СТАЎБЦО́ЎСКІ РАЁН Размешчаны на З Мінскай вобл. Утвораны 15.1.1940
(у сучасных межах з 17.4.1962). Пл. 1,9 тыс.км². Нас 46,9 тыс.чал. (2002),
гарадскога 35,8%. Сярэдняя шчыльн. 25 чал. на 1 км² Цэнтр — г.Стоўбцы. Уключае 200 сельскіх нас. пунктаў, 15 сельсаветаў: Аталезскі, Варацішчанскі, Вішнявецкі, Залужскі, Засульскі, Заямнаўскі, Літвенскі, Мікалаеўшчынскі, Навасвержанскі, Налібацкі, Рубяжэвіцкі, Слабадскі, Хатаўскі, Цясноўскі, Шашкоўскі.
Большая паўд.ч.раёна ў межах Стаўбцоўскай раўніны, паўн.-зах. — Верхнянёманскай нізіны, паўн.-ўсх. — на Мінскім узвышшы. Паверхня раўнінная хвалістая, на ПнУ дробнаўзгорыстая. Пераважаюць выш. 180—200 м (57%), 18% паверхні на выш. 200—250 м. Найвыш. пункт 340 м (г. Дубавая каля в. Вірлавічы). Агульны нахіл з ПнУ да даліны р. Нёман. Карысныя выкапні: торф, жалезная руда (Аколаўскае радовішча жалезных рудаў), пясчана-жвіровы матэрыял, гліны, буд. пяскі. Сярэдняя т-растудз. -6,5 °C, ліп. 17,7 °C. Ападкаў 613 мм за год. Вегетац. перыяд 190 сут. Гал.р. Нёман і яго прытокі Сула з Перакуллю, Волкай, Тонвай, Сярмяжкай, Ячонка, Альхоўка, Гавязнянка, Жацераўка, Залужанка, Уса з Шурай, воз. Кромань; вадасх. Старасвержанскае на р. Залужанка. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя (60,1%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (14,4%) і тарфяна-балотныя (12,9%) глебы. Пад лесам 44% тэр.раёна, найб. лясістасць на Пн і ПнЗ. Лясы хваёвыя, яловыя, бярозавыя, чорнаальховыя, дубровы і інш. Балоты займаюць 2% пл., найб. Хмелішча, Гуменаўшчына, Гавязнянка. На тэр.раёна ахоўныя тарфянікі: Грань, Гуменаўшчына, Крывуха, Ліўе, пойма р. Гавязнянка, Сверынава, Стары Нёман, Сула, Хмелішча, Юзяфінава, Ячонскае. Помнікі прыроды рэсп. значэння: ліпы амерыканскія ў в.Вял. Двор, ліпы драбналістыя каля в. Мікалаеўшчына, хвойнік у Кульскім лясніцтве. Помнікі прыроды мясц. значэння: бат. паркі Новая Вёска ў в.Вял. Двор; у в. Сула; Хатава ў пас. Школьны, сядзіба Ф.Э.Дзяржынскага з участкам лесу на З ад в. Пятрылавічы. Зоны адпачынку Кругліца, Мікалаеўшчына.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 68,1 тыс.га, з іх асушаных 17,7 тыс.га. У раёне на 1.1.2002 17 калгасаў, аграфірма «ПМК-74 — Налібакі», аграпрамысл. гандл. прадпрыемства «Магістраль», 10 фермерскіх гаспадарак. Асн. галіны сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля і цукровае буракаводства. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы харч. (малочныя, садавінна-агароднінныя, хлебабулачныя, мясныя і інш. прадукты), дрэваапр. (піламатэрыялы, мэбля), паліўнай (торфабрыкет) прам-сці; лясгас, тарарамонтнае прадпрыемства, філіял Мінскага маторнага з-да і інш. Па тэр.раёна праходзіць чыгунка Мінск—Баранавічы, аўтамагістраль Брэст—Мінск, аўтадарогі: Стоўбцы—Кобрын, Пяршаі—Нясвіж, Івянец—Стоўбцы, Рубяжэвічы—Дзяржынск, Мір—Стоўбцы, Нясвіж—Навагрудак. Транзітныя газаправоды Таржок (Расія)—Мінск—Івацэвічы (з адгалінаваннем на Стоўбцы, Новы і Стары Свержань) і Ямал (Расія)—Зах. Еўропа. У раёне 24 сярэднія, 7 базавых, 7 пач. школ, 2 школы-садкі, школа-інтэрнат, 3 школы мастацтваў, 3 муз. школы, 31 дашкольная ўстанова, сірочы дом, дзіцячы прытулак, 18 дамоў культуры, 9 клубаў, 36 б-к, 5 бальніц, 8 амбулаторый, 2 паліклінікі, 24 фельч.-ак. пункты, турбаза «Высокі Бераг» (в. Мікалаеўшчына), 3 дзіцячыя аздараўленчыя летнікі, 3 базы адпачынку, дом-інтэрнат з пансіянатам для ветэранаў Вял.Айч. вайны, дом-інтэрнат для псіханеўралагічных хворых. Дзейнічаюць філіялы музеяў Я.Коласа (в. Мікалаеўшчына) і Ф.Э.Дзяржынскага (в. Пятрылавічы). Помнікі архітэктуры: царква Іаана Прадцечы (17 ст.) у в. Вішнявец, Кальвінскі збор (1590) і капліца (19 ст.) у в. Дзераўная, Петрапаўлаўскі касцёл (сярэдзіна 16 ст.) і царква Ушэсця (пач. 17 ст.) у в. Новы Свержань, Іосіфаўскі касцёл (1911) у в. Рубяжэвічы, царква Раства Багародзіцы (канец 18 ст.) у в. Стары Свержань, гіст. помнік — Коласаўскі заказнік. Выдаецца газ. «Прамень».
Літ.:
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Мінская вобл.Кн. 2. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУ́СКІ РАЁН,
на ПдЗ Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,3 тыс.км². Нас. 22,6 тыс.чал. (1996), гарадскога 37%. Сярэдняя шчыльн. 17 чал. На 1 км². Цэнтр — г. Глуск. 106 сельскіх нас. пунктаў, 9 сельсаветаў: Бярозаўскі, Завалочыцкі, Казловіцкі, Калаціцкі, Каткаўскі, Кіраўскі, Клятнянскі, Слаўкавіцкі, Хваставіцкі.
Раён размешчаны ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны і Прыпяцкага Палесся. Паверхня раўнінная. Пераважаюць выш. 140—160 м, найвыш. пункт 177,9 м (каля в. Горнае). Карысныя выкапні: торф, сапрапелі, буд. пяскі, цагельныя гліны. Сярэдняя т-растудз. -6,5 °C, ліп. 18,1 °C. Ападкаў 601 мм за год. Вегетацыйны перыяд 192 сут. Найб.р. Пціч з прытокамі Зарудзеча, Ліса, Бежыца, Даколька з Ольніцай; невял. азёры Выгада і Дзікае. Пашыраны дзярнова-падзолістыя, тарфяна-балотныя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Лясы займаюць 53% тэр.раёна; пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя лясы. Асн. балотныя масівы — Даколька, Барбарова, Дзікае Балота і інш.
Агульная плошча с.-г. ўгоддзяў 50,5 тыс.га, з іх асушаных 21 тыс.га. На 1.1.1996 у раёне 12 калгасаў, 3 саўгасы, 31 фермерская гаспадарка. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля, ільнаводства, рыбагадоўля. Пасевы збожжавых і кармавых культур, бульбы. Прадпрыемствы харч. (пладова-агародніннай, масласыраробнай), дрэваапр. (мэблевай) прам-сці; вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Лясгас. Па тэр.раёна праходзяць аўтадарогі Слуцк — Бабруйск, Бабруйск — Глуск — Любань, Глуск — Акцябрскі. У раёне 11 сярэдніх, 5 базавых, 3 пач., 2 муз., дзіцяча-юнацкая і санаторная школы. 14 дашкольных устаноў, 27 клубаў, 26 б-к, 3 бальніцы, 20 фельд.-ак. пунктаў, 2 амбулаторыі, паліклініка. Помнік архітэктуры — Казьмадзям’янаўская царква (1814) у в. Гарадок. Выдаецца газ. «Радзіма».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЫ́НІЦКІ РАЁН,
на ПнЗ Магілёўскай вобл. Беларусі. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,4 тыс.км². Нас. 28,1 тыс.чал. (1996), гарадскога 37,2%. Сярэдняя шчыльн. 20 чал./км². Цэнтр — г.п.Бялынічы. 199 сельскіх нас. пунктаў. 8 сельсаветаў: Вішоўскі, Галоўчынскі, Запольскі, Ланькаўскі, Лебядзянкаўскі, Машчаніцкі, Цяхцінскі, Эсьмонскі.
Раён размешчаны ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны і Аршанска-Магілёўскай раўніны. Паверхня раўнінная. Пераважаюць выш. 160—180 м, найвыш. пункт 207 м (каля в. Ясная Паляна). Карысныя выкапні: торф, сапрапелі, сілікатныя пяскі, гліны. Сярэдняя т-растудз. -7,3 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 657 мм за год. Вегетац. перыяд 187 сут. Рэкі: Друць (з прытокамі Вабіч, Няропля, Малыш з Ліпаўкай, Аслік), Клява. Азёры: Чорнае, Заазерскае, Няропля, Падазерышча, Карманоўскае. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Лясы займаюць 30,7% тэр.раёна, пераважна хваёвыя, бярозавыя і яловыя; балотамі занята 7,2% тэрыторыі. Гідралагічны заказнік Заазер’е.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 65,9 тыс.га, з іх асушаны 14,1 тыс.га. На 1.1.1996 у раёне 12 калгасаў, 5 саўгасаў, аграгандл. прадпрыемства «Друць». Асн. галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля, вырошчваюць збожжавыя, кармавыя культуры і бульбу. Прадпрыемствы харч. (крухмал, сыры), дрэваапр. (дзелавая драўніна, піламатэрыялы), камбікормавай (тэхн. тлушч, травяная мука) прам-сці. Па тэр.раёна праходзяць чыг. Магілёў—Асіповічы, аўтадарогі Мінск—Магілёў, Бялынічы—Шклоў. У раёне 12 сярэдніх, 5 базавых, 10 пач. школ, ПТВ, цэнтр. дзіцячая школа мастацтва, 21 дашкольная ўстанова, 28 клубаў, 29 б-к, 5 бальніц, 2 амбулаторыі, 18 фельч.-ак. пунктаў. 2 музеі: мастацкі імя В.К.Бялыніцкага-Бірулі і краязнаўчы. Выдаецца газ. «Зара над Друццю».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТЫ́,
горад, цэнтр Мастоўскага раёна Гродзенскай вобл., на р. Нёман пры ўпадзенні ў яе р. Зальвянка. За 60 км ад Гродна. Вузел чыгунак і аўтадарог на Гродна, Ліду, Ваўкавыск. 18,5 тыс.ж. (1998).
Упершыню ўпамінаюцца ў Літоўскай метрыцы пад 1486 як мястэчка, цэнтр воласці Гродзенскага пав. [ а думку некат. даследчыкаў (А.С.Себасцьян, М.Ф.Спірыдонаў), у дакуменце мелася на ўвазе сучасная в. Правыя Масты, а ўласна М. ўзніклі ў пач. 20 ст.]. Пасля 1589 валасны цэнтр Гродзенскай эканоміі. У 17 ст. мястэчка атрымала некат. прывілеі паводле магдэбургскага права; праводзіліся 2 кірмашы штогод, значнае месца ў гандлі займаў лес (аж да 20 ст.), які сплаўлялі па Нёмане. З 1795 у Рас. імперыі, мястэчка Гродзенскага пав. У 1897—2633 ж. Да 1907 злучаны чыгункамі з Гроднам, Лідай, Ваўкавыскам. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Гродзенскага пав. Беластоцкага ваяв., у 1927 засн. фанерны з-д Канапацкіх. З 1939 у БССР, з 1940 рабочы пасёлак, цэнтр Мастоўскага раёна. 25.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў М. і раёне 2681 чал. Вызвалены 13.7.1944 у ходзе Беластоцкай аперацыі 1944. З 1949 гар. пасёлак, з 1955 горад. У 1962—65 у Ваўкавыскім р-не. У 1970—11,6 тыс. ж.
Прадпрыемствы дрэваапр. (Мастоўскі фанерна-дрэваапрацоўчы камбінат), лёгкай і харч. прам-сці. Мастоўскі музей «Лес і чалавек». Брацкія магілы: сав. воінаў; сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВАЯ МЫШ,
вёска ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., каля р. Мышанка, на аўтадарозе Мінск—Брэст. Цэнтр сельсавета. За 7 км на З ад г. Баранавічы, 212 км ад Брэста. 1669 ж., 691 двор (2000). Баранавіцкі філіял Брэсцкага дзяржплемпрадпрыемства, філіял Баранавіцкай ф-кі дзіцячых цацак «Брыг». ПТВ механізацыі сельскай гаспадаркі, пач. і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання. аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнікі архітэктуры: Навамышскі Праабражэнскі касцёл, Праабражэнская царква (1859).
Вядома з 1-й пал. 15 ст. як сяло Мыш у Навагрудскім пав. У 1563 Жыгімонт ІІ Аўгуст перадаў сяло за ваен. заслугі Я.Хадкевічу. У дакументах 1566 згадваецца як мястэчка. У 16—17 ст. тут існаваў замак, у 17 ст. — касцёл, школа. У 2-й чвэрці 17—18 ст. належала Сяняўскім, Юдзіцкім, Масальскім, Несялоўскім. У пач. 18 ст. Масальскія заснавалі тут шкляную гуту. У 1725 у Н.М. больш за 100 двароў, школа, шпіталь. касцёл, царква, млын, карчма. З 1795 у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Слонімскай, з 1797 Літоўскай, з 1801 Гродзенскай губ. У 1886—1031 ж., 162 двары, школы. у т. л. 3 яўр. школы, цагельня, піваварня, вятрак, паравы млын, 21 крама, царква, касцёл. У 1921—39 у складзе Польшчы. цэнтр гміны Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр Навамышскага раёна Баранавіцкай вобл. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі ў Н.М. і раёне 1803 чал. З 1954 у Брэсцкай вобл. З 1957 цэнтр сельсавета Баранавіцкага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РЫЧЫ,
гарадскі пасёлак у Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., прыстань на р. Бярэзіна (бас.р. Дняпро), на аўтадарозе Бабруйск—Калінкавічы. За 32 км ад Светлагорска, 142 км ад Гомеля. 2,5 тыс.ж. (2000). Вядомы з 16 ст. як дзярж. маёнтак у Бабруйскім старостве ВКЛ. У 1639—239 ж., 43 двары. З 1793 у складзе Рас. імперыі, гандл. мястэчка (пераважна гандаль лесам), цэнтр воласці Бабруйскага пав. Мінскай губ. З канца 18 ст. належалі П.І.Пушчыну і яго спадчыннікам. Да 1855 дзейнічаў цукр.з-д. У пач. 20 ст. больш за 4 тыс.ж., бровар, гарбарны і 2 канатныя з-ды, прыстань, 2 нар. вучылішчы, жаночае духоўнае вучылішча, 2 бальніцы, аптэка, паштова-тэлеграфнае аддзяленне, 2 правасл. царквы, 3 яўр. малітоўныя дамы. З 1924 да чэрв. 1960 цэнтр Парыцкага раёна. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі ў П. больш за 1700 жыхароў, дзейнічала Парыцкае патрыятычнае падполле. З 1961 у Светлагорскім р-не.
Працуюць кансервавы з-д, камбінат буд. матэрыялаў, райаб’яднанне «Сельгасхімія», 2 перасовачныя механіз. калоны, цэхі: кандытарскі, па перапрацоўцы мяса, электрасувязі. Сярэдняя, муз. і спарт. школы, дашкольная ўстанова, 2 б-кі, бальніца, Дом культуры, аддз. сувязі. Музей Вял.Айч. вайны. Царква св. Марыі Магдаліны. Брацкая магіла сав. воінаў, якія загінулі пры вызваленні раёна ў 1943—44. Помнікі архітэктуры: будынкі бальніцы (2-я пал. 19 ст.), б. жаночага вучылішча (1881), дом лесапрамыслоўца (пач. 20 ст.). За 0,5 км на ПнЗ ад П. паселішча эпохі неаліту (5—3-е тыс. да н.э.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ША́РКАЎШЧЫНА, Шаркоўшчына,
гарадскі пасёлак, цэнтр Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл., на р. Дзісна. За 197 км ад Віцебска. Чыг. ст. на лініі Крулеўшчына — Друя. Вузел аўтадарог на Браслаў, Міёры, Глыбокае, Дзісну. 7,6 тыс.ж. (2002). Прадпрыемствы харч. (кансервавы з-д), буд. матэрыялаў прам-сці. Школы: 2 сярэднія, спартыўная дзіцяча-юнацкая, дзіцячая мастацтваў; 2 б-кі, Дом культуры, Цэнтр рамёстваў, бальніца, паліклініка, 3 аптэкі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік вызвалення. Помнікі архітэктуры: цэрквы Усіх Смуткуючых Радасць (1897) і Свята-Успенская (1912), сядзібны дом (пач. 20 ст.).
Вядома з 1503 у ВКЛ як маёнтак Зяновічаў. Пазней належаў Сапегам, Дамброўскім, Лапацінскім Побач узніклі мястэчкі Старая Ш. і Новая Ш. (з 1767), якія ў пач. 20 ст. зліліся з маёнткам. У 18 ст. ўзведзены мураваны палац, пабудавана царква. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Рас. імперыі, мястэчка Дзісенскага пав. Мінскай, з 1842 Віленскай губ. У 1863 адкрыта нар. вучылішча. У 1897 у Новай Ш. 1038 ж., 119 дамоў, 2 малітоўныя дамы, 23 крамы, аптэка, 2 карчмы, у Старой Ш. — 127 ж., 16 двароў, крама, карчма. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Дзісенскага пав. Віленскага ваяв. Пасля пабудовы чыг. Воранава—Друя чыг. станцыя. З 1939 у складзе БССР, 1802 ж. З 15.1.1940 цэнтр Шаркаўшчынскага раёна Вілейскай вобл., з 12.10.1940 гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну з 30.6.1941 па 1.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Ш. 865 жыхароў. З 20.1.1944 у Полацкай, з 8.1.1954 у Маладзечанскай, з 20.1.1960 у Віцебскай абл., у 1962—66 у Міёрскім р-не, з 30.7.1966 зноў цэнтр раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЕЛІ́СК (грэч. obeliskos літар. невялікі ражон),
гранёны каменны слуп, звычайна квадратны ў сячэнні, больш шырокі ўнізе і пірамідальна завостраны ўверсе. Пашыраны від помнікаў і манументаў з часоў Стараж. Егіпта. Нярэдка абеліскі ў выглядзе калон ставілі ў памяць аб значных падзеях, для стварэння кампазіцыйных акцэнтаў у прасторавым вырашэнні арх. ансамбляў (абеліск на П’яцца дэль Попала ў Рыме, 1589, арх. К.Фантана). Форма абеліска выкарыстоўваецца ў мемарыялах (напр., шчыткі-пілоны, уласна абеліска), у помніках на ўшанаванне памяці і ўвекавечанне гераічных подзвігаў народа ў барацьбе супраць ням. фашыстаў (напр., Манумент Перамогі ў Мінску).
Абеліск ахвярам фашысцкага тэрору каля в. Вялікі Трасцянец Мінскага раёна. 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЫ́НЦЫ,
вёска ў Беларусі, у Верхнядзвінскім р-не Віцебскай вобл., на р. Дрыса. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 23 км на ПдУ ад г. Верхнядзвінск, 152 км ад Віцебска, 4 км ад чыг. раз’езда Беніслаўскага. 990 ж., 394 двары (1995).
У канцы 18 — пач. 19 ст. побач з Валынцамі ў фальварку Забелы пры дамініканскім кляштары існаваў калегіум і дзейнічаў Забельскі школьны тэатр. У 1-й пал. 19 ст. ў Валынцах жыў і вучыўся ў Забельскай гімназіі бел. пісьменнік А.Вярыга-Дарэўскі. У 1924—29 цэнтр Валынецкага раёна ў Полацкай акрузе.
Перасоўная механізаваная калона. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі, Свята-Барысаглебская царква.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛАГІ́ЧНАЯ СЕ́ТКА, сетка гідралагічных назіранняў,
сукупнасць гідралагічных станцый і пастоў, размешчаных у межах пэўнай тэрыторыі (рачнога басейна, адм.раёна, краіны). Ствараецца з мэтай сістэм. атрымання інфармацыі для вывучэння гідралагічнага рэжыму (у т. л. забруджвання радыенуклідамі) і катастрафічных з’яў на рэках, азёрах і вадасховішчах. На Беларусі дзейнічае з сярэдзіны 19 ст. Гідралагічныя назіранні і іх апрацоўку ў 1996 ажыццяўлялі цэнтры па гідраметэаралогіі ў абл. гарадах (у Гомелі і Магілёве і радыяцыйны кантроль), 7 станцый (балотная, азёрная і 5 рачных) і 135 пастоў К-та па гідраметэаралогіі пры Мін-ве па надзвычайных сітуацыях і абароне насельніцтва ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.