вы́біць, ‑б’ю, ‑б’еш, ‑б’е; зак.

1. што. Рэзкім штуршком прымусіць што‑н. выпасці адкуль‑н. Выбіць зброю з рук. Выбіць акно. Выбіць корак з бутэлькі. □ — З нашым братам паляўнічым усё можа здарыцца, — закончыў Лукаш [размову] і выбіў попел з выкуранай люлькі. Пальчэўскі.

2. перан.; каго. Разм. Вывесці каго‑н. са звыклага стану. Выбіць з рытму. □ Сядзець і чытаць далей было ўжо немагчыма. Бацькі выбілі з раўнавагі. Пестрак.

3. што. Здабыць ударамі што‑н. з чаго‑н. Сам камендант стрэліў з пісталета ў сцяну элеватара. Куля выбіла іскру. Хомчанка. // Страляючы, трапіць пэўную колькасць разоў у мішэнь. Выбіць 90 ачкоў са 100. // перан.; з каго-чаго. Дамагчыся чаго‑н. прымусам, біццём. Ні слова не выбілі ворагі з іх [партызан]. Непераможных, магутна-жывых. Кірэенка.

4. каго. Выгнаць, адцясніць непрыяцеля. Наша рота марской пяхоты імклівым ударам выбіла гітлераўцаў са станіцы. Барашка.

5. што. Трасучы, калоцячы, вычысціць што‑н. Выбіць дыван.

6. што. Зрабіць паглыбленне ў чым, на чым‑н. За мостам пачаліся калдобіны, ..тралёвачныя трактары выбілі іх вясной на старой шашы. Пташнікаў. // Вычаканіць, выціснуць. Выбіць медаль. / у перан. ужыв. На скрыжалях шчаслівае вечнасці Выб’юць золатам гэтыя дні. Глебка. // Адціснуць пячатку, штэмпель. Выбіць чэк у касе.

7. што. Знішчыць (пра пасевы, траву). Град выбіў жыта.

8. што. Пракласці яздою, хадзьбою; пратаптаць. Выбіць дарогу па сенажаці. Выбіць сцежку ў жыце. // Утрамбаваць, зрабіць роўным, гладкім. Выбіць ток у гумне. □ [Бацька з Юркам] падлогу пасля пакладуць, а цяпер [дол] глінай выбілі. Пташнікаў.

9. што. Адбіць што‑н. дробным стукам. Выбіць чачотку.

10. што. Разм. Ударамі адлічыць, прабіць пэўны час. Падвешаны на сцяне гадзіннік выбіў дванаццаць. Гартны. На замкавай вежы выбіла гадзіну. Чорны.

11. што. Прынесці адкуль‑н., выкінуць (хвалямі і пад.). Гуляючы, выбіла мора на белы вільготны пясок іржавы патрон ад вінтоўкі. Вялюгін.

12. што. Разм. З цяжкасцямі дамагчыся чаго‑н., атрымаць што‑н.

•••

Выбіць глебу (грунт) з-пад чыіх ног — прымусіць пераканацца ў беспадстаўнасці чаго‑н.; пазбавіць упэўненасці ў чым‑н.

Выбіць што з яго (яе, іх і пад.); выбіць што з галавы — адвучыць ад якіх‑н. звычак, схільнасці і пад., прымусіць адмовіцца ад чаго‑н.

Выбіць з каляіны (каляі) — парушыць прывычны рытм жыцця, звычайны ход спраў.

Выбіць з сядла — а) збіць праціўніка з каня; б) перан. вывесці з прывычнага стану.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ігра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. што на чым і без дап. Выконваць што‑н. на якім‑н. музычным інструменце. Іграць польку на баяне. Іграць на жалейцы. □ Машыніст іграў. Барыню змяніла лявоніха, потым пайшлі вальсы. Хомчанка. / Пра радыё, аркестр, патэфон і пад. Радыё іграе. Аркестр іграе паходны марш. // перан.; на чым. Выкарыстоўваць чые‑н. пачуцці, схільнасці і пад. для дасягнення пэўных мэт. Іграць на высакародных пачуццях.

2. Удзельнічаць у спектаклі, выступаць на сцэне, у кіно. Іграць без грыму. Іграць у п’есе. □ Яна з поспехам іграла на універсітэцкай сцэне. Васілевіч. // каго-што. Выконваць якую‑н. ролю на сцэне. Аксане даставаліся галоўныя ролі ў п’есах, а я іграў вартавых, салдат і г. д. Пянкрат. — А іграць нас трэба такімі, якімі былі мы — простымі людзьмі, адарванымі вайною ад будзённых спраў. Шчарбатаў. // што. Выконваць, ставіць на сцэне, у тэатры. Іграць п’есу «Лявоніха на арбіце». // перан. Выдаваць сябе за каго‑н.; маскіраваць свае паводзіны, замыслы. — [Маша] цікавая. Спачатку мне здалося, што яна іграе... А ў жыцці нельга іграць! Шамякін. // перан.; на што. Садзейнічаць чаму‑н., спрыяць чаму‑н. Усе штрыхі, усе мастацкія дэталі павінны іграць на галоўную думку спектакля. Сабалеўскі.

3. Тое, што і гуляць (у 2 знач.). Іграць у карты.

4. на чым, у чым. Блішчаць, адбіваючыся ў чым‑н., ад чаго‑н. (пра святло, сонечныя прамяні і пад.). Іграе ранішняй сонца на жывой вадзе. Лынькоў. // Пералівацца рознымі колерамі. Па дарозе вада рассыпалася ў пыл, іграла на сонцы ўсімі колерамі. Маўр. Зялёныя шаты Пад сонцам іграюць стракатасцю фарб. Звонак. // Класціся, перамяшчацца, падаць няроўнымі рухомымі блікамі, плямамі. Сонечная марозная раніца іграла зайчыкамі на сценах пакоя. Гартны. // Знаходзіцца ў руху, то ўзнікаючы, то знікаючы. На вуснах .. [урача] іграла вясёлая ўсмешка. Шамякін.

5. Быць у бадзёрым, узбуджаным стане (пра пачуцці, уяўленні і пад.). Звініць, звініць у лузе скошаным Дзявочы спеў і — замірае. А смутак чмелем растрывожаным Яшчэ ў грудзях маіх іграе. Гаўрусёў.

•••

Іграць на біржы — займацца біржавымі спекуляцыямі.

Іграць на нервах — гнявіць, нерваваць каго‑н. чым‑н.

Іграць першую скрыпку — а) іграць у аркестры партыю першай скрыпкі; б) перан. быць галоўнай уплывовай асобай у якой‑н. справе.

Іграць ролю — мець значэнне, рабіць уплыў.

Іграць у адну дудку — быць заадно з кім‑н.

Кішкі марш іграюць гл. кішка.

Кроў іграе гл. кроў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разлі́к, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. разлічваць — разлічыць.

2. Плата за работу, паслугі, па рахунках і пад. [Ганна:] — Э, — э, мілая вы мая, няма чаго казаць аб разліку. Будзем здаровы — разлічымся. Васілевіч. // Звальненне з поўнай выплатай заробленых грошай. Дамашнія справы, разлік на службе затрымалі хлопца на некалькі дзён. Дуброўскі. Пакуль Славік узяў разлік, атрымаў характарыстыку, прайшло колькі часу, і на першую машыну мы спазніліся. Даніленка.

3. перан. Расплата, пакаранне. Кароткі разлік. Разлік за недагляд будзе суровы. // звычайна мн. (разлі́кі, ‑аў). Узаемныя крыўды, непаразуменні. Толькі на час такіх важных для ўсяго народа падзей, як вайна супроць чужаземцаў, забываюцца старыя спрэчкі і разлікі паміж асобнымі родамі і сем’ямі. В. Вольскі.

4. Намер, меркаванне. Павел прадзёўб паглыбленне з такім разлікам, каб выбух выкінуў пліту ўгару, уставіў апошні зарад і адбегся за сцяну. Шыцік. І бачу, бяруцца [зладзеі] напрасцяк на касу, намагаюцца хутчэй да берагу даплысці — відаць, быў у іх нейкі хітры разлік. Краўчанка. // Спадзяванне на што‑н. [Юра] спадзяваўся сустрэць .. [у бары] Ніну, бо, па яго разліках, яна яшчэ не магла паехаць. Навуменка. [Міхась:] — А мне здаецца, што гэта — толькі педагагічны прыём. Разлік на давер’е, самая модная ў наш час тэндэнцыя. Савіцкі.

5. Карыслівыя намеры, меркаванні. Выратаваць Мірона можа толькі новы грамадскі лад, калі на крэўныя сувязі і на суадносіны паміж людзьмі не будуць мець уплыву матэрыяльныя разлікі. Каваленка. // Разм. Выгада, карысць. А сам я мяркую: разліку няма, каб праца мая прападала дарма. А. Вольскі. На поплаве, дзе пасвяцца каровы, агонь раскладаць няма разліку. Навуменка.

6. Беражлівасць у расходаванні сродкаў. Ты любіш ціха, добра жыць — З разлікам і выгодай. Броўка.

7. Група байцоў, якая абслугоўвае гармату, мінамёт, кулямёт і пад. Ля вясковых могілак ужо бегалі артылерысты. Там спынілася гаўбічная батарэя, і артылерыйскія разлікі ўстанаўлівалі гарматы. Чыгрынаў. Толькі што пры мне старшына роты даў добры наганяй зараджаючаму мінамётнага разліку Уразбаеву. Хомчанка.

•••

Безнаяўны разлік — разлік шляхам пералічэння сум з рахункаў даўжнікоў на рахункі крэдытораў.

Гаспадарчы разлік — метад планавага сацыялістычнага вядзення гаспадаркі прадпрыемства, заснаваны на самаакупаемасці, без дапамогі сродкаў дзяржаўнага бюджэту.

Наяўны разлік — разлік грашыма, якія маюцца ў наяўнасці.

Брацца (прымацца) у разлік гл. брацца.

Браць (узяць) у разлік гл. браць.

Звесці разлікі гл. звесці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ра́на 1, ‑ы, ж.

1. Пашкоджанне тканак жывога арганізма, парушэнне яго цэласнасці. Смяротная рана. □ Аня схамянулася, пачала хутка перавязваць рану. Мележ. Цяжкія раны ад апёку на руках і спіне, ад болю [Васіль] страціў прытомнасць, цяпер, здавалася хлопцу, перасталі ныць. Ваданосаў.

2. перан. Душэўны боль, пакуты. [Лузавец:] — Мне думаецца, работа — самыя найлепшыя, самыя дзейсныя лекі ад усякай раны. Усё, аб чым баліць душа, павінна вылечыць праца... Краўчанка. Ніколі не залечваюцца раны на сэрцы ў таго, Хто быў жывым З крывёю ад радзімы адарваны. Аўрамчык. // Пра шкоду, страты, прычыненыя чаму‑н. З дапамогай брацкіх народаў краіны Беларусь залячыла раны ваеннага ліхалецця, адбудавала гарады і вёскі. «Звязда». Свабодная зямля Загоіць хутка свае раны. Танк.

•••

Агнястрэльная рана — рана, прычыненая куляй або асколкам баявога зарада.

Жывая рана — а) рана, якая яшчэ не зажывае; б) перан. вострае, нядаўняе гора, пакута.

Сыпаць соль на раны гл. сыпаць.

Хоць ты да раны кладзі гл. класці.

ра́на 2, прысл.

1. Раніцай, уранні. Назаўтра рана, той самай загуменнай сцяжынкай, ішлі на могільнік чатыры мужчыны з рыдлёўкамі. Брыль. І ў лесе — мір і цішыня, Якіх так праглі партызаны. Паслухай вечарам ці рана: У лесе — мір і цішыня. Кляўко. // у знач. наз. ра́на, нескл., н. Раніца. З вечара да рана.

2. Раннім часам, у першы перыяд раніцы. [Віктар] ведаў, што Зелянюк паедзе ўранні, але не думаў, што гэтак рана. Зарэцкі. — Навошта так рана .. [Паўліка] будзілі? — запытала маці. С. Александровіч. // безас. у знач. вык. Пра ранні час. Было яшчэ рана, сонца толькі паднялося над лесам. Хомчанка.

3. Да ўстаноўленага або патрэбнага часу. Снедалі рана, як снедаюць звычайна перад дарогай. Брыль. І Дзімка рады быў — завязе спорненька вязку [сена] на кірмаш, не вельмі стоміцца і рана дамоў вернецца. Капыловіч. // безас. у знач. вык. Пра тэрмін, які яшчэ не настаў, не прыйшоў. Была такая часіна, калі і агонь паліць яшчэ рана, і не паліўшы яго — прыцемна. Баранавых. // безас. у знач. вык. Пра непадрыхтаванасць да чаго‑н., адсутнасць прычын для чаго‑н. Пачынаць будаўніцтва яшчэ рана. □ Салдаты, каторыя вярнуліся з вайны без рук ды без ног, кажуць — адчайвацца яшчэ рана. Якімовіч.

•••

Рана ці позна, рана-позна — калі‑н. (пра тое, што абавязкова павінна здарыцца).

Раным-рана — вельмі рана, як толькі можна рана.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слу́жба, ‑ы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. служыць (у 1, 2, 4–6 знач.). Служба ў арміі. Служба машыны.

2. Работа, заняткі і абавязкі служачага, а таксама месца такой работы і знаходжанне на ёй. Асабліва вялікую пашану адчуў да.. [Захарыя] Іліко, калі даведаўся, што гэты чалавек умее кіраваць параходам, што гэта ягоная слуокба. Самуйлёнак. Трошкі пазней Леўка ўладзіўся ў Верамеевічах на нейкую казённую службу і ездзіў каравачнікам па вёсках. Сабаленка. І на службе і прыйшоўшы са службы Рыгор не расставаўся з кніжкаю. Гартны.

3. Выкананне воінскіх абавязкаў, пасада ваеннага, а таксама знаходжанне ў радах арміі, флоту. Кожны салдат лічыць свой род войск самым важным, а службу ў ім — самай цяжкай. Хомчанка. Развітаўся з салёнаю Службай марской, Месцам вахты працоўнай Стаў ціхі пакой. Жычка.

4. Галіна ваенных заняткаў, абавязкаў, а таксама сістэма ўстаноў у структуры арміі, якія іх абслугоўваюць. Служба сувязі. Медыцынская служба арміі. □ Камбрыгу было дваццаць пяць год. Кавалерыст, лейтэнант кадравай службы. Брыль.

5. Галіна вытворчасці, а таксама ўстанова, арганізацыя, якія займаюцца якім‑н. спецыяльным участкам работы. Служба надвор’я. Служба часу. □ Машыністаў, дзяжурных, саставіцеляў — усіх, найбольш звязаных са службай руху, эвакуіравалі, яшчэ калі не быў узарваны мост па Дняпры. Навуменка.

6. Правядзенне набажэнства. У царкве ідзе.. служба, а на вуліцы — незвычайная вясёласць, рогат, гукі і рытм новай песні. Каваль.

7. толькі мн. (слу́жбы, ‑аў). Уст. Падсобныя памяшканні, розныя пабудовы для гаспадарчых патрэб. Розныя гаспадарчыя службы — кухня, склады, кладоўкі, — усё гэта ўваходзіла ў бальнічную сядзібу. Лынькоў.

8. Уст. Абслуговы персанал; слугі. А палац у агнях, служба ўся ў кунтушах. Лужанін. Па сканчэнні «гутаркі» хатняя служба ўжо саджала пана .. ў брычку і побач паклала абкручаны ў палатніну кумпяк. Пестрак.

9. Уст. і разм. Зварот да ваеннаслужачага (звычайна салдата). [Драч:] А сам хто?.. Бародка можа і рабочага, а вусікі быццам а[ф]іцэравы... [Дашынскі:] Блытаеш ты нешта, служба. Губарэвіч.

•••

Інтэнданцкія служба — сістэма ўстаноў і прадпрыемстваў, якія ведаюць харчовым, рэчавым і грашовым забеспячэннем узброеных сіл.

Дружба дружбай, а служба службай гл. дружба.

Не ў службу, а ў дружбу; не па службе, а па дружбе — просьба зрабіць што‑н. для каго‑н. па дружбе, а не па службоваму абавязку.

Паставіць што на службу чаму гл. паставіць.

Саслужыць службу каму-чаму гл. саслужыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трашча́ць, ‑шчу, ‑шчыт, ‑шчыць; незак.

1. Утвараць трэск (у 1 знач.). Ступіць не паспееш два крокі — Лядок яшчэ тонкі трашчыць. Прыходзька. Дах трашчаў, развальваўся, са скрыгатам спаўзаў уніз. Хомчанка. Сухія сцябліны трашчалі пад нагамі, лісце чаплялася за рукі. Даніленка. Весела трашчалі ў печы сухія бярозавыя дровы. Васілевіч. / Пра моцны мароз. Дзяўчынка ўхуталася ў старую світку, бо на дварэ трашчаў мароз. Сабаленка. Мароз трашчыць, снягі мяце, Снягір, як макаў цвет, цвіце, Спявае, весяліцца, Марозу не баіцца. Хведаровіч. // Рабіць рэзкі шум, грукат, стук і пад. Матацыкл, фыркае раз, другі і раптам аглушальна трашчыць. Жычка. Трашчаў будзільнік доўга і звонка. Гаўрылкін. Трашчалі бульдозеры, разраўноўваючы зямлю для бетоннай падушкі. Паслядовіч. Трашчалі аўтаматы і кулямёты, глуха бухалі гранаты, а потым пракацілася гулкае «ура!». Няхай. // Утвараць траскучы гук. Пясок трашчыць на зубах. // Абзывацца гукамі, падобнымі па трэск (пра насякомых, птушак). У лесе цішыня, толькі начныя цвыркуны.., забыўшыся на сон, трашчаць увесь час. Ігнаценка. Сарока-белабока Трашчыць тут недалёка. Астрэйка. На явары трашчыць спрасонку бусел, Зрабіўшы стойку на адной назе. Прануза.

2. перан. Хутка, доўга, не змаўкаючы, гаварыць; гаварыць без патрэбы. Маці маю, у гутарцы са мною, .. [Болесь] ні разу і не ўспомніў, хоць пра сваіх увесь час трашчаў на ўсе лады. Гарэцкі. Я чужой зямлі не зычу ліха. Гід, канчай, над вухам не трашчы! Панчанка.

3. Быць перапоўненым, запоўненым кім‑, чым‑н. Людзей сабралася столькі, што аж клуб трашчаў. Навуменка. Сенам пуня пабіта, З дабром ток аж трашчыць. Купала. // Разм. Напоўніцца звыш моры. Жывот трашчыць ад вады. □ — Наеўся бульбы з селядцамі, аж пуза трашчыць, — апраўдваўся Алесь. Ваданосаў. // Разм. Ламацца ад дастатку, вялікай колькасці чаго‑н. Ад смажаніны і вяндліны трашчалі сталы. «ЛіМ». Прасторная хата Чаборыхі, як звалі ў Бярозаўцы Маніну матку, застаўленая шырокімі сталамі, якія трашчалі ад яды і выпіўкі, была поўна людзей. Васілевіч. // Разм. Быць цесным (пра адзенне). Кароценькі, цесны халат аж трашчыць на .. дужых плячах [Кузьмы Цопы]. Асіпенка.

4. перан. Быць напярэдадні краху, распаду. Каланіялізм ужо трашчыць хістаецца і гнецца ад магутнага голасу мільёнаў людзей, якія патрабуюць незалежнасці і міру. «ЛіМ». // Быць над пагрозай зрыву, невыканання. Трашчыць план, а шафёры варон страляюць... Пташнікаў. Тысячы маіх землякоў валам валяць на поўдзень лячыцца. Трашчаць і стогнуць дарожныя і паветраныя графікі. Пянкрат.

•••

Аж за вушамі трашчыць — хутка, з апетытам (есці).

Галава трашчыць гл. галава.

Трашчаць па ўсіх нівах — быць пад пагрозай краху, развалу, распаду, зрыву.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трэ́сціся, трасуся, трасешся, трасецца; трасёмся, трасяцеся; пр. тросся, трэслася; незак.

1. Часта рухацца туды і назад; хістацца, калаціцца. Лісце шумела і трэслася па ветры. Чорны. Дрэвы паміраюць, як салдаты, Што бароняць зоры ад свінца: Не трасуцца пад пілой зубатай, А стаяць, прамыя, да канца. Цвірка. Асіны трэсліся і, як пляткаркі, шапацелі. Дзяргай. Цяжкія вілы зноў пачынаюць трэсціся над шэрай раллёй, і сябра мой, Жарпак, гудзе — прыдумвае найлепшыя пажаданні ўсім панам, праз якіх мы тут апынуліся. Брыль. // Адчуваць дрыжыкі (ад холаду, ліхаманкі, страху і пад.). Танк быў такі цяжкі, што зямля дрыжала пад ім, і Ганначка па плоце трэслася, як верабей на галінцы. Хомчанка. // Часта, сутаргава ўздрыгваць, калаціцца (пра рукі, ногі, цела і пад.). Валодзя заўважыў, што Анатоль змяніўся з твару і яго рукі нервова трасуцца. Федасеенка.

2. Моцна дрыжаць, калаціцца, хістацца. Выбух!.. Гулка трасуцца абшары. Калачынскі. Затое, калі пераставаў гусці трактар і трэсціся малатарня, Юрка мог адзін адваліцца на салому на малатарні, спакойна ляжаць, не кратаючыся, і глядзець у неба. Пташнікаў.

3. Разм. Сварыцца, калаціцца. Яны [вада, агонь і вецер] ўступілі трое У спрэчку між сабою, Крычаць, шумяць, трасуцца Ды за чубы бяруцца. Дзеружынскі.

4. Хістацца, падскокваць, едучы па няроўнай дарозе. Ехалі, трэсліся па каляіністай дарозе доўга. Навуменка. Буйвалы павольна ішлі наперад, арба трэслася і скрыпела. Самуйлёнак. Калёсы трасуцца па камяністай дарозе, барабаняць. Скрыган. // Ехаць неахвотна, без жадання куды‑н., далёка куды‑н. Сёння мы павінны .. трэсціся на гэтую нараду дваццаць кіламетраў на грузавой машыне. Васілевіч. Зноў будзеш мокнуць пад дажджом, трэсціся ў кузавах спадарожных машын, дрыжаць ад начнога холаду, засынаючы дзе-небудзь у полі, на абярэмку саломы, якую толькі што адкінулі ад малатарні. Шашкоў.

5. перан. Хвалявацца за каго‑, што‑н. [Яўхім:] — Не памірае і не памрэ. І няма чаго тут трэсціся ды кідацца на ўсіх!.. Мележ. // Берагчы што‑н., ашчадна расходаваць. Страх перад голадам, нястачаю прымушаў .. [Андрэя] трэсціся над кожнай бульбінай, над кожным сухаром. Капусцін. Жывуць Раманюкі ў дастатку, але над кожнай капейкай трасуцца. Савіцкі.

6. Разм. Няўмела або абы-як танцаваць. Злавалася .. [Марфа] і за тое, што Ромацка толькі тросся.., а хораша ісці танец не хацеў, ды, мабыць, і не ўмеў. Кулакоўскі.

•••

Паджылкі трасуцца гл. паджылкі.

Трэсціся за сваю шкуру — баяцца за сваё жыццё, дабрабыт і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

учапі́цца, учаплюся, учэпішся, учапіцца; зак.

1. Моцна ўзяцца, ухапіцца за каго‑, што‑н. Дзяўчаты ўчапіліся за барты, каб адкрыць [кузаў], і адразу запішчалі, завохалі. Місько. Маці пакінула мяне, хацела дагнаць.. чалавека, але хутка стамілася, учапілася за агароджу, каб не паваліцца ў снег... Мыслівец.

2. Уплесціся за што‑н., у што‑н. Дзяўчынка радасна загудзела і ўчапілася ручкамі ў маміны валасы. Шамякін. Нарэшце, падкраўшыся з-за куста, Саньку ўдалося ўчапіцца за грыву, і жарабок здаўся. Сяркоў. // перан. Упіцца рукамі ў што‑н. Далінка.. тэатральным жэстам расшпіліў каўнер кашулі, сутаргава ўчапіўся пальцамі ў горла. Асіпенка.

3. Зачапіцца за што‑н. Учапіўся кручок вуды за водарасці. □ [Мікіта:] Вой, вой, вой!.. Стой, стой, абора [за дзверы] ўчапілася! Чарот. // перан. Разм. Замацавацца, умацавацца дзе‑н. На карнізе ў расколіне, парослай зялёным мохам, учапілася карэньчыкамі тоненькая, гнуткая бярозка. Хомчанка. // перан. Разм. Пасяліцца дзе‑н. Перад вачыма роўнае, скрозь аднолькава разробленае поле, хоць бы невялічкі кавалак горшага, каб за яго можна было ўчапіцца думкамі пра сядзібу. Галавач. [Ганна Сяргееўна:] — Дайце мне ўчапіцца за горад, зжыцца з яго паветрам. Няхай. // перан. Разм. З’явіцца, укінуцца (пра хваробу). А трэба вам ведаць,.. што за вашы лёгкія, за ваш арганізм такая хвароба можа вельмі проста ўчапіцца. Арабей.

4. Закрануць што‑н. у час руху, зачапіцца чым‑н. за што‑н. Учапіцца воссю калёс за шула варот. □ — Правей! — крычаў насустрач [Яўгену] Анісь. — А то [санямі] учапіцца можна. Баранавых.

5. Узяцца за якую‑н. справу. Нібы клешч учапіўся ён за пасаду памочніка валаснога пісара, маючы на мэце зрабіцца пісарам. Колас. Думаў і многа думаў — толькі я ж кажу, завошта мне ўчапіцца дома? Гартны.

6. Далучыцца самавольна, без папярэдняй згоды да тых, хто ідзе куды‑н. Начапіў я козліку аборачку на рогі і павалок.. А малых дык цэлая чарада за намі ўчапілася. Брыль. З Пскова ў Пецярбург хацеў бацька ісці адзін, а Павэлак ізноў учапіўся. Гарэцкі.

7. перан. Праявіць асаблівую цікавасць да каго‑, чаго‑н., гатоўнасць выкарыстаць каго‑, што‑н. у якой‑н. справе. Вярнуўся ў свой Бараўлянскі Андрэй Лялюга. У рыбгасе за яго дзвюма рукамі ўчапіліся. Б. Стральцоў.

8. перан. Разм. Знайсці які‑н. повад для чаго‑н. Помню, сказаў мне Сярмяжка: — Тут галоўнае — слабінку ў чалавеку знайсці, за што ўчапіцца можна. Дадзіёмаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уда́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.

1. каго-што, у што, па чым і без дап. Нанесці ўдар, выцяць; стукнуць. Ударыць вартавога прыкладам. Ударыць кулаком па стале. □ Грыша не мог больш стрымаць свае злосці і з усяе сілы ўдарыў пана. Пальчэўскі. Рыпіць і грукае аб сцяну аканіца, што сарвалася з кручка, — ударыць, адскочыць і зноў калышацца. Каршукоў. Зашумелі хвалі, моцна і сярдзіта ўдарылі ў бераг. Шамякін. / у безас. ужыв. Аскабалкам жалеза .. [Васілю] перабіла плячо, моцна ўдарыла ў грудзі. Лынькоў. // перан.; каго і ў што. Прычыніць каму‑н. боль, пакуты. Бяда звалілася раптоўна і балюча ўдарыла ў сэрца. Пянкрат. [Аржанец:] — Табе, брат, цяжка. Не ты адзін такі: многіх ударыла і многіх яшчэ ўдарыць вайна. Брыль. / у безас. ужыв. Ударыла токам. // перан. Пакрыўдзіць, абразіць каго‑н. Шабета знянацку ўдарыў [Васіля] пытаннем: — Даўно ў лесе б[ы]ў? Мележ.

2. каго-што. Пашкодзіць сябе ўдарам, выцяць. Сяргей устаў з тапчана і незнарок ударыў нагу. Федасеенка.

3. што, у што. Ударам утварыць гук. Ударыць у далоні. □ Ад плошчы даляцела новае салдацкае «Ура!». Дробна і часта ўдарылі ў барабаны. Грымнуў і доўга ўжо не змаўкаў марш. Карпаў. Звонка ўдарылі ў цынкавае вядро густыя струмені малака, зашумеў, запеніўся пахучы сырадой. Бялевіч. // Ударамі апавясціць, адзначыць што‑н. Ударыць трывогу. Ударыць у набатны звон. □ І толькі пасля таго як ударылі ў рэйку... аб’явіўшы канец работы,.. [Федзя] сарваў адну кветку і падышоў да варот. Хомчанка. / Пра бой гадзінніка. Гадзіннік стрэлкі ўгору падганяе, Ударыў поўнач звонкі малаток. А. Александровіч. // без дап. Раздацца, прагучаць. Ля станцыйнага будынка заварушыліся нешматлікія пасажыры, вось-вось павінен быў ударыць звон, да якога падыходзіў ужо чалавек у чырванаверхай шапцы. Хадкевіч. Ударыў гром, і поруч з гэтым Пабег Ручай, за ім другі. Лужанін.

4. Разм. Выстраліць, распачаць стрэльбу. Справа з хмызняка ўдарыла раз, другі гармата. Мележ. З зямлі ўдарылі і змоўклі зеніткі. Асіпенка. Ударылі кулямёты, аўтаматы, вінтоўкі, пачалі біць мінамёты. Гурскі.

5. па кім-чым. Разм. Імкліва і рашуча нанесці ўдар ворагу і атакаваць. Партызаны дружна ўдарылі па немцах. Сіняўскі. Асноўныя сілы атрада зайшлі ў тыл ворага і нечакана ўдарылі па карніках. Шчарбатаў. [Палкоўнік:] — З меншымі сіламі можна адолець ворага, калі ўдарыць знянацку. Новікаў. Па акупантах так ударым, што не далічацца касцей. Таўлай.

6. перан.; па кім-чым. Спыніць чые‑н. адмоўныя, шкодныя дзеянні; знішчыць што‑н. шкоднае, адмоўнае. Ударыць па бюракратах. Ударыць па недахопах. □ Пашоргаўшы косы мянташкамі, чатыры хлопцы, як месяц назад на сенажаці, размахнуліся на ўсё плячо, ударылі па пустазеллю. Шахавец. // Разм. Панесці ўрон, шкоду каму‑, чаму‑н. Моцна ўдарыла вайна па ўсіх планах аканома. Чарнышэвіч.

7. у што, па чым. Трапіць куды‑н. Куля ўдарыла ў сцяну. □ Маланка ўдарыла ў старую бярэзіну, паляцелі долу галіны. Гурскі. // перан. Імкліва пранікнуць куды‑н. Першы стрэл балюча ўдарыў у вушы. Шамякін. Гарачыня ўдарыла ў твар Смірыну. Алешка. Хвошч падняў маснічыну, і ў нос ударыла сырым пахам бульбяных парасткаў. Лупсякоў. Лукер’я Мінаўна пстрыкнула ўключальнікам, святло ўдарыла па вачах. Місько.

8. перан.; у што. Уздзейнічаць на што‑н. (свядомасць, здольнасць рухацца і пад.). Віно ўдарыла ў галаву. □ Язэп адчуў, як у галаву, нібы хмель, ударыла злосць. Асіпенка. // без дап. Пачаць дзейнічаць з вялікім напорам; забіць. Нафтавы фантан ударыў восенню, у пахмурны, імглісты дзень. Навуменка. Пад правым крылом самалёта ўдарыў магутны фантан агню. Новікаў. Спярша са шчыліны ўдарыў газ. Кірэйчык.

9. што і без дап. Разм. Пачаць энергічна рабіць што‑н. (іграць, бегчы і пад.). Аркестры ўдарылі Радасны марш. Глебка. Пасля добрай вячэры музыканты павесялелі, ажывіліся. Ударылі вальс, пасля абэрак. Дамашэвіч. [Пятро:] Выскачыў я з ружжом, босы,.. а яны [воўк і сабака] ужо вуліцу праскочылі, махнулі цераз плот і ўдарылі па гароду — толькі снег віхурай павіс. Ракітны. // чым. Пачаць энергічна дзейнічаць чым‑н. Матросы ўдарылі вёсламі, шлюпка слізганула па вадзе, за кармой закіпеў белы струмень. Хомчанка.

10. перан.; без дап. Наступіць, здарыцца раптоўна, пачацца з вялікай сілай (звычайна пра з’явы прыроды). Ударыў дождж. □ Не ў пару ўдарылі першыя асеннія замаразкі. Сяргейчык. Ударыў вецер з Фінскае затокі. Звонак. А ячмень і зусім яшчэ ад зямлі не адрос, як пусціў каласкі. Ударыла сухмень — ён так і сеў. Сяркоў.

11. безас. Раптоўна ахапіць (пра стан чалавека). На вуліцы, пад каштанамі, Кірыла адчуў, што ўдарыла ў пот. Пацяклі раўчакі за каўнер, залівала вочы. Шамякін.

•••

Кроў ударыла ў твар каму гл. кроў.

Не ўдарыць (не ўпасці, не пляснуцца) тварам у гразь — паказаць сябе як мага лепш, не асарамаціцца, выканаць што‑н. найлепшым чынам.

Палец (пальцам) аб палец не ўдарыць (не стукнуць) — зусім нічога не зрабіць, звычайна для дасягнення якой‑н. мэты.

Ударыць па кішэні — увесці ў вялікія выдаткі.

Ударыць па руках — прыйсці да пагаднення з кім‑н.; заключыць здзелку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кі́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Тое, што і кідаць (у 1, 2, 7 і 8 знач.).

кіда́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; незак., каго-што.

1. Штуршком прымушаць ляцець, падаць тое, што знаходзіцца ў руцэ (у руках). Яўхім абіраў бульбу і кідаў у драўлянае вядзерца з вадою. Пестрак. Бумажкоў ляжаў на мокрай [за]балочанай зямлі і кідаў бутэльку за бутэлькай. Чорны. // Нядбайна класці, шпурляць што‑н. Кідаць рэчы дзе папала. // Моцна хістаць, гайдаць; падкідваць. Хвалі пачалі кідаць лодку ва ўсе бакі. Маўр. / у безас. ужыв. Карэнні дрэў густа траплялі .. [дарогу], і воз кідала з боку на бок. Чарнышэвіч. // Разносіць, распаўсюджваць. Вецер кідаў агонь далёка. Чорны.

2. Складаць сена, салому (у стог). Кідаць стог.

3. Хутка перамяшчаць, накіроўваць, пасылаць куды‑н. Кідаць на выкананне задання. □ Гітлераўскае камандаванне кідала ў бой падраздзяленне за падраздзяленнем. Гурскі. // Рассейваць, распаўсюджваць што‑н. на каго‑, што‑н. (пра святло і цень). Майскае сонца высока стаяла ў ясным небе, кідала на зямлю снапы гарачых прамянёў. Колас. Агонь з печы кідаў на яе твар трапяткое святло, і маці ад гэтага здавалася нейкай пастарэлай і няшчаснай. Хомчанка. // (у спалучэнні са словамі «погляд», «позірк»). Наглядаць. Люба.. пільна вяла нітку і часамі кідала нясмелыя позіркі ў бок бацькі і Андрэя. Пестрак.

4. Адмаўляцца ад чаго‑н. як непатрэбнага; выкідаць. У жыта кідалі паклажу мы — Усяго з сабою не забраць. Панчанка. // Ісці ад каго‑, чаго‑н.; пакідаць. Не кідай ты, любы мой, Мяне сінявокую. Русак. // Пераставаць рабіць што‑н., займацца чым‑н. Кідаць работу. Кідаць вучобу. □ Аксана ніколі не кідала справы, не давёўшы яе да канца. Васілевіч.

5. Пакідаць у якім‑н. стане, становішчы. Кідаць фортку адчыненай. □ Андрэй падумаў, што дачка кідае хату адну, незамкнёную: ад гэтага замка ў іх не было ключа. Пташнікаў.

6. перан. Гаварыць, выказваць што‑н. рэзка, нечакана; звяртацца да каго‑н. Нават у самыя цяжкія хвіліны, ведаючы сваю асуджанасць на смерць, Бандароўна кідае ў вочы пану словы праўды. Шкраба.

7. безас. у што. Раптоўна, знянацку ахопліваць. Кідаць у дрыжыкі. Кідаць у гарачку.

8. Працягваць ніткі праз бёрда. Кідаць у бёрда.

•••

Кідаць грошы на вецер — дарэмна траціць, неашчадна расходаваць.

Кідаць каменем у каго — асуджаць, абвінавачваць, ганьбіць каго‑н.

Кідаць каменьчыкі ў агарод чый — рабіць намёкі, заўвагі ў чый‑н. адрас, адзываючыся пра яго неадабральна.

Кідаць пальчатку каму — выклікаць на дуэль, уступаць у барацьбу з кім‑н.

Кідаць святло на што — раскрываць што‑н., рабіць зразумелым.

Кідаць (пускаць) словы на вецер — гаварыць упустую, дарэмна.

Кідаць цень на каго-што — выстаўляць каго‑, што‑н. у непрыглядным святле; ачарняць, ганьбіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)