МО́ВА,

сродак абмену (перадачы і прыёму) інфармацыяй у працэсе зносін паміж людзьмі; сістэма знакаў, якія з’яўляюцца намінацыямі (абазначэннямі) элементаў інфармацыі, што замацоўваюць вынікі пазнання. Змест інфармацыі, што заключаны ў моўным знаку, — яго значэнне, план зместу; знешняя форма моўнага знака — яго план выражэння (гл. Семіётыка). У М. захоўваюцца, назапашваюцца, сістэматызуюцца здабытыя калектывам яе носьбітаў веды. М. ўзнікае і існуе ў грамадстве для забеспячэння патрэб сувязі паміж яго членамі. Грамадства не існуе без М., а М. непатрэбна без грамадства; М. з’яўляецца адной з форм грамадскай свядомасці і яе найб. універсальнай абалонкай. Чалавек ад нараджэння валодае моўнай кампетэнцыяй (дарам маўлення), здольнасцю авалодаць і карыстацца М. у працэсе маўлення, якое суадносіцца з мысленнем. Валодаць М. — гэта значыць ведаць план зместу і план выражэння знакаў, якія з’яўляюцца моўнымі адзінкамі, а таксама адвольна ўстаноўленую і замацаваную ў М. сувязь паміж планам зместу і планам выражэння, правілы спалучэння знакаў і іх выкарыстання. Носьбіт М., што перадае інфармацыю (адрасант), кадзіруе яе сэнс у форме моўных знакаў, а носьбіт М., які прымае інфармацыю (адрасат), дэкадзіруе план выражэння моўных знакаў, узнаўляючы перададзены яму змест. Паміж удзельнікамі моўных зносін пры перадачы інфармацыі мусіць падтрымлівацца непасрэдны ці апасродкаваны тэхн. сродкамі (напр., тэлефонам, радыё) кантакт, які дазваляе перадачу паведамлення. Адрасант і адрасат павінны мець пэўны агульны код — ведаць адну і тую М. Першасным планам выражэння моўных знакаў з’яўляюцца дыскрэтныя членараздзельныя гукі. Гукі, што адрозніваюць значэнне аднаго моўнага знака ад значэння іншага, наз. фанемамі. З адной або некалькіх фанем будуецца найменшая адзінка М., якая валодае ўласным значэннем, марфема. Адна або некалькі марфем утвараюць слова, што можа адносна самастойна ўжывацца ў маўленні. Словы складваюцца па пэўных правілах у выказванні, з якіх утвараюцца паведамленні. Структура (мадэль) выказвання разглядаецца як сказ; маўленчая форма паведамлення — тэкст. Першасная гукавая форма М. можа быць пераўтворана ў некаторыя іншыя. Найб. пашыраная і універсальная форма такога пераўтварэння з пэўнага часу развіцця грамадства — пісьмовая М. (гл. Пісьмо). Інш. аптычныя формы М. (напр., жэставая сістэма знакаў глуханямых, флажковая азбука маракоў і г.д.) пашыраныя абмежавана. Для сляпых распрацавана Брайля пісьмо, заснаванае на дотыку. Зрэдку выкарыстоўваюцца акустычныя сістэмы — заменнікі М. (напр., М. свісту, якая ўжывалася на Канарскіх а-вах). Асн. функцыі М.: камунікатыўная (абмен інфармацыяй), кагнітыўная (пазнанне), рэгулятыўная (уздзеянне адрасанта на інш. людзей), намінатыўная (абазначэнне), эматыўная (выражэнне эмоцый), фатычная (устанаўленне і падтрыманне кантактаў паміж людзьмі), паэтычная (выражэнне ў маўленні эстэт. каштоўнасцей), метамоўная (тлумачэнне незразумелых слоў і выказванняў), магічная (зварот адрасанта да вышэйшых сіл, напр., у малітвах ці праклёнах). Яна стыхійна ўзнікае разам з грамадствам, адпавядаючы яго патрэбам, а ў працэсе свайго функцыянавання дастасоўваецца да гэтых зменлівых патрэб. Пры гэтым адбываюцца адпаведныя змены ў М.: з’яўляюцца новыя словы, удасканальваюцца правілы іх спалучэння і ўтварэння выказванняў, тэкстаў, пераўтвараецца сістэма гукаў. Стан М. і яе функцыянаванне на кожным дадзеным этапе разглядаюцца як сінхранія, а дынаміка яе, працэс моўных змен, якія апісваюцца ў гісторыі М., бясконцая колькасць сінхраній складае дыяхранію. Паколькі сувязь паміж планам зместу і планам выражэння адвольная, у розных групах носьбітаў М. ўзнікаюць варыянты знакаў, што вядзе да ўзнікнення адрозненняў у М., да фарміравання розных дыялектаў і М. У сучасным свеце функцыянуе ад 3 да 5 тыс. натуральных М. (гл. Мовы свету), якія стыхійна ўзніклі. Значны ўплыў на стварэнне і замацаванне пісьмовых, літ. М. могуць зрабіць асобы (напр., у стварэнні стараславянскай мовы выдатную ролю адыгралі Кірыла і Мяфодзій). Некаторыя М., распрацаваныя пэўнымі асобамі і пашыраныя дзякуючы іх намаганням, лічацца штучнымі мовамі. Найвышэйшай ступенню штучнасці валодаюць алгарытмічныя мовы праграмавання, створаныя для зносін паміж людзьмі і электроннымі выліч. ўстройствамі. Некаторыя натуральныя М. маюць агульнае паходжанне, яны паўсталі ў выніку разгалінавання групы дыялектаў прамовы. Такія роднасныя мовы ўтвараюць сем’і: індаеўрап., семіцкую, сіна-тыбецкую і інш. Паводле грамат. адрозненняў М. будуецца тыпалагічная класіфікацыя моў. Значныя адрозненні паміж М. звязаны з іх пашыранасцю: ад гаворкі адной невял. вёскі да нацыянальнай мовы, ад беспісьмовай гаворкі да літаратурнай мовы; вылучаюцца М. сусв. распаўсюджання (напр., англ., ісп., франц., рус., кіт., нямецкая). Некаторыя М., якія былі пашыранымі ў старажытнасці, зніклі або значна абмежавалі свае функцыі, сталі мёртвымі мовамі. Моўная кампетэнцыя дазваляе чалавеку валодаць некалькімі М., што вядзе да асабістага ці пашыранага ў грамадстве двухмоўя. Нягледзячы на значныя адрозненні паміж натуральнымі М., яны заўсёды дапускаюць магчымасць перакладу з адной М. на іншую; адэкватнасць перакладу залежыць ад функцыянальнага развіцця М., з якой і на якую ажыццяўляецца пераклад і ад ступені ведання М. перакладчыкам. М. як сродак зносін, пазнання і назапашвання інфармацыі, а таксама канкрэтныя М. вывучае мовазнаўства.

М. — найважнейшы сродак зносін паміж людзьмі; спецыфічная функцыя чалавека, непарыўна звязаная з мысленнем; сацыяльны сродак захавання і перадачы інфармацыі.

М. характарызуе разумовыя здольнасці чалавека. Вымаўленне слоў забяспечвае ўзгодненую дзейнасць мышцаў языка, губ, мяккага паднябення, глоткі, гартані, дыхальнай мускулатуры (складаюць у сукупнасці моўнарухальны апарат, якім кіруе кара галаўнога мозга). Органы, якія ажыццяўляюць функцыю М., забяспечваюць вымаўленне членараздзельных гукаў — артыкуляцыю. У працэсе ўспрымання М. ўдзельнічаюць слыхавы аналізатар і нерв. сістэма. Расстройствы М. найчасцей узнікаюць у дзіцячым узросце ў выніку тугавухасці і поўнай страты слыху (гл. Глухата, Глуханемата), дэфектаў і пашкоджанняў моўнага апарату, інфекцый і інш. Асн. віды расстройстваў М.: афазія, заіканне, коснаязыкасць, немата і інш.

Літ.:

Маслов Ю.С. Введение в языкознание. 2 изд. М., 1987;

Рагаўцоў В.І., Юрэвіч А.Л. Уводзіны ў мовазнаўства. Мн., 1987;

Михневич А.Е. Язык, которого нет... Мн., 1988;

Плотнікаў Б.А. Агульнае мовазнаўства. Мн., 1994;

Мечковская Н.Б., Норман Б.Ю., Плотников Б.А., Супрун А.Е. Общее языкознание. [Ч. 1—2], 2 изд. Мн., 1993—95;

Реформатский А.А. Введение в языковедение. 5 изд. М., 1996.

А.​Я.​Супрун.

т. 10, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎСТА́ННЕ 1794 у Польшчы, Беларусі і Літве,

нацыянальна-вызваленчае паўстанне супраць акупацыі Расіяй і Прусіяй часткі тэр. Рэчы Паспалітай, за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772, далейшае правядзенне рэформ Чатырохгадовага сейма 1788—92. Паўстанне падрыхтавана тайнымі патрыят. арг-цыямі, якія аб’ядноўвалі прагрэс. колы шляхты і мяшчан, эмігранцкім цэнтрам у Саксоніі (Дрэздэн, Лейпцыг) у складзе Г.Калантая, І., С. і Я. Патоцкіх, С.​Малахоўскага, К.​Сапегі і інш. Кіраўніком (начальнікам) паўстання і галоўнакамандуючым нац. ўзбр. сіламі прызначаны Т.Касцюшка. Падрыхтоўкай паўстання ў Варшаве кіраваў ген.-м. І.​Дзялынскі, у Вільні — палк. Я.Ясінскі. Удзельнікі паўстання падзяляліся на 2 групоўкі: памяркоўных прыхільнікаў рэформ 1788—92 і радыкалаў («якабінцаў»; гл. «Віленскія якабінцы»), якія імкнуліся ўзняць усенар. паўстанне і правесці радыкальныя рэформы на ўзор Вял. франц. рэвалюцыі пад лозунгам «Свабода, роўнасць і братэрства». Паўстанне пачалося 12.3.1794, калі брыгадзір польск. войска А.​Мадалінскі адмовіўся выконваць загад урада аб скарачэнні 1-й Велікапольскай брыгады і разам з войскам накіраваўся ў Кракаў, дзе быў прызначаны пачатак паўстання. 24 сак. ў Кракаве Касцюшка абвясціў Акт паўстання, паводле якога ён атрымліваў найвышэйшую ўладу і пасаду галоўнакамандуючага. Быў створаны рэв. ўрад — Найвышэйшая нацыянальная рада, мясц. органы ўлады — парадкавыя камісіі ваяводстваў і паветаў, якія складаліся са шляхты і мяшчан. 4 крас. пад Рацлавіцамі (каля Кракава) паўстанцы разбілі 2 калоны рас. войска (гл. Рацлавіцкая бітва 1794). У гэтай бітве ўдзельнічалі касінеры (сяляне, узброеныя косамі, замацаванымі тарчма на дрэўках). Паўстанне ахапіла Сандамірскае, Люблінскае, Мазавецкае ваяв., Холмскую зямлю. 17—18 крас. яно перамагло ў Варшаве. 7 мая Касцюшка выдаў Паланецкі універсал, паводле якога сялянам давалася на пэўных умовах асабістая свабода.

На Беларусі і Літве паўстанне пачалося з выступленняў часцей войска ВКЛ 16 крас. ў г. Шаўлі (Шаўляй, Літва), у ноч на 23 крас. — у Вільні, дзе частка рас. войска была ўзята ў палон, частка адступіла. 24 крас. ў Вільні абвешчаны Акт паўстання, створаны рэв. ўрад — Найвышэйшая літоўская рада на чале з Ясінскім. У раду ўвайшлі пераважна прадстаўнікі левага крыла шляхецка-бурж. блока і прадстаўнікі асобных тэр. ВКЛ. Гал. кіраўніком паўстання Найвышэйшая літ. рада прызнала Касцюшку. Яна выступіла з больш радыкальнымі лозунгамі, чым кіраўніцтва паўстання ў Польшчы. Выдавалася рэв. «Gazeta narodowa Wileńska» («Віленская нацыянальная газета»). У пачатку паўстанне мела поспех. Яго падтрымалі сяляне, да якіх у пракламацыях па-беларуску звяртаўся Ясінскі, абяцаючы адмену прыгоннага права. Гэта выклікала незадавальненне Касцюшкі, які лічыў, што радыкальная палітыка можа адштурхнуць ад паўстання шырокія колы шляхты. 28 крас. ў Гродне створана мясц. кіраванне — парадкавая камісія. У крас.—маі паўстанцы ўзялі ўладу ў Брэсце, Ваўкавыску, Слоніме, Навагрудку, Ашмянах, Кобрыне, Лідзе, Браславе, у Жамойці. Рас. войскі вымушаны былі адступіць за мяжу 1793 — да Мінска, Нясвіжа, Пінска. Найвышэйшая літ. рада абвясціла Ясінскага галоўнакамандуючым узбр. сіламі ВКЛ, яму прысвоена званне ген.-лейтэнанта. У маі 1794 Ясінскі вёў баі, каб ліквідаваць пагрозу Вільні з усходу, 7 мая яго дывізія нанесла паражэнне рас. войску каля в. Паляны (непадалёк ад г. Ашмяны). У гэтай бітве ўдзельнічала да 5 тыс. сялян з сякерамі, косамі, віламі, коп’ямі. У гэты час абвастрыліся адносіны паміж кіраўнікамі паўстання. Пад націскам кансерватыўных колаў Касцюшка 4 чэрв. адхіліў ад кіраўніцтва паўстаннем на Беларусі і Літве Ясінскага як радыкала. Замест яго галоўнакамандуючым прызначаны ген.-лейт. М.​Вяльгорскі. Загадам Касцюшкі Найвышэйшая літ. рада распушчана і 10 чэрв. створана больш памяркоўная Цэнтральная дэпутацыя Вялікага княства Літоўскага. Найвышэйшая нац. рада ў Варшаве ўзяла пад свой кантроль кіраўніцтва паўстаннем у Літве і Беларусі, чым скавала ініцыятыву мясц. кіраўнікоў. 12—16 чэрв. М.​К.​Агінскі спрабаваў глыбокім рэйдам узняць паўстанне ў Мінскай губ. Яго атрад прайшоў праз Валожын і Івянец, але ў бітве пад Вішневам быў разбіты. У жн. Агінскі з новым атрадам рушыў праз Браслаўшчыну на Дынабург (Даўгаўпілс, Латвія), каб адцягнуць ад Вільні рас. войскі. У 2-й пал. жніўня 3-тыс. атрад палк. С.Грабоўскага правёў новы рэйд у Мінскую губ., але 4 вер. разбіты ў Любанскім баі 1794. Рас. камандаванне кінула на Вільню 3 карпусы. 11 жн. горад быў акружаны і пасля бою 12 жн. капітуляваў. Войска ВКЛ адступіла да Гродна, куды пераехалі і паўстанцкія ўлады. На дапамогу рас. арміі выступіла пруская армія. 6 чэрв. пад Шчакацінамі (на Пн ад Кракава) корпус Касцюшкі пацярпеў паражэнне ад аб’яднанай рас.-прускай арміі, Кракаў быў здадзены. Аўстрыя ўвяла свае войскі ў Люблінскае ваяв. З Украіны быў накіраваны корпус ген.-аншэфа А.​В.​Суворава, які ў Крупчыцкім баі 1794 разбіў корпус ген.-м. К.​Серакоўскага. 19 вер. пад Цярэспалем войскі Суворава разбілі атрады Серакоўскага і ген.-м. К.​Князевіча. 10 кастр. ў Мацяёвіцкай бітве 1794 корпус Касцюшкі зноў пацярпеў паражэнне, а ён сам паранены, захоплены ў палон і зняволены. Начальнікам паўстання прызначаны ген.-лейт. Т.Ваўжэцкі. Карпусы Суворава 4 ліст. штурмам узялі Прагу (прадмесце Варшавы), 6 ліст. здалася Варшава. Рэшткі паўстанцкіх войск на чале з Ваўжэцкім адступілі на Пд, дзе 16 ліст. рассеяны рас. войскамі. Паўстанне, у якім удзельнічалі прадстаўнікі ўсіх слаёў польск., бел., літ. грамадства на чале са шляхтай (усяго каля 150 тыс. чал., у т. л. на Беларусі і Літве 30—40 тыс.), было задушана. Яно адкрыла перыяд шляхецкай рэвалюцыйнасці на Беларусі, стварыла новы рэв. асяродак ва Усх. Еўропе, які быў працягам Вял. франц. рэвалюцыі. Паражэнне паўстання прывяло да трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай.

Літ.:

Пичета В.И. К истории восстания Костюшко 1794 г. // Уч. зап. Ин-та славяноведения АН СССР. 1953. Т. 7;

Грыцкевіч А.П. Паўстанне 1794 г.: перадумовы, ход і вынікі // Бел. гіст. часоп. 1994. № 1;

Емяльянчык У. Паланез для касінераў: (З падзей паўстання 1794 г. пад кіраўніцтвам Т.​Касцюшкі на Беларусі). Мн., 1994.

А.​П.​Грыцкевіч.

Да арт. Паўстанне 1794. Бітва пад Рацлавіцамі 4.4.1794. Малюнак А.​Арлоўскага.

т. 12, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ла́паць 1 ’хапаць, мацаць рукамі’, ’лавіць’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк., Бяльк., Мат. Гом., Жд. 1, Бес., Сл. паўн.-зах.; малар., Бел. хр. дыял.), ’кранаць’ (уздз., Жд. 2), лапа́ць ’аграбаць пчаліны рой’ (трак., Сл. паўн.-зах.). Укр. ла́пати, рус. лапать, польск. łapać, н.-луж. łapaś, в.-луж. łapać, чэш. lapati, lapat, славац. lapať, славен. lápati, макед. lapam (muvi), балг. ла́пам. Прасл. lapati — ітэратыў ад прасл. lapiti ’хапаць, схапіць, злавіць’, якое мае рухапераймальны пачатак — ад lap! (Бернекер, 690; Махэк₂, 320; Слаўскі, 4, 468, 473–474; Фасмер, 2, 459; Голуб-Копечны, 199; Брукнер, 306–307). Улашын (WuS, 2, 200) указвае на магчымасць утварэння ад лапа (гл.), што Бернекер (1, 690) аспрэчвае. Аб магчымасці больш позніх уплываў на пэўных моўных тэрыторыях гл. Дзендзялеўскі, Укр.-зах.-слов. парал., 32 і 83. Сюды ж лапа́нне ’хапанне, хватанне’, лапаніна ’хапанне з розных бакоў’, лапа́ны ’набыты несправядліва, хабарам’, лапаны́ ’хабар’, лапа́ная ’гульня ў карты’ (Нас.).

Ла́паць 2, ла́пыць ’абутак з лыка’ (Шат., Яруш., Бяльк., ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), ла́пці (мн. л.) (Тарн., Сцяшк.; палес., КЭС), ла́пець (Янк. II), лапате́нь ’тс’ (Растарг.), ла́паць ’адсталы, некультурны чалавек’ (ТС), лапціва́ты ’тоўсты, агазны, падобны на лапаць чалавек’ (КЭС, лаг.), ’пляскаты, з шырокім пляскатым тварам’ (віл., Сл. паўн.-зах.), лапцікі ’вінная ягада’ (глус., КЭС), лапцікі ’абутак, плецены кручком з нітак’ (баранав., Сл. паўн.-зах.). Укр. лапоть ’лапаць’, ’акравак’, ’закаўраш’, рус. лапоть, лапти, лапотики, лапотки ’лапці’. Польск. łapeć, łapcie ’тс’ запазычана з бел. (Слаўскі, 4, 473), як і ўкр. лапоць (Грынчанка, 2, 344), чэш. lápte < рус. лапти (Махэк₂, 320) — усх.-слав. лексема, якая ўзнікла ў выніку семантычнага пераносу прасл. lapъtь ’кавалачак, акравак, палоска якога-небудзь матэрыялу’ < lapъ, да якога адносіцца і бел. лапік (гл.). Параўн. рус. лапоток ’акравак’, арханг. лапочиха ’тканая дарожка з нашытымі акраўкамі матэрыі’, а таксама серб.-харв. лапа̏т, ла̀пат ’кавалак, ануча’, ’кавалак зямлі, поле’, làpatak, ла̀паце ’унутранасці жывёлы’, лапчи̏на ’прымітыўныя боты’, балг. лапчини, лапчуни ’сялянскія дамашнія чуні з воўны’, лаптище ’вялікая чаравікі’, літ. lãpatas ’латка’, ’ануча’, lõpas, лат. laps ’лапік’, алб. lʼapë ’акравак, латка’, літ. lópyti, лат. lâpît ’латаць’, літ. lopùtė ’чуні з грубых нітак’, ст.-грэч. λώπη ’адзенне’, λοπός ’кара, лушпінне’ (Міклашыч, 160; Бернекер, 1, 691; Брукнер, 307; Младэнаў, 270; Скок, 2, 270). Буга (Rinkt., 1, 313), Фрэнкель (385–386), Вахрас (Наим., 121–124), Фасмер (2, 459) дапускаюць генетычную сувязь лексемы lapъtь з lapa, як і nogъtь з noga. Лаўчутэ (145) выводзіць лексему лапаць з нейкага літ. слова, якое генетычна звязана з літ. lõpyti ’латаць’. Сюды ж ашм. лапцю́х ’лапатнік’, ’апушчаны, занядбалы чалавек’, лід. лапцёўка ’матэрыял, якім падшывалі лапці’ (Сл. паўн.-зах.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ба́нька 1 ’медычная пасудзіна’ (гл. Нас.). Рус. ба́нка ’тс’. Лічыцца запазычаннем з польск. мовы (Брукнер, KZ, 45, 26; Кохман, Kontakty, 103, асабліва 48–49). Аргументы супраць (Бернекер, 43; Фасмер, 1, 121; Шанскі, 1, Б, 34) не пераконваюць. У польск. мове bańka засведчана значна раней, чым ва ўсх.-слав. мовах (Кохман, там жа). Польск. слова ад bania ’пузатая пасудзіна’ (значэнне ’пасудзіна’ ў слав. banʼa з’явілася ўпершыню, здаецца, у зах. славян, гл. Трубачоў, Ремесл. терм., 292–293).

Ба́нька 2 ’пасудзіна з вузкім горлам’ (Дразд., Вярэн.), ба́нка ’бляшанка для адстойвання смятаны’ (Сцяц.). Ст.-бел. банка (гл. Булыка, Запазыч.). Укр. ба́нька ’гліняная або шкляная вузкагорлая пасудзіна’, рус. ба́нка. Як і назва медычнай пасудзіны, запазычанне з польск. мовы (гл. банька 1, там і літ-pa). Гл. яшчэ Трубачоў, Ремесл. терм., 289–293.

Ба́нька 3 ’(цыліндрычнае) кольца, якім замацоўваецца каса на касільне’ (Шат., Касп., Нас., Бяльк., Янк. I, Янк. Мат., Юрч., Лысенка, ССП), таксама ба́нка (Лысенка, ССП), ба́начка, ба́нічка, ба́нечка (ДАБМ, 832). Далей сюды належыць ба́нька ’вялікае металічнае кольца (у дзвярах або сцяне); шпора’ (Гарэц.), ба́нька ’жалезная частка рэменя, пражка’ (Сакал., КЭС). Відавочна, усё да ба́нька 1, 2 ’пасудзіна, бурбалка і г. д.’ (так ужо ў Даля). Развіццё значэнняў; ’штосьці круглае’ → ’(круглае, цыліндрычнае) кольца’, ’круглая пражка (пражка-кольца)’. Значэнне ’жалезнае кольца на касільне’ мае і рус. дыял. (заходняе) ба́нька.

Ба́нька 4 ’расліна Nuphar luteum Sm., гарлачык жоўты’ (Бейл.). Ад банька ’пасудзіна’. Назва дадзена расліне па форме кветак. Параўн. яе рус. назву кубышка желтая, укр. глечики, кубишка, кувшинчик, збанок (Макавецкі, Sł. botan., 243). Іншыя бел. назвы: глечыкі, кушынкі, гарлачыкі, жбанкі (Кіс., 87–88).

Банька 5 ’яма на сухім месцы, напоўненая вадой, дзе расце лотаць’ (Яшкін). Мабыць, метафара да банька ’пасудзіна’. У слав. і іншых мовах даволі частая з’ява, калі назвы рознага посуду ўжываюцца для абазначэння глыбокіх месц, ям, выбоін. Параўн. бел. бале́я (гл.), укр. казано́к, ми́ска, яндила́, яндола́, баде́ня (*bdьnь ’бодня’, гл. Балейкі, SSlav., 4, 399–400), славен. bédenj, čeběr (Безлай, SR, 5–7, 125, 141, 143). Гл. і геаграфічныя значэнні слав. слоў kadъlbъ, kazanъ, kotьlъ, krina, makotьra, lonьcь, bъdьnь (Талстой, Геогр.). Але, магчыма, звязана і з ба́ня 2 (гл.).

Ба́нька 6 ’бэлька’ (Шат., Янк. I). Значэнне слова развілося ў бел. мове (у суседніх мовах, здаецца, такой семантыкі няма) на аснове *banʼa, *banʼьka ’купал; скляпенне; столь’ (гл. баня 1). Першапачатковае значэнне, відаць, было *’столевая бэлька’, *’бэлька скляпення’. Але можна ставіць пытанне аб паходжанні слова ад ба́нта, бант жэрдка, перакладзіна і да т. п.’ (гл.). Памяншальнае *бантка (> *банка) магло потым зазнаць уплыў (фанетычны!) слова ба́нька ’пасудзіна і да т. п.’ Гл. Краўчук, БЛ, 1975, 65.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́яс 1, пая́с, по́іс, по́ес ’рэмень, шнур і пад., якімі падпяразваюць адзежу на таліі’, ’паясніца, талія’, ’што-небудзь разморанае паласой’, ’брус паміж кроквамі ці слупамі’, ’гарызантальныя планкі ў раме кроснаў’, ’спавівач’ (ТСБМ, Бес., Сцяшк. Сл., Уладз., Шушк., Інстр. 1, Тарн., Маш., П. С., Касп., Сл. ПЗБ, Мат. Гом., ТС, Бяльк.), ’паясніца’ (жлоб., Мат. Гом.; ТС), петрык. ’падбрушнік’, талач. ’спавівач’, свісл. ’папярочная планка ў лаве’; лун. ’папярочная планка ў кроквах’ (Шатал.), ’вянок у калодзежным зрубе’, поесні́ца ’пояс ў штанах’, поесо́к ’выступ, карніз’ (ТС), ст.-бел. поясъ, поѣс, поесокъ, поясок ’рэмень, шнур’, ’паясніца, талія’, укр. по́яс, рус. по́яс, польск. pas, в.-луж., н.-луж. pas, чэш., славац. pás, славен. pojâs, серб.-харв. по̏јас, па̑с, pȃs, балг. по́яс, ст.-слав. поꙗсъ. Да прасл. *po‑jasъ, якое з’яўляецца адваротным дэрыватам ад *po‑jasati (< і.-е. *jōs‑ ’падпаясаць’ ’апаясаць’; літ. júosti ’апаясваць’, júosta ’пояс’, лат. júôsta ’пояс’, juôzt ’апаясваць’, грэч. ζῶμα ’пояс’, авест. yāsta‑ ’адперазаны’), дзе *ро‑ — дээтымалагізаваны прэфікс (ESSJ, 1, 187), гл. па‑, параўн. бел. апаясаць ’падперазаць’, і *jasati, адкуль ц.-слав. ꙗсало ’пояс’ (Фасмер, 3, 351; Глухак, 429), сюды ж по́вяс, по́вес (гл.).

По́яс 2 ’вясёлка’ (іван., стол., ДАБМ, камент., 901–902), пая́с (брасл., шарк., ДАБМ, камент., 901–902), бо́жы паяс ’тс’ (брасл., там жа), укр. бо́жій по́йас, по́йас Бо́жойі матери, балг. поя́с, го́сподʼов по́яс, богородичен пояс, макед. појас, славен. svete Marije pȃsес, серб.-харв. bȏzji pasȉć, božji pȃs, hožji pojas, Marijin pas. Пра геаграфію распаўсюджання значэння по́яс ’вясёлка’ гл. Талстой, ОЛА, Исследов., 1974, 35–38. По́яс ’вясёлка’ на Браслаўшчыне лічаць славянскай калькай літоўска-латышскай назвы, параўн. літ. dievo juosta (літаральна ’божы пояс’), malonės juosta (літаральна ’добры пояс’), лат. dieva josta. Непакупны (Связи, 64–66), насуперак Талстому, палеска-паўночнаславянскую лексіка-семантычную ізаглосу адмяжоўвае ад літоўска-латышскай і лічыць іх прыкладам незалежнага семантычнага развіцця агульнай балта-славянскай лексемы (семантычная універсалія, параўн. франц. дыял. ceinture ’вясёлка’, літаральна — ’пояс’). Лічыцца, што асновай метафары ’пояс’ — ’вясёлка’ разам з формай пояса мог паслужыць звычай насіць шматколерныя паясы ў Латвіі, Літве і Балгарыі (Непакупны, тамсама; Чэкман, Baltistica, 8, 2, 155). Мяркуецца, што існаваў агульны міф на балта-славяна-грэчаскай і заходнееўрапейскай тэрыторыі, у якім вясёлка выступала ў якасці пояса жаночага бажаства (Алінеі, Зб. Івічу, 78).

По́яс 3 ’Млечны Шлях’ (Мат. Гом.). Такая назва існуе і ў іншых народаў, параўн. рус. дыял. по́яс ’тс’, лац. Caeli Cingulum ’нябесны пояс’ і лагічна выцякае з гаспадарчай дзейнасці і побытавых рэалій гэтых народаў. У назве по́яс адлюстроўваецца форма Млечнага Шляху, які ўяўляе сабой серабрыстую туманную паласу, што апаясвае нябесную сферу (Карпенка, Назв., 14–23). Пра іншыя назвы і геаграфію іх распаўсюджання гл. таксама Гладышова, Wiedza, 77–89; Купішэўскі, Słown., 106.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трыбу́х (трабу́х, трябу́х) ‘страўнік’ (ТСБМ, Федар. 4, Бяльк., Касп., Варл., Сцяшк., Сл. Брэс., Пятк. 2, Растарг.), ‘страўнік у жывёл’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 1), ‘кіндзюк; страўнік жывёлы, начынены грэцкай кашай са шкваркамі альбо з кавалачкамі сала’ (Ласт., Малч.), ‘вантробы’ (Байк. і Некр., Др.-Падб., Сл. Брэс.), ‘сальцісон’ (Сл. Брэс.), трыбухі́ ‘вантробы (страўнік, кішкі і інш.)’ (Нас., Гарэц., ТСБМ, Ласт., Пятк. 2, Байк. і Некр., Мат. Гом., Мат. Маг., Юрч. Вытв.), трыбухе́ ‘тс’ (Скарбы), трыбушкі́ ‘ўнутранасці дробных жывёл, якія ўжываюцца ў ежу (парасячыя, індычыя, рыбныя)’ (Нас.), трыбу́х/трыбушо́к ‘пуп у птушак’ (гродз., ЛА, 1), трыбу́х ‘пуза, чэрава’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Байк. і Некр., Вруб.), ‘вялікі жывот’ (Сл. ПЗБ, Скарбы, Жд. 1); ст.-бел. требухи ‘трыбухі, вантробы’ (ГСБМ), ц.-слав. трибухъ ‘страўнік, жывот’; сюды ж трыбуха́ч ‘пузаты чалавек’ (в.-дзв., Шатал., Сцяц.; маладз., Янк. Мат.; клец., Нар. лекс., ТСБМ, Сцяшк., Сл. Брэс.), ‘чалавек з вялікім жыватом’ (карэліц., ЖНС; гарад., Сл. ПЗБ); трыбухле́й ‘брухач, пузан’ (зэльв., Нар. словатв.; івац., Сл. ПЗБ); трыбушы́шча ‘таўстун’ (Юрч. СНЛ); трыбушы́на ‘цела, тоўстае чэрава’ (Нас.), трыбу́шнік ‘падчарэўе (сала з ніжняй часткі свіной тушы)’ (дзятл., ЛА, 4), трыбушня́ ‘трыбухатая’ (Сцяц.), трыбуха́тасць ‘тлустасць’ (Юрч. СНЛ). Укр. требу́х ‘чэрава’, ‘страўнік’, ‘вантробы жывёлы’, ‘свіны страўнік, начынены мясам і правялены’, требу́ха́ ‘тс’, трибу́х ‘тс’, трембуха́ч ‘пузан’; рус. требуха́ ‘вантробы’, польск. дыял. trybuch, terbuch ‘чэрава, пуза’, н.-луж. tarbuch ‘тс’, усх.-чэш. terboch ‘тс’, ст.-чэш. teřbuch, teřich (у якім ‑řich пад уплывам břich ‘пуза, чэрава, жывот’), славац. terbuch, trebucha ‘падбародак’, ‘вялікае пуза, чэрава’, славен. trébuh ‘жывот, пуза, кішэчнік’, trebûšec, trebûšek, trebûšič ‘тс’, рэз’ян. tríbu, trebuh, treibuh ‘чэрава, пуза’ (XVI ст.), харв. tr̀buh, чак. trbȕh, серб. тр́бух ‘жывот, кішэчнік’, ‘пуза’, тр́ба ‘страўнік’, тр́бу, трбу̏а ‘тс’, балг. тръбу́х, тъ́рбух ‘жывот, пуза’, макед. трбув ‘жывот; страўнік’, ст.-слав. тръбухъ ‘рэшткі з вантробаў’, ‘кішэчнік’. Этымалогія і рэканструкцыя праславянскай формы няпэўныя (ESJSt, 17, 995). Прасл. *tьrbuch, згодна з Карскім (1, 188), адпавядае найбольш распаўсюджанай форме беларускага слова; рус. требух таксама можна вывесці з прасл. *tьrbuxъ; да апошняга ўзводзяцца некаторыя паўд.-слав. лексемы. Для славенскай мовы адпаведным з’яўляецца *trěbuxъ (Сной у Бязлай, 4, 217–218), для н.-луж. характэрна *tъrb‑ , а для зах.-слав. моў — *terb‑ (пасля метатэзы плаўных з *treb‑). Дапускаючы прасл. *terbuxъ/*tьrbuxъ, Куркіна (ОЛА, Исследов. 1984, 275) тлумачыць семантыку слова як ‘вантробы забітага звера, з якіх даставалі (“выцярэблівалі”) ‘мяса’, гл., аднак, супрацьлеглае дзеянне ў трабі́ць ‘набіваць у трыбух’: трабіць і трабіць трабух (Мова Сен.). Экспрэсіўная суфіксацыя, як у *kъlbuxъ (Глухак, 637), параўн. каўбу́х ‘страўнік жывёлы’ (Сл. ПЗБ), гл. коўб 2. Іншыя версіі з’яўляюцца менш пераканаўчымі. Сюды ж, відаць, таксама трыбушно́ ‘сытна, трывала’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трысці́ць 1 ‘зводзіць дзве або тры ніткі ў адну для далейшага сукання’ (Нас., Некр. і Байк., Ласт., Бяльк., Мядзв., Варл., Янк. 1, Сцяц., Янк. 1, Сцяц., Сл. ПЗБ; арш., мёрск., в.-дзв., Шатал.; мсцісл., Жыв. сл.; рагач., Арх. ГУ, ЛА, 4, Мат. Маг.; круп., Нар. сл.), ‘падрыхтоўваць ніткі для сукання’ (Жд. 2), тросці́ць ‘тс’ (ТС), трасці́ць ‘тс’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ). Параўн. рус. тростить, тра́щивать, трестить ‘скручваць, звіваць, сплятаць, віць (вяроўку), сукаць, здвойваць пражу на верацяне’, ‘зліваць, ссыпаць у адно месца’, ‘змешваць’: не трости жита с ячменем (Даль), сюды ж, відаць, і балг. дыял. тръсти́на ‘вяроўка з конскага хваста або грывы’. Паводле Мяркулавай (Очерки, 47), дзеяслоў вытворны ад *trъstь/*trьstь (гл. тросць 1;) з двума супрацьлеглымі значэннямі ‘віць, звіваць’ і ‘драбіць, расшчапляць на часткі’ (гл. трысціць 2). Вывядзенне дзеяслова з тросць 1 пацвярджаецца выразай трысьці́ць бе́рда ‘ўстаўляць новыя трысцінкі ў бёрдзе замест выпаўшых або паламаных’ (Нік. Очерки), а таксама трысці́ць аснову ‘ўводзіць аснову ў бёрда’ (там жа), трасці́ць ‘рабіць новае бёрда, устаўляць у яго трасцінкі’ (в.-дзв., Шатал.). Крытычны разгляд ранейшых версій з канстатацыяй іх недастатковай агрументаванасці гл. у Фасмер, 4, 108. Сюды ж трэ́шчаны ‘ссуканы’ (Сцяшк. Сл.; чэрв., ст.-дар., лід., Сл. ПЗБ), тры́шчаны ‘злучаны з 2–3 столак, нітак’ (Нас.; мсцісл., Жыв. сл.), трышчо́ны ‘злучаны разам (пра ніткі)’ (Ск. нар. мовы, Сцяц., Янк. 1, Мат. Гом.), тро́шчаны ‘складзены ўдвая’ (стол., ЛА, 4), тро́шчэны ‘ў якім зведзены дзве ніткі разам’ (ТС).

Трысці́ць 2 ‘біць, разбіваць’ (Мат. Маг.), ‘ламаць з трэскам, без разбору’ (Юрч. Сін.), ‘ламаць на дробныя кавалкі, трэскі’ (Растарг.), тры́сціць ‘ламаць што-небудзь слаістае’ (Нас., Гарэц., Байк. і Некр.), сюды ж тры́шчыць ‘рабіць, шчапаць, ламаць’ (Нас.) і трашчыць 2 (гл.). На рускай тэрыторыі — толькі на мяжы з беларускай, параўн. рус. смал. растрысти́ть ‘драбіць на кавалачкі’, потрысци́ть ‘пашчапаць, паламаць на дробныя часткі’ (Дабр.). На думку Мяркулавай (Очерки, 47), ідэнтычна паводле паходжання трысціць 1 (гл.), што, відавочна, грунтуецца на фіксацыі Даля (без указання тэрыторыі) рус. трести́ть лучину «расшчапляць мелка, на запалкі» ад тре́ста ‘чарот, траснік’. Аднак больш шырокая семантыка дазваляе зблізіць словы з іншымі дзеясловамі з варыянтным вакалізмам, як у трусці́ць ‘біць, разбіваць на кавалкі’, тру́шчыць, тру́скаць (гл.), укр. тро́скати ‘ўдараць пугай’, польск. trzaskać ‘раптоўна ўдараць па чым-небудзь, выклікаючы моцны розгалас’, ‘біць, таўчы’, ‘лопацца з трэскам’, чэш., славац. trosky ‘абломкі, рэшткі, руіны’, харв. trȍska, серб. тро̏ска ‘гараль, акаліна’, ‘шлак’, што да прасл. *trъstiti/*troskati гукапераймальнага паходжання, гл. троскат, трэск. Параўн. Фасмер, 4, 107; ЕСУМ, 5, 649; Борысь, 647.

Трысці́ць 3 ‘крыць хату’, ‘перабудоўваць хату’ (слуц., Жыв. сл.). Відаць, пашырэнне значэння трысціць 1 ‘складваць, злучаць’, магчыма, з канкрэтызацыяй ‘пакрываць чаротам’, што да тросць 1, трысцё, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гара́, ‑ы; мн. горы, гор; ж.

1. Участак зямной паверхні, які высока ўзнімаецца над акаляючай мясцовасцю; проціл. нізіна. Гара Эльбрус. Узысці на вяршыню гары. Спусціцца к падножжу гары. Скалістыя горы. □ На многа вёрст былі відаць з гары.. палі жытоў і канюшыны. З. Астапенка. // толькі мн. (го́ры, гор). Гарыстая мясцовасць, горная краіна. Жыхары гор. Адправіцца ў горы. □ Мадам Гамрэкелі ад пачатку лета выехала з Гіо.. ў горы, на дачу, дзе не было малярыі. Самуйлёнак. // Прыроднае або штучнае ўзвышэнне для катання на санках, лыжах і пад. Ледзяная гара. Катацца з гары.

2. чаго. Награмаджэнне, вялікая колькасць чаго‑н. складзенага ў кучу, зваленага кучай. Махае даўжэзнай стралой экскаватар, Ім цэлыя горы Зямлі тут узняты. Нядзведскі. Шумейка зняў гару нейкіх папер і кніжак з крэсла. Дамашэвіч. // перан. Увогуле вялікая колькасць чаго‑н. Праўду могуць падказаць толькі дзве глыбокія маршчыны на лбе, ды яшчэ рукі, вялікія цёмныя рукі, якія перарабілі гару работы. Васілевіч.

3. Памяшканне, прастора паміж столлю і дахам на хаце; гарышча. Міхась перабраўся на гару, на хату, дзе была яго пасцель. Дамашэвіч. [Люба] палезла на гару і заўважыла, што дождж засякае ў акенца без шкла ў шчыце. Чорны.

4. (звычайна з прыназоўнікамі «у», «з», «на»). Верх, вышыня. Аконца-шчыліна ў скляпенні Так скупа шле святло з гары. Колас.

5. у знач. прысл. гаро́й. Высокай кучай; як гара. Сталы адсунулі ў куток, да ложка, на якім.. гарой узвышаліся падушкі. Шахавец.

•••

Абяцаць залатыя горы гл. абяцаць.

Гара з плячэй звалілася — пра збаўленне ад якіх‑н. вялікіх клопатаў, цяжкіх душэўных перажыванняў.

Горы варочаць гл. варочаць.

Горы вярнуць на каго гл. вярнуць.

Горы зрушыць гл. зрушыць.

Горы перавярнуць гл. перавярнуць.

Звярнуць горы гл. звярнуць.

Не за гарамі — а) пра што‑н. блізкае, што хутка наступіць, з’явіцца. Ён ідзе, камунізм! Гэта свята не за гарамі. Панчанка; б) блізка (быць, знаходзіцца і пад.). — Мы не за гарамі. Звяртайцеся, дапаможам. Асіпенка.

Стаяць гарой за каго-што гл. стаяць.

Як на каменную гару — цалкам, поўнасцю (спадзявацца, апірацца на каго‑н.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кало́ць ​1, калю, колеш, коле; незак., каго-што.

1. Датыкаючыся чым‑н. вострым, выклікаць боль. Хвойнік рабіўся ўсё гусцейшым і гусцейшым. Іголкі балюча калолі рукі, твар. Шамякін. [Маці] засынала і пальцы калола іголкай. Бядуля. // Выклікаць востры, калючы боль. З мёрзлай зямлі ўзнімаўся пякучы пыл і калоў твар, як іголкамі. Чорны. // безас. Пра адчуванне вострага, пранізлівага болю, калацця. Ад невыразнага жалю падгіналіся ногі, тонкімі іголкамі калола пад сэрца, забівала дух. Мурашка. Далёка на захад распасцёрся акіян і так блішчаў на сонцы, што аж у вочы калола. Маўр.

2. Утыкаючы што‑н. вострае, рабіць дзірку, адтуліну ў чым‑н.; праколваць. Калоць паперу. Калоць шылам скуру.

3. Разм. Рабіць укол, уколы. — Дык жа баліць, як колюць, — жаласліва цягнуў Алік. Ваданосаў.

4. Разм. Бадаць, пароць (рагамі). Бедная тая дамова, дзе вала коле карова. Прыказка.

5. без дап. Ваюючы, б’ючыся, наносіць каму‑н. раны вострай зброяй. Усе стралялі з блізкай дыстанцыі. Крычалі, стралялі, падалі, стагналі, калолі штыхамі. Чорны.

6. Забіваць чым‑н. вострым (свіней). У адной з шчылін бервяна тырчала адмысловае шыла, якім Варташэвіч калоў свіней. Гурскі.

7. і без дап.; перан. Рабіць каму‑н. з’едлівыя, колкія заўвагі; папракаць каго‑н. [Жанчыны].. рабілі невялічкі перапынак, абедалі і з новымі сіламі калолі адна другую самымі адвостранымі словамі. Пянкрат. // Пра варожы, пільны позірк. [Таццяна] не бачыла .. [немцаў], але адчувала, што іх пільныя позіркі колюць яе спіну. Шамякін. Заўсёды былі мною нездаволены. Вечна калолі мяне, як цвікамі, злоснымі вачамі. Бядуля. // Выклікаць непрыемнае пачуццё, раздражняць. Другое, што [Любу] непрыемна калола — гэта сустрэча з новай свякрухай. Васілевіч.

•••

Калоць (у) вочы — а) чым папікаць, дакараць, сарамаціць. — Калоць мне вочы сынам я нікому не дазволю! — цвёрда папярэдзіў .. [Кірыла], чамусьці звяртаючыся да Тукалы. Шамякін; б) быць непрыемным каму‑н., раздражняць. Не так балеў Кустрэю гэты авёс, як калолі яму вочы і гладкія бакі і таўсматы карак Цімохавага бычка. Колас.

Праўда вочы коле гл. праўда.

кало́ць ​2, калю, колеш, коле; незак., што.

Рассякаць на часткі; расшчапляць, раздрабняць. Калоць дровы. Калоць лёд. Калоць цукар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лі́ха ​1, ‑а, н.

1. Няшчасце, зло, бяда; гора. [Марына:] — Ох, сыночак, мая зорка! Як цябе падгадаваць, Як ад ліха захаваць. Колас. У вочы.. [Карніцкаму] ліслівілі, пахвальвалі за новыя і смелыя думкі, а ў душы жадалі ўсялякага ліха. Паслядовіч. // Разм. Хвароба. [Мацей:] — Нейкае ліха ўбілася пасля прастуды. Пальчэўскі.

2. У фальклоры — нячыстая сіла, чорт. Адказаў хлапец паціху: — Праўду я шукаць іду, А за мною следам Ліха Водзіць Гора і Бяду. Грахоўскі.

•••

Ведаць, пачым фунт ліха гл. ведаць.

Да ліха — вельмі многа, вялікая колькасць.

Каб на яго (цябе, яе, вас, іх) ліха — ужываецца як вокліч, якім выказваецца прыкрасць, абурэнне, злосць. — Камера, каб на яе ліха, лопнула, — сказаў салдат і пастукаў нагой па задняму колу машыны. Сіняўскі.

Ліха ведае (хто, што, які, куды і пад.) — немаведама хто, што, абы-які і пад. Можа і сам ён, Мікалай, бачыў, што тут ліха ведае што робіцца. Чорны.

Ліха гарыць з каго — пра верхавода, завадатара. Усё ліха гарэла з Камінскага, а цяпер Шыслоўскі верхаводзіць. «Маладосць».

Ліха з ёй, з ім і пад. — няхай будзе так, можна пакінуць без увагі. «Ліха з ёю, з шапкаю. Старая і без брыля», — суцешыў Валодзя сам сябе. Ваданосаў.

Ліха яго бяры — адносіцца абыякава да чаго‑н. — Ай, ліха яго бяры з работаю. Сёння ўжо няхай прападае дзень. Чорны.

Ліха яго (цябе, яе, вас, іх) ведае — тое, што і бог яго (цябе, яе, вас, іх) ведае (гл. бог).

На (якое) ліха (лаянк.) — для чаго, нашто. — Мы добра абыходзіліся і без бурмістра. Па ліха ён нам. Якімовіч. — Давай памяркуем сур’ёзна, — сказаў Андрэй жонцы. — На якое табе ліха гэтая служба? Шахавец.

Не памінай (не памінайце) ліхам гл. памінаць.

Што за ліха! — вокліч незадавальнення, здзіўлення. — Што за ліха! Раненых дваццаць дзевяць, а гісторый [хвароб] трыццаць. Мележ.

Як на (тое) ліха — не ў пару, не да месца. Не хапала касцоў, а, як на тое ліха, тры старыя даваенныя касілкі стаялі ля кузні няспраўнымі. Асіпенка. Рыбакі боўталіся ў Нёмане. Але, як на тое ліха, рыба не лавілася! С. Александровіч.

лі́ха ​2, безас. у знач. вык.

Разм. Цяжка, дрэнна. Было яму ліха, ды яшчэ і пагоршала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)