абарва́ць 1, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак., каго-што.
1. Зрываючы, вызваліць што‑н. ад чаго‑н. Абарваць куст агрэсту. // Пазрываць што‑н. з чаго‑н. Абарваць спелыя ягады. □ Пытае шумны маладняк У дрэў старых: вятры якія Іх абарвалі так, Ствалы сагнулі векавыя? Танк.
2. Моцна нацягнуўшы, разарваць; адарваць частку чаго‑н. або поўнасцю што‑н. ад чаго‑н. Ён абарваў брызент, якім ззаду быў завешаны кузаў. Янкоўскі.
3. перан. Раптоўна і рэзка спыніць дзеянне, працяканне чаго‑н. Абарваць размову. □ Разважанні камандзіра абарваў далёкі гарматы стрэл. Шчарбатаў.
4. Разм. Зарабіць, раздабыць што‑н. Чалавек тут жыў бедны і рад быў абарваць капейку з якога-небудзь выпадку. Чорны.
5. перан. Разм. Зрабіўшы рэзкую, грубую заўвагу, перапыніць каго‑н., прымусіць змоўкнуць. Андрэй слухаў Івана і ледзь стрымліваўся, каб не абарваць яго рэзкім словам. Шахавец.
6. Пашкодзіць, разарваць кусаючы; абкусаць. — Ах, ах! — крычыць пан. — Напусціце на яго [чорта] пару вепрукоў — няхай яны яму лыткі абарвуць! Якімовіч.
•••
Абарваць тэлефон — часта, многа званіць па тэлефоне.
абарва́ць 2, ‑рве; зак.
Апухнуць і нагнаіцца; нарваць вакол. Палец абарваў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бра́знуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. Утварыць кароткі звонкі гук, ударыўшы па металічным, шкляным ці інш. прадмеце. Я чуў, як зачыніліся вароты ў садку, як потым бразнула клямка і шарганула ў сенцах засаўка. Баранавых. Дзверы сянец бразнулі, і босая Параска ціха, як кошка, прайшла па двары. Лобан. // чым. Ударыўшы металічным або шкляным прадметам па чым‑н., утварыць гук. Аднак варта каму бразнуць талеркай ці нават хоць бы зняць з хлеба настольнік, як.. [кот] ужо тут. Якімовіч. Варта было ветру бразнуць форткай, як.. [Іна] ажывала, выбягала на веранду, а потым, расчараваная, садзілася дзе-небудзь у кутку. Ваданосаў.
2. каго-што. З сілай кінуць, выклікаўшы шум, гук; грымнуць. Даніла ўсё ж такі схапіў Дудзько за грудзі, падняў і бразнуў аб зямлю. Пестрак. Бушыла з размаху бразнуў аб падлогу ўсё, што трымаў у руках, — кнігі.., лінейку, мел — і ў адзін міг апынуўся каля Арэшкіна, тварам у твар. Шамякін.
3. перан. Разм. Пазваніць па тэлефоне каму‑н. — Гэта мне, ёлупу, навука! — бубніць Дзямян Лукіч. — Падвёў карэспандэнт... Абяцаў даць у газету, калі мы поўным ходам разгорнем уборку, а што атрымалася?.. Няўжо так ужо цяжка было мне бразнуць, удакладніць? Аношкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зраўня́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.
1. Зрабіцца роўным, гладкім; выраўняцца. Пасля такога здарэння [узрыву карабля] на зямлі застаўся б след на многа гадоў, а на вадзе ў тую ж хвіліну ўсё зраўнялася. Кулакоўскі.
2. Зрабіцца аднолькавым з кім‑, чым‑н. па вышыні, узроўню і пад. Курганок, прысыпаны рудой ігліцай, асеў і амаль зраўняўся з зямлёй. Б. Стральцоў. Як толькі дрэвы абедзвюх народ зраўняюцца па вышыні, паміж імі ўзнікае «барацьба». Гавеман.
3. Рухаючыся, апынуцца побач, на адной лініі з кім‑, чым‑н. Трактарыст, які ўжо зраўняўся з нампалітам, заўважыў яго ссунутыя ў суцэльную лінію калматыя бровы. Паслядовіч. Калі вазы зраўняліся, семінарыст пазнаў.., што жанчына ў чорнай капоце, якая сядзела побач з Адасем Камароўскім, гэта Алеся. С. Александровіч.
4. Стаць роўным каму‑, чаму‑н. у якіх‑н. адносінах; параўняцца. Стараючыся хоць як-небудзь зраўняцца з хлопцамі, якія абагналі яго ў вучобе, Сяргей чытаў кнігу за кнігай. Навуменка. // Аказацца пастаўленым нароўні з кім‑, чым‑н. У джунглях жыў вялізны Слон, І быў бязмерна моцны ён, — З ім сілаю ніхто не мог зраўняцца. Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ва́рты, ‑ая, ‑ае; варт, ‑а.
1. Які заслугоўвае чаго‑н. Варты ўвагі, жалю. □ [Ветэрынар] гляне Дэрашу ў зубы і адразу ўбачыць, чаго конь варты. Якімовіч. А сёння сталі хлеб дзяліць, прыпомнілі, чаго хто варты. Дудар. // Які адпавядае каму‑, чаму‑н. Партсход прызнаў Паўла Дэшку вартым высокай годнасці камуніста. Дуброўскі. Паэма «Курган» займае вартае месца не толькі сярод твораў Я. Купалы, але і ва ўсёй беларускай літаратуры. Шкраба. // Каштоўны, дарагі. З дзедавых слоў выходзіла, што цяпер ні звера вартага не засталося ў лесе, ні рыбы ў балоце. Мележ.
2. у знач. наз. ва́ртае, ‑ага, н. Тое, што мае значную вартасць; добрае. [Васіль Пятровіч:] — Загінулі ўсе [будынкі вуліцы], і невядома, калі давядзецца працаваць над чым-небудзь вартым... Карпаў.
•••
Адзін другога варты гл. адзін.
Гроша ломанага не варты — не мае ніякай вартасці, каштоўнасці, ніякага значэння.
Куды (чаго) гэта варта? — ужываецца пры адмоўнай эмацыянальнай ацэнцы чаго‑н.
Не варты выедзенага яйца — пра што‑н. вельмі дробязнае, нікчэмнае.
Нікуды (нічога) не варты — вельмі дрэнны.
Чаго варты! — ужываецца пры высокай эмацыянальнай ацэнцы чыіх‑н. якасцей.
Шкурка вырабу не варта гл. шкурка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скок 1, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. скакаць (у 7 знач.). Цяжкі скок каня. // у знач. прысл. ско́кам. Разм. Скачкамі; наўскач. Пасля размовы са сваім земляком, Яўхім кінуўся скокам з шастом да вады. Ракітны. // Разм. Скачок. У два скокі апынуцца ля акна. □ Здавалася, што .. [Апанас] вось-вось чакаў з кустоў скоку якога-небудзь ворага. Пестрак.
2. Тое, што і скокі. Нават стары Позняк, і той гатоў быў ўскочыць з лаўкі і закруціцца ў шалёным скоку з Янінаю. Мурашка.
•••
На жабін скок — вельмі мала.
На скаку; на ўсім (поўным) скаку — у час руху наўскач. Шмат было тады ў стэпе дзікіх коней, і не кожны батыр мог на скаку накінуць на шыю важаку табуна аркан. Даніленка.
То бокам то скокам гл. бокам.
скок 2, выкл. у знач. вык.
Разм. Ужываецца паводле знач. дзеясл. скакаць — скокнуць. Конь спужаўся, а я — скок на яго ды наўскапыта ў лес! Колас. А жабка як квакне — ды скок у ставок... Грамыка. [Пятро:] — Успомніў пра ружжо і — скок назад у хату, а госць [воўк] тут і выкінуў свой манеўр. Ракітны.
•••
Скок-паскок (нар.-паэт.) — скача, паскоквае, паскакаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спаку́слівы, ‑ая, ‑ае.
1. Здольны спакусіць (у 1 знач.); прынадны, прывабны. Поезд выкідваў групы сялян і дачнікаў, якія вярталіся з горада, абвешаныя рознымі клункамі, кайстрамі і гірляндамі спакуслівых абаранкаў. Рамановіч. Бывае, з’явіцца спакуслівая думка, падхопіць, закруціць і панясе цябе, як вецер жменю снегу, а потым знікне. Пташнікаў. Я загадзя чую спакуслівы пах падсмажаных скварак. Скрыган. // Які выклікае жаданне браць прыклад; гарэзлівы. Дзяўчаты аж чырванелі ад натугі, каб як-небудзь стрымацца ды не кінуцца ў гэты спакуслівы рогат. Лынькоў. І раптам недарэчны здарыўся з ім [Агафонам] «пералом» — Спакуслівай паддаўся модзе: Па сцэну ён Цяпер выходзіць І не пяе ўжо, а бл[я]е, што баран, Шалёна лямантуе. Валасевіч. // Які ўзбуджае пачуццёвую цягу. [Лёдзя] пачала сніцца — спакуслівая і недасяжная. Карпаў. [Макар] падыходзіць, абнімае .. [Еву] і моцна цалуе ў спакуслівыя пун[с]овыя вусны. Асіпенка.
2. Прагны да чаго‑н. Сярод жанчын была Базыліха — дужа спакуслівая на навіны старая. Савіцкі.
3. Які абуджае грэшныя думкі. Яго [Севу] рана пачалі цікавіць і хваляваць дзяўчаты, якія здаваліся яму забароненай і спакуслівай тайнай. Карпаў. // Не зусім сціплы, непрыстойны. Р. Барзава, выканаўца ролі Лары, стараецца ўвесь час прыняць спакуслівыя позы. «Маладосць».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сыгра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. што, на чым і без дап. Выканаць што‑н. на музычным інструменце. Сыграць на гітары. Сыграць лявоніху. □ Вось [Васіль] сыграе што-небудзь, моладзь патанцуе. Кавалёў. // што. Падаць які‑н. сігнал ігрой на музычным інструменце. Сыграць адбой. □ Аднойчы ў час канцэрта сыгралі трывогу, і байцы пайшлі ў бой. «ЛіМ». // перан.; на чым. Уздзейнічаць на чые‑н. пачуцці, і пад. для дасягнення пэўных мэт, выкарыстаць чые‑н. пачуцці, настрой у сваіх мэтах. Сыграць на шчырасці.
2. што. Выканаць, паставіць у тэатры, на сцэне (п’есу, оперу і пад.). Сыграць спектакль. // у чым. Прыняць удзел у выкананні п’есы, оперы і пад.; выступіць. Сыграць у кінафільме. Сыграць у аперэце. // Паказаць на сцэне, выканаць якую‑н. ролю. [Галіна:] — Я вось скончыла тэатральны інстытут, ужо год працую ў тэатры і яшчэ не сыграла ніводнай адказнай ролі. Рамановіч. [Тамілін:] — Я вось думаю, калі будзе пасля вайны напісана п’еса пра нас, дык абавязкова сыграю ролю генерала ляснога фронту. Шчарбатаў.
•••
Сыграць першую скрыпку — адыграць галоўную ролю ў якой‑н. справе. На чарзе новыя клопаты: сяўба яравых. І тут механізатары павінны, як кажуць, сыграць першую скрыпку. Шымук.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узні́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. узнік, ‑ла; зак.
Пачацца, зарадзіцца; быць створаным. На сухім грудку цяжка ўзнікнуць жыццю, бо вельмі часта любяць тут прыпыняцца падарожныя. Навуменка. Узбярэжжа акіяна, на якім узнік горад, — гэта магутная велізарная скала. Новікаў. Франты адгрымелі, прайшла небяспека, І ў вёсцы Зацішак узнікла ячэйка. Хведаровіч. Мастацкая проза ў беларускай літаратуры ўзнікла яшчэ ў мінулым стагоддзі. Пшыркоў. // З’явіцца, паказацца. З боку шашы, на дарозе, узніклі дзве невыразныя постаці. Быкаў. [Студэнт:] — Раптам, на нечаканым павароце сцежкі, мы адразу спыніліся на месцы, нібы зачараваныя дзіўным відовішчам, якое ўзнікла перад намі. В. Вольскі. / Пра пачуцці і пад. І мацней за адчуванне болю, мацней за крыўду ўзнікла [у жанчыны] ўпартасць — адрэзаць дарогу яму [мужчыну] да пабегу. Мікуліч. // З’явіцца, вынікнуць, выявіцца (пра рашэнне, пытанне і пад.). План дзеяння ўзнік нечакана. Шамякін. [У Дзіміна] ўзнікла неадольная патрэба перадаць свае думкі другім, пагаварыць з кім-небудзь. Карпаў. / Пра ўяўленні, успаміны. Танкіст сумеўся, і ў хвілінку Прад ім узнік той час-пара, І ён сказаў: — Мо ты — сястра? Я помню добрую Марынку. Колас. // Пачацца; здарыцца, адбыцца. На сцэне пагасла святло і ўзнік пажар. Скрыпка. Сам сабою ўзнік лятучы мітынг. Харкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
умацава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак., што.
1. Зрабіць што‑н. больш устойлівым. Умацаваць плаціну. Умацаваць дамбы. □ Каб не нарабіць са сваёй стрэльбай якой-небудзь шкоды, дзед абкруціў анучкай куркі ды зверху ўмацаваў яшчэ наглуха дротам. Лынькоў. Новая дарога ляжала моцная, роўная, як стол. Тарфяны попел схапіў, умацаваў пясок, атрымаўся рыхлы асфальт. Новікаў. Ластаўкі з усіх бакоў абляпілі бляшанку зямлёй. Відаць, яны не надта давяралі нашай пасудзіне і рашылі ўмацаваць яе. Ляўданскі. // перан. Надаць сілу, стойкасць (думкам, пачуццям і пад.). Зорын.. [Нагорнаму] давяраў, а выпадак з Радзецкім яшчэ больш умацаваў гэтае давер’е. Гурскі. Няўдачы загартавалі мастака, умацавалі яго веру ў сябе. «ЛіМ».
2. Разм. Прымацаваць што‑н. на чым‑н. грунтоўна, надзейна. Высланыя наперад радысты ўмацавалі дынамік на страсе камандзірскай зямлянкі. Шамякін. Мы з Сяргеем грунтоўна ўмацавалі за плячыма рацыю. Няхай.
3. Зрабіць больш здаровым. Умацаваць нервы.
4. Зрабіць больш моцнымі асновы чаго‑н. Умацаваць абарону краіны сацыялізма. □ Дзякуючы льнаводству.. [калгасы] ўмацавалі сваю эканоміку. «Звязда». // Узняць на больш высокую ступень арганізаванасць, дысцыпліну. Умацаваць дысцыпліну.
5. Стварыць абарончыя збудаванні дзе‑н., забяспечыць сродкамі абароны. Умацаваць подступы да горада.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ца́ца, ‑ы, ж.
Разм.
1. Тое, чым можна забавіць дзіця; цацка. — Ты глянь, Валерык: бачыш — цаца! А вось сувойчык палатна. Колас.
2. У мове дзяцей — што‑н. вельмі харошае, прыемнае.
3. Пра паслухмянае, выхаванае дзіця. [Настаўніца:] — Вы не злуйце на Ліпку, яна была ў нас. Сёння Ліпка — вялікая цаца! Брыль. // звычайна іран. Пра чалавека наогул. Клопату [Надзі] хапала. Работа, дзіця далося ў знакі, ды і ён, Пракопавіч, не цаца быў. Радкевіч.
4. Пра таго, хто важнічае, мае вялікія прэтэнзіі. Маці ўжо цяпер меціцца хоць на якога-небудзь прымака, бо замуж да сябе такую цацу наўрад ці хто возьме. Кулакоўскі. — Цаца не вялікая. Возьмеш посцілку, падушку і палезеш на гарышча. Там сена мяккае. Сіўцоў. Што яна [Каця] ў разведцы разумее? Што яна за цаца такая, каб я перад ёю падымаў рукі ўгору? Сяркоў.
•••
Добрая цаца — пра ненадзейнага, нядобрага, хітрага чалавека. — Ну, па ім [Андрэю Каржакевічу] то плакаць вельмі няма чаго. Гэты набудзе. Сам з чортавых зубоў можа вырваць, добрая цаца, — сказаў Рыгор Варанец. Крапіва.
Цаца-цаца, ды ў кішэнь — пра таго, хто не праміне ўзяць чужое, прысвоіць што‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)