ДАРАДНІ́ЦЫН Анатоль Аляксеевіч (н. 2.12.1910, с. Башына Тульскай вобл., Расія),
расійскі матэматык, геафізік і механік. Акад.АНСССР (1953), замежны чл. Балгарскай АН (1970). Герой Сац. Працы (1970). Скончыў Грозненскі нафтавы ін-т (1931). У 1945—55 у Матэм. ін-це імя У.А.Сцяклова. У 1955—89 дырэктар Выліч. цэнтра АНСССР, адначасовапраф. Маскоўскага фіз.-тэхн. ін-та (з 1947). Навук. працы па праблемах дынамічнай метэаралогіі, аэрадынаміцы вял. скарасцей, прыкладной матэматыцы, нелінейнай механіцы, выліч. тэхніцы. Ленінская прэмія 1984; Дзярж. прэміі СССР 1946, 1947, 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАУ́Д Мухамед (18.7.1908, Кабул — 28.4.1978),
дзяржаўны дзеяч Афганістана. Адукацыю атрымаў у Афганістане і Францыі. У 1946—48, 1949—52 міністр нац. абароны. У 1953—63 прэм’ер-міністр Афганістана. Урад Д. рэфармаваў сістэму школьнай адукацыі, садзейнічаў развіццю афг. прам-сці, умацаванню крэдытна-фін. сістэмы і інш. У ліп. 1973 на чале групы афіцэраў скінуў караля і абвясціў краіну рэспублікай. У 1973—78 прэзідэнт і прэм’ер-міністр Афганістана, адначасова міністр замежных спраў і абароны; намагаўся ліквідаваць перажыткі феадалізму ў афг. грамадстве, наладзіў адносіны з СССР. Забіты ў час Красавіцкай рэвалюцыі 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАДЭМІ́ЧНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т,
першая ў Расіі свецкая вышэйшая навуч. ўстанова. Існаваў у 1724—66. Засн. ў Пецярбургу адначасова з АН, заняткі пачаліся ў 1726. У Акадэмічным універсітэце пераводзілі лепшых вучняў са Славяна-грэка-лацінскай акадэміі і інш. духоўных навуч. устаноў. Змест навучання вызначаўся спецыяльнасцямі акадэмікаў, якія чыталі лекцыі. Статут 1747 абвясціў самастойнасць акадэмічных універсітэтаў. У 1750 уведзены экзамены, наладжана сувязь з Акадэмічнай гімназіяй. Лепшыя выпускнікі ун-та пераводзіліся ў ад’юнкты АН, атрымлівалі ступень магістра. У 1758—65, калі Акадэмічны універсітэт узначальваў М.В.Ламаносаў, утвораны ф-ты філас., юрыд., медыцынскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРО́ПАЎ Юрый Уладзіміравіч (15.6.1914, станіца Нагуцкая Стаўрапольскага краю — 9.2.1984),
савецкі парт. і дзярж. дзеяч. Ген. арміі (1976). Герой Сац. Працы (1974). З 1944 на парт. рабоце ў Карэліі. З 1953 пасол СССР у Венгрыі, з 1957 заг. аддзела, у 1962—67 і з мая 1982 сакратар ЦККПСС. У 1967—82 старшыня КДБСССР. З ліст. 1982 Ген. сакратар ЦККПСС, адначасова з чэрв. 1983 Старшыня Прэзідыума Вярх. Савета СССР. Чл. Палітбюро ЦККПСС з 1973. Дэп. Вярх. СаветаСССР у 1950—54 і з 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАГАНІ́СТЫ,
1) у анатоміі і фізіялогіі — органы з процілеглымі функцыямі і дзеяннем. Прыклады антаганістаў: мышцы і іх групы, што дзейнічаюць адначасова (або па чарзе) у двух процілеглых напрамках (напр., згінальнікі і разгінальнікі канечнасцяў — біцэпс і трыцэпс рукі чалавека), пара нерваў, якія пры ўзбуджэнні аказваюць процілеглы ўплыў на орган, што інервуецца. Антаганісты наз. таксама зубы верхняй і ніжняй сківіц, якія процістаяць адзін аднаму пры змыканні.
2) У мікрабіялогіі — мікраарганізмы, якія прыгнечваюць рост, развіццё і інш. праяўленні жыццядзейнасці інш. мікробаў і арганізмаў (гл. ў арт.Антаганізм).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫЦЕ́ЛЫ,
складаныя бялкі — імунаглабуліны, якія сінтэзуюцца клеткамі лімфатычнай тканкі чалавека і цеплакроўных жывёл пад уплывам антыгенаў. Здольныя спецыфічна звязвацца з імі ў імунныя комплексы, што забяспечваецца прасторавай узаемадапаўняльнасцю (камплементарнасцю) паверхняў малекул антыцел і антыгена. Дзякуючы рэакцыям звязвання антыцел з антыгенамі адбываецца нейтралізацыя мікробных таксінаў, імабілізацыя і ўстараненне мікраарганізмаў, чужародных арганізму бялкоў і поліцукрыдаў, а таксама ўласных клетак са змененай паверхневай мембранай. Адначасова яна ляжыць у аснове патагенетычнага механізма анафілаксіі, сываратачнай хваробы і аўтаімунных захворванняў. У лабараторнай практыцы рэакцыя выкарыстоўваецца для дыягностыкі хвароб, ідэнтыфікацыі мікраарганізмаў і асобных рэчываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ШГАРАД,
горад на Украіне, на правым беразе Дняпра, цэнтр раёна Кіеўскай вобл. за 18 км на Пн ад Кіева. Каля 20 тыс.ж. (1996). Кіеўская ГЭС, гідраакумулюючая эл. станцыя, з-д жалезабетонных вырабаў.
Упершыню ўпамінаецца пад 946 як горад княгіні Вольгі. У 11—12 ст. рэзідэнцыя кіеўскіх князёў, паліт., эканам. і культ.цэнтр. У 1240 разрабаваны татарамі. Паводле археал. даследаванняў, меў умацаваны дзядзінец і пасад. У дзядзінцы выяўлены фундамент Барысаглебскай царквы 11—12 ст., у пасадзе рэшткі стараж. вуліц з жытламі-паўзямлянкамі, якія былі адначасова майстэрнямі рамеснікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯ́ЛЬЦАВА Настасся Дзмітрыеўна (1871, г. Харкаў, Украіна — 18.2.1913),
расійская эстрадная спявачка (сапрана), артыстка аперэты. Вучылася ў Пецярбургу. З 1888 выступала ў аперэтачных трупах (у 1893—97 у трупе С.А.Пальма ў Маскве і Пецярбургу). Сярод роляў: Перыкола, Алена («Перыкола», «Прыгожая Алена» Ж.Афенбаха), Сафі («Цыганскі барон» І.Штрауса), Клерэта («Дачка мадам Анго» Ш.Лекока). Зрэдку выступала ў операх: Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ), Даліла («Самсон і Даліла» К.Сен-Санса). Адначасова канцэртавала, вядомая як выканальніца цыганскіх рамансаў.
Літ.:
Нестьев И.В. Звёзды русской эстрады. 2 изд. М., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯТО́ХІН Іван Андрэевіч (4.10.1884, г. Жырнаўск Валгаградскай вобл., Расія — 27.3.1959),
бел. фізіёлаг. Чл.-кар.АН Беларусі (1947), д-рбіял.н. (1940), праф. (1926). Скончыў Казанскі ун-т (1917). З 1927 у Пермскім ун-це, з 1936 у Мінскім мед. ін-це (адначасова да 1949 праф.БДУ). У 1937—41 дырэктар Ін-та тэарэт. і клінічнай медыцыны АН Беларусі. Навук. працы па нервовых механізмах рэгуляцыі функцый сардэчна-сасудзістай сістэмы, фізіялогіі працы. Упершыню прасачыў кальцавы ход узбуджэння ў жывой тканцы. Старшыня Бел.т-ва фізіёлагаў, біяхімікаў і фармаколагаў (1936—59).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЙДУ́К Фердынанд Міхайлавіч (н. 27.3.1940, в. Шалькаўшчына Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне псіхіятрыі. Д-рмед.н. (1988), праф. (1990). Засл. дз. аховы здароўя Беларусі (1993). Скончыў Мінскі мед.ін-т (1968). З 1969 працуе ў ім (у 1987—89 прарэктар), адначасова ў 1973—87 гал. дзіцячы псіхіятр Мін-ва аховы здароўя Беларусі. Навук. працы па біял. асновах псіхічных расстройстваў, праблемах дзіцячай псіхіятрыі, псіхічных наступствах аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Тв.:
Практическое пособие по основам психосоматической медицины и психотерапии. Мн., 1996 (у сааўт).