацца. Жэрдзін за подпісам камбата паслаў дакладную ў штаб палка. Няхай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слі́згаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Рухацца па гладкай, слізкай паверхні, не адрываючыся ад яе. Лёгка і мякка слізгаюць палазы, пакідаючы за сабой па некранутай белі дзве раўнюткія палосы. Машара. Конь пляцецца нага за нагу, і сані слізгаюць амаль нячутна. Асіпенка. // Не мець устойлівасці, слізгацца, саслізгваць. Косцік абхапіў рукамі камель і, перабіраючы нагамі, пачаў карабкацца на хвою. Спачатку справа ішла на лад, але там, дзе пачынаўся гладкі ствол, рукі слізгалі і нельга было лезці далей. С. Александровіч.

2. перан. Плаўна, лёгка рухацца, перамяшчацца. Шпарка слізгаюць лодкі па вадзе. В. Вольскі. Павольна слізгае ўніз па Белай баржа. Данілевіч. / Пра самалёты, пра птушак. Ён [планёр] ледзь пагойдваў крыллямі і бязгучна слізгаў над вяршынямі стромкіх елак. Даніленка. У суладным сваім палёце .. [статак вераб’ёў] імкліва слізгае ўбок, пасля ўвесь разам — у другі. Быкаў. // Пры перамяшчэнне руху, надзенні дакранацца да чаго‑н., кранаць што‑н. Вудзільна пра[соўва]ецца праз кальцо, якое затым слізгае ўніз па лёсцы і сваёй вагой ударае па кручках. Матрунёнак. Фанера на спецыяльных петлях слізгала па дроце плаўна, без рыўкоў. Шыловіч. // Паўзці (пра паўзуноў). Лясных палохаючы птахаў, Слізгаў маланкай, гнуткі, ён [вуж]. Грачанікаў.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Плаўна пераходзіць з прадмета на прадмет (пра святло, цені і пад.). Моцны прамень пражэктара слізгае па бліскучых рэйках, выхоплівае з цемры дзівосныя малюнкі навакольнага пейзажу. Васілёнак. Позірк агранома то загрымліваўся на экспанатах сельскагаспадарчых культур, то слізгаў па партрэтах Герояў Сацыялістычнай Працы. Стаховіч.

•••

Слізгаць па паверхні чаго — не паглыбляцца ў сутнасць чаго‑н., абмяжоўвацца знешнім бокам з’яў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сур’ёзны, ‑ая, ‑ае.

1. Які вызначаецца грунтоўнасцю, станоўчасцю ў сваіх думках, учынках, адносінах да жыцця; удумлівы, паважны. Сцяпан — чалавек сур’ёзны, хоць яму ўсяго дванаццаць гадкоў. Колас. Яго [салдата] манера гаварыць, па-мужчынску стрымана і немнагаслоўна, выдавала ў ім чалавека ўжо сталага і сур’ёзнага. Васілевіч. // Які добра ведае сваю справу, удумліва адносіцца да справы. Сур’ёзны вучоны.

2. Які сведчыць пра ўдумлівасць адносін да чаго‑н.; грунтоўны. Звярнуць сур’ёзную ўвагу на дысцыпліну. □ [Лёдзю], напэўна, палохала ягоная [Цімкі] сталасць, сур’ёзны, як ужо ў мужчын, падыход да ўсяго. Карпаў. // Які заслугоўвае даверу; дадзены ўсур’ёз (пра слова, абяцанне).

3. Важны, значны па тэме, зместу, характару; змястоўны. Сур’ёзная музыка. Сур’ёзная кніга. □ Да сур’ёзных размоў Сцяпан не меў пільнай ахвоты. Дадзіёмаў. // Сапраўдны, непадробны. Сур’ёзнае пачуццё.

4. Які заслугоўвае, патрабуе ўвагі з-за сваёй важнасці, значнасці, складанасці. Сур’ёзная праблема. Прыняць сур’ёзнае рашэнне. □ Што і казаць, становішча сур’ёзнае. Быкаў. Буш быў сам не свой: яго кішэні пагражала сур’ёзная небяспека. Маўр. — Надта сур’ёзныя тут факты, — гаварыў рэдактар. Даніленка. // Які тоіць у сабе небяспечныя вынікі; небяспечны. Сур’ёзная хвароба. □ Рана была не вельмі сур’ёзная. Шахавец. // Істотны; вялікі; значны. Дасягнуць сур’ёзных поспехаў. □ [Сцяпан Іванавіч:] — У падполлі чатыры байцы — сур’ёзная баявая сіла. Новікаў. Ва універсітэцкім гарадку Парыжа мелі месца сур’ёзныя хваляванні. «Звязда».

5. Заняты якімі‑н. думкамі, засяроджаны; задумлівы, невясёлы. Левановіч насупіўся, зрабіўся сур’ёзны і стаў углядацца ўперад у бярэзнік. Пташнікаў. Дзе ж тут стаць сур’ёзнай, не смяяцца, як наўкол рагоча ўвесь народ!.. Жычка. // Які выказвае задумлівасць, заклапочанасць. Настачка зрабілася маўклівай, твар яе быў сур’ёзны, задуменны. Кавалёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сядзі́ба, ‑ы, ж.

1. Жылыя і гаспадарчыя пабудовы разам з садам, агародам, якія складаюць адну гаспадарку (у сельскай мясцовасці). Перад .. [Нявідным] раскрываецца круглая паляна, а на паляне відаць сядзіба — хутар ці сярэдняй рукі фальварак. Колас. Суровая, марозная была зіма, снегам замяло дарогу, што вяла з лесу ў далёкую панскую сядзібу. Лупсякоў. — Я так мяркую, — казаў .. [Ксяпевіч] далей, — што хоць сядзіба Несцяровічаў у нізіне, з гарышча хаты ці з вышак адрыны ўся шаша як на далоні. Новікаў. // Памешчыцкі дом як цэнтр маёнтка. Відны фрагменты драўлянай сядзібы і карчмы з заезным дваром за масіўнай сцяной. «Помнікі». // Гаспадарчы і жылы цэнтр сельскагаспадарчага прадпрыемства (саўгаса, калгаса і пад.). Люся другі месяц жыла з бацькамі на цэнтральнай сядзібе саўгаса «Дружба». Даніленка. Ад эмтээсаўскай сядзібы метраў з чатырыста — і поле. Лобан. // Разм. Наогул — месца, дзе размяшчаецца якая‑н. установа. У грамадзянскую вайну цеснаватыя пакоі гэтага, дома на нейкі час сталі сядзібай польскай дэфензівы і, напэўна, нямала б маглі расказаць аб мужнасці перад вачыма смерці барацьбітоў антыбелапольскага падполля і беларускіх партызан 1919 года У. Шумскага, С. Плашчынскага і інш. Ліс.

2. Зямельны ўчастак, заняты збудаваннямі ў адрозненне ад зямлі пад палямі, лугамі, лесам. [Сымон:] — А якая ў мяне сядзіба! Шостая частка яго [Халусты]. Чарнышэвіч. Сядзіба ў Мацея Глоткі шырокая, а от жа наважыў новую хату паставіць ледзь не ўпрытык да суседскіх акон. Марціновіч. // Зямельны ўчастак каля дома, заняты агародам, садам; прысядзібны ўчастак. Усё забрала мачыха, прыхапіўшы і тое, што вырасла на сядзібе. Шамякін. На сядзібе былі яблыні, слівы і розныя садовыя пусты. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

увалі́цца 1, увалюся, увалішся, уваліцца; зак.

1. Упасці, праваліцца куды‑н. Каб не ўваліцца ўпоцемках у якую-небудзь яму, Пераход увесь час глядзеў сабе пад ногі. Кулакоўскі. Зімою, у самыя маразы .. гусак у калодзеж уваліўся. Лобан. // Укуліцца, з ходу сесці (у вазок, калёсы, кузаў машыны і пад.). Калі .. [Сотнікаў] неяк уладкаваўся поруч з таварышам, паліцай уваліўся ў сані ззаду. Быкаў. [Вугальнік] адразу, выйшаўшы ад дырэктара, уваліўся ў сані .. і пагнаў каня. Пташнікаў.

2. Стаць упалым. Уваліліся грудзі. У казы бакі ўваліліся. □ Вочы [палкоўніка] пачырванелі ад бяссонных начэй, шчокі ўваліліся. Шамякін. І Нюра вельмі пахудзела, пахудзела і пастарэла. Шчокі ўваліліся, каля губ маршчыны. Вочы сумныя. Арабей. Рыгор Данілавіч пахудзеў, вочы глыбока ўваліліся, на твары .. жоўтыя плямы. Хведаровіч.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Праваліцца, абваліцца; абрушыцца ўнутр чаго‑н. Увалілася страха гумна на ток. // Асесці. [Загароўская:] — Увесну сорак пятага года я з дзецьмі прыйшла, каб прыбраць магілу салдата. За зіму магіла ўвалілася. Я сказала, што трэба падсыпаць зямлі, а сама з групай дзяцей пайшла ў лес, каб зрабіць вянок. Гурскі.

4. Разм. Цяжка, з шумам, грукатам увайсці куды‑н.; уварвацца няпрошаным. Тое, што столькі мужчын увалілася адразу ў хату, мусіць, спалохала гаспадыню. Сабаленка. Многія пачалі развітаецца з маладажонамі, і тады ў залу ўваліўся Ігар Раеўскі. Даніленка. // перан. Нечакана ўзнікнуць; укінуцца. У вёску ўваліўся тыфус, перахварэлі ім усе і ў нашай сям’і. Хадкевіч. Быў выпадак, калі ўзвод напаткала вельмі цяжкая бяда — уваліўся сыпняк. Кулакоўскі.

увалі́цца 2, уваліцца; зак.

Стаць цвёрдым, ушчыльніцца ў працэсе валення (пра сукно, шэрсць). Сукно добра ўвалілася.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упе́рці, упру, упрэш, упрэ; упром, упраце; пр. упёр, уперла; заг. упры; зак., каго-што.

1. Разм. З цяжкасцю ўпхнуць, уціснуць куды‑н. Уперці рэчы ў чамадан. // перан. Груб. З’есці многа. Закупіў бы рыбы, мяса, Кіло кракаўскай каўбасы, Хлеба белага з паўгорбы І, дальбог, адзін упёр бы! Васілёк.

2. Разм. Унесці, уцягнуць куды‑н. што‑н. цяжкае, грувасткае. Уперці раяль у хату.

3. Шчыльна прыціснуць што‑н. да чаго‑н. канцом, краем, робячы ўпор. Сотнікаў пацягнуўся рукамі з вінтоўкай, каб уперці прыклад у плячо. Быкаў. Генерал упёр бараду ў грудзі і гэтак, з апушчаным тварам, хацеў падацца назад у вагон. Чорны. [Сузон] высек тоўсты дубовы кол, каб падперці клець. Упёр кол канцом адным у зямлю, а другім у шула. Галавач. // Узяцца ў бокі, прыняць ганарлівую паставу. — Ну, што скажаш? — Цаліна ўзяла.. [Сароку] за падбародак, прымусіла ўзняць галаву, адпусціла. Рукі ўперла ў бокі і чакала адказу. Ваданосаў. // перан. Утаропіць вочы на каго‑, што‑н. Я нешта прамычаў, а ксёндз упёр у мяне вочы і наўмысна трымаў мяне некалькі хвілін у такім разгубленым стане. Карпюк.

4. Разм. Навязаць каго‑, што‑н. каму‑н. — Працуе тут у домакіраўніцтве адна. У інстытут не прайшла, дык да нас упёрлі. Даніленка. [Яніна] праклінае бацьку, як самага благога свайго ворага, за тое, што ўпёр яе ў гэтую сям’ю. Мурашка. // перан. Патраціць, выдаткаваць (грошы). [Якаў:] — А хіба Халуста здольны на такое, калі ён свайго Мікалая поедам жарэ кожны дзень, што грошы за яго ўпёр. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шо́ргаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Утвараць шоргат, шорах, тручы, праводзячы чым‑н. па якой‑н. паверхні. Глуха шоргалі шыны легкавых машын. Асіпенка. За кухоннай занавескай недзе ў печы цяжка шоргае днішча чыгуна, і па хаце разносіцца пах варонай бульбы. Палтаран. // Разм. З шумам, шоргатам праводзіць чым‑н., рухацца па якой‑н. паверхні. Дворнік адвярнуўся і пачаў заўзята шоргаць мятлою па тратуары. Якімовіч. Каля ганка Кашалёк доўга шоргаў падэшвамі сандалетаў па металічнай рашотцы, паглядаючы на запыленыя Каціны чаравікі. Парахневіч.

2. Хадзіць, не падымаючы ног. Уперадзе мяне шоргаў ботамі па пыльнай дарозе Косця Лапушок. Даніленка. Шнапс шоргае лапцямі па зямлі, ногі заплятаюцца. Навуменка. // Зачэпліваць чым‑н. за што‑н. [Старшыня] грозна праходзіць сюды-туды паўз самых паліцаяў, ледзь не шоргае плячом па іх насах, зазірае кожнаму ў вочы. Кулакоўскі.

3. Мацаць, абмацваць рукой што‑н., шукаючы што‑н. У цёмных сенцах, перад хатнімі дзвярыма, Камека моцна стукаў аб падлогу ботамі, каб не занесці ў хату снегу, а рукой шоргаў па дзвярах, шукаў клямкі. Галавач.

4. Скрэбці, церці, удараць і пад., утвараючы шоргат, шапаценне. Увечары закруціла мяцеліца. Падняла ў паветры снежны пыл, шоргала крупчаком па платах, па сценах будынкаў, толькі б паказаць неўгамонную чортаву сваю сілу. Ермаловіч. Ільдзінкі біліся ў шыбы, шоргалі, нібы просячыся ў хату. Ваданосаў. // Перамяшчаючы, перасоўваючы што‑н. з месца на месца, утвараць шум.

5. Моцна з шумам ліць (пра дождж). Ноч была рабінавая: раз-пораз грымелі перуны, махалі маланкі, па густым чарналессі шоргаў дождж. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)