брыдо́та, ‑ы, ДМ ‑доце, ж.

1. Тое, што выклікае агіду; брыда (у 1 знач.). [Міхал:] — Дык так, Антось, пераязджаем, Апошні час тут дажываем. — Куды? — ў Парэчча, у балота?.. Бадай ты спрахла! от брыдота! Цягніся зноў, а глуш такая! — Антось Парэчча праклінае. Колас.

2. Непрыстойнасць, паскудства; брыдкі ўчынак. [Галя:] — А здараецца, якая п’яная ляпа яшчэ і прыстае да цябе з усякімі брыдотамі. Лынькоў.

3. Брыда (у 2 знач.). — Пайшоў вон, брыдота! — крычала маці. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перамясці́цца, ‑мяшчуся, ‑месцішся, ‑месціцца; зак.

Заняць другое месца, размясціцца ў іншым месцы. Перамясціцца на другі канец лаўкі. □ Шэя трошкі падбег, .. потым ёмка ўскочыў на кончык восі і прысеў перш на аглабіне, потым перамясціўся ў перадок. Гартны. Разам з дэлегатамі ў залу для пасяджэнняў перамясцілася шматлікая армія фотакарэспандэнтаў, работнікаў кіно і тэлебачання. Філімонаў. // Змяніць месца свайго знаходжання, перайсці, перабрацца куды‑н. Полк перамясціўся ў другі горад. □ Здавалася, што ўсё жывое перамясцілася туды, на балота. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пры́зба, ‑ы, ж.

Невысокі, звычайна земляны насып уздоўж сцяны хаты, зроблены для ўцяплення памяшкання. Вакол усёй хаты насыпана прызба... Ды не абы якая прызба. Гады са два назад мы з бацькам паехалі на Рагазінку на балота — там расла лаза, насеклі яе добры воз і аплялі невысокім плоцікам прызбу. Сабаленка. Збіраліся [сяляне] пасядзець то на вячорках, то на прызбах, каб і пажартаваць і паплакаць. Скрыган. Выйдзе стары Базыль на вуліцу і сядзе на прызбе. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хлі́пкі, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Слабы, хілы. Гэта быў маленькі, хліпкі чалавек сярэдніх год. Пянкрат. // перан. Слабахарактарны, бязвольны. Бацька мой засцерагаў таварышаў, што Павэлак — чалавек хліпкі, ненадзейны, што лепш яго адсунуць ад сябе, пакуль не позна. Гарэцкі.

2. Нямоцны, ненадзейны, нетрывалы. Сходкі былі хліпкія, вузкія, без усякіх поручняў — проста дзве нядбайна збітыя цвікамі дошкі. Асіпенка. // Гразкі, багністы. Магутныя гусенічныя трактары, зарываючыся ў хліпкае балота аж да верху гусеніц, цягнуць на буксіры гружаныя лесам аўтамашыны. Мяжэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чэ́злы, ‑ая, ‑ае.

1. Які слаба расце, хілы (пра расліны). За рэчкаю слаўся голы куп’істы выган, на якім віднелася толькі некалькі чэзлых кусточкаў. Мележ. Неўзабаве пачалося балота, парослае чэзлымі бярозкамі ды лазняком. Ваданосаў. // З беднай расліннасцю. Жыццё красавала на Поўдні, а на Поўначы былі холад і пустэча, мёртвая зямля і чэзлая расліннасць. М. Стральцоў.

2. Хваравіты, слабы, кволы. У дзверы стукае вартаўніца — чэзлая, апранутая ў мужчынскі, да пят, кажух кабецінка — яна ўносіць запаленую лямпу. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЛАНДША́ФТ ГЕАГРАФІ́ЧНЫ,

адносна аднародны ўчастак геагр. абалонкі, які адрозніваецца заканамерным спалучэннем яе кампанентаў, а таксама комплексаў ніжэйшага таксанамічнага рангу (урочышчаў, фацый); адзін з відаў геасістэм. Вывучае Л.г. ландшафтазнаўства. Паняцце Л.г. трактуюць: як прыродны тэр. комплекс, незалежна ад яго складанасці і памераў (мясцовасць, фіз.-геагр. раён, прыродная зона); як участак зямной паверхні, індывідуальны і непаўторны ў прасторы і часе (напр., Асінаўскае балота, Асвейская града); як тыпалагічная катэгорыя, комплекс асобных участкаў пэўнай структуры і паходжання (рачныя даліны, лёсава-яравыя плато). Л.г. даследуюць у 3 кірунках: узаемадзеянне сукупнасці кампанентаў прыродных комплексаў па вертыкальных сувязях (горныя пароды, рэльеф, глебы, падземныя і паверхневыя воды, расліннасць, жывёльны свет, клімат); марфалагічная структура (урочышчаў, фацый і інш. дробных узаемазвязаных комплексаў унутры Л.г.) і гарызантальная будова (сістэмы іерархічна супадпарадкаваных ландшафтных комплексаў, якія дазваляюць праводзіць класіфікацыю Л.г. і ландшафтнае раянаванне; паслядоўная змена стану Л.г. ў часе. У наш час большасць прыродных Л.г. трансфармаваны ў антрапагенны ландшафт. Паводле функцыянальнага выкарыстання адрозніваюць Л.г.: с.-г., лесагасп., прамысловыя, гарадскія, рэкрэацыйныя, запаведныя і інш. Л.г. Беларусі адносяцца да аднаго тыпу — усх.-еўрапейскі (мяшана-лясны), унутры якога вылучаюць падтыпы: барэальны падтаежны (мяшана-лясны) і суббарэальны палескі (шыракаліста-лясны). Л. — найбольш агульны цэласны аб’ект аховы прыроды.

Літ.:

Ландшафты Белоруссии. Мн., 1989.

В.​С.​Аношка.

т. 9, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́ЛІЦКІ РАЁН.

На У Гродзенскай вобл. Утвораны 15.1.1940 як Валеўскі (з цэнтрам у в. Валеўка), з 25.11.1940 — Карэліцкі; 25.12.1962 скасаваны, 6.1.1965 адноўлены. Пл. 1,1 тыс. км². Нас. 31,7 тыс. чал. (1998), гарадскога 32,8%. Сярэдняя шчыльн. 29 чал. на 1 км². Цэнтр — г.п. Карэлічы; г.п. Мір, 159 сельскіх нас. пунктаў, Мірскі пасялковы Савет і 9 сельсаветаў: Варанчанскі, Жухавіцкі, Красненскі, Луцкі, Малюшыцкі, Райцаўскі, Турэцкі, Цырынскі, Ярэміцкі.

Пераважная частка раёна занята Нёманскай нізінай і Стаўбцоўскай раўнінай, на З ад р. Сэрвач — схілы Навагрудскага ўзвышша. Паверхня раўнінная і дробнаўзгорыстая. Пераважаюць вышыні 150—200 м, найвыш. пункт 261,7 м (каля в. Малюшычы). Карысныя выкапні: жал. ільменіт-магнетытавыя руды, мел, вапнякі, гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, торф. Сярэдняя т-ра студз. -6,6 °C, ліп. 17,5 °C Ападкаў 695 мм за год. Вегет. перыяд 189 сут. Гал. рака Нёман, яго левыя прытокі Уша (з Міранкай) і Сэрвач (з Нёўдай і Рутай). Найб. пашыраны дзярнова-падзолістыя (61,6%) і тарфяна-балотныя (14,1%) глебы. Пад лесам 21% тэр. раёна (буйны масіў Графская пушча на крайнім ПнУ), пераважаюць хваёвыя, яловыя, бярозавыя і дубовыя лясы. Балоты займаюць 1,8% тэрыторыі, асушана 16 078 га. Найб. балотныя масівы Карэлічы (Галае балота), Зарэчча, Воўчае балота. Рэсп. гідралагічны заказнік Міранка. Помнікі прыроды: парк «Мір», каштан васьмітычынкавы ў в. Райца, геал. агаленне Цімошкавічы.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 73,8 тыс. га, з іх асушаных 15,4 тыс. га. На 1.1.1998 у раёне 12 калгасаў, племзавод «Карэлічы», птушкафабрыка «Чырвонаармейская», 11 фермерскіх гаспадарак. Мяса-малочная жывёлагадоўля (буйная раг. жывёла, свінагадоўля), ільнаводства, бульбаводства. Пасевы збожжавых і кармавых культур. Прадпрыемствы харчовай прам-сці (вытв-сць масла, сыру, мясных вырабаў, спірту), буд. матэрыялаў, ільнозавод. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі Навагрудак—Карэлічы—Мір—Стоўбцы, Навагрудак—Нясвіж, Карэлічы—Малюшычы—Наваельня. У раёне 14 сярэдніх, 9 базавых, 9 пач., 4 муз., дзіцяча-юнацкая спарт. школы, 2 прафес.-тэхн. вуч., 17 дашкольных устаноў, 14 дамоў культуры, 25 клубаў, 42 б-кі, 5 бальніц, 24 фельч.-ак. пункты, 2 паліклінікі, 5 амбулаторый. Помнікі архітэктуры: палацава-замкавы комплекс (16—18 ст.) у г.п. Мір; Казанская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Беражна; будынак бровара (канец 18 ст.) і касцёл Ганны (1773) у в. Варонча; царква Ушэсця (пач. 19 ст.) у в. Вял. Мядзведка; Петрапаўлаўская царква (1745) у в. Вял. Жухавічы; Усясвяцкая царква (1935) у в. Дольная Рута; царква (канец 18 — пач. 19 ст.) у в. Заполле; сядзібны дом (2-я пал. 19 ст.) у в. Кальчычы; Успенская царква (пач. 20 ст.) у в. Любанічы; царква Іаана Прадцечы (19 ст.) у в. Мал. Жухавічы; Міхайлаўская царква (пач. 19 ст.) у в. Міратычы; сядзіба (канец 19 — пач. 20 ст.) у пас. Першамайскі; жылы і сядзібны дамы (19 ст.) у в. Райца; капліца (канец 19 ст.) у в. Сэрвач; Пакроўская царква (1888) у в. Турэц; капліца і царква Ушэсця (2-я пал. 19 ст.) у в. Ярэмічы. Выдаецца газ. «Полымя».

С.​І.​Сідор.

т. 8, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Плінтава́ць 1 ’выраўноўваць, згладжваць, ачышчаць паверхню (зямлі, балота)’, (ТСБМ, Нік. Очерки), ’высякаць лес’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), плінтоўка ’поле на месцы расчышчанага лесу’ (ТСБМ, Інстр. 1), рус. пск. плинто́вка ’выраўняны, ачышчаны ад кустоў участак, прызначаны для раллі’. Да плянтава́ць (гл.).

Плінтава́ць 2 ’расколваць вялікія камяні на кавалкі, патрэбныя для далейшай апрацоўкі’ (ТСБМ). Відаць, аднаго паходжання з плінта, плі́нфа ’плоская, шырокая цэгла’. Гл. наступнае слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сураві́зна ’нябеленае льняное палатно’ (в.-дзв., астрав., мін., Сл. ПЗБ; ашм., Нар. ск.; мёрск. Ск. нар. мовы), ’прыродная афарбоўка саматужных нітак і палатна сівога ці рудаватага колеру’ (Варл.), ’рудая вада ад суравога палатна’ (шчуч., швянч., віл., Сл. ПЗБ), ’суравы, руды колер’ (смарг., лід., Сл. ПЗБ), ’балота з іржавай вадой’ (швянч., Сл. ПЗБ). Да суравы́ з суф. ‑ізна, аб якім гл. Сцяцко, Афікс. наз., 103.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Туго́шына ‘непраходнае балота ў лесе’ (Яўс.). Няясна; магчыма, мікратапонім мясцовага паходжання. Відаць, роднаснае ст.-цюрк. tuɣ ‘перашкода, завал, запруда’. Параўн. таксама ўкр. (рус. і бел. — ЕСУМ, 5, 667) туга́й ‘саланчаковая раўніна’, туга́ї ‘густыя зараснікі на берагах рэчак і азёраў у пустынях і паўпустынях Сярэдняй Азіі’, татар. тугай ‘лука, абалона’, кірг. ‘зараснік маладога кустоўя, змешанага з чаротам і трыснягом у абалонах рэк, на балоцістых мясцінах’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)