МЕТАГАЛА́КТЫКА,
сукупнасць галактык, скопішчаў галактык і інш. пазагалактычных аб’ектаў; найб. з вядомых сістэм нябесных цел. Асн. структурнай адзінкай М. з’яўляюцца групы і скопішчы галактык, якія маюць да некалькіх тысяч галактык, але могуць быць і асобныя галактыкі. Мае ячэістую структуру — галактыкі і скопішчы галактык знаходзяцца на мяжы вял. прасторавых ячэек, памеры якіх каля 100 Мпк, таўшчыня сценак 3—4 Мпк. Вял. скопішчы галактык знаходзяцца ў вузлах такой структуры. У прасторы паміж галактыкамі існуе міжгалактычны газ. Найважнейшая ўласцівасць М. — яе расшырэнне. Усе скопішчы галактык аддаляюцца адно ад аднаго са скорасцю, прапарцыянальнай іх адлегласці ад назіральніка (гл. Расшырэнне Сусвету). Паняцце М. мае гіпатэтычны характар і часцей ужываецца для вызначэння часткі Сусвету, якую назіраюць. Гл. таксама Касмалогія.
А.А.Шымбалёў.
т. 10, с. 302
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯШКО́Ў Васіль Васілевіч (7.4.1893, Масква — 6.8.1963),
расійскі жывапісец, тэатр. мастак. Сын В.М.Мяшкова. Засл. дз. маст. Расіі (1944). Нар. мастак Расіі (1963). Правадз. член АМ СССР (1958). Вучыўся ў бацькі і ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1909—17). Член Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (з 1922). Выкладаў у Дзярж. вольных маст. майстэрнях у Разані (1919—21). Афармляў спектаклі Разанскага драм. т-ра (1919—21), Новасібірскага опернага т-ра (1926—29). Працаваў пераважна ў жанры пейзажа. Сярод твораў: «На заводзе «Серп і молат» (1923), «Шэры дзень» (1927), «Роздум» (1939) і інш. У манум. эпічных палотнах «Сказанне пра Урал» (1949), «Кама», «Прасторы Камы» (абодва 1950), «Восень у Карэліі» (1951) і інш. перадаў велічны вобраз прыроды рас. Поўначы і Урала. Дзярж. прэмія СССР 1951.
т. 11, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГРАНІ́ЧНЫ РЭЖЫ́М,
распарадак, устаноўлены ў пагранічнай зоне, тэрытарыяльных водах, унутраных водах, што маюць выхад да граніцы дзяржаўнай. У Рэспубліцы Беларусь служыць інтарэсам стварэння неабходных умоў для аховы дзярж. граніцы. Вызначаецца законам «Аб дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь» ад 4.12.1992, інш. актамі заканадаўства і міжнар. дагаворамі. П.р. ўключае парадак перасячэння дзярж. граніцы, плавання і знаходжання замежных суднаў у водах пагран. рэк, азёр і інш. вадаёмаў, што належаць краіне, заходу замежных плаўсродкаў у парты краіны і знаходжання ў іх, вылету і пасадкі паветр. суднаў, утрымання дзярж. граніцы, вядзення работ і інш. дзейнасці на дзярж. граніцы. Выкананне патрабаванняў П.р. ў пунктах пропуску ажыццяўляюць пагран. войскі па ўзгадненні з органамі мытнага кантролю, а ў паветр. прасторы — войскі проціпаветранай абароны.
Г.А.Маслыка.
т. 11, с. 481
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАДЖА́НАЎ Сяргей Іосіфавіч (9.1.1924, Тбілісі — 20.7.1990),
кінарэжысёр. Нар. арт. Украіны (1990). Нар. арт. Арменіі (1990). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1951). Працаваў на Украіне, у Грузіі, Арменіі. Выкарыстанне міфал. і легендарных матываў, фальклорная паэтыка, сімволіка прасторы і колеру, спалучэнне традыцый розных нац. мастацтваў у адзінай вобразнай сістэме выявіліся ў фільмах «Цені забытых продкаў» (1966, паводле твораў М.Кацюбінскага), «Колер граната» (1969, на падставе біяграфіі і паэзіі Саят-Нава; сцэнарый П.), «Легенда пра Сурамскую крэпасць» (1984), «Ашык-Керыб» (1988, абодва з Д.І.Абашыдзе). Сярод інш. фільмаў: «Наталля Ужвій» (1957), «Украінская рапсодыя» (1961), «Думка» (1966), «Арабескі на тэмы Пірасмані» (1985). Аўтар арыгінальных калажаў і пластычных кампазіцый. Падвяргаўся ганенням з боку афіц. улад, двойчы быў у зняволенні па сфабрыкаваных абвінавачваннях.
Г.В.Ратнікаў.
т. 12, с. 82
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́КУРС (ад франц. raccourci скарачэнне),
1) у выяўленчым мастацтве — скарачэнне памераў і формы рэальных і ўяўных прадметаў пры іх аддаленні ад вока паводле законаў лінейнай перспектывы. Паняцце «Р.» выкарыстоўваецца пераважна да аб’ектаў, якія цалкам ці па частках разглядаюцца ў нечаканых паваротах і пад «вострымі вугламі зроку» (зблізку, зверху ўніз, знізу ўверх і г.д.). У дэкар. размалёўках Р. часта выкарыстоўваецца для найб. эфектнай перадачы руху і прасторы.
2) У кіназдымцы — адлюстраванне аб’екта з розных пунктаў агляду нерухомай або рухомай кінакамерай. Прыём аператарскага мастацтва, што выкарыстоўваецца для будовы выяўл. мантажнай кампазіцыі фільма. Дае магчымасць усебакова паказаць дзеянне, падзею, з’яву, міміку, жэсты ці рухі чалавека, ствараць мантажныя метафары, уражанне сумяшчэння пункта здымкі аператара з пунктам агляду персанажа і інш. 3) Пункт погляду на што-н., аспект.
т. 13, с. 285
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛА́БАЕ ЎЗАЕМАДЗЕ́ЯННЕ, узаемадзеянне Фермі,
адно з узаемадзеянняў элементарных часціц паміж ферміёнамі ў адзіным (лакалізаваным) пункце прасторы-часу. Значна слабейшае за моцнае і эл.-магн., аднак значна мацнейшае за гравітацыйнае ўзаемадзеянне.
С.ў. не лічыцца фундаментальным, разглядаецца як праяўленне 2 паслядоўных электраслабых узаемадзеянняў паміж часціцамі. Для С.ў. характэрна парушэнне законаў захавання дзіўнасці, цотнасці, чароўнасці і інш. Абумоўлівае павольныя распады элементарных часціц (напр., бэта-распад нейтрона і ядраў атамаў), узаемадзеянне нейтрына з рэчывам, рассеянні лептонаў на лептонах ці адронах і інш. С.ў. тлумачацца працэсы ўтварэння энергіі на Сонцы і зорках, у час выбухаў звышновых зорак С.ў. нараджае магутныя патокі нейтрына.
Літ.:
Окунь Л.Б. Слабое взаимодействие элементарных частиц. М., 1963;
Яго ж. Лептоны и кварки. 2 изд. М., 1990.
І.С.Сацункевіч.
т. 14, с. 484
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПІН (ад англ. spin вярцецца),
уласны момант імпульсу элементарнай часціцы ці сістэмы такіх часціц (напр., атамнага ядра, атама). Мае квантавую прыроду, не звязаны з рухам часціцы ў прасторы і не можа тлумачыцца з пазіцый класічнай механікі. Паняцце С. прапанавана галандскімі фізікамі Дж.Уленбекам і С.Гаўдсмітам (1925); тэорыю С. распрацаваў В.Паўлі (1927).
С. часціцы s вымяраецца ў адзінках прыведзенай Планка пастаяннай, бывае паўцэлы (у ферміёнаў) або цэлы (у базонаў) і вызначае яе ўласны магнітны момант μ = gs, дзе g — гірамагнітны фактар часціцы. Праекцыя С. на пэўны напрамак — адзін з квантавых лікаў (спіральнасць), прымае 2s + 1 значэнне праз 1 ад -s да +s. З дапамогай С. растлумачаны структура электронных абалонак атамаў (гл. Паўлі прынцып). многія з’явы ферамагнетызму, тонкая і звыштонкая будова атамных спектраў.
т. 15, с. 113
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТКАЧО́НАК Анатоль Аляксеевіч (14.3.1922, в. Селішча Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. — 13.11.1994),
бел. мастак. Вучыўся ў Віцебскім маст. вучылішчы (1937—40). Быў мастаком на прадпрыемствах Віцебска, Мінска, Карэліі, Эстоніі. Працаваў пераважна ў жанры пейзажа ў тэхніках акварэлі, алею. Творы вызначаюцца шчырасцю, тонкім лірыка-паэт. успрыманнем прыроды. Сярод іх; «Цёплы дзень» (1944), «Поле», «Майскі дзень», «У парку», «Дворык», «На беразе возера», «Вайсковы эцюд» (усе 1948), «На таку» (1959), «Рэчанька» (1960), «Жнівень» (1964), «Поле восеньскае» (1965), «Летні матыў» (1966), «Хмары над іржышчам» (1967), «Першы спеў» (1969), «Цішыня» і «Заходняя Дзвіна ў Бешанковічах» (абодва 1970), «Прасторы Наваполацка» і «Старадаўнасць Полацка» (абодва 1972), «На пляцоўцы» (1973), «Акно» (1975), «Восеньскае» (1980), «Чэрвень» і «Зямля восеньская. Забор’е» (абодва 1984), «Да восені. Букет» (1986), «Вятры перадасеннія» (1988).
Л.Ф.Салавей.
т. 15, с. 473
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАНСЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. translatio перадача),
1) правядзенне пазастудыйных радыё- і тэлевізійных перадач з месца падзей (стадыёнаў, канцэртных залаў, тэатраў і інш.), а таксама перадача мясц. радыё- ці тэлевізійнай станцыяй праграм, атрыманых па каналах сувязі з інш. гарадоў.
2) Працэс прыёму эл. сігналаў і наступнай іх перадачы ў напрамку ад крыніцы да прыёмніка, што ажыццяўляецца на прамежкавых пунктах, напр., радыёрэлейнай сувязі.
3) Бытавая назва праваднога вяшчання.
4) Працэс пераўтварэння праграмы ЭВМ з мовы праграмавання ў праграму на аб’ектнай, напр., машыннай мове з дапамогай транслятара.
5) Перанос матэм. ці фіз. аб’екта паралельна самому сабе ў прасторы на некаторую адлегласць уздоўж прамой (восі Т.). Калі ў выніку Т. аб’ект супадае сам з сабой, то Т. з’яўляецца аперацыяй сіметрыі (гл. Сіметрыя крышталёў).
т. 15, с. 507
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫБЛІ́ЕЎ Васіль Васілевіч (н. 20.2.1954, с. Арэхаўка Крымскай вобл., Украіна),
расійскі касманаўт. Герой Рас. Федэрацыі (1994). Лётчык-касманаўт Рас. Федэрацыі (1994). Скончыў Харкаўскае вышэйшае ваен. авіяц. вучылішча лётчыкаў (1975), Ваенна-паветр. акадэмію імя Гагарына (1987), Маскоўскі ін-т інжынераў геадэзіі, аэрафотаздымкі і картаграфіі (1997). З 1987 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Гагарына (з 2000 нам. нач., з 2003 нач.). Здзейсніў 2 палёты ў складзе экіпажаў касм. караблёў (КК) і арбітальнай станцыі (АС): 1.7.1993—14.1.1994 — на КК «Саюз ТМ-17» і АС «Мір», 10.2—14.8.1997 — на КК «Саюз ТМ-25» і АС «Мір». У космасе правёў 381,7 сут, у т. л. ў адкрытым космасе 19,2 гадз (6 выхадаў). 2 медалі НАСА («За грамадскія заслугі», «За асваенне касмічнай прасторы»).
У.С.Ларыёнаў.
т. 17, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)