Вары́згацца ’займацца пустымі размовамі; доўга з чым-небудзь вазіцца’ (Мядзв.), вораскаться ’тс’ (Мядзв.), вары́згаць ’гаварыць бязглузда і недарэчна’ (КЭС). Параўн. рус. дыял. вары́згать ’паспешна, неакуратна есці’, вара́згаться ’рабіць што-небудзь няўмела, доўга вазіцца’. Параўн. далей бел. варзе́каць ’размазваць што-небудзь густое’, рус. варза́кать ’рабіць што-небудзь наспех, сяк-так; дрэнна, неахайна пісаць’, укр. варзя́кати, верзя́кати ’балбатаць, вярзці’. Паколькі ў адным слове часта аб’яднаны значэнні ’пагана рабіць’ — ’балбатаць, гаварыць пустое, вярзці’ (параўн., напр., рус. вара́кать ’дрэнна рабіць, пэцкаць; гаварыць абы-што, вярзці’), то можна зыходзіць з *vьrz‑ti (вярзці́, укр. верзти́), да слав. *vьrz‑ ’плесці’. Форма вары́згацца (< варазгацца; параўн. варыхацца < варахацца) — гэта нібы экспрэсіўнае «паўнагалоссе» (vьrz‑ > верз‑ > вараз‑).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Вечаркі, вечарке́ (Сцяшк. МГ), зах.-палес. вычоркы́ ’вечарынка’ (Клім.), укр. паўн. вечіркы, вечу͡орки, вечурки, зах. вечорки ’тс’, рус. сіб. ве́черки, вечерки́ ’вечарынкі’, паўн. вечёрка ’вячоркі’; ’развітальны вечар у маладой, дзявочнік’, польск. wieczorek ’вечарынка’, vʼecurek, vʼecurka ’вечар, калі разам збяруцца і мыюць (бялізну), лушчаць (гарох), скубуць (воўну)’, славац. večierok ’вечар’; ’невялікая вячэрняя забава, урачыстасць з музыкай, танцамі’, балг. вече́рка ’вячоркі’. Відавочна, гэта старое ўтварэнне ад večer‑ і суф. ‑ъkъ, які надае слову адценне памяншальнасці: вячоркі, па сутнасці, адбываліся на працягу не цэлага зімовага вечара, а толькі яго часткі; параўн. тое ж і ў літ. vakarė̃lis ’вечарынка’ — vãkaras ’вечар’. Ужываецца лексема ў множным ліку, таму што вячоркі — шматразовая падзея. Гл. таксама вячоркі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вулле́ ’вулей’ (Янк. I), ву́лле ’тс’ (Мат. Гом.), вуьле́ ’тс’ (палес., КСТ), вуллё ’тс’ (Крывіцкі, вусн. паведамл.), гу́льля ’вулей’ (брэсц., Сігеда, вусн. паведамл.), укр. палес. ву́льє, ву́льлє ’невялікая пасека’, рус. бранск. вуллё ’вулей’. Ад вуль (гуль) ’тс’, гл. вулей, з суфіксальным ускладненнем, магчыма, пад уплывам семантычна блізкага дупле́ ’дупло’ (жыт., Арх. ГУ), дуплё ’тс’ (Бяльк.) (< duplьje); адносна суфіксацыі гл. Слаўскі, SP, 1, 85 і наст.; Мартынаў, Деривация, 56 і наст.; аднак гэта форма можа ўспрымацца як зборны назоўнік, гл. вульлё, мн. л. ад вулей (Шат.), вульлё ’тс’ (Растаргуеў, Бранск.), параўн. галлё, у выніку чаго для падкрэслівання значэння адзінкавасці дадаецца іншы суфікс, параўн. вульля́к ’вулей’ (Бяльк.), вулья́к ’тс’ (Растаргуеў, Бранск.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лю́бжа, лю́бша ’замова на каханне’, ’нагаворнае зелле’ (Гарэц.), ’ятрышнік, зязюлька плямістая, Orchis maculala L.’ (Растарг.), ’чараўнік, Platanthera bifolia L. C. Rich’ (Кіс.). Укр. любжа ’ятрышнік’, рус. смал., арл., кур. любжа ’ятрышнік’, ’чараўнік’. Утворана ад любіць (Сцяцко, Афікс. наз., 79). Матывацыя (Махэк, Jména, 299): расліна мае два клубні, якія нагадваюць яйцы, таму існавала павер’е, што прырода нібыта сама ўказала на тое, што гэта расліна служыць для павышэння патэнцыі (параўн. чэш. vstavač, польск. storczyk), выклікаючы каханне. Іншыя назвы звязаны з зязюляй (параўн. бел. зязюлька, чэш. žežhulka, zezulka, kukačka), бо яна (паводле фальклорных песень) мае адносіны да кахання і плоднасці. Прасл. lʼubьža (Трубачоў, Эт. сл., 15, 189).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ляту́н ’лётчык, пілот’ (Бяльк., б.-каш., Мат. Гом.) (рус. лету́н, чэш. letoun ’лятаючае насякомае’, ’кажан’, ’самалёт’, славац. letún ’тс’). Новае ўтварэнне — семантычны перанос з ляту́н ’той, хто лётае, хутка ходзіць, бегае’ (ТСБМ). Да лётаць (гл.). Аб суфіксе гл. Слаўскі (SP, 1, 134–135), Сцяцко (Афікс. наз., 68). Зусім новае ў бел. мове ’той, хто часта мяняе месца працы’ — з рус. лету́н ’тс’, якое (іран.) ’селянін, які не хацеў жыць у сваёй вёсцы, а шукаў дзесьці дадатковыя заробкі’. Крукоўскі (Уплыў, 151) разглядае гэта як сэнсавую кальку. Сюды ж: ляту́н ’дробны лешч, Abramis brama L.’, ’гусцяра, Blicca bjoerkna L.’ (Інстр. II), а таксама ляту́ха ’тая, што шпарка ходзіць, бегае’ (міёр., З нар. сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лі́чнік 1 ’лік простага дробу, які стаіць над рысай’ (ТСБМ). Запазычана з польск. мовы, дзе licznik ’тс’ (з XVIII ст.) < liczyć ’лічыць’ (Слаўскі, 4, 243–244) з’яўляецца калькай з с.-лац. numeralor ’лічыльнік’ < лац. ’той, хто лічыць’.

Лі́чнік 2 ’апаўшыя камлючкі з хвоі або елкі’ (івац., Нар. сл.). Можна дапусціць роднаснасць са ст.-польск. licznik ’самшыт, Buxus sempervirens L.’ (Слаўскі, 4, 244), утвораным ад лац. lycium ’лікій — лякарства, якое складалася з сокаў розных раслін, у тым ліку і самшыту, крушыны’ > ’сок самшыту’ > ’самшыт’. Аднак больш імаверна, што гэта слова ўзыходзіць да ⁺іглічнік (< ігліца ’калючкі з хвоі ці елкі’) — з адпадзеннем пачатковага і‑, а пасля і ‑г‑ (як, напрыклад, бел. лянь! < глянь!).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вэль ’вуаль, вэлюм у маладой’ (Малчанава, Мат. культ., 167). Гэтага слова няма ні ў польск., ні ў рус., ні ва ўкр. мовах, і ў зах.-еўрап. мовах не знаходзіцца нічога, што б магло быць крыніцай бел. слова. Таму можна меркаваць, што яно ўтворана на беларускай глебе: відавочна, гэта скарачэнне або слова вэ́люм або ж вэ́лян (можа, не без уплыву ідэнтычнай па семантыцы лексемы вуа́ль). Толькі выпадкова бел. слова супадае з серб.-харв. ве̏о (род. ве̏ла) і славен. vel ’пакрывала, вуаль’ (паўдн.-слав. лексемы ўзяты з іт. velo < лац. vēlum), таму што аб запазычанні бел. мовай з серб.-харв., славен. або іт. не можа быць размовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вэ́рхал (БРС) ’гоман, малая звадка’ (КЭС); ’беспарадак’ (Бір. Дзярж.); ’лямант, гвалт’ (Жд.). Таго ж паходжання, што і ва́рхал ’тс’ (гл.), г. зн. запазычанне з польск. warchoł. Форма вэ́рхал (падобнай формы ў польскай мове няма) другасная, узнікла ў бел. мове, відаць, з формы тыпу вархо́л (апошняя, напр., засведчана ў гаворках Слаўгарадчыны; гл. Яшкін, Бел.-польск. ізал., 157) пры перанясенні націску на першы склад. Параўн. багно́, але бэ́гна, барса́ць, але бэ́рсаць і да т. п. Яшкін (там жа) лічыць вэ́рхал, ва́рхал не запазычаннем, а агульным утварэннем для беларуска-польскай зоны. Гэта няправільна, бо ў польск. мове слова з’яўляецца спрадвечным і адлюстроўвае (разам са шматлікімі вытворнымі; гл. Брукнер, 601–602) прасл. адносіны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вяпру́к ’кабан’ (БРС, Мал., Шн., Нас., Бяльк., Сцяшк. МГ); ’кастрыраваны кабан’ (Інстр. II, ДАБМ, 885); ’парсюк, дзікі парсюк, дзік’ (Сцяшк. МГ). Да пашырэння слова вяпру́к ’пакладаны кабан’ і роднасных форм (вапе́р, япру́к і інш.) гл. ДАБМ, карта № 292. Форма вяпру́к вядома на значнай частцы беларускай тэрыторыі ў гаворках і пранікла ў літаратурную мову. Параўн. яшчэ рус. дыял. (смал.) вапер, ваперь, вепирь, вапрюк ’тс’ (СРНГ). Слова гэта праславянскае (*veprь; параўн. рус. вепрь, укр. вепр, ве́пер, польск. wieprz, чэш. vepř, ст.-слав. вепрь, балг. ве́пър, серб. ве̏пар і г. д.). Непасрэдна *veprъ адлюстроўваецца ў бел. вапе́р, вя́пер, ве́пер (гл., там і этымалагічныя версіі). Да вяпру́к; параўн. яшчэ Мартынаў, Лекс. Палесся, 8.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гале́тнік ’бядняк’ (БРС, Касп., Нас.). Ад прыметніка *golъ ’голы; бедны’ ў слав. мовах утвараецца шмат назоўнікаў з рознымі суфіксамі, у тым ліку з суф. *‑eta (паралельная фармацыя, быццам з апафоніяй, да ‑ota). Адсюль шырока вядомае слав. *golota і менш пашыранае *goleta. Гэта апошняе мы знаходзім, напр., у бел. галіта́ ’беднасць’ (у Нас. голита́) < *gol‑eta. Адсюль пры дапамозе суф. ‑нік утворана гале́тнік (або з суфіксам ‑ік ад прыметніка *gol‑et‑ьnъ). Суфікс *‑eta з элементам ‑j‑ (*‑et‑ja) дае пачатак новаму фарманту — *‑eč‑a (усх.-слав.). Параўн. бел. гале́ча ’беднасць’ (Касп.), укр. голе́ча ’галота, беднякі’ (у рус. мове голе́ча мае больш абстрактнае значэнне ’галалёдзіца’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)