паляце́ць, ‑лячу, ‑ляціш, ‑ляціць; зак.

1. Пачаць перамяшчацца ў паветры; адправіцца паветраным шляхам ў пэўным кірунку. Птушка пырхнула з лодкі і паляцела. Брыль. Паляцелі ў вырай ластаўкі, буслы і шпакі. Чарнышэвіч. Паляцела дзяўчына Самалётам гонкім Над шчаслівай краінай, Пад роднай старонкай. Купала. // Разнесціся, распаўсюдзіцца (пра гукі, словы, голас і пад.). Гул глухі паляцеў ад сасны. Куляшоў. / Пра думкі, мары і пад. Раптам кінула .. [Кузьму] у жар, паляцелі адзін за адным абрыўкі думак. Нікановіч.

2. Накіравацца ад штуршка ў паветра, разляцецца ў паветры. Потым паляцелі ўгору шапкі, узбуджаныя выкрыкі разлегліся далёка ў наваколлі. Дадзіёмаў. Са звонам і спевам паляцелі асколкі гранаты. Колас.

3. перан. Разм. Пачаць хутка перамяшчацца; хутка пайсці, пабегчы, паехаць і пад. Петрык здагадаўся — трэба вады! Ён, як вецер, паляцеў да рэчкі. Гамолка. Лабановіч зрушыў з месца і пайшоў у той бок, куды паляцеў і зараз жа знік магутны поезд. Колас.

4. Разм. Не ўтрымаўшыся ў якім‑н. становішчы, зваліцца, упасці. Зямля скаланулася.. Паравоз стаў на дыбкі і паляцеў пад адхон. Новікаў. Сігануў [Шура ў маліннік], але зачапіўся за корань і паляцеў потырч у гразь. Ставер. // перан. Быць знятым, звольненым з пасады. [Курловіч:] — Мне трэ[ба] было сем галоў мець, каб дастаць такое абсталяванне. Праз яго я траха з дырэктарства не паляцеў, а вы — ліквідаваць. Скрыган. І каб не стаж, не багаты вопыт, паляцеў бы тады Высоцкі з пасады лесніка. Кірэйчык.

5. перан. Быць спешна пасланым, адасланым. Неўзабаве ў раён паляцела паперка. Ваданосаў. Па суроваму загаду на ногі ўзнялася ўся жандармерыя і паліцыя Гродзеншчыны, паляцелі сакрэтныя дэпешы і рэляцыі ў Вільню. С. Александровіч.

6. Пачаць хутка праходзіць (пра час). Паляцелі сумныя аднастайныя дні. Асіпенка.

7. Разм. Зламацца, стаць непрыгодным. [Мікола:] — Што здарылася, дзядзька Клім? — Не паспеў ты адысці ад нас, як жняярка наскочыла на камень. Усе амаль зубцы паляцелі. Кавалёў. [Шамяток:] — У працэсе работы заклёпка знасілася і паляцела. — Куды паляцела? — не зразумеў Міша. — Ну, зламалася. Цяпер трэба на яе месца паставіць новую. Курто.

•••

Паляцець носам — упасці тварам уніз.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перакі́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Штуршком, махам перамясціцца цераз каго‑, што‑н. куды‑н. Лабановіч хутка перакінуўся на двор пана падлоўчага цераз невысокі плот, які адгароджваў двор школы ад двара пана падлоўчага, і пастукаў у дзверы. Колас. Перакінуліся на той бок высачэзнага плота адзін за другім тры цені. Васілевіч.

2. Хутка перайсці, распаўсюдзіцца на што‑н. Пажар абняў адразу паўсяла. Ён перакінуўся на гумны, на сады. Танк. Але вецер дзьмуў у напрамку дома, і полымя з хвіліны на хвіліну магло перакінуцца і на яго. Васілёнак. У кастрычніку 1905 года пачалася стачка на чыгунцы, пасля перакінулася на фабрыкі і заводы. С. Александровіч.

3. перан. Разм. Перайсці на чый‑н. бок, стаць прыхільнікам каго‑, чаго‑н. іншага. Перакінуцца ў лагер рэакцыі. □ Потым Фабіян перакінуўся да нямецкіх фашыстаў і служыў ім з сабачай адданасцю. Новікаў.

4. Хутка і ў кароткі тэрмін перамясціцца на другое месца. Цэлыя часці Чырвонай Арміі зняліся з.. [Заходняга] фронту, каб перакінуцца на поўдзень. Колас. // Разм. Перайсці да іншай тэмы гутаркі, размовы. [Вера Андрэеўна] бачыла, што спрэчка перакінулася на іншае, адышла ад галоўнага, што так хвалявала яе. Арабей.

5. Быць пакладзеным упоперак чаго‑н. для праезду, пераходу. Праз ручаёк.. перакінуўся мосцік. Скрыган. // перан. Пралегчы цераз што‑н. Цераз раку перакінуўся доўгі, крывы цень вярбы. Асіпенка.

6. чым. Кінуць што‑н. адзін другому. Перакінуцца мячыкам. // перан. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі абазначае: адказаць на чый‑н. зварот, дзеянне падобным дзеяннем, абмяняцца (словамі, поглядам і пад.). Перакінуцца жартамі. Перакінуцца словамі. // у што. Разм. Згуляць з кім‑н. (у карты, лато і пад.).

7. Разм. Перакуліцца, перавярнуцца на процілеглы бок. Воз перакінуўся ў канаву. Нахіліўся човен і перакінуўся ўверх дном.

8. у каго-што. У казках — ператварыцца пры дапамозе чараў у каго‑, што‑н.; перавярнуцца. Перакінуўся чорт у парабка ды пайшоў да пана. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́ле, ‑я, н.

1. Абшар зямлі, прызначаны, прыгодны для ворыва. Балеслаў стаяў у самым лесе, на мяжы з полем. Чорны. Па той бок Нёмана лугі ідуць, а за лугамі — лес і поле. Колас. // Засеяны або падрыхтаваны да пасеву ўчастак зямлі. За садам разгортвалася вялікае поле канюшыны. Бядуля. Малашонак доўга не здаваўся, але ўсё ж штучнае ўгнаенне зааралі ў глебу разам з гноем, рыхтуючы поле пад кукурузу. Ермаловіч. // чаго або якое. Вялікі абшар, прастора, накрытая чым‑н. [Маечка] потым доўга расказвала бацьку, як яны хутка імчаліся па дарозе, як з-пад капытоў каня ляцеў іскрысты снег, як прыгожа блішчыць за вёскай снежнае поле. Краўчанка. // чаго або якое. Прастора, прызначаная для чаго‑н.; пляцоўка. Лётнае поле. Футбольнае поле.

2. Спец. Прастора дзеяння якіх‑н. сіл. Электрычнае поле. Магнітнае поле.

3. перан.; чаго або якое. Галіна, сфера (якой‑н. дзейнасці, заняткаў і пад.). З гадамі ж увогуле поле дзейнасці для будаўніка ў вёсцы стане неабмежаваным. Хадкевіч. «Вось дзе багатае поле для гераічных учынкаў», — думаў ён. Шамякін.

4. Фон, на якім нанесены ўзоры. Тканіна з узорам на атласным полі. Паркаль у белыя гарохі на чырвоным полі.

5. звычайна мн. (палі́, ‑ёў). Вузкія чыстыя палоскі па краях аркуша, кнігі, сшытка, рукапісу і пад. Потым сеў і стаў чытаць кнігу.., робячы на палях нейкія паметкі. Гурскі. На вялікіх палях з нядбайна абарванымі краямі.. [Валя] піша папраўкі мікраскапічнымі літарамі. Асіпенка.

6. толькі мн. (палі́, ‑ёў). Шырокі бераг капелюша. [Мінгрэл] быў невялікага росту, і першае, што кідалася ў вочы, — гэта яго шырокі чорны капялюш з абвіслымі палямі. Самуйлёнак.

•••

Аперацыйнае поле — участак цела, на якім робіцца аперацыя. Коўбец прыняў з рук другой памочніцы вузкі нож і, нахіліўшыся над аперацыйным полем, спакойным рухам зрабіў разрэз. М. Ткачоў.

Аднаго поля ягады гл. ягада.

Поле зроку — а) прастора, якую бачыць вока; б) перан. круг інтарэсаў, кругагляд.

Шукаць ветру (лавіць вецер) у полі гл. шукаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыне́сці, ‑нясу, ‑нясеш, ‑нясе; ‑нясём, ‑несяце; пр. прынёс, ‑несла і ‑нясла, ‑несла і ‑нясло; зак., каго-што.

1. Несучы, даставіць куды‑н. Прынеслі дроў, агню наклалі, У прыску бульбы напяклі. Колас. У давяршэнне роскашы, старая прынесла з прыпека .. гаршчок з соллю, зачэрпала жменю на стол, а гаршчок так і пакінула. Брыль. Бацька прынёс дахаты Новы буквар каляровы. Аўрамчык. // перан. Прыйшоўшы, з’явіўшыся, даставіць, унесці што‑н. новае або паведаміць што‑н. [Ліда] прынесла ў школу многа новага, свежага, цікавага, ажывіла пазакласную работу. Шамякін. Нават палонныя, і тыя прынеслі сюды сваю гаворку. Чорны. Вестку, балючую і страшную, нечакана прынёс Яўхім са слязінкай у вачах. Пестрак.

2. Данесці, даставіць куды‑н. цячэннем вады, ветрам. — І дрэва з зямлі не вырасце само, калі насеннейка не пасадзіш, або вецер яго не прынясе, не пасее. Чарнышэвіч. / у безас. ужыв. З вуліцы прынесла густы бензінавы гар з пылам. Пташнікаў.

3. З’явіцца прычынай чаго‑н.; выклікаць (як вынік). Прынесці карысць. Прынесці заспакаенне. □ Выдавецкая справа ў той час не толькі не прынесла беларускаму першадрукару прыбыткаў, а патрабавала шмат выдаткаў. С. Александровіч. — Не, сапраўды, — сказала адна з дзяўчат, — сваім пытаннем вы прынеслі нам вялікую прыемнасць. Хадкевіч.

4. безас. і ў спалучэннях са словамі «бог», «чорт». Разм. Пра нечаканы, непажаданы прыход каго‑н. — А дзеверка, а родненькі, як жа бог цябе сюды прынёс? Сабаленка. Якраз жа і нампаліта прынесла, — нахмурыўся .. [Бабейка] і скамандаваў: — Бутэлькі і шклянкі, хлопцы, пад канапу і — ні гу-гу! Хадкевіч. — Каго там прынесла ў такую пару? Корзун.

5. Са шматлікімі назоўнікамі ўтварае спалучэнні са значэннем якога‑н. дзеяння, адпаведнага значэнню назоўніка. Прынесці клятву. Прынесці падзяку.

•••

Прынесці што на алтар бацькаўшчыны (навукі, мастацтва, перамогі і пад.) — тое, што і скласці на алтар бацькаўшчыны (навукі, мастацтва, перамогі і пад.) гл. скласці.

Прынесці ў ахвяру каго-што — ахвяраваць кім‑, чым‑н., адмовіцца ад каго‑, чаго‑н. на карысць каго‑, чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стро́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Прыгожа і прапарцыянальна складзены, статны. На парозе з явілася стройная жанчына год трыццаці і, як даўнім знаёмым, усміхнулася нам. Няхай. Стройны стан, загарэлыя голыя рукі і ўзбітыя сонцам жоўтыя валасы акрэслена вызначаліся ў вялікай раме расчыненых варот. Дуброўскі. А прыгожыя ж, наўздзіў!.. Стан той стройны ды крамяны, Твар прыветны ды румяны. Крапіва. // Які мае прыгожую і прапарцыянальна складзеную фігуру. [Сяргееў:] — А-а, дык вы б [Марыля] так і сказалі, бландзін, стройны. Федасеенка. Сцяпанаў быў у новеенькай гімнасцёрцы,.. у зухавата ссунутай набакір фуражцы. Падцягнуты, акуратны, стройны. Алешка. / Пра жывёлін. [Лось], лёгкі і стройны, горды і прыгожы. Кірэйчык. / Пра будынкі, збудаванні, калоны і пад. Бялеюць стройныя муры, Іскрыцца чарапіца. Астрэйка. З балкона віднеліся стройныя карпусы завода, вялізны парк. Ваданосаў. / Пра дрэвы, лес. Плячысты дуб, І рослы клён, І стройная сасна Шумяць — пяюць, Што зноў прыйшла Да нас Вясна-красна. Кірэенка. Стройныя дрэўцы роўнай алейкай збягалі кудысьці ўніз, відаць, да ракі. Шыловіч. Палянкі зноў змяняліся лесам, то стройныя баравым, то нізкім балотным. Колас.

2. Роўна, правільна размешчаны. Я заспяшаўся насустрач і неўзабаве ўбачыў стройную калону піянераў з чырвоным сцягам дружыны ўперадзе. Шыловіч. Усе, хто быў на калгасным двары, высыпалі на вуліцу і праводзілі стройную школьную калону ўсхваляванымі позіркамі. Кулакоўскі.

3. Правільна і лагічна пабудаваны; паслядоўны. Стройная тэорыя. Стройная канцэпцыя. □ Стройныя і цэльных тэарэтычных поглядаў, якія б служылі базісам для яго рэфарматарскай праграмы і асвятлялі прыватныя пытанні рэформы, у Гобсана няма. Ленін. // Які вылучаецца, вызначаецца зладжанасцю, дакладнасцю. Усе ўтрох сцішана глядзелі па стройны працэс [будаўнічых] работ. Шынклер. То мне здавалася, што гэта самае лепшае з усяго, што мною напісана: яно самае строгае, самае стройнае і душэўнае; кожнае слова ў ім не толькі стаіць на месцы, а стаіць важка, значна, нясе на сабе найбольшую пагрузку; тут поўна чалавечых хваляванняў, самых трапяткія адзнак нашага часу. Скрыган. // Зладжаны, гарманічны (пра музыку, спевы). Стройныя гукі аргана. Даносіўся стройны спеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сці́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; зак.

1. Пачаць рухацца больш павольна; спыніцца. Канвеер сцішыцца і стане, Парушыць сэрца сэрцаў строй. Чэрня. Кастусь не падганяў каня, і той сцішыўся зусім. Гаўрылкін.

2. Перастаць чуцца, стаць цішэйшым (пра гукі, шумы і пад.). Сцішыліся песні, прыціхлі гармоні, толькі дзе-нідзе не змаўкалі паасобныя галасы. Лынькоў. Пачуўшы, што сцішыліся ў канцы калідора крокі цёці Машы, .. [Алесь] устаў і пачаў хадзіць па пакоі. Броўка. // Стаць бясшумным, сціхнуць. У адну ноч, калі горад сцішыўся, а Лабановіч сніў сны, .. раптам пачуўся грук у дзверы рэдакцыі. Колас. Усё сцішылася ў прадчуванні блізкай ночы. Даніленка.

3. Прыйсці ў стан спакою, перастаць хвалявацца; змоўкнуць. [Сынклета:] — А бацька нікуды не дзенецца, пабурчыць трохі ды сцішыцца. Гроднеў. Заплакала было дзіця на руках у жанчыны, але, быццам перадумаўшы, адразу і сцішылася. Васілёнак. — Рэкс, ціха, — сказаў па-нямецку оберст, і аўчарка сцішылася, нават, здаецца, паменшала ростам. Шахавец. // Перастаць крычаць, пачаць весці сябе ціха. Жанчыны смяяліся, мужчыны жартавалі. Нарэшце сцішыліся. Ваданосаў. Люба не сумелася і не змоўкла, аднак сцішылася — перастала крычаць і лаяцца. Шамякін. Глуха затрымцеў званок, і дзеці сцішыліся. Сабаленка. // Прыпыніцца, перастаць рухацца; заціхнуць. Арцыховіч апынуўся каля цёплай батарэі і, абняўшы яе закарчанелымі рукамі, сцішыўся. Алешка. Чалавек прабіраецца праз гушчарнікі. Паўзе па балоце. Прытаіўся, сцішыўся. Лужанін. — А хіба я заснула? Так сабе, толькі сцішылася, — пачуўся голас Верачкі. М. Ткачоў.

4. Паменшыцца ў сіле, аслабець (пра з’явы прыроды). Пакуль дабег, дождж сцішыўся. Хомчанка. Адразу сцішыўся вецер, мора пасвятлела і неба зноў стала зырка-блакітнае. Васілёнак. // Суняцца (пра боль і пад.). Сцішыўся боль у патыліцы, і ў вачах [Сцяпана] стала ясней. Пестрак. // Аслабець або прыглушыцца (пра пачуцці). Цяпер, калі непакой сцішыўся, Туравец стаў больш адчуваць, як ные правая рука. Мележ.

5. Прыйсці ў стан нерухомасці, спакою. Сцішыўся сурова Лес, як немы склеп. Колас. [Мора] пачало супакойвацца і хвіліны праз тры зусім сцішылася, як і не круціў толькі што ў ім магутны вір. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

таямні́ца, ‑ы, ж.

1. Тое, што яшчэ не пазнана, не стала вядомым. Строга вартуючы нетраў сваіх таямніцы, Цягнецца пушча да самай заходняй граніцы. Куляшоў. Цягне пайсці, .. выведаць, угледзець, што ўстае за той дымкай, якая завалакла небасхіл, схавала-спавіла лясы і далёкія-далёкія белыя будынкі трактарных станцый ля шашы .. Дымка — таямніца, невядомы свет з маленства. Пташнікаў. Пісьменнік як бы яшчэ і яшчэ раз разглядае кожнае слова, яго паходжанне, яго будову, імкнецца зазірнуць у таямніцы майстэрства народа, які стварыў гэтае слова. Юрэвіч. // Скрытая ўнутраная сутнасць з’явы, прадмета. Трэба многа ўсім вучыцца, Трэба многа ведаў мець, — Можна свету таямніцы Толькі з імі зразумець. Кірэенка. [Кастусь:] Пражыла [маці] доўгае жыццё, бачыла столькі і гора, і несправядлівасці, дажыла да новага веку, а ўсё засталася, як сляпая. І гэта ў час, калі .. у неба запушчаны спадарожнікі Зямлі, раскрыта тайнае тайных — таямніца атама. Краўчанка. // Пра тое, што прыцягвае сваёй загадкавасцю, сваёй таямнічай прыгажосцю. Мы хацелі, наадварот, жыць, бачыць яшчэ нябачанае, тое для чаго прыехалі сюды: Італію, якая толькі-толькі пачынала адкрываць нам свае таямніцы. Мележ. І хоць Парфенчык ведаў многія таямніцы ляснога велікана, аднак заўсёды быў сабраны, насцярожаны. Шчарбатаў. Распранутая,.. [Джулія] .. адзін на адзін з прыродаю зрабілася зусім інакшаю ў сваёй палахлівай дзявочай сціпласці, поўнай таямніцы і хараства. Быкаў.

2. Тое, што наўмысна хаваецца ад іншых, трымаецца ў сакрэце. І хоць Болесь павінен быў захоўваць таямніцу дзейнасці сваёй групы, ён па старой памяці часта заходзіў да нас у брыгаду і апавядаў пра ўсё цікавае, што ў іх рабілася. Карпюк. [Толя і Міхась] пакляліся адзін аднаму чэсным піянерскім словам хаваць сваю таямніцу да таго часу, пакуль не знойдуць партызан. Якімовіч. Майка зірнула на гэты дуб. Вось ён стаіць нерухомы, маўклівы, верны друг і таварыш яе маленства, каму давярала яна безліч сваіх дзіцячых таямніц. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узве́сці, ‑вяду, ‑вядзеш, ‑вядзе; ‑вядзём, ‑ведзяце, ‑вядуць; зак., каго-што.

1. Ведучы, дапамагчы або заставіць узысці, падняцца наверх чаго‑н. Узвесці на гару. Узвесці на ганак. □ [Загорскі] проста і натуральна падаў .. [імператрыцы] руку, каб узвесці на кілім, што вёў да сабора. Караткевіч. Зялёнка падвалок .. [Валодзьку], узвёў па табурэтку, пачаў размахваць чорны шнур. Карпюк. / Пра судны. Трэба ўзвесці баржы на грэбень пераката якраз у самым глыбокім месцы. «Звязда». // Вывесці, прывесці куды‑н. Вечар разам са мной На вяршыню ўзышоў, На якую ўзвяла нас Дарога крутая. Танк. Палявая дарога ўзвяла на бальшак. Перад Надзяй ва ўсёй шырыні адкрылася Калінаўка. М. Ткачоў. / у перан. ужыв. Пніцкі стараецца ўзвесці .. [Нахлябіча] па думку, што ніколі пра яго ён .. дрэнна не думаў. Чорны. // Узняць (вочы, позірк і пад.) на каго‑, што‑н.; паглядзець уверх. [Чарноцкі] ажывіўся, падняў галаву, на момант узвёў на .. [Ярашэвіча] вочы. Чорны. Сядзіць пан Богут у тамленні І вочы ўзвёў на абразы. Колас.

2. Прывесці зброю ў гатовае да выстралу становішча. Узвесці курок. Узвесці пісталет. □ Не спыняючыся, Пеця ўзвёў аўтамат і націснуў на гашэтку. Сіняўскі.

3. Збудаваць, пабудаваць, паставіць. Узвесці палацы. Узвесці помнік. □ Пабудуюць .. [будаўнікі] новыя цэхі завода, узвядуць яшчэ нямала новых дамоў. Кулакоўскі. А далей глядзі — дзяўчаткі тыя Дваццаць вёснаў ходзяць па зямлі, А ўжо іх рукі залатыя Больш паловы Мінска ўзвялі. Панчанка.

4. перан.; у каго-што. Узвысіць да якога‑н. стану, звання. Узвесці ў ранг заслужанага дзеяча навукі. // Надаць чаму‑н. іншае або вельмі важнае значэнне. Узвесці ў крымінал. Узвесці ў закон. Узвесці ў абсалют.

5. перан. Прыпісаць каму‑н. што‑н. заганнае, адмоўнае, дрэннае; несправядліва абвінаваціць. Узвесці паклёп. □ [Бабейка:] — Няўжо, калі часам узвядуць на мяне якую небыль, ты не закінеш слова, Сямён Іванавіч? Хадкевіч.

6. У матэматыцы — памножыць які‑н. лік (або алгебраічны выраз) на той самы лік (або выраз) указаную колькасць разоў. Узвесці ў квадрат. Узвесці ў пятую ступень.

•••

Узвесці на след — навесці на след, удаць, выдаць каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

халадо́к, ‑дку, м.

1. Памянш.-ласк. да холад, невялікі холад. [Ануцюнаў:] — Маёру рупіла як мага хутчэй трапіць на аэрадром, далонню адчуць халадок рабрыстай ручкі ўпраўлення, вырвацца ў вышыню. Алешка. На Марыне быў квяцісты халат, пашыты нядаўна. У яго Марына захутала ногі, адчуваючы прыемны халадок шоўку. Шахавец.

2. Свежае, халаднаватае паветра, вецер. Павеяла ранішнім халадком. Колас. // Халаднаватае надвор’е, невысокая тэмпература паветра. Прыходзілі доўгія асеннія ночы.. з вострым халадком першых замаразкаў... Чорны.

3. Цяністае месца, цянёк. Паставілі [маці з Алесем] ад сонца снапы, зрабілі халадок. Брыль. Глухі сядзіць на загуменні ў халадку пад ліпаю і пляце лапці. Якімовіч.

4. Час сутак, калі ўжо спала або яшчэ не наступіла спёка. Халадок, заедзі няма, ехаць добра. Чарнышэвіч. Можна ж падначаваць ды заўтра халадком на ранішні цягнік пайсці. Пальчэўскі.

5. перан. Пра адчуванне лёгкага холаду (ад хвалявання, страху і пад.). І дагэтуль халадок прабягае ў .. [Данілы] [п]а спіне, калі ён уяўляе, якім болем разрывалася ў той дзень сэрца хлопчыка. Мехаў. [Мікалай Пятровіч] нават адчуў на сваёй спіне лёгкі халадок і прыкра хмурыўся, намагаючыся рассеяць нядобры настрой. Каршукоў.

6. перан. Стрыманасць, раўнадушнасць у адносінах да каго‑, чаго‑н. [Маша] адчула і насцярожанасць, з якой ставілася да яе жонка Антона Кузьміча.., але здзівілася, што ў самой яе таксама з’явіўся пэўны халадок у адносінах да Галіны Адамаўны. Шамякін. Непрыемным халадком дыхнула на Пятруську ад гэтых бабчыных слоў: ніколі ён не думаў, што так неспадзявана можна зрабіцца гультаём. Кулакоўскі. — Дык вы амерыканцы? — перапытаў яшчэ раз начальнік, і ў голасе яго адчулася столькі афіцыйнага халадку, што яго хапіла б, каб замарозіць дзесяткі кліентаў. Лынькоў.

•••

Аціраць халадкі гл. аціраць.

З халадком — а) без цікавасці, старання (рабіць што‑н.). Я таго на ўвазе маю, Хто працуе з халадком: Дрэнна ніву засявае, Даглядае — языком. Кляўко; б) раўнадушна адносіцца да каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчы́ры, ‑ая, ‑ае.

1. Праўдзівы, чыстасардэчны, адкрыты. Шчыры, добрасумленны, ён [Тарас] захапляўся камсамольскаю работаю і аддаваў ёй шмат часу. Якімовіч. [Баляслаў:] — Я з вамі заўсёды быў шчыры, бо і вы да мяне гэтакі былі. Чорны. І Віктар ганарыўся, што яго сябра такі шчыры. Гроднеў. // Які выражае сапраўдныя, непадробныя пачуцці, думкі. Гулкая вясна, зямля крынічная, Шчырая сляза і звонкі смех. Кірэенка. Што на свеце роўнага па сіле знойдзецца да шчырай дружбы? Дубоўка. Я чытаў гонкім соснам Просты, шчыры свой верш. Броўка.

2. Задушэўны; інтымны. І гэта размова была такая простая, шчырая, бо ішла ад сэрца! Колас. А за Днястром лавілі далі Гамонку шчырую сяброў. А. Вольскі.

3. Сардэчны, душэўны. У тую хвіліну .. [Нявада] больш, як калі, углядаўся ў сваю Волечку: рослая, мажная, шчырая сяброўка Кастуся. Чорны.

4. Натуральны, пазбаўлены прытворства. Шчырая ўпэўненасць чулася ў голасе Настачкі. Бядуля. Васілёк з такім шчырым захапленнем глядзеў на немчука, што той нават спыніўся перад ім і з цікавасцю стаў аглядаць яго. Маўр. — Не, брат, у нашай кузні іх [ветракоў] не зробіш! — паўтараў .. [бацька] з самым шчырым шкадаваннем. Якімовіч.

5. Старанны. Будзем усім пакаленнем Дружна да мэты збліжацца І камунізм сустрэнем Шчырай, натхнёнаю працай! Тарас. // Верны, адданы. [Месія:] — Будзьце шчырымі змагарамі. Змагайцеся, а не скарайцеся. Мікуліч. [Стары:] — Комлік таксама за гэты прынцып. Можа, самы шчыры прыхільнік яго. Карпаў. // Заўзяты, заядлы. Ляжалі Васі — дружбакі, Музыкі, спевакі, І Янка, шчыры следапыт, І Цімка, стырнавы. Кірэенка. Гэтая стараннасць, гэтае шчырае адданне навуцы, а таксама і здольнасць да навукі вывелі .. [Алёнку] і тут на першае месца ў класе. Колас.

6. Просты, даверлівы. [Захар Іванавіч:] — Палікарпаўна — чалавек шчыры: што ёсць, тое і гаворыць. Кулакоўскі.

7. Які складаецца з аднолькавых народ дрэў (пра лес, бор і пад.). — Расстаюся я з табой, шчыры бор. Багдановіч. // Чысты, без дамешкаў, прымесей. Шчырае золата.

•••

Ад шчырага сэрца гл. сэрца.

Шчырая праўда — сама праўда.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)