бы ​1 (пасля галосных — б), часціца.

Ужываецца пры дзеясловах пр. часу, інфінітывах і прэдыкатыўных прыслоўях са значэннем магчымасці або неабходнасці дзеяння, утвараючы ўмоўны лад або апісальную форму ўмоўнага ладу; ставіцца пасля дзеяслова або слоў, на якія падае сэнсавы націск.

1. Са значэннем умоўнай магчымасці дзеяння. Які дзівосны сад квітнеў бы тут, каб рука чалавека адвяла воды горных рэк. Самуйлёнак. Я б смяяўся, жартаваў бы, Каб вас чуць развесяліць. Колас.

2. Са значэннем пажадання або пажаданай неабходнасці дзеяння. Цябе, зямля, ў адзенні новым, Хацеў бы к сэрцу прыгарнуць. Колас. — Чаго вы так спяшаецеся? Набылі б трохі, пагулялі. Пагасцілі б у новых сваякоў. Чорны. Шэрае пер’е аблокаў Вецер світальны нясе. Покуль пагодзіць і годзіць, Сена сабраць бы ў стагі. Танк. Хутчэй бы прайсці, праскочыць гэта страшнае месца. Лынькоў.

3. Са значэннем просьбы. — Ты схадзіў бы, Максімка, да іх, праведаў бы... Шамякін.

бы ​2, злучн.

Разм. Ужываецца пры дапушчальным параўнанні рэальнага характару ў значэнні «як», «усё роўна як». [Сава] як адляціць ды пачне выгукваць ды плакаць, бы малое дзіця, дык аж пошчак ідзе па лесе. Якімовіч. А дзеці прыціхнуць, бы тыя птушкі ў гняздзе, калі над імі каршун пралятае... Колас. // Ужываецца пры дапушчальным параўнанні ўмоўна-ўяўнага характару; адпавядае па свайму значэнню злучнікам «быццам», «нібы». З-за павароту дарогі перад Сцёпкам вынікнуў семафор, бы нейкі вартаўнік з працягнутаю рукою. Колас. Лодкі выплылі на Нарач, бы на сіне-мора. Танк. [Юстынь] прыхінуўся плячамі да сцірты, бы адчуваў — падагнуцца ногі, не ўстоіць. Чарнышэвіч. Як маці, яна [цётка Аксення] паглядзела мне ў вочы, Бы кажа: не будзь сёння, хлопчык, малым. Прыходзька.

•••

Быццам бы гл. быццам.

Калі б гл. калі.

Хоць бы гл. хоць.

Як бы гл. як.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кады́р ’пасудзіна для збожжа, мукі, выдзеўбаная з суцэльнага кавалка дрэва’ (глус., Янк. 2), кадырчык ’невялікая драўляная дзежачка, завужаная кверху’ (Мат. Маг.). Адзначым, што магілёўскі слоўнік зафіксаваў слова таксама ў Глускім раёне, што вымушае лічыць кадыр вузкарэгіянальным утварэннем. Як і ў іншых выпадках, гэта можа азначаць запазычанне, архаізм або інавацыю. Першае і другое на прычыне адсутнасці паралелей адпадаюць. Для версіі новаўтварэння можна прапанаваць некалькі варыянтаў этымалогіі. Магчыма, кадыр — суфіксальнае ўтварэнне ад асновы кад‑ (гл. кадзь, кадушка) і суфікса ‑ыр, пры дапамозе якога, паводле Сцяцко, Афікс. наз., 127, утвараюцца асабовыя і неасабовыя назоўнікі (націск на суфіксе); дэрываты характарызуюць істоты, прадметы па выразнай прыкмеце: жаўтыр ’птушка жаўтушка (амялушка)’, пустыр ’пустка’. Відавочна, што такую суфіксацыю для слова кадыр можна прыняць толькі па фармальнаму крытэрыю. З семантычнага боку (значэнне ’выдзеўбаная з кавалка дрэва’) перашкоды для такой этымалогіі няма, параўн. палес. кадушка ’выдзеўбаная з кавалка дрэва пасудзіна’. Паводле другога варыянта этымалогіі, кадыр < кадоўб, кадуб ад асновы кад, якая вычленена ў выніку зацямнення і перараскладання структуры гэтых слоў. Такім чынам, лёгка тлумачыцца значэнне слова, аднак застаюцца цяжкасці, звязаныя з семантыкай суфікса. Разглядаць кадыр таксама можна як утварэнне, аналагічнае і паралельнае слову кадоўб. У такім выпадку ка‑ < ко‑ дзеяслоўнага ў назоўніку, а ‑дыр суадносіцца з слав. dirałi. Фанетыку ў бел. слове можна вытлумачыць фармальным уздзеяннем ‑ыр‑суфіксацыі, аднак цяжка ўзгадніць семантыку патэнцыяльнага аддзеяслоўнага кадыр і слав. dьrti. Як магчымыя аналагічныя ўтварэнні можна прывесці рус. асташ., цвяр. кадра ’дрэнь, калі гаварыць аб пэўным саслоўі або класе людзей’. Даль прыводзіў як магчымыя сінонімы падера, падра. Цікавай выглядае магчымасць суаднесці бел. кадыр і бал. дыял. кадра ’кадка’, кадурка ’кадушка’, якое аўтары балгарскага этымалагічнага слоўніка выводзяць ад када ’чан, бочка’, кадра < кадурка з сінкопай ‑у‑, гл. БКР, 3, 129 і 132. Калі прыняць этымалогію балгарскага слова, застаецца магчымасць прывесці яго як словаўтваральна падобнае бел. слову, гл. нашу першую версію.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

стая́ць, стаю́, стаі́ш, стаі́ць; стаі́м, стаіце́, стая́ць; стой; незак.

1. Знаходзіцца ў вертыкальным становішчы, не рухаючыся з месца.

С. пад страхой.

С. бокам.

Кветкі с. у вазе.

2. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Быць пастаўленым, знаходзіцца дзе-н.

Хата стаіць наводшыбе.

Школа стаяла на ўзгорку.

Талеркі стаяць на стале.

3. Быць, знаходзіцца, займаючы якое-н. становішча, выконваючы якую-н. работу, абавязкі.

С. на чале завода.

С. на варце інтарэсаў народа.

4. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Не працаваць, не дзейнічаць (пра прадпрыемства, механізмы і пад.).

Фабрыка стаяла цэлы квартал.

Гадзіннік стаяў.

5. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Быць, знаходзіцца, мець месца.

Вечарамі стаіць цішыня.

Стаяла глыбокая ноч.

Зіма стаяла марозная.

У дзённіку стаіць пяцёрка.

На пасылцы стаяла ўчарашняя дата.

6. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Мець патрэбу ў разглядзе, вырашэнні, пераадоленні.

Перад дэпутатамі стаяць пачэсныя задачы.

Стаіць пытанне аб укараненні новага абсталявання.

7. Мець часовае месцазнаходжанне, размяшчацца дзе-н.

У вёсцы стаяў гарнізон.

8. Мужна і стойка трымацца ў баі, вытрымліваць націск.

Горад мужна стаяў да апошняга.

9. перан., за каго-што. Дзейнічаць у чыіх-н. інтарэсах, змагацца на чыім-н. баку, абараняць каго-, што-н.

С. за мірнае вырашэнне праблем.

С. гарой за сяброў.

10. Пастаянна быць у памяці, перад вачамі (пра думкі, уяўленні і пад.).

Вобраз героя стаіць у галаве.

11. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Не псавацца, захоўвацца.

Варэнне будзе с. доўга.

12. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Трымацца на якім-н. узроўні; займаць якое-н. становішча.

Вада стаіць на адным узроўні.

Стрэлкі гадзінніка стаялі на сямі.

13. стой(це), ужыв. таксама:

1) у знач. пачакай(це), не спяшайся (спяшайцеся);

2) як выражэнне нязгоды, здзіўлення, прыпамінання чаго-н.

Стойце, трэба лепш абмеркаваць!

◊

Стаяць на сваім — упарта, настойліва адстойваць свой погляд, сваю думку.

Стаяць на цвёрдай глебе — мець трывалую аснову для сваіх планаў, спраў і пад.

Як стой (як стаіць) (разм.) —

1) вельмі хутка; адразу;

2) без нічога, без рэчаў.

|| зак. пастая́ць, -таю́, -таі́ш, -таі́ць; -таі́м, -таіце́, -тая́ць; -то́й (да 9 знач.).

|| наз. стая́нне, -я, н. (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ВАЙНА́ 1812, Айчынная вайна 1812,

абарончая вайна Расіі супраць французскай агрэсіі; першы этап агульнаеўрапейскай антынапалеонаўскай вайны 1812—14.

У 1810-я г. франц. імператар Напалеон I Банапарт падпарадкаваў сабе амаль усе дзяржавы Еўропы. Пасля перамог над рус.-аўстр. войскамі пад Аўстэрліцам (1805) і рускімі пад Фрыдландам (1807) Напалеон навязаў нявыгадны для Расіі Тыльзіцкі мір 1807 і прымусіў яе далучыцца да кантынентальнай блакады Англіі, што цяжка адбілася на эканоміцы Расіі. Франка-рус. адносіны абвастрыліся з-за палітыкі Францыі на Б. Усходзе і асабліва са стварэннем Варшаўскага герцагства. З 1810 абодва бакі пачалі рыхтавацца да вайны. Выкарыстаўшы эканам., паліт. і ваен. націск, шчодрыя абяцанкі саюзнікам (Прыбалтыку — Прусіі, Валынь — Аўстрыі, Беларусь, Літву і частку Украіны ў межах 1772 — Польшчы), Напалеон фактычна стварыў супраць Расіі агульнаеўрап. кааліцыю. Была падрыхтавана вялізная на тыя часы 600-тысячная т.зв. «Вялікая армія». Набытыя арміяй вопыт, дысцыпліна і ваенны геній Напалеона зрабілі яе грознай сілай. Слабасцю арміі Напалеона была рознапляменнасць і чужыя салдатам мэты вайны.

Ваен. міністр Расіі М.Б.Барклай дэ Толі (з 1810) распрацаваў буйнамаштабную праграму павышэння баяздольнасці рус. арміі, ажыццявіў шэраг мер па падрыхтоўцы тэатра ваен. дзеянняў супраць Варшаўскага герцагства і Францыі. Рамантаваліся старыя крэпасці, будаваліся новыя, фарміраваліся новыя для рус. арміі пастаянныя злучэнні — пях. карпусы і кав. дывізіі. Аляксандр I з канца 1810 усё больш схіляўся да ідэі наступальнай вайны ў саюзе з Прусіяй, ліквідацыі Варшаўскага герцагства і абвяшчэння сябе польскім каралём. 17.10.1811 Расія і Прусія заключылі саюзную ваен. канвенцыю, якая прадугледжвала рус. акупацыю ўсх. ч. Варшаўскага герцагства. У хуткім часе пасля гэтага Аляксандр I аддаў загад аб гатоўнасці ўсіх карпусоў на зах. граніцы да паходу.

У сак. 1812 сфарміраваны 3 рус. зах. арміі: 1-я (каля 120 тыс. чал., галоўнакаманд. Барклай дэ Толі) у Літве і зах. Беларусі, 2-я (каля 49 тыс. чал., галоўнакаманд. П.І.Баграціён) у наваколлі Луцка (у маі 1812 набліжана да 1-й арміі і заняла пазіцыі ў раёне Ваўкавыск—Зэльва), 3-я рэзервовая (каля 44 тыс. чал., галоўнакаманд. А.П.Тармасаў) у раёне Жытоміра, потым перамешчана пад Луцк. Іх дапаўнялі 3 асобныя корпусы (каля 103 тыс. чал.) — П.​К.​Эсена каля Рыгі, П.​І.​Мелер-Закамельскага каля Тарапца і Ф.​Ф.​Эртэля каля Мазыра.

21.4.1812 Аляксандр I выехаў з Пецярбурга ў Вільню ў гал. кватэру 1-й арміі і прыняў вярх. камандаванне. Даведаўшыся пра гэта, Напалеон таксама накіраваўся да сваіх войск, якія разгортваліся ў раёне Віслы. 22.6.1812 Францыя аб’явіла Расіі вайну, і 24 чэрв. яе гал. сілы перайшлі рас.-польск. граніцу ў раёне Коўна. У ходзе Віленскай аперацыі 1812 французы без бою 28 чэрв. занялі Вільню; армія Барклая дэ Толі, якую праследаваў узмоцнены авангард І.​Мюрата, пачала адступаць на Свянцяны ў напрамку на Дрысенскі лагер. Франц. войскі ўклініліся паміж 1-й і 2-й рус. арміямі і атрымалі магчымасць сканцэнтраваць амаль усе сілы супраць Баграціёна, на армію якога з фронту наступалі войскі Жэрома Банапарта, а шляхі адступлення адрэзала група Даву, што накіравалася з Вільні на Мінск. Аднак Баграціён здолеў адарвацца ад праціўніка і пачаў адступленне ад Мінска. Напалеон рушыў на Глыбокае, каб перарэзаць шлях адступлення 1-й арміі і прымусіць яе прыняць бітву. Але Барклай дэ Толі, выйшаўшы з Дрысенскага лагера, пакінуў П.Х.Вітгенштэйна прыкрываць Пецярбургскі напрамак, а сам пайшоў правым берагам Зах. Дзвіны да Полацка. Аляксандр I па патрабаванні вышэйшых саноўнікаў пакінуў армію, падпісаўшы адозву «Першапрастольнай сталіцы нашай Маскве» і маніфест пра збор апалчэння. Баграціён, які ад Навагрудка накіроўваўся да Міра, даведаўся, што Даву ўжо заняў Валожын і тым самым адрэзаў шлях на Мінск. У баях каля Міра (гл. Мірскі бой 1812) і Раманава ар’ергард 2-й арміі затрымаў прасоўванне праціўніка, і Баграціён бесперашкодна адступіў на Слуцк і Бабруйск, імкнучыся апярэдзіць французаў у руху да Магілёва. Але 20 ліп. Даву першы заняў горад. Спроба Баграціёна з боем прарвацца праз Магілёў, каб злучыцца з 1-й арміяй (бітва каля Салтанаўкі), не ўдалася. Гал. сілы 2-й арміі 24 ліп. пераправіліся цераз Дняпро каля Нова-Быхава і рушылі на Мсціслаў і Смаленск. Тым часам 1-я армія 23 ліп. перайшла на левы бераг Зах. Дзвіны і заняла пазіцыю за р. Лучоса, чакаючы падыходу Баграціёна з боку Оршы, каб даць Напалеону ген. бітву. У выніку бою каля Астроўна 25—26 ліп. наступленне французаў прыпынена. 30 ліп. — 1 жн. адбыліся Клясціцкія баі 1812 паміж войскам Вітгенштэйна і корпусам Ш.​Удзіно. На крайнім левым флангу «Вялікай арміі» Ж.​Макданальд накіраваў адну са сваіх дывізій на Рыгу, 1 жн. заняў Дынабург. 1-я і 2-я рус. арміі 3 жн. злучыліся ў Смаленску і, выкарыстаўшы раскіданасць напалеонаўскіх войск на фронце ад Веліжа да Магілёва, 7 жн. перайшлі ў наступленне на Віцебскім напрамку. Праз 5 дзён сустрэчнае наступленне пачаў Напалеон. 16—17 жн. адбылася першая ген. бітва (гл. Смаленская аперацыя 1812). Рускія вымушаны былі пакінуць Смаленск, але, маючы забяспечаны тыл, арганізавана адступілі па маскоўскай дарозе.

Марадзёрства, рабаванне і насілле чужынцаў выклікалі гнеў і нянавісць насельніцтва. Сяляне перашкаджалі франц. арміі нарыхтоўваць харчы і фураж, знішчалі салдат, часам ішлі ў лясы і стваралі партыз. атрады. Ствараліся і армейскія партыз. атрады Дз.В.Давыдава, І.С.Дорахава, Сяславіна, Фігнера, Кудашова і інш.

У гэты час Вітгенштэйн спрабаваў выцесніць войскі Удзіно з Полацка, але быў адкінуты і адышоў да Дрысы (гл. Полацкія бітвы 1812). Ваен. дзеянні на паўд. флангу вяліся самастойна, без непасрэднай сувязі з цэнтр. напрамкам. Армія Тармасава 18 ліп. рушыла з Луцка на Кобрын і 27 ліп. перамагла пях. брыгаду корпуса Ж.​Рэнье (гл. Кобрынскі бой 1812). Карпусы К.​Шварцэнберга і Рэнье 12 жн. атакавалі Тармасава каля Гарадзечна (гл. Гарадзечанская бітва 1812), нанеслі яму вял. страты і гналі да Луцка. З Прусіі і Варшаўскага герцагства карпусы К.​Віктора і П.​Ф.​Ажэро рушылі на Вільню. Супраць гарнізона Бабруйскай крэпасці (гл. Бабруйская абарона 1812) і корпуса Эртэля з Магілёва была накіравана дывізія Я.Г.Дамброўскага, а ў склад корпуса Рэнье з герцагства — зводны атрад А.​Касінскага.

Для кіравання акупіраванымі тэр. Беларусі і Літвы Напалеон зацвердзіў у Вільні Часовы ўрад Вялікага княства Літоўскага, улада якога пашыралася на Віленскую, Гродзенскую, Мінскую губ. і Беластоцкую вобл., ператвораныя ў дэпартаменты з мясц. і франц. адміністрацыяй. Аналагічна былі арганізаваны Віцебская, Магілёўская і Смаленская губ., хоць яны не падпарадкоўваліся Часоваму ўраду. Рабаўніцкая сістэма фуражных і харч. нарыхтовак для франц. арміі, спроба акупац. улад правесці рэкруцкі набор у «літоўскія» войскі паводле рас. закону, рашэнне Напалеона захаваць на Беларусі і ў Літве да канца вайны прыгоннае права прывялі да масавых сял. хваляванняў.

Пасля Смаленскай бітвы 1-я і 2-я рус. арміі (каля 111 тыс. чал.) рухаліся як адна армія. 20 жн. Аляксандр I прызначыў галоўнакаманд. усімі арміямі М.І.Кутузава. Наступленне французаў актывізавалася; Напалеон ірваўся да Масквы, каб тут прадыктаваць Расіі ўмовы міру. Кутузаў вырашыў даць ген. бітву за 110 км ад сталіцы каля в. Барадзіно. 7 вер. адбылася Барадзінская бітва 1812, у якой рускія, паводле слоў Напалеона, «здабылі славу быць непераможнымі». Абодва бакі мелі велізарныя страты (у рускіх каля 46 тыс. чал.), таму Кутузаў аддаў загад адступаць далей. На ваен. нарадзе ў Філях (13 вер.) было вырашана пакінуць Маскву без бою, каб захаваць армію. Адступіўшы ад Масквы, Кутузаў скрытна перавёў армію з Разанскай на Калужскую дарогу і размясціў пад Таруцінам (т.зв. Таруцінскі манеўр). Рус. армія выйшла з-пад удару ворага, атрымала магчымасць папоўніць войскі людскімі і матэрыяльнымі рэсурсамі. Пачаліся пажары, дэмаралізаваныя і галодныя акупанты рабавалі горад. 6 дзён, што правялі ў Маскве Напалеон і яго армія, былі вырашальным фактарам, які змяніў ход вайны на карысць Расіі. Узмацніўся патрыят. рух насельніцтва, якое перашкаджала французам у нарыхтоўцы харчавання і фуражу, парушала іх камунікацыі на лініі Масква—Смаленск.

Пераканаўшыся, што заключыць мір не ўдасца, Напалеон 19 кастр. пакінуў Маскву і вырашыў адступаць па Калужскай дарозе праз багатыя паўд. губерні. Але Кутузаў бітвай пад Малаяраслаўцам 24 кастр. прымусіў Напалеона адступаць па спустошанай Смаленскай дарозе. Голад, які пачаўся ў франц. войску, гібель коней узмацніліся з вял. маразамі. Рус. армія гнала ворага, б’ючы яго з флангаў і тылу. У баях каля Краснага 16—18 ліст. французы страцілі каля 25 тыс. чал., аднак усе іх карпусы (акрамя ар’ергарда М.​Нея) прабіліся па дарозе на Дуброўну, перайшлі Дняпро і ўступілі ў Оршу.

Да гэтага часу змяніліся абставіны і на стратэг. флангах. На Валыні з 3-й арміяй Тармасава 19 вер. злучылася Дунайская армія П.В.Чычагова, што дало колькасную перавагу рус. арміі над праціўнікам (60 тыс. чал. супраць 43 тыс.). 30 кастр. армія Чычагова рушыла па пінскім шляху праз Пружаны на Слонім, 13 ліст. каля Новага Свержаня яна перайшла Нёман. Войскі Вітгенштэйна пасля Полацкай бітвы 18—20 кастр. адцяснілі французаў да Лепеля і Докшыц, пасля Чашніцкіх баёў 1812 — да Чарэі. Пераправай Напалеона (за ім і арміі Кутузава) цераз Дняпро пачалася Бярэзінская аперацыя 1812. У ёй рус. камандаванне планавала акружыць і знішчыць праціўніка канцэнтрычнымі дзеяннямі арміі Чычагова, Вітгенштэйна, 1-й і 2-й армій Кутузава. 16 ліст. войскі Чычагова ўзялі Мінск, а 21 ліст. — Барысаў, што абазначала поўнае перасячэнне шляхоў адступлення французаў. Толькі рашучыя і дакладныя дзеянні Напалеона, які, стрымліваючы націск Кутузава і Вітгенштэйна, выбіў Чычагова з Барысава і 26—28 ліст. пераправіў свае войскі цераз Бярэзіну, дазволілі рэшткам «Вялікай арміі» адступіць на Смаргонь і Вільню. Тым не менш вынікі бярэзінскай пераправы былі для Напалеона катастрафічныя. Пад яго камандаваннем заставалася не больш як 10 тыс. чал., і баявога значэння гэтая група практычна не мела. Пасля Маладзечанскага бою 1812 супраціўленне французаў па сутнасці спынілася. Галодныя і замёрзлыя салдаты кідалі зброю і неарганізаваным натоўпам рухаліся да Вільні. 5 снеж. ў Смаргоні Напалеон, даручыўшы камандаванне Мюрату, паехаў у Парыж. У Вільню Мюрат прывёў каля 4 тыс. баяздольных салдат. 10 снеж. іх выбіў з горада армейскі авангард Я.​І.​Чапліна, а рэшткі ўцяклі праз Коўна да прускай граніцы. Поўны разгром цэнтр. групоўкі Напалеона вызначыў і становішча войск на флангах, якія адступілі праз Беласток на Варшаву і праз Шаўлі ва Усх. Прусію. Прыбыццё 22 снеж. Аляксандра I у гал. кватэру Кутузава ў Вільні і пераход да цара ўсёй паўнаты ваен.-паліт. кіраўніцтва азначалі завяршэнне абарончага перыяду вайны і курс на вайну ў Еўропе.

Руска-англа-шведскі саюз склаў аснову 6-й антыфранц. кааліцыі, да якой на працягу 1813 далучыліся Прусія і Аўстрыя. Вайна скончылася поўным падзеннем і паражэннем імперыі Напалеона, рэстаўрацыяй у Францыі каралеўскай улады і дынастыі Бурбонаў. У вызваленых краінах Еўропы аднаўляліся феад.-абсалютысцкія рэжымы, для іх падтрымкі ў 1815 створаны Свяшчэнны саюз. Паводле Парыжскага мірнага дагавору 1814 і пастаноў Венскага кангрэса 1814—15 Варшаўскае герцагства пераходзіла пад кіраванне Расіі, утворана Каралеўства Польскае. Аляксандр I адхіліў прапанову Кутузава аб канфіскацыі маёнткаў шляхты, якая выступіла на баку Напалеона, і абвясціў амністыю жыхарам зах. губерняў — удзельнікам вайны супраць Расіі пры ўмове, што яны вернуцца на радзіму на працягу 2 месяцаў (пазней гэты тэрмін быў прадоўжаны).

Вайна прынесла велізарныя страты абодвум бакам. Людскія страты напалеонаўскай арміі ацэньваюцца ў 80%, рус. — у 50% ад колькасці воінаў, што прымалі ўдзел у вайне. Скарацілася колькасць насельніцтва Беларусі, асабліва гарадскога. Матэрыяльныя страты 5 бел.-літ. губерняў і Беластоцкай вобл., паводле тагачасных падлікаў, склалі каля 160 млн. руб. серабром. Толькі добрыя ўраджаі 1813 і 1814 выратавалі ад масавага голаду і эпідэмій.

У гонар перамог рус. войск над арміяй Напалеона на тэр. Беларусі пастаўлены помнікі ў Брэсце, Верхнядзвінску, Віцебску, Кобрыне, Маладзечне, Полацку, Друі, у вёсках Астроўна, Капцэвічы, Клясціцы, Паддубна, Салтанаўка, Сапяжынка, Студзёнка і інш.

Літ.:

Богданович М. История Отечественной войны 1812 г. по достоверным источникам. Т. 1—3. СПб., 1859—60;

Харкевич В.Н. Война 1812 г. От Немана до Смоленска... Вильна, 1901;

Тарле Е.В. Нашествие Наполеона на Россию, 1812 г. М., 1992.

В.​В.​Антонаў.

Да арт. Вайна 1812. Атака данскіх казакаў М.​І.​Платава каля Нясвіжа. Чэрвень 1812. Хромалітаграфія 1912.
Да арт. Вайна 1812. Пераправа рускай арміі цераз Нёман у снежні 1812.

т. 3, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

То́ркаць ’таўхаць кароткімі штуршкамі’, ’рэзкімі рухамі дакранацца’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Юрч.), ’даваць, прапаноўваць’ (Нас., Юрч. Вытв.), ’тыкаць’ (Нас., Ласт.): то́ркаць у зубы ’груба падаваць, паказваць’ (Юрч. Фраз.), ’пратыкаць’ (Сцяшк.), ’штурхаць’, ’будзіць’, ’усоўваць, садзіць’ (ТСБМ, Нас.; калінк., Сл. ПЗБ), тарка́ць ’тс’ (Нас.), ’чапаць, кратаць’, ’кляваць’ (ТС; нараўл., З нар. сл.), то́ркаты ’тузаць; падсоўваць’ (драг., З нар. сл.), ’упікаць, дакараць, лаяць’ (Сл. Брэс.; малар., Нар. лекс.), ст.-бел. то́ркати ’бадаць, калоць рагамі’ (Сл. Скар.), сюды ж то́ркацца ’варушыцца, калывацца’ (ТС), ’совацца, заходзіць’ (Юрч. СНЛ), то́ркнуцца ’даткнуцца’ (Ласт.), то́рнуць ’штурхаць, усадзіць, ткнуць, даць’ (Сл. ПЗБ, Юрч., Жд. 2), торкену́ць ’таўхануць, штурхануць’ (ТС), торк — пра нечаканае з’яўленне, падаванне (ТСБМ), ’тыц’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), торьк ’тс’ (мсцісл., Нар. лекс.; Бяльк.), торк‑торк — пра тузанне (Сержп. Прык.). Укр. то́рка́ти ’чапаць, зачапляць’, ’штурхаць’, ’рушыць’, торка́тися ’дакранацца’, рус. то́ркать ’штурхаць, грукаць’, ’ірваць’, ’выцягваць’, польск. torknąć ’ткнуць’, ’піхнуць, падштурхнуць’, ’ударыць’, ’зачапіць’, н.-луж. starkaś, starcyś ’штурхаць, піхаць’, в.-луж. storkać ’штурхаць’, ’таўчы’, чэш. trkati ’басці, калоць’, ’кідацца (у вочы)’, strkat ’штурхаць’, ’перакідаць з месца на месца’, ’падсоўваць’, славац. trkať ’басці’, славен. tŕkati ’грукаць, штурхаць’, otŕkniti ’зацвярдзець, зрабіцца цвёрдым’, якое Бязлай (Linguistica, 8/1, 64), адносячы да ізаляваных славенскіх лексем, супастаўляе з літ. trìkti ’штурхаць’, ’быць перашкодай’, trė̃kti ’псаваць’, trãknys ’пацяруха’, харв. кайк. tȑkati ’грукаць у дзверы’, серб. тр́кати ’бегаць туды-сюды’, балг. тъ́ркам ’перашкаджаць’, ’церці’, ’расціраць’, ’драць’, дыял. то́ркам ’моцна калоць’, макед. трчка ’бегаць’, трча ’мітусіцца’. Прасл. *tъrk‑/*stъrk‑, роднаснае літ. tùrkterėti ’штурхнуць’ (Буга, Rinkt., 1, 490), відаць, гукаперайманне (Фасмер, 4, 83). Да і.-е. *(s)ter(H)‑k‑ ’зацвярдзець’ (Шустар-Шэўц, 1361). Першаснае значэнне — ’біць па нечым цвёрдым’ (Сной₂, 784). Махэк₂ (651) у якасці роднаснай прыводзіць польск. trykać ’басці’. Аднак Скок (3, 504), разглядаючы лексему як анаматапеічную, звязвае яе з літ. treñkti ’грукаць, грымець, трэснуць, шпурнуць з сілай’, ’біць кулаком’, нова-в.-ням. Drang ’націск’, ’імкненне’ і адносіць да і.-е. асновы *trenq‑, якая ў славян без назалізацыі. Куркіна (Этимология–1974, 45–47) мяркуе, што іншаславянскія сувязі застаюцца не зусім яснымі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СЕНТЫМЕНТАЛІ́ЗМ (франц. sentimentalisme ад англ. sentimental пачуццёвы),

плынь у еўрапейскай маст. культуры 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. Сфарміравалася ў л-ры, тэатр., муз. і выяўл. мастацтвах пад уплывам ідэалогіі эпохі Асветніцтва і ранняга рамантызму як альтэрнатыва рацыяналістычнай зададзенасці і нарматыўнасці класіцызму. Узнікла пад уплывам дэмакратызацыі грамадскага жыцця, пераадольвання яго саслоўнай ізаляванасці, пераходу ад феад. да бурж. грамадскіх адносін, барацьбы за свабоду асобы і свабоднага выяўлення яе гуманных пачуццяў.

У літаратуры С. зарадзіўся ў Англіі ў канцы 1720-х г., сфарміраваўся там у 1740—50-я г. (С.​Рычардсан, Дж.​Томсан, Э.​Юнг, Т.​Грэй, Л.​Стэрн і інш.), тэарэт. абгрунтаванне атрымаў у сац.-філас. і літ. творах Ж.​Ж.​Русо і ў грамадска-літ. руху «Бура і націск» (Германія). У рус. л-ры быў дваранскім гуманістычна-асветніцкім кірункам (М.​Карамзін, І.​Дзмітрыеў, В.​Капніст, ранні В.​Жукоўскі). Асаблівасць С. як літ.-маст. і эстэт. плыні — яго недастатковая храналагічная акрэсленасць: сентыментальныя рэмінісцэнцыі і рэпрызы, характэрныя для большасці посткласіцысцкіх маст. метадаў і кірункаў — рамантызму, крытычнага рэалізму, натуралізму, сацыялістычнага рэалізму, некат. мадэрнісцкіх і постмадэрнісцкіх плыняў.

У бел. л-ры С. — адна з плыняў бел.-польскага рамантызму 1-й пал. 19 ст. Найб. поўна выявіўся ў творчасці Я.​Чачота, Я.​Баршчэўскага, часткова ў паэзіі У.​Сыракомлі, ранняй паэзіі і драматургіі В.​Дуніна-Марцінкевіча. Пры гэтым рамантычныя ідэалы дамінуюць у іх польскамоўнай паэзіі, а сентыментальная арыентацыя на маральнае асветніцтва, гармонію паміж класамі і саслоўямі грамадства, дыдактыку і зварот да простага народа — у бел. творах, разлічаных на сялянства і фальварковую шляхту (вершы Чачота «Да мілых мужыкоў», «Як добра, калі мужык...», «Плакала бяроза ды гаварыла...», «Паночкі, нашы кветачкі...», «Ой, чаму ж ты, зязюлечка...»; вершы Баршчэўскага «Дзеванька», «Да Юліі», балада «Дзве бярозы»), Класічнымі ўзорамі С. ў бел. л-ры з’яўляюцца лібрэта камічнай оперы Дуніна-Марцінкевіча «Сялянка» («Ідылія», 1844, апубл. 1846), яго вершаваная аповесць «Гапон» (1855), вершы «Літвінка», «Галубкі», «Смутак на чужыне», прасякнутыя ідэяй гармоніі грамадскіх адносін, акцэнтацыяй маральных крытэрыяў ацэнкі людскіх учынкаў, ідэалізацыяй натуральнай культуры і вясковага побыту, культам пачуццёвасці. Лепшыя здабыткі С. ўвайшлі ў бел. класічную і сучасную л-ру.

У выяўленчым мастацтве і архітэктуры С. набыў некат. агульныя стылявыя прыкметы: пяшчотнасць, мяккасць мадэліроўкі і каларыстычных адценняў, паветранасць дэталей, вытанчанасць збудаванняў, прадметаў, фігур, лёгкасць, прастату і высакародства. Культ прыроды, натуральнага пачуцця, прыроджанай несапсаванасці людзей і маральнай чысціні нараджалі асаблівую духоўную атмасферу, у якой узнікалі маст. вобразы, поўныя шчырасці, душэўнай высакароднасці, прыроднай грацыі. Элегічныя і пастаральныя настроі, ідэалізацыя патрыярхальнага побыту, захаплення натуральнай прыродай наклалі адбітак на архітэктуру пейзажных паркаў і размешчаных у іх палацаў, павільёнаў, будынкаў, якія пераймалі сельскія і экзатычныя ўзоры (архітэктары У.​Кент, У.​Чэймберс у Вялікабрытаніі, Ж.​А.​Габрыэль, Р.​Мік у Францыі, Ф.​В.​Эрдмансдорф у Германіі, Ч.​Камерон, П.​Г.​Ганзага, В.​Няелаў у Расіі). Для С. ўласцівы пяшчотныя, замілавальныя жаночыя, юнацкія і дзіцячыя вобразы (у скульптуры — Э.​М.​Фальканэ ў Францыі, М.​Казлоўскі ў Расіі; у жывапісе — партрэты Т.​Гейнсбара ў Вялікабрытаніі, Ж.​Л.​Вуаля, Э.-Л.​Віжэ-Лебрэн у Францыі, У.​Баравікоўскага ў Расіі), велічыня і меланхалічныя пейзажы з ант. руінамі і паркавымі пабудовамі (Ю.​Рабер у Францыі, С.​Шчадрын у Расіі). Папулярнасцю карысталіся творы Ж.​Гроза, А.​Каўфман, Ж.​А.​Фраганара, В.​Гісландзі, Ф.​Гвардзі і інш. У бел. мастацтве рысы С. найб. праявіліся ў творах І.​Аляшкевіча, С.​Богуша-Сестранцэвіча, Н.​Сілівановіча.

У тэатры тэарэт. абгрунтаванне С. далі Ж.​Ж.​Русо («Ліст да Д’Аламбера аб відовішчах», 1758), Л.​С.​Мерсье («Аб тэатры, ці Новы вопыт пра драматургічнае мастацтва», 1773), Я.​Ленц («Заўвагі пра тэатр», 1774). Пад уплывам С. ўзніклі жанры «слёзнай камедыі», мяшчанскай драмы. Прыёмы С. выкарыстаны ў драматургіі «Буры і націску», п’есах П.​Бамаршэ, у ранніх творах Ф.​Шылера, у меладрамах. У акцёрскім мастацтве ўвага звярталася на ўнутраны свет герояў, іх пачуцці (у супрацьпастаўленні з рацыяналістычным класіцызмам з яго пафаснасцю, дэкламацыйнай рыторыкай). Маўленне акцёраў набліжалася да побытавых інтанацый. Сярод прадстаўнікоў С. акцёры Д.​Гарык (Вялікабрытанія), А.​Каратыгіна, Я.​Шушэрын (Расія). У сцэнаграфіі замест традыц. «палацавых» залаў для трагедый і нейтральных статычных інтэр’ераў для камедый з’явіліся маляўнічыя пейзажы, прадметы побыту простага люду.

У бел. драматургіі і тэатры С. у самаст. кірунак не склаўся. Існаваў сумесна з інш. плынямі ў асобных прыёмах і матывах і меў выразна дэмакр. акрэсленасць (спагада да бедных, замілаванне роднай прыродай). На сумежжы класіцызму і С. напісана лібрэта М.​Радзівіла да оперы Я.​Голанда «Агатка, або Прыезд пана» (1784); матывы і элементы С. сустракаюцца ў «Сялянцы» Дуніна-Марцінкевіча, у жанрах драмы і меладрамы пач. 20 ст. («У іншым шчасці няшчасце схавана» К.​Каганца, «Блуднікі» Л.​Родзевіча, «Сягонняшнія і даўнейшыя» К.​Буйло, «Апошняе спатканне» і «Ганка» У.​Галубка, «На Купалле» М.​Чарота, «Чырвоныя кветкі Беларусі» В.​Гарбацэвіча і інш.). У сцэн. мастацтве найб. выразна рысы С. выявіліся ў спектаклях Бел. вандроўнага т-ра ў 1-й пал. 1920-х г.

У музыцы быў звязаны з аднайменным літ. кірункам. Тэарэтыкі С. (К.Ф.​Э.​Бах, Ж.​Ж.​Русо, Д.​Шубарт і інш.) лічылі музыку «мовай пачуццяў», здольнай «закрануць сэрцы слухачоў», адметная рыса якой — выразнасць мелодыі. Пад уздзеяннем С. ўзбагацілася вобразна-жанравая палітра музыкі, у оперы пашырылася супрацьлеглая класіцыстычнай эстэтыцы тэндэнцыя змешвання жанраў, у камічнай оперы, у т. л. ў Расіі — элементы драматызму, якія набліжалі яе да «слёзнай камедыі» («Добрая дачка» Н.​Пічыні і інш.). Узнік новы муз.-драм. жанр — меладрама. У інстр. музыцы С. часткова праявіўся ў творчасці кампазітараў мангеймскай школы. С. спрыяў росквіту сольнай песні з інстр. суправаджэннем любоўнага зместу: песні кампазітараў берлінскай школы, «расійская песня» (Ф.​Дубянскі, В.​Казлоўскі, Р.​Цяплоў).

Літ.:

Маркус С.А. История музыкальной эстетики. Т. 1. М., 1959;

Музыкальная эстетика Западной Европы XVII—XVIII вв. М., 1971;

Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. Мн., 1972;

Тарасюк Л.К. Мастацкія кірункі і плыні ў беларускай паэзіі XIX — пачатку XX ст. Мн., 1999.

У.​М.​Конан (літаратура), А.​В.​Сабалеўскі (тэатр), Ю.​Дз.​Златкоўскі (музыка).

т. 14, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСКУЛА́ЧВАННЕ,

адзін са спосабаў ліквідацыі кулацтва ў СССР. Праводзілася парт.-сав. ўладамі ў 1920-я — пач. 1950-х г. Мела на мэце унітарнасць сац.-эканам. жыцця на вёсцы дзеля канцэнтрацыі ўлады ў руках кіруючага апарата; цесна звязана з правядзеннем у жыццё бальшавіцкіх уяўленняў пра сацыялізм. Змест, характар, сродкі і метады Р. залежалі ад сац.-эканам. і паліт. умоў часу. Адзіным у ім было выкарыстанне прамой ці гвалтоўнай экспрапрыяцыі ў адносна самастойнага селяніна сродкаў вытв-сці, вынікаў вытв. дзейнасці, грашовых накапленняў і абмежаванне яго ў палітычных правах, а таксама ў правах на месцы працы, формы або віды навучання. Поўная экспрапрыяцыя гаспадарак часта спалучалася з бязлітаснымі пакараннямі (расстрэлы, зняволенне ў канцлагерах, ссылка ў аддаленыя раёны і інш.) іх уладальнікаў за сапраўдныя або ўяўныя контррэв. дзеянні. Часткова Р. выкарыстоўвалася як сродак ажыццяўлення ўраўняльных ідэалаў сялянства. На Беларусі Р. набывала асабліва масавы характар у 1929—31 (усх. і цэнтр. раёны) і 1949—52 (Заходняя Беларусь). Фундамент Р. закладзены сав. заканадаўствам 1917—20, скіраваным на шырокамаштабнае прымусовае ўраўноўванне земляробаў. Важкі ўклад у рэалізацыю гэтай палітыкі, якая ва ўмовах грамадз. вайны набывала часам вельмі жорсткія формы, зрабілі камітэты беднаты і харчатрады. Падставай для Р. многіх гаспадарак і пакарання іх уладальнікаў станавілася іх адмова да выканання харчразвёрсткі. У перыяд новай эканамічнай палітыкі (з сак. 1921) гал. кірункам Р. стала эканам. абмежаванне і гасп.-прававы ўціск заможных сял. гаспадарак (у БССР іх колькасць да 1927 складала 4,1% ад агульнай колькасці сял. гаспадарак). У 1926 сума падаткаў і збораў на адну заможную гаспадарку ў БССР прыкладна ў 3,8 разу перавышала сярэдні паказчык у разліку на адну сял. гаспадарку. У 1925—27 перададзена беднаце больш за 200 тыс. га зямлі, адрэзанай ад кулацкіх двароў. Пасля XV з’езда ВКП(б) (снеж. 1927), які абвясціў курс на правядзенне калектывізацыі сельскай гаспадаркі, эканам. захады супраць кулацтва ўсё часцей спалучаліся з адм., з прамой канфіскацыяй прадуктаў уласнай працы і зямельных лішкаў, новымі абмежаваннямі на атрыманне крэдытаў, забеспячэнне складанымі машынамі і прыладамі. Пры выкананні напружаных хлебанарыхтоўчых заданняў падатак для найб. моцных сял. гаспадарак часта падымаўся ў 2—6 разоў, што разарала іх. У 1929 спынена выдзяленне сял. гаспадарак на хутары і водрубы, надзвычайныя меры пачалі перарастаць у ліквідацыю заможных, у т. л. серадняцкіх гаспадарак у выніку ўзмацнення індывід. абкладання с.-г. падаткам і ўвядзення т.зв. цвёрдых заданняў па тэрмінах іх выканання. У сувязі з масавай калектывізацыяй асн. метадам Р. стала гвалтоўная экспрапрыяцыя-ліквідацыя кулацкіх гаспадарак з прымяненнем рэпрэсій да гаспадароў і членаў іх сем’яў.

У адпаведнасці з дырэктывамі органаў кіравання СССР (студз.—лют. 1930) па асобна ўзятых раёнах БССР планавалася раскулачыць ад 3 да 5% сял. двароў, а ў цэлым па рэспубліцы 4,2% (34 тыс.), што значна перавышала рэальную колькасць сапр. кулацкіх гаспадарак. Мясц. ўлады ў раёнах суцэльнай калектывізацыі атрымалі права ўжываць супраць кулакоў ўсе захады аж да поўнай канфіскацыі іх маёмасці і высылкі разам з сем’ямі па-за межы раёна або акругі. Згодна з парт.-дзярж. дырэктывамі 1930 да 20% раскулачаных па рашэннях «троек» (1-ы сакратар райкома партыі, старшыня выканкома райсавета і нач. раённага аддзела Дзярж. паліт. ўпраўлення) без следства і суда адпраўляліся на Пн і У СССР у якасці вязняў канцлагераў і спецпасяленняў. Астатнія 80% рассяляліся на спец. землях па-за межамі калгасаў раёна. Канфіскаваная маёмасць і землі перадаваліся пераважна калгасам як уступны ўзнос беднаты. Выяўленне і высяленне кулакоў праводзілі органы дзярж. бяспекі, мясц. органы ўлады, якім дапамагалі групы беднаты, рабочыя брыгады, спец. накіраваныя рабочыя-«дваццаціпяцітысячнікі», работнікі палітаддзелаў МТС і саўгасаў. На Беларусі найб. шырокая кампанія па Р. адбывалася зімой 1929—30: да мая 1930 раскулачана 15,6 тыс. сямей (1,9% ад усёй іх колькасці на вёсцы), з якіх 6 тыс. сем’яў (0,74% усіх сял. гаспадарак) абвінавачаны ў контррэв. дзейнасці і высланы ў паўн.-ўсх. рэгіёны СССР. Гвалтоўныя метады калектывізацыі і Р. выклікалі масавыя выступленні сялян: падпалы, забойствы калгасных актывістаў і парт.-сав. работнікаў, разгромы памяшканняў органаў улады і інш, (у студз. — 1-й пал. крас. 1930—520 выпадкаў). Усяго да кастр. 1930 было раскулачана 20,5 тыс. гаспадарак (сярод іх 73 серадняцкіх). Прыкладна 10 тыс. гаспадарак «самараскулачыліся» (распрадалі ці кінулі маёмасць). У далейшым Р. праводзілася пераважна як мера пакарання сялян-аднаасобнікаў за невыкананне або адмову ад выканання высокіх індывід. падатковых заданняў. Колькасць індывід. абкладзеных гаспадарак павялічвалася за кошт зноў выяўленых або выключаных з калгасаў (паводле пастановы ЦВК і СНК СССР ад 13.11.1930) «кулацкіх» гаспадарак. Усяго ў БССР на 15.1.1931 у індывід. парадку было абкладзена 2974 гаспадаркі. Калі за 1930 было раскулачана больш за палавіну кулацкіх гаспадарак, то за 1931 у выніку жорсткіх захадаў па спагнанні падаткаў (адабранне маёмасці і інш.) і Р. былых кулакоў у новых раёнах калектывізацыі іх колькасць скарацілася яшчэ на 47%. У адказ на гэтыя захады толькі за 1-ю пал. 1931 адбылося не менш за 1169 сял. выступленняў, у т. л. 247 нападаў на актыў калгасаў. У наступныя гады, хаця кулацтва як сац. сілы ўжо не было, палітыка Р., барацьба з міфічнымі кулакамі не спынялася. Працягвалася частковае высяленне кулацкіх сем’яў на падставе асобных разнарадак зверху. З мая 1932 да мая 1933 у БССР экспрапрыіравана і саслана 35 тыс. сем’яў сялян. У выніку рэпрэсій адкрытае супраціўленне сялян самавольству і гвалту з боку ўлады паступова было зламана. Заключным актам барацьбы з кулацтвам стала кампанія па ліквідацыі хутароў у БССР у 2-й пал. 1930-х г. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР (вер. 1939) у 1939—41 асн. кірункам Р. была канфіскацыя «лішкаў» зямлі ў заможных сял. гаспадарак (плошчай больш за 50 га). Толькі вясной 1940 у прыкладна 28 тыс. гаспадарак было адрэзана 240 тыс. га зямлі. Аднак рашаючае наступленне на кулацтва ў зах. абласцях разгарнулася разам з масавай калектывізацыяй у канцы 1940 — пач. 50-х г. Яго формы і метады (запалохванне, адм. націск, ігнараванне волі і інтарэсаў сялян) асабліва не адрозніваліся ад практыкі 1930-х г. У 1951 дырэктыўныя органы СССР прынялі 2 пастановы аб высяленні кулакоў з зах.-бел. вёсак. У 1952 па-за межы Беларусі выслана больш за 4,4 тыс. кулацкіх сем’яў. Паводле некат. ацэнак талькі ў перыяд суцэльнай калектывізацыі раскулачана, г.зн. знішчана, 6—8% сял. гаспадарак СССР, з якіх толькі каля палавіны былі кулацкімі. На Беларусі за гэты час ліквідавана прыблізна 48—64 тыс. гаспадарак (297,8—397,8 тыс. чал.). У выніку Р. ў бел. вёсцы ў канцы 1920-х — 1941 і ў пасляваен. гады пацярпелі каля 8% сял. гаспадарак, была разгромлена сял. эліта і моцна падарваны прадукц. сілы вёскі.

Літ.:

Сорокин А.Н. Совхозы Белорусской ССР (1917—1941 гг.). Мн., 1979;

Яго ж. Эксперимент: Человек и Земля. Мн., 1994;

Трагедия советской деревни: Коллективизация и раскулачивание, 1927—1939: Док. и материалы: В 5 т. Т. 1—2, М., 1999—2000;

Зеленин И.Е. Осуществление политики «ликвидации кулачества как класса» (осень 1930—1932 гг.) // История СССР. 1990. № 6;

Конквест Р. Жатва скорби: Пер. с англ. // Вопр. истории. 1990. № 1, 4.

А.​М.​Сарокін.

т. 13, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ла́та 1, ла́тка ’лапік’ (Нас., Гарэц., Яруш., ДАБМ, к. 324, Касп., Сцяшк., Зн., Мал., ТСБМ, Мат. Гом., Сл. паўн.-зах., Ян., КЭС, лаг.), ла́ціна, латачка, латочка (ДАБМ, Нар. словатв., Сл. паўн.-зах.), ’старая адзежына’, ’недарэзкі, акраўкі’, ’бялізна’, ’пляма іншай афарбоўкі ў жывёліны’ (Сл. паўн.-зах.), ’пустое, голае месца, на якім нічога не расце’ (Жд. 1, Шатал., Сл. паўн.-зах.), ’прагаліна’ (Мат. Гом.), ’невялікі зямельны надзел’ (Выг.), ’кішэня’ (Ян.). Укр. лата, латка, харк. лат, рус. бран., смал., кур., арл., тамб. лата, ст.-польск. łata, польск. łatka, чэш., славац. lata ’лапік’, серб.-харв. ла̀тица, ла̏тица, latȉca ’трохкутны кавалак тканіны, цвікля’, макед. алтица ’латка, клін з сукна’, алтица ’цвікля’, балг. латица, рум. altită ’падшыўка’, ’вышываная ўстаўка ў кашулі’. Прасл. ȍlta ’кавалак тканіны, скуры’ з суф. ‑ta (Слаўскі, 5, 34–37; Слаўскі, SP, 2, 41) генетычна звязана з і.-е *ēlē ’шыла’: *elh‑ ’шыць, прашываць, прышываць’, параўн. ст.-в.-ням. ála, ст.-інд. ā́ra ’шыла’ (Ваян, BSL, 44, 2, с. 143–144). Іншыя версіі малаімаверныя (гл. Фасмер, 2, 464; Скок, 2, 274 і інш.).

Ла́та 2, ла́ты, ла́тэ ’паплеціна, жэрдкі, на якія насцілаецца страха’ (Нас., ТСБМ, Янк. I, Мядзв., Шн. 3, Мат. Гродз., Яруш., Шушк., Бес., Касп., Бяльк., Шат., Сцяшк., Сл. паўн.-зах., КЭС, лаг.), паст. ’жэрдка, якою прымацоўваюць салому зверху на страсе’, пін. ла́тіна ’тс’, віл. ’бервяно, якім змацоўваюць плыт’ (Сл. паўн.-зах.), паўд.-усх. ’прыклад стрэльбы’ (КЭС), ст.-бел. лата, латва ’лата’ (XVI ст.), ла́ціна ’жэрдка’ (Нас., Касп., Шат.; беш., Нар. сл.). Запазычана са ст.-польск. łata, якое з с.-в.-ням. latte, late ’доўгая вуглаватая лацвіна’ (Кюнэ, Poln., 73; Слаўскі, 5, 38; Фасмер, 2, 464 і інш.). Сюды ж ла́ціць (гл.).

Ла́та 3 ’сярэдняя перасоўная аднасценная сетка з заходам’ (Крыв.), ’невад без матні’ (Помн. этнагр., 66), ’сеткавае палатно невада, якое ў час руху прымае выгляд жолаба’ (брэсц., гродз., Браім), лельч. ’круглы сак з дубовых дубцоў’ (ЛАПП). Ст.-польск. łatnica ’сетка для лоўлі рыбы’, в.-луж. łata ’вялікая сетка, невад’. Да прасл. lat‑(iti) ’схапіць’ (Брукнер, 307). Параўн. серб.-харв. ла̏тити ’тс’. Гл. таксама ла́тацца.

Лата́ ’жулік’ (Бяльк.), польск., каш. łata ’абадранец, нягоднік, хуліган, гультай’, ляш. łata, чэш. lata (з польск.). Слаўскі (5, 37) суадносіць польск. лексему з łata ’лапік’ (гл. ла́та 1) > ’палапленае адзенне’, якое перайшло на асобу ў такім адзенні. Націск на канцы слова пад уплывам лексем ⁺латай (параўн. латайстваваць), ⁺латуй (лацу́й).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

КІПР (грэч. Kypros, тур. Kibris),

Рэспубліка Кіпр (грэч. Kypriakē Dēmokratia, тур. Kibris Cumhuriyeti), дзяржава ў Зах. Азіі на аднайм. востраве ва ўсх. ч. Міжземнага м. Пл. 9251 км². Нас. 752,8 тыс. чал. (1997), у т. л. ў тур. частцы на Пн вострава каля 180 тыс. чал. (разам з 80 тыс. перасяленцамі з Турцыі). Дзярж. мовы — грэч. і турэцкая. Сталіца — г. Нікасія Падзяляецца на 6 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 кастр.). Паўн. ч. вострава (3355 км²) кантралюецца Турцыяй. На Пд вострава пад суверэнітэтам Вялікабрытаніі 2 ваен. базы пл. 280 км².

Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Член Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1960. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Пасаду прэзідэнта займае прадстаўнік грэчаскай, віцэ-прэзідэнта — прадстаўнік турэцкай часткі насельніцтва. Прэзідэнт і віцэ-прэзідэнт ствараюць урад, падсправаздачны ім. Вышэйшы орган заканад. улады — Палата прадстаўнікоў, якую выбірае насельніцтва на 5 гадоў (у яе складзе 70% прадстаўнікоў ад грэкаў і 30% — ад туркаў). Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту, віцэ-прэзідэнту і ўраду.

Прырода. Уздоўж вострава цягнуцца 2 горныя ланцугі: паўночны — горы Кірэнія (да 1023 м) і Карпас, паўднёвы — горы Траодас (да 1951 м). Паміж імі ўзгорыстая раўніна. З карысных выкапняў ёсць медныя і жал. руды, азбест, буд. матэрыялы і інш. Клімат субтрапічны, міжземнаморскі. Сярэднія т-ры на раўніне і ўзбярэжжах у лют. каля 12 °C, у жн. да 28 °C. Ападкаў да 600 мм на ўзбярэжжах, да 1000—1300 мм у гарах (выпадаюць пераважна зімой). Рэчышчы запаўняюцца вадой толькі пасля зімовых дажджоў. Расліннасць: да выш. 500 м вечназялёныя хмызнякі (маквіс, фрыгана), вышэй — лясы (займаюць 18% тэрыторыі) з дубу, кіпарысу, алепскай хвоі. Некалькі рэзерватаў і ахоўных тэрыторый.

Насельніцтва 78% складаюць грэкі, 18% — туркі. Жывуць таксама армяне, арабы і інш. Вернікі — праваслаўныя (грэкі) і мусульмане (туркі). Сярэднегадавы прырост каля 1,1%. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 81 чал. на 1 км². Найб. густа заселены раўніны і ўзбярэжжы. У гарадах 55% насельніцтва (1997). У г. Нікасія 186,4 тыс. ж. (1994). Значныя гарады — Лімасол (больш за 100 тыс. ж.), Фамагуста, Ларнака. У прам-сці занята 26% працаздольнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 12,5, у абслуговых галінах — 61,5%.

Гісторыя. На тэр. К. выяўлены рэшткі неалітычных пасяленняў (6-е тыс. да н.э.). У канцы 15—11 ст. да н.э. востраў каланізаваны ахейцамі, у 9 ст. да н.э. — фінікійцамі; быў адным з цэнтраў мікенскай культуры. У канцы 8 ст. да н.э. падпарадкаваны Асірыяй, каля 560 да н.э. Егіптам, у сярэдзіне 6 ст. — дзяржавай Ахеменідаў. У 333—323 да н.э. ў складзе дзяржавы Аляксандра Македонскага, у 294—58 — дзяржавы Пталамеяў, у 58 да н.э. заваяваны Стараж. Рымам У канцы 4 ст. н.э. адышоў да Візантыі, у 648 заваяваны арабамі, у 965 — Візантыяй. У 1191 востраў захапілі крыжакі і стварылі Кіпрскае каралеўства, якім у 1192—1297 валодала дынастыя Лузіньянаў, потым Антыёхаў-Лузіньянаў. З 1485 К. належаў Венецыі, у 1571 заваяваны Асманскай імперыяй. У 19 ст. тут зарадзіўся рух грэкаў-кіпрыётаў за аб’яднанне К. з Грэцыяй (энозіс). У час Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29 туркі абвінавацілі правасл. духавенства ў падтрымцы паўстанцаў і арганізавалі разню хрысц. насельніцтва ў г. Нікасія, канфіскавалі ўласнасць манастыроў. У 1878 Вялікабрытанія на падставе падпісанай з Турцыяй сакрэтнай канвенцыі акупіравала К., а ў пач. 1-й сусв. вайны (1914) анексіравала яго, што паводле Лазанскага дагавора 1923 прызнана Турцыяй. У 1925 К. атрымаў статус брыт калоніі. У 1930-я г. тут адбываліся антыбрыт хваляванні, папулярнасць набыла ідэя ўз’яднання К. з Грэцыяй У 1950 архіепіскап Макарыяс III стаў кіраўніком кіпрскай правасл. царквы і ўзначаліў рух за энозіс. У 1955 створана Кіпрская арг-цыя нац. вызвалення (ЭОКА), мэтай якой была ўзбр. барацьба за вызваленне К. з-пад брыт. улады і далучэнне да Грэцыі. У сваёй дзейнасці яна выкарыстоўвала тэрарыст. метады, што прывяло да ўвядзення на К. надзвычайнага становішча. Адначасова абвастрыўся канфлікт паміж грэч. і тур. абшчынамі вострава, у якім актыўна ўдзельнічалі Грэцыя і Турцыя. Барацьба кіпрыётаў завяршылася падпісаннем Цюрыхска-Лонданскіх пагадненняў 1959, якія прадугледжвалі прадастаўленне дзярж. незалежнасці К., вызначылі асновы яго дзярж. ладу, але абмежавалі суверэнітэт: Грэцыя і Турцыя атрымалі права трымаць на востраве свае войскі, Вялікабрытанія — 2 вайск. базы.

16.8.1960 К. абвешчаны незалежнай рэспублікай. Першым прэзідэнтам абраны архіепіскап Макарыяс III, віцэ-прэзідэнтам — прадстаўнік тур. абшчыны Ф.​Кучук. Канстытуцыя 1960 вызначыла прынцыпы сумеснага пражывання на востраве грэч. і тур. абшчын, але ў 1963 паміж імі пачаліся адкрытыя сутычкі. У 1964 ААН увяла на К. свае войскі. З вяртаннем у 1971 на востраў лідэра ЭОКА ген. Г.​Грываса ўзмацніўся паліт. націск грэч. ўрада з мэтай далучэння К. да Грэцыі. У 1974 адбылася спроба дзярж. перавароту, падтрыманага грэч. ваен. хунтай. У адказ Турцыя пад выглядам аднаўлення канстытуцыйнага ладу і абароны туркаў-кіпрыётаў увяла на востраў свае войскі, акупіравала 37% яго тэр.. што прывяло да фактычнага расколу К. на 2 адасобленыя часткі. У 1975 на акупіраванай Турцыяй тэр. абвешчана Федэратыўная тур. дзяржава Рэспубліка К. У 1977 прэзідэнтам К. абраны С.Кіпрыяну. У 1983 ААН заклікала Турцыю вывесці свае войскі з К. У адказ тур. бок ператварыў акупіраваную частку К. ў Тур. рэспубліку Паўночнага К. на чале з прэзідэнтам Р.​Дэнкташам. Абвяшчэнне сепаратысцкай дзяржавы туркаў-кіпрыётаў асудзіў Савет Бяспекі ААН. У 1984 туркі-кіпрыёты ўвялі ўласную валюту і пашпарты. Прэзідэнт Рэспублікі К. з 1993 Г.​Клірыдыс. К. — чл. ААН (з 1960), Садружнасці (з 1961). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 9.4.1992. Дзейнічаюць партыі: Дэмакр. збор, Партыя лібералаў, Прагрэс. партыя працоўнага народа К., Дэмакр. партыя, Адзіны дэмакр. саюз цэнтра і інш.

Гаспадарка. К. — індустр.-агр. краіна з моцна развітой сферай міжнар. турызму і адпачынку. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1995 склаў 7,8 млрд. дол., больш за 10 тыс. дол. на 1 чал. Палітыка кіраўніцтва краіны накіравана на ператварэнне К. ў гандл., фін. і турыстычны цэнтр Усх. Міжземнамор’я з прыцягненнем замежных капіталаўкладанняў. Апрацоўчая прам-сць дае каля 17% даходаў, сельская гаспадарка — каля 8, сфера паслуг (у т. л. замежны турызм) — каля 47%. У прам-сці пераважаюць дробныя прадпрыемствы. Здабыча медных, жал. і хромавых руд, азбесту, кухоннай солі, гіпсу, вохры, мармуру. Вытв-сць электраэнергіі 2,6 млрд. кВт∙гадз (1995). ЦЭС працуюць на імпартнай нафце. Развіта харчасмакавая (віны, аліўкавы алей, кансерваваныя фрукты, агародніна, тытунёвыя вырабы) і лёгкая (тэкст., швейная, дрэваапр., парфумерная, гарбарна-абутковая) прам-сць. Асобныя прадпрыемствы машынабудавання. Вытв-сць буд. матэрыялаў, хімікатаў. У г. Ларнака нафтаперапр. з-д. У г. Лімасол выраб він і каньякоў. Саматужна-рамесніцкія промыслы (кераміка, метызы), вытв-сць сувеніраў. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 600 тыс. га зямель, у т. л. пад ворывам каля 350 тыс. га (каля 100 тыс. га арашаецца). Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі (2/3 пасяўных зямель). Існуюць збытавыя, крэдытныя і спажывецкія кааператывы. Некаторыя з іх маюць невял. прамысл. прадпрыемствы. На свае патрэбы вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, ячмень, авёс), бабовыя, агародніну. Экспартныя культуры: цытрусавыя (апельсіны, лімоны, грэйпфруты), вінаград, ранняя бульба. Тэхн. культуры: тытунь, бавоўна, лён. Садоўніцтва: вырошчваюць яблыкі, грушы, міндаль, персікі, грэцкія арэхі, ражкі (плады ражковага дрэва). Жывёлагадоўля развіта слаба (авечкі, козы, свінні). Птушкагадоўля. Рыбалоўства. Марскія промыслы. Пчалярства і шаўкаводства. Вял. роля ў эканоміцы належыць замежнаму турызму і адпачынку. К. прываблівае турыстаў мяккім кліматам, выдатнымі пляжамі, цёплым морам, горнымі курортамі, шматлікімі помнікамі гісторыі і культуры, развітой сеткай пансіянатаў і атэляў. Штогод краіну наведвае каля 2,5 млн. замежных грамадзян. У 1994 замежны турызм і адпачынак прынеслі краіне 1,7 млрд. дол. даходу. Найб. турыстаў бывае з Вялікабрытаніі, Германіі, рэспублік б. СССР, арабскіх краін. На К. дзейнічаюць 17 тыс. афшорных кампаній, якія карыстаюцца падатковымі льготамі і прыносяць краіне штогадовы даход каля 200 млн. долараў. Транспарт аўтамабільны, марскі, паветраны. Працягласць аўтадарог каля 12 тыс. км. У краіне 220 тыс. легкавых аўтамабіляў, 104 тыс. грузавікоў і аўтобусаў (1995). К. належыць да краін адкрытай рэгістрацыі марскога флоту. Замежным мараходным кампаніям выгадна рэгістраваць свае судны ў К. (абкладаюцца нізкім падаткам), таму фармальна К. мае гандл. флот у 18 млн. рэг. т. Гал. парты: Ларнака, Фамагуста, Лімасол. К. — вузел міжнар. авіяц. шляхоў. У міжнар. аэрапорце Ларнака перакрыжоўваюцца паветр. лініі, якія злучаюць блізкаўсх., паўн.-афр. і еўрап. краіны. У 1995 экспарт склаў 1,23 млрд. дол., імпарт — 3,69 млрд. долараў. К. экспартуе цытрусавыя, прадукцыю вінаробства, горназдабыўной і лёгкай прам-сці; імпартуе нафтапрадукты, спажывецкія тавары, машыны і абсталяванне. Гал. гандл. партнёры: Вялікабрытанія, Расія, Італія, Японія, Ліван. Грашовая адзінка — кіпрскі фунт. Для тур. часткі вострава характэрна скарачэнне прамысл. вытв-сці і аб’ёмаў капіталаўкладанняў, рост бюджэтнага дэфіцыту. Асн. ролю ў эканоміцы адыгрывае сфера паслуг — 70% ВУП, доля сельскай гаспадаркі складае 7,5, прам-сці — 13,5, турызму — 5%. Узровень жыцця значна ніжэйшы, чым на Пд. У 1984 тур. ліра аб’яўлена афіц. грашовай адзінкай на тур. ч. вострава.

Літ.:

Шпаро О.Б. Захват Кипра Англией. М., 1974;

Анисимов Л.Н. Проблема Кипра: Ист. и междунар.-правовой аспекты. М., 1986.

Н.​А.​Сцепанюга (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Герб і сцяг Кіпра.
Да арт. Кіпр. Ландшафт у цэнтральнай частцы вострава.

т. 8, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

па́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Валіцца, ляцець зверху ўніз пад уздзеяннем сілы цяжару. За платамі ў садах падалі спелыя яблыкі. Чорны. // Ісці (пра снег, град, дождж). Снег пайшоў спарней. Ён падаў ужо буйнымі сняжынкамі, кружыўся, паволі апускаючыся на дол. Арабей. // Ствараць уражанне падаючага (аб зорках). Толькі ноч пастав, — І ўзрываюцца, падаюць зоры. Танк.

2. Валіцца на зямлю, трацячы апору, раўнавагу. Дзед выпускае маю руку і старчма падае на брук... Васілевіч. Цімошка адчуў, што падае, і ўхапіўся за плот. Хомчанка. // Апускацца на што‑н., кідацца. Падаць на пасцель. Падаць на калені. □ [Мішка] цяжка падае на сані і крычыць «гані!» Брыль. // Ляцець уніз (пра птушак). Белыя птушкі ўзлятаюць над морам і строма падаюць уніз. Самуйлёнак. Відно толькі, як то ўзлятаюць, то зноў падаюць у траву птушкі, як выгінаецца, хвалюецца на полі жыта... Сачанка. // Валіцца пад напорам, пад цяжарам чаго‑н. Знадворку нехта моцна грукае ў дзверы. Праз хвіліну дзверы падаюць. Якімовіч. // Валіцца ад старасці, недагляду. Дрэвы растуць, імкнуцца да сонца, дасягаюць нябачаных памераў, старэюць, падаюць і трухлеюць. В. Вольскі.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Ліцца, сцякаць зверху. Па крутых спадах імчыць ледніковы паток.., з грымотным гулам падае з абрываў у прадонні. Самуйлёнак. У ціхую ноч даходзіў сюды млынавы грукат і чутно было, як падае вада на колы. Чорны.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Апускацца, звешвацца адным канцом. Пасма светлых валасоў падала на лоб, і.. [Заранік] часта адкідваў яе рукой назад. Хадкевіч. // Апускацца, звісаць (аб адзенні). Складкі спадніцы падаюць прыгожа.

5. Класціся на каго‑, што‑н., пакрываць сабою каго‑, што‑н. (пра святло, цень). Падае цень ад дрэва. □ Праз невялікае акно, што выходзіла ў сад, падала святло на падлогу. Пальчэўскі. Сонца стаяла ў зеніце, і яго прамяні падалі проста на .. непакрытыя галовы. Шамякін. // перан. Распаўсюджвацца, пашырацца на каго‑, што‑н. Лясы тулілі неспакойных людзей, на якіх падала панская няласка і паліцэйская помста. Колас. Не раз цень падазронасці падаў на Ігнатаву хату-прысценак. Кавалёў. // Апускацца на каго‑, што‑н. (пра ўдары). Удары падалі Дзям’яну проста на спіну, а ён ішоў... Пестрак.

6. Прыходзіцца на якое‑н. месца (аб націску ў слове). У адных дзеяслоўных назоўніках націск падае на другі склад ад канца слова, а ў другіх — на трэці. Юргелевіч. Суфікс ‑ок (‑ёк) ужываецца толькі тады, калі на яго падае націск. Граматыка.

7. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Памяншацца ў сіле, аб’ёме, велічыні і пад.; рабіцца слабейшым, радзейшым. Тэмпература падае. Пульс падае. □ — Вада [у Прыпяці] падае. Падае на два сантыметры ў дзень. Ракітны. Танакаў пераводзіць машыну на зніжэнне. Хутка падае вышыня. «Маладосць». // Паказваць на паніжэнне ціску, тэмпературы і пад. Ртуць у тэрмометры падала ніжэй і ніжэй. Мікуліч.

8. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Паніжацца, змяншацца. Урадлівасць глебы падае. Цэны падаюць. □ Зіма ў той год выдалася халодная, цяжкая. Не хапала кармоў. Падалі надоі. Дадзіёмаў. // Паніжацца ў вартасці (пра цэнныя паперы, валюту і пад.). Трывогу, трывогу б’е бізнесмен, Усюды на біржах падаюць акцыі. Вітка.

9. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Рабіцца слабейшым, горшым. Дысцыпліна падае. // перан. Рабіцца кепскім, псавацца (аб настроі). Настрой падае.

10. Гінуць, паміраць (аб людзях). Хоць і падаў хто — адразу сцягі-крылы За плячыма падымаліся ў жывых. Куляшоў.

11. на каго-што. Разм. Прыпадаць, прыходзіцца. Выключная большасць разводаў падае на шлюбы маладых людзей. «Маладосць».

12. перан. Разм. Бегаць, насіцца. Сабака цэлы дзень падаў па лесе.

13. перан. Разм. Вельмі старацца. Чаго ж так надта выдыгацца? За што так падаць, так старацца? Колас.

14. перан. Разм. Вельмі хацець чаго‑н., ганяцца за чым‑н. Падаць за ўборамі. □ Усе навакольныя аж падалі за гэтай зямлёй. Чорны.

15. перан.; за кім. Разм. Вельмі любіць каго‑н. Маці падае за сынам. // Заляцацца да каго‑н., кахаць каго‑н. — Напэўна гэта і ёсць тая краля, за якою так падаюць усе хатовіцкія кавалеры, — падумаў Лабановіч. Колас.

•••

Падаць духам — траціць упэўненасць, бадзёрасць; адчайвацца.

Падаць з ног — тое, што і валіцца з ног (гл. валіцца).

Падаць з рук — тое, што і валіцца з рук (гл. валіцца).

пада́ць, ‑да́м, ‑дасі́, ‑да́сць; ‑дадзі́м, ‑дасце́, ‑даду́ць; пр. пада́ў, ‑ла́, ‑ло́; зак., каго-што.

1. Даць, падносячы, аказваючы паслугу. Падаць кнігу. Падаць рэчы. □ Сямён падаў .. [Булаю] некалькі разцоў. Шыцік. // Аддаць, паднёсшы. Мікалай узяў ад мужчын грошы і падаў касіру. Пальчэўскі.

2. і з інф. Прынесці, паставіць на стол (пра ежу, пітво). Падаць абед. Падаць каву. □ Люба падала на стол снедаць. Чорны. // Паднесці як пачастунак. Трэці [салдат] — самы малады — Кажа: — Старшын[а], Сніў я: чарку падала Мне дачка твая... Танк.

3. каму. Даць як міласціну. Падаць жабраку. □ Маці зрабіла ўсё, што магла: яна падала.. [палонным] акрайчык хлеба. Брыль.

4. Даставіць на патрэбнае месца для пасадкі або пагрузкі. Падаць вагоны. □ Шафёр развярнуўся і заднім ходам падаў машыну да самых дзвярэй. Пальчэўскі.

5. і без дап. Звярнуцца куды‑н. з просьбай; прадставіць у пісьмовай форме. Падаць у суд. Падаць дакументы. □ Салаўёў падаў заяву ў завочны тэхнікум. Шахавец.

6. Разм. Штурхнуць, пасунуць што‑н. Падаць шафу ўлева. □ [Яўхім] ляніва падаў плячом дзверы ў сенцы. Мележ.

7. заг. пада́й, пада́йце або ў інф. пада́ць. Даць, аддаць, прывесці, прынесці і г. д. Падаць сюды гэтыя рэчы! □ — Дзе.. [ураднік]! — крыкнуў Янка, азіраючы вуліцу: — падайце мне яго сюды! Колас.

8. З многімі назоўнікамі ўтварае спалучэнні са значэннем таго ці іншага дзеяння ў залежнасці ад сэнсу назоўніка. Падпусціўшы.. [палякаў] на блізкую адлегласць, дзед Талаш падаў каманду. Колас. Разведчыкі пад голас птушкі падалі сігнал, але ніхто ім не адказаў. Няхай.

9. і без дап. У спартыўных гульнях з мячом, шайбай і пад. — увесці ў гульню.

10. і без дап. Сказаць, паддаваць што‑н. Падаць рэпліку. Падаць слова. Падаць думку. □ — Паспееш, — падаў Лазар і адвярнуўся да кампаніі. Гартны.

11. Паказаць, вывесці (у мастацтве, літаратуры). Просты вясковы пейзаж .. [Міхась Сяўрук] умее падаць неяк велічна, нечакана, у будзённым, звычайным выяўляе паэзію жыцця, яго хараство. Шматаў. // Расказаць, сказаць аб чым‑н. Падаць факты. □ Яркі малюнак гаспадарання польскай ваеншчыны падаў Мартын Рыль і яго дружына. Колас.

•••

Не падаць (не паказаць) віду (выгляду) — нічым не выявіць, не паказаць сваіх думак, пачуццяў, намераў і пад.

Падаць (даць) вестку — паведаміць пра сябе.

Падаць голас — а) абазвацца, выгукнуць што‑н., паказваючы на сваю прысутнасць; б) выказацца пра каго‑, што‑н.; в) прагаласаваць на выбарах за каго‑н.

Падаць прыклад — паслужыць, стаць прыкладам для іншых.

Падаць (працягнуць) руку дапамогі каму — памагчы каму‑н.

Рукой падаць — вельмі блізка, побач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)