ПЛАЦІ́Н (Plōtinos каля 205, Лікопаль, Егіпет — 270),
старажытнагрэчаскі філосаф, паслядоўнік філас. ідэй Платона і заснавальнік неаплатанізму. Вучыўся ў Амонія Сака ў Александрыі. З 244 у Рыме, выкладаў філасофію. На падставе выбраных платонаўскіх тэкстаў распрацаваў уласную сістэму філас. поглядаў, у цэнтры якой паняцце аб неспасціжным і невыразным боскім першаадзіным пачатку ўсяго існага; яго ён называў дабром і параўноўваў з сонцам. Прынцыпу дабра супрацьпастаўляў прынцып зла, што ўвасабляецца ў цёмнай і пазбаўленай выгляду матэрыі, якая служыць ніжэйшай мяжой усёй структуры быцця. Структуру быцця падзяляў паводле крытэрыяў «там» і «тут». У такой форме супрацьпастаўляюцца сапраўды існае, розум у якасці адзінага самаст. стваральніка «першавобразаў», з аднаго боку, і «тутэйшы свет», дзе выступаюць толькі падабенствы, — з другога. Адначасова сцвярджаў, што толькі пачуццёвы космас знаходзіцца ў пэўным месцы, а свет, які спасцігаецца розумам, — усюды. У зямной частцы універсуму пастаянна адбываецца ўзнікненне і знікненне; вечны характар маюць усе праявы зла (узаемазнішчэнне жывёл і людзей, войны, злачынствы і г.д.). Але ў аснове зямнога свету ляжыць разумны план, які ідзе ад бога, а чалавечая душа заўсёды захоўвае магчымасць адысці ад усяго «тутэйшага» і вярнуцца да свайго сапраўднага прызначэння, якое П. бачыў у развіцці духоўных сіл і ўзыходжанні да першаадзінага, г.зн. да бога. У поглядах П. ёсць элементы містычнай дыялектыкі. Яго філас. вучэнне — пачатак апошняга этапа ў працэсе развіцця ант. філасофіі. Фрагментарныя запісы П. пасмяротна выдадзены яго вучнем Парфірыем, які падзяліў іх на 6 аддзелаў, а кожны аддзел — на 9 частак (адсюль назва ўсіх 54 трактатаў П. — «Энеады», г.зн. «Дзевяткі»).
Літ.:
Лосев А.Ф. История античной эстетики: Поздний эллинизм. М., 2000;
Яго ж. словарь античной философии: Избр. ст.М., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ідэ́я, ‑і; Рмн. ідэй; ж.
1.Паняцце, уяўленне, якое праўдзіва або памылкова адлюстроўвае рэчаіснасць у свядомасці чалавека і вырашае яго адносіны да навакольнага свету. Свет ідэй. □ Людзі з’яўляюцца вытворцамі сваіх уяўленняў, ідэй і т. д., — але гутарка ідзе аб сапраўдных, дзеючых людзях, абумоўленых пэўным развіццём іх прадукцыйных сіл і — адпавядаючымі гэтаму развіццю — зносінамі, аж да іх самых далёкіх форм.Маркс і Энгельс.
2. Галоўны істотны прынцып светапогляду. Ідэі марксізма-ленінізма. □ — Ёсць людзі, што жывуць ідэямі агульнага дабра. За свае ідэі яны ідуць у астрогі, на высылкі; за гэтыя ідэі іх крыжавалі, давалі атруту, палілі на кастрах.Колас.
3. Думка, задума. Ажыццявіць ідэю. Падаць ідэю. □ — Мая ідэя так і засталася б ідэяй, каб не вашы даследаванні. Адных ідэй мала.Галавач.Цяпер .. [Максіма Сцяпанавіча] і Веру Антонаўну апанавала ідэя — прыбудаваць веранду.Карпаў.— А ведаеш ты што, — сказаў Лабановіч, — давай пойдзем на Панямонь? Зробім там прывал... — А гэта ідэя! — падхапіў Садовіч.Колас.
4. Асноўная, галоўная думка твора, творчасці і пад. Кампазіцыя падпарадкавана асноўнай ідэі апавядання. Ідэя верша. □ Уся яго [Купалы] творчасць прасякнута ідэяй служэння народу, сцверджаннем правоў працоўнага чалавека.Івашын.
[Ад грэч. idea — вобраз, паняцце, ўяўленне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разуме́нне, ‑я, н.
1.Дзеяннепаводлезнач.дзеясл. разумець.
2. Здольнасць разумець, спасцігаць розумам змест, сэнс, значэнне чаго‑н. Даступныя для разумення факты. Разуменне псіхалогіі падлетка дапаможа настаўніку знайсці правільныя шляхі яго выхавання і развіцця. □ Растлумачыўшы гаспадару і яго жонцы мэту свайго прыходу, я сустрэў з іх боку поўнае разуменне і жаданне памагчы.В. Вольскі.// Здольнасць разабрацца ў чым‑н. [Юзя:] — Ніякага ў цябе разумення яшчэ няма.Бажко.
3. Пэўны пункт погляду на што‑н., пэўнае вытлумачэнне чаго‑н. [Пракоп:] — Павінен жа я выказаць свае думкі, сваё разуменне, а не кідацца галавою ў букту.Колас.Бог у разуменне цёмных людзей — гэта самае страшнае, а значыць — самае святое.Пестрак.
4. Уяўленне аб чым‑н., погляд на што‑н. Гэтае новае было зусім ужо блізка. Заўтра яно павінна ўвайсці ў вёску, і тады адразу зменяцца многія разуменні.Галавач.
5. Свядомасць, розум. Да майго разумення даплывалі рэдкія, глыбока мною не прадуманыя дзедавы словы.Нікановіч.
6. Тое, што і паняцце (у 1 знач.). Помню, .. [старшыня] часам ашаламляў мяне, маладога камуніста, даверлівым разважаннем пра тыя з’явы, якія пасля ХХ з’езда мы абагулілі разуменнем «культ асобы».Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ДЫПЛАМА́ТЫЯ (франц. diplomatie),
сукупнасць прыёмаў, форм і метадаў, з дапамогай якіх праводзіцца ў жыццё знешняя палітыка дзяржавы. У паняцце «Д.» ўваходзіць афіц. дзейнасць на міжнар. арэне кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, мін-ваў замежных спраў, дыпламат. прадстаўніцтваў у замежных дзяржавах і пры штабах-кватэрах міжнар. і міжурадавых арг-цый, урадавых дэлегацый на міжнар. канферэнцыях і на сесіях кіруючых органаў міжнар. арг-цый па рэалізацыі знешнепаліт. намаганняў дзяржавы, абароне яе правоў і інтарэсаў, а таксама па абароне правоў і інтарэсаў яе ўстаноў і асобных грамадзян. З паняццем «Д.» звязана майстэрства вядзення перагавораў у мэтах прадухілення і ліквідацыі міжнар. канфліктаў, дасягнення на міжнар. арэне прынцыповых кампрамісаў і агульнакарысных рашэнняў, паглыблення ўсебаковага міжнар. супрацоўніцтва. Д. рэалізуецца з дапамогай замежных візітаў кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, міністраў замежных спраў, інш.афіц.дзярж. асоб, двухбаковых і шматбаковых перагавораў, афіц. перапіскі, заключэннем дагавораў, канвенцый і пагадненняў. Дыпламат. дзейнасць кожнай дзяржавы павінна ажыццяўляцца з улікам патрабаванняў агульнапрынятых прынцыпаў і норм сучаснага міжнар. права. Паводле арт. 18 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь бел. дыпламаты прытрымліваюцца знешнепаліт. курсу, які адпавядае прынцыпам роўнасці суверэнных дзяржаў, невыкарыстання сілы ці пагрозы ўжыць сілу, непарушнасці дзярж. граніц, мірнага ўрэгулявання міждзяржаўных спрэчак і канфліктаў, неўмяшання ва ўнутр. справы інш. дзяржаў, дабіваюцца ўмацавання міру ва ўсім свеце, хутчэйшага і поўнага раззбраення пад эфектыўным міжнар. кантролем, поўнай забароны выкарыстання ядз. зброі і інш. зброі масавага знішчэння, спынення вытв-сці такой зброі, усебаковага раўнапраўнага міждзярж. супрацоўніцтва, якое накіравана на вырашэнне самых розных паліт., эканам., сац., культ., экалагічных, навук.-тэхн. і інш. праблем, што стаяць перад сучаснай міжнар. супольнасцю.
Літ.:
История дипломатии. Т. 1—3. 2 изд. М., 1959—65;
Левин Д.Б. Дипломатия: Ее сущность, методы и формы. М., 1962;
Никольсон Г. Дипломатическое искусство: Пер. с англ.М., 1962;
Сатоу Э. Руководство по дипломатической практике: Пер. с англ.М., 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́КАЎ ТЭО́РЫЯ,
раздзел матэматыкі, які вывучае ўласцівасці цэлых, рацыянальных і алг.лікаў, іх сувязі з інш. лікамі (ірацыянальнымі, трансцэндэнтнымі).
Паняцце цэлага ліку, а таксама арыфм. аперацый над лікамі вядома са стараж. часоў і з’яўляецца адной з першых матэм. абстракцый. Натуральныя лікі распадаюцца на 2 класы: простыя лікі, якія маюць 2 натуральныя дзельнікі (адзінку і самога сябе), і састаўныя лікі — усе астатнія. Уласцівасці простых лікаў і іх сувязь з натуральнымі вывучаў Эўклід (3 ст. да н.э.). Вывучэнне размеркавання простых лікаў прывяло да стварэння алгарытмаў (напр., рэшата Эратасфена) для атрымання табліц такіх лікаў. Пытанні цэлалікавых рашэнняў рознага віду ўраўненняў (гл.Дыяфантавы ўраўненні) разглядалі Эўклід, Піфагор, Дыяфант і інш. Шэраг адкрыццяў у тэорыі дыяфантавых ураўненняў і ў тэорыі, звязанай з падзельнасцю цэлых лікаў належыць П.Ферма (гл.Ферма вялікая тэарэма, Ферма малая тэарэма). Вывучэнне ірацыянальных лікаў паставіла задачу іх набліжанага вылічэння з дапамогай рацыянальных лікаў, што спрыяла ўзнікненню тэорыі дыяфантавых набліжэнняў. Адкрыццё трансцэндэнтных лікаў вылучыла шэраг праблем пра крытэрыі трансцэндэнтнасці, класіфікацыю трансцэндэнтных велічынь і інш. Вырашэнне праблем Л.т. патрабуе ўдасканалення і стварэння новых матэм. паняццяў, метадаў, напр., імкненне даказаць тэарэму Ферма прывяло ням. матэматыка Э.Кумера (19 ст.) да стварэння асноў алг. Л.т. (тэорыя ідэалаў), вывучэнне размеркавання простых лікаў спрыяла развіццю тэорыі аналітычных функцый (Б.Рыман, Ж.Адамар; 19 ст.). Л.т. цесна звязана з многімі раздзеламі матэматыкі (алгебра, тапалогія, матэм. логіка, тэорыя функцый, тэорыя імавернасцей), што прыводзіць да яе сінтэзу з інш.матэм. навукамі (р-адычныя лікі, лакальны аналіз, тэорыя алг. функцый).
На Беларусі даследаванні па Л.т. пачаты ў 1960-я г. пад кіраўніцтвам У.Г.Спрынджука і праводзяцца ў Ін-це матэматыкі Нац.АН, БДУ, Бел.агр.тэхн., Гродзенскім і Магілёўскім ун-тах. Вырашаны шэраг праблем у тэорыі трансцэндэнтных лікаў, метрычнай Л.т., дыяфантавых ураўненнях.
Літ.:
Спринджук В.Г. Метрическая теория диофантовых приближений. М.,1977;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́САВАЯ КУЛЬТУ́РА,
паняцце, якое характарызуе найб. тыповыя спосабы бытавання культуры ў сучасным грамадстве; у шырокім сэнсе — вытв-сцькульт. каштоўнасцей, разлічаная на масавы і падпарадкаваны масам ужытак. Узнікла ў 2-й пал. 20 ст.; з’яўляецца прадуктам трансфармацыі сучаснага грамадства, яго пераходу ад індустр. да постіндустр. (інфармацыйнага) тыпу тэхнал. развіцця і звязана з развіццём сродкаў масавай камунікацыі, павышэннем узроўню адукаванасці мас і дэмакратызацыяй культуры, павелічэннем вольнага часу і інш.
Ахоплівае ўсе віды культуры і субкультуры («субкультуру дзяцінства», сродкі масавай інфармацыі, сістэму дзярж. ідэалогіі і прапаганды, індустрыю вольнага часу і інш.). Вытв-сць, распаўсюджанне і выкарыстанне прадуктаў М.к. маюць індустрыяльна-камерцыйны характар. Сэнсавы дыяпазон М.к. шырокі — ад прымітыўнага кіча да больш складаных і змястоўна насычаных форм (некаторыя віды рок-музыкі, «інтэлектуальны» дэтэктыў і інш.). Яна адпавядае патрэбам масавай аўдыторыі ў эмацыянальнай кампенсацыі і разрадцы, адпачынку, гульнях; адначасова садзейнічае ўкараненню ў свядомасць людзей стандартызаваных норм асабістай культуры, ідэалагічна арыентаванага светаўяўлення, нівеліроўцы поглядаў і густаў. Пашырэнне М.к. адбываецца праз «мас-медыя» — паліграфію, радыё, тэлебачанне, аўдыё- і відэатэхніку і інш., якія забяспечваюць шырокае развіццё і моцнае псіхал. ўздзеянне на масавага спажыўца. Праяўленне М.к. характэрна для ўсіх краін незалежна ад форм дзярж. ладу. Супрацьстаіць М.к. элітарная культура. Адны філосафы і сацыёлагі разглядалі М.к. ў сувязі з канцэпцыяй масавага грамадства і прадказвалі крах «вышэйшай» культуры ў яе сутыкненні з масай, «натоўпам» (Х.Артэга-і-Гасет, Іспанія; Т.Адорна, Германія), другія — як гранічнае выяўленне духоўнай несвабоды і сродак адчужэння і прыгнёту асобы (Э.Фром, Д.Рысмен, Г.Маркузе, Я.Марэна, ЗША), як страшыдла, што пажырае ў чалавеку ўсё чалавечае (Дж.Оруэл, О.Хакслі, Вялікабрытанія), як сродак задавальнення запатрабаванняў масавага спажыўца (Т.Парсанс, ЗША).
Літ.:
Ортега-и-Гассет Х. Эстетика. Философия культуры: Пер. с исп. М., 1991;
Дар или проклятие?: Мозаика массовой культуры. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ВА ПІСЬМЕ́ННІКА,
сістэма па-мастацку асэнсаваных агульнаўжывальных і індывід. моўных сродкаў, якая служыць для выражэння ідэй, думак, пачуццяў пісьменніка ў маст. і публіцыст. творах. Асн. элементамі М.п. з’яўляюцца словы, сукупнасць якіх складае слоўнік мовы пісьменніка (напр., «Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Я.Коласа», 1993; «Слоўнік мовы Янкі Купалы», т. 1, 1997). Расшырэнне і ўдасканаленне слоўніка — адна з умоў дакладнага, індывідуальна непаўторнага адлюстравання з’яў рэчаіснасці. Багацце М.п. характарызуецца колькасцю слоў, глыбінёй і разнастайнасцю індывід. аўтарскага выкарыстання іх спалучальных магчымасцей, сэнсавых адценняў, гукапісных і выяўл. сродкаў, якія дае мова для стварэння маст. вобразаў. Індывідуальнасць М.п., яе адметнасць — спосабы эстэт. асваення мовы, выкарыстанне яе стыляў, лексікі, вобразных сродкаў. Мяжа паміж словамі як моўнымі адзінкамі ва ўласным сэнсе і словамі М.п. ў галіне маст. пісьменніцкага ўжывання вельмі рухомая. Пры вылучэнні пераносных значэнняў, адценняў слоў у творах таго ці інш. пісьменніка тлумачацца стылістычныя асаблівасці яго маст. словаўжывання, апісваюцца факты адлюстравання і выкарыстання лексікі ў маст. творах. У гэтым сэнсе можна гаварыць аб тым, што пісьменнік прадстаўляе мову свайго часу. Аднак шматлікія сэнсавыя ўскладненні, каламбурныя і знарок супярэчлівыя адценні, якія атрымлівае слова ў кампазіцыі маст. твора, пераносныя ўжыванні, выкарыстанне фразеалагічных злучэнняў і інш. індывідуалізуюць мову кожнага пісьменніка. Поўнасцю індывідуальным, непаўторным элементам М.п. выступае сістэма вобразных сродкаў. Паняцце М.п. ўключае і сінтаксічна-стылістычныя асаблівасці пабудовы сказаў, якія вызначаюць манеру пісьменніка, яго стыль. Сінтакс. і рытмічная будова маст. тэксту набывае ў М.п. функцыі маст. сродкаў: «Спакойна і павольна, як у зачараваным сне, нясе Прыпяць сухадоламу Дняпру сваю багатую даніну...» (Я.Колас). Спалучэнне поліфункцыянальнасці і канкрэтнасці моўных сродкаў, дакладнасці і адчувальнасці вобразаў, сінтакс. і стылістычнай арганізацыі маст. тэксту дае магчымасць майстрам слова ствараць непаўторныя па сіле эстэт. ўздзеяння на чытача маст. творы.
Літ.:
Янкоўскі Ф. Слова і яго ўжыванне // Янкоўскі Ф. Роднае слова. 2 выд.Мн., 1972;
Стыль пісьменніка. Мн., 1974;
Храпченко М.Б. Творческая индивидуальность писателя и развитие литературы. 4 изд. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЬЮ́ТАН ((Newton) Ісаак) (4.1.1643, Вулстарп, каля г. Грантэм, Вялікабрытанія — 31.3.1727),
англійскі фізік, матэматык і астраном, стваральнік класічнай механікі і асноў сучаснага прыродазнаўства. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1672, з 1703 яго прэзідэнт). Замежны чл. Парыжскай АН (1699). Скончыў Трыніты-каледж Кембрыджскага ун-та (1665). У 1669—1701 заг. кафедры матэматыкі гэтага ун-та. З 1696 даглядчык, з 1699 дырэктар Манетнага двара ў Лондане. Навук. працы па механіцы, оптыцы, астраноміі, матэматыцы. Даў азначэнні зыходных паняццяў і сфармуляваў асн. законы класічнай механікі (гл.Ньютана законы механікі). Адкрыў сусветнага прыцягнення закон. Увёў тэрмін «гравітацыя» і стварыў класічную тэорыю гравітацыі. На яе аснове растлумачыў Кеплера законы, асаблівасці руху Месяца, прэцэсію Юпітэра, прапанаваў тэорыю фігуры Зямлі, тэорыю прыліваў і адліваў. У галіне оптыкі адкрыў дысперсію святла (1666), храматычную аберацыю, інтэрферэнцыю святла ў тонкіх слаях паветра (гл.Ньютана кольцы). Сканструяваў люстэркавы тэлескоп-рэфлектар (1668), вынайшаў рэфлектарны мікраскоп (1672) і секстант. Развіў карпускулярную тэорыю святла. Распрацаваў дыферэнцыяльнае і інтэгральнае злічэнні (1665—66; гл.Ньютана—Лейбніца формула), пашырыў бінаміяльную формулу на выпадак адвольных рэчаісных паказчыкаў (гл.Ньютана біном). Гал. праца Н. — «Матэматычныя асновы натуральнай філасофіі» (1687), якая стала фундаментам класічнай фізікі і вызначыла развіццё прыродазнаўства ў наступныя 2 стагоддзі. У аснову ньютанаўскай карціны свету пакладзены паняцці абс. прасторы і часу, апісанне фіз. ўзаемадзеяння праз паняцце сілы, тэорыя далёкадзеяння, а таксама філас.-тэалагічныя погляды Н. Яго імем названа адзінка сілы ў СІ — ньютан.
Тв.:
Рус.пер. — Всеобщая арифметика или книга об арифметических синтезе и анализе. М., 1948;
Оптика или трактат об отражениях, преломлениях, изгибаниях и цветах света. 2 изд. М., 1954;
Математические начала натуральной философии. М., 1989.
Літ.:
Исаак Ньютон, 1643—1727: Сб. статей к трехсотлетию со дня рождения. М.; Л., 1943;
Карцев В.П. Ньютон. М., 1987;
Вавилов С.И. Исаак Ньютон, 1643—1727. 4 изд. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАТАНІ́ЗМ,
у вузкім сэнсе — кірунак стараж.-грэч. філасофіі 1 ст. да н.э. — пач. 3 ст.н.э.; у шырокім сэнсе — усякі філас. кірунак, які абапіраецца на вучэнне Платона.
У антычнасці П. быў прадстаўлены філосафамі Акадэміі платонаўскай (Спеўсіп, Ксенакрат, Аркесілай, Карнеад і інш.). У духу стаіцызму трактаваў вучэнне Платона Пасідоній; створаны ім стаічны П. знайшоў апору ў багаслоўі Філона Александрыйскага, у гнастыцызме, у — герметызме і ва ўсёй данікейскай патрыстыцы, а ў 2—3 ст.н.э. ў Нуменія, настаўніка Плаціна і Арыгена, які выступаў за сінтэзаванне П. і арыстоцелізму. Гэта садзейнічала пераадоленню элементаў натуралізму, характэрнага для эпохі элінізму, і складванню ў 3 ст.н.э. асноў неаплатанізму. Інтарэс да П. адрадзіўся пасля аднаўлення ў Фларэнцыі філосафам М.Фічына платонаўскай Акадэміі (1459), адкуль ён праз кембрыджскую школу распаўсюдзіўся ў Англіі. Пад уплывам англ. філасофіі і дзякуючы ням. ідэалізму П. і неаплатанізм адрадзіліся ў Германіі, аднак толькі з Г.Лейбніца пачалося гіст. разуменне першапачатковага П.
Неабходны элемент П. — проціпастаўленне пачуццёвага свету свету ідэй. Паводле гэтай канцэпцыі, не ідэя ўтварае сабой адлюстраванне матэрыі, а матэрыя ёсць адлюстраванне і выцяканне ідэі. Платонаўскую ідэю ў П. разглядаюць як родавае, гранічна абагульненае і жыццёва важнае лагічнае паняцце, якое змяшчае ў сабе прынцып канструявання сутнасці рэчы і, значыць, самой рэчы, утварае субстанцыянальную рэчаіснасць і яе мэту. Дамінуючую ролю ў гісторыі П. адыгрывала разуменне дыялектыкі як метаду, заснаванага на ўстанаўленні адзінства процілегласцей. Пры дапамозе такога разумення былі распрацаваны 3 асн. іпастасі (Адзінага, Розуму і Сусв. душы), выяўленне якіх заўсёды складала асн. змест П. (разам з вытлумачэннем матэрыяльнага космасу). Адной з асн. канцэпцый П. з’яўляецца вучэнне аб бессмяротнасці душы і цела, або аб кругавароце душ, г. зн. аб іх пераўвасабленні і перасяленні (сам Платон лічыў, што пасля смерці цела душа пераходзіць у другое цела або функцыянуе ў космасе).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЕ ФІЗІ́ЧНАЕ,
адзін з двух (нараўне з рэчывам) відаў матэрыі. Паводле прынцыпу блізкадзеяння з дапамогай П.ф. (як сілавога поля) ажыццяўляецца ўздзеянне (на адлегласці) аднаго цела на другое, што апісваецца ў межах поля тэорыі. Прыклады П.ф.: эл.-магн. і гравітацыйнае ў класічнай фізіцы, квантава-рэлятывісцкія палі ў фізіцы элементарных часціц і іх узаемадзеяннях.
Паняцце сілавога поля (эл. і магн.) у 1830-я г. ўведзена М.Фарадэем. Дж.К.Максвел у 1860-я г. развіў далей ідэі аб эл.-магн. полі і сфармуляваў яго законы (гл.Максвела ўраўненні), прадказаў электрамагнітныя хвалі. Пасля адкрыцця Дж.Дж.Томсанам электрона (1897) электрычна зараджаныя элементарныя часціцы сталі разглядацца як першасныя крыніцы эл.-магн. поля і эл.-магн. узаемадзеянняў. У 1900 М.Планк прадказаў, што энергія эл.-магн. поля выпрамяняецца і паглынаецца дыскрэтнымі порцыямі (квантамі). У канцы 1920-х г. паказана, што квантуецца і само эл.-магн. поле. Кванты гэтага поля — фатоны з’яўляюцца элементарнымі часціцамі і пераносчыкамі эл.-магн. узаемадзеянняў. У 1928 П.А.М.Дзірак увёў квантава-рэлятывісцкае (хвалевае) поле і для адзінак будовы рэчыва, квантамі якога з’яўляюцца элементарныя часціцы — электрон і пазітрон. У межах квантава-рэлятывісцкай тэорыі ў адпаведнасці з карпускулярна-хвалевым дуалізмам знікаюць бар’еры паміж рэчывамі і сілавымі палямі як рознымі відамі матэрыі. У абодвух выпадках апісанне П.ф. ажыццяўляецца з дапамогай агульнага матэм. апарата і выкарыстоўваюцца аднолькавыя фіз. характарыстыкі П.ф. і квантаў гэтых палёў (элементарных часціц): маса, энергія, імпульс, момант імпульсу, спін, зарад і інш. Пры ўзаемадзеяннях кванты П.ф. аднаго тыпу могуць пераўтварацца ў кванты П.ф. другога тыпу, напр., электроны і пазітроны ў фатоны і наадварот — фатоны ў электрон-пазітронныя пары; кваркі і антыкваркі ў глюоны, а глюоны ў кварк-антыкваркавыя пары. Элементарныя часціцы розных тыпаў (сілавога поля і рэчыва), калі яны маюць адпаведныя сілавыя зарады, могуць быць пераносчыкамі і крыніцамі ўзаемадзеянняў.