КАЗАКО́Ў Мацвей Фёдаравіч (1738, Масква — 7.11.1812),

рускі архітэктар, адзін з заснавальнікаў рус. класіцызму. Вучыўся ў арх. школе Дз.​Ухтамскага (1751—60). Упершыню ў Расіі распрацаваў і ажыццявіў канструкцыі купалоў вял. дыяметра для палацавых і грамадскіх збудаванняў. Сярод работ: Сенат (1776—87), ун-т (1782—93, пасля пажару 1812 перабудаваны Дз.​Жылярдзі), Галіцынская бальніца (1796—1801), дамы-сядзібы Дзямідава (1779—91), Губіна (1790-я г.), цэрквы Піліпа Мітрапаліта (1777—88), Ушэсця (1790—93) — усе ў Маскве. У пабудовах рамант. кірунку пакідаў класічную аснову, для аздаблення фасадаў выкарыстоўваў дэкар. элементы стараж.-рус. архітэктуры (Пятроўскі палац у Маскве, 1775—82; цяпер Ваенна-паветр. акадэмія). Выдатны майстар інтэр’ера: зала шляхетнага сходу, Круглая зала ў будынку Сената, «залатыя пакоі» дома Дзямідава. У 1800—04 кіраваў складаннем планаў Масквы, стварыў серыі арх. альбомаў. Працаваў таксама ў графіцы. У 1792 арганізаваў арх. школу пры Экспедыцыі крамлёўскага будаўніцтва.

Літ.:

Власюк А.И., Каплун А.И., Кипарисова А.​А.​Казаков. М., 1957.

М.Ф.Казакоў. Будынак Сената У Маскве. 1776—87.

т. 7, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВАРЭ́НГІ (Quarenghi) Гварэнгі Джакома

(20 ці 21.9.1744, Вале-Іманья каля г. Бергама, Італія — 2.3.1817),

італьянскі архітэктар. Прадстаўнік рас. класіцызму. З 1761 вучыўся ў Рыме жывапісу; вывучаў ант. архітэктуру, работы А.​Паладыо. У Расіі з 1780. Пабудовы К. вылучаюцца яснасцю планіровачных вырашэнняў, прастатой і дакладнасцю аб’ёмных кампазіцый, манум. пластычнасцю форм, якая дасягалася ўвядзеннем урачыстых каланад на фоне гладкіх паверхняў сцен: Англійскі палац у Пецяргофе (цяпер Петрадварэц, 1781—94), будынкі АН (1783—89), Асігнацыйнага банка (1783—90), Эрмітажнага т-ра (1783—87), Кацярынінскага ін-та і Коннагвардзейскага манежа (1804—07), Смольны ін-т (1806—08) у Пецярбургу, Аляксандраўскі палац (1792—96) у Царскім Сяле (цяпер г. Пушкін) і інш. Рабіў малюнкі з выявамі стараж.-рус. дойлідства і сучасных яму пабудоў, жанравых сцэн. Выдаў гравіраваныя альбомы са сваіх праектаў Эрмітажнага т-ра і Асігнацыйнага банка (1787 і 1791) і 1-ы том збору сваіх праектаў (1810).

Літ.:

Архитектурные проекты и рисунки Д.​Кваренги из музеев и хранилищ СССР. Л., 1967.

Дж.Кварэнгі.

т. 8, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІМЕ́ЕР, Німеер Суарыс Філью (Niemeyer Soares Filho) Оскар (н. 15.12.1907, г. Рыо-дэ-Жанейра, Бразілія), бразільскі архітэктар; адзін з заснавальнікаў сучаснай школы браз. архітэктуры. Замежны ганаровы чл. АМ СССР (1983). Скончыў Нац. маст. школу ў Рыо-дэ-Жанейра (1934). Наватарская распрацоўка жалезабетонных канструкцый, пошукі іх эстэт. выразнасці вызначылі ў асн. работах Н. смеласць і свабоду планіровачных вырашэнняў, экспрэсію і пластычнае багацце форм: комплекс спарт. і відовішчных збудаванняў у Пампульі каля Белу-Арызонты (1942—43), у Рыо-дэ-Жанейра — банк Баавіста (1946), уласны дом Н. (1953), гасцініца «Насіянал» (1970); Музей прыгожых мастацтваў у Каракасе (Венесуэла; 1955—56). Паводле праектаў Н. забудоўваўся (з 1957) г. Бразілія з незвычайнымі па формах адм. і грамадскімі пабудовамі. У 1960—70-я г. праектаваў і будаваў грамадскія будынкі ў Гане, Італіі, Ліване, Францыі і інш. Міжнар. Ленінская прэмія 1963.

Тв.:

Рус. пер. — Архитектура и общество. М., 1975.

Літ.:

Хайт В.Л., Яницкий О.Н. О.​Нимейер. М., 1963.

т. 11, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТА́ЕЎ Георгій Аляксандравіч (н. 27.9.1944, Мінск),

бел. архітэктар. Д-р архітэктуры (1999). Скончыў БПІ (1967), з 1971 выкладаў у ім. З 1977 у ін-це БелНДІПгорадабудаўніцтва (з 1980 нам. дырэктара). З 1995 заг. кафедры БПА. Працуе ў галіне горадабудаўніцтва і ландшафтнай архітэктуры. Асн. праектныя работы: «Схема развіцця і размяшчэння курортаў, месцаў адпачынку і турызму, прыродных паркаў і запаведнікаў у СССР», «Генеральная схема развіцця і размяшчэння курортаў і зон адпачынку Беларускай ССР» (абодва 1981), «Схема размяшчэння і развіцця гарадскіх і сельскіх паселішчаў Беларускай ССР да 2000 года» (1982), «Генеральная схема комплекснай тэрытарыяльнай арганізацыі Беларускай ССР» (1989), «Схема размяшчэння першачарговых аб’ектаў аздараўлення і адпачынку насельніцтва Рэспублікі Беларусь, што пражывае на тэрыторыі, забруджанай радыенуклідамі» (1991; усе ў сааўт.). Адзін з аўтараў кніг «Горадабудаўнічае асваенне поймавых тэрыторый Беларускай ССР» (1986), «Горадабудаўніцтва Беларусі» (1988), «Горадабудаўнічыя асновы развіцця курортна-рэкрэацыйных раёнаў СССР» (1990), «Беларусь: асяроддзе для чалавека» (1996) і інш. Дзярж. прэмія Беларусі. 2000.

Тв.:

Рекреационные ландшафты: Охрана и формирование. Мн., 1996.

т. 12, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРУ́ЦЫ (Pemzzi) Бальдасарэ (хрышчаны 7.3.1481, г. Сіена, Італія — 6.1.1536),

італьянскі архітэктар і жывапісец. Супрацоўнічаў з Д.Брамантэ і Рафаэлем. У творчасці спалучаў прынцыпы Высокага Адраджэння з ранне-маньерыстычнымі тэндэнцыямі. Раннім пабудовам уласцівы лірычнасць і вытанчаная лёгкасць форм, больш познім — кантрасты нясучых і нясёных элементаў, напружана-дынамічная сувязь кампазіцыі з гар. асяроддзем. Сярод пабудоў: віла Фарнезіна (1509—11) і Палацца Масіма але Калоне (1536) у Рыме, партал царквы Сан-Франчэска (1519) у Сіене, палац Фарнезе (1535) у Капрароле і інш. З 1520 кіраваў буд-вам сабора св. Пятра ў Рыме. Аўтар манум. размалёвак, якія вызначаюцца тонкім дэкаратывізмам, часам ілюзіяністычнымі эфектамі: фрэскі ў царкве Сант-Анофрыо (каля 1503), на віле Фарнезіна (з 1511), у капэле Панцэці царквы Санта-Марыя дэла Пачэ (1516—17) у Рыме, у царкве Фантэджуста (1528), на віле Белькара (1530) у Сіене і інш. Афармляў спектаклі і феерыі, паўплываў на развіццё перспектыўнай тэатр. дэкарацыі.

Б.Перуцы. Віла Фарнезіна ў Рыме. 1509—11.

т. 12, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЦА (Pozzo) Андрэа (30.11.1642, г. Трэнта, Італія — 31.8.1709),

італьянскі жывапісец і архітэктар, майстар манум. жывапісу барока. Вучыўся ў Мітэлі і Калоны ў Парме і Бібіены ў Балонні. Зазнаў уплыў П. Веранезе і П.​П.​Рубенса. З 1677 працаваў у Турыне, Модэне, Рыме, Таскане, з 1703 у Вене. Стварыў віртуозна-эфектныя ілюзіяністычныя размалёўкі царк. і свецкіх інтэр’ераў, дзе знікае мяжа паміж рэальнай і жывапіснай архітэктурай, сценамі і скляпеннямі, сапраўдным і намаляваным ляпным дэкорам. Сярод работ: размалёўкі цэркваў Сан-Франчэска ў Мандаві (1676—77), Сан-Барталамеа ў Модэне (1679—80), Сант-Іньяцыо ды Лаёла ў Рыме (1685—94), «Алтар святога Ігнація» ў іль Джэзу (1695—99). У ліку апошніх размалёвак — імператарскі тэатр (не захавалася), «Апафеоз Геркулеса» на плафоне Залы Геркулеса ў летнім палацы Ліхтэнштэйн (1704—08), «Успенне Марыі» ва універсітэцкай царкве (1709) у Вене. Аўтар трактата «Перспектыва жывапісцаў і архітэктараў» (1693—1700).

А.Поца. Фрэска «Апафеоз Святога Ігнація Лаёлы» ў царкве Сант-Іньяцыо ды Лаёла ў Рыме. 1685—94.

т. 12, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЫЧО́ВА Ала Васілеўна (н. 28.10.1928, С.-Пецярбург),

бел. архітэктар, педагог. Д-р архітэктуры (1983), праф. (1985). Скончыла Уральскі політэхн. ін-т у г. Свярдлоўск (1956). Працавала ў ін-це «Белдзяржпраект» (1958—61). З 1964 выкладае ў Бел. нац. тэхн. ун-це. Працуе ў галіне горадабудаўніцтва, ландшафтнай архітэктуры. Найб. значныя праектныя работы: схема планіроўкі зон адпачынку на воз. Нарач і вадасховішчы Пціч (Мінскі р-н, 1959), парк у г. Беразіно (Мінская вобл., 1979; усе ў сааўт.) і інш. Аўтар больш за 170 навук. прац, навучальных дапаможнікаў. Дзярж. прэмія Беларусі 2000.

Тв.:

Загородный отдых детей. М., 1971;

Охрана природы и архитектура. Мн., 1976;

Ланішафтный облик белорусского села. Мн., 1982;

Архитектурно-ландшафтная среда: Вопр. охраны и формирования. 2 изд. Мн., 1982;

Ландшафтный дизайн. Мн., 1984 (разам з Н.​П.​Цітовай);

Градостроительство Белоруссии. Мн., 1988 (у сааўт.);

Градостроительство и территориальная планировка: Понятийно-терминол. словарь. Мн., 1999 (у сааўт.);

Ландшафтная архитектура. Мн., 2002.

А.В.Сычова.

т. 15, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛІМО́НАЎ Сяргей Дзмітрыевіч (н. 14.4.1937, г. Манчагорск Мурманскай вобл., Расія),

бел. архітэктар. Канд. архітэктуры (1971). Скончыў БПІ (1960). Працаваў у ін-це «Белдзяржпраект» (у 1960—73 і 1988—94 кіраўнік майстэрні). З 1973 выкладаў у БПА (да 1983 заг. кафедры, у 1996—98 праф.). Асн. работы: актавая зала Бел. с.-г. акадэміі ў г. Горкі Магілёўскай вобл. (1962), спарт. комплекс «Дынама» на Камсамольскім воз. (1978, 1-я чарга; зала маст. гімнастыкі, 1996) у Мінску, гасцініца «Гарызонт» у г. Баранавічы Брэсцкай вобл. (1980). У сааўт. выканаў праекты Мінскага палаца спорту (1963—66), Палаца культуры ў г. Салігорск Мінскай вобл. (1965—68), спарт. комплексу ДАІ па вул. Сямашкі (1994—2000), гандл.-выставачнага комплексу «Аквабел» (1996—98) у Мінску; палацаў спорту ў рас. гарадах Чэлябінск (1967) і Валгаград (1974). Даследуе праблемы архітэктуры шматмэтавых відовішчных і спарт. збудаванняў. З 1998 жыве за мяжой.

Тв.:

Архитектура универсальных зрелищноспортивных залов. Мн., 1980;

Архитектура общественных зданий Белоруссии. Мн., 1985.

т. 16, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭНТРЫ́ЧНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,

пабудовы, сіметрычныя адносна верт. восі ў цэнтры гал. памяшкання, якое дамінуе ў арх. кампазіцыі. Функцыян. і маст. значэнне Ц.з. можа быць выяўлена і ў плане (круг, квадрат, шматграннік ці больш складаная геам. фігура) і ў вонкавым выглядзе.

Найб. пашыраны ў відовішчных, выставачных і прамысл. збудаваннях, у культавай архітэктуры Сярэдняга і Д.​Усходу, Зах. і Усх. Еўропы (Італія, архітэктура Высокага Адраджэння).

На Беларусі Ц.з. вядомы са старажытнасці ў крыжова-купальных храмах, абарончай архітэктуры стыляў готыкі і рэнесансу. Найб. пашыраны ў канцы 18 — пач. 19 ст. (Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор, Моладаўская капліца, Слаўгарадская царква Раства Багародзіцы).

Узор мемар. Ц.з. — капліца Ляснянскага мемарыяльнага комплексу. Сярод прыкладаў сучасных Ц.з. будынак творчага аб’яднання «Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь», Мінскі цырк, Гомельскі цырк, павільёны Нац. выставачнага цэнтра «БелЭкспа» і крытага рынку «Камароўскі», жылыя дамы па вул. Веры Харужай у Мінску.

Т.​В.​Габрусь.

Да арт. Цэнтрычныя збудаванні. Віла «Ратонда» каля г. Вічэнца (Італія). Архітэктар А.​Паладыо. 16 ст.

т. 17, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЎРЭ́ЦКІ Генадзь Аляксандравіч (н. 3.7.1958, г.п. Вышкаў Злынкаўскага р-на Бранскай вобл., Расія),

бел. гісторык архітэктуры, архітэктар. Канд. мастацтвазнаўства (2000). Скончыў БПІ (1980), Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (1988). З 1979 працаваў у ін-це «Белспецпраектрэстаўрацыя», з 1989 выкладчык БНТУ. Навук. кіраўнік і аўтар праектаў рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры 12 ст. — Віцебскай Благавешчанскай царквы (1992—99), Гродзенскай Барысаглебскай царквы (з 1997) і інш. Даследуе гісторыю стараж.-рус. дойлідства, помнікі культавай архітэктуры.

Тв.:

Школы зодчества на территории Белоруссии (11—12 вв.) // Стр-во и архитектура Белоруссии. 1991. № 3;

Православное зодчество Беларуси. Мн., 1995;

Возрождение святынь // Беларусь: среда для человека. Национальный отчет о человеческом развитии. Мн., 1996;

Полоцк — второй Иерусалим?! // Архитектура и стр-во. 1996. № 4;

«Свет невечерний» над Двиною // Там жа, 1999. № 6;

«Благодать Родшагося от Мене и Моя с сими иконами да будет» // Пятисотлетие явления Минской иконы Божией Матери. Мн., 2000;

Архитектурное наследие Беларуси XII века // Градостроительство и архитектура: актуальные проблемы. Мн., 2002.

т. 18, кн. 1, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)