ША́РКАЎШЧЫНА, Шаркоўшчына,

гарадскі пасёлак, цэнтр Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл., на р. Дзісна. За 197 км ад Віцебска. Чыг. ст. на лініі Крулеўшчына — Друя. Вузел аўтадарог на Браслаў, Міёры, Глыбокае, Дзісну. 7,6 тыс. ж. (2002). Прадпрыемствы харч. (кансервавы з-д), буд. матэрыялаў прам-сці. Школы: 2 сярэднія, спартыўная дзіцяча-юнацкая, дзіцячая мастацтваў; 2 б-кі, Дом культуры, Цэнтр рамёстваў, бальніца, паліклініка, 3 аптэкі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік вызвалення. Помнікі архітэктуры: цэрквы Усіх Смуткуючых Радасць (1897) і Свята-Успенская (1912), сядзібны дом (пач. 20 ст.).

Вядома з 1503 у ВКЛ як маёнтак Зяновічаў. Пазней належаў Сапегам, Дамброўскім, Лапацінскім Побач узніклі мястэчкі Старая Ш. і Новая Ш. (з 1767), якія ў пач. 20 ст. зліліся з маёнткам. У 18 ст. ўзведзены мураваны палац, пабудавана царква. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Рас. імперыі, мястэчка Дзісенскага пав. Мінскай, з 1842 Віленскай губ. У 1863 адкрыта нар. вучылішча. У 1897 у Новай Ш. 1038 ж., 119 дамоў, 2 малітоўныя дамы, 23 крамы, аптэка, 2 карчмы, у Старой Ш. — 127 ж., 16 двароў, крама, карчма. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Дзісенскага пав. Віленскага ваяв. Пасля пабудовы чыг. Воранава—Друя чыг. станцыя. З 1939 у складзе БССР, 1802 ж. З 15.1.1940 цэнтр Шаркаўшчынскага раёна Вілейскай вобл., з 12.10.1940 гар. пасёлак. У Вял. Айч. вайну з 30.6.1941 па 1.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Ш. 865 жыхароў. З 20.1.1944 у Полацкай, з 8.1.1954 у Маладзечанскай, з 20.1.1960 у Віцебскай абл., у 1962—66 у Міёрскім р-не, з 30.7.1966 зноў цэнтр раёна.

Г.​І.​Дулеба (гісторыя).

т. 17, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)