І́СЛАЧ,

рака ў Мінскай і Гродзенскай абл., левы прыток р. Бярэзіна (бас. р. Нёман). Даўж. 102 км. Пл. вадазбору 1330 км². Пачынаецца каля в. Глушынцы Дзяржынскага р-на Мінскай вобл., цячэ ў межах Мінскага ўзв., у ніжнім цячэнні праз Налібоцкія лясы. Асн. прытокі: Выганішчанка, Цецяроўка, Волма (злева), Яршоўка, Пяршайка, Валожынка (справа). Даліна ў вярхоўі трапецападобная, глыбока ўрэзаная, у сярэднім цячэнні скрынкападобная, шыр. 300—500 м. Пойма ў вярхоўі роўная, шыр. да 50 м, у нізоўі да 2 км, месцамі забалочаная. Рэчышча звілістае, шыр. да 40 м, зарэгулявана 3 плацінамі. На ўсім працягу трапляюцца невял. астравы. Берагі стромкія, абрывістыя. Замярзае ў пач. снеж., крыгалом у пач. сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці каля 10 м³/с. Месца адпачынку.

Рака Іслач каля в. Ракаў.

т. 7, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРА́-БАГА́З-ГОЛ (цюрк. кара — чорны, багаз — заліў, гол — возера),

салёнае возера (былы заліў-лагуна) каля ўсх. берага Каспійскага м., на З Туркменістана. Да 1980 злучалася з Каспійскім м. вузкім (да 200 м) аднайменным пралівам, даўж. каля 11 км. Пл. заліва складала каля 12 тыс. км², найб. глыб. 3,5 м; узровень вады знаходзіўся на 4,5 м ніжэй узроўню мора і быў абумоўлены надзвычай высокім выпарэннем з паверхні, што выклікала пастаянны прыток вады (ад 6 да 25 км³/год). У 1980 заліў перакрыты глухой дамбай «з мэтай захавання ўзроўню Каспійскага м.», у выніку чаго возера абмялела, салёнасць павысілася (больш за 310‰). У 1984 для падтрымання мінім. неабходнага ўзроўню расолу пабудавана водапрапускное збудаванне. Найбуйнейшае ў свеце радовішча мірабіліту. Цэнтр здабычы і перапрацоўкі сульфату — Бекдаш.

т. 8, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́ШЧА,

рака ў Пскоўскай вобл. (Расія) і Расонскім р-не Віцебскай вобл., правы прыток р. Дрыса (бас. Зах. Дзвіны). Даўж. 85 км, у т. л. на Беларусі 68 км. Пл. вадазбору 1380 км². Выцякае з воз. Нішча (Себежскі р-н), цячэ па Полацкай нізіне, вусце за 1 км на З ад в. Кульнёва. Асн. прытокі: Чарапяціца, Люці, Вельніца (злева), Хонка, ручай Галавач (справа). Даліна пераважна трапецападобная, шыр. 100—200 м. Пойма часцей двухбаковая, чаргуецца па берагах, у сярэднім і ніжнім цячэнні месцамі адсутнічае. Рэчышча звілістае, шыр. 25—30 м. Замярзае ў сярэдзіне снеж., крыгалом у 1-й дэкадзе красавіка. Веснавы ледаход 2 сут. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 9,7 м³/с. У ніжнім цячэнні рака зарэгулявана Клясціцкім вадасховішчам.

т. 11, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДКАМЕ́ННАЯ ТУНГУ́СКА, Сярэдняя Тунгуска.Чулакан,

рака, правы прыток р. Енісей, пераважна ў Эвенкійскай аўт. акрузе Расіі. Даўж. 1865 км, пл. басейна 240 тыс.км². Цячэ ў межах Сярэднесібірскага ’пласкагор’я. У вярхоўях (пад назвай Катанга) цячэ ў шырокай і глыбокай даліне, ад вусця р. Тэтэрэ даліна звужаецца, у рэчышчы шматлікія шыверы і парогі. За 250 км ад вусця даліна расшыраецца да 20—23 км, у рэчышчы шмат перакатаў. Гал. прытокі: Тэтэрэ, Чуня (справа), Вельма (злева). Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 1560 м³/с. Разводдзе ад пач. мая да канца чэрв., у нізоўях да пач. ліпеня. Ледастаў з канца кастр. да сярэдзіны мая. Суднаходная ў разводдзе ад с. Ванавара (1146 км), для вял. суднаў — ад с. Байкіт (571 км).

т. 11, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЬЦЗЯ́Н,

назва 2 рэк у Кітаі: рака ў цэнтр. ч. краіны, левы прыток Янцзы. Даўж. 793 км, пл. бас. 134 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Міньшань, цячэ па глыбокай звілістай цясніне, перасякае Сычуаньскую катлавіну, упадае ў р. Янцзы каля г. Ібінь. Сярэдні расход вады больш за 3 тыс. м³/с, летнія паводкі. Выкарыстоўваецца пераважна для арашэння. Пачатак суднаходства ад г. Чэнду; рака на ПдУ Кітая. Даўж. 577 км, пл. бас. 60,8 тыс. км². Цячэ ў адгор’ях гор Уішань, упадае ў Тайваньскі праліў, утварае эстуарый. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні каля 2 тыс. м³/с, макс. (летам) — да 30 тыс. м³/с. Густая сетка арашальных сістэм. ГЭС. У ніжнім цячэнні суднаходная. На М. — г. Наньпін, у эстуарыі — марскі порт Фучжоў.

т. 10, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУЧО́СА,

рака ў Лёзненскім і Віцебскім р-нах Віцебскай вобл., левы прыток р. Зах. Дзвіна. Даўж. 90 км. Пл. вадазбору 3510 м². Выцякае з воз. Зелянское каля в. Бабінавічы Лёзненскага р-на, цячэ па Лучоскай нізіне і ў межах Віцебскага ўзв. Асн. прытокі: Чарніца, Сухадроўка (справа), Ардышэўка, Серакаратнянка, Абалянка, Чарнічанка (злева). Даліна трапецападобная, у вярхоўі невыразная, шыр. 400—600 м. Пойма перарывістая, чаргуецца на берагах, больш развіта на левабярэжжы, шыр. яе 300—500 м. Рэчышча шыр. 20—30 м, у нізоўі да 60 м. Найвыш. ўзровень разводдзя ў ніжнім цячэнні ў пач. красавіка. Замярзае ў канцы 1-й дэкады снеж., крыгалом у канцы сакавіка. Веснавы крыгаход 3 сутак. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 21,4 м³/с.

т. 9, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІСЛА́ЎСКІ ПУСТЫ́НСКІ УСПЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р.

Існаваў каля г. Мсціслава Магілёўскай вобл. на беразе р. Аслянка (правы прыток Сажа). Паводле царк. падання, засн. каля 1380 мсціслаўскім кн. Лугвенам. Паводле царк. гісторыка М.​І.​Пятрова манастыр вядомы з 1500. У пач. 17 ст. стаў уніяцкім, у 2-й пал. 17 ст. пэўны час быў не заселены. Да 19 ст. будынкі былі драўляныя, у 1801—08 мітрапаліт Іраклій Лісоўскі пабудаваў мураваны храм Успення Багародзіцы базілікальнага тыпу (у 1869 перабудаваны ў крыжападобны ў плане). З 1839 манастыр зноў праваслаўны. У 1864 пабудавана царква Раства Багародзіцы, у 1865 — Пакроўская царква, у канцы 19 ст. — шмат’ярусная званіца. У 1918 манастыр закрыты. Частка будынкаў захавалася ў руінах.

А.​А.​Ярашэвіч.

Званіца Мсціслаўскага Пустынскага Успенскага манастыра.

т. 10, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯРЭ́Я,

рака ў Горацкім р-не Магілёўскай вобл. і Дубровенскім р-не Віцебскай вобл., на мяжы Дубровенскага р-на і Смаленскай вобл. Расіі, левы прыток р. Дняпро. Даўж. 56 км. Пл. вадазбору 694 км². Пачынаецца за 2 км на У ад в. Стараселле Горацкага р-на, вусце за 800 м на ПнУ ад в. Лазараўка Дубровенскага р-на. Асн. прытокі на Беларусі Ірвяніца і Закабыліца (злева), у Расіі Свіная і Лупа (справа). Цячэ па зах. схілах Смаленскага ўзвышша. Даліна трапецападобная, шыр. 2 км. Пойма двухбаковая. Рэчышча звілістае, шыр. ракі ў межань 3—6 м, у ніжнім цячэнні 10—15 м. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці каля 4 м³/с. На рацэ каля в. Леніна вадасховішча.

т. 11, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТВА́,

рака ў Столінскім р-не Брэсцкай вобл. Беларусі і на Украіне, левы прыток р. Сцвіга (бас. р. Прыпяць). Даўж. 172 км, у межах Беларусі 80 км. Пл. вадазбору 2400 км², у межах Беларусі 800 км². Пачынаецца ў Ракітнаўскім р-не Ровенскай вобл. Украіны, у верхнім і сярэднім цячэнні называецца Льва. Цячэ па нізіне Прыпяцкае Палессе. Асн. прытокі справа — Гнойніца (на Украіне), Мышанка і Лесавая Рэчка (на Беларусі). Даліна невыразная, у верхнім цячэнні месцамі трапецападобная. Пойма двухбаковая шыр. 300 м — 5 км, пераважна забалочаная. Берагі стромкія, месцамі абрывістыя. Рэчышча сярэдне звілістае, разгалінаванае, у ніжнім цячэнні каналізаванае, мноства нізкіх пясчаных затапляльных астравоў і асяродкаў. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 10,1 м³/с.

Рака Маства ў ніжнім цячэнні.

т. 10, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Па́сынак1, па́сыньнік ’няродны сын для мужа ці жонкі ў сям’і’ (ТСБМ, Нас., Маш., Клім., Касп., Бяльк., Ян.; КЭС, лаг.; Яшк. Назвы), пасынчовы ’прыёмны сын’ (Мат. Гом.). Укр. па́синок, рус. пасынок ’тс’, ’прыёмны сын’, ст.-рус. пасынъкъ ’тс’; ’член княжай дружыны’, чэш. рэдкаўжыв. pasynek ’пасынак’, серб. -харв. по̀синак, макед., балг. пасинок ’тс’. Прасл. pasynъkъ, якое складаецца з прэфіксе pa‑ (са значэннем ’под’) і назоўніка synъ‑, разам азначаючы ’несапраўднае тое, што называе другі член’, як і ў балт. мовах (ст.-прус. possons, літ. posūnis) — ’нібыта сын, сапраўдны сын’ (Борысь, Prefiks., 48; Фасмер, 3, 216). Сюды, відаць і па́сынак ’гарлавіна ў нераце, якая не дае магчымасці рыбе выбрацца з сеці’ (Тарн.).

Па́сынак2, пасыньнік, па́сынькі, ст.-дар. па́сын, драг. пасэ́ньне ’бакавы атожылак дрэва, памідораў, вазона’ (ТСБМ, Нас., Мат. Гом., Бяльск., Бір., Клім., Сл. ПЗБ; Лучыц-Федарэц), ’зародак у качана капусты паміж ніжнімі лістамі’ (Нас.), ’бакавы адростак сланечніка’ (Ян.), ’прыток ракі, ручая’ (Клім.), пух. ’адростак рога ў аленя’, ст.-дар. па́сыньне ’параснік’ (Сл. ПЗБ), пасынкава́ць ’абчышчваць адросткі ў пазухах раслін’ (Інстр. II). Да па́сынак1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)