Камя́та ’прымітыўная лодка ў выглядзе карыта, выдзеўбаная з аднаго ствала дрэва’ (бых., Рам. 8; Нас., Мядзв., Жд. 2; добр., Мат. Гом.); ’карыта ля калодзежа для вадапою’ (Бяльк.; Др.-Падб., Гарэц., Нас., Юрч., Яруш.; Багародзіцкі, УЗ ЛГПИ, 1968, 325, с. 94, 97, 102) ’жолаб’ (Сержп., Отчет; Юрч., Бяльк.); камяжышча ’месца, дзе стаіць камяга’ (Яшк.). Укр. комʼява, польск. komięga (komiega)t рус. коняга. Прасл. komęga, якое ў сувязі з адсутнасцю значэння ’ствол дрэва’ ў прасл. котъ трэба разглядаць як komę‑ga < *komen‑ga з адхіленнем у вакалізме кораня fomy/tomene (адкуль ст.-чэш. kmen ’сцябло, ствол’). Роднаснае да яго літ. kamenas ’ствол, сцябло’ (Трубачоў, Эт. сл. 10, 172–173). Іншыя дапушчэнні аб паходжанні слова (гл. Фасмер, 2, 307; Слаўскі, 2, 382–384) з’яўляюцца малаімавернымі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кано́плі ’расліна Cannabis sativa L.’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяшк.; навагр. Жыв. сл.; гродз., гом. брэст., Кіс.), канапля (Сержп., Грам., Яруш.; віц., маг. Кіс.), кыноплі́, канаплі́ (Бяльк.; Шат.), калопня, калапні ’тс’ (Яруш.; гродз., мін. Кіс.). Укр. конопля, рус. конопля, польск. konopie, каш. ku̯ónopla, н.-луж. konopje, в.-луж. konopje, чэш. konopě, славац. konope, славен. konóplja, серб.-харв. ко̀нопља, макед. коноп, балг. коно́п(ье). Прасл. konopja, konop(j)ь. Да інда-іран. *kana‑ ’насенная’. У якасці еўрапейскага культурнага слова выкарыстана форма *kana‑pus‑ ’мужчынскія каноплі’ (параўн. ст.-інд. púmān ’мужчына, самец’) > ’каноплі ўвогуле’, а для ’мужчынскай каноплі’ ўжывалася словаскладанне *pus‑kana > слав. poskonь (бел. і плоскуні). Больш падрабязна агляд літ-ры гл. Фасмер, 2, 312; Слаўскі, 2, 423–426; Трубачоў, Эт. сл., 10, 188–193).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Касы́ ’косы’. Агульнае значэнне ў гэтага прасл. слова ’косы, крывы і да т. п.’ Прасл. *kosъ: параўн. рус. косо́й, укр. ко́сий, бел. касы́, ко́сы, польск. kosy, чэш. kosý, славац. kosý, серб.-харв. ко̏с і г. д. Прасл. *kosъ ’косы. крывы’ таго ж кораня, што і ў слове *kosa ’прылада для касьбы і да т. п.: параўн. бел. каса́, рус. коса́, укр. коса́, польск. kosa, чэш. kosa, серб.-харв. ко̀са, славен. kósa, в.-луж., н.-луж. kosa і г. д. (< прасл. *kosa). Паводле Трубачова, Эт. сл., 11, 177–179 (асабліва 179), складаная праблематыка гісторыі прыметніка *kosъ можа быць высветлена, калі прыняць самастойнае развіццё і ўтварэнне прыметніка *kosъ ад дзеяслоўнага кораня *kes‑, які ляжыць у аснове *česati. Гл. яшчэ Слаўскі, 2, 535; Шанскі, 2, К, 351–352.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ката́ць ’катаць’ (у розных значэннях). Слова вядома не ва ўсіх слав. мовах (у такой форме) і этымалогія яго таксама няпэўная. Трубачоў (Эт. сл., 9, 162) параўноўвае балг. дыял. ка́там ’хадзіць на справах, гаспадарыць’, ст.-рус. катати ’катаць’, рус. ката́ть ’вазіць і да т. п.’, ’гойдаць’, ’ляжаць хворым’, ’рабіць з бітай шэрсці’, ’валяць (абутак)’, ’гладзіць’, далей укр. ката́ти ’біць’, ката́тися ’катацца’, ката́ти ’качаць катком зямлю’, ’выціскаць ваду качаннем’, далей бел. ката́цца ’катацца’, ката́ць (дыял.) ’скручваць у трубку’. Магчыма (як зваротныя вытворныя), сюды адносяцца чэш. kat ’кат’, славац. kat, польск. kat, далей рус. дыял. кат ’калёсны след’; ’каток для ўкачвання поля’ і інш. Прасл. *katati (sę), якое суадносіцца з прасл. *kotiti (гл. каці́ць) і *katjati (гл. кача́ць). Параўн. яшчэ Фасмер, 2, 209–210.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кашмір, кашамі́р тонкая мяккая шарсцяная, напаўшарсцяная або баваўняная тканіна’, кашміро́ўка ’кашміравая хустка’ (ТСБМ, Касп.). Рус. кашми́р, кашеми́р ’тс’, укр. кашеми́р, польск. kaszmir, kaszemir і г. д. У рус. мове. паводле Фасмера, 2, 215, вядома з часоў Гогаля: паводле Шанскага, 2, К, 105, першая фіксацыя ў рус. мове адносіцца да 1847 г. У польск. мове гэта лексема з’явілася раней; Слаўскі (2, 97) адзначае, што наогул слова вядома з XIX ст., але ў другой палавіне XVIII ст. выступаюць варыянты тыпу kaźmirek (у Ліндэ). kaźmirz (дасюль і рус. старое казими́ровый ’кашміравы’ праз польск. формы з італ. casimiro: гл. Фасмер, 2, 160). Ад назвы вобласці Кашмір у Індыі (ст.-інд. Kāçmiras). Гл. яшчэ Бернекер, 1, 496. Формы кашми́р, кашеми́р, паводле Фасмера, там жа, узяты з франц. cachemire

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ашлап ’верхняе бервяно ў зрубе, якое кладуць на бэлькі’ (карэліц., Весці АН БССР, 1969, 4, 126), ошлап (стол., Шушк.), ошлапа ’бервяно, якое кладзецца пад вокнамі (КСТ), ашлапны ’ахопліваючы, верхні’ (Касп.). Наяўнасць навагр. атла́б ’выемка ў ніжнім бервяне для шчыльнага прылягання з верхнім’ (Сцяшк.) робіць магчымым супастаўленне з літ. ùžlapas ’закрыты’ (параўн. Арашонкава і інш., Весці АН БССР, 1969, 4, 126), якое ўтварае пару з ãtlapas ’адкрыты’, аднак цэлае гняздо слоў з больш шырокім значэннем, гл. ашлапіць, прымушае прыняць славянскае паходжанне ці, ва ўсякім разе, лічыць цалкам магчымым такое паходжанне слова або поўную фармальную і семантычную яго адаптацыю, параўн. укр. палес. нашлапа ’тс’ (Лысенка, СПГ), рус. смал. шлапник ’папярочная бэлька, на якой трымаецца столь’. Цікавую паралель дае ахлуп і ачэп ’тс’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бадзя́цца ’бадзяцца, цягацца, валачыцца; валяцца’ (Шат., Касп., Нас., Янк. Мат., Бір. Дзярж., Гарэц., Бяльк.), ’валяцца’ (Жд.: бадзялася скошаная трава). Слова няяснага паходжання. Параўн. рус. дыял. (зах.) бодя́ться ’тс’, польск. дыял. badziać się, bodziać się ’бадзяцца’ (Карловіч: z Litwy). Даль выказвае (з запытаннем) не вельмі пэўную думку аб паходжанні ад бода́ть ’калоць, біць рагамі’. Магчыма, што гэта дзеяслоў экспрэсіўнага паходжання. Не выключаецца, што ёсць сувязь з бадзя́ць ’неахайна адносіцца, насіць (адзенне, абутак); пэцкаць’ (гл.), укр. гуц. ба́дити (абба́дити) ’знайсці’ (*baditi < *ob‑vaditi да *vada ’перашкода’; першапачаткова ’знайсці, перамагаючы перашкоды’ → ’шукаць, хадзіць шукаючы’ → ’бадзяцца’). Параўн. і палес. бада́ццэ ’пераадольваць цяжкасці; перабівацца’ (Лысенка, ССП). Тады ў бадзя́цца — экспрэсіўная палатальнасць (замест бада́цца). Наўрад ці ёсць сувязь з польск. badać się ’дапытвацца, дашуквацца’. Сюды ж бадзя́га ’валацуга’ (Касп., Нас., Бяльк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Блін 1 ’блін’. Рус. блин, укр. блине́ць. Слова ў гэтай форме пераважна ўсх.-слав. Зыходзячы з такіх форм, як ст.-рус. млинъ, укр. млине́ць, балг. млин, серб.-харв. мли̏нац, в.-луж. blinc//mlinc, н.-луж. młync і да т. п., звычайна лічаць, што першапачаткова было mlinъ (да прасл. melti ’малоць’), якое дысімілявалася (m–n > b–n). Так Сольмсен, KZ, 37, 589 і наст.; Міклашыч, 186; Праабражэнскі, 1, 30; Фасмер, 1, 175; Рудніцкі, 146. Ільінскі (РФВ, 61, 239 і наст.) разглядае форму блін асобна (яго рэканструкцыя: *бълинъ, якое быццам роднаснае ням. Beule ’шышка’), але гэта не пераконвае. Не пераконваюць таксама версіі пра запазычанне (аб гэтым Фасмер, 1, 175).

Блін 2 ’млын’ (Сцяц.). Мабыць, дысіміляцыяй (м–н > б–н) з млін (гл. млын).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Брак 1 ’нястача’ (Сцяшк. МГ, БРС, Яруш., Сцяшк., Шат.). Укр. брак ’тс’. Запазычанне з польск. brak ’тс’ (а гэта з с.-н.-ням. brak ’тс’); гл. Бернекер, 80; Брукнер, 38; Фасмер, 1, 206; Слаўскі, 1, 41; Рудніцкі, 191; Шалудзька, Нім., 22. Таксама бел. бракава́ць ’не хапаць’, укр. бракува́ти < польск. brakować; Рыхардт, Poln., 36; Кюнэ, Poln., 46. Параўн. яшчэ Булыка, Запазыч., 48.

Брак 2 ’дэфект’, бракава́ць. Рус. брак, бракова́ть, укр. брак, бракува́ти. Праз польск. brak, brakować з с.-н.-ням. brak ’дэфект, недахоп’ (параўн. ням. brechen ламаць’). Бернекер, 80; Фасмер, 1, 206; Рудніцкі, 191; Рыхардт, Poln., 36; Кюнэ, Poln., 46; Брукнер, 38; Слаўскі, 1, 41. Выходзіць, што гэта слова таго ж паходжання, што і брак 1 але развіццё семантыкі ішло рознымі шляхамі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Матаві́дла, матаві́дло, матаві́длы ’прыстасаванне для змотвання нітак у маткі або з маткоў у клубкі’ (Жд. 1, Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.; воран., Шатал.), матаві́ла, мытаві́ла, матаві́ло, мотові́ло ’тс’ (ТСБМ, Бір. дыс., Нас., Шат., Касп., Бяльк.; ТС, Маш.; КЭС, лаг.; докш., Янк. Мат., браг., Нар. сл.), жытк. мотоі́ло (Выг. дыс.), рэч. матаі́ла ’тс’ (Мат. Гом.); (перан.) матаві́ла ’пудзіла ў гаросе або пшаніцы ад вераб’ёў’ (Нас.), ’маталыга’ (Мат. Маг.). Укр. мотови́ло ’тс’, ’вол, які мае звычку матаць галавой пры запраганні’, рус. мотовило, польск. motowidło, в.-луж. motydło, чэш., славац. motovidlo, славен. motovílo, серб.-харв. мото̀вило, макед. мотовило, балг. мотовила. Прасл. moto‑vidlo < motoviti — складанае слова з motati (> мата́ць) і viti (> віць) (Скок, 2, 412; Махэк₂, 375). Бязлай (2, 197) выводзіць памылкова прасл. moto‑vitlo (Куркіна, Этимология–83, 191).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)