прасадзі́ць, ‑саджу, ‑садзіш, ‑садзіць; зак., што.

1. Садзіць некаторы час.

2. Разм. Марна зрасходаваць, патраціць. Прасадзіць грошы. □ [Ярошка:] Будзеш збіраць-збіраць, капіць-капіць, а потым прасадзіш усё за адзін раз у марным месцы. Дамашэвіч. // Прагуляць (у якой‑н. гульні). — Вот угадае паставіць, — здзівіўся банкір, адлічваючы тры рублі. — Я ж табе чатыры прасадзіў. Колас.

3. Разм. Прабіць, пракалоць, праткнуць. Прасадзіць нагу. □ Выжлятнік .. стаў дзічыцца, палохацца дрэў, што, здавалася, нагінаюць увачавідкі дзіды, каб праткнуць — прасадзіць яму навылёт нутро. Пташнікаў. На нагах — лапці, сплеценыя спецыяльна для рыбалкі, каб не прасадзіць пад вадою нагу аб якую патырчаку. Місько.

4. Прасунуць што‑н. праз што‑н. Хлопчык прасадзіў руку між дротам і шкрабануў па шыбе. Кулакоўскі. Свіння, не бачачы ратунку, рынулася ў плот, каб выскачыць у свой агарод, але плот быў моцны, і яна, прасадзіўшы галаву, ніяк не магла выцягнуць другой палавіны. Чарот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сваво́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак.

1. Гарэзаваць, дурэць. [Брат Зосі] куляўся па пасцелі, сваволіў. Чорны. Хацелася бегаць, сваволіць, але першы дзень заняткаў заўсёды прымушаў вучняў трымацца, як у гасцях. Колас. // перан. Бушаваць (пра стыхію). Хто спявае ў чыстым полі, Між аўсяных ніў, далін? Гэта вецер там сваволіць, Ліст страсаючы з калін. Пушча. Сваволіць стане Сож радзей, Заўважыўшы ў здзіўленні Агні сігнальныя раней, Чым першыя лілеі... Грачанікаў.

2. Рабіць у адпаведнасці са сваёй воляй, не зважаючы ні на што. У воласці Магілёўскай сваволіла шляхта, у горадзе ад яе не адставалі паны бурмістры. Шынклер. // Выступаць супраць каго‑, чаго‑н. Не з тых ён [Сомік] быў, каб сваволіць, каб выступаць супраць пэўнага парадку. Лынькоў. [Казацкі афіцэр:] — Крамольнікі! Бунтаўшчыкі! Для вас ужо царскія законы — не законы?! Сваволіць? Бунтаваць? Колас.

3. Весці сябе несур’ёзна, легкадумна; бушаваць, буяніць. [Пятрусь да Таісы:] — Ты навучылася жыць лёгка. Ты ўмееш кружыцца, сваволіць, не ведаць ніякіх турбот — як птушка. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

устанаві́цца, ‑новіцца; зак.

1. Разм. Стаць, размясціцца дзе‑н., якім‑н. чынам. Паліцыянты ўстанавіліся шпалерамі ўздоўж нораў. Пестрак. Вось і ўстанавілася своеасаблівая чарга, наперадзе якой знаходзіцца старэйшае птушаня, а ў канцы — самае маленькае. Самусенка.

2. Стаць устойлівым, пастаянным; умацавацца. Калі ўстанавілася Савецкая ўлада, Андрэй Бабейка быў ужо рослы, ладны хлопец, паўнапраўны гаспадар бацькавай сядзібы. Хадкевіч. // Перастаць змяняцца, зрабіцца ўстойлівым. Пагода, нарэшце, установіцца і ў бліжэйшыя дні будзе скончаны сенакос. Чарнышэвіч. На поўдні Украіны ўстанавілася цёплае надвор’е. «Звязда».

3. Скласціся, наладзіцца, усталявацца. [Юскавец:] — Скажу толькі, што ваша трактоўка Лабановіча разыходзіцца з той, якая ўстанавілася ў нас цяпер і лічыцца бясспрэчнай. Дамашэвіч. У групе бадай што з першага дня ўстанавіліся свае таварыскія сувязі, выявіліся сімпатыі. Карпаў. Між бабкай і Слаўкам скончыліся сваркі. Устанавілася такая любоў і дружба, што толькі можна было пазайздросціць. Няхай. // Наступіць. За сталом устанавілася мёртвая цішыня. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хоць.

1. злуч. уступальны. Падпарадкоўвае даданыя ўступальныя сказы, выступаючы ў знач.: нягледзячы на тое, што.

Х. было ўжо позна, ніхто не спаў.

Х. прыпякала сонца, вада ў рэчцы была халодная.

2. злуч. уступальны (звычайна ў спалучэнні з загадным ладам або інфінітывам). Ужыв. ў пачатку даданых сказаў, у якіх выказваецца дапушчэнне, вызначаецца крайняя мяжа, ступень праяўлення чаго-н., магчымасць якога-н. выніку.

Нікога не слухае, х. ты яго забі.

3. злуч. уступальны. Ужыв. пры супастаўленні сказаў або членаў сказа з узаемным выключэннем.

Бабка х. старая, але рухавая.

4. злуч. супраціўны. Указвае на абмежаванасць таго, аб чым гаворыцца; па знач. набліжаецца да злучнікаў «аднак», «але», «між тым».

Купіў, х. непатрэбна.

5. часц. ўзмацн.-вылуч. Ужыв. ў знач.: самае меншае, ва ўсякім выпадку.

Раскажы х. коратка пра сябе.

6. часц. ўзмацн.-абмежавальная (звычайна ў спалучэнні з часціцай «бы»). Ужыв. ў знач.: нічога больш, акрамя гэтага, усяго толькі.

Х. бы крыху пацяплела.

Х. бы раз глянуць на яе.

7. часц. ўзмацн. Ужыв. ў знач.: нават, няхай нават.

Я х. заўтра гатова ў дарогу.

8. часц. вылуч. Ужыв. ў знач.: напрыклад.

Калі ты х. вернешся?

9. часц. ўзмацн. (у спалучэнні з неазначальным займеннікам і прыслоўем). Ужыв. ў азначальным знач.: любы, усякі, у любое месца, у любы час.

Я цяпер х. што з’ем.

Ён цяпер х. куды паедзе.

◊

Хоць бы і так — няма нічога дрэннага ў чым-н.

Хоць бы што каму (разм.) — ніяк не рэагуе, не звяртае ўвагі на каго-, што-н.

Хоць куды, у знач. вык. (разм.) — вельмі добры, выдатны ва ўсіх адносінах.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Зык 1 ’рэзкі гук’ (ТСБМ). Рус. зык, укр. зик ’тс’. Серб.-луж. zyk, zuk ’гук’, чэш. zuk ’кароткі гук здзіўлення’, серб.-харв. зи̑к ’піск’. Ст.-рус. зыкъ (XVII ст.). Верагодна, прасл. дыял. zy‑kъ уключае суфікс ‑k‑ъ (як znakъ), а аснову трэба рэканструяваць, як *zy‑ < і.-е. gʼhū‑ (гл. Покарны, 1, 413), варыянт *gʼhau‑, gʼhau̯ǝ‑ ’крычаць, зваць’, да якой узыходзіць zъvati (параўн. рык і раўці): авест. zuta‑ ’пазваны’, арм. n‑zovkʼ ’пракляцце’. Фасмер, 2, 109. Іначай, як гукапераймальны, тлумачаць корань Праабражэнскі (1, 259) і Шанскі (2, З, 115) (пад зыкать, але пад зычный дапускае сувязь з звук, звать, зуд, зуёк). Міклашыч (404) звязваў са звінець. Тэрміналагічнае (лінгв.) ужыванне зык ’гук’ адносіцца да пачатку XX ст. Красней, Лекс. і грам., 19. Лоеў. зык ’нагавор’ (Янк.) — развіццё значэння ад ’гук’.

Зык 2 ’від авадня’, ’перыяд і стан узбуджэння кароў ад укусаў насякомых’ (Сл. паўн.-зах.; гарадоў, Нар. лекс.), зыкі́ ’беганне кароў ад укусу аваднёў’. Рус. зах. бранск., дан., краснадар. ’авадзень’, варонеж., кур., калуж., кубан., смал. ’непакой жывёлы ад укусаў аваднёў’, смал. зыки́ ’перыяд узбуджэння жывёлы ад свербу, выкліканага аваднямі’, кур., смал. зык ’гудзенне насякомых’, укр. дзиз ’авадзень’. Параўн. рус. дыял. бзык ’дзіўныя паводзіны; непакой ад укусу аваднёў; авадзень’, бзык, зик ’тс’. Гукапераймальнае (на што ўказвае, між іншым, варыянтнасць зык, бзык, зик, дзиз, бзык), верагодна, аформленае суфіксам ‑к (параўн. бык); развіццё значэння, відаць, ’гудзенне’ > ’суб’ект гудзення’ > ’стан жывёлы’ (праз выраз тыпу напаў зык) > ’час такога стану’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

асяро́дак, ‑дка, м.

1. Сярэдняя частка сцябла ці ствала расліны, якая адрозніваецца сваёй большай або меншай цвёрдасцю. Начамі на пажарышчы відаць было, як выгарвалі асяродкі ў дуплаватых смалістых соснах ды кедрах-веліканах. Пальчэўскі. // Металічны або з якога‑н. іншага матэрыялу шпень, устаўлены ў што‑н. Асяродак карандаша. Асяродак трансфарматара. // Сярэдзіна якога‑н. прадмета. Асяродак плода.

2. Сярэдняя, цэнтральная частка чаго‑н. Понізу іх [пагоркаў] разлягалася сенажаць, а ў асяродку яе — паважная Шчара. Вышынскі. // перан. Цэнтр, засяроджанне чаго‑н. Асяродак культуры. Асяродак рэвалюцыйнага руху. // Тое галоўнае, што выклікае найбольшую ўвагу ўсіх. Кампазіцыйны асяродак. □ І клуня, і кожная рэч у ёй, каб умелі гаварыць, расказалі б цікавую гісторыю свайго паходжання і ў самым асяродку быў бы дзед Баўтрук. Колас.

3. Тое, што і асяроддзе (у 1 знач.). Іх [вучняў] часта грубаватыя выхадкі ці звароты непасрэдна да яго.. [настаўнік] прапускаў між вушэй, ведаючы той грубы асяродак, з якога яны выйшлі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нялю́дскі, ‑ая, ‑ае.

1. Не ўласцівы чалавеку, не характэрны для чалавека. Панесліся нялюдскія крыкі і лямант. Гартны. Адам з нялюдскай прагнасцю накінуўся на яду. Чорны. Калі вы пачуеце ноччу ў лесе злавеснае «уху-уху», а потым дзікі, жудасны, нялюдскі рогат, не бойцеся. Гэта крычыць пугач. В. Вольскі. // Не такі, якім павінен быць; дзіўны. [Студэнт] нейкі быў нялюдскі: людзей цураўся, ні з хлопцамі, ні з дзяўчатамі, ні з кім блізка не знаўся. Сабаленка.

2. Які перавышае чалавечыя магчымасці, сілы; моцны па ступені праяўлення. Відаць, у чалавека, што пісаў.. [скаргу], у самога крывавілася, сэрца ад.. нялюдскага здзеку і крыўды. Машара. Маці, маці! Адкуль браліся ў яе сілы, упартая нялюдская цягавітасць і вытрымка? Карпаў.

3. Антыгуманны, бесчалавечны; ганебны. Першая раніца была пачаткам жахлівай, нялюдскай справы — вайны. Брыль.

4. Разм. Дрэнны, кепскі. Нялюдская дарога. □ Хапала [для вёскі] і балота, але і яно было нялюдскае: купіны, парослыя кустамі алешніку, а між іх — рудая каламутная вада. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паса́д, ‑а, М ‑дзе, м.

1. Гіст. У 10–18 стст. — гандлёва-рамесная частка горада за крапасной сцяной. Месцам канцэнтрацыі гандлёва-рамесніцкага насельніцтва з’яўлялася другая частка горада — пасад, які ўзнікаў звычайна ўздоўж берага ракі. Штыхаў.

2. Гіст. Прыгарад, прадмесце, пасёлак. Але гэта яшчэ не горад, а так званы пасад — пасяленне прасталюдзінаў. Жычка.

3. Рад снапоў, пакладзеных на ток для абмалоту. Пасля поўдня, хоць пасад і не быў дамалочаным, [Тарэнта] у ток не пайшоў, а выбраўся на тарфяную станцыю да сына. Галавач.

4. Уст. У вясельным абрадзе — месца (звычайна дзяжа, накрытая кажухом), куды садзілі нявесту. Узялі матчыну хлебную дзяжу, паклалі ў яе хлеба, солі, накрылі .. кажухом — вось ён і пасад. Дубоўка. // Разм. Месца, сядзенне. У творчыя дні Канстанцін Міхайлавіч пакідаў свой пасад пад вязам хутка. Лужанін. // перан. Становішча, месца. Занімай, Беларусь маладая мая, Свой пачэсны пасад між народамі!.. Купала. Ён [пан] музыкам быў у замку, Капельмайстра меў пасад. Колас.

•••

Пасад садзіць гл. садзіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыткну́ць, ‑ткну, ‑ткнеш, ‑ткне; ‑ткнём, ‑ткняце; зак., каго-што.

1. Злёгку дакрануцца, даткнуцца чым‑н. да каго‑, чаго‑н., прыкласці на момант. Дануся праз вочка металічнай сеткі прыткнула губы да маёй шчакі. Карпюк.

2. Разм. Наблізіць што‑н. да чаго‑н., размясціць што‑н. упрытык з чым‑н. Акаловіч пераскочыў цераз .. [Паліводскага] і рынуўся ў акно, але адразу [ў]скочыць на падаконнік не мог, а паспеў яшчэ прыткнуць да сцяны крэсла. Чорны.

3. Змясціць, размясціць, пакласці што‑н. Аўтамат.. [баец] прыткнуў між калень. Быкаў. «Няма дзе чалавеку спаць, — падумаў Андрэй. — Хоць бяры ды яшчэ адзін ложак стаў у хаце... А куды яго прыткнуць!..» Чарнышэвіч. Ты ідзі, цябе не зачэпяць, — зашаптаў Сіла Прохаравіч. — Прыткні іх [магнітныя міны] дзе-небудзь у кар’еры. Навуменка.

4. перан. Разм. Прыстроіць, прыладзіць каго‑н. куды‑н. (на якую‑н. пасаду, месца). Дзеда Піліпа абыходзіла балюча пытанне адносна лёсу старых у калгасе. Куды ты іх там прыткнеш? Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хо́ванка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Месца, дзе можна знайсці прытулак, схавацца ад каго‑, чаго‑н. — Ну чаго турбавацца, — сказаў Ігналь. — Хованка ў нас надзейная, калі што. Лупсякоў. Многа клопатаў буран прынёс і дыверсантам, бо будан іх служыў толькі як хованка ад камароў і сонца. Федасеенка. // Спецыяльна зробленае ці прыстасаванае месца ці збудаванне для хавання ад каго‑, чаго‑н. А такі ж ён [Вова] за дзень натупаўся, капаючы разам з другімі ў садзе хованку ад бомбаў. Гурскі. [Лукша:] — Усю ноч мы [партызаны] сабе хованкі капалі. Гроднеў.

2. Скрытае, патайное месца для захоўвання чаго‑н. Хованка для скарбаў.

3. толькі мн. (хо́ванкі, ‑нак). Дзіцячая гульня, у якой той, хто водзіць, шукае астатніх удзельнікаў гульні, якія схаваліся. Будучы клуб акупіравалі хлапчукі — са смехам і крыкамі гуляюць у хованкі. Шамякін. [Сакольны:] — Праязджаў нядаўна паўз лясныя паселішчы. Бегалі там дзеткі між кустоў, гулялі ў хованкі. Кулакоўскі.

•••

Гуляць у хованкі гл. гуляць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)