ДАНАТЭ́ЛА (Donatello; сапр. Даната ды Нікала ды Бета Бардзі; Donato di Niccolò di Betto Bardi; каля 1386, г. Фларэнцыя, Італія — 13.12.1466),

італьянскі скульптар эпохі ранняга Адраджэння. У 1404—07 вучыўся ў майстэрні Л.Гіберці. Працаваў пераважна ў Фларэнцыі, а таксама ў Сіене, Рыме, Падуі і інш. Адным з першых у Італіі творча выкарыстаў вопыт ант. пластыкі і прыйшоў да стварэння класічных формаў і відаў рэнесансавай скульптуры — новага тыпу статуі і скульпт. групы, насценнага надмагілля, манумент. коннага помніка, жывапіснага рэльефу. У яго творчасці ўвасобіліся ўласцівыя мастацтву Адраджэння пошукі новых выразных сродкаў, цікавасць да рэальнасці з усёй яе разнастайнасцю, імкненне да ўзвышанага абагульнення і гераічнай ідэалізацыі. Раннія творы Д. вызначаюцца гатычнай скаванасцю формаў, больш познія — яснай тэктонікай пластычных мас, сілай і спакойнай веліччу (статуя св. Марка для фасада царквы Арсанмікеле ў Фларэнцыі, 1411—13). Рэльефы адметныя вял. глыбінёй прасторы («Баляванне Ірада» на бронзавай купелі сіенскага баптыстэрыя, 1423—27; рэльефы Старой сакрысціі царквы Сан-Ларэнца ў Фларэнцыі, 1434—43). Да найб. вядомых яго твораў належаць таксама алтар «Дабравешчанне» (т.зв. алтар Кавальканці, каля 1428—33, царква Санта-Крочэ, Фларэнцыя), кафедра для пеўчых фларэнційскага сабора (1433—39), статуя «Давід» (1430-я г.) — першая выява аголенага цела ў статуарнай пластыцы Адраджэння. У Падуі стварыў першы свецкі манумент — конны помнік кандацьеру Гатамелату (1447—53) і вял. скульптурны алтар для царквы Сан-Антоніо (1446—50), упрыгожаны рэльефнымі сцэнамі. Познія творы Д. абвострана экспрэсіўныя, пазначаныя рысамі духоўнага надлому (група «Юдзіф і Алаферн», каля 1456—57, пл. Сіньёрыі; рэльефы кафедраў царквы Сан-Ларэнца, 1460-я г., усе ў Фларэнцыі).

Данатэла. Давід. Бронза. 1430-я г.

т. 6, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭНАЦЫЯНАЛІЗА́ЦЫЯ (ад дэ... + нацыяналізацыя),

1) у сац.-эканам. і паліт. сэнсе — пераўтварэнне дзярж. (нац.) уласнасці, якая ўзнікла ў выніку нацыяналізацыі, у прыватную, каап., калект., акцыянерную або змешаную. Стала асн. зместам сац.-эканам. пераўтварэння ў час т. зв. першай хвалі лібералізму і свабоднага гандлю ў краінах Зах. Еўропы, ЗША, Японіі ў канцы 19 — пач. 20 ст. і новай хвалі лібералізму і рэфармавання эканомікі, якая пачалася ў пачатку 1980-х г. і ахапіла фактычна ўвесь свет. У 1950-я г. праводзілася звычайна шляхам продажу дзярж. уласнасці (прамысл. прадпрыемстваў, зямельных участкаў, акцый і інш.) або распродажу часткі акцый дзярж. кампаній, калі дзярж. ўласнасць ператваралася ў змешаную дзярж.-прыватную ўласнасць. Спецыфічнымі формамі Д. быў распродаж дзярж. прадпрыемстваў, пабудаваных за кошт дзяржавы, у час 2-й сусв. вайны, продаж акцый рабочым і служачым дзярж. прадпрыемстваў (ЗША, Германія, Італія, Бельгія і інш.). У Вялікабрытаніі, Францыі і інш. краінах звычайна ўжываецца ў адносінах да часткі нацыяналізаваных галін нар. гаспадаркі (прамысловасць, банкі, транспарт, сувязь і г.д.). З 2-й пал. 1980 — пач. 90-х г. Д. стала найб. важнай умовай фарміравання асноў эканам. свабоды грамадзян, пераадолення манапалізму і стварэння канкурэнтнага асяроддзя для эфектыўнага функцыянавання эканомікі ў краінах Лац. Амерыкі, Паўд.-Усх. Азіі, Цэнтр. і Усх. Еўропы і інш.

У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб раздзяржаўленні і прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь» (1993) Д. ажыццяўляецца шляхам бязвыплатнай перадачы або продажу дзярж. або муніцыпальнай уласнасці калектывам, замежным фірмам, прыватным асобам (гл. таксама Прыватызацыя, Раздзяржаўленне).

2) У этнічным сэнсе — тое, што дээтнізацыя.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 6, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАВА́ДЖА (Caravaggio; сапр. Мерызі да Караваджа, Merisi da Caravaggio) Мікеланджэла (28.9.1573, Караваджа, каля Бергама, Італія — 18.7.1610), італьянскі жывапісец, заснавальнік рэаліст. кірунку ў еўрап. жывапісе 17 ст. Вучыўся ў Мілане (1584—88). Працаваў у Рыме, Неапалі, на а-вах Мальта і Сіцылія. У ранні перыяд імкнуўся да пераадолення ўласцівых маньерызму і акадэмізму ўмоўнасці і ідэалізацыі вобразаў, пошуку нар. прататыпаў і простых быт. сюжэтаў, індывід. выразнасці канкрэтнай мадэлі, увасабляў у ант. сюжэтах святочна-гульнявы нар. пачатак («Вакх», 1592—93, і інш.). Узбагаціў новыя жанры жывапісу: нацюрморт («Кошык з садавінай», каля 1596), быт. жанр («Варажбітка», 1590-я г.), даваў жыццёвую трактоўку рэліг. матывам («Адпачынак на дарозе ў Егіпет», 1590-я г.). У канцы 1590-х г. склалася арыгінальная жывапісная сістэма К.: ярка асветлены праменем святла пярэдні план карціны вылучаўся на агорнутым глыбокім ценем фоне, чым дасягалася падкрэсленая аптычная нагляднасць выявы і ўражанне яе непасрэднай блізкасці да гледача; магутныя святлоценявыя кантрасты стваралі драм. настрой, строгі малюнак, энергічная пластычная лепка і колеравыя дамінанты падкрэслівалі рэальнасць матываў, перадавалі эмацыянальнае напружанне («Нясенне крыжа», 1590-я г.; «Прызнанне апостала Матфея», 1599—1600; «Укрыжаванне апостала Пятра», «Ператварэнне Саўла», абодва 1600—01; «Мадонна ды Ларэта», каля 1603—06; «Палажэнне ў труну», 1602—04; «Успенне Марыі», каля 1605—06). У позніх работах узмацніўся трагізм светаўспрымання, жывапісная манера набыла рысы свабоднай імправізацыйнасці, колеравая гама — танальнага адзінства («Сем дзеянняў міласэрнасці», 1607; «Пахаванне св. Лючыі», 1608; «Адсячэнне галавы Іаана Хрысціцеля», 1609). Творчасць К. паўплывала на Рэмбранта, П.​П.​Рубенса, Д.​Веласкеса і інш. Гл. таксама Караваджызм.

В.​Я.​Буйвал.

М.Караваджа. Нясенне крыжа. 1590-я г.

т. 8, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКАРО́ННАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна харчовай прамысловасці, прадпрыемствы якой выпускаюць макаронныя вырабы. Каля 80% прадукцыі вырабляецца з мукі вышэйшых гатункаў, у некаторыя вырабы дадаюцца малочныя прадукты, яйкі і інш. Атрымала шырокае развіццё ў многіх краінах свету, паколькі макаронныя вырабы пажыўныя і высокакаларыйныя, добра зберагаюцца, хутка і проста гатуюцца. Найбуйнейшыя вытворцы макаронных вырабаў з’яўляюцца Італія (35 кг на 1 чал. за год), Японія (12 кг), Францыя (6 кг), Венгрыя, Германія, Расія, ЗША.

На Беларусі да 1920-х г. вытв-сць макаронных вырабаў вялася пераважна саматужным спосабам. Толькі ў Брэсце працавала паравая макаронная ф-ка (17 рабочых у 1908). Як самастойная галіна М.п. створана ў пач. 1920-х г. У 1931 у Барысаве, на базе дражджавога з-да пабудаваны макаронна-мукамольны камбінат (з 1944 макаронная ф-ка). На базе арцелі ўзнікла макаронная ф-ка ў Віцебску. У 1940 выпушчана 13,5 тыс. т макаронных вырабаў. У 1963 на базе арцелі створана Слуцкая макаронная ф-ка. У 1977 дзейнічала 14 аўтаматычных, 18 механізаваных паточных ліній, комплексна-механізаваны ўчастак; выпушчана 49,1 тыс. т макаронных вырабаў. У 1997 М.п. давала 0,9% валавой прадукцыі харч. прам-сці. У ёй занята 1,2% прамысл. персаналу харч. прам-сці. Вытв-сць макаронных вырабаў склала 41,5 тыс. т, што ў 1,5 раза менш, чым у 1990. Працуюць 57 прадпрыемстваў і вытв-сцей па выпуску макаронных вырабаў, найбуйнейшыя з іх Барысаўская макаронная фабрыка (адкрытае акц. т-ва «Барымак»), ф-кі ў Слуцку і Віцебску, цэх пры Магілёўскім хлебазаводзе. Створаны шэраг сумесных прадпрыемстваў, у т. л. чэшска-бел. прадпрыемства Pastaala у Нясвіжы, якое вырабляе 10 найменняў макаронных вырабаў.

П.​І.​Рогач.

т. 9, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЛАТ,

1) машына ўдарнага дзеяння для апрацоўкі метал. загатовак ціскам. Мае ўдарную ч. (поршань, шток, бабу), масіўную аснову — шабат, што ўспрымае ўдар, станіну, прывод і механізм кіравання. Бываюць парапаветраныя, пнеўматычныя, гідраўлічныя, мех. і інш. Выкарыстоўваюцца для коўкі (ковачныя М.) і аб’ёмнай ці ліставой штампоўкі (штамповачныя М.).

Рычажныя М. з ручным прыводам вядомыя з 13—14 ст. У пач. 16 ст. з’явіліся М. з прыводам ад вадзянога кола — т.зв. сярэднебойныя (Германія) і хваставыя (Францыя, Італія, Вялікабрытанія). Пазней узніклі т.зв. лабавыя і таўкачовыя, а таксама М. інш. канструкцый. У сярэдзіне 18 ст. сталі ўжываць М. з паравым прыводам. Першы паравы М., у якім пара непасрэдна прыводзіла ў рух рухомыя часткі, сканструяваў англ. машынабудаўнік Дж.​Несміт (патэнт 1842). У пач. 20 ст. пачалі выкарыстоўваць М. з электрапрыводам, у 1940-я г. — выбуховыя, у 1950-я г. — высокахуткасныя газавыя.

2) Буд. машына для забівання ў грунт паляў, шпунтоў і інш., разнавіднасць палябойнага абсталявання. Бываюць ударнага і вібрацыйнага (гл. Вібрамолат) дзеяння; парапаветраныя, дызельныя (гл. Дызель-молат) і мех. (з прыводам ад лябёдкі). Выкарыстоўваюцца ў мостабудаванні, гідратэхн., дарожным, прамысл. і інш. буд-ве.

3) Ручны інструмент для коўкі металаў. Малыя М. наз. ручнікамі, вял. цяжкія — кувалдамі (гл. ў арт. Кавальскі інструмент).

У.​М.​Сацута.

Схемы асноўных тыпаў молатаў: а — парапаветранага; б — пнеўматычнага; в — гідраўлічнага; г — механічнага з гнуткай сувяззю; д — які працуе па цыкле рухавіка ўнутранага згарання; е — электрамагнітнага; 1 — поршань; 2 — шток; 3 — баба; 4 — накіравальныя станіны; 5 — верхні баёк (ці штамп); 6 — ніжні баёк (ці штамп); 7 — шабот; 8 — гідрацыліндр; 9 — рэмень; 10 — электрамагніт.

т. 10, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗАЛІ́НІ ((Pasolini) П’ер Паала) (5.3.1922, г. Балоння, Італія — 2.11.1975),

італьянскі пісьменнік, сцэнарыст, кінарэжысёр. Скончыў Балонскі ун-т. У л-ры пачынаў з паэзіі, якая вызначалася адкрытай публіцыстычнасцю (цыкл вершаў «Прах Грамшы», 1957; зб. «Паэзія ў форме ружы», 1964). У прозе пераважалі раманы з жыцця люмпен-пралетарыяту, якія вызначаліся натуралістычнасцю, спалучэннем сац. пратэсту з матывамі расчаравання і бесперспектыўнасці. Героі твораў — асуджаныя на пагібель адрынутыя грамадствам людзі, якія сваімі пакутамі выкупляюць грахі свету («Ліхія хлопцы», 1955; «Жорсткае жыццё», 1959; «Тэарэма», 1968, і інш.). Аўтар работ у галіне мова- і літ.-знаўства. З сярэдзіны 1950-х г. выступаў як кінасцэнарыст («Бурная ноч» паводле свайго рамана, рэж. М.​Баланьіні, 1959, «Доўгая ноч 1943 года», рэж. Ф.​Ванчыні, 1960, і інш.). З 1961 працаваў пераважна як рэжысёр у манеры, блізкай да неарэалізму. У фільмах (здымаў паводле ўласных сцэнарыяў, часта пісаў да іх музыку і выконваў ролі) працягваў праблематыку сваіх літ. твораў: «Жабрак» («Акатоне», паст. 1967, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах 1962), «Мама Рома» (1962), «Евангелле ад Матфея» (1964, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі), «Птушкі — вялікія і малыя» (1966), «Цар Эдып» (1967), «Тэарэма» (1968), «Медэя», «Свінарнік» (абодва 1969), «Дэкамерон» (паводле Дж.​Бакачыо, 1970, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне 1971), «Кентэрберыйскія апавяданні» (паводле Дж.​Чосера, 1971, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне 1972), «Кветка тысячы і адной ночы» (1973, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах 1974), «Сало, або 120 дзён Садома» (1975) і інш. Здымаў дакумент. кіно. Яго творчасці прысвечаны дакумент. фільм «Пазаліні з плоці і крыві» (1967, рэж. Дж.​Б.​Саларэ).

С.​У.​Пешын.

т. 11, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛА́ДЫО (Palladio; сапр. ды П’етра Манара; di Pietro Monaro) Андрэа

(30.11.1508, г. Падуя, Італія — 19.8.1580),

італьянскі архітэктар і тэарэтык архітэктуры; прадстаўнік Позняга Адраджэння. Пад кіраўніцгвам Дж.​Дж.​Трысіна атрымаў арх. і ўсебаковую гуманіст. адукацыю. У ранніх творах спалучаў рым. веліч шырокіх адкрытых аркад з венецыянскай свабодай і багаццем дэкору (т.зв. Базіліка ў Вічэнцы, перабудавана ў 1549 з палаца Раджоне, 13 ст.). Шматлікія палацы ў Вічэнцы (палацца Т’ене, К’ерыкаці, 1551; Вальмарана, пачаты ў 1566; т.зв. лоджыя дэль Капітаніо, 1571) — звычайна цагляныя пабудовы з ордэрнымі атынкаванымі фасадамі; ордэрную сістэму выкарыстоўваў для разнастайных кампазіцыйных варыяцый з улікам канкрэтных умоў буд-ва. Майстэрства гарманічна звязаць архітэктуру з ландшафтам выявілася ў вілах, адметных выразнасцю і прастатой форм і агульнай кампазіцыі (віла Капра ці «Ратонда» каля Вічэнцы, 1551—67, скончана ў 1580—91, арх. В.​Скамоцы). У культавых пабудовах (царква Сан-Джорджа Маджорэ ў Венецыі, 1565—80) аб’яднаў матыў ант. порціка на фасадзе з базілікальным тыпам храма. Адзін з першых стварыў праект тэатр. будынка новага часу (т-р «Алімпіка» ў Вічэнцы, 1580—85, скончаны арх. Скамоцы), у якім спалучыў класічную форму амфітэатра з ілюзорнымі дэкарацыямі сцэны. Аўтар трактата «Чатыры кнігі пра архітэктуру» (1570) — рэнесансавая інтэрпрэтацыя працы Вітрувія, кніг «Рымскія старажытнасці» (1554) і «Каментарыі да Юлія Цэзара» (1575). Творчасць П. паўплывала на развіццё класіцыстычнага кірунку ў еўрап. архітэктуры 17—18 ст. (гл. Паладыянства).

Тв.:

Рус. пер. — Четыре книги об архитектуре. М., 1938.

Літ.:

Аркин Д.Е. Образы архитектуры и образы скульптуры. М., 1990.

А.Паладыо.
А.Паладыо. Палацца К’ерыкаці ў г. Вічэнца. 1551.
А.Паладыо. План вілы «Ратонда» каля г. Вічэнца. 1551—67.

т. 11, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНА-АФРЫКА́НСКІЯ АПЕРА́ЦЫІ 1940—43,

баявыя дзеянні паміж англа-амер. і італа-ням. войскамі ў паўн. Афрыцы ў 2-ю сусв. вайну 1939—45. Фаш. Італія і Германія імкнуліся захапіць паўн. часткі Алжыра, Егіпта і інш. тэр., а таксама Суэцкі канал і англ. ваен.-марскую базу Адэн. Вялікабрытанія вяла барацьбу за захаванне сваіх уладанняў і ўмацаванне стратэг. становішча на Б. Усходзе. У той час тут знаходзіліся войскі У.Андэрса, у складзе якіх у баявых дзеяннях на баку саюзнікаў удзельнічалі беларусы і ўраджэнцы Беларусі. Аперацыя пачалася 13.9.1940 і да восені 1942 вялася абмежаванымі сіламі з пераменным поспехам. 23.10.1942 8-я брыт. армія Б.Мантгомеры перайшла ў наступленне (гл. Эль-Аламейнская аперацыя 1942), а 8 ліст. саюзныя войскі пад камандаваннем Д.Эйзенхаўэра пачалі высадку дэсанта на тэр. Франц. Марока і Алжыра. Аднак наступленне было спынена італа-ням. войскамі на тэр. Туніса (ням. экспедыцыйнымі сіламі камандаваў ген.-фельдмаршал Э.​Ромель). У сак. і крас. 1943 англа-амер. войскі пачалі новае наступленне адначасова з У і З і 13.5.1943 вымусілі капітуляваць італа-ням. войскі (250 тыс. чал.) на мысе Бон (на падставе гэтага і інш. фактараў некат. гісторыкі Захаду лічаць гэтую аперацыю другім фронтам 2-й сусв. вайны). Перамога саюзнікаў рэзка пагоршыла стратэг. становішча краін фаш. блока ў Міжземнамор’і і стварыла спрыяльныя ўмовы для Вялікабрытаніі і ЗША, каб пачаць вызваленне Еўропы.

Літ.:

История второй мировой войны, 1939—1945. Т. 3—6. М., 1974—76;

Роскилл С. Флот и война: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1967—70;

Вторая мировая война: Два взгляда. М., 1995.

т. 12, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́НСКІЯ МО́ВЫ,

група моў індаеўрапейскай сям’і (гл. Індаеўрапейскія мовы), якія паходзяць ад лацінскай мовы. Адзінае меркаванне пра колькасць Р.м. адсутнічае. Звычайна ў Р.м. ўключаюць: партуг., ісп., каталанскую, франц., правансальскую, рэтараманскую, італьян., сардзінскую, рум. мовы. Больш за 60 краін выкарыстоўваюць Р.м. як нац. ці афіц. мовы (у т. л. франц. — 30, ісп. — 20, партуг. — 7, італьян. — 3 краіны). Адрозніваюць 3 зоны пашырэння Р.м.: «Старая Раманія» — тэр. Еўропы, якая ўваходзіла ў склад Рымскай імперыі і захавала раманскае маўленне, ядро фарміравання Р.м. (Італія, амаль уся Іспанія, Партугалія і Францыя, паўд. Бельгія, зах. і паўд. Швейцарыя, асн. тэр. Румыніі, Малдовы); пашырэнне Р.м. па-за межамі Еўропы ў выніку каланізацыі ў 16—18 ст. Паўн. і Паўд. Амерыкі, т.зв. «Новая Раманія» (ч. Паўн. Амерыкі, амаль уся Цэнтр. і Паўд. Амерыка, б.ч. Антыльскіх а-воў); краіны, у якіх у выніку калан. экспансіі Р.м. сталі афіц. мовамі, але не выцеснілі мясц. моў (значная ч. Афрыкі, невял. тэр. ў Паўд. Азіі і Акіяніі).

У параўнанні з лац. моваю Р.м. характарызуюцца эвалюцыяй у бок аналітызму. Імя згубіла катэгорыю склону (за выключэннем рум. мовы), развіла асобныя формы артыкля, дзеяслоў набыў сістэму складаных канструкцый на аснове спалучэння неасабовых форм і дапаможных дзеясловаў. У сінтаксісе тэндэнцыя да фіксаванага парадку слоў у сказе. Гіст. супольнасць Р.м. падтрымліваецца інтэграцыйнымі працэсамі шляхам запазычвання і асваення вял. колькасці лац. слоў, словаўтваральных мадэлей і сінтакс. канструкцый, а таксама ў выніку міжраманскага ўзаемаабмену, пераважна ў лексіцы. Пісьменства на аснове лацініцы.

Літ.:

Грамматика и семантика романских языков. М., 1978;

Алисова Т.Б., Репина Т.А., Таривердиева М.А. Введение в романскую филологию. 2 изд. М., 1987.

У.​В.​Макараў.

т. 13, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАПА́ЛЬСКІ ДАГАВО́Р 1922, савецка-германскі дагавор 1922,

падпісаны паміж РСФСР (Г.В.Чычэрын) і Германіяй (К.І.Вірт і В.Ратэнаў) у г. Рапала (Італія) 16 крас. ў час Генуэзскай канферэнцыі 1922. Заключэнню дагавора папярэднічалі двухбаковыя перагаворы ў Маскве ў 1921 і ў Берліне ў крас. 1922. Паводле дагавора аднаўляліся дыпламат. і консульскія адносіны паміж абедзвюма дзяржавамі (былі разарваны пасля Ліст. рэвалюцыі 1918 у Германіі), бакі адмаўляліся ад узаемных фін. прэтэнзій (Сав. Расія — ад кампенсацыі ваен. і неваен. страт, нанесеных 1-й сусв. вайной, Германія — ад выплаты ёй даўгоў царскага ўрада і пакрыцця кошту нацыяналізаваных сав. ўладамі герм. прадпрыемстваў), надаваўся статус найб. спрыяння двухбаковым гандл.-эканам. адносінам. Дадатковае сакрэтнае пагадненне да дагавора прадугледжвала супрацоўніцтва герм. узбр. сіл (рэйхсвера) з Чырв. Арміяй (у т. л. вытв-сць і выпрабаванне ў Сав. Расіі ням. зброі), што парушала ўмовы Версальскага мірнага дагавора 1919. Дагавор ратыфікаваны ВЦВК РСФСР 16 мая, герм. рэйхстагам — 4 ліп.; 5.11.1922 яго дзеянне пашырана на інш. сав. рэспублікі, у т. л. БССР. Р.д. стварыў дагаворна-прававую аснову для развіцця паліт., эканам. і культ. сувязей паміж Сав. Расіяй і Германіяй, значна ўмацаваў міжнар. становішча бакоў, у т. л. прарваў іх знешнепаліт. ізаляцыю. Страціў сілу пасля нападу нацысцкай Германіі на СССР (чэрв. 1941).

Публ.: Советско-германские отношения от переговоров в Брест-Литовске до подписания Рапалльского договора. Т. 2. (1919—1922). М., 1971.

Літ.:

Трухнов Г.М. Поучительные уроки истории: Три сов.-герм. договора (1922—1926 гг). Мн., 1979;

Космач В.А., Романовский Д.В. Советская Беларусь и Германия в 1917—1932 гг.: кампании солидарности, торговля, культурный обмен (уроки истории для современности). Витебск, 2001.

М.​Г.​Жаркоў.

т. 13, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)