ДЫКТАТУ́РА,

1) сістэма неабмежаванага паліт., эканам., сац., духоўнага панавання на чале з лідэрам-дыктатарам. Яго імя або вызначаемая ім сац.-паліт. ідэя дае назву адпаведнай разнастайнасці дыктатарскага рэжыму (цэзарызм, банапартызм, абсалютызм, фашызм, таталітарызм і г.д.). Характарызуецца падаўленнем грамадзянскай супольнасці, паліт. тэрорам, канцэнтрацыяй улады ў руках дыктатара, усталяваннем юрыд. абмежаванняў паліт. правоў і свабод. Унутраная і знешняя палітыка ва ўмовах Д. грунтуецца на ідэалогіі месіянізму, прымусу непакорных. Паводле марксісцка-ленінскай тэорыі Д. — заканамерная з’ява класава-антаган. грамадства. Д. пралетарыяту ўстанаўліваецца ў выніку сацыяліст. рэвалюцыі і ахоплівае пераходны перыяд ад капіталізму да сацыялізму і мае на мэце буд-ва камунізму. Пры неабходных умовах яна выкарыстоўвае насілле для падаўлення супраціўлення эксплуататарскіх класаў і дзейнасці варожых сацыялізму элементаў. Ва ўмовах канчатковай перамогі сацыялізму Д. пралетарыяту завяршае сваю гіст. місію і ператвараецца ў агульнанародную дзяржаву пры захаванні кіруючай ролі камуніст. партыі да пабудовы камунізму. Д. — з’ява гіст., таму яе трэба разглядаць толькі ў канкрэтным гіст. кантэксце. Пры некаторых абставінах яна адыгрывала станоўчую ролю, захоўвала законнасць, парадак і тэр. цэласнасць краіны ў перыяд паліт. і сац.-эканам. крызісаў, а таксама адбіцця знешняй агрэсіі і прадухілення грамадз. вайны. Таму ў канстытуцыях некаторых краін (Францыя, Італія) прадугледжана магчымасць стварэння т.зв. «канстытуцыйнай Д.», якая мае магчымасць у надзвычайных сітуацыях ажыццяўляць экстранныя захады для аднаўлення законнасці і парадку ў краіне.

2) Спосаб ажыццяўлення дзярж. уладай непасрэднага выкарыстання ўзбр. насілля ў надзвычайных становішчах.

Літ.:

Джилас М. Лицо тоталитаризма: [Пер. с серб.-хорв.]. М., 1992;

Маркс К. Восемнадцатое брюмера Луи Бонапарта // Маркс К., Энгельс Ф. Соч. 2 изд. Т. 8;

Ленін У.І. Дзяржава і рэвалюцыя // Тв. Т. 25. (Полн. собр. соч. Т. 33);

Яго ж. Аб дыктатуры пралетарыяту // Тв. Т. 30. (Там жа. Т. 39).

Я.​М.​Бабосаў.

т. 6, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОЗАГАДО́ЎЛЯ,

галіна жывёлагадоўлі па развядзенні коз свойскіх малочнага шэрснага і пуховага кірункаў. Казінае малако — каштоўны дыетычны прадукт для харчавання дзяцей і людзей са страўнікавымі захворваннямі. Яго перапрацоўваюць на сыры, масла, тварог, сыраквашу і інш. Казіны пух — тонкі, мяккі, лёгкі, моцны і цёплы, з яго робяць хусткі, тканіны, трыкатаж. Са шкур вырабляюць лепшыя гатункі шаўро, хрому, саф’яну, замшы, лайкі; з казліны з густой шэрсцю — імітацыю пад пясца, коціка і інш. футра. Мяса пажыўнасцю блізкае да бараніны, але менш тлустае. У свеце пераважаюць малочныя пароды коз: у Паўд.-Зах. Азіі — сірыйская, у Зах. Еўропе — зааненская, тагенбургская, у міжземнаморскіх краінах — мурсійская і мальтыйская, у Паўн. Афрыцы — нубійская, у Расіі — горкаўская, зааненская, мегрэльская. Сярэднія надоі малака на 1 казу да 1 тыс. л за год (рэкардысткі да 3 тыс. л), вытв-сць мяса 20—28 кг. Пуховая К. развіта ў Кітаі (у Тыбеце), дзе гадуюць кашмірскую пароду коз, у Расіі (арэнбургская і прыдонская пароды). Шэрсная К. пашырана ў Турцыі, ЗША, ПАР, дзе вырошчваюць ангорскую пароду, якая дае каштоўную шэрсць (махер), у Расіі, краінах Б. Усходу. Груба шэрсных коз змешанай прадукцыйнасці гадуюць у горных краінах. У цэлым на Азію прыпадае каля палавіны пагалоўя коз, на Афрыку — каля 30%. З краін Амерыкі ў К. вылучаюцца ЗША, Бразілія, Аргенціна, Мексіка, у Еўропе — Італія, Балканскія дзяржавы. 1-е месца па пагалоўі займае Індыя (120 млн. галоў, 1996), потым Кітай, Пакістан, Бангладэш (больш за 30 млн. галоў).

На Беларусі К. на працягу ўсяго гіст. перыяду. была дапаможнай галіной сельскай гаспадаркі. Пераважаюць малочныя пароды коз — зааненская, руская, мясцовая беспародная. На пач. 1998 пагалоўе коз складала 58,8 тыс. галоў, у асноўным у індывід. гаспадарках; яно больш пашырана на Пн Беларусі (Віцебская вобл.) і ў прыгарадных зонах.

Н.​І.​Жураўская.

т. 8, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДВО́ДНАЯ ВАЙНА́,

баявыя дзеянні падводных лодак (ПЛ) супраць караблёў і суднаў праціўніка з мэтай іх знішчэння, або парушэння яго марскіх камунікацый. Вялася ў 1-ю (1914—18) 1 2-ю (1939—45) сусв. войны. У 1-й сусв. вайне страты гандл. флоту ад ПЛ склалі 14 млн. брута-рэгістравых тон і 192 баявыя караблі. Германія, насуперак міжнар. пагадненням і прававым нормам, тапіла гандл. судны праціўніка і нейтральных дзяржаў. Пытанне аб забароне П.в. абмяркоўвалася на Вашынгтонскай канферэнцыі 1921—22, але яна не прыняла прапанову Вялікабрытаніі забараніць выкарыстанне ПЛ. У 1936 ЗША, Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Японія падпісалі пратакол аб правілах дзеянняў ПЛ у адносінах да гандл. суднаў у ваен. час; да пратакола далучыліся СССР (1937) і некаторыя інш. краіны. Паводле гэтага дакумента, ПЛ і надводныя ваен. караблі, у адносінах да гандл. суднаў павінны былі кіравацца нормамі міжнар. права. Толькі ў выпадку ўпартай адмовы гандл. судна прыпыніцца ці супраціўлення агляду (вобыску) яно магло быць затоплена або пазбаўлена магчымасці далейшага плавання пры ўмове, што пасажыры, экіпаж і дакументы з судна будуць вывезены папярэдне ў бяспечнае месца. Аднак гэтыя патрабаванні на практыцы не выконваліся. У сувязі з агрэсіяй супраць Іспаніі прадстаўнікі Вялікабрытаніі, Францыі, СССР і інш. дзяржаў падпісалі ў 1937 Ніёнскае пагадненне аб мерах па барацьбе з пірацкімі дзеяннямі ПЛ фаш. дзяржаў. Нягледзячы на гэтыя дакументы, за гады 2-й сусв. вайны агульныя страты гандл. флоту ад ПЛ склалі каля 23 млн. брута-рэгістравых тон (знішчана таксама каля 400 баявых караблёў). Адначасова флаты дзяржаў, што ваявалі, страцілі 1123 ПЛ (у 1-ю сусв. вайну — 265), з іх Германія — больш за 800. У П.в. вызначыліся многія сав. маракі-падводнікі, у т. л. Героі Сав. Саюза А.Х.Марынеска, ураджэнец г. Віцебск С.Н.Багарад і інш.

Літ.:

Подводники атакуют: Сб. М., 1985;

Дениц К. Немецкие подводные лодки, 1939—1945 гг.: Пер. с нем. СПб., 2000.

В.​А.​Юшкевіч, У.​Я.​Калаткоў.

т. 11, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТЭ́ЛЬ (франц. pastel ад італьян. pastello памянш. ад pasta цеста),

жывапіс сухімі мяккімі каляровымі алоўкамі без аправы; твор, выкананы ў гэтай тэхніцы. Пастэльныя алоўкі (прасуюцца і фармуюцца са сцёртых у тонкі парашок рознакаляровых пігментаў з невял. дамешкам камедзей, малака, мелу, гіпсу, тальку і інш.; у залежнасці ад саставу рэчываў могуць быць мяккімі, цвёрдымі, сярэдняй мяккасці). Імі малююць на шурпатай (найчасцей каляровай) паперы, кардоне, грунтаваным палатне, замшы, пергаміне. П. наносяць штрыхамі, што набліжае яе да графікі, або расціраюць пальцамі ці растушоўкай (спец. палачка), што дае магчымасць дасягнуць найтанчэйшых нюансаў тону. Малюнак вылучаецца чысцінёй, свежасцю, мяккай прыглушанасцю колеру, далікатнай аксаміцістай паверхняй твора. З прычыны нетрываласці фарбавага слоя ў П., які лёгка разбураецца, яго замацоўваюць спец. фіксатарамі.

Тэрмін «П.» упершыню ўпамінаецца ў канцы 16 ст. Майстры 16—17 ст. выкарыстоўвалі П. пераважна для падфарбоўкі малюнкаў. выкананых цвёрдымі штыфтамі. З канца 17 ст. пашырылася ў жывапісе. Найб. росквіту дасягнула ў 18 ст., асабліва ў мастацтве ракако. У П. працавалі Р.​Кар’ера (Італія), К. дэ Латур, Ж.​Б.​Перано, Ж.​Б.​Шардэн (Францыя), А.​Р.​Менгс (Германія), Э.​Ліятар (Швейцарыя) і інш. Класіцызм адмаўляў П., але з 2-й пал. 19 ст. яна адрадзілася ў творчасці франц. мастакоў Э.​Дэга, Э.​Дэлакруа, Э.​Манэ, Ж.​Ф.​Міле, А.​Рэнуара. У Расіі ў П. працавалі А.​Арлоўскі, А.​Венецыянаў, І.​Левітан, В.​Сяроў, у Літве — М.​Чурлёніс. На Беларусі да П. звяртаўся Ф.​Рушчыц. У гэтай тэхніцы працавалі і працуюць Я.​Батальёнак, М.​Будавей, Ю.​Герасіменка, І.​Давідовіч, В.​Дубрава, П.​Дурчын, Я.​Красоўскі, Я.​Кругер, Р.​Кудрэвіч, У.​Кудрэвіч, А.​Марыкс, М.​Моўчан, І.​Немагай, А.​Паслядовіч, Л.​Ран, Л.​Чурко і інш.

Л.​У.​Салодкіна.

Да арт. Пастэль. Э.​Дэга. Блакітныя танцоўшчыцы, каля 1879.
Да арт. Пастэль. Ф.​Рушчыц. Залаты пакой. 1913.

т. 12, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТРА́РКА ((Petrarca) Франчэска) (20.7.1304, г. Арэца, Італія — 19.7.1374),

італьянскі паэт, вучоны-гуманіст эпохі Адраджэння. Вучыўся ва ун-тах Манпелье (1316) і Балонні (1320—26). У 1326 прыняў духоўны сан. Падтрымаў паўстанне К. ды Рыенца. У 1353—61 сакратар пры міланскім правіцелі Вісконці, выконваў дыпламат. і паліт. даручэнні. Светапогляд П. супярэчлівы: спалучэнне ідэй гуманізму з элементамі феад.-царк. культуры. У філас. і палемічных трактатах на лац. мове «Пра пагарду да свету» (1342—43), «Інвектывы супраць урачоў» (1352—53) адлюстраваў перажыты ім рэліг. крызіс, цікавасць да зямнога жыцця і светапогляду чалавека, абараняў паэзію ад нападак сярэдневяковых дыдактаў. Адзін з першых еўрап. гуманістаў ідэалізаваў ант. свет. Аўтар эпічнай паэмы «Афрыка» (1339—42, на лац. мове) пра заваяванне Карфагена Рымам, пастаральных эклог алегарычнага зместу «Буколікі» (1346—57). Вяршыня яго творчасці — зб. лірыкі «Канцаньерэ» («Кніга песень», 1327—74). У 317 санетах, 29 канцонах, 9 сексцінах, 7 баладах і 4 мадрыгалах, аб’яднаных у цыклы «На жыццё мадонны Лауры» і «На смерць мадонны Лауры», уславіў каханне, раскрыў унутр. свет чалавека, яго пачуцці і перажыванні. Лауры прысвяціў алегарычную паэму ў тэрцынах «Трыумфы» (пач. ў 1354), прасякнутую аскетычнымі матывамі. Аўтар аўтабіяграфіі «Лісты да нашчадкаў» (1374). Лірыка П. паўплывала на развіццё еўрап. паэзіі (т.зв. петраркізм). Разам з Дантэ і Дж.Бакачыо лічыцца стваральнікам італьян. літ. мовы. На бел. мову яго паасобныя творы пераклалі Л.​Баршчэўскі, Ю.​Гаўрук, М.​Дуброўскі.

Тв.:

Бел. пер. — Санеты. Мн., 1996;

У кн.: Гаўрук Ю. Кветкі з чужых палёў. Мн., 1928;

Рус. пер. — Избранное. М., 1974;

Сонеты. Мн., 1982;

Эстетические фрагменты. М., 1982;

Лирика. М., 1989;

Африка: Поэма. М., 1992;

Канцоньере. Моя тайна, или Книга бесед о презрении к миру. Книга писем о делах повседневных. Старческие письма. М., 1996;

Сочинения философские и полемические. М., 1998.

Літ.:

Хлодовский Р.И. Франческо Петрарка: Поэзия гуманизма. М., 1974;

Франческо Петрарка: Библиогр. указ. М., 1986.

Ф.Петрарка.

т. 12, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛО́МІНЫ,

расійскія акцёры, браты. Нарадзіліся ў г. Чыта (Расія). Юрый Мяфодзьевіч (н. 18.6.1935). Нар. арт. Расіі (1974). Нар. арт. СССР (1988). Чл.-кар. Рас. акадэміі адукацыі (1992). Праф. Тэатр. вучылішча імя М.​Шчэпкіна (1986). Скончыў Тэатр. вучылішча імя Шчэпкіна (1957). З 1957 ў Малым т-ры (з 1988 маст. кіраўнік). У 1990—91 міністр культуры Расіі. Ігра адметная глыбокім драматызмам пры мяккасці, лірычнасці акцёрскай манеры: Сірано («Сірано дэ Бержэрак» Э.​Растана), Пратасаў («Жывы труп» Л.​Талстога), Мікалай II («... і Аз ваздам» С.​Кузняцова) і інш. Займаецца рэжысурай. Зняўся ў фільмах: «Бяссонная ноч» (1960), «Вясна на Одэры» (1968), «Чырвоная палатка» (1970, СССР—Італія), «Дэрсу Узала» (1976), «Блуканне па пакутах» (1977), «Крык цішыні» (1982), «Ад’ютант яго правасхадзіцельства» (1970, Дзярж. прэмія Расіі, 1971), «ТАСС упаўнаважаны заявіць», «Тайна вілы «Грэта» (абодва 1984), «Прывал вандроўнікаў» (1991), «У пачатку было слова», «Сны пра Расію» (абодва 1992) і інш. Віталь Мяфодзьевіч (н. 12.12.1941). Нар. арт. Расіі (1992). Скончыў Тэатр. вучылішча імя Шчэпкіна (1963). У 1963—85 і з 1988 у Малым т-ры. Пераважна характарны акцёр, надзелены драм. талентам. Камед. ролям уласцівы вытанчанасць, лёгкасць, імпульсіўнасць: Чацкі («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Фіеска («Змова Фіескі ў Генуі» Ф.​Шылера), Хлестакоў («Рэвізор» М.​Гогаля) і інш. З 1963 здымаецца ў кіно: «Жанчыны» (1966), «Старэйшая сястра» (1967), «Салют, Марыя!» (1971), «Сібірыяда» (1979), «Прыгоды Шэрлака Холмса і доктара Ватсана» (1979—83), «Сільва» (1981), «Пікавая дама» (1982), «Вяртанне з арбіты» (1984), «Чалавек, які закрыў горад» (1983), «Зімовая вішня-1» (1985), «Ён, яна і дзеці» (1986), «Зімовая вішня-2» (1990), «Чорны квадрат» (1992), «Зімовая вішня-3» (1995) і інш.

Літ.:

Москалева И. Ю.​Соломин. М., 1974;

Закржевская Л. В.​Соломин. М., 1979.

Да арт. Саломіны. Юрый Мяфодзьевіч і Віталь Мяфодзьевіч.

т. 14, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́ДЫЯ (лац. comoedia, грэч. komōdia ад kōmos вясёлая працэсія + oidē песня),

адзін з жанраў драмы, у якім характары, дзеянні, з’явы паказваюцца праз прызму камічнага. Як твор «нізкага» жанру проціпастаўлялася «высокаму» жанру — трагедыі. Мае разнавіднасці: сатыр., лір., сац.-бытавая, памфлет, вадэвіль, інтэрмедыя, жарт, фарс, буфанада, скетч. Выкарыстоўвае маст. сродкі выразнасці (гратэск, алагізм, пародыю, іронію, гумар, сарказм і інш.), высмейвае негатыўныя з’явы сац. жыцця, заганы чалавечых характараў, сцвярджае станоўчы ідэал, носьбітам якога можа быць персаніфікаваная асоба або смех.

Зарадзілася ў Стараж. Грэцыі. «Бацькам» К. лічаць Арыстафана.У Стараж. Рыме вылучаліся камедыёграфы Ц.​М.​Плаўт і П.​Тэрэнцый (3—2 ст. да н.э.). У сярэднія вякі К. развівалася ў больш прымітыўных формах фарса, інтэрлюдыі і інш. Росквіту дасягнула ў эпоху Адраджэння ў творчасці Лопэ дэ Вэгі, П.​Кальдэрона (Іспанія), У.​Шэкспіра (Англія), Н.​Макіявелі (Італія), Мальера (Францыя). Вял. ўплыў на зах.-еўрап. К. зрабіла італьян. камедыя дэль артэ. У 18 ст. значны ўклад у развіццё жанру зрабілі П.​Бамаршэ (Францыя), Г.​Лесінг (Германія), Г.​Філдынг і Р.​Шэрыдан (Англія), К.​Гальдоні і К.​Гоцы (Італія), Дз.​Фанвізін, І.​Крылоў (Расія). Высокіх узораў, сац. глыбіні і маштабнасці дасягнула рус. К. ў 19 ст. (А.​Грыбаедаў, М.​Гогаль, А.​Астроўскі, А.​Сухачо-Кабылін, Л.​Талстой, М.​Салтыкоў-Шчадрын). У канцы 19 — пач. 20 ст. вылучыліся «К. ідэй» Б.​Шоу, «К. настрояў» А.​Чэхава, адметныя павышаным псіхалагізмам, шматграннасцю раскрыцця характараў. Стылёвымі пошукамі адзначаны творы Б.​Брэхта, І.​Л.​Караджале, А.​Фрэдра, Б.​Нушыча, К.​Чапека, Л.​Пірамдэла, Э. Дэ Філіпа, Ж.​Ануя, Э.​Іанеска. Папулярнасцю карыстаюцца камедыйныя творы У.​Маякоўскага, М.​Булгакава, М.​Пагодзіна, А.​Карнейчука, В.​Розава і інш.

На Беларусі К. развіваецца з глыбокай старажытнасці. Яе элементы праяўляліся ў нар. рытуалах, гульнях, святах, тэатралізаваных паказах, у батлейцы. У кананічныя тэксты школьнага тэатра, народнай драмы як інтэрмедыі ўключаліся камедыйныя сцэнкі, якія давалі магчымасць нар. творцам іранізаваць над чалавечымі недахопамі, сатырай і смехам кляйміць прыгнятальнікаў. Нар. камедыйныя сцэнкі карысталіся поспехам ў гледачоў, спрыялі дэмакратызацыі сцэнічнага мастацтва. К. фальклорнага т-ра дасягнула ідэйна-маст. вышынь і паўплывала на бел. прафес. драматургію («Камедыя» К.​Марашэўскага). На высокі прафес. ўзровень жанр К. ўзнялі творы В.​Дуніна-Марцінкевіча «Пінская шляхта» і «Залёты» (2-я пал. 19 ст.), у якіх яркі, спецыяльна падкрэслены камізм становішчаў і сітуацый спалучаўся з сац. зместам. У пач. 20 ст. гэту традыцыю прадоўжыў К.​Каганец (п’еса «Модны шляхцюк»). Класічным узорам бел. К. стала «Паўлінка» Я.​Купалы, а таксама яго вадэвіль «Прымакі», п’еса «Тутэйшыя». У жанры К. шмат і плённа працаваў У.​Галубок, пераважна як стваральнік п’ес сац.-бытавога характару, востраканфліктных («Суд», «Пісаравы імяніны», «Пінская мадонна», «Ветрагоны»), Нар. лубачнасцю, камедыйнай падкрэсленасцю сітуацый вызначаюцца драм. творы «Мікітаў лапаць» М.​Чарота, «Збянтэжаны Саўка», «Конскі партрэт» і «Пасланец» Л.​Родзевіча. У 1920-я г. значнае развіццё атрымала сатыр. К. («Кар’ера таварыша Брызгаліна» Е.​Міровіча). Камедыйным майстэрствам, дынамізмам інтрыгі, завершанасцю сюжэта, псіхал. глыбінёй характараў вызначаюцца сатыр. творы «Хто смяецца апошнім» і «Мілы чалавек» К.​Крапівы. Шырокім выкарыстаннем фалькл. матываў пазначана К. «Несцерка» В.​Вольскага. Каларытнасць характараў, актуальнасць праблематыкі, непрымірымасць да любых праяў амаральнасці, гуманіст. страснасць уласцівыя камедыйным творам А.​Макаёнка («Выбачайце, калі ласка!» «Лявоніха на арбіце», «Зацюканы апостал», «Трыбунал» і інш.). У 1970-я — пач. 1980-х г. важкім укладам у развіццё нац. камедыяграфіі сталі п’есы «Брама неўміручасці» К.​Крапівы, «Амністыя» М.​Матукоўскага, «Адкуль грэх?», «Злыдзень», «Укралі кодэкс» А.​Петрашкевіча, у якіх шырокая палітра ўласнакамедыйных, вадэвільных і сатырычных фарбаў. Атрымала развіццё аднаактовая К. (А.​Махнач, А.​Рылько, В.​Зуб, У.​Няфёд, Н.​Гілевіч, Г.​Марчук і інш.).

Літ.:

Сахновский-Панкеев В.А. О комедии. Л.;

М., 1964;

Штейн А.Л. Философия комедии // Контекст, 1980. М., 1981;

Саннікаў АК. Сатырычныя характары беларускіх камедый. Мн., 1961;

Усікаў Я. Беларуская камедыя. Мн., 1973.

А.​В.​Сабалеўскі.

т. 7, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́І ГІСТАРЫ́ЧНЫЯ,

профільная група музеяў, зборы якіх дакументуюць гісторыю развіцця чалавечага грамадства. Падзяляюцца на агульнагістарычныя (гісторыі краіны, краю, горада), археал., этнагр., гіст.-краязн., ваенна-гіст., гісторыі асобных устаноў, гіст. падзей, выдатных асоб, у т. л. мемарыяльныя музеі. Тыпам М.г. з’яўляюцца ансамблі ці комплексы, якія могуць быць абвешчаны музеямі-запаведнікамі, прыкладам комплекснага профілю з’яўляюцца краязнаўчыя музеі.

Першыя зборы гіст. кшталту вядомы ў стараж. свеце, дзе гіст. помнікі канцэнтраваліся ў храмах, свяшчэнных гаях, палацах, дамах сходаў: у Кноскім палацы на в. Крыт (16 ст. да н.э.), храмавай б-цы ў Ашуры (11 ст. да н.э.), храме Апалона ў Дэльфах (Стараж. Грэцыя, 4 ст. да н.э.). Сістэматычнае калекцыяніраванне гіст. помнікаў пачалося ў 15 ст. і атрымала развіццё ў 16—17 ст. ў Італіі, адтуль распаўсюдзілася ў Францыі, Англіі, Германіі і інш. краінах Зах. Еўропы. Калекцыі манет, медалёў, стараж. зброі і выпадковых археал. знаходак захоўваліся ў замках і належалі прыватным асобам (каралям, буйным феадалам, купцам), доступ да іх быў абмежаваны вузкім колам сваякоў і гасцей гаспадара. Першы агульнадаступны М.г. створаны ў час Французскай рэвалюцыі 1789—99 у кляштары малых аўгусцінцаў у Парыжы (1795). На працягу 19 ст. рэалізуецца роля М.г. ў абуджэнні нац. свядомасці этнасаў, што зведалі іншаземны прыгнёт ці агрэсію Адкрываюцца Венгерскі музей у Пешце (1802), нацыянальныя музеі ў Празе (Чэхія, 1818), Спліце (Далмацыя, 1820), Любляне (Славенія, 1821), Заграбе (Харватыя, 1846). М.г. стваралі ў імперскіх сталіцах, каб падтрымаць прыхільнасць да традыцый ці адраджэння гонару за слаўнае мінулае: Ваенны музей у Мадрыдзе (Іспанія, 1804), Венскі музей нац. славы (Аўстрыя, 1850), Галерэя славы ў Берлінс (Германія, 1880), Гістарычны музей у Маскве (1872), Музей арміі ў Парыжы (1905), Імперскі ваенны музей у Лондане (1917). Развіццё дапаможных гіст. дысцыплін паспрыяла ўзнікненню самаст. археал. музеяў: нацыянальных у Неапалі (Італія, 1748), Кальяры (Італія, 1806), Афінах (1874), Паўн. старажытнасцей у Капенгагене (Данія, 1819), Філадэльфіі (ЗША, 1834) і этнаграфічных (гл. Музеі этнаграфічныя). Ствараюцца нац. музеі ў Дамаску (Сірыя, 1919), Багдадзе (Ірак, 1923), музей цюркскай і мусульм. культуры ў Стамбуле (Турцыя, 1923), музей старажытнасцей у Тэгеране (Іран, 1938). На працягу 20 ст. развіццё М г. адбываецца ў кірунку паглыблення спецыялізацыі і пошуку новых форм захавання і папулярызацыі гіст.-культ. спадчыны.

На Беларусі перадмузейныя гіст. зборы вядомы з 15 ст. ў рэзідэнцыях вял. князёў ВКЛ і буйных феадалаў. Першы публічны музей, дзе таксама можна было аглядаць гіст.-археал. матэрыялы, знаходзіўся ў Полацкім езуіцкім калегіуме (1787—1820). Першы агульнадаступны музей гіст. профілю — Віленскі музей старажытнасцей. Каштоўныя гіст.-археал. матэрыялы захоўваліся таксама ў музеях стат. к-таў, царк.-археал. т-ваў, музеі Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, прыватных калекцыях М.Гаўсмана, Э.Гутэн-Чапскага, А.Ельскага, В.​Федаровіча і інш. Актыўны ўдзел у зборы і стварэнні музеяў прымалі Дз.І.Даўгяла, І.І.Дуцкевіч, Е.Р.Раманаў, А.М.Семянтоўскі, А.К.Снітка, Я.П.Тышкевіч і інш. Каштоўныя археал., этнагр. і інш. калекцыі былі прадстаўлены ў Беларускім музеі ў Вільні, Беларускім дзяржаўным музеі, Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі, Музеі Беларускага Палесся і інш. Збіральніцтва і папулярызацыя гіст. помнікаў у перыяд пасля Вял. Айч. вайны звязана з аднаўленнем і пашырэннем сеткі краязн. музеяў, у рамках якіх пераважна і развівалася гіст. музеязнаўства. На канец 1997 на Беларусі дзейнічалі найбуйнейшыя М.г.: Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі (Гродна), Брэсцкай крэпасці-героя музей, Музей ваеннай гісторыі Рэспублікі Беларусь, абл. і раённыя краязн. музеі (гл. адпаведныя арт). Працуюць дзярж. Археалагічны музей «Бярэсце», геалагічны Парк камянёў, ваенна-гіст. Ваўкавыскі ваенна-гістарычны музей, Кобрынскі ваенна-гістарычны музей, Доеўскі музей бітвы за Дняпро, Музей воінаў-інтэрнацыяналістаў, Музей баявой садружнасці беларускіх, рускіх, латышскіх і літоўскіх партызан, Музей партызанскай славы, Музей савецка-польскай баявой садружнасці, Шмырова М.П. музей, музеі гісторыі гарадоў Магілёва, Наваполацка, Оршы, Светлагорска (гл. адпаведныя арт.), Музей гісторыі медыцыны, Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік, гіст.-краязн., нар., баявой і працоўнай славы. Больш за 70% дзярж. музеяў Беларусі маюць гіст.-краязн. кірунак.

Літ.:

Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984.

А.​А.​Гужалоўскі.

т. 11, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКУЛЬПТУ́РА (лац. sculptura ад sculpo выразаю, высякаю),

від выяўленчага мастацтва, творы якога маюць фізічна-матэрыяльны, прадметны аб’ём і трохвымерную форму, размешчаную ў рэальнай прасторы. Вырабляецца з дрэва, каменю, гіпсу, косці, гліны, металу, пластмасы і інш. матэрыялаў. Найб. пашыраны аб’ект выявы — чалавек, радзей жывёлы (анімалістычны жанр), прырода (пейзаж), нацюрморт. У 20 ст. ўзнікла і распаўсюдзілася абстрактная С., для стварэння якой часта выкарыстоўваюць нетрадыц. матэрыялы (дрот, надзіманыя фігуры і інш.; гл. таксама Кінетычнае мастацтва). Гал. выразныя сродкі С. — пастаноўка фігуры ў прасторы, перадача яе руху, позы, жэста, святлоценявая мадэліроўка, якая ўзмацняе рэльефнасць формы, фактура лепкі або апрацоўка матэрыялу, архітэктанічная арганізацыя аб’ёму, зрокавы эфект яго масы, вагавых суадносін, выбар прапорцый. Аб’ёмная С. будуецца ў рэальнай прасторы па законах гармоніі, рытму, раўнавагі, узаемадзеяння з навакольным арх. ці прыродным асяроддзем і на аснове анатамічных або структурных асаблівасцей мадэлі. Асн. разнавіднасці С.: круглая С., што свабодна размяшчаецца ў прасторы (статуя, група, торс, бюст, статуэтка і інш.) і рэльефная, у якой аб’ёмныя выявы размяшчаюцца на плоскасці (барэльеф, гарэльеф, контррэльеф, паглыблены рэльеф). У залежнасці ад прызначэння С. падзяляецца на станковую (гл. Станковае мастацтва), манументальную скульптуру, манументальна-дэкаратыўную скульптуру, скульптуру малых форм, надмагільную пластыку (гл. Надмагілле), медальернае мастацтва, гліптыку і інш. Тэхналогія яе стварэння ўключае лепку, разьбу, апрацоўку цвёрдых матэрыялаў, фармоўку, адліўку, чаканку, зварку і інш.

Раннія формы і віды С. існавалі ў многіх народаў свету з часоў першабытнага мастацтва. У неаліце С. (круглая, звычайна выявы невял. памераў) рэзалі з мяккіх парод каменю, косці, дрэва; схематычныя рэльефы выконвалі на каменных пласцінах і сценах пячор. Часта скульптурнымі выявамі ўпрыгожвалі прадметы побыту, прылады працы і палявання; іх выкарыстоўвалі і ў якасці амулетаў. У рабаўладальніцкі перыяд С. выкрышталізавалася ў асобны від дзейнасці са спецыфічнымі задачамі (гл. ў арт. Егіпет Старажытны, Шумер, Акад, Вавілонія, Асірыя, Скіфы). Развітыя віды С. (гіганцкія выявы людзей і жывёл, рэльеф, партрэт) вядомы ў народаў Стараж. Усходу і Амерыкі. Адзін з найвыш. этапаў гісторыі С. — антычнае мастацтва (Лісіп, Міран, Фідый, Паліклет, Праксіцель, Скопас) з характэрнымі для яго ідэалам гарманічна развітога чалавека-грамадзяніна, з дасканалым уключэннем С. ў арх. ансамблі. Культавая С. сярэдневякоўя ў Еўропе і Азіі аб’ядноўвалася з архітэктурай у складаныя прасторавыя комплексы. У 2-й пал. 13 — пач 14 ст. пачалі складвацца рысы Адраджэння (Н.​Пізана і інш.). Увасабленне ідэалаў гуманізму Адраджэння ўласціва творчасці Данатэла, Якопа дэла Кверча, А.​Верок’ё, Мікеланджэла (Італія), К.​Слютэра (Бургундыя), Ж.​Гужона, Ж.​Пілона (Францыя), М.​Пахера (Аўстрыя), А.​Крафта, Ф.​Штоса, Т.​Рыменшнайдэра (Германія). Цікавасць да вырашэння дэкар. задач вылучае С. маньерызму (Б.​Чэліні, Італія, і інш). С. барока вызначаецца дынамічнымі формамі, імкненнем да ўрачыстасці і пышнасці: Л.​Берніні (Італія), А Шлютэр (Германія), П.​Пюжэ (Францыя).

Рысы барока і класіцызму развівалі Ф.​Жырардон, А.​Куазевокс (Францыя) і інш. У перыяд класіцызму побач з гіст., міфалагічнай і алегарычнымі тэмамі (А.​Канова ў Італіі, Б.​Торвальдсен у Даніі) вял. значэнне набыў партрэт (Ж.​Б.​Пігаль, Э.​М.​Фальканэ, Ж.​А.​Гудон у Францыі). Пошукі новых выразных сродкаў, эмац. напружанасць уласцівы С. эпохі рамантызму (П.​Ж.​Давід д’Анжэ, А.​Л.​Бары, Ф.​Руд у Францыі). У С. Расіі ў 18 ст. адбыўся пераход ад сярэдневяковых рэліг. форм да свецкага мастацтва (Б.​К.​Растрэлі і інш). Пазней рас. С. развівалася ў рэчышчы агульнаеўрап. стыляў. Сярод прадстаўнікоў рус. акад. школы С. Ф.​Шубін, М.​Казлоўскі, Ф.​Шчадрын, І.​Мартас, В.​Дэмут-Маліноўскі, С.​Піменаў і інш. У 2-й пал. 19 ст. ў рас. і зах.-еўрап. С. класіцызму пераходзіць у салоннае мастацтва, якому проціпастаўляецца рэаліст. кірунак (гл. Рэалізм, Ж.​Далу ў Францыі, К.​Менье ў Бельгіі і інш.). У канцы 19—пач. 20 ст. ў перыяд стылю мадэрн С. ствараецца як адзінае цэлае з інтэр’ерам, фасадам; складваюцца імпрэсіянізм (А.​Радэн, Францыя), сімвалізм. Сярод найбуйнейшых скульптараў пач. 20 ст. А.​Бурдэль, А.​Маёль, Ш.​Дэсп’ё (Францыя), Э.​Барлах (Германія), І.​Мештравіч (Харватыя), К.​Брынкушы (Румынія). Розныя кірункі рас. С. ўвасоблены ў творах П.​Трубяцкога, С.​Канёнкава, А.​Мацвеева, М.​Андрэева і інш. Пластычная выразнасць форм набывае асн значэнне ў С. М.​Роса (Італія), А.​Джакамеці (Швейцарыя), Г.​Кольбе (Германія). Мадэрнісцкі эксперыменталізм 20 ст. прывёў да выкарыстання ў С. нетрадыц матэрыялаў. У рэчышчы мадэрнізму працавалі Г.​Арп, А.​Архіпенка, Н.​Габа, А.​Колдэр, А.​Пеўзнер, П.​Пікасо. Сярод найбуйнейшых скульптараў 20 ст. Г.​Мур (Вялікабрытанія), І.​Ногучы (ЗША), К.​Дунікоўскі (Польшча), Ф.​Крэмер, О.​Шлемер (Германія), Дж.​Манцу (Італія), В.​В.​Аалтанен (Фінляндыя), С.​Лебедзева, В.​Мухіна, І.​Шадр, Л.​Шэрвуд, Я.​Вучэціч, М.​Анікушкін, А.​Кібальнікаў, Э.​Неізвесны, О.​Цадкін (Расія), Ю.​Мікенас, Г.​Якубоніс (Літва).

На тэр. Беларусі найб. раннія помнікі С. адносяцца да эпохі неаліту (гл. Асавецкія творы першабытнага мастацтва, Багушэвіцкая статуэтка, Шклоўскі ідал). У помніках С. часоў Кіеўскай Русі адметны ўплыў візант. мастацтва: каменныя разныя абразкі «Канстанцін і Алена» з Полацка, «Хрыстос Эмануіл» з Пінска (абодва 12 ст.), «Мікола і Стафан» і двухбаковы абраз «Пётр. Маці Божая» з Мінска (13 ст.), касцяны двухрадны абраз з Турава (15—16 ст.), абразок «Маці Божая Жыровіцкая» з яшмы (1470) і інш. У канцы 14—15 ст. у С. ўзмацніўся ўплыў зах.-еўрап. мастацтва. Цесная ўзаемасувязь з архітэктурай і яе маст. стылямі характэрна для культавай каменнай і драўлянай С. (гл. Скульптура драўляная). Традыцыі Адраджэння паўплывалі на мемарыяльную пластыку 16—17 ст.: надмагіллі М.​К.​Радзівіла ў Нясвіжскім касцёле езуітаў (17 ст.), сям’і П.​Сапегі (пасля 1599 — пасля 1635). Своеасаблівасцю, высокім маст. узроўнем вызначаецца С. бел. барока: «Св. Себасцьян», «Св. Рох» з Навагрудка (пач. 17 ст.), С. алтароў Гродзенскага касцёла езуітаў (1736), Пінскага касцёла францысканцаў (18 ст.). У 2-й пал. 17 ст. шмат бел. майстроў працавала ў Рус. дзяржаве, дзе яны аздаблялі палацы і храмы (гл. Беларуская рэзь); вядомы паліхромныя маёлікавыя рэльефныя выявы апосталаў, выкананыя С.​Палубесам. У 17—18 ст. узнікла свецкая С. (бюсты магнатаў, гіст. дзеячаў). З 2-й пал. 18 ст. С. набыла рысы ракако. Вобразы, створаныя ў гэты перыяд, захоўваюць манументальнасць, глыбіню і ўнутр. значнасць. Побач з дрэвам пашыраны С. са стука: канфесіянал і алтар са С. у касцёле бернардзінак у Слоніме (1751—64, лепшчык Я.​Хедэль) і інш. У С. канца 18 ст. прыкметны ўплыў класіцызму; яны вылучаюцца ўрачыстасцю поз, спакойным рытмам аб’ёмаў: «Маці Божая» з в. Ганута Вілейскага р-на, стукавы дэкор у Свяцкім палацы (Гродзенскі р-н; мастакі Т.​Манькоўскі, А.​Смуглевіч), Верхнім замку ў Гродне, касцёле Ганны ў в. Мосар Глыбоцкага р-на і інш. Рысы позняга класіцызму ўласцівы творам К.​Ельскага, А.​Скірмунт, А.​Ромера. У творчасці мастакоў канца 19 — пач. 20 ст. прыкметны рысы мадэрнізму: Я.​Тышынскі, Я.​Багушэўскі, К.​Змігродскі, А.​Краснапольскі, В.​Бубноўскі. Рэалістычнасцю вызначаюцца партрэты сучаснікаў, выкананыя В.​Смакоўскім, Р.​Слізнем, керамічныя работы анімалістычнага жанру М.​Міхалапа, творы К.​Каганца, Я.​Драздовіча. У 19 ст. пашыраны таксама палацава-паркавая, прыдарожная культавая і мемарыяльная С. (надмагіллі К.​Радзівіл у Нясвіжскім касцёле езуітаў, 1825; А.​Тызенгаўза ў Гродзенскім касцёле езуітаў, скульптар Т.​Дыкас, 1887, і інш.). Пасля 1917 скульптары стваралі помнікі дзеячам рэв. руху. У 1920-х г. развіваўся пераважна станковы партрэт (творы А.​Бразера, А.​Грубэ). Пэўную ролю ў падрыхтоўцы кадраў адыграла скульптурнае аддзяленне Віцебскага маст. тэхнікума, выпускнікі якога ў пач. 1930-х г. удзельнічалі ў афармленні інтэр’ераў Дома ўрада Рэспублікі Беларусь. У 1953 адкрыўся маст. ф-т у Бел. тэатр.-маст. ін-це (цяпер Бел. АМ). У станковай С. ствараліся партрэты дзярж. дзеячаў, дзеячаў мастацтва і культуры, у 1940—50-я г. — Герояў Сав. Саюза (З.​Азгур, А.​Бембель, Грубэ). У манум. С. вылучаюцца шматфігурныя рэльефы для Манумента Перамогі ў Мінску (Азгур, Бембель, А.​Глебаў, С.​Селіханаў). У 1960—70-я г. ставіліся помнікі партызанам, падпольшчыкам і воінам Сав. Арміі: патрыётам Асінторфа (Г.​Мурамцаў), воінам і партызанам у калгасе «Бальшавік» Чэрвеньскага р-на (А.​Анікейчык, Б.​Івонцьеў); рэльефы на Кургане Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі, у комплексах Брэсцкая крэпасць-герой (Бембель, А.​Кібальнікаў), Хатынь (Селіханаў), Манумент у гонар маці-патрыёткі ў г. Жодзіна (А.​Заспіцкі, І.​Міско, М.​Рыжанкоў). У 1970—2000 ствараліся помнікі і мемарыяльныя дошкі, мемарыяльныя знакі, партрэты вядучым дзеячам бел. культуры, навукі і мастацтва (Азгур, Анікейчык, Э.​Астаф’еў, С.​Вакар, С.​Гарбунова, Глебаў, І.​Голубеў, Л.​Гумілеўскі, М.​Інькоў, Міско, М.​Якавенка, В.​Янушкевіч і інш). Развіваецца садова-паркавая скульптура (С.​Гумілеўскі, Л.​Давідзенка, У.​Жбанаў, М.​Канцавой, У.​Слабодчыкаў). Пошукамі сучасных форм выяўлення, канцэптуальным падыходам да вырашэння ідэі, метафарычнасцю маст. мовы вылучаюцца творы І.​Засімовіча, Т.​Сакаловай, К.​Селіханава, Слабодчыкава, А.​Фінскага; выразнасцю і пластычнай завершанасцю — творы А.​Арцімовіча, М.​Байрачнага, А.​Бачкарова, Г.​Буралкіна, А.​Дранца, Канцавога, П.​Лука, В.​Мурашова, А.​Шатэрніка і інш. С. часта з’яўляецца састаўной часткай інсталяцый, маст. праектаў (С.​Войчанка, У.​Цэслер і інш.).

Літ.:

Кацар М.С. Скульптура Савецкай Беларусі. Мн., 1957;

Орлова М.А. Искусство Советской Белоруссии. М., 1960;

Елатомиева И.М. Монументальная летопись эпохи. Мн., 1969;

Яе ж. Очерки по истории белорусской советской станковой скульптуры. Мн., 1974;

Леонова А.К. Народная деревянная скульптура Белоруссии. Мн., 1977;

Петерсон Э.А. Портретная скульптура Советской Белоруссии. Мн., 1982;

Пластыка Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1983;

Высоцкая Н.Ф. Скульптура и резьба Беларуси XII—XVIII вв.: Каталог. Мн., 1998;

Либман М.Я. О скульптуре. М., 1962;

Шмидт И.М. Беседы о скульптуре. М., 1963;

Валериус С.С. Прогрессивная скульптура XX в.: Пробл. и тенденции. М., 1973;

Bazin G. The history of world sculpture. London, 1970.

А.​К.​Лявонава, Э.​А.​Петэрсон.

Да арт. Скульптура. Фараон Мікерын з жонкай. Егіпет. Каля 2,5 тыс. г. да н.э.
Да арт. Скульптура. Мікеланджэла. Хлопчык, які скурчыўся. Паміж 1520—34.
Да арт. Скульптура. Г.​Мур. Фігура ляжыць. 1935.
Да арт. Скульптура. Венера Таўрычаская. Рымская копія. 3 ст. да н.э.
Да арт. Скульптура. Венера Вілендорфская. Аўстрыя. 30—25 тыс. г. да н.э.
Да арт. Скульптура. А.​Глебаў. Ф.​Скарына. 1954.
Да арт. Скульптура. А.​Анікейчык. Г.​Ахматава. 1982.
Да арт. Скульптура. А.​Шатэрнік. Мікола Гусоўскі. 1984.
Да арт. Скульптура. А.​Бачкароў. Феафан Грэк. 1988.
Да арт. Скульптура. А.​Фінскі. Адчуванне палёту. 1997.
Да арт. Скульптура. А.​Бембель. Барэльеф у Доме ўрада ў Мінску.

т. 14, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫГІ́ТЛЕРАЎСКАЯ КААЛІ́ЦЫЯ,

саюз дзяржаў і народаў, якія змагаліся ў другой сусветнай вайне 1939—45 супраць агрэсіўнага блока гітлераўскай Германіі, Італіі, Японіі і іх сатэлітаў. Аснову кааліцыі складалі вял. дзяржавы — Савецкі Саюз (адыграў вырашальную ролю ў дасягненні перамогі), ЗША, Англія, Францыя, Кітай. У ваен. дзеяннях на баку антыгітлераўскай кааліцыі прымалі ўдзел Польшча, Чэхаславакія, Югаславія, Аўстралія, Бельгія, Бразілія, Індыя, Канада, Філіпіны, Эфіопія і інш. Асобныя дзяржавы дапамагалі антыгітлераўскай кааліцыі пастаўкамі ваен. сыравіны (напр., Мексіка). Былі і такія краіны, што аб’явілі вайну Германіі толькі напярэдадні яе разгрому і не зрабілі якога-небудзь укладу ў перамогу. На момант сканчэння 2-й сусв. вайны антыгітлераўская кааліцыя аб’ядноўвала больш за 50 дзяржаў, прычым вайну Германіі аб’явілі і яе былыя саюзнікі Балгарыя, Венгрыя, Італія і Румынія. Дапамогу антыгітлераўскай кааліцыі аказаў народны Рух Супраціўлення, які разгарнуўся ў многіх акупіраваных краінах. У ліку паўнапраўных дзяржаў антыгітлераўскай кааліцыі былі Беларусь і Украіна (будучыя члены — заснавальнікі ААН), а таксама іншыя былыя саюзныя рэспублікі СССР.

Пачатак утварэнню антыгітлераўскай кааліцыі пакладзены заявамі аб узаемнай падтрымцы ўрадаў СССР, ЗША і Англіі пасля нападу фаш. Германіі на СССР, англа-сав. і сав.-амер. перагаворамі летам 1941, падпісаннем 12.7.1941 сав.-англ. пагаднення аб сумесных дзеяннях у вайне супраць Германіі, Маскоўскай нарадай 1941 трох дзяржаў (гл. Маскоўскія нарады 1941, 1943, 1945), а таксама шэрагам інш. пагадненняў паміж саюзнікамі. 1.1.1942 у Вашынгтоне падпісана Дэкларацыя 26 дзяржаў (Дэкларацыя Аб’яднаных Нацый), якія знаходзіліся на той час у стане вайны з Германіяй, Італіяй, Японіяй і іх саюзнікамі. У Дэкларацыі гаварылася, што дзяржавы антыгітлераўскай кааліцыі абавязаны выкарыстоўваць свае ваен. і эканам. рэсурсы для барацьбы супраць фаш. дзяржаў і не заключаць з імі сепаратных дагавораў. Пазней дзяржавы антыгітлераўскай кааліцыі падпісалі шэраг дакументаў, сярод якіх найбольшае значэнне маюць пастановы Тэгеранскай (1943), Крымскай і Патсдамскай (абедзве 1945) канферэнцый (пра ўсе гл. асобныя арт.) кіраўнікоў урадаў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі. Антыгітлераўская кааліцыя ў цэлым вырашыла задачы, што стаялі перад ёю ў 2-й сусв. вайне, і стала асновай для ўтварэння Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

т. 1, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)