Пры́зба, пры́зьба, пры́сьба, пры́зба, пры́зыва, прі́зва, пре́зва, пріізба, прі́зьба ’невысокі, звычайна земляны насып уздоўж сцяны хаты (часта абабіты дошкамі), зроблены для ўцяплення памяшкання’ (ТСБМ, П. С., Бес., Гарэц., Дразд., Ласт., Байк. і Некр., Др.-Падб., Касп., Шат., Растарг., Янк. 2, Сцяшк., Шушк., Шатал., Ян., Сл. ПЗБ, ТС, ЛА, 4), пры́збіна ’прыстаронак’ (бяроз., Нар. сл.). Узыходзіць да прасл. *pristъba < *pri‑jьstъba, якое, відаць, даволі рана пачало змешвацца з *prisъpa < *pri‑sъpa ’тое, што прысыпае’ (Карскі 2–3, 92), параўн. ст.-рус. присъпа, приспа ’насып, вал’ (Сразн.); далей па існуючай мадэлі — пры́спа ’тое, што прысыпана звыш меры; аддача з верхам пазычанай меры мукі’ (Нас.). Аддаленым вынікам гэтай кантамінацыі трэба лічыць фактычную дээтымалагізацыю лексемы ў формах з ‑зв‑ у частцы гаворак. Па той самай мадэлі, але з каранёвой часткай, якая звязана з зямля́ (< *zemja), утворана пры́зьма ’прызба’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Параўн. рус. дыял. при́стьба ’земляны насып вакол падмурка хаты, прызба’, при́зба, при́зьба, пры́зба ’невысокі земляны насып вакол хаты’, ’частка хаты, адасобленая сенцамі, пакойчык’, укр. при́зба, при́зьба, при́спа ’невысокі, звычайна земляны насып уздоўж сцяны хаты’, польск. przyzba ’тс’, przyspa ’тс’ і ’пясчаная каса ў рацэ’. Паводле Банькоўскага (2, 956), у літаратурную мову форму przyzba ўвёў Міцкевіч. М. Младэнаў (Балк. Ез., XIV, 2, 1970, 29) лічыць балг. при́сба ’пакрытая тэраса перад домам’ запазычаннем з рум. prispă ’тс’. Гл. таксама БЕР, 5, 733; ЕСУМ, 4, 577.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рыпе́ць, ры́паць ’скрыпець’ (ТСБМ; беласт., Сл. ПЗБ; Бяльк.), ры́пнуць ’скрыпнуць’ (беласт., Сл. ПЗБ), рып ’гук, які ўтвараецца пры трэнні’ (ТСБМ), рыплі́вы, рыпу́чы ’скрыпучы’ (ТСБМ, Сцяшк.), рыпе́ць ’рыпець, скрыпець, скрыгатаць’ (ТС), ры́паць ’няўмела граць’, ’выказваць крыўду’ (Яўс.), ры́пнуць рыпнуць, скрыпнуць (ТС), рыпу́чы ’скрыпучы’ (ТС), ры́пкі ’рыпучы’ (Сцяшк. Сл.), ры́панне ’буркатня’, ’няўмелае гранне на гармоніку’ (Яўс.), рус. рыпе́ть, укр. рипіти ’скрыпець’, чэш. rupati ’хрусцець’, ’трашчаць’ rupěti ’хрусцець (пра снег). Прасл. *rypati. І.‑е. база *reup‑ ’ламаць’, ’вырываць’, ’раздзіраць’; корань *rep‑ (: *ru) ’рыць’, ’капаць’ з расшыральнікам ‑p‑ (Покарны, 1, 868–870). Параўн. літ. ruõpti ’капаць’, raũpti ’выдоўбліваць’, раскалупваць’, rupė́ti ’клапаціцца’, ст.-в.-ням. roubon (ням. rauben) ’рабаваць’, лац. rumpo ’рву’, ’разрываю’, ст.-інд. ropayati ’абломлівае’ (Чарных, 2, 130–131). Лічыцца, што тут той жа корань, што і ў ры́нуць, рака́, г. зн. узыходзяць да і.-е. кораня *erei‑, расшыраным фармантам p і роднаснае да ням. reisen (reiten) (Скок, 3, 146). Малаверагодная роднасць са ст.-ісл. raup ’выхвалянне’, ropa ’адрываць’, с.-н.-ням. ropen, с.-в.-ням. roffazen ’тс’ (Мацэнаўэр, LF 18, 245; Фасмер, 3, 530). Магчыма, гукапераймальнага паходжання). З іншага боку параўн. літ. rypúoti ’плакаць, галасіць’, raupyti, ruopti ’удараць’, rupas, rupus ’штосьці няроўнае’, інд. ropa‑ ’дзюра’, ropajati ’адрывае’, rupjati ’у яго рве ў бруху’, лац. rumpere, ням. Raub ’рабаўніцтва’ (< з ням. roub ’?’), raufen ’вырываць’, ’рваць’, ’трапаць’, ’церабіць’ (Брукнер, 472). Гл. таксама ры́паць2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сват ‘асоба, якая сватае жаніху нявесту ці нявесце жаніха’, ‘бацька мужа ў адносінах да жончыных бацькоў ці наадварот’ (ТСБМ, Шат., Бяльк., Сцяшк., З нар. сл., Бір. дыс., Сл. ПЗБ, ТС, Байк. і Некр.), ‘на вяселлі родзіч з боку маладога’ (Сл. ПЗБ), ‘адзін з удзельнікаў вясельнай дружыны’ (віл., З нар. сл.), сваты́ ‘бацькі маладых і ўсе родныя госці’ (“якіх называюць сватамі”, Сержп. Прымхі), свато́ве ‘тс’ (Нас., Касп.). Укр., рус. сват, ст.-рус. сватъ, польск. swat, н.-луж. svat ‘шафер, дружка’, ‘усякі сваяк заручанай пары’, чэш. svat, славац. svat ‘бацька зяця або нявесткі’, серб.-харв. сва̏т ‘сват’, славен. svȃt ‘сват, дружка’, балг., макед. сват ‘сват’, дыял. ‘сваяк’. Прасл. *svatъ, дэрыват ад кораня *swo‑ ‘свой’, з і.-е. *su̯a‑tō (*swō‑t‑), дзе ‑t‑ вытворнае ад займеннікавага кораня (гл. той), першапачаткова ‘свой, блізкі чалавек, суродзіч’; значэнне ‘чалавек, які сватае’ з’явілася пазней пад уплывам дзеяслова *svatati (гл. Трубачоў, История терм., 142–143). Паралелі ў літ. svẽcias, svẽtis ‘госць (чужынец)’, грэч. (Ϝ)έτης ‘родзіч, прыяцель’, гоц. swēs ‘уласны’, ст.-інд. svás ‘свой’. Махэк₂ (594) на аснове чэш. svatví * < *svatvьji адносіць слова да асновы на ‑u‑ і параўноўвае з авест. xvaētu‑, што адвяргаецца па фанетычных прычынах. Гл. Фасмер, 3, 570; Борысь, 589; Шустар-Шэўц, 1384; БЕР, 6, 534–535; Сной₂, 713; Глухак, 597 (збліжае з *xvatati, гл. хватаць); Шаўр, Etymologie, 45 (дапускае незалежнае ад славянскіх развіццё балтыйскіх і грэчаскай формаў).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ста́да ‘гурт, статак, чарада, табун (коней, кароў, авечак, птушак)’ (Жыв. св., Ян., Скарбы, Барад., Сл. ПЗБ, ЛА, 1), ста́до ‘тс’ (ТС), ст.-бел. стадо ‘тс’ (Альтбаўэр); паводле Мацкевіч і Грынавяцкене (ЖНС, 212), у мове Статута 1529 г. адносілася толькі да сукупнасці коней і знаходзілася ў апазіцыі да быдло, якое аб’ядноўвала іншых свойскіх жывёл. Укр., рус. ста́до, стараж.-рус. стадо, польск. stado, в.-луж., н.-луж. stadło, чэш., славац. stádo, серб.-харв. ста̏до, балг. ста́до, макед. стадо, ст.-слав. стадо. Прасл. *stado ‘статак жывёл’, дэрыват ад прасл. *stati (гл. стаць) з рэдкім суфіксам *‑do, першапачаткова ‘група жывёл, якая стаіць’; гл. Слаўскі, SP, 1, 63; Борысь, 574. Роднасныя: ст.-ісл. stód н. р. ‘конскі завод, стада’, ст.-англ. stód ж. р. ‘тс’, ст.-в.-ням. stuot ‘тс’, літ. stodas, лат. stàds ‘саджанец, расліна’; гл. Фасмер, 3, 743. Па прычыне рэдкасці словаўтварэння прапанаваліся іншыя версіі: пранікненне з герм. stôd ‘стада’ < *sta‑ ‘стаяць’ з ‑d‑ як у лексікалізаванага дзеепрыметніка (Мартынаў, Лекс. взаим., 53 і наст.), даславянскае і дагерманскае запазычанне ад “праеўрапейскіх народаў” (Махэк₂, 573). Шустар-Шэўц (1353) як на словаўтваральную паралель спасылаецца на прасл. *čędo (гл. чада ‘дзіця’) < *čęti ‘пачынаць’, *čudo (гл. цуд) < *čuti, ‘адчуваць’. Гл. яшчэ Аткупшчыкоў, Этимология–1968, 249; Трубачоў, Происх., 164; ЕСУМ, 5, 391–392. Сюды ж ста́днік ‘племянны бык або жарабец’ (ТС), ‘пастух’ (Касп., Нас., Нік. Очерки), ст.-бел. стадникътой, хто належыць да статку’ (Ст.-бел. лексікон).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стаці́вы, стоці́вы, стаціва́ ‘аснова ткацкага станка’ (гарад., лід., трак., шчуч., карэлку, Сл. ПЗБ), стацві́нні ‘тс’ (смарг., Сл. ПЗБ), стаці́ва, ста́цьвіна ‘бакавая частка ткацкага станка’ (Сцяшк.), стацьві́на ‘ставы’ (мёрск., ЛА, 4), стацьві́ны ‘бакавіны кроснаў’ (Касп.; ЛА, 4), стаці́ва ‘бок кроснаў, станіна’ (навагр., З нар. сл., Мат. Гом.), ‘асноўная частка ткацкага станка’ (чырв., З нар. сл.), ста́ціво ‘адзін з варыянтаў пастаноўкі кроснаў’, стаці́віна ‘станіна кроснаў’ (слонім., ЖНС), стаці́віна, стацьві́на ‘бакавая частка ставаў’ (Мат. Гом., ТС), статовы́нне, статовы́ны, статывкы́ ‘кросна’ (Сл. Брэс.), ста́ціва, стаці́віна ‘станіна’ (Мат. Гом.), мн. л. стаці́вы ‘тс’ (ЛА, 4), стаці́ва, статовы́ны, стату́ўкі ‘менш дасканалы з сучасных ткацкіх станкоў’, ‘дзве вертыкальныя паловы рамы, на якіх умацоўваюцца ўсе часткі больш дасканалых тыпаў ткацкага станка’ (Уладз.). Укр. стати́ва ‘рама, станіна ткацкага станка’, польск. stativa ‘рама ткацкага станка’, н.-луж. staśiva ‘ткацкі станок і яго станіна’, чэш. дыял. stativo ‘ткацкі станок’, серб.-харв. stativa ‘бок ткацкага станка’, славен. stȃtve мн. л. ‘ткацкі станок’, балг. ста́тива ‘ткацкі станок’. Прасл. *stativa — дэрыват ад *stati з суф. *‑iv‑, першапачаткова прыметнік, які потым субстантываваўся. Гл. спецыяльна Трубачоў (Ремесл. терм., 123), які падкрэслівае прыроду зыходнага дзеяслова *stati, што азначае не толькі ‘стаяць вертыкальна, але і нерухома на адным месцы, быць асновай чаго-небудзь’, а таксама ўказвае на славяна-лацінскую словаўтваральную паралель, параўн. лац. прым. statīvusтой, які стаіць на адным месцы’, наз. statīva ‘лагер, стан’. Гл. яшчэ Махэк₂, 576; Шустар-Шэўц, 1356; Бязлай, 3, 313.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Студзі́ць ‘рабіць халодным, астужаць’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Шат., Варл., Сл. ПЗБ, Бяльк.), ‘ліхаманіць’ (Байк. і Некр.), ‘халадзіць, марозіць’ (баран., Сл. ПЗБ), студзі́цца ‘астуджвацца, ахалоджвацца’ (ТСБМ, Бяльк.), студзёны ‘халодны’ (Бяльк.), студзёна ‘холадна’ (Бяльк., Мат. Маг.). Параўн. укр. студи́ти, рус. студи́ть, польск. studzić, в.-луж. studzić, н.-луж. stuźiś, чэш. studiti ‘студзіць’, славац. studiť, серб.-харв. сту́дити, сту́дјети ‘быць халодным’, славен. stúditi ‘адносіцца з агідай’, балг. студя, макед. студи ‘астуджаць; халадаць’. Прасл. *studiti ‘рабіць халодным, астужваць’. Шустар-Шэўц (1369–1370), Бязлай (3, 337) дзеяслоў лічаць вытворным ад прасл. *studъ, *studa ‘холад’, параўн. укр. дыял. сту́да ‘холад’, студ ‘сорам’, рус. дыял. сту́да, студь ‘холад’, студ ‘сорам, знявага’, польск. ostuda ‘прастуда’, чэш., славац. stud ‘сорам’, серб.-харв. сту̑д ‘холад’, славен. stȗd ‘агіднасць’, балг., макед. студ ‘холад, мароз’, ст.-слав. стоудъ ‘сорам, ганьба’. Борысь (585) выводзіць з *stydnǫti (гл. стыць) з чаргаваннем галосных у корані ŭ/ou/y/u. Параўноўваецца з ст.-інд. tudáti, tundatē ‘штурхае, коле, джаліць’, tōdasтой, хто дасаліць’, tōdas ‘укол’, лац. tundō, tutudā, tū(n)sum, tundere ‘біць, калаціць, удараць’, гоц. stautan ‘штурхаць’ і інш., гл. Бернекер, IF, 10, 154. Славянскую дзеяслоўную аснову *stud‑ узводзяць да і.-е. *stou‑, *stū‑ ‘стаяць’ і звязваюць з стыгнуць (гл.) і роднаснымі (Младэнаў, 614; Бязлай, там жа) аналагічна да і.-е. nomen actionis *stou̯do‑s. Параўн. стыд. Гл. яшчэ з аглядам літ-ры Фасмер, 3, 786–787; а таксама Махэк₂, 589–590; ЕСУМ, 5, 456–457.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

А́ЛГЕБРА,

навука пра сістэмы аб’ектаў той ці інш. прыроды, у якіх устаноўлены аперацыі, па сваіх уласцівасцях падобныя на складанне і множанне лікаў (алг. аперацыі). Задачы і метады алгебры ствараліся паступова, у выніку пошукаў агульных прыёмаў рашэння аднатыпных арыфм. задач (пераважна састаўлення і рашэння ўраўненняў).

Вялікі ўплыў на развіццё алг. ідэй і сімволікі зрабіла «Арыфметыка» Дыяфанта (3 ст.). Тэрмін «алгебра» паходзіць ад назвы твора Мухамеда аль-Харэзмі «Альджэбр аль-мукабала» (9 ст.), які мае агульныя метады рашэння алгебраічных ураўненняў (АУ) 1-й і 2-й ступеняў. У канцы 15 ст. замест грувасткіх слоўных апісанняў алг. дзеянняў у матэм. творах з’яўляюцца знакі «+» і «-», потым знакі ступеняў, кораняў, дужкі. У канцы 16 ст. Ф.Віет першы выкарыстаў літарныя абазначэнні. Да сярэдзіны 17 ст. ў асн. склалася сучасная алг. сімволіка. У далейшым погляд на алгебру мяняўся. Алгебра 17—18 ст. займалася літарнымі вылічэннямі (рашэнне АУ, тоеснае пераўтварэнне формул і інш.) у адрозненне ад арыфметыкі, якая аперыруе канкрэтнымі лікамі. Да сярэдзіны 18 ст. алгебра склалася прыблізна ў аб’ёме цяперашняй т.зв. элементарнай алгебры. Алгебра 18—19 ст. з’яўляецца ў асн. алгебрай мнагачленаў. Першай гіст. задачай алгебры было рашэнне АУ з адным невядомым. У 16 ст. італьян. матэматыкамі была знойдзена формула для рашэння ўраўненняў 3-й ступені (формула Кардана), потым метад рашэння ўраўненняў 4-й ступені (метад Ферары). Амаль 3 стагоддзі вёўся пошук формулы для рашэння ўраўненняў вышэйшай ступені. У 17 ст. ўпершыню выказана А.​Жырарам, а ў канцы 18 ст. К.Гаўсам даказана асн. тэарэма алгебры аб існаванні камплекснага кораня для адвольных АУ з камплекснымі каэфіцыентамі. У 1824 Н.Абель даказаў, што ўраўненне вышэй 4-й ступені ў агульным выпадку ў радыкалах невырашальнае, а ў 1830 Э.Галуа знайшоў крытэрый вырашальнасці ў радыкалах АУ. Разам з тэарэмай АУ з адным невядомым разглядаліся сістэмы АУ з многімі невядомымі, у прыватнасці сістэмы лінейных ураўненняў, у сувязі з чым узніклі паняцці матрыцы і дэтэрмінанта. З сярэдзіны 19 ст. даследаванні ў алгебры паступова пераносяцца з тэорыі АУ да вывучэння адвольных алг. аперацый. Абстрактнае паняцце алг. аперацыі ўзнікла ў сярэдзіне 19 ст. ў сувязі з даследаваннем прыроды камплексных лікаў, а таксама ў выніку з’яўлення прыкладаў алг. аперацый над элементамі зусім інш. прыроды, чым лікі, — складанне і множанне матрыц і інш.

У пачатку 20 ст. алгебра стала разглядацца як агульная тэорыя алг. аперацый на аснове аксіяматычнага метаду (сфарміравалася пад уплывам прац Ц.Гільберта, Э.​Штэйніца, Э.​Арціна, Э.​Нётэр і інш.). Сучасная алгебра вывучае мноствы адвольнай прыроды з зададзенымі на іх алг. аперацыямі (г.зн. алгебра ці універсальныя алгебра). Доўгі час вывучаліся толькі некалькі тыпаў універсальных алгебраў — групы, кольцы, лінейныя прасторы. Пазней пачалося вывучэнне абагульненняў паняцця групы — паўгрупы, квазігрупы і лупы. Разам з асацыятыўнымі кольцамі і алгебрай пачалі вывучацца і неасацыятыўныя кольцы і алгебра. Асацыятыўна-камутатыўныя кольцы і палі з’яўляюцца асн. аб’ектам вывучэння камутатыўнай алгебры, з якой цесна звязана алгебраічная геаметрыя. Важным тыпам алгебры з’яўляюцца структуры. Лінейныя прасторы, модулі, а таксама іх лінейныя пераўтварэнні і сумежныя пытанні вывучае лінейная алгебра, часткай якой з’яўляюцца тэорыі лінейных ураўненняў і матрыц. Да лінейнай алгебры прымыкае полілінейная алгебра. Першыя працы па агульнай тэорыі адвольных універсальных алгебраў належаць Г.​Біркгафу (1830-я г.). У тыя ж гады А.​І.​Мальцаў і А.​Тарскі заклалі асновы тэорыі мадэляў — мностваў з зададзенымі на іх адносінамі. У выніку цеснага збліжэння тэорыі універсальных алгебраў з тэорыяй мадэляў узнік новы раздзел алгебры, сумежны з алгебрай і матэматычнай логікай, — тэорыя алг. сістэм, якая вывучае мноствы з зададзенымі на іх алг. аперацыямі і адносінамі (гл. Алгебра логікі). Дысцыпліны, сумежныя з алгебрай і інш. часткамі матэматыкі, вызначаюцца ўнясеннем ва універсальныя алгебры дадатковых структур, узгодненых з алг. аперацыямі і адносінамі: тапалагічная алгебра, у т. л. тапалагічныя групы і групы Лі, тэорыя ўнармаваных кольцаў, дыферэнцыяльная алгебра, тэорыі розных упарадкаваных алгебраў. Да сярэдзіны 1950-х г. сфарміравалася гамалагічная алгебра, карані якой ляжаць у алгебры і тапалогіі.

Алг. паняцці і метады выкарыстоўваюцца ў геаметрыі, тэорыі лікаў, функцыян. аналізе, тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў, метадах вылічэнняў і інш. Алгебра мае вял. дачыненне да фізікі (выяўленні груп у квантавай фізіцы), крышталяграфіі (дыскрэтныя групы), кібернетыкі (тэорыі аўтаматаў і кадзіравання), матэм. эканомікі (лінейныя няроўнасці) і інш. Сістэм. даследаванні па алгебры на Беларусі пачалі Дз.А.Супруненка (1945) і С.А.Чуніхін (1953). Вядуцца пераважна ў Ін-це матэматыкі АН Беларусі, БДУ, Гомельскім ун-це ў школах У.П.Платонава, А.Я.Залескага, Л.А.Шамяткова.

Літ.:

Математика, её содержание, методы и значение. Т. 1—3. М., 1956;

Бурбаки Н. Очерки по истории математики: Пер. с фр. М., 1963.

Р.​Т.​Вальвачоў.

т. 1, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯЛЕ́КТЫКА [ад грэч. dialektikē (technē) майстэрства весці гутарку, спрэчку],

вучэнне аб найб. агульных законах развіцця космасу і прыроды, грамадства, чалавека і мыслення. Асн. прынцыпы Д. — усебаковая, усеагульная сувязь рэчаў і з’яў, станаўленне і развіццё. У склад Д. як вучэння ўваходзяць філас. тэорыя, метад і метадалогія філас. пазнання. Першыя спробы дыялект. асэнсавання прыроднай і грамадскай рэчаіснасці, быцця чалавека ў свеце зроблены ў глыбокай старажытнасці і знайшлі сваё ўвасабленне ў духоўнай культуры і светапоглядзе ўсх. цывілізацый: егіпецкай, шумерскай, індыйскай, кітайскай і інш. Унікальны ўклад у развіццё дыялект. мыслення зрабіла ант. грэч. цывілізацыя, якая стварыла спрыяльныя ўмовы для росквіту духоўнай творчай дзейнасці чалавека, асабліва ў галіне філасофіі, эстэтыкі, навукі. Паняцце Д. ўпершыню выкарыстаў Сакрат, разумеючы пад ім майстэрства весці мэтанакіраваны дыялог, калі супрацьпастаўленне і барацьба розных думак спрыяюць знаходжанню ісціны. Сакратаўскае разуменне Д. развіў Платон у шэрагу сваіх прац, напісаных у форме дыялогу. Ён даў дыялект. інтэрпрэтацыю філас. катэгорый руху, спакою, адрознення, тоеснасці, быцця, падкрэсліваючы іх супярэчлівы змест. Характэрнай рысай дыялект. мыслення стараж.-грэч. філосафаў было ўспрыманне свету ў якасці адзінага непадзельнага цэлага, якое знаходзіцца ў стане стыхійнага руху і змянення. У межах стыхійна-наіўнага ўяўлення аб непадзельнай рэчаіснасці ў Грэцыі існавалі і развіваліся формы суб’ектыўнай і аб’ектыўнай Д. Геракліт лічыў, што ўсё існуе і ў той жа час не існуе, таму што ўсё цячэ і змяняецца, узнікае і знікае, а свет з’яўляецца месцам няспыннай барацьбы процілеглых з’яў. У гэтай барацьбе процілегласцей ён бачыў галоўную прычыну развіцця. Стыхійна дыялект. ідэі знайшлі адлюстраванне ў вучэнні Дэмакрыта, Леўкіпа, Эпікура і інш. аб атамах і атамнай будове рэчаў. Істотнае даследаванне розных форм дыялект. мыслення правёў Арыстоцель. У часы панавання монатэістычных рэлігій, у прыватнасці хрысціянства, Д. фактычна атаясамлівалася з асобасным абсалютам — тварцом космасу і прыроды і адначасова з першапрычынай іх няспыннага руху і змянення. У філасофіі новага часу дыялект. ідэі выкарыстоўваліся супраць панавання метафіз. поглядаў. Р.Дэкарт спрыяў пранікненню дыялект. спосабу мыслення ў матэматыку, абгрунтоўваў ідэю аб неаднароднасці прасторы і пачатак развіцця адносна да касмалогіі. Д.Дзідро лічыў рух унутр. уласцівасцю матэрыі і адстойваў эвалюц. погляды на жывую прыроду. Г.Лейбніц падышоў да дыялект. погляду на адзінства прасторы і часу. Навукова плённыя дыялект. думкі аб захаванні матэрыі і руху, эвалюц. паходжанні і развіцці зямлі выказаў М.В.Ламаносаў. У якасці універсальнай тэорыі і метаду пазнання свету шляхам знаходжання, аналізу і раскрыцця ўласцівых яму супярэчнасцей Д. распрацоўвалася ў ням. класічнай філасофіі 18—19 ст. І.Кант вучыў, што працэс пазнання рэчаіснасці чалавекам абапіраецца на практычны вопыт, таму абстрактныя катэгорыі «бог», «душа», «свабода» і інш. не могуць прэтэндаваць на абсалютныя веды, а чалавечы розум у сваім імкненні авалодаць абсалютным няўхільна трапляе ў палон невырашальных супярэчнасцей. Выключнае месца ў станаўленні навук. канцэпцыі Д. займае філас. вучэнне Г.​Гегеля, які абагульніў гіст. вопыт навук. дыялект. мыслення аб космасе, прыродзе і чалавеку, а ўвесь матэрыяльны і нематэрыяльны свет прадставіў у якасці працэсу бесперапынных змен і развіцця Адначасова ён зрабіў спробу сфармуляваць унутр. законы Д. Змены, пераход рэчаў і з’яў з аднаго якаснага стану ў другі Гегель тлумачыў узаемадзеяннем супярэчнасцей і іх канчатковым вырашэннем, г.зн., што працэс развіцця адбываўся дзякуючы ўласным унутр. імпульсам, а развіццё з’яўлялася самаразвіццём. Такую ўласцівасць ён лічыў істотнай рысай абсалютнай ідэі, абсалютнага духу, што было абумоўлена сутнасцю ўсёй гегелеўскай філасофіі, паводле якой свядомасць з’яўляецца тварцом рэчаіснасці. Дыялект. ідэі, погляды і канцэпцыі прадстаўнікоў ням. класічнай філасофіі далі штуршок развіццю матэрыяліст. Д., якую распрацоўвалі К.​Маркс, Ф.​Энгельс, У.​І.​Ленін. Яе асн. катэгорыі і законы: прастора, час, рух, матэрыя, адзінства і барацьба процілегласцей, адмаўленне адмаўлення, пераход колькасных змен у якасныя і інш. Матэрыяліст. Д. прыроды абгрунтоўвае і даказвае свае палажэнні, спасылаючыся на гіст. вопыт развіцця прыродазнаўчых навук, а Д. сац. жыцця звяртаецца да вывучэння асаблівых рыс чалавечага грамадства, суадносін суб’ектыўнага і аб’ектыўнага ў гісторыі, сац. прагрэсу, узаемаадносін грамадства і прыроды, грамадства і асобы і інш. Яна ўключае таксама тэарэт. праблемы пазнання, якое заснавана на прынцыпе адлюстравання і дыялектычную логіку.

Літ.:

Гегель Г.В.Ф. Наука логики: Пер. с нем. Т. 1—3. М., 1970—72;

Ленін У.І. Філасофскія сшыткі // Тв. Т. 38 (Полн. собр. соч. Т. 29);

Современные зарубежные концепции диалектики: Критич. очерки. М., 1987;

Ильенков Э.В. Философия и культура. М., 1991.

В.​І.​Боўш.

т. 6, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАДЗЕ́ЛЬНАЕ ЗЕМЛЕЎЛАДА́ННЕ,

сістэма сялянскага ўладання зямлёй у Рас. імперыі ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Утварылася ў выніку сялянскай рэформы 1861, дзяржаўных сялян рэформы 1866—67, чыншавай рэформы 1886, рэформ удзельных сялян і інш. З пераходам сялян на выкуп, зацвярджэннем выкупных і люстрацыйных актаў надзельныя (гл. Надзел) і частка арандаваных зямель сталі іх уладаннямі. Уласнікам гэтай зямлі да сталыпінскай аграрнай рэформы была дзяржава. Н.з. захоўвала напаўпрыгонніцкі характар. Продаж і дарэнне надзельнай зямлі былі вельмі абмежаваныя. Сялянам забаранялася закладваць яе нават пасля выкупу. У той жа час сял. надзельныя ўчасткі свабодна адчужаліся для дзярж. і грамадскіх патрэб. Усё гэта стрымлівала развіццё капіталіст. адносін у сельскай гаспадарцы. Н.з. існавала ў абшчыннай і падворнай формах. Падворная форма яго панавала ў Прыбалтыцы, зах. і цэнтр. паветах Беларусі, на Правабярэжнай Украіне, у Бесарабіі, Каралеўстве Польскім. У астатніх рэгіёнах еўрап. Расіі панавала абшчыннае землеўладанне. Памеры Н.з. ў розных катэгорый сялян былі неаднолькавыя. У 1905 у б. дзярж. сялян надзел на двор у сярэднім дасягаў 12,5 дзес., а ў б. памешчыцкіх сялян — 6,7 дзес. У сярэднім на памешчыцкую латыфундыю ў еўрап. Расіі прыпадала 2,2 тыс. дзес., а на сял. двор — 11,1 дзес. зямлі пры тым, што мінімальныя патрэбы сял. гаспадаркі мог забяспечыць надзел, не меншы як 15 дзес. На пач. 20 ст. з 12,3 млн. сял. двароў 6,2 млн. мелі да 8 дзес. зямлі, а 2,2 млн. — больш за 15 дзес. Паскораны працэс разлажэння сялянства вёў да малазямелля асн. масы сялян, якое ўзмацнялася натуральным ростам сял. насельніцтва, і надзел часта не мог пракарміць сял. сям’ю. Пашыралася арэнда зямлі, найперш памешчыцкай. Не менш за ​1/2 усёй зямлі, арандаванай сялянамі еўрап. часткі краіны, было сканцэнтравана ў руках сельскай буржуазіі (кулацтва), якая вяла на ёй капіталіст. гаспадарку. Рыначнай з’явай была купля зямлі сялянамі па-за межамі Н.з. Усяго з 1877 да 1905 сяляне еўрап. Расіі набылі 7,5 млн. дзес. зямлі, з якіх ад ​2/3 да ​3/4 знаходзілася ў руках кулацтва.

На Беларусі ў канцы 1870-х г. надзельныя землі (5535,7 тыс. дзес.) складалі ​1/3 ад агульнай плошчы прыдатнай зямлі, памешчыцкія і казённыя — больш за 75. У 1877 на сял. двор тут прыпадала ў сярэднім 14,6 дзес., у 1905—10,2, на памешчыка і памешчыцкі маёнтак адпаведна 1097 і 813 дзес. Пры гэтым надзел на двор б. казённых сялян у сярэднім быў роўны 17 дзес., а б. памешчыцкіх сялян — 13,8 дзес. У 1877 менш за 15 дзес. (мінімальна неабходны надзел) мелі 61,9% бел. сялянскіх гаспадарак, у 1905—84,5%. Ва ўсх. Беларусі (у Магілёўскай і бел. паветах Віцебскай губ.), дзе захаваліся абшчынныя надзельныя землі, перыядычны іх перадзел у асн. не ажыццяўляўся. У Магілёўскай губ. да 1904 агульныя і прыватныя перадзелы зямельныя не праводзіліся ў 88% сельскіх грамад. У Віцебскай губ. агульныя зямельныя перадзелы таксама адсутнічалі ў большасці паселішчаў з абшчынным землеўладаннем. Недахоп надзельнай зямлі абумоўліваў на Беларусі арэнду сялянамі пазанадзельных зямель. На мяжы 19—20 ст. арандаваныя бел. сялянамі пазанадзельныя землі складалі каля ​1/3 ад плошчы надзельнай зямлі. Адначасова бедната частку сваіх надзельных угоддзяў здавала ў арэнду заможным аднавяскоўцам. Побач з арэндай сяляне ўзмоцнена куплялі зямлю. На Беларусі плошча купленых імі зямель з 1877 да 1905 павялічылася ў 8,3 раза і дасягнула 21,5% ад надзельных. 82,1% сялянскай асабістай купленай зямлі тут належала заможным кулацкім вярхам вёскі. Землі, набытыя сял. грамадамі і т-вамі, таксама размяркоўваліся «па грошах» і траплялі пераважна ў рукі тых жа заможных гаспадароў. З часу сталыпінскай агр. рэформы сяляне атрымалі права выхаду з пазямельнай абшчыны і замацавання надзельнай зямлі ў асабістую ўласнасць без абмежаванняў. За час гэтай рэформы плошча Н.з. па Мінскай, Гродзенскай, Віленскай, Магілёўскай і Віцебскай губ. скарацілася: да 43% абшчынных зямель сталі асабістай уласнасцю сялян. За 1907—14 ў 5 зах. губернях 40 820 сялян прадалі свае атрыманыя ў асабістую ўласнасць надзелы (187,8 тыс. дзес.), якія перайшлі пераважна ў рукі сельскай буржуазіі. Н.з. ліквідавана пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 у выніку нацыяналізацыі ўсёй зямлі.

Літ.:

Зайончковский П.А. Проведение в жизнь крестьянской реформы 1861 г. М., 1958;

Ленін У.І. Аграрнае пытанне ў Расіі к канцу XIX в. // Тв. Т. 15 (Полн. собр. соч. Т. 17);

Шабуня К.И. Аграрный вопрос и крестьянское движение в Белоруссии в революции 1905—1907 гг. Мн., 1962;

Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг. Мн., 1990.

В.​П.​Панюціч, Ж.​Б.​Чэпа.

т. 11, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

нага́, -і́, ДМ назе́, мн. но́гі і (з ліч. 2, 3, 4) нагі́, ног, Д нага́м, ж.

1. Адна з дзвюх ніжніх канечнасцей чалавека, а таксама адна з канечнасцей птушак і жывёл.

Доўгія ногі.

Пераступіць з нагі на нагу.

Левая нага.

2. Апора, ніжняя частка мэблі, пабудовы, механізма.

Стол на чатырох нагах.

Адной нагой у магіле — быць блізкім да смерці.

Бегчы з усіх ног — вельмі хутка, што ёсць моцы.

Блытацца пад нагамі — замінаць, перашкаджаць каму-н.

Быць на роўнай назе з кім — быць у добрых сяброўскіх адносінах.

Збіцца з ног — стаміцца, змучыцца ад клопатаў, беганіны.

Ледзь вынесці ногі — пазбегнуць небяспекі, выратавацца.

Ледзь ногі носяць — аб вялікай стомленасці, старасці.

Ляжаць без задніх ног — не мець сілы паварушыцца (ад стомы і пад.).

Нага ў нагу — нароўні з кім-н., у адпаведнасці з кім-, чым-н.

На шырокую нагу (разм.) — вельмі багата, раскошна.

Ні нагой куды, да каго — не бываць дзе-н.

Ног не чуць пад сабой

а) вельмі хутка;

б) вельмі стаміцца.

Падняцца на ногі — стаць дарослым, самастойным.

Падняць на ногі — усхваляваць, прымусіць трыво́жыцца.

Паставіць з ног на галаву — няправільна растлумачыць што-н.

Паставіць на ногі — вылечыць, выгадаваць да самастойнага жыцця.

Траціць грунт (глебу, зямлю) пад нагамі — пазбаўляцца таго, на чым грунтуецца грамадскае становішча, светапогляд і пад.

Устаць з левай (не з той) нагі — быць у дрэнным настроі.

|| памянш.-ласк. но́жка, -і, ДМ -жцы, мн. -і, -жак, ж.

|| прым. нажны́, -а́я, -о́е (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)