Я́ГАДА цэнакарпны (утвораны зрошчанымі пладалісцікамі) сакаўны шматнасенны нераскрывальны плод у раслін. Мае тонкі, скурысты пазаплоднік і сакаўныя між- і ўнутрыплоднік. Трапляецца ў розных сямействах (паслёнавыя, лілейныя, вінаградавыя, бруснічныя). Часта Я. няправільна наз. плады суніц, малін, ажыны і інш.

т. 18, кн. 1, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕСАСПЛА́Ў,

сплаў лесу, транспартаванне лесаматэрыялаў воднымі шляхамі, заснаванае на плывучасці драўніны. Найб. танны (у некаторых раёнах адзіны) від транспартавання драўніны. Адрозніваюць Л. молевы (россыпам), плытавы і кашэльны.

Молевым сплавам транспартуецца не звязанае між сабою бярвенне. Пры плытавым сплаве лес злучаюць у пакеты-пукі (аб’ёмам да 70 м³), з якіх складваюць плыты і буксіруюць параходамі або сплаўляюць уніз па цячэнні. Самасплаўнымі плытамі кіруюць з дапамогай вёслаў, якараў, лотаў. Кашэльны сплаў — нязлучаныя лесаматэрыялы агароджваюць звязаным між сабою бярвеннем і транспартуюць суднамі (буксіроўшчыкамі). Для пропуску лесу праз плаціны, каналы, пад мастамі робяць лесапрапускныя збудаванні. Пры молевым і кашэльным Л. бярвенне тоне, засмечвае рэкі (такі Л. абмяжоўваецца). На Беларусі выкарыстоўвалі молевы Л. (да 1974) і плытавы (да 1998). Л. ажыццяўляўся па рэках: Зах. Дзвіна, Нёман, Прыпяць, Бярэзіна, Сож, Дняпро, Гарынь. У 1980-я г. аб’ёмы Л. складалі каля 700 тыс. м³ за год. У канцы 1990-х г. аб’ёмы Л. значна скараціліся.

Н.​Ю.​Пабірушка, П.​І.​Кавалёнак.

Да арт. Лесасплаў. Молевы сплаў лесу.

т. 9, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗНАСТРО́ФНЫ ВЕРШ,

верш, напісаны рознымі строфамі, аддзеленымі адна ад адной графічна (прагаламі). Напр., верш В.​Віткі «Старавер»:

Я не пішу
Верлібрам,
Грашу
Старым калібрам.
Ніколі разабрацца
Не мог я ў новай модзе,
Шчыруючы на градцы
На ўласным агародзе.
Сярод жывых не першы,
Не лепшы між памершых,
На рыфмах зубы з’еўшы,
Пісаў свае я вершы
Для дома,
Для альбома
І трохі
Для эпохі.

В.​П.​Рагойша.

т. 13, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯЙЦАКЛА́Д,

вонкавы палавы орган для адкладання яец у самак многіх насякомых і некат. рыб. У насякомых Я. — відазмененыя канечнасці 8 і 9 сегментаў брушка; складаецца з 3 пар створак, між асновамі якіх знаходзіцца палавая адтуліна. Яйцы адкладаюцца ў глебу (саранчовыя), тканкі раслін (стракозы, клапы, цыкады, пільшчыкі), у цела інш. насякомых (наезнікі), у ракавіны малюскаў (рыба-гарчак). У вос, пчол, чмялёў Я. пераўтварыўся ў джала.

т. 18, кн. 1, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРЛЯ́НДСКАЕ ЕПІ́СКАПСТВА,

нямецкая тэакратычная дзяржава на ПдЗ Латвіі ў 1234—1559. Узнікла ў ходзе заваявання і прымусовай хрысціянізацыі крыжаносцамі балцкага племені куршаў. Складалася з 3 частак (Пілтэн, Айзпутэ, Сакаслея), між якімі ўкліньваліся ўладанні Лівонскага ордэна. У сярэдзіне 16 ст. ​2/3 зямель належала свецкім уладальнікам. У 1559 епіскап Іаган IV Мюнгаўзен прадаў К.е. дацкаму каралю, які перадаў яго пад уладу свайго брата Магнуса. Пасля смерці Магнуса (1583) епіскапства перайшло да Рэчы Паспалітай.

т. 9, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПУ́ШЫН Радзіслаў Яфімавіч (н. 10.12.1961, Мінск),

бел. паэт. Канд. філал. н. (1993). Скончыў БДУ (1985). У 1985—87 працаваў у газ. «Автозаводец», у 1990—98 у БДУ. Друкуецца з 1978. Піша на рус. мове. Паэт гар. тэматыкі. Паэт. зб-кам «Тры погляды» (1990), «Між лістотай і снегам» (1993) уласцівы напружаная філасафічнасць, тонкі псіхалагізм, пошук гармоніі, прага духоўнасці. Пераклаў на рус. мову асобныя вершы М.​Багдановіча і інш.

Тв.:

Взрослее облаков. Мн., 1996.

т. 9, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ЯНТ (Bryant) Уільям Кален (3.11.1794, Камінгтан, штат Масачусетс, ЗША — 12.6.1878),

амерыканскі паэт-рамантык. З 1829 рэдактар нью-йоркскай газеты «Evening Post» («Вячэрняя пошта»). Пейзажная і філас. лірыка (паэма «Танатопсіс», у пер. з грэч. «Карціна смерці», 1817; зб-кі «Вершы», 1821 і 1832; «Фантан», 1842; «Лясны гімн», 1860; «Між дрэў», 1874; «Рака часу», 1878) здабыла Браянту славу «амерыканскага Вордсварта». Узоры паліт. лірыкі — паэма «Гібель Рабства» (1865). Аўтар падарожных нататкаў, тэарэтычных артыкулаў пра паэзію. Пераклаў з грэч. мовы «Іліяду» (1870) і «Адысею» (1872) Гамера.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Зенкевич М. Из американских поэтов. М., 1946.

Н.​М.​Саркісава.

т. 3, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́ВІЧ Барыс (сапр. Сачанка Барыс Пятровіч; н. 17.7.1959, в. Вялікі Бор Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1984). Працаваў у газ. «Гомельская праўда», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва». З 2000 у час. «Полымя». Друкуецца з 1987. Аўтар зб-каў прозы «Ловы» (1992), «Сон між пачвар» (1994), «Фрэскі» (1998). Яго героі балансуюць на мяжы сну і явы, рэальнага і ўяўнага (нізкі апавяд. «Мроі», «Фрэскі», «Непатрэбныя рэчы»). Адметнасць твораў у спалучэнні традыцый рэалізму і постмадэрнізму. Аповесці «Спецкар» (1995), «Чаканне» (1997) пра праблемы складанага пошуку маладым чалавекам 1990-х г. свайго шляху ў жыцці.

І.​У.​Саламевіч.

т. 13, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЕРАСПАЛО́СІЦА,

раз’яднанасць і раздробленасць зямлі аднаго землекарыстальніка на некалькі адасобленых частак. Бывае міжгаспадарчая, між- і ўнутрысялібная. У эпоху феадалізму была пашырана ў ВКЛ і Расіі. Узмацнілася ў выніку сял. рэформы 1861. Памешчыкі часта пакідалі сабе зямельныя ўчасткі, размешчаныя сярод сял. надзелаў, каб прывязаць сялян да сваёй гаспадаркі. Вялікае пашырэнне мела ўнутрыабшчынная Ц. Надзел, які належаў дзвюм і болей сем’ям, разбіваўся на шэраг дробных частак, раскіданых палосамі, у розных месцах, нярэдка на значнай адлегласці ад сядзібы і адна ад адной. Пры Ц. паніжалася інтэнсіфікацыя сял. і панскай гаспадарак. Ліквідавана ў выніку нацыяналізацыі зямлі і калектывізацыі с.-г. вытв-сці.

В.​П.​Панюціч.

т. 17, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМА́НАВІЧ (Домановић) Радоэ (4.2.1873, Оўсіштэ, каля г. Крагуевац, Сербія — 4.8.1908),

сербскі пісьменнік. Скончыў Белградскі ун-т (1894). За выступленне супраць абсалютызму дынастыі Абрэнавічаў зазнаў ганенні. Раннім аповесцям і апавяданням Д. ўласціва ўвага да побыту жыцця тагачасных горада і вёскі («Дзень нараджэння», «Сны і ява», «На раздарожжы» і інш.). З канца 1890-х г. — пачынальнік сербскай сатыры, стваральнік жанру алегарычна-сатыр. прозы: апавяданні «Не разумею!» (1898), «Кляймо» (1899), «Каралевіч Марка другі раз між сербаў» (1901), аповесць «Страдыя» (1902) і інш. Творы Д. на бел. мову перакладаў І.​Чарота.

Тв.:

Бел. пер. — Сны і ява. Сербская ініцыятыва. Бессардэчныя людзі // Далягляды. Мн., 1979;

Рус. пер. — Повести и рассказы. М., 1956.

І.​Л.​Чарота.

т. 6, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)