МАНІФЕ́СТ ЛІТО́ЎСКАГА ПРАВІНЦЫЯ́ЛЬНАГА КАМІТЭ́ТА 1863,

праграмны дакумент паўстання 1863—64. Выдадзены 1.2.1863 у выглядзе друкаванага лістка на польск. мове з пячаткай Літ. правінцыяльнага к-та (ЛПК), які абвяшчаў сябе Часовым правінцыяльным урадам Літвы і Беларусі і салідарызаваўся з маніфестам варшаўскага Цэнтр. нац. к-та (ЦНК) ад 22.1.1863. Складаўся з 6 пунктаў, абвяшчаў усіх жыхароў Літвы і Беларусі «свабоднымі, як старапольская шляхта», панскім і дзярж. сялянам абяцаў «на вечныя часы ў поўнае ўладанне, без чыншаў і выкупаў тую зямлю, якую яны мелі да гэтага часу» (п. 2). «За гэта сяляне павінны, як шляхта, бараніць польскі край, грамадзянамі якога з’яўляюцца з сённяшняга дня» (п. 3). Беззямельным за ўдзел у паўстанні абяцаліся надзелы не менш як 3 маргі. Мелася і папярэджанне аб суровым пакаранні тых, хто будзе процідзейнічаць маніфесту.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 10, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСА́ЛЬСКІ Рыгор Ігнатавіч (н. 18.6. 1926, Мінск),

бел. кінааператар. Засл. дз. маст. Беларусі (1969). У 1947—90 працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». Для яго творчасці характэрна імкненне да дакумент. праўдзівасці адлюстравання падзей і асяроддзя дзеяння, прастата і выразнасць партрэтаў персанажаў. Сярод найб. значных фільмаў: дакументальныя — «Разведчыкі будучыні» (1957), «Цытадэль славы» (1961), «Янка Купала» (1962), «Ёсць такая зямля» (1964), «Арліная крыніца» (1966), «А зязюля кукавала...» (1972, прысвечаны Я.​Купалу), «Магілёў. Дні і ночы мужнасці» (1974); мастацкія — «Паланэз Агінскага» (1971, Дзярж. прэмія Беларусі 1972), «Вуліца без канца» (1973), «Таму што кахаю» (1974), «Братушка» (з Ц.​Цанчавым), «Усяго адна ноч» (абодва 1976), «Расклад на паслязаўтра» (1979), «Трэцяга не дадзена» (1981), «Ветразі майго дзяцінства» (1982), «Белыя росы» (1983), «Мама, я жывы» (1985), «Восеньскія сны» (1987); тэлевізійны «Незвычайныя прыгоды Дзяніса Караблёва» (1979).

Г.​В.​Ратнікаў.

т. 10, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕПРАЦАЗДО́ЛЬНАСЦЬ,

часовая або ўстойлівая страта прафес. працаздольнасці чалавекам. Адрозніваюць мед. (захворванні, няшчасныя выпадкі, аборты), прафілакт. (санаторна-курортнае лячэнне, цяжарнасць і роды) і сац. (догляд хворага члена сям’і, каранцін, пратэзаванне ў стацыянары) проціпаказанні да выканання прафес. дзейнасці. Часовая Н. узнікае пры вострых ці абвастрэнні хранічных хвароб, траўмах і інш., засведчваецца лістком Н. або даведкай. Дакумент аб часовай Н. выдаецца асобам, што падлягаюць дзярж. страхаванню, беспрацоўным, якія атрымліваюць дапамогу па беспрацоўі. Лісток Н. вызваляе ад работы, з’яўляецца падставай для атрымання сац. дапамогі. Часовая Н. студэнтаў засведчваецца даведкай. Ступень Н., яе ўстойлівасць і від устанаўліваюцца па выніках мед. абследавання ў медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі, урачэбна-кансультацыйнай камісіі. Пры працяглай Н. хворыя накіроўваюцца на медыка-рэабілітацыйную экспертную камісію. Пры ўстойлівай або неабарачальнай Н. (інваліднасці) назначаецца дзярж. пенсія.

Э.​А.​Вальчук.

т. 11, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ШПАРТ (франц. passeport ад passe праход + port гавань),

афіцыйны дакумент, які сведчыць асобу і грамадзянства яго ўладальніка. Паводле палажэння аб пашпарце грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, зацверджанага пастановай урада ад 14.7.1993, П. выдаецца асобам, якія дасягнулі 16 гадоў і пражывалі на тэр. краіны на дзень прыняцця закона «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь» (18.10.1991) або набылі грамадзянства ва ўстаноўленым парадку. П. утрымлівае фотакартку, прозвішча, імя і імя па бацьку асобы, дату і месца нараджэння, звесткі пра пол прад’яўніка, сямейнае становішча, месца жыхарства і інш., ідэнтыфікацыйны нумар. Са згоды грамадзяніна ў яго П. можа быць унесены запіс пра групу і рэзус-фактар крыві. П. сведчыць асобу грамадзяніна ў межах краіны і за мяжой. Запісы зроблены на бел., рус. і англ. мовах. Апрача агульнаграмадзянскага П. існуюць дыпламат. і службовыя П.

Г.​А.​Маслыка.

т. 12, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАЎКО́ВІЧ Даір Фёдаравіч (н. 21.9.1932, Мінск),

бел. пісьменнік. Скончыў Мінскі пед. ін-т (1960). З 1954 бібліятэкар, у 1962—77 заг. Уздзенскай раённай дзіцячай б-кі. Друкуецца з 1946. Піша пераважна для дзяцей і юнацтва пра гераізм народа ў вайну, вёску, маладых рабочых і інш. Аўтар аповесцей «Сцежкаю мужных» (1971), «Клуб вясёлых чамучак» (1973), «Алесік едзе ў Красабор» (1981), дакумент. аповесці «Свежыя ветры над Дворышчамі» (1982), зб-каў апавяданняў «Каласавічок» (1969), аповесцей і апавяд. «Пачым фунт ліха?» (1975), «Алея невядомага салдата» (1981), «Гвардзейскі знак» (1982), нарысаў «Бібліятэкар» (1983), зб. гумару і сатыры «Фірменны сродак» (1976), п’ес «Крутадух» (1980), «Беражыце мужчын» (1984), «Даеш хуткасны!» (1985) і інш. На бел. мову пераклаў казку В.​Гаўфа «Маленькі Мук».

Тв.:

Федоскины каникулы. М., 1980;

«Я вернусь, мама!..» Мн., 1982;

Красобор. Мн., 1988.

т. 14, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУКМА́НАЎ Вадзім Мікалаевіч (17.11.1938, с. Ваздзвіжанка Усурыйскага р-на Прыморскага краю, Расія — 28.9.1995),

бел. кінарэжысёр. Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1961). З 1961 на Мінскай студыі навук.-папулярных і хранік.-дакумент. фільмаў, з 1968 на кінастудыі «Беларусьфільм». Творчасць адметная арган. спалучэннем публіцыстычнай завостранасці і вобразнай выразнасці, разнастайнасцю тэматыкі. Сярод работ: «Дачка партыі» (1961, пра В.​Харужую), «Праз дзесяць гадоў, або Надзеі і трывогі 10 «А» (1973, з Р.​Ясінскім; прэмія Ленінскага камсамола Беларусі; спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Ньёне, Швейцарыя; усе 1974), «Вялікая дыяганаль» [1976, прызы міжнар. кінафестываляў спарт. фільмаў, Блетчлэй (Англія), Будапешт, абодва 1977], «Дзядзька Якуб» (1981), «Астравы капітана Маўра» (1983), «Вяртанне ў першы снег» (1985) «Леў Сапега, канцлер» (з Ясінскім), «Пад знакам Пагоні» (абодва 1992), «Вечны выгнаннік» (1993), «Віленскі зборнік» (1994) і інш.

т. 15, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЫХМАНЕ́НКА Віктар Фёдаравіч (10.5.1923, в. Гуменцы Камянец-Падольскага р-на Хмяльніцкай вобл., Украіна — 27.10.1998),

бел. пісьменнік. Скончыў Ваенна-паліт. акадэмію імя Леніна (1963). Працаваў у БелТА (1947—49), з 1959 у газ. «Красная звезда», у 1974—79 рэдактар газ. «Во славу Родины». Друкаваўся з 1947. Пісаў на рус. і бел. мовах. Аўтар зб-каў прозы «Складаны варыянт» (1958), «Чалавек распраўляе крылы» (1961), «Знаёмы почырк» (1964), «Сапраўдная вышыня» (1965), «Сястра белай бярозы» (1979), рамана «Небам хрышчаныя» (1969), дакумент. аповесці «Сяргей Грыцавец» (1987). Асн. тэмы твораў — гераізм сав. воінаў у Вял. Айч. вайну і ў мірны час, рамантыка ратнай працы, пераемнасць пакаленняў, фарміраванне і станаўленне характару моладзі.

Тв.:

Звуковой барьер. Хабаровск, 1959;

Наташины зорьки. Хабаровск, 1961;

Крылья на вырост. Мн., 1984;

На плечах своих: Повести. Мн., 1994.

т. 16, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРБА́НСКІ Яўген Якаўлевіч (27.2.1932, Масква — 5.11.1965),

расійскі акцёр. Засл. арт. Расіі (1962). Скончыў Школу-студыю Маскоўскага Маст. акад. т-ра (1957). З 1957 акцёр Маскоўскага драм. т-ра імя Станіслаўскага. Яго мастацтва вылучалася прастатой у спалучэнні з драматызмам, унутр. псіхалагізмам і пафасам. Сярод роляў: Март Туйскі («Блудны сын» Э.​Ранета), Ян («Першы дзень свабоды» Л.​Кручкоўскага), Кірыл Крайнеў («Расчыненае акно» Э.​Брагінскага), Пётр («Такое каханне» П.​Когаўта), Чабан («Матчына поле» паводле Ч.​Айтматава), Джанатан Пічэм («Трохграшовая опера» Б.​Брэхта), Рудакоў, Вілкін («Палуба» і «Энцыклапедысты» Л.​Зорына) і інш. Здымаўся ў кіно: «Камуніст» (1958), «Балада аб салдаце» (1959), «Неадпраўленае пісьмо» (1960), «Чыстае неба» (1961), «Вялікая руда» (1964). Загінуў у час здымак фільма. Яму прысвечаны дакумент. фільм «Яўген Урбанскі» (1968).

Літ.:

Евгений Урбанский. М., 1968.

Л.​В.​Календа.

т. 16, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРКА́САЎ Анатоль Паўлавіч (28.11.1928, г. Светлаводск Кіраваградскай вобл., Украіна — 4.11.2000),

бел. пісьменнік, перакладчык. Скончыў БДУ (1956). Працаваў у Дзярж. выд-ве Беларусі (1956—64), у выд-вах «Беларусь» (з 1967), «Мастацкая літаратура» (з 1972), «Юнацтва» (1986—89). Друкаваўся з 1953. Аўтар зб-каў навук.-папулярных нарысаў для дзяцей «Балотны скарб» (1959), «Цудоўны камень» (1963), нарысаў пра Мінскі трактарны («Магутны твой зямляк», 1969) і Бел. аўтамаб. («Волаты на дарогах», 1974) заводы. Пераклаў на бел. мову «Аповесць пра суровага сябра» Л.​Жарыкава (1961), «Клуб калумбаў» В.​Біянкі (1962), «Тры дні спакою» М.​Прыляжаевай. (1970), зб. аповесцей і апавяданняў І.​Васіленкі «Зялёны куфэрак» (1964) і інш. Паводле яго сцэнарыяў паст. дакумент. і навук.-папулярныя фільмы.

Тв.:

Паштальён: Апавяданне ў малюнках. Мн., 1991;

На ўсе рукі майстар: Нарыс. Мн., 1993.

т. 17, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫВІЛІ́ХІН Уладзімір Аляксеевіч (7.3.1928, г. Марыінск Кемераўскай вобл., Расія — 9.6.1984),

рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1954). Першая кніга — дакумент. аповесць «Жывая сіла» (1957). Маральна-сац. праблемы ў аповесцях «Сярэбраныя рэйкі» (1959), «Пра Клаву Іванову» (1964), «Ёлкі-маталкі» (1965), «Над узроўнем мора» (1967) і інш. Тэма чалавека і прыроды ў кн. публіцыстычных нарысаў «Зямля ў бядзе» (1969), «Шведскія прыпынкі» (1974), «Па гарадах і вёсках» (1976). Раман-эсэ «Памяць» (кн. 1—2, 1978—81; Дзярж. прэмія СССР 1982) нетрадыцыйна трактуе некат. моманты рус. гісторыі ад 11 ст. да 1980-х г. Аўтар кн. «Вершы» (1974). Дзярж. прэмія Расіі 1977.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1985;

Зеркало души. М., 1987;

В нашем доме: Повести. Кемерово, 1987;

Дорога: Из архива писателя. М., 1989.

Літ.:

Сергованцев Н. В.​Чивилихин М., 1978.

т. 17, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)