ПО́ЛАЦКІ КНЯ́ЖАЦКІ ХРАМ Існаваў у 12—16 ст. ў г. Полацк Віцебскай вобл. на тэр. Верхняга замка. Рэшткі выяўлены М.​Каргерам у час археал. раскопак 1966—67. Храм мураваны, 3-нефавы, 6-стаўповы, крыжова-купальны (24 × 16 м), 3-апсідны (бакавыя апсіды размяшчаліся ў тоўшчы сцяны). Цэнтр. неф з У завяршаўся паўкруглай апсідай, больш вузкія бакавыя нефы — паўкруглымі нішамі ў тоўшчы сцяны. У цэнтры ўзвышаўся купал на круглым светлавым барабане. Да бакавых нефаў былі прыбудаваны прытворы з самаст. апсідамі. Багатую пластыку фасадам надавалі пілястры складанага профілю, аркатурныя паясы, дэкар. арачкі над аконнымі і дзвярнымі праёмамі, закамары. Інтэр’ер быў аздоблены фрэскамі, падлога выкладзена з паліваных керамічных плітак.

А.​А.​Трусаў.

Полацкі княжацкі храм. Рэканструкцыя П.​А.​Рапапорта.

т. 12, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Нераўну́ючы ’надта падобны, але не можна параўнаць’ (Варл.). Засцерагальны выраз, які адлюстроўвае рэшткі ахоўнай магіі: непажаданае прыроўніванне каго-небудзь ці чаго-небудзь добрага да горшага магло прынесці шкоду першаму. Да ро́ўны ’аднолькавы’, раўня́ць ’параўноўваць’ (гл.), параўн. нероўны ’няроўны, неаднолькавы’ (ТС), нера́ўны ’неаднолькавы’ (Сл. ПЗБ) і пад. Гл. таксама нераўнава́ць ’не приравнивать’, нераўну́ючы (неровнуючи) ’не параўноўваючы, не прымяняючы’: «Неровнуючи часу, говорится в предосторожностях худых последствий от воспоминания о каком-либо несчастном случае: Неровнуючи часу, перегнувся так, да й ўпавъ у калодзезь» (Нас.). Параўн. рус. неровен час ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Качары́га рэшткі храпкі капусты з коранем’ («качарыгі — пні ад капусты, як ссякаюць») (Сл. паўн.-зах.). качарэжка ’цвёрдая частка галоўкі капусты’ (Сцяшк. МГ, Касп.). Пад праформай! *kočerbga, *kočbrga Трубачоў (Эт. сл., 10, 105–106) падае шмат слав. слоў такой структуры, у тым ліку рус. кочерыга, кочерыжка і дыял. бел. (Сл. паўн.-зах.) качарыга ’качарыжка з коранем’. Трубачоў (там жа, 106) мяркуе, што зыходным можна лічыць *koćera (гл. пад качарга). да якога дадаецца суф. ‑g‑ з рознымі другаснымі агласоўкамі (аб якіх, дарэчы, пісаў яшчэ Шахматаў, ИОРЯС, 7, 1902, 358).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ПАЛЕАЗААЛО́ГІЯ (ад палеа... + заалогія),

навука аб выкапнёвых жывёлах; раздзел палеанталогіі і заалогіі. Падзяляецца на П. беспазваночных (палеаэнтамалогія, палеамалакалогія і інш.) і П. пазваночных (палеаіхтыялогія, палеаарніталогія, палеатэрыялогія і інш.). Звязана з інш. біял. навукамі, гіст. геалогіяй, стратыграфіяй.

Рэшткі выкапнёвых жывёл вядомы са стараж. часоў. Шмат іх сабрана і апісана ў 16—18 ст. (Г.Агрыкала, франц. вучоны Б.​Палісі, дацкі — Н.​Стэна, англ. — Дж.​Хантэр і інш.). Як навука П. ўзнікла ў канцы 18 — пач. 19 ст. (заснавальнік П пазваночных — Ж.Кюўе, беспазваночных — Ж.Б.Ламарк) і развівалася працамі А.Д.Д’Арбіньі, швейц. вучонага Ж.Л.​Р.​Агасіса, італьян. — Дж.​Брокі, ням. — Р.​І.​Фішэра фон Вальдгайма і інш. У пасля-дарвінаўскі перыяд уклад у развіццё П. зрабілі Л.Дало, М.Ноймайр, Р.Оўэн, амер. вучоныя Дж.​Лейдзі, О.​Ч.​Марш, Э.​Коп, Г.​Ф.​Осбарн, ням. — К.​А.​Цытэль, рас. — Ю.А.Арлоў, У.А.Кавалеўскі, Б.С.Сакалоў, П.П.Сушкін, Л.П.Татарынаў, У.​П.​Амаліцкі, А.​А.​Барысяк, А.​В.​Мартынаў, С.​М.​Нікіцін, Дз.​У.​Обручаў, М.​В.​Паўлава, А.​П.​Паўлаў і інш.

На Беларусі П. развіваецца з 19 ст. Сістэм. даследаванні вядуцца з 1950-х г. у Бел. геолагаразведачным НДІ (да 1970 Геал. ін-т АН БССР), з 1970-х г. таксама ў Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі (А.В.Фурсенка, В.​С.​Акімец, В.​К.​Галубцоў, С.​Ф.​Зубовіч, П.​Ф.​Каліноўскі, С.​А.​Кручак, А.​М.​Матузка, В.​М.​Мотуз, У.​І.​Назараў, В.​І.​Пушкін, В.​В.​Шчаглова і інш.). Вывучаюцца выкапнёвыя прасцейшыя, ракападобныя, малюскі, насякомыя, млекакормячыя і інш., у больш чым 250 месцах выяўлены рэшткі стараж. насякомаедных, рукакрылых, зайцападобных, грызуноў, драпежных, хобатных, няпарна- і парнакапытных.

Літ.:

Палеонтология беспозвоночных. М., 1962;

Антрапаген Беларусі. Мн., 1971;

Калиновский П.Ф. Териофауна позднего антропогена и голоцена Белоруссии. Мн., 1983;

Яго ж. Падарожжа ў мінулае да «братоў нашых меншых». Мн., 1999.

т. 11, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Апалька ’перапечка’ (Сцяшк. МГ), рус. уладз. пале́нка, пали́ха, паленик ’тс’, паўдн. паленица ’хлеб’; укр. опалянок, каляниця ’тс’, польск. дыял. apalonek, apaloniec ’печаны хлеб’; чэш. opelka ’калач з рэшткі цеста’; славен. páljenek ’гатунак кукурузнага пірага’. Няясна. Прасцейшае — звядзенне да кораня паліць (Бірыла аб прозвішчы Апалька — Бел. антр. 2, 22; Вештарт, Лекс. Палесся, 112–115, Арашонкава і інш., Весці АН БССР, 1969, 4, 127); магчыма, вынік народнаэтымалагізуючых працэсаў; наўрад ці роднасна з літ. apalus ’круглы’ (Арашонкава і інш., там жа). Генетычная сувязь адзначаных форм таксама няпэўная: магчыма, гэта паралельныя новатворы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Руі́на1рэшткі разбуранага збудавання, паселішча’; перан. ’слабы, хворы ад старасці чалавек’ (ТСБМ), ’вайна’ (Шымк. Собр.), ’сумяціца’ (Ласт.). Укр. руїна, руїни ’разваліны’, рус. руи́на, руи́ны ’тс’, польск. ruina ’разарэнне, заняпад’, ruiny ’разваліны’, чэш. ruina, ruiny ’тс’. Ст.-бел. руина ’руіна’ са ст.-польск. ruina < лац. ruina (Булыка, Запазыч., 288). Магчыма, паўторнае запазычанне з заходнееўрапейскіх моў: ням. Ruine, франц. ruine ’падзенне; распад; заняпад; разваліны’ < лац. ruīna ’падзенне; абвал; бедства’ < ruō ’абвальваюся; разбураюся’ (Чарных, 2, 126–127).

Руі́на2 ’зграя ваўкоў у час цечкі, руя, гайня’ (шчуч., З нар. сл.; ТС). Гл. руйка, руя.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВЕРХНЕПАЛЕАЛІТЫ́ЧНЫ ФАУНІСТЫ́ЧНЫ КО́МПЛЕКС,

сукупнасць выкапнёвых млекакормячых, якія жылі на пэўных тэрыторыях у канцы сярэдняга і позняга плейстацэну. Вядома каля 50 відаў прадстаўнікоў тэрыяфауны, напр. мамант, насарог валасаты, алені велікарогі і паўночны, сайгак, аўцабык, леў пячорны, мядзведзь пячорны, пясец, лемінгі капытны і сібірскі і інш. Для тэр. Беларусі склад верхнепалеалітычнага фауністычнага комплексу ўпершыню вызначаны В.​В.​Шчагловай. Рэшткі млекакормячых гэтага тэрыякомплексу вядомы амаль з 170 пунктаў, а найб. поўны склад выяўлены ў Аршанскім, Віцебскім, Гродзенскім, Калінкавіцкім, Карэліцкім, Смаргонскім і Чачэрскім р-нах.

У перыяды зледзяненняў у верхнепалеалітычным фауністычным комплексе пераважалі холадаўстойлівыя віды, у часы міжледавікоўяў з’яўляліся і цеплалюбівыя жывёлы. З прадстаўнікоў гэтага комплексу ў пач. галацэну сфарміравалася сучасная тэрыяфауна, спачатку з плейстацэнавымі рэліктамі. Верхнепалеалітычны фауністычны комплекс мае выключнае значэнне для геал. і заал. даследаванняў.

П.​Ф.​Каліноўскі.

т. 4, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОНЧ-АСМАЛО́ЎСКІ (Глеб Анатолевіч) (3.11.1890, в. Блонь Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 1.11.1943),

антраполаг і археолаг. Д-р гіст. н. Сын А.В.Бонч-Асмалоўскага. Скончыў Петраградскі ун-т (1923). У 1924—30 у Ленінградскім ун-це. З 1930 навук. супрацоўнік Геалагічнага ін-та АН СССР і Дзярж. акадэміі гісторыі матэрыяльнай культуры. У 1926—27 і 1934 разам з К.​М.​Палікарповічам вёў археал. раскопкі на Гомельшчыне і Смаленшчыне (Бердыж, Гамкава, Каменная гара). Удзельнік этнагр. і археал. экспедыцый на Каўказе і ў Крыме. У час раскопак у пячоры Кіік-Каба (Крым, 1923—24) упершыню на тэр. СССР выявіў рэшткі выкапнёвага чалавека — неандэртальца, прылады працы ранняга палеаліту. У 1934 арыштаваны, засуджаны на 3 гады лагераў. Пакаранне адбываў у Варкуце. Пасля вяртання жыў пад Ленінградам. Рэабілітаваны ў 1942.

Г.А.Бонч-Асмалоўскі.

т. 3, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛА́НЫ,

вялікі племянны саюз сармацкага паходжання. Жылі на Паўд. Урале, напаўкачэўнікі. У 1 ст. да н.э. прасунуліся ў паўд. стэпы. У 370-я г. разгромлены гунамі і адцеснены да Паўн. Каўказа. Частка аланаў рушыла на З, у 406 перайшла р. Рэйн, разам з вандаламі і свевамі ўварвалася ў рым. прав. Галію. У 411 заваявалі Іспанію, адкуль у 429 іх выцеснілі вестготы. Рэшткі разбітых аланаў і вандалаў заваявалі Паўн. Афрыку і ўтрымлівалі яе да 534. Удзельнічалі ў бітве на Каталаунскіх палях. Каўказскія аланы ў 7 ст. трапілі пад уладу хазараў. У пач. 10 ст. заснавалі самаст. дзяржаву Аланію. Да сярэдзіны 10 ст. склалі народнасць. Пасля манг.-тат. нашэсця ў канцы 1230-х г. мігрыравалі ў Грузію, Візантыю і Венгрыю; астатнія перайшлі далей у горы. Нашчадкі гэтых аланаў — сучасныя асеціны.

т. 1, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАЯ НІ́ЖНЯЯ ЦАРКВА́,

помнік стараж. дойлідства. Пабудавана ў 12 ст. майстрамі Гродзенскай школы дойлідства на тэр. Гродзенскага Старога замка. Пасля пажару 1183 да сярэдзіны 13 ст. разбурылася. Яе руіны выяўлены пад фрагментамі больш позняй Гродзенскай Верхняй царквы ў час археал. раскопак 1931—37. Часткова захаваліся рэшткі сцен (да выш. 3,5 м), фрагменты падкупальных слупоў і элементы дэкар. ўпрыгожання.

Паводле плана гэта быў 4-стаўповы храм тыпу ўпісанага крыжа без нартэкса з развітой алтарнай часткай. Фасады аздоблены паліраванымі і неапрацаванымі рознакаляровымі камянямі, маёлікавымі квадратнымі пліткамі і паліванай чашападобнай кафляй. Гал. ўпрыгожанне інтэр’ера — маёлікавая ўзорыстая падлога і алтарная перагародка. Захаваліся дэталі багата ўпрыгожанай драўлянай алтарнай перагародкі, пазалочаныя медныя лісты з выгравіраванымі выявамі апосталаў і святых у абрамленні кругоў са складаным раслінным і плеценым арнаментам.

Да арт. Гродзенская Ніжняя царква. Фрагмент маёлікавай падлогі.

т. 5, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)