Рым ’дрыгва, топкае месца’ (Ян.), укр. дыял. рим ’яма з вадой’, ’лог, заліты вадой’, ’глыбокі роў’. Няяснае слова. Можна меркаваць роднасць да польск. ryma ’насмарк’, чэш. rýma ’насмарк’, славац. réma ’насмарк’, ст.-слав. рема ’выцяканне’, роума, рюма ’сцяканне’, ст.-ням. reuma ’насмарк’, фр. rhume ’прастуда, катар’, лац. rheuma, reuma ’выцяканне’, нова-грэч. ῥεῦμα ’насмарк’, літ. rymà ’насмарк’. Польская і чэшская лексемы лічацца запазычаннямі з франц. rhume, якое з грэч. ῥεῦμα (Мацэнаўэр, 301; Махэк₂, 527). Але гэта няпэўна. Здзіўляе падабенства з рус. ры́мбаць, ры́нда́ть ’гразнуць у балоце’, ’правальвацца нагамі ў балота, праз лёд або снег’, ры́ндало ’балота’, якое з доляй верагоднасці лічаць запазычаннем з фін. rämpiä ’ісці праз балота, снег’, ’рухацца наперад з цяжкасцю’ (Фасмер, 3, 528). Параўнай ры́маць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэ́я1 ’рухомы папярочны круглы брус на мачце’ (ТСБМ), ’тоўстае бервяно’ (Нар. сл.). Ст.-рус. рая ’рэя’, польск. reja ’тс’. З ням. Raa, Ree, Rahe або нідэрл. raa (Брукнер, 457; Даль, 3, 1671).

Рэ́я2 ’карагод’ (Байк. і Некр.). Гл. рэй1.

Рэ́я3 ’ёўня’ (Байк. і Некр., Касп., Нас.), ’вельмі вялікі капец бульбы’ (ЛА, 2), рэй ’прыстасаванне з слупоў і жэрдак для дасушвання збажыны і траў’. Польск. дыял. усх. reja, rejka ’капец бульбы’. З літ. rejà, rijà ’ёўня’ < лат. rija ’тс’ (Сл. ПЗБ, 4, 331; Фасмер, 3, 463; Лаўчутэ, Балтизмы, 33; LKA, 64).

Рэ́я4 ’тое, што і батарэя’ (Нар. сл.). Ад батарэя (гл.) шляхам адсячэння пачатку слова. Параўн. чэш. слэнг. retka < cigaretka ’цыгарэта’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сарда́к ’безрукаўка’ (Сл. ПЗБ, Нар. сл., Скарбы), ’суконная жакетка без падкладкі’ (Сл. Брэс.), сардачо́к ’безрукаўка’ (Шатал.), ’камізэлька’ (Сцяшк. Сл.), сарда́чык ’кофта, блузка’ (Сцяшк. Сл.). Укр. серда́к, сарда́к ’кафтан з грубага сукна’, ’верхняя цёплая суконная вопратка галіцкіх сялян, расшытая шнурамі’, польск. serdak, дыял. sardak ’скураная безрукаўка ў сялян-горцаў; кафтан, світка’. Апошняе, магчыма, з усх.-слав. (Брукнер, 485). Слова няяснага паходжання. Набліжаюць да сэрца, г. зн. адзенне, якое пакрывае грудзі і спіну, верхнюю частку тулава. Праабражэнскі (1, 434) лічыць першакрыніцай франц. surtout, параўн. рус. сюрту́к, бел. сурду́т (гл.). Не з лапсардак (гл.), рус. лапсердак ’доўгаполы яўрэйскі сурдут’, якое з ідыш. Labserdak, ад lāb ’ліф’ і укр. сердак. Гл. яшчэ Фасмер, 2, 459 з літ-рай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сві́гаць (сьві́гаць) ‘бліскаць, мігаць’ (Ласт.), свігну́ць (сьвігну́ць) ‘паказацца, бліснуць’ (Скарбы, Ласт.), сюды ж сьвігаві́ца ‘пробліск у хмары, маланка’ (Ласт.), відаць, і сві́га ‘мінога рачная’ (Скарбы). Магчыма, балтызм, параўн. літ. sviégti, sviégiu ‘кідаць, шпурляць; біць, стукаць’, лат. sviêžu ‘кідаю’. Назва міногі, хутчэй за ўсё, звязана з хуткімі рухамі і яркай афарбоўкай. Параўн. аднак укр. дыял. шви́гати ‘кідаць, шпурляць’, што, магчыма, сведчыць пра славянскі характар слова. Куркіна (Диал. структура, 126) са спасылкай на Пятлёву (ОЛА 1974, 125–129) супастаўляе беларускае сьві́гаць ‘бліскаць’ з славен. svígati ‘хутка рухацца, мільгаць’, рус. дыял. свигать ‘гуляць, шляцца’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *svigati, роднаснага літ. svaĩgti ‘ганяць, ездзіць туды-сюды; круціцца’, svíegti ‘паварочваць, кідаць, біць’ < і.-е. *su̯ei‑g‑ ‘згібаць, гнуцца, круціць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сом ‘рыба Silurus glanis L.’ (ТСБМ, Касп., Сл. ПЗБ, ТС, З нар. сл.). Параўн. укр., рус. сом, польск. sum, ст.-польск. som, н.-луж. som, чэш., славац. sumec, серб.-харв. со̏м, славен. sòm, балг., макед. сом. Прасл. *somъ роднаснае літ. šãmes, лат. sams ‘тс’. Далей сувязі няясныя. Тапароў — Трубачоў (Лингв. анал., 247) прапаноўваюць у якасці крыніцы фін. sampi ‘асётр’, марыйск. šamba ‘мянтуз’. Параўнанне славянскага слова з лац. salmō ‘ласось, селядзец’ у Праабражэнскага (2, 355), Младэнава (593) абвяргаецца Фасмерам (3, 716). Гл. яшчэ Траўтман, 298; Фрэнкель, 962; Махэк₂, 592; Машынскі, Pierw., 188; Фрыск, 1, 771, а таксама Сной₁, 592, Борысь, 586 (узводзяць да і.-е. *kʼam‑ ‘палка, жэрдзь’); Каламіец, Рыбы, 106–109 (крытычны разгляд версій).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тро́йка1, трэ́йко ‘тройчы’ (Нар. Гом.), тро́йко ‘трое’ (Рам. 3, ТС), ‘трайня’ (Сл. ПЗБ), трэ́ка ‘тройчы’ (Сцяшк. Сл.), трэ́ко ‘тс’ (Сержп.). Узыходзяць да формы зборнага лічэбніка *trojь ‘трое’, аформленага па ўзоры *dvojьka ‘двое’ з суф. ‑k‑, гл. Карскі 2–3, 55; Мяркулава, Этимология–1972, 102; SP, 5, 185. Формы з ‑э(й) можна патлумачыць уплывам балтыйскіх моў на фоне тро́е, пры літ. trejí ‘тры, трое’, аднак больш верагодная змена о > э пад націскам пад уплывам трэці.

Тро́йка2 ‘лічба 3 і адпаведная адзнака ці карта; запрэжка з трох коней; група з трох чалавек; касцюм з трох рэчаў’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ‘3‑метровая калода’ (Мат. Гом.), ‘трэці ход у гульні’ (ТС). Да папярэдняга слова (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трыску́ць ‘марозная пагода’ (Сцяшк. Сл.). Да трэск, трашча́ць (пра мароз) (гл.), параўн. трэскоцень ‘траскучы мароз’ (гл.), рус. треску́н ‘вельмі моцны мароз, ад якога вянкі хаты ці дрэвы трашчаць’, в.-луж. třĕskać ‘трашчаць (пра мароз)’. Паводле Брукнера (579), вакалізацыя trysk < trzask (гл. трэск) характэрна для польскай мовы, што, магчыма, дае падставы бачыць польскі ўплыў, які дапускае Астроўскі (ABSl, 29, 148) у фіналі ‑уць (мазурэнне?), параўн. трыску́чы ‘траскучы’ (Вруб.), аднак форма ж. р. моцнайа трыскуць набліжае назоўнік да іншых абстрактных на ‑ць, хаця ў гэтым выпадку магчымы і ўплыў слова пагода ‘надвор’е’. Не выключаны таксама ўплыў суфікса літ. ‑ūtis са зневажальным значэннем, параўн. фармальна блізкае літ. treškùtis ‘хто любіць шмат гаварыць’ < treškùs ‘траскучы’, гл. Атрэмбскі, Gramatyka, 2, 264.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тынк ‘пакрыццё паверхні будаўнічых канструкцый’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Касп., Гарэц., Ласт., ТС, Сл. ПЗБ), ‘тынкоўка, раствор для тынкоўкі’ (Сцяшк., Шат., ПСл, Шушк.), ‘матэрыял, якім забіваюць шчыліны ў сцяне’ (Бяльк.), сюды ж тынкава́ць ‘пакрываць тынкоўкай’ (Нас., Ласт., Касп.), тынкова́ць ‘тс’ (ТС): tynkovácʼ ŭ kołočki, u dranku (Арх. Вяр.), тинкова́ти ‘апрацоўваць, выпраўляць паверхню вапнай’ (Горбач, Зах.-пол. гов.), ст.-бел. тынковати ‘тынкаваць’ (1695 г.), тынкованье (тынкоўкай) (1690 г., ГСБМ). Праз польск. tynk ‘тс’, якое з нова-в.-ням. Tünche ‘тынкаванне’, ‘тынкоўка’, а апошняе з лац. tunica ‘скура’, ‘покрыва’, ‘абалонка’. Лацінскае слова, як і ст.-грэч. χιτών ‘хітон, туніка’, былі запазычаны праз фінікійскую мову з арамейск. kittūnā́ < ст.-яўр. kuttṓneth ‘тс’ (Борысь, 659; Брукнер, 589; ЕСУМ, 5, 570).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кро́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

1. Метка, след ад уколу ці дакранання чым‑н. вострым (кончыкам карандаша, іголкі, пяра і пад.); маленькая круглая плямка, крапінка. Вось тут танюткі ланцужок Лёг так прыгожа на сняжок — То пара кропак, то дзве рыскі. Колас. Некалькі кропак рабаціння было на яго твары. Чорны. // перан. Пра што‑н. вельмі маленькае, ледзь прыметнае. З-за павароткі паказаліся дзве бледныя ў ранішнім змроку кропкі ліхтароў. Лынькоў. Яшчэ хвіліна, і шустаўцы ўбачылі, як над Сакалінай ад самалётаў аддзяліліся кропкі парашутыстаў і рынуліся ўніз. Шчарбатаў.

2. Знак прыпынку (.), які аддзяляе сказы, а таксама знак, які ўжываецца для абазначэння скарочанага напісання слова, напрыклад: г. зн., гл. і пад. Паставіць кропку ў канцы сказа.

3. Графічны значок (.) у тэлеграфным кодзе, на картах і планах, у матэматыцы, у нотным пісьме і пад. у якасці ўмоўнага абазначэння чаго‑н. Свішча рацыя таропка. На балонках рад у рад — І працяжнікі і кропкі: Баявы ідзе загад. Панчанка.

4. Месца, пункт у сістэме, сетцы якіх‑н. пунктаў, дзе размешчана што‑н. Гандлёвая кропка. Асвятляльная кропка. Кулямётная кропка.

5. у знач. вык. Разм. Усё, досыць, канец. — Калі вы яшчэ раз прывалачаце сюды кошыкі, я паклічу міліцыю. Так і ведайце. Досыць! Кропка! Корбан.

•••

Агнявая кропка — кулямёт, мінамёт, артылерыйская гармата, размешчаныя на агнявой пазіцыі.

Кропка з коскай — знак прыпынку (;), які ставіцца ў складаным або ў простым развітым сказе для раздзялення адносна самастойных яго частак.

Біць у (адну) кропку гл. біць.

Папасці ў (самую) кропку гл. папасці.

Ставіць (паставіць) кропку гл. ставіць.

Ставіць (паставіць) кропкі (кропку) над «і» гл. ставіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шэ́раг, ‑а, м.

1. Сукупнасць аднародных прадметаў, размешчаных адно за другім, у адну лінію. Замест лесу цягнуўся шэраг камяністых узгоркаў, сярод якіх было параскідана шмат велізарных скал. Маўр. Месцамі стаялі густымі шэрагамі тонкія .. дубочкі. Бядуля. Куды дзяваліся яго [рынку] былое ажыўленне, святочны гул натоўпу, шэрагі вазоў. Лынькоў. Млечны шлях выплывае з імглы, Азараючы шэраг зямлянак. Танк. // Строй людзей у адну лінію; шарэнга. Скаваныя камандай «смірна», яны моўчкі глядзелі на нас — два шэрагі па дзевяць чалавек. Брыль. / Пра людзей, якія знаходзяцца ў такім страі. Бягом, з карабінкаю напагатове, [Ганна] ўрэзалася ў шэрагі белапалякаў. Нікановіч.

2. Сукупнасць чаго‑н., што ідзе адно за другім у пэўным парадку. Апавяданне распадаецца на шэраг эпізодаў. «Полымя». Па кампазіцыі «Вясна» К. Чорнага — гэта як бы шэраг асобных замалёвак, звязаных задумай расказаць, што за людзі «ў нас на вёсцы». Адамовіч. Беларускі паэт [А. Абуховіч] увёў у свой тэкст шэраг новых мастацкіх дэталей і жыццёвых падрабязнасцей. Казека.

3. Пэўная, звычайна невялікая колькасць чаго‑н. Зараз .. [Дзіму] непакоіў цэлы шэраг іншых пытанняў, звязаных з перасяленнем. Васілевіч. Поспеху [карціны] перашкаджала не толькі прафесіянальная неспрактыкаванасць, але і шэраг іншых прычын. Бракавала звычайнага іканаграфічнага матэрыялу. Ліс. / Пра пэўную колькасць якіх‑н. асоб. Шэраг паэтаў. □ Аўтар [П. Пестрак] паказвае жыццё глухой палескай вёскі Запалянкі, побыт рамеснікаў горада Глушэц, уводзіць шэраг персанажаў. Хромчанка.

4. Сукупнасць людзей, аб’яднаных якімі‑н. адносінамі, ідэямі, якой‑н. арганізацыяй. Рады быў Селіханаў, сустрэўшы Антося ў шэрагах Чырвонай гвардыі. Чарнышэвіч. І я сваё жыццё прынёс У тыя шэрагі, дзе б’юцца За долю лепшую — свой лёс. Хведаровіч. Ці шмат баявых адзінак улілося або ўліваецца ў шэрагі тых, чыёй зброяй з’яўляецца слова?.. Гілевіч.

•••

У першых шэрагах — у ліку самых лепшых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)