ПАСТЭ́ЛЬ (франц. pastel ад італьян. pastello памянш. ад pasta цеста),

жывапіс сухімі мяккімі каляровымі алоўкамі без аправы; твор, выкананы ў гэтай тэхніцы. Пастэльныя алоўкі (прасуюцца і фармуюцца са сцёртых у тонкі парашок рознакаляровых пігментаў з невял. дамешкам камедзей, малака, мелу, гіпсу, тальку і інш.; у залежнасці ад саставу рэчываў могуць быць мяккімі, цвёрдымі, сярэдняй мяккасці). Імі малююць на шурпатай (найчасцей каляровай) паперы, кардоне, грунтаваным палатне, замшы, пергаміне. П. наносяць штрыхамі, што набліжае яе да графікі, або расціраюць пальцамі ці растушоўкай (спец. палачка), што дае магчымасць дасягнуць найтанчэйшых нюансаў тону. Малюнак вылучаецца чысцінёй, свежасцю, мяккай прыглушанасцю колеру, далікатнай аксаміцістай паверхняй твора. З прычыны нетрываласці фарбавага слоя ў П., які лёгка разбураецца, яго замацоўваюць спец. фіксатарамі.

Тэрмін «П.» упершыню ўпамінаецца ў канцы 16 ст. Майстры 16—17 ст. выкарыстоўвалі П. пераважна для падфарбоўкі малюнкаў. выкананых цвёрдымі штыфтамі. З канца 17 ст. пашырылася ў жывапісе. Найб. росквіту дасягнула ў 18 ст., асабліва ў мастацтве ракако. У П. працавалі Р.​Кар’ера (Італія), К. дэ Латур, Ж.​Б.​Перано, Ж.​Б.​Шардэн (Францыя), А.​Р.​Менгс (Германія), Э.​Ліятар (Швейцарыя) і інш. Класіцызм адмаўляў П., але з 2-й пал. 19 ст. яна адрадзілася ў творчасці франц. мастакоў Э.​Дэга, Э.​Дэлакруа, Э.​Манэ, Ж.​Ф.​Міле, А.​Рэнуара. У Расіі ў П. працавалі А.​Арлоўскі, А.​Венецыянаў, І.​Левітан, В.​Сяроў, у Літве — М.​Чурлёніс. На Беларусі да П. звяртаўся Ф.​Рушчыц. У гэтай тэхніцы працавалі і працуюць Я.​Батальёнак, М.​Будавей, Ю.​Герасіменка, І.​Давідовіч, В.​Дубрава, П.​Дурчын, Я.​Красоўскі, Я.​Кругер, Р.​Кудрэвіч, У.​Кудрэвіч, А.​Марыкс, М.​Моўчан, І.​Немагай, А.​Паслядовіч, Л.​Ран, Л.​Чурко і інш.

Л.​У.​Салодкіна.

Да арт. Пастэль. Э.​Дэга. Блакітныя танцоўшчыцы, каля 1879.
Да арт. Пастэль. Ф.​Рушчыц. Залаты пакой. 1913.

т. 12, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)