ЛЕ́ЎКТРЫ (Leuktra),
старажытнагрэчаскі горад у Беотыі, за 11 км ад Фіваў, каля якіх 5.8.371 да н.э. адбылася бітва паміж спартанцамі на чале з царом Клеамбротам (10 тыс. гаплітаў і 1 тыс. коннікаў) і фіванцамі пад камандаваннем Эпамінонда (каля 6 тыс. гаплітаў і 1,5 тыс. коннікаў). Фіванцы ўпершыню выкарысталі новы тактычны прыём: размясцілі войскі нераўнамерна па фронце (т. зв. косым баявым парадкам), сканцэнтраваўшы на левым флангу ўдарную групоўку і рэзерв з лепшых воінаў, а ў цэнтры і на процілеглым флангу паставілі меншыя па колькасці сілы. Зыход бітвы вырашыў удар намнога большымі сіламі па адборнай частцы войска спартанцаў. Непераможныя да гэтага часу на сушы спартанцы былі разбіты, загінуў іх цар Клеамброт. У выніку Спарта страціла гегемонію ў Грэцыі. Пелапанескі саюз распаўся. Пачалося кароткатэрміновае панаванне Фіваў.
т. 9, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСІМА́Х (грэч. Lysimachos; 361, г. Пела, Македонія — 281 да н.э.),
палкаводзец Аляксандра Македонскага, пасля смерці якога (323 да н.э.) правіў Фракіяй. У перыяд барацьбы дыядохаў за ўладу Л. у 315 да н.э. ваяваў у кааліцыі супраць Антыгона. Пасля паўторнага перадзелу спадчыны Аляксандра Македонскага Л. пашырыў тэрыторыю за кошт далучэння да сваіх уладанняў узбярэжжа праліва Гелеспонт (цяпер Дарданелы). У 306 да н.э. абвясціў сябе царом. У 303—301 да н.э. далучыў да сваёй дзяржавы частку М. Азіі. У 287—286 да н.э. ў саюзе з царом Эпіра Пірам падпарадкаваў сабе Македонію. Вёў безвыніковыя войны на Пн з гетамі і баспорскім царствам. Загінуў у барацьбе з б. дыядохам Селеўкам I Нікатарам, войска Л. было разбіта, а дзяржава распалася.
т. 9, с. 282
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЦЫ́НІЙ КРАС (Марк) (Marcus Licinius Crassus; каля 115—6.5.53 да н. э.),
палітычны і дзяржаўны дзеяч Стараж. Рыма. Падтрымаў Сулу ў грамадз. вайне з Марыем. У час праскрыпцый Сулы (на карах, канфіскацыях і спекуляцыях) нажыў велізарныя багацці. У 72 да н. э. надзелены сенатам надзвычайнымі паўнамоцтвамі, каб задушыць Спартака паўстанне, якое ліквідаваў разам з Пампеем у 71 да н. э. Консул у 70 і 55 да н. э. (разам з Пампеем). У 65 да н. э. цэнзар. У 60 (або 59) — 53 да н. э. разам з Цэзарам і Пампеем увайшоў у т. зв. 1-ы трыумвірат. У 54 да н. э. кіраваў прав. Сірыя. Загінуў з б. ч. рым. войска ў Месапатаміі ў час вайны з Парфянскім царствам.
т. 9, с. 326
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКО́МСКІ ЗА́МАК Існаваў у 14—16 ст. Размяшчаўся каля правага берага р. Лукомка (зараз в. Лукомль Чашніцкага р-на Віцебскай вобл.). Паводле «Спіса рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх», у 14 ст. Лукомль лічыўся горадам з магутным і добра ўмацаваным замкам. У 1386 аб’яднаныя войскі прускіх і лівонскіх рыцараў аблажылі замак. Гарнізон мужна і доўга абараняўся, шмат крыжакоў загінула пад сценамі Лукомля, аднак у ходзе працяглай аблогі і штурму замак быў узяты. У час Лівонскай вайны 1558—83 у 1563 горад і замак захапіла і знішчыла войска Івана IV Грознага. Замак больш не аднаўляўся. Рэшткі вял. валоў аглядваў у 1573 гісторык М.Стрыйкоўскі, які адзначыў, што на гэтым месцы быў некалі вял. замак. З 17 ст. дакументы згадваюць толькі вёску Лукомль.
т. 9, с. 365
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РЫЙ (Гай) (Gaius Marius; каля 157, Цэрэатэ, каля г. Арпіна, Італія — 13.1.86 да н.э.),
палкаводзец і паліт. дзеяч Стараж. Рыма. Займаў найвыш. дзярж. пасады: нар. трыбун (119 да н.э.), прэтар (115 да н.э.), 7 разоў выбраны консулам — 107, 104—101, 86 да н.э. Перамог нумібійцаў у Югурцінскай вайне (111—105 да н.э.). Ліквідаваў пагрозу нашэсця варварскіх плямён: у 102 да н.э. разбіў тэўтонцаў, у 101 да н.э. — кімвраў. Рэарганізаваў рым. армію (павялічыў набор за кошт добраахвотнікаў, якія не мелі маёмаснага цэнзу); рым. войска пачало рэфармавацца ў прафес. наёмную армію. Адзін з кіраўнікоў рым. арміі ў Саюзніцкай вайне 90—88 да н.э. супраць італійскіх плямён, якія патрабавалі правоў рым. грамадзянства. Удзельнічаў у грамадз. войнах у Рыме, у т. л. супраць Сулы.
т. 10, с. 155
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦЯЁВІЦКАЯ БІ́ТВА 1794,
бітва паміж паўстанцамі і рас. войскам у час паўстання 1794. Адбылася 10.10.1794 каля в. Мацяёвіцы недалёка ад Варшавы. Пасля Крупчыцкага бою 1794 і паражэння ад войск А.В.Суворава каля в. Цярэспаль 19.9.1794 Т.Касцюшка сабраў рэшткі дывізіі К.Серакоўскага, 2 палкі пяхоты, кавалерыйскую брыгаду, уланаў, 2 эскадроны кароннай гвардыі і столькі ж шляхецкай конніцы з-пад Брэста (разам 5600 чал. пры 21 гармаце). 9 кастр. войска Касцюшкі перакрыла дарогу корпусу І.Я.Ферзена (каля 20 тыс. чал. пры сотні гармат), які рухаўся насустрач Сувораву. На досвітку 10 кастр. Ферзен пачаў наступленне. Бітва скончылася паражэннем паўстанцаў, цяжка паранены Касцюшка быў узяты ў палон. Гэта адмоўна паўплывала на ўвесь ход паўстання і прадвызначыла яго паражэнне.
Я.І.Юхо.
т. 10, с. 232
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМСЕ́С II (троннае імя Усер-маат-Расатэп-ен-Ра),
старажытнаегіпецкі фараон [1290—1224 да н.э.] XIX дынастыі. Пры ім Егіпет дасягнуў значнай магутнасці. Працягваў палітыку свайго бацькі Сеці I, аднавіў уладу Егіпта ў Палесціне. Ваяваў з хетамі (у выніку бітвы каля Кадэша спыніў далейшае прасоўванне хецкага войска), у 1278 да н.э. падпісаў з імі мірны дагавор, чым забяспечыў Егіпту на доўгі час стабільнасць. Перанёс сваю рэзідэнцыю з Фіваў у паўн.-ўсх. Дэльту, пабудаваў «Пер-Рамсес» («Дом Рамсеса», цяпер рыбацкае паселішча Сан-эль-Хагор у Егіпце). Вёў вял. буд-ва: храмы ў Абідасе, Фівах, пячорныя храмы Абу-Сімбел, прыбудовы да храмаў у Карнаку, Луксоры і інш.
Літ.:
Жак К. Египет великих фараонов: История и легенда: Пер. с фр. М., 1992. С. 226—249.
т. 13, с. 303
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРБЕДА́РЫ,
сарбадары (перс. — іпыбенікі), удзельнікі нар. руху ў Цэнтр. Азіі і Усх. Іране ў 14 ст. Заснавальнік руху С. — шэйх Халіфэ, які выступіў у г. Харасан з пропаведдзю шыізму супраць правіцеляў-сунітаў. Пасля забойства ў 1335 Халіфэ яго справу працягваў шэйх Хасан Джуры. Ён заснаваў асобнае рэліг. брацтва (тарыкат), падтрыманае насельніцтвам Харасана. У выніку нар. паўстання ў Харасане С. захапілі г. Себзевар, які зрабілі сваёй сталіцай (1337), потым — Нішапур і Тус. Галава С. — Веджых-ад-дзін Масуд абвясціў сябе султанам. У 1353 С. разбілі войска апошняга правіцеля Хулагуідаў дзяржавы Туга Цімура. З часам дзяржава С. ператварылася ў звычайную феад. дзяржаву, якая была знішчана войскамі Цімура ў 1381. Паўстанні С. адбыліся таксама ў Самаркандзе (1365), Кермане (1373—74) і Себзевары (1383).
т. 14, с. 344
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
крыло́, -ла́ ср., в разн. знач. крыло́;
маха́ць кры́ламі — маха́ть кры́льями;
к. самалёта — крыло́ самолёта;
к. ветрака́ — крыло́ ветряно́й ме́льницы;
к. экіпа́жа — крыло́ экипа́жа;
пра́вае (ле́вае) к. во́йска — пра́вое (ле́вое) крыло́ во́йска;
ле́вае к. англі́йскага рабо́чага ру́ху — ист. ле́вое крыло́ англи́йского рабо́чего движе́ния;
◊ распасце́рці кры́лы — распра́вить кры́лья;
падрэ́заць кры́лы — подре́зать кры́лья;
схава́ць пад к. — спря́тать под кры́лышко;
пад ~лом — (у каго) под кры́лышком (у кого);
апусці́ць кры́лы — опусти́ть кры́лья;
абрэ́заць кры́лы — (каму) обре́зать кры́лья (кому)
Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)
riot1 [ˈraɪət] n.
1. мяце́ж, бунт;
The army put down the riot. Войска падавіла мяцеж.
2. беспара́дкі, парушэ́нне грама́дскага пара́дку
3. fml пы́шнасць, бага́цце, бу́йства;
The garden is a riot of colour in June. У чэрвені ў садзе пануе пышнасць фарбаў.
♦
run riot буя́ніць; разбушава́цца (пра людзей); бу́йна расці́, буя́ць (пра расліны)
Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)