ДЗІЦЯ́ЧАЕ КІНО́,

мастацкія (ігравыя), хранікальна-дакументальныя, навукова-пазнавальныя, мультыплікацыйныя (анімацыйныя) фільмы для дзяцей і юнацтва. Выхаваўчыя задачы, якія ставяцца перад Дз.к., вызначаюць яго тэматыку і жанравыя асаблівасці. Як асобны кірунак у сав. кінематографе вылучылася ў 1920-я г. Асаблівасці выразна праявіліся ў фільмах «Чырвоныя чарцяняты» (1921, рэж. І.​Перысціяні), «Пуцёўка ў жыццё» (1931, рэж. М.​Экк), «Падраныя чаравікі» (1933, рэж. М.​Барская) і інш. У 1936 у Маскве створана кінастудыя «Саюздзетфільм», рэарганізаваная ў 1948 у Цэнтр. студыю дзіцячых і юнацкіх фільмаў імя М.​Горкага. Дзіцячыя фільмы выпускаліся і на рэсп. кінастудыях. У 1992 створаны Міжнар. фонд развіцця кіно і тэлебачання для дзяцей і юнацтва («Фонд Раланда Быкава», Масква).

У бел. кінематографе першая маст. карціна для дзяцей — «Грышка-свінапас» (1928, рэж.-мантажор В.​Кубліцкі), зманціраваная з маст. фільма «Лясная быль» (1926, рэж. Ю.​Тарыч). У 1930-я г. створаны фільмы пра піянераў («Кульгаўка», 1931, рэж. Ю.​Вінакураў; «Баям насустрач», 1932, рэж. Э.​Аршанскі; «Адбітак часу», 1932, рэж. Г.​Кроль), пра юных следапытаў («Палескія рабінзоны», 1934, рэж. І.​Бахар, П.​Малчанаў), рабфакаўцаў («Песня вясны», 1935, рэж. У.​Гардзін), юных талентаў («Канцэрт Бетховена», 1936, рэж. М.​Гаўронскі, У.​Шмітгоф). Больш плённа Дз.к. на Беларусі развівалася ў пасляваен. час: сюжэты кінахронікі, дакумент. кінанавелы, маст. фільмы рознай тэматыкі (гіст.-рэв., героіка-патрыят., прыгодніцкія, казачныя). Яны вызначаліся гуманнасцю, актыўнасцю юных герояў, што ярка выявілася ў фільмах рэж. Л.Голуба: «Міколка-паравоз» (1957), «Дзяўчынка шукае бацьку» (1959), «Вуліца малодшага сына» (1962), «Пушчык едзе ў Прагу» (сумесна з ЧССР, 1966), «Анюціна дарога» (1968), «Паланэз Агінскага» (1971), «Маленькі сяржант» (1975). Фільмы пра пакаленне дзяцей, якое зведала вайну, ставілі рэжысёры В.ТураўПраз могілкі», 1964, «Я родам з дзяцінства», 1966), І.Дабралюбаў («Іван Макаравіч», 1970, «Расклад на паслязаўтра», 1978, «Мама, я жывы», 1985), В.Нікіфараў («Зімародак», 1972, «Ціхія троечнікі», 1980; «Вялікая прыгода», 1985), В.Рубінчык («Апошняе лета дзяцінства», 1972, «Вянок санетаў», 1977). Фільмы прыгодніцкія, казачныя вызначылі творчасць рэжысёраў Л.Мартынюка («Пяцёрка адважных», 1971, «Сямейныя акалічнасці», 1977, «Ветразі майго дзяцінства», 1981, «Белае возера», 1992), Л.​Нячаева («Прыгоды Бураціна», 1976, «Пра чырвоную шапачку». 1977, «Рыжы, сумленны, закаханы», 1984, «Казка пра зорнага хлопчыка», 1985, «Пітэр Пэн», 1987), У.Бычкова («Горад магістраў», 1966, «Восеньскі падарунак фей», 1984). У 1990-я г. вытворчасць дзіцячых фільмаў скарацілася. Выпушчаны: «Мёд асы» (1992, рэж. І.​Волчак), «Зязюліны дзеці» (1992, рэж. А.​Мароз), «Вогненны стралок» (1993, рэж. М.​Князеў), «Я — Іван, ты — Абрам» (1993, рэж. І.​Зоберман), «Кветкі правінцыі» (1995, рэж. Дз.​Зайцаў), «Шэльма» (1996, рэж. А.​Ганчаронак, І.​Чацверыкоў), «Батанічны сад» (1997, рэж. В.​Гасцюхін) і інш. Значнае месца ў дзіцячым кінематографе займаюць дакумент., а з пач. 1970-х г. мультыплікацыйныя і лялечныя фільмы (гл. Анімацыйнае кіно, Дакументальнае кіно).

Е.​Л.​Бондарава.

Да арт. Дзіцячае кіно. Кадр з мультыплікацыйнага фільма «Дзед і Жораў».
Да арт. Дзіцячае кіно. Кадр з мультыплікацыйнага фільма «Песня пра зубра».
Да арт. Дзіцячае кіно. Кадр з фільма «Маленькі сяржант».
Да арт. Дзіцячае кіно. Кадр з фільма «Дзяўчынка шукае бацьку».
Да арт. Дзіцячае кіно. Кадр з фільма «Марозка».
Да арт. Дзіцячае кіно. Кадр з фільма «Горад майстроў».

т. 6, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНВЕ́РСІЯ (ад лац. conversio змяненне, ператварэнне),

1) у эканоміцы — істотнае пераўтварэнне, змена ўмоў, замена адных аб’ектаў вытв-сці іншымі ці адных каштоўных папер на інш. Адрозніваюць К. пазыкі — змену першапач. умоў пазыкі, замену раней выпушчаных аблігацый дзярж. пазыкі новымі з прычыны змянення ўмоў, пераважна для паніжэння ўзроўню пазыковага працэнта ці падаўжэння тэрміну дзеяння пазыкі; К. валют і каштоўных папер — абмен адной валюты на інш. ці адных відаў акцый на інш. і зваротны абмен абавязацельстваў на каштоўныя паперы, якія выкарыстоўваюцца брокерамі для атрымання даходу (К. зваротная); К. знешняга доўгу — скарачэнне агульнай велічыні знешняй запазычанасці дзяржавы праз змену ўмоў прадастаўлення крэдыту, форм і тэрмінаў яго вяртання, працэнтных ставак. Выкарыстоўваецца ў міждзярж. адносінах, у м. ў Саюзе Беларусі і Расіі з мэтай паглыблення эканам. і паліт. інтэграцыі.

2) У ваеннай справе і ваеннай вытворчасці — палітыка прынцыповай змены ваенізаванай структуры грамадства, правядзенне яго глыбокай дэмілітарызацыі; комплекс сац.-эканам. адносін і мерапрыемстваў, звязаных з выкарыстаннем матэрыяльных, фінансавых і чалавечых рэсурсаў ваен.-эканам. сферы грамадства для цывільных патрэб. Адрозніваюць тыпы ваен.-эканам. К. (ВЭК): К. пасляваенная (рэканверсія), звязаная з пераводам эканомікі краіны пасля заканчэння вайны на вытв-сць цывільнай прадукцыі; К. «мірная» — дэмілітарызацыя эканомікі, якая не звязана непасрэдна са спыненнем вайны або ваен. дзеянняў. Асн. кірункі ВЭК: у ваен. вытв-сці — перавод прадпрыемстваў на выпуск цывільнай прадукцыі, выкарыстанне ваен. і навук.-тэхн. патэнцыялу ў мірных мэтах, дэмілітарызацыя знешнеэканам. дзейнасці і працаўладкаванне работнікаў прадпрыемстваў, якія канверсуюцца; ва ўзбр. сілах — выкарыстанне ўзбраенняў, ваен. тэхнікі і маёмасці, аб’ектаў ваен. інфраструктуры і інш. сродкаў для цывільных патрэб, сац.-эканам. адаптацыя звольненых ваеннаслужачых. Ваен.-прамысл. комплексу б. СССР на тэр. Беларусі належала больш за 100 прадпрыемстваў, навук. арг-цый і ўстаноў (у т. л. навук.-вытв. аб’яднанне «Інтэграл», Мінскі з-д колавых цягачоў, Гомельскі радыёзавод, шэраг авіярамонтных і танкарамонтных з-даў), якія разам з дзесяткамі ваен. гарнізонаў і ваен. гарадкоў, ваен. тэхнікай, узбраеннем, асабовым складам вайск. часцей падлягаюць К. Рэалізацыю канверсійных працэсаў на Беларусі ўскладняюць: змяншэнне агульнага прыбытку і рэнтабельнасці прадпрыемстваў за кошт скарачэння ваен. заказаў, высокі сабекошт цывільнай прадукцыі, якая замяняе ваенную; недахоп фін. сродкаў на К. ваен. вытв-сці, а таксама дэмантаж і утылізацыю сродкаў ваен. тэхнікі і ўзбраенняў; адмоўныя наступствы працэсу знішчэння ўзбраенняў для экалогіі; сац.-эканам. і псіхал. цяжкасці, якія адчуваюць ваеннаслужачыя пры перавучванні і засваенні мірных прафесій, і інш. У перападрыхтоўцы ваеннаслужачых на мірныя прафесіі і спецыяльнасці актыўны ўдзел прымае Бел. цэнтр перападрыхтоўкі ваеннаслужачых (пас. Калодзішчы), Міжнар. ін-т менеджменту і інш. навуч. ўстановы.

3) У мовазнаўстве, у сінтаксісе — прадстаўленне суб’ектна-аб’ектыўных адносін у сказе, адваротнае зыходнаму; выражаецца з дапамогай станавых форм (напр., «рабочыя будуюць дом — дом будуецца рабочымі»); у лексіцы — адносіны паміж дзвюма лексемамі (канверсівамі), якія называюць адно і тое ж дзеянне з розных бакоў ці абазначаюць процілегла накіраваныя дзеянні, прыкметы («сястра старэйшая за брата — брат маладзейшы за сястру»); у словаўтварэнні — марфолага-сінтакс. спосаб словаўтварэння, пераход слоў адной часціны мовы ў другую («кавалі́» — «кава́лі»).

М.​Р.​Лобач, Р.​Ч.​Лянькевіч, В.​В.​Старыкаў, А.​Г.​Лукашанец.

т. 7, с. 575

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДА́ТКІ,

абавязковыя грашовыя плацяжы юрыд. і фіз. асоб у дзярж. або мясц. бюджэт. Устанаўліваюцца і прымусова спаганяюцца дзяржавай у форме пераразмеркавання часткі грамадскага прадукту, што выкарыстоўваецца для задавальнення агульнадзярж. патрэб. Сутнасць, унутр. змест і значэнне раскрываюць іх функцыі: фіскальная (функцыя асноўная і характэрная для ўсіх дзяржаў на розных этапах развіцця); выяўляецца ў бесперабойным забеспячэнні дзяржавы фін. рэсурсамі); стымулюючая (выяўляецца ў змене аб’екта абкладання, змяншэнні падаткаабкладаемай базы і рэалізуецца праз сістэму льгот, прэферэнцый, выключэнняў); размеркавальная (забяспечвае працэс пераразмеркавання часткі сукупнага грамадскага прадукту); рэгулюючая (удзельнічае ў пераразмеркавальным працэсе, уплывае на ўзнаўленне і яго тэмпы, назапашванне капіталу і плацежаздольны попыт насельніцтва).

П. вядомы з глыбокай старажытнасці, калі яны існавалі ў форме даніны, павіннасцей і інш. пабораў. Узнікненне П. звязана з неабходнасцю ўтрымання дзяржавы. У ВКЛ і Рэчы Паспалітай П. выступалі ў якасці ўстаноўленых плацяжоў на карысць дзяржавы, феадалаў і царквы. Падатковай адзінкай у сельскай мясцовасці была абшчына, сяляне якой плацілі грашовыя і натуральныя П.; з гарадоў спаганялася ардыншчына, сярэбшчына, карчомны чынш Да пач. 17 ст. ў ВКЛ было больш за 30 розных павіннасцей (байдачнае, дзесяціна, куніца, саха, чоп і інш.). У Рас. імперыі, потым у СССР П. вызначаліся і спаганяліся ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам. У 1930 у сувязі з падатковай рэформай шматлікія П. прадпрыемстваў (больш за 80 відаў аб’яднаны ў П. з абароту і адлічэнні ад прыбытку. Пазней П. ў асноўным спаганяліся з даходаў грамадзян, каап., грамадскіх прадпрыемстваў і з калгасаў у форме падаходнага падатку. Насельніцтва таксама плаціла мясцовыя зборы — с.-г. П., з маласямейных і адзінокіх грамадзян. Асн. крыніцай даходаў бюджэту былі П. з абароту — універсальныя акцызы, якія плацілі прадпрыемствы. З іх дапамогай ажыццяўлялася рэгуляванне фіксаваных рознічных і аптовых цэн. Уведзеныя ў 1960 плата за фонды, фіксаваныя плацяжы, плата за прац. рэсурсы па-сутнасці былі абавязковымі П.

У Рэспубліцы Беларусь з 1992 заканадаўча зацверджана новая падатковая сістэма. П., як і аб’ектаў абкладання, шмат, яны гарантуюць прыкладна роўныя ўмовы ўсім суб’ектам, незалежна ад формы ўласнасці. Юрыд. асобы абавязаны плаціць ускосныя і адначасовыя грашовыя П. Сярод ускосных: П. на дабаўленую вартасць (аб’ект падаткаабкладання — вартасць, якую прадпрыемства дабаўляе да вартасці сыравіны, матэрыялаў або тавараў пры вытв-сці і рэалізацыі прадукцыі, выкананні работ і аказанні паслуг), П. на паліва (аб’ект падаткаабкладання — выручка ад рэалізацыі бензінаў і дызельнага паліва, сціснутага і звадкаванага газу); П. на продаж (разнастайныя акцызы на асобныя тавары, напр., на гарэлку, тытунёвыя вырабы і да т.п.). Да прамых П. належаць: П. на прыбытак, даходы, нерухомасць, надзвычайны для ліквідацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, экалагічны, транзітны, мытныя пошліны, зямельны. Насельніцтва плаціць П. на нерухомасць, зямельны; прадпрымальнікі плацяць таксама П на дабаўленую вартасць. Усе сумы П. і збораў залічваюцца ў бюджэт краіны. Памеры адлічэнняў у мясц. бюджэты ад агульнадзярж. П. ўстанаўліваюцца штогод пры зацвярджэнні бюджэту. Гл. таксама Падатковая палітыка, Падатковыя льготы.

Літ.:

Фишер С., Дорнбуш Р., Шмалензи Р. Экономика: Пер. с англ. М., 1993;

Курс экономики. 2 изд. М., 1999;

Налоги. Мн., 2000.

М.​Е.​Заяц.

т. 11, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНСЛАВІ́ЗМ,

ідэйна-палітычная плынь у 19 — пач. 20 ст., якой прытрымлівалася частка рас. і замежнага славянскага грамадства. Тэрмінам «П.» у розны час абазначалі розныя па змесце з’явы: ідэі слав. еднасці і культ. супольнасці, праекты слав. федэрацыі і канфедэрацыі і інш. Ідэі слав. узаемнасці распрацоўвалі чэх І.Добраўскі, славак П.Шафарык, харват Л.Гай, серб В.Караджыч, чарнагорац П.Негаш. Ва ўмовах чужаземнай няволі (аўстр. і тур.) аб’яднаўчая ідэя славян мела на мэце здабыць незалежнасць з апорай на аб’яднаныя намаганні прыгнечаных слав. народаў або шляхам звароту па дапамогу да адзінай тады незалежнай і моцнай слав. дзяржавы — Расіі. У паліт. жыццё тэрмін «П.» увялі ў пач. 1840-х г. аўстр. і герм. шавіністы, якія ў ажыўленні слав. руху бачылі пагрозу сваім гегеманісцкім імкненням. У 2-й пал. 19 ст. гэты тэрмін пашырыўся як сродак абвінавачання слав. нац.-вызв. рухаў у імкненні да стварэння «Усеслав. манархіі» ці «Сусв. Рас. імперыі». Як ідэалогія П. склаўся ў Расіі як рэакцыя на паражэнне ў Крымскай вайне 1853—56 і паўстанне 1863—64. Яго ідэолагамі былі М.Я.Данілеўскі, А.​І.​Кошалеў, М.М.Страхаў і інш. У аснове іх канцэпцыі ляжала ідэя захавання славянамі сваёй самабытнасці праз утварэнне імі саюзу слав. народаў, каб супрацьстаяць націску пангерманізму. Гісторык М.П.Пагодзін прапанаваў тэзіс аб перавазе славян над інш. народамі і выступаў за аб’яднанне славян у адну дзяржаву на чале з Расіяй; славяназнавец А.​Ф.​Гільфердынг лічыў, што ў аснове слав. еднасці павінна ляжаць усё лепшае, што выпрацавана культурай гэтых народаў. Найб. поўна і ўсебакова ідэалогію П. распрацаваў Данілеўскі ў кн. «Расія і Еўропа» (1871). Яго праект усеслав. федэрацыі на чале з Расіяй і сталіцай у Канстанцінопалі аб’ядноўваў 125 млн. чал., «роднасных па духу і крыві». На яго думку, толькі так можна было дасягнуць сусв. раўнавагі паміж трыма асн. сіламі: Зах. Еўропай, славянствам і Амерыкай, а свет пазбегнуў бы самай вял. небяспекі — усталявання гегемоніі зах. культуры. Як паліт. і грамадскі рух П. ахопліваў ч. дзярж. (граф М.​П.​Ігнацьеў, кн. У.​А.​Чаркаскі і інш.) і ваен. (генералы М.Р.Чарняеў, М.​Дз.Скобелеў, Р.​А.​Фадзееў) дзеячаў, а таксама інтэлігенцыю (пісьменнікі І.С.Аксакаў, У.У.Крастоўскі, Ф.І.Цютчаў, вучоныя У.І.Ламанскі, А.​Ф.​Мілер і інш.). На Беларусі думку пра неабходнасць слав. саюзу на чале з Расіяй пашыралі гісторык М.В.Каяловіч, яго сын публіцыст М.​М.​Каяловіч і іх прыхільнікі І.​А.​Катовіч, П.М.Жуковіч, В.​В.​Шчарбіцкі і інш. Грамадскі рух П. падазрона ўспрымаўся ва ўрадавых колах Расіі, быў аб’ектам крытыкі з боку ліберальных і рэв.-дэмакр. плыней як рэакцыйная тэорыя. Рэв. падзеі пач. 20 ст. прывялі да знеслаўлення П. Некаторае яго ажыўленне адбылося напярэдадні і ў час 1-й сусв. вайны. Пад уплывам Пражскага слав. з’езда 1908 у Расіі ўзнікла Т-ва слав. узаемнасці на чале з М.​А.​Хамяковым, У.​Л.​Маклаковым, Б.​А.​Бобрынскім. Яго аддзяленні з 1909 існавалі ў Вільні, Мінску і інш. гарадах. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 П. сышоў з грамадска-паліт. сцэны. Ідэі слав. узаемнасці атрымалі новае ажыўленне ў 1990-я г.

Літ.:

Данилевский Н.Я. Россия и Европа. 6 изд. СПб., 1995;

Павленко О.В. Панславизм // Славяноведение. 1998. № 6.

В.​М.​Чарапіца, В.​М.​Міхееў.

т. 12, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВУ́МЕНКА (Іван Якаўлевіч) (н. 16.2.1925, г. Васілевічы Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. пісьменнік, літ.-знавец, грамадскі дзеяч. Нар. пісьменнік Беларусі (1995). Акад. Нац. АН Беларусі (1980, чл.-кар. 1972), д-р філал. н. (1969), праф. (1971). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1950). Працаваў у газ. «Бальшавік Палесся» (1946—51), «Звязда» (1951—52). З 1954 на кафедры бел. л-ры БДУ, з 1973 дырэктар Ін-та л-ры імя Я.​Купалы, з 1982 віцэ-прэзідэнт, з 1992 саветнік пры прэзідыуме Нац. АН Беларусі. Друкуецца з 1955. У першым зб. апавяданняў «Семнаццатай вясной» (1957) у рамантычна прыўзнятых фарбах адлюстраваў духоўны свет і лёс юнакоў, што прайшлі праз выпрабаванні вайны. Гэтая ж тэма развіта і ў зб-ках апавяданняў «Хлопцы-равеснікі» (1958), «Таполі юнацтва» (1966, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1967), адзначаных вернасцю праўдзе жыцця, глыбокім пранікненнем ва ўнутр. свет герояў, майстэрствам дэталі, лірызмам. У аповесцях «Снежань», «Мой сябар Пятрусь», «Пераломны ўзрост» (усе нап. 1958), «Бульба» (1964), «Трымценне дубовага лісця» (1965), «У бары на світанні» (1971) і інш. праблемы станаўлення людскіх характараў на матэрыяле вайны і ў абсягу сучаснасці. Адметныя рысы творчасці Н. — лірычная пранікнёнасць пачуцця і даверлівасць інтанацыі, дакладнасць учынкаў герояў, праўдзівасць дэталей і маст. абагульненняў. Раманы «Сасна пры дарозе» (1962), «Вецер у соснах» (1967), «Сорак трэці» (1973) падсумавалі вопыт аўтара па стварэнні эпічна насычанай карціны жыцця і барацьбы ва ўмовах жорсткай фаш. акупацыі. Яго ўвагу прыцягвалі і праблемы сучаснага жыцця, што ўнеслі шмат новага ў традыц. адносіны чалавека з людзьмі, грамадствам, гісторыяй. Аповесцям «Развітанне ў Кавальцах» (1974), «Апошняя восень», «Замяць жаўталісця» (абедзве 1976), «Інтэрнат на Нямізе» (1978), раманам «Смутак белых начэй» (1979), «Летуценнік» (1984), «Асеннія мелодыі» (1987), п’есе «Птушкі між маланак» (1982), многім апавяданням уласціва ўсё больш глыбокае асэнсаванне рэчаіснасці, усведамленне сэнсу жыцця, складаных праблем сучаснасці, выяўленне духоўнага патэнцыялу асобы. Пераасэнсаванне гісторыі вяртае героя пісьменніка ў часы дзяцінства і юнацтва ў трылогіі «Дзяцінства. Падлетак. Юнацтва» (1997) і яе працягу «Любімы горад» (1999). Гады калектывізацыі, сталінскія рэпрэсіі асвятляюцца аўтарам з пункту гледжання сучасніка. Для дзяцей напісаў аповесць «Вайна каля Цітавай копанкі» (1957). Аўтар літ.-знаўчых манаграфій «Янка Купала. Духоўны воблік героя» (1967), «Якуб Колас. Духоўны воблік героя» (1968, за абедзве Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1972), «Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч» (1992), «Змітрок Бядуля» (1995), «Максім Багдановіч» (1997), «Ранні Кузьма Чорны (1923—1929)» (2000). У працах па гісторыі бел. л-ры «З глыбінь жыцця» (1960) і «Пісьменнікі-дэмакраты» (1967) разглядае канцэпцыю чалавека і свету ў бел. л-ры.

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—6. Мн., 1981—84;

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1995—97;

Гасцініца над Прыпяццю. Мн., 1994;

Хатняе зайчанё. Мн., 1998.

Літ.:

Сіненка Г. Іван Навуменка: Нарыс творчасці. Мн., 1981;

Піскун Л. Іван Навуменка. Мазыр, 1997;

Яе ж. Феномен мастацкай індывідуальнасці: Агляд творчасці Івана Навуменкі // Роднае слова. 1995. № 2—3;

Кароткая Л. Жывое, роднае... Мн., 1989. С. 6—37.

У.​В.​Гніламёдаў, І.​У.​Саламевіч.

І.Я.Навуменка.

т. 11, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУНІ́ЧНЫЯ ВО́ЙНЫ (264—146 да н.э., з перапынкамі; назва ад пунійцаў),

войны паміж Стараж. Рымам і Карфагенам за панаванне ў Зах. Міжземнамор’і. Выгаднае месцазнаходжанне Карфагена спрыяла яго хуткаму эканам. развіццю і ператварэнню ў магутную краіну, якая падначаліла зах. ўзбярэжжа Паўн. Афрыкі і большасць Сіцыліі, мела ўплыў на Пірэнейскім п-ве, на Корсіцы і Сардзініі. Рым да 265 да н.э. заваяваў усю Італію і стварыў адзіную дзяржаву — рымска-італійскую канфедэрацыю. Ён не прызнаваў гегемоніі Карфагена ў Зах. Міжземнамор’і і імкнуўся завалодаць багатай Сіцыліяй. Гэтыя супярэчнасці вырашаліся ў 3 П.в., якія былі з абодвух бакоў захопніцкімі.

1-я Пунічная вайна (264—241 да н.э.) вялася за Сіцылію. Рымляне мелі моцную толькі сухапутную армію. Вымушаныя ваяваць на моры, яны стварылі ваен. флот, які перамог у бітвах пры Мілах (260), мысе Экном (256) і пры Эгадскіх а-вах (241). Паводле мірнага дагавора ўладанні Карфагена ў Сіцыліі і а-вы паміж Сіцыліяй і Італіяй перайшлі да Рыма. У 237 Рым захапіў а-вы Корсіку і Сардзінію. Карфаген хутка аднавіў эканам. і ваен. магутнасць і нават кампенсаваў страчаныя ўладанні захопам значнай тэр. на Пірэнейскім п-ве, якія ператварыў у плацдарм для наступлення на Рым.

2-я Пунічная вайна (218—201 да н.э.) пачалася з аблогі і разбурэння саюзнага рымлянам г. Сагунта ў Іспаніі і паходу на Італію праз Альпы (218) карфагенскай арміі на чале з Ганібалам, які разлічваў на падтрымку заваяваных Рымам галаў. Ужо ў першых сутычках з рымлянамі на рэках Тыцына і Трэбія (218), каля Тразіменскага возера (217) рымлянам былі нанесены значныя паражэнні. Рымляне перайшлі да тактыкі зацяжной вайны, каб змучыць праціўніка на сваёй тэрыторыі. 2.8.216 пры Канах адбылася бітва, у якой рым. армія была акружана і знішчана (гл. ў арт. Каны). Каб працягваць вайну, рымляне папоўнілі армію рабамі, злачынцамі, выпушчанымі з турмаў, і знізілі маёмасны цэнз пры камплектаванні новых легіёнаў. Такія захады ўмацавалі армію і прынеслі першыя перамогі. У 211 рымляне захапілі Сіракузы і вярнулі г. Капуя. У Іспаніі Сцыпіён Афрыканскі Старэйшы заняў Новы Карфаген. Вайна была перанесена ў Афрыку. У 202 Сцыпіён разбіў карфагенскую армію на чале з Ганібалам каля г. Зама. Паводле мірнага дагавора 201 Карфаген страціў флот, абавязваўся выплаціць кантрыбуцыю. страціў права без згоды Рыма весці войны ў Афрыцы. Усе ісп. ўладанні перайшлі да Рыма.

У час 3-й Пунічнай вайны (149—146 да н.э.) ваенныя дзеянні вяліся на тэр. Карфагена. Рым. саюзнік нумідыйскі цар Масініса сваімі дзеяннямі вымусіў карфагенян узяцца за зброю. Гэта дало падставу рым. сенату для вайны за канчатковае знішчэнне Карфагена. Пасля трохгадовай аблогі рым. армія ўварвалася ў горад, разбурыла яго, а насельніцтва ператварыла ў рабоў. Ч. карфагенскай тэр. рымляне перадалі Нумідыі за дапамогу ў вайне. Астатняя тэр. ператворана ў рым. правінцыю Афрыка. Ў выніку П.в. Рым стаў магутнай рабаўладальніцкай дзяржавай у 3 частках свету: Еўропе, Афрыцы і Азіі.

Літ.:

Ревяко К.А. Пунические войны. Мн., 1988;

Яго ж. Войны Рима с Карфагеном: основные тенденции и направления историогр. Мн., 2000;

Кораблев И.Ш. Ганнибал. Ростов н/Д., 1997.

К.​А.​Рэвяка.

т. 13, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Май1 ’пяты месяц каляндарнага года’ (ТС, Бес., Гарэц., Ян., Шат., Касп., Бяльк., драг. КЭС). Укр. май, польск. maj, ст.-рус., ст.-слав. маи ’тс’. Запазычана з лац. māius праз с.-грэч. (μάϊος) і ст.-слав. Магло ўспрымацца непасрэдна праз навучанне ў школах, пашыраючыся сярод простага люду (Фасмер, 2, 559; Бернекер, 2, 8; Брукнер, 317; Махэк₂, 348, БЕР, 3, 615). Сюды ж майскі (ТСБМ), майскі жук (Бяльк.).

Май2 ’першая зелень ліставых дрэў, якой прыбіраюць хаты на сёмуху’ (Нас., ТСБМ, Сержп. Прымхі, Фалют., Янк. 3.. Ян., Шн., Рам. 8, Мядзв., Жд. 1, Шат., Бяльк., Мат. Гом., Растарг.; пух., Бел. дыял.; в.-дзв., Шатал., ТС), ’адзначэнне дзядоў на сёмуху’ (Кліх), ’зялёны аір, які раскідваюць па падлозе і дарожках у дзень Сашэсця Св. Духа’ (Нас.), ’бярозавае галлё, якое падсцілаюць пад стог’ (круп., Нар. сл.), віц. маінка ’галінка, якую ўтыкалі на капусную градку пасля таго, як «развівалі» бярозу на сёмуху’ (Сакалова, Обряды, 190). Укр. зах. май ’зелень’, ’маладое дрэва, прыбранае стужкамі, ці галіны, якімі прыбіраюць хату, падвор’е’, польск. maj ’зялёныя галіны, зелень’, majowy ’зялёны’, majówka (фалькл.) ’май, дрэўца на сёмуху’; н.-луж. maja, в.-луж. meja, mejka ’ўрачыста азлобленае маладое дрэва’, чэш. máje, máj, мар. mája ’высокае стройнае дрэва, якое ставіцца на 1 Мая або ў іншыя святы’, ’перыяд росквіту, свежасці ў прыродзе’, славац. máj ’вясна’, ’сімвал вясны — высокая азлобленая яліна, якую хлопец ставіць перад 1 Мая ля вакна сваёй каханай’, славен. máj, mláj ’аздобленая яліна, пастаўленая з выпадку якой-небудзь урачыстасці’. Хаця вяснова-летні абрад, звязаны з культам зялёнага дрэва, вядомы ўсім славянам, аднак лексема май і вытворныя пашыраны толькі на захадзе слав. тэрыторыі, на Беларусі і Украіне. Можна меркаваць, што лексема запазычана з ням. Mei (тое ж Махэк₂, 348). У бел. і ўкр. гаворкі — з польск. мовы. На Беларусі май2 злілося з май1.

Май3 у выразе буў — і як май змаеў ’раптоўна прапаў’ (саліг., Нар. словатв.; ТС), укр. май‑май‑май ’аб хуткіх рухах, калі махаюць, або што-небудзь уецца’, маяти ’махаць, рухацца туды-сюды’, майдати ’віляць хвастом’, рус. ма́ять ’махаць’ (і інш.: мая́к, мая́чить, маятник); польск. majaczyć ’быць ледзь бачным’, ’кружыцца’, н.-луж. mawaś ’махаць’, в.-луж. majkać ’гладзіць, песціць’, чэш. mávati ’махаць’, славац. mávať ’тс’, славен. májati ’рухацца туды-сюды’, прасл. корань ma‑. Мае балт. адпаведнікі: літ. móti, лат. māt ’махаць’ (Махэк₂, 355; Фасмер, 2, 587). Гл. таксама махаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́шка1 ’пятка яйца’ (Нас.; ЛА, 1; смарг., ігн., лудз., в.-дзв., Сл. ПЗБ; б.-каш., Мат. Гом.). Памянш. ад пуха (гл.); магчыма, звязана з харв. pûš ’тс’, якое Путанец (гл. Скок, 3, 85) лічыць запазычаннем з італьянскай мовы.

Пу́шка2 ’кончык пальца, мякіш’ (ТС; петрык., Шатал.; пухав., З нар. сл.; мазыр., карм., ельск., Мат. Гом., ПСл), ’сустаў пальца, костачка, знешняя паверхня суставаў пальца’ (хойн., Шатал.; слуц., Нар. словатв.; слуц., Жыв. сл.; ст.-дар., асіп., Сл. ПЗБ; Некр.; Сержп. Грам., светлаг., Мат. Гом.), сюды ж і пу́шка ’лытка’ (ЛА, 3), ’таўстуха’ (івац., Жыв. НС), ’шчопаць’ (ТС). Першапачаткова пу́чка ’тс’ ад пук ’выпукласць’, змененага пад уплывам пу́хлы, параўн. пу́шка ’порхаўка’ (рэч., Нар. сл.; лельч., Жыв. сл.), балг. пу́шка ’мачавы пузыр’ і пад.

Пу́шка3 ’каробка, скрыначка’ (ТСБМ; Мядзв.; Шат.; Некр.; Бяльк.; Ян.; брагін., Нар. словатв.; Сл. Брэс.; пін., Нар. лекс.; Янк. 1.; Мат. Гом.), ’вытачаны з дрэва невялікі кубел з накрыўкай для захавання дробных рэчаў’ (Нас.), ’збанок, гаршчок з вузкім горлам’ (кобр., Сіг.; малар., Сл. Брэс.), ’шклянка’: пушка гарэлкі (брагін., Мат. Гом.), ст.-бел. пу́шка ’скрынка’. Лічыцца запазычаннем праз польск. puszka ’тс’, чэш. puška ’тс’ са ст.-в.-ням. buhsa < народнае лац. buxis, грэч. πυξίς ’каробка з самшыту’ (< πυχος ’самшыт’), гл. Фасмер, 3, 415; Булыка, Лекс. запазыч., 190. На прышлы характар рэаліі і слова ўказвае Растаргуеў: пу́шка (выключна ў гарадах) “небольшая деревянная круглая с крышкой коробка от халвы; употреблялась главным образом для хранения мелкой монеты” (ст.-дубск., Растарг.). Пра магчымасць народнаэтымалагічнага асэнсавання слова гл. у Насовіча: “от Пустой, но лит. Puszka” (Нас.).

Пу́шка4 ’гармата’ (ТСБМ, Янк. 1): зробіў скрыпочку і сталяную пушку (гродз., Шн. 2), ст.-бел. пушка ’тс’. Запазычана праз польск. puszka (паводле Банькоўскага, 2, 967: “pożyczka wędrowna”) са ст.-чэш. puška, першапачаткова абазначала як ручную агнястрэльную зброю, так і гармату, што адлюстравалася і ў сучасных славянскіх мовах, параўн. балг. пу́шка ’стрэльба, ружжо’, серб.-харв. пу̏шка, першапачаткова пу̏кша ’тс’; крыніцай славянскіх слоў лічаць сярэднебаварскую форму *pukse ’агнястрэльная зброя’, сучаснае ням. Büchse ’гармата’ < ст.-в.-ням. buhsa ’трубка; ступка, цыліндр’, адкуль і значэнне ’каробка’, гл. пушка3. Параўн. Брукнер, 449; Фасмер, 3, 415; Скок, 3, 71–72; Сной, 516–517; Булыка, Лекс. запазыч., 190; Патры–Тамушанскі, JBS, 4, 3–4, 120; Адзінцоў, Этимология–1978, 113–133; Этимология–1984, 172. Нельга выключыць народнаэтымалагічнае збліжэнне з пу́хаць, пу́каць, пуска́ць (пушча́ць) і пад., параўн. Чарных, 2, 86.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тума́к1 ‘удар па патыліцы’ (Нас., Шат., Байк. і Некр.; брагін., Нар. словатв.), ‘моцны ўдар’ (в.-дзв., хойн., Шатал.), ‘удар кулаком’ (зах.-пал., Бел. дыял. 3, Растарг.), ‘кухталь’ (Некр. і Байк., Яўс., Юрч. Фраз. 2, Мат. Гом.), тума́ка ‘тс’: даў яму тумаку (Бел. літ. XIX ст.), тумакі́ ‘штуршкі, кухталі ў спіну ці ў бокі’ (Мядзв.). Укр. тума́к ‘штуршок, кухталь’, рус. тума́к ‘удар, штуршок кулаком’. Слова няяснага паходжання, асабліва з улікам тумак2 і тумак3. Фасмер (4, 119) не прымае прапанаваную Патабнём (РФВ, 4, 213) і Гараевым (380) версію пра сувязь з літ. stùmti (з s‑mobile) ‘штурхаць, біць, рухаць, замыкаць на засаўку’, а таксама з марыйск. tumak ‘дубіна’ (Маркаў, РФВ, 73, 102). Сувязь з укр. товкмачити ‘біць, калаціць, трэсці’ (ЕСУМ, 5, 674), а таксама з рус. токма́чить ‘біць, таўчы’ выглядае больш прывабнай (гл. такмачы). На базе фразеалагізма рус. дать по шапке ‘пабіць’ Арол (4, 116) збліжае з тат. tumag ‘шапка’.

Тума́к2 ‘дурань, недалёкі чалавек’ (Юрч. Фраз. 2), ‘някемлівы чалавек’ (Мат. Гом.), ‘дурань, цёмны неадукаваны чалавек’ (Яўс., ТС), ‘тупы, неразвіты чалавек’ (беласт., Сл. ПЗБ), ‘дурань, тупіца’ (Рэг. сл. Віц.), ‘недарэка’ (Руб.), ‘тупы, абмежаваны чалавек’ (Юрч. Вытв.), тумачо́к, тумачо́чак ‘дурань, недалёкі чалавек’ (Юрч. СНЛ). Параўноўваюць з рус. разан. тумата́ ‘слепата, цемната’ і далей праз апошняе значэнне да ‘неразвітасць, неадукаванасць, дурасць’, што не выключае сувязі з марыйск. тума́к ‘дубіна’ (Жураўлёў, Язык и миф, 120). Грунтуючыся на рэканструкцыі рус. дыял. тума́ ‘лухта, глупства, дзіва’ (Даль), укр. тума́ ‘хмуры, маўклівы чалавек’, як *top‑ma ‘тупы розум, тупы чалавек’ < *topiti ‘рабіць тупым’, Ліўканен (Отглаг. сущ., 169) мяркуе пра зыходнае значэнне ‘тупы розум’. Сюды ж таксама славен. túmpast ‘тупы, недалёкі’ (Сной₂, 791), якое выводзіцца са славен. tȍp < прасл. *tǫ̑pъ ‘тупы, неразумны, абмежаваны’.

Тума́к3 ‘помесь зайца-беляка з зайцам-русаком’ (ТСБМ), ‘фарбаванае футра зайца’ (там жа), ‘звярок, пушыстую шкуру якога вырабляюць на каўняры’ (Нас.). Укр., рус. тума́ ‘метыс, напаўрускі-напаўтатарын, паўукраінец-паўтурак’, укр. тума́ ‘жывёла змешанай пароды’, тум ‘свойская жывёла палепшанай пароды’, тума́к ‘помесь беляка і русака’, ‘фарбаванае футра зайца’, ‘куніца лясная, Martes martes L.’, рус. тумак ‘метыс’, ‘падфарбаванае футра зайца’, ‘сібірскі тхор’, польск. tumak ‘куніца’, tumaki ‘футра з куніцы’ (запазычаны праз рус. мову). Запазычанне з цюркскіх моў, параўн. тат. тӯма ‘прыплод’, ‘нашчадак’, канцавое ‑к мяркуецца з цюрк. tuma‑g у якасці памяншальнага суфікса, гл. Анікім 565; іншыя меркаванні ў Фасмер, 4, 119; ЕСУМ, 5, 674; Шыпава, Сл. тюрк., 333–334; Дабрадомаў, Этимология–1970, 103–115.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

глядзе́ць несов., в разн. знач. смотре́ть, гляде́ть;

г. на не́ба — смотре́ть (гляде́ть) на не́бо;

г. п’е́су — смотре́ть пье́су;

~дзі́, не павалі́ся — смотри́ (гляди́), не упади́;

~дзі́ ў мяне́ — смотри́ у меня́;

во́ўкам г. — во́лком смотре́ть;

г. на рэ́чы про́ста — смотре́ть на ве́щи про́сто;

со́рам на свет г. — сты́дно в глаза́ лю́дям смотре́ть;

г. сме́рці ў во́чы — смотре́ть сме́рти в глаза́;

на свет г. не хо́чацца — на свет не гляде́л бы;

г. праз па́льцы — смотре́ть сквозь па́льцы;

г. няма́ на што — смотре́ть не́ на что;

г. у во́чы каму-небудзь — смотре́ть в глаза́ кому-л.;

г. у зу́бы — (каму) смотре́ть в зу́бы (кому);

г. у рот — (каму) смотре́ть в рот (кому);

г. у магі́лу — смотре́ть в моги́лу;

г. ко́са — (на каго, што) смотре́ть ко́со (на кого, что);

гле́дзячы па абста́вінах — смотря́ по обстоя́тельствам;

на ноч гле́дзячы — на́ ночь гля́дя;

г. у ко́рань — смотре́ть в ко́рень;

г. пра́ма ў во́чы — смотре́ть пря́мо в глаза́;

г. у кусты́ — смотре́ть в кусты́;

як у ваду́ глядзе́ў — как в во́ду гляде́л (смотре́л);

г. чужы́мі вача́мі — смотре́ть чужи́ми глаза́ми;

во́чы б мае́ не глядзе́лі — глаза́ бы мои́ не смотре́ли (не ви́дели);

г. адны́м во́кам — смотре́ть одни́м гла́зом;

расці́ на лес гле́дзячы — расти́ на лес гля́дя;

г. кра́ем во́ка — смотре́ть кра́ем гла́за;

г. пі́льным во́кам — смотре́ть (гляде́ть) во все глаза́о́ба гла́за);

г. з надзе́яй — смотре́ть с наде́ждой;

куды́ во́чы глядзя́ць — куда́ глаза́ глядя́т;

г. пра́ўдзе ў во́чы — смотре́ть пра́вде в глаза́;

г. праз ружо́выя акуля́ры — смотре́ть сквозь ро́зовые очки́;

г. (на каго) зве́рху ўніз — смотре́ть (на кого) све́рху вниз;

г. вялі́кімі вача́мі — смотре́ть больши́ми глаза́ми;

г. са сваёй звані́цы — смотре́ть со свое́й колоко́льни;

не г. ні бо́ка, ні во́капогов. почём зря;

як во́ўка ні кармі́, а ён усё ў лес глядзі́цьпосл. как во́лка ни корми́, он всё в лес смо́трит

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)