Лань ’даніэль, Cervus dama’, ’самка даніэля’, ла́ня ’лань’ (Некр.). Укр. лань, ланя, рус. лань ’тс’, польск. łania, łań, ст.-польск. łani (XV ст.) ’самка аленя’, каш. łania ’худая дзяўчына’, ст.-чэш. laní, чэш., славац. laň, славен. lȃnjec, серб.-харв. ла̀не, ст.-слав. алънии. Форма лань, якая сустракаецца ў спецыяльных працах па ст.-слав. мове, у ст.-слав. рукапісах адсутнічае (Цэйтлін, Этымалогія–1975, 69). Прасл. olni, olnьji, olnьję ’самка аленя’ з’яўляюцца роднаснымі са ст.-прус. alne, літ. élnė, álnė ’самка аленя, лань’, кімр. elain, арм. ełn ’алень’, лат. al̂nis ’лось’, ст.-грэч. ἔλαφος ’алень’ (Траўтман, 69; Брукнер, 306; Фрэнкель, 120; Махэк₂, 319; Слаўскі, 4, 458–459; Фасмер, 2, 458; КЭСРЯ, 233). Літ. lonis < бел. лань (LKŽ, 7). Сюды ж шчуч. лань ’малады, здаровы, выпешчаны чалавек’ (Сл. паўн.-зах.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дало́ў, прысл.

1. На зямлю, на падлогу. Зачапіўся воз за камень, што ляжаў пры дарозе, вось зламалася, і ганарысты жарнавік паляцеў далоў. Якімовіч. Па лесвіцы далоў збегла дзяўчына з ручніком. Алешка.

2. у знач. вык. (звычайна ў закліках, лозунгах). Прэч, вон. Сябры і сяброўкі, Уставайце! Дрымоты далоў! Агняцвет. — Далоў вайну! — палаюць грозна словы На розных мовах і на ўсіх сцягах. Астрэйка. // У значэнні загаду, патрабавання зняць, прыбраць што‑н. і пад. Шапкі далоў!

•••

І з капылоў далоў — зваліцца з ног; паваліцца.

З плеч далоў — пра завяршэнне якой‑н. справы, вызваленне ад непрыемных абавязкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дапа́сці, ‑паду, ‑падзеш, ‑падзе; ‑падзём, ‑падзяце; зак.

Разм.

1. да чаго. З прагнасцю накінуцца на што‑н. жаданае; дарвацца. Дапасці да вады. □ Пакуль гаспадыня завіхалася каля стала, рыхтуючы полудзень, Рачкоўскі і Карызна сноўдаліся па пакоі, абодва працятыя нецярплівасцю: Рачкоўскі — каб хутчэй дапасці да яды, а Карызна — каб хутчэй зачаць сваю шчырую споведзь. Зарэцкі.

2. Настойліва імкнучыся, дабрацца куды‑н., да якога‑н. месца. Дзяўчына перайшла Біць і першая дапала ў Муціжанскі лес да броду, перадала партызанам, што іх чакае і што трэба рабіць. Сачанка. // Паспець пабыць. Андрэй усё зробіць, усюды дападзе. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гі́бкі, ‑ая, ‑ае.

1. Здольны лёгка гнуцца, згінацца і разгінацца. Гібкае дрэва. □ Аня была дзяўчына невысокая, гібкая, са зграбная постаццю, ружова-смуглявым тварам і не надта цёмнымі валасамі, якія завіваліся кудзеркамі. Карпюк. // перан. Багаты адценнямі, выразны (пра голас, мову і пад.). Сінонімы — адзін з галоўнейшых стылістычных сродкаў, якія робяць мову дакладнай і гібкай і даюць магчымасць выражаць самыя тонкія адценні думак. Юргелевіч. [Байка] выпрацавала свой адметны верш, адточаны і эканомны, гібкі і маляўнічы. Казека.

2. перан. Які ўмела і хутка рэагуе на пэўныя ўмовы, абставіны. Гібкае кіраўніцтва. Гібкая палітыка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адхіну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што.

1. Адхіліць, адсланіць (тое, чым захінута што‑н.). Ліпачка павярнулася да акна, трошачкі адхінула фіранку і глядзіць, углядаецца ў месячную ноч. Сабаленка. На Эльбрусе з белых дзвюх вяршыняў Раніца зняла смугі пялёнку, Быццам бы з грудзей сваіх Дзяўчына Адхінула прасціну спрасонку. Аўрамчык.

2. Адхіліць, адвесці ўбок. Пётра разумее, што трэба ўзняцца, узяць вілкі і выняць з печы чыгун з вадою, але не можа адхінуць далоні ад скроняў. Галавач. А Сымонка, як прыкуты, Не мог пальцам зварухнуць, Не мог гэтых чараў путы Ні разбіць, ні адхінуць. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

згра́бны, ‑ая, ‑ае.

1. Прапарцыянальна і прыгожа складзены; спрытны. Аня была дзяўчына невысокая, гібкая, са зграбнай постаццю, ружова-смуглявым тварам і не надта цёмнымі валасамі, якія завіваліся кудзеркамі. Карпюк. Волька .. цяпер стаіць перад сотнямі вачэй красуняй дзяўчынай, высокай, зграбнай, бы маладая вішня. Нікановіч. // Прыгожы па форме; далікатны. Белая кофта з адкінутым каўнерчыкам прыемна паказвае яе [Веры Ігнатаўны] зграбную шыю. Пестрак. // Зроблены з мастацкім густам. Зграбная ваза. Зграбная статуэтка. / Пра дрэвы, калоны і пад. Усюды тонкія зграбныя калоны, высокія скляпенні, лёгкія аркі. В. Вольскі.

2. Грацыёзны ў позах і рухах. Зграбная паходка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прапе́ць, ‑пяю, ‑пяеш, ‑пяе; ‑пяём, ‑пеяце; зак., што.

1. і без дап. Утварыць голасам музычныя гукі, выканаць голасам музычны твор. Прапець гімн. Прапець мелодыю. // Вымавіць нараспеў. Дзяўчына тым часам зусім супакоілася і з какецтвам прапела: — Малады чалавек, дазвольце ваш галаўны ўбор і паліто! Карпюк. // Утварыць пявучы гук (гукі). Прапелі пеўні галасіста. Даўно мінуў паўночны час. Танк. // Праляцець з пявучым гукам. Першая куля прапела над галавою, збіўшы з хвоі кару. Лупсякоў.

2. Разм. Страціць голас ад спявання. Прапець голас.

3. і без дап. Пець некаторы час. Прапець увесь вечар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

салаўі́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да салаўя (у 1 знач.), належыць яму. Салаўіны пошчак. □ Плыве салаўіная песня, Ноч зорная спіць у гаі. Ляпёшкін. Ліся, шчаслівая Ноч салаўіная, Покуль каханы са мной. Карызна. // Які з’яўляецца месцам, дзе жывуць салаўі. Салаўіны гай, густы і цёмны, Многа бачыў радасці і слёз. Бялевіч.

2. Уласцівы салаўю; такі, як у салаўя. Пад мурог-мяжою, над калыскай сына Спевам салаўіным Песню папявала [жняя]. Глебка. Расла яшчэ за князем на ўзбярэжжы Дзвіны-ракі дзяўчына-красуня, разумніца і рукадзельніца, з голасам салаўіным, з косамі, як чысты лён. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

страпяну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Разм.

1. чым. Парывісты рухам страсянуць, кіўнуць (галавою, валасамі і пад.). [Мукашык] страпянуў галавою, жадаючы развеяць страшны малюнак. Дамашэвіч. // што. Страсянуць, ачышчаючы ад пылу і пад., разраўнаваць. І, ужо бегучы, дзяўчына зняла з галавы .. стракатую касынку, страпянула яе і трошкі занепакоілася. Кулакоўскі. // без дап. Раптоўна ўздрыгнуць. [Алесь] страпянуў і, увесь перапалоханы і збянтэжаны, адскочыў ад пана Ліцвінскага. Адамчык.

2. чым. Расправіць (пра крылы). Сарока памылася, страпянула крыламі, паправіла дзюбкай пёркі і дзеўбанула хлеб. Пальчэўскі. Дзяцел зірнуў уніз, страпянуў крыламі і неўзабаве знік у гушчары. Курто.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чаро́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Звязаны з чараўніцтвам; які мае магічную сілу. Каб я ведаў чароўнае слова — перакінуўся б у зязюльку. Бядуля. Ніхто не знайшоў у купальскую ноч Чароўную кветку — прываблівы скарб. Панчанка. // Незвычайны, казачны. З залы несліся чароўныя меладычныя гукі музыкі. Мікуліч. Колькі думак было некалі ў маленстве пра школу, пра таго чароўнага настаўніка, які будзе паказваць, як пісаць палачкі. Кулакоўскі.

2. Незвычайнай, казачнай прыгажосці; які зачароўвае, захапляе. Дзяўчына была чароўнай у гэты час на холадзе асенняга ранку. Пташнікаў. Сцяпан доўга любуецца чароўным хараством ночы над морам, потым спускаецца ўніз. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)