ПУ́ШКІН (Аляксандр Сяргеевіч) (6.6.1799, Масква — 10.2.1837),
рускі пісьменнік; пачынальнік новай рус. літаратуры, заснавальнік сучаснай рус. літаратурнай мовы. Скончыў Царскасельскі ліцэй (1817). Ліцэйскія гады — перыяд інтэнсіўнага творчага развіцця П.: своеасабліва выкарыстаўшы каноны рацыяналіст. паэтыкі класіцызму, ён напісаў вершы «Успаміны ў Царскім Сяле», «Гарадок», «Ліцынію» і інш. Па заканчэнні ліцэя служыў у Калегіі замежных спраў. Уваходзіў у літ. гурткі «Зялёная лямпа», «Арзамас». У вершах гэтага часу вольналюбівыя настроі, імкненне пераадолець нарматыўнасць паэтыкі 18 — пач. 19 ст., адысці ад жанрава-стылявой рэгламентацыі, дасягнуць свабоды паэт. слова («Вольнасць», 1817, апубл. 1856, у Расіі цалкам 1906; «Да Чаадаева», 1818, часткова без ведама аўтара апубл. 1826; «Вёска», 1819, апубл. 1826 і інш.). У падобным кірунку напісана паэма «Руслан і Людміла» (1820), у якой карціны гераічнага мінулага прасякнуты рамант. патэтыкай і гумарам, умоўнасць жанру паэмы-казкі спалучаецца з жыццёвасцю характараў, стылістычным багаццем і моўнай свабодай. Вольналюбівыя і антытыранічныя матывы ранняй лірыкі, незалежнасць асабістых паводзін сталі прычынай ссылак: паўд. (1820—24, Екацярынаслаў, Каўказ, Крым, Адэса) і ў в. Міхайлаўскае (Пскоўская вобл., маёнтак маці, 1824—26). Паўд. ссылка — перыяд росквіту рамантызму П., які найб. выявіўся ў створаных тут паэмах. У творчасці П. «паўднёвыя паэмы» адыгралі вял. ролю: «Каўказскі нявольнік» (1820—21, апубл. 1822) у многім падрыхтаваў «Яўгена Анегіна»; важнае месца ў далейшым будзе адведзена тэме мяцежнай «волі» і маральнага закона, заяўленай у «Братах-разбойніках» (1821—22, апубл. 1825), супастаўленню і проціпастаўленню гармоніі і стыхіі, «анёльскага» і «дэманічнага», пачатыя ў «Бахчысарайскім фантане» (1821—23, апубл. 1824). У гэтых паэмах упершыню выразна акрэсліваецца філас. падыход П. да праблем свабоды, кахання, асобы. Шлях у Міхайлаўскае пралягаў праз бел. гарады Магілёў, Оршу, Віцебск і інш. У Міхайлаўскім стварыў шэраг паэт. шэдэўраў: «Перайманне Карана», «Да***» («Я помню дзіўнае імгненне...»), «Жаданне славы» і інш., сатыр. паэму «Граф Нулін» (1825, апубл. 1827), цэнтр. главы (3—6) рамана ў вершах «Яўген Анегін»; вывучаў гісторыю Расіі, летапісы, запісваў нар. песні і казкі.
Вырашальным момантам творчай эвалюцыі П. стала трагедыя «Барыс Гадуноў» (1824—25, апубл. 1831; паст. 1870), якая заклала асновы рэалізму, народнасці, гістарызму ў рус. л-ры. У ёй вял. колькасць рознахарактарных тыпаў, раскрыты высокі этычны сэнс «меркавання народнага», звернутага да наступных пакаленняў. Думкі пра драму, да якіх прыйшоў П. у час працы над трагедыяй (у накідах прадмовы да «Барыса Гадунова» і нататках «Пра народную драму...», 1830) маюць вял.эстэт. і філас. значэнне. Маніфест пушкінскага разумення творчасці — верш «Прарок». У вер. 1826, пасля пакарання і ссылкі дзекабрыстаў, П. атрымаў «дараванне», але за ім была ўстаноўлена асабістая царская цэнзура. У яго павялічылася цікавасць да гісторыі Расіі як дзяржавы, да дзейнасці Пятра I, да праблемы месца і ролі асобнага чалавека ў гісторыі краіны. Раман пра свайго продка «Арап Пятра Вялікага» (1827—28, не завершаны, апубл. 1837) — першая спроба працы П. ў буйных празаічных жанрах; гіст. мінулае ў ім паказана ў паўсядзённым побыце, у канкрэтных асобах і лёсах. Апафеоз дзярж. пачатку — паэма «Палтава» (1828, апубл. 1829), у якой асобы і лёсы людзей пятроўскай эпохі шмат у чым паглынаюцца гіст. працэсам. Восень 1830 П. правёў у в. Болдзіна (Ніжагародская вобл., маёнтак бацькі), дзе за 3 месяцы стварыў каля 50 твораў розных жанраў. Тут у асноўным завершаны «Яўген Анегін», у якім узноўлены вобраз жыцця і духоўны склад «тыповага» героя, уклад жыцця сталічнага і правінцыяльнага дваранства. У своеасаблівым жанры рамана ў вершах сюжэт непарыўна пераплецены з аўтарскімі роздумамі («адступленнямі»), а кожная страфа (асобай будовы «анегінская страфа»), з’яўляючыся часткай адзінага цэлага, у той жа час — завершаная маст. адзінка. Апавяданне пра эпоху і чалавечыя лёсы адначасова паўстае ў рамане як лірычная гісторыя аўтарскага духу і як філас. даследаванне жыцця грамадства і чалавечай душы. У «Казцы пра папа і пра работніка яго Балду» (1830, апубл. 1840), «Казцы пра цара Салтана...» (1831, апубл. 1832), «Казцы пра мёртвую царэўну і пра сем асілкаў» (1833, апубл. 1834), «Казцы пра рыбака і рыбку» (1833, апубл. 1835), «Казцы пра залатога пеўніка» (1834, апубл. 1835) П. упершыню выкарыстаў фальклор, у ярка нац. форме ўвасобіў шэраг агульначалавечых праблем. 1830—31 — перыяд актыўнай дзейнасці П. як журналіста і крытыка, гал.ч. у «Литературной газете», паглыблення цікавасці да тэарэт.літ. праблем.
У 1836 пачаў выдаваць час.«Современник». У паэме «Медны коннік» (1833, апубл. 1837) на велізарную вышыню абагульнення ўзнята тэма дзяржавы і асобы, гісторыі і асобнага лёсу, узаемаадносін чалавека і свету, у сімвалічным плане спрадвечна-трагедыйных калізій, якія ўзнікаюць у гэтых узаемаадносінах, глыбокі філас. сэнс набывае тэма вар’яцтва («Медны коннік»; «Пікавая дама» 1833, апубл. 1834; верш «Не дай мне божа страціць розум» і інш.). П. упершыню паставіў многія вядучыя праблемы рус. л-ры: народ як гіст. сіла і маральны крытэрый («Барыс Гадуноў»); асоба ў яе ўзаемаадносінах з асяроддзем і абставінамі («Яўген Анегін», 1823—31, цалкам апубл. 1833; «Медны коннік»); лёс «маленькага чалавека» (цыкл «Аповесці нябожчыка Івана Пятровіча Белкіна», 1830, апубл. 1831; «Стрэл», «Завея», «Трунар», «Станцыйны наглядчык», «Паненка-сялянка»); улада грошай над чалавечымі душамі («Пікавая дама») і інш. У маленькіх трагедыях («Скупы рыцар», 1830, апубл. 1836; «Моцарт і Сальеры», 1830, апубл. 1831; «Каменны госць», 1830, апубл. 1839, і інш.) на матэрыяле розных краін і гіст. эпох у гранічна лаканічнай форме даследуюцца філас. і маральныя праблемы ўсечалавечага маштабу (свабода, страсць і мараль; асоба, грамадства і гісторыя; жыццё, смерць і бессмяротнасць), дадзены глыбокія ўзоры філас.-псіхал. драмы. У філас. лірыцы 1830-х г. зварот да карэнных пытанняў быцця: кахання, творчасці, смерці. Аўтар антырэліг.сатыр. паэмы «Гаўрыліяда» (1821, апубл. 1861, Лондан; у Расіі 1908 з купюрамі), паэм «Браты-разбойнікі» (1821—22, апубл. 1825), «Домік у Каломне» (1830, апубл. 1833), «Анджэла» (1833, апубл. 1834), раманаў «Дуброўскі» (1832—33, апубл. 1841), «Капітанская дачка» (1836), аповесці «Егіпецкія ночы» (1835, не завершана, апубл. 1837), трагедыі ў вершах «Русалка» (1829—32, не завершана, апубл. 1837), нарыса «Падарожжа ў Арзрум у час паходу 1829 года» (1835, апубл. 1836), «Гісторыі Пугачова» (1834) і інш. Памёр ад раны, атрыманай на дуэлі з Ж.Дантэсам. Эстэт. асваенне кантэкстаў рус. жыцця (інтэлектуальнага, сац.-гіст., бытавога) спалучалася ў П. з жывым успрыняццем разнародных еўрап. уплываў, дарам пранікнення ў інш. культуры і эпохі. Значэнне творчасці і маштабы генія П. дазваляюць назваць яго выключнай з’явай сусв. культуры. Яго маст. дасягненні вызначылі і шмат у чым абумовілі далейшае развіццё рускай і інш. л-р. Творы П. перакладзены амаль на ўсе мовы свету, большасць з іх інсцэніравана і экранізавана.
Пэўнае месца ў творчасці П. занялі гісторыя Беларусі, лёс бел. народа. У маі 1820 і жн. 1.824 паэт праязджаў праз бел. землі. У арт. «Збор твораў Георгія Каніскага, архіепіскапа Беларускага» (1836) ён пісаў пра пакуты «народа, спрадвечна нам роднага, але адлучанага ад Расіі лёсам вайны», сцвярджаючы адзінства рус. і бел. народаў. Добра ведаў бел. фальклор. Доказ таму — мова чарняца Варлаама («Барыс Гадуноў»), насычаная прымаўкамі, якія ў той час бытавалі на Беларусі. Ведаць пра Беларусь П. мог ад кіраўніка Болдзінскага маёнтка беларуса В М.Пянькоўскага. Сучаснікі сцвярджалі, што прататыпам гал. героя рамана «Дуброўскі» быў бел. дваранін Астроўскі (як спачатку і называўся раман). Творчасць П. зрабіла велізарны ўплыў на развіццё бел. л-ры. Гэты ўплыў адчуваўся ўжо ў паэмах «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе» (абедзве нап. 4-стопным ямбам), якія ствараліся пад уплывам не толькі травестацый М.Осіпава і І.Катлярэўскага, але і вольналюбівай лірыкі П., яго парадыйных паэм «Бава» і «Гаўрыліяда». У паэме «Тарас на Парнасе» засведчана глыбокая сімпатыя да П. Мара пра вял.нац. л-ру — асн. ідэя і пафас гэтага твора, дзе імя П. пастаўлена першым сярод найвыдатных пісьменнікаў суседніх л-р. У канцы 19 ст. з’явіўся першы бел. пераклад верша П. «Рэха» (пер. А.Гурыновіч). Шырокае асваенне бел. л-рай ідэйна-маст. традыцый П. пачалося з прыходам у л-ру Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча. Творчасць Я.Купалы захавала і развівала характэрныя для пушкінскай паэт. школы традыцыі грамадзянскасці, народнасці, гуманізму. Тыпалагічна блізкія погляды П. і Я.Купалы на вырашэнне тэм «паэт і паэзія», «паэт і натоўп», ідэнтычнае асэнсаванне імі ролі паэта ў грамадстве («Чэрнь», «Помнік» П., «Я не для вас», «Блізкія і далёкія», «Песняру беларусу» Я.Купалы). У героіка-рамантычным эпасе Я.Купалы і рамант. паэмах П. выявіўся тоесны падыход да асэнсавання нар. творчасці як з’явы мастацтва, выкарыстанне фальклору ў літ. творчасці, адлюстраванне нац.-вызв. ідэалаў.
Пры стварэнні рамант. паэм «Курган», «Бандароўна», «Яна і я» і інш. Я.Купала апіраўся на пушкінскую традыцыю ўспрымання гіст. працэсу ў яго прычынна-выніковых сувязях; у спосабах адлюстравання жыцця, у імкненні да выключнага і гераічнага ён блізкі найперш да П.-рамантыка. Уплыў П. абумовіў фарміраванне рэалістычна-канкрэтнай паэтыкі ў дарэв. лірыцы Я.Коласа. Як і П., Я.Колас паэтызаваў простае слова, што памагло яму вывесці нац. лірыку на пушкінскі шлях прастаты як найбольшага маст. майстэрства. У шэрагу вершаў Я.Коласа 1920-х г., прысвечаных тэме паэта. назіралася непасрэдная пераклічка з творамі П. («Водгулле» Я.Коласа, «Рэха» П.), арыентацыя на яго маст. пафас. Многія Коласавы вершы ваен. і пасляваен. часу («Мая просьба», «Самому сабе», «У бяссонне» і інш.) сталі ўзорамі бел.філас. лірыкі, развіваюць традыцыю сцвярджэння перамогі разумнага пачатку — традыцыю. каля вытокаў якой стаяў П. У артыкулах і аўтабіягр. матэрыялах Я.Коласа нямала прызнанняў пра велізарны ўплыў на яго П. Бясспрэчная і тыпалагічная сувязь «Новай зямлі» і «Яўгена Анегіна» як энцыклапедый нар. жыцця; абедзве нап. 4-стопным ямбам. Вял. ўздзеянне паэзіі П. адчуў на сабе Багдановіч: распрацоўка тэмы «народ і гісторыя», традыцый вольналюбівай лірыкі, сцвярджэнне пафасу мастацкасці, пашырэнне тэм і форм бел. л-ры.
Творы П. на бел. мову перакладалі Багдановіч («Вязень»), Я.Купала («Медны коннік»), Я.Колас («Палтава»), К.Чорны («Капітанская дачка», «Станцыйны наглядчык», «Паненка-сялянка», «Трунар», «Дуброўскі»), К.Крапіва («Капітанская дачка»), А.Куляшоў («Цыганы», «Яўген Анегін»), П.Глебка («Барыс Гадуноў»), А.Александровіч («Руслан і Людміла»), А.Якімовіч (казкі), Р.Барадулін, А.Бачыла, П.Броўка, А.Вечар, Ю.Гаўрук, М.Лужанін, М.Паслядовіч, Ю.Свірка, М.Танк, М.Хведаровіч, У.Шахавец і інш. Творчасць П. даследавалі і даследуюць бел.літ.-знаўцы І.Замоцін, Ф.Куляшоў, М.Ларчанка, Ю.Пшыркоў, А.Лойка, М.Тычына, А Шалемава і інш. Жыццё і творчасць П. — крыніца шматлікіх твораў л-ры, музыкі, выяўл. мастацтва. П’есы паводле твораў П. пастаўлены ў т-рах Беларусі: у Нац. т-ры імя Я.Купалы — «Капітанская дачка» (1937), спектакль па творах П. (сцэны «Келля», «Карчма», «Каля фантана» з трагедыі «Барыс Гадуноў» і «Скупы рыцар», 1949); у Нац.рус. т-ры — «Паненка-сялянка» і «Каменны госць» (абодва 1938), «Баляванне ў час чумы і...» (1999); у Бел. т-ры імя Я.Коласа — «Дуброўскі» (1937); у Бел. т-ры юнага гледача — «Пушкінскія казкі» (1974), «Казка пра папа і работніка яго Балду» (1989); у Бел. т-ры лялек — «Казка пра папа і пра работніка яго Балду» (1939); у Нац. т-ры оперы — «Яўген Анегін» (1933), «Пікавая дама» (1934), «Мазепа» (паводле паэмы «Палтава») П.Чайкоўскага (1952), «Русалка» А.Даргамыжскага (1937), «Дуброўскі» Э.Напраўніка (1948), «Алека» (паводле паэмы «Цыганы») С.Рахманінава (1949), «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага (1954), «Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава (1972); у Нац. т-ры балета — «Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева (1939) і інш. На тэксты П. напісаны многія творы бел. кампазітараў М.Аладава, У.Алоўнікава, А.Багатырова, А.Клумава, П.Падкавырава, Р.Пукста. Ю.Семянякі, А.Туранкова. Я.Цікоцкага і інш. Кнігі П. ілюстравалі бел. мастакі М.Бельскі, Т.Беразенская, А.Волкаў, М.Гуціеў, А.Кашкурэвіч, М.Селяшчук, В.Славук і інш.; карціну «А.С.Пушкін у Міхайлаўскім» напісала Р.Кудрэвіч, «Пушкін у Магілёве» Ю.Падляскі, «Кветкі каханай» І.Пратасеня і інш. Помнікі П. пастаўлены ў Мінску і Магілёве.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—10. М., 1974—78;
Бел.пер. — Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1993;
Выбр. творы. Мн., 1949;
Выбр. творы: Вершы. Паэмы. Мн., 1999;
Выбр. проза. Мн., 1936;
Барыс Гадуноў. Мн., 1937;
Каўказскі нявольнік. Мн., 1937;
Медны коннік. Мн., 1937;
Цыганы. Мн., 1937;
Бахчысарайскі фантан. Мн., 1937;
Аповесці нябожчыка Івана Пятровіча Белкіна. Мн., 1938;
Палтава. Мн., 1938;
Капітанская дачка. Мн., 1948; Яўгеній Анегін. Мн., 1949; Вершы. Мн., 1949; Казка аб мёртвай царэўне і аб сямі асілках. Мн., 1955; Казка пра папа і пра работніка яго Балду. Мн., 1957; Руслан і Людміла. Мн., 1978; О муза... Мн., 1999; Прарок = Пророк: Вершы і казкі. Мн., 1999; Яўгеній Анегін = Евгений Онегин: Раман у вершах. Мн., 1999.
Літ.:
Белинский В.Г. Сочинения Александра Пушкина. М., 1985;
А.С.Пушкин в воспоминаниях современников. Т. 1—2. М., 1974;
Бэлза И.Ф. Пушкин и Мицкевич в истории музыкальной культуры. М., 1988;
Ахматова А.А. О Пушкине: Ст. и заметки. 3 изд. М., 1989;
Анненков П.В. Пушкин: Материалы для биогр. А.С.Пушкина. М., 1999;
Афонин В. Религия и А.С.Пушкин. Невинномысск, 1999;
Гаспаров Б.М. Поэтический язык Пушкина как факт истории русского литературного языка. СПб., 1999;
Духовный труженик: А.С.Пушкин в контексте рус. культуры. СПб., 1999;
Кибальник С.А. Художественная философия Пушкина. СПб., 1999;
Кожинов В.В. Великое творчество. Великая Победа. М., 1999;
Лотман Ю.М. Пушкин: Биогр. писателя: Ст. и заметки, 1960-1990;
«Евгений Онегин»: Коммент. СПб., 1999;
Пушкин и поэтический язык XX в. М., 1999;
Щеголев П.Е. Дуэль и смерть Пушкина. 5 изд. СПб., 1999;
Виноградов В.В. Стиль Пушкина. М., 1999;
Кондаков И.М. Психология в зеркале пушкинской судьбы. М., 2000;
Купала Я. Любімы паэт // Купала Я. Публіцыстыка. Мн., 1972;
Колас Я. Друг человечества. Сонца нашай паэзіі // Зб. твораў. Мн., 1976. Т. 12;
Замоцін І.І. А.С.Пушкін: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1937;
Пшыркоў Ю.С. Уплыў творчасці А.С.Пушкіна на развіццё беларускай літаратуры. Мн., 1949;
Барысенка В.В., Івашын В.У. Роля рускай класічнай літаратуры ў развіцці рэалізму беларускай літаратуры пачатку XX ст.Мн., 1963;
Степунин И. Прототип пушкинского Дубровского // Неман. 1968. № 8;
Лойко О. Его живые ветви // Там жа. 1974. №6;
Ларчанка М.Р. Пушкінскія традыцыі ў беларускай паэзіі // Ларчанка М.Р. Яднанне братніх літаратур. Мн., 1974;
Бярозкін Р. Звенні. Мн., 1976;
Симанович Д.Г. Подорожная Александра Пушкина. Мн., 1977;
Шалемава А.А. Пушкінскія традыцыі ў лірыцы Янкі Купалы // Песні беларускай валадар. Мн., 1981;
Букчин С. ...Народ, издревле нам родной. Мн., 1984. С. 101—116;
А.С.Пушкін і беларуская літаратура: Рэсп.навук.канф.: Матэрыялы і паведамл. Брэст, 1994;
Соломевич Я. «Нет, весь я не умру...» // Нёман. 1998. №6;
Лиокумович Т.Б. Потомки А.С.Пушкина в Беларуси. Мн., 1999;
Пушкін — беларуская культура — сучаснасць: Матэрыялы Міжнар.навук.канф.Мн., 1999;
А.С.Пушкін і Беларусь = А.С.Пушкин и Беларусь. Мн., 1999;
Тычына М.А. Аляксандр Пушкін і Якуб Колас. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЮ́З КАМПАЗІ́ТАРАЎ БЕЛАРУ́СІ, Беларускі саюз кампазітараў,
добраахвотная грамадская творчая арганізацыя кампазітараў і музыказнаўцаў Беларусі. Створаны ў 1933 як аўт. секцыя пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі. У 1934 адбылася 1-я Усебел. канферэнцыя кампазітараў, паводле пастановы якой секцыя кампазітараў перайменавана ў Аргкамітэт С.к.Б. (з 1938 Саюз сав. кампазітараў Беларусі). З 1957 наз. С.к.Б., з 1999 — Бел. саюз кампазітараў (БСК). Да 1992 уваходзіў у Саюз кампазітараў СССР. Асн. мэты: удзел у развіцці бел.муз. мастацтва, садзейнічанне стварэнню і прапагандзе высокамаст. муз. твораў, павышэнню творчага росту і прафес. майстэрства кампазітараў і музыказнаўцаў на аснове развіцця лепшых традыцый нац.муз. культуры. Вышэйшы кіруючы орган — з’езд кампазітараў Беларусі, выканаўчы — праўленне БСК. З’езды саюза адбыліся ў 1947, 1956, 1959, 1962, 1966, 1971, 1976, 1980, 1984, 1989, 1993, 1998, 2002 Старшыні праўлення: І.І.Любан (1932—38), А.В.Багатыроў (1938—49), М.І.Аладаў (1949—50), Я.К.Цікоцкі (1950—63), Дз.Р.Камінскі (1963—66), Р.Р.Шырма (1966—78), Ю.У.Семяняка (1978—80), І.М.Лучанок (з 1980). Праўленне праводзіць пленумы, на якіх абмяркоўваюцца праблемы творчага жыцця, пытанні развіцця муз. творчасці і музыказнаўства, наладжвае праслухоўванне і абмеркаванне новых твораў. Дзейнічаюць камісіі: прапаганды бел. музыкі (наладжвае канцэрты-сустрэчы кампазітараў са слухачамі, сувязі з замежнымі саюзамі кампазітараў і творчымі арг-цыямі), ваен.-патрыят. музыкі, муз.-эстэт. выхавання дзяцей і юнацтва, музыказнаўства і крытыкі, этнамузыказнаўства і фальклору. БСК — адзін з заснавальнікаў міжнар. фестываляў «Славянскі базар», «XXI стагоддзе — музыка надзеі», нац. — «Музыка і тэатр», міжнар. конкурсу юных кампазітараў «Надзея». Прымаў удзел у дэкадах бел. мастацтва ў Маскве (1940, 1955, 1987, 2000) з паказам новых бел. опер, балетаў, буйн. муз. твораў бел. кампазітараў, у днях бел. культуры на Украіне, Узбекістане, Літве. У складзе БСК дзейнічае Бел. асацыяцыя сучаснай музыкі (прэзідэнты: з 1990 А.Б.Сонін, з 1995 В.У.Кузняцоў, з 2001 Дз.В.Лыбін) — член Міжнар. асацыяцыі сучаснай музыкі (з 1992), заснавальнік Міжнар. фестывалю сучаснай камернай музыкі (1991, 1993, 1995). На 1.10.2001 у саюзе 121 член.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
зато́па
1. Паводка, разводдзе, разліў (Мсцісл.Юрч.).
2. Дрыгва; непраходнае, гразкае месца, твань; гразь ад працяглых дажджоў (Зах. Бел.Др.-Падб., Краснап.Бяльк., Мсцісл.Юрч., Нас., Смален.Дабр.).
3. Неглыбокі, звычайна гразкі заліў у возеры; гразкае возера (Слаўг.).
Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)
сухасто́й Участак лесу, у якім багата засохлых на корані дрэў; плошча сухіх дрэў у лесе; павал (БРС). Тое ж сухале́ссе (Зах. Бел.Др.-Падб.), сухапастой (Сміл.Шат.), суш (Нас.), сушнік (Слаўг., Сміл.Шат.), сушня́к, сушняўні́к, сухастоўнік, сушняві́к (Слаўг.).
Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)
Ліхта́р, лыхта́р ’прылада для асвятлення — футарал са шклянымі сценкамі’ (ТСБМ, Гарэц., Касп., Мядзв., Растарг.; КЭС, лаг.), ’падсвечнік’ (Грыг., Нас., Шат., Шпіл.; Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.; паўд.-усх., КЭС), ст.-бел.лихтаръ, лехтаръ, лыхтаръ, ляхтаръ ’ліхтар’ (XV ст.) запазычаны са ст.-польск.lichtarz ’падсвечнік’, якое ўзыходзіць да с.-в.-ням.liuhtaere, ням.Leuchter ’падсвечнік’ < liuhten ’свяціць’ < герм.*liuhta‑ ’ясны’ (Слаўскі, 4, 233; Чартко, Бел. лінгв. зб., 151; Жураўскі, Бел. мова, 62; Кюнэ, 72). Фасмер (2, 505) мяркуе, што насуперак Вінеру (63) пасрэдніцтва ідыш з’яўляецца неімаверным. Сюды ж ліхта́рня ’падсвечнік’ (Нас., Сцяшк.), ’ліхтар’ (Растарг.; паўд.-усх., КЭС), ’від ліхтара’ (паст., чыж., Сл. ПЗБ).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гла́зіць ’глядзець; зяваць; сурочваць’ (Нас.). Рус.гла́зить ’тс’ (гл. СРНГ, 6, 187–188). Паколькі гэты дзеяслоў даволі шырока распаўсюджаны ў рус. мове, а ў бел., акрамя Насовіча, здаецца, больш нідзе не зафіксаваны і паколькі зыходная лексема глаз ’вока’ не характэрна для бел. мовы (глаз як запазычанне з рус. сустракаецца ў некаторых гаворках; параўн. Сл. паўн.-зах.), то можна меркаваць, што гэта запазычанне з рус.гла́зить. Адносна лексемы глазу́н ’разява, разявака’, зафіксаванай таксама толькі ў Насовіча, можна сказаць, што і яна ўзята з рус.глазу́н ’тс’ (гл. Даль), хоць і не выключаецца магчымасць самастойнага яе ўтварэння ў бел. мове на базе запазычанага гла́зіць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гразь ’гразь’ (БРС, Шат., Касп.). Рус.грязь, укр.грязь, ст.-рус.грѧзь, чэш.hřez, серб.-харв.гре̑з, славен.grêz. Прасл.*gręzь суадносіцца з дзеясловамі *gręznǫti, *gręziti (бел.гра́знуць, рус.гря́знуть, чэш.hřeznouti, серб.-харв.гре̏знути і г. д.). У аснове ляжыць *gręz‑, якое параўноўваюць з літ.grīmsti ’тануць’. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 7, 125–126; Фасмер, 1, 467–468. Аблаўтны варыянт — *grǫz‑ (напр., *grǫznǫti, *grǫzъ): параўн. бел.гру́знуць, груз, рус.гру́знуть, груз, укр.гру́знути, груз (апошняе азначае ’балота’). Гл. Фасмер, там жа; Трубачоў, там жа, 151. Адносна ўкр. (resp. бел.) грязь не пераконвае Слаўскі, 1, 361–362.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гі́ж ’насякомае Oestrus; муха, якая дакучае каровам у гарачыню; іначай зыкоўка’ (Нас.), гіж ’заедзь (авадні, мухі)’ (Бяльк.). Няма ў іншых усх.-слав. мовах. Бел. слова паходзіць з *gyžь, < *gyzjь. Аснова *gyz‑ сустракаецца яшчэ ў назве такога ж насякомага ў бел. (гіз) і н.-луж. мове (gizk). Бел.-луж.*gyz‑ — гэта апафанічная форма (ŭ : ū) да польск.giez ’тс’ (*gъzъ). Лексема гэта толькі зах.- і ўсх.-слав. Роднаснае: літ.gužė́ti ’спяшацца, бегчы натоўпам’, guža ’куча чарвей’. Гл. Слаўскі, 1, 278; Міклашыч, 423; Бернекер, 373; Трубачоў, Эт. сл., 7, 224. Параўн. яшчэ гіжа́ць, гізава́ць, газану́ць. Гл. яшчэ гіз.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Като́лік. Параўн. рус.като́лик, укр.като́лик. У помніках ст.-бел. мовы католикъ ’католік’ адзначаецца з канца XVI ст. Паводле Булыкі, Запазыч., 143, яно папала ў ст.-бел. мову непасрэдна з польск. (параўн. польск.katolik ’тс’); польск. слова запазычана (таксама ў XVI ст.) з царкоўнага лац.catholicus ’католік’ (а гэта апошняе з грэч.καθολικός ’агульны’. З лац. мовы непасрэдна запазычаны і ням.Katholik, франц.catholique ’тс’. Гл. Слаўскі, 2, 102–103. Паводле Слаўскага, там жа, з польск. мовы непасрэдна ўзяты (акрамя бел.) таксама рус.като́лик, укр.като́лик. Гл. яшчэ Фасмер, 2, 210; падрабязна Шанскі, 2, К, 96–96.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кафта́н, таксама капта́к ’даўнейшая двухбортная мужчынская і жаночая верхняя адзежына з доўгімі поламі і падоўжанымі рукавамі’ (ТСБМ), ’кафтан’ (Бяльк.), ’кофта’ (Сл. паўн.-зах., 2). Ст.-бел.кафтанъ, каптанъ, кахтанъ ’кафтан’ (першая фіксацыя слова ў 1516 г.): гл. Булыка, Запазыч., 144. Крыніцай запазычання для ст.-бел. лексем лічаць тур. мову (тур.kaftan; Булыка, там жа). У польск. мове kaftan адзначаецца ў помніках значна раней (з XV ст.). Таму можна ставіць пытанне, ці не з польскай крыніцы ўзята непасрэдна бел. слова, але тут не хапае дадатковых даных храналагічнага парадку. Гл. яшчэ Фасмер, 2, 212; Шанскі, 2, К, 102; Слаўскі, 2, 20.