перагле́дзець, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць, зак., каго што.

1. Агледзець, дагледзець усё, многае або ўсіх, многіх. Артур палез па кішэнях шукаць Наталлінага адраса. Уміг ён перагледзеў некалькі замурзаных блакнотаў, памятых .. паперак і — дарэмна. Гартны. І вось Янка ў кабінеце дырэктара. Ён пачакаў, пакуль той перагледзеў нейкія паперкі, потым кашлянуў. Прокша. // Прагледзець нанава, яшчэ раз з мэтай праверкі. Тамаш зноў хутка перагледзеў прыёмнік ... і зноў навушнікі маўчалі, нібы нямыя. Краўчанка. [Сяргей Сяргеевіч:] — У пятніцу вечарком я накапаў чарвякоў, перагледзеў снасці, а назаўтра .. мы ўжо кацілі на Змітраковым «буланчыку» па гладкай шашы на ўлюбёныя мясціны майго сябра — прыгожы высокі бераг Бярэзіны. Ляўданскі.

2. Разгледзець, абмеркаваць што‑н. нанава, яшчэ раз для ўнясення якіх‑н. змен, паправак. Перагледзець штаты устаноў. Перагледзець нормы выпрацоўкі. □ Само жыццё прымусіла пісьменніка перагледзець твор, бо рэчаіснасць дала яму новы цікавы матэрыял. Кучар. — Дзеля справядлівасці, даражэнькі, трэба перагледзець табе тваё рашэнне, — хмурачыся, казаў далей Гапоненка [Міхалу Пятровічу]. Капусцін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыёмны, ‑ая, ‑ае.

1. Які служыць, прызначаецца для прыёму каго‑, чаго‑н. Прыёмная антэна. Прыёмная радыёстанцыя. // Створаны, арганізаваны для прыёму каго‑, чаго‑н. «Хіба ў нас такая ферма ёсць? У актах прыёмнай камісіі і ўпамінку няма». Ракітны. У інстытуце ішлі прыёмныя экзамены. Карпаў. // Назначаны для прыёму, наведвання (пра час). Прыёмныя гадзіны. □ У нядзелю .. [Нічыпара] пацягнула ў бальніцу да Агнёва. Быў прыёмны дзень. Асіпенка.

2. Які ўсынавіў каго‑н. або ўсыноўлены кім‑н. [Гіго] вучыўся мове сваіх прыёмных бацькоў. Самуйлёнак. З той пары дзяўчынка пачала жыць як прыёмная дачка ў сям’і вартаўніка могілак. Галавач.

3. у знач. наз. прыёмная, ‑ай, ж. Пакой, у якім прымаюць наведвальнікаў або дзе яны чакаюць прыёму. У прыёмнай было нямнога народу, значна менш, чым звычайна, калі ідзе бюро. Шамякін. У прыёмнай рэдактара было бязлюдна. Хадкевіч. Без шапкі, загарэлы, .. [Коля] і цяпер быў такі, як тады, калі нёс .. [Рыну] на руках у прыёмную клінікі. Грамовіч.

•••

Прыёмны пакой гл. пакой.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разжы́цца, ‑жывуся, ‑жывешся, ‑жывецца; ‑жывёмся, ‑жывяцеся; зак.

Разм.

1. на чым і без дап. Нажыцца, разбагацець. Той дынар быў шчаслівай манетай. І хцівец смярдзючы З дапамогай яго аграбаў сабе золата, срэбра і медзь, І разжыўся, і стаў неўміручы. Караткевіч. Антон Баравіцкі.. так і не разжыўся на вясельных заработках. Вітка.

2. Пачаць жыць няблага, стаць матэрыяльна забяспечаным. Пасля вайны Якуб У зямлянцы нейкі час туліўся. Затым крыху разжыўся І збудаваў сабе ён новы зруб. Валасевіч. [Аляксандр] папрасіў на першы час за адработкі, а як разжывуцца, у арэнду кавалачак зямлі. Грахоўскі.

3. на што, чым, чаго. Дастаць, раздабыць што‑н. Перад сканчэннем школы цераз старэйшага брата разжыўся на тыя самыя кніжкі і я. Лужанін. Нам удалося разжыцца старой заржавелай вінтоўкай, якую мы ўтраіх чысцілі і прыводзілі ў належны выгляд цэлы дзень. Навуменка. — На першы раз невялікае трэба, — сказаў вайсковец. — Чайку мы ў вас, гаспадынька, не разжывёмся? Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разма́х, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. размахваць — размахнуць і размахвацца — размахнуцца (у 1 знач.).

2. Велічыня хістання, вагання якога‑н. цела; амплітуда. Размах маятніка.

3. Адлегласць паміж крайнімі пунктамі чаго‑н. разгорнутага, распасцёртага, разнятага. Размах крылаў арла. □ Хадакі занялі пракосы на ўвесь размах рук. Пальчэўскі. // Прастора, на якой распасціраецца што‑н. Поле ляжала роўнае як кінуць вокам, шэрае і радаснае ў сваім бязмежным размаху. Адамчык.

4. перан. Шырыня, смеласць ва ўчынках, дзейнасці; адсутнасць абмежаванасці, вузкасці ў праяўленні. Размах будаўніцтва. □ Любіў Максім Багдановіч народную песню за яе меладычнасць, эпічны размах і лірычную цеплыню. Майхровіч. З кожным днём культурнае жыццё вёскі набывала ўсё большы размах. Сергіевіч.

•••

З размаху; з усяго размаху — а) размахнуўшыся, з сілаю. Грысь першы раз у сваім жыцці з размаху секануў па той рэчы, якую з такой любоўю сам рабіў. Кулакоўскі; б) з разгону, з разбегу. Вярблюд і бухнуў у раку з размаху. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэда́кцыя, ‑і, ж.

1. Праўка, рэдагаванне тэксту. Рэдакцыя артыкула.

2. Пэўная фармулёўка або тэкст, якія чым‑н. адрозніваюцца ад падобных фармулёвак або тэкстаў. Пункт пратакола ў новай рэдакцыі. Другая рэдакцыя рамана. □ Многія раннія вершы Таўлая маюць па некалькі зусім розных рэдакцый. Арочка. Калі новая рэдакцыя — гэта этап у літаратурнай гісторыі тэксту пэўнага твора, то новы помнік — гэта пэўны этап у гісторыі цэлага жанру. Чамярыцкі.

3. Кіраўніцтва выданнем (кнігі, часопіса і пад.). Кніга пад рэдакцыяй прафесара.

4. Калектыў рэдактараў, работнікаў, якія кіруюць перыядычным органам друку. Пазней, па заданню рэдакцыі, мне давялося самому зайсці ў той домік пад соснамі. Брыль. — Я прыехаў здалёк, ад рэдакцыі, і хачу паглядзець, як людзі жывуць. Галавач. // Група работнікаў, якія займаюцца апрацоўкай і падрыхтоўкай тэксту рукапісу да выдання.

5. Памяшканне, дзе працуюць рэдакцыйныя работнікі. Пазваніць у рэдакцыю. Зайсці ў рэдакцыю. □ Я ўспомніў, што мне яшчэ трэба пабываць у рэдакцыі раённай газеты, і паехаў у горад. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слепата́, ‑ы, ДМ ‑паце, ж.

Поўная або частковая адсутнасць зроку. Сляпы Гамер быў і, глухі Бетховен... Відушчы, чуйны, кожны б з нас хацеў свой зоркі зрок, свой тонкі слых настроіць па іхняй слепаце і, глухаце... Рудкоўскі. // перан. Няўменне заўважаць, правільна разумець, разбірацца ў чым‑н. Зайчык, той знарок пацяшаўся, чапляў, абы паспрачацца, абы падсмяяцца з куранёўскай слепаты ды скнарлівасці. Мележ. — Марыя Дзям’янаўна, выбачайце за маю такую слепату, някемлівасць, — прамовіў Грушка, — вось сяджу і не бачу, хто сядзіць са мною побач. Пестрак. Мароз выкарыстаў гэту паўзу, каб дакорліва зірнуць на Вячыстага: вось бачыш, да чаго давяла твая палітычная слепата! Лобан.

•••

Колеравая слепата — тое, што і дальтанізм.

Курыная слепата — а) хвароба вачэй, пры якой чалавек не бачыць пры слабым святле, у цемры; б) народная назва некаторых травяністых раслін, кураслеп. Лета ў самым пачатку, і столькі курынай слепаты, што не ступіць нагою, каб не трапіць на краску. Мыслівец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фасо́н, ‑у, м.

1. Форма, крой, па якіх пашыта што‑н. (адзенне, абутак, галаўныя ўборы). З кабінкі вылез прысадзісты, чырванатвары чалавек, апрануты ў жоўты, вайсковага фасону фрэнч. Навуменка. З раніцы да позняга вечара топчуць.. [двор] падэшвы чаравікаў самых розных фасонаў і памераў. Жычка. // Знешні выгляд, форма (прадмета, вырабу і пад.). На незнаёмцы была яркая шарсцяная кофтачка, якая сваім фасонам нагадвала дзіцячую матроску і дужа пасавала жанчыне. Васілёнак.

2. Разм. Пэўны спосаб, манера. Ад гэтага запытання я страпянуўся, зірнуў на чалавека з рудой, калматай, але падраўнянай пад нейкі фасон барадой, у брызентавым плашчы з настаўленым башлыком, быццам чалавек сабраўся на дождж. Сабаленка.

3. Разм. Паказная франтаватасць; шык. З кавалерскім фасонам і з блазенскім сорамам Лёня пакланіўся і, узняўшы вочы, сумеўся ад той амаль зусім звычайнай дзявочай усмешкі. Брыль. [Стрэлачнік:] — Ну і рабацяга знайшоўся! Толькі і ведае — кастыль ды гайкі, дый молат для фасону насіць. Лынькоў.

•••

Трымаць фасон гл. трымаць.

[Фр. façon.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хо́ванка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Месца, дзе можна знайсці прытулак, схавацца ад каго‑, чаго‑н. — Ну чаго турбавацца, — сказаў Ігналь. — Хованка ў нас надзейная, калі што. Лупсякоў. Многа клопатаў буран прынёс і дыверсантам, бо будан іх служыў толькі як хованка ад камароў і сонца. Федасеенка. // Спецыяльна зробленае ці прыстасаванае месца ці збудаванне для хавання ад каго‑, чаго‑н. А такі ж ён [Вова] за дзень натупаўся, капаючы разам з другімі ў садзе хованку ад бомбаў. Гурскі. [Лукша:] — Усю ноч мы [партызаны] сабе хованкі капалі. Гроднеў.

2. Скрытае, патайное месца для захоўвання чаго‑н. Хованка для скарбаў.

3. толькі мн. (хо́ванкі, ‑нак). Дзіцячая гульня, у якой той, хто водзіць, шукае астатніх удзельнікаў гульні, якія схаваліся. Будучы клуб акупіравалі хлапчукі — са смехам і крыкамі гуляюць у хованкі. Шамякін. [Сакольны:] — Праязджаў нядаўна паўз лясныя паселішчы. Бегалі там дзеткі між кустоў, гулялі ў хованкі. Кулакоўскі.

•••

Гуляць у хованкі гл. гуляць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ца́лкам, прысл.

1. У поўным аб’ёме, ад пачатку да канца; не па частках, не часткова. Перадрукаваць артыкул цалкам. □ Дзядзька Марцін таксама зацікавіўся дубам, і ўдвух [з Лабановічам] пачалі яны даставаць яго. Дастаць цалкам ім было не пад сілу, прыйшлося пілаваць. Колас. Маёнтак захаваўся цалкам, і дом, і паркі, і сады, і ўся будоўля. Чорны. Рыгор зарабляў да трыццаці рублёў у лета; аддаваў грошы цалкам мацеры. Гартны. // У поўным складзе. — Першая эскадрылля цалкам перасела на новыя машыны. Алешка. [Бэсман:] Што падрыхтована? Якія роты? [Дамейка:] Мой батальён за намі пойдзе цалкам. Глебка.

2. Да канца, поўнасцю, зусім. Цалкам аддацца справе. □ Генадзь быў цалкам захоплены песняй. Кожны музычны такт яе, кожны радок.. ён паўтараў мо разоў па дзесяць і нібы смакаваў. Сабаленка. І сам той Пятрусь ці Сымон яшчэ не цалкам пазбыліся думкі, што гэта ўсё ж не калгасная кабыла, а яго. Брыль.

•••

Цалкам і поўнасцю — тое, што і поўнасцю, але з адценнем узмацнення.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Во́н1 прысл. ’прэч’ (БРС, КТС, Касп., Бяльк., КЭС). Рус. вон, ст.-слав. вънъ, балг. вън, макед. вон ’звонку’, серб.-харв. ва̏н, слав. vèn, чэш. ven, славац. von, ст.-польск. wen, в.-луж. won, н.-луж. wen. Роднаснымі з’яўляюцца ст.-інд. vánam ’лес’, ст.-інд. месн. скл. адз. л. vánē ’ў лесе’. Параўн. аналагічныя літ. laũkan ’прэч, вон’, laukè ’звонку’, якія паходзяць з laũkas ’поле’ (Гл. Зубаты, Studie, 2, 196–198; Гуйер, Введение, 101; Фасмер, 1, 225). Прасл. vъnъ першапачаткова, напэўна, уяўляла сабой він. скл. назоўніка; яно з’явілася яшчэ ў той час, калі дом і вёску акружаў лес, і абазначала паняцце, процілеглае паняццю ’дома, у хаце’ (Шанскі, 1, В, 158; Махэк₂, 683). Іншыя гіпотэзы менш пераканаўчыя; Траўтман (360) узводзіць вънъ да ст.-прус. wins ’паветра’, winna ’вонкі’, winnen він. скл. адз. л. ’пагода’, аналагічныя лат. ârā ’вон, вонкі’, літ. óras ’паветра, пагода’. Як заўважае Фасмер (там жа), у такім выпадку было б цяжка вытлумачыць рус. дыял. сво́ну ’звонку’. Прэльвіц (40), а таксама Сразнеўскі (1, 391) параўноўваюць з грэч. ἄνευ ’без, акрамя, удалечыні’, ст.-інд. anō ’не’, гоц. inu ’без’, ст.-в.-ням. āno, н.-в.-ням. ohne ’без’.

Во́н2, вона́ (займ.) ’ён, яна’ (Нас.), вонэ́ ’яны’ (Шатал.). Ад onъ з пратэт. в. Гл. ён.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)